Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(45)/2008
Галерэя
Год Божага слова

ЕВАНГЕЛIСТ ЛУКА
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Мастацтва

АПОСТАЛ НАРОДАЎ
Роздум

РЭЗАНАТАР
Постаці

ДАР НЕЗВЫЧАЙНАГА СВЯТЛА
Постаці

У IМ ЖЫЛА ДУША АНЁЛА
Кніжныя скарбы
Юбілеі

ЯНА МАЛІЛАСЯ ЗА БЕЛАРУСЬ
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія
Юбілеі

СВЯТЛО ЗАГАДКІ
Юбілеі
Мастацтва

АЖУРНЫЯ ФАНТАЗІІ

Юры ЛАЎРЫК

КНІЖНЫЯ ЗБОРЫ
ПРЫ ГРЭКА-КАТАЛІЦКІХ СВЯТЫНЯХ

Аглядаючы манастырскія бібліятэкі, нельга не звярнуць увагу на кнігазборы пры бажніцах — хаця б ужо таму, што пры кожным манастыры, незалежна ад лацінскага ці грэка-візантыйскага абраду, заўсёды была святыня, а то й некалькі, і пры кожнай з іх захоўваўся большы ці меншы збор неабходнай для адпраўлення набажэнства літаратуры. У сувязі з гэтым нам здаецца мэтазгодным прысвяціць чарговы артыкул менавіта пытанням збірання і выкарыстання літургічных кніг, а паколькі мы пачалі наш экскурс з агляду манастыроў грэка-каталіцкіх, будзе лагічным засяродзіцца на бібліятэках пры уніяцкіх цэрквах.

 
Літургікон Цыпрыяна Жахоўскага з устаўленым парадкам службы Божай з Літургіярыёна Валадковіча 1773 г.
У літаратуры прадмету даўно ўжо усталявалася меркаванне, што, сыходзячы з патрэбаў богаслужэння, мінімальны кнігазбор пры парафіяльнай ці хатняй царкве ўсходняга абраду ў ХІ–ХІІІ стст. павінен быў складацца з 8 кніг, а пры манастырскай або катэдральнай царкве — з 261. Мы можам з роўным правам прыняць гэтыя лічбы і для Грэка-каталіцкай Царквы ў ХVІ–ХVІІ стст. — для таго часу, пакуль абрад і літургічныя кнігі заставаліся нязменнымі; тым не менш, належыць узяць пад увагу факт іх пэўнай адноснасці. Бо, напрыклад, частка кніг, асабліва малітоўных альбо задзіночаных пры адпраўленні розных службаў (псалтыры ці трэбнікі) магла належаць самому святару, што дазваляла не імкнуцца да паўнаты кампенсацыі неабходных выданняў у царкоўным зборы. З другога боку, тыя ці іншыя пазіцыі часам захоўваліся ў колькасьці некалькіх паасобнікаў, а апрача таго, у сакрыстыі-рызніцы нярэдка захоўваліся выданні нелітургічнага характару.

З ХVІІ ст. у літургічнай практыцы Грэка-каталіцкай Царквы пачалі адбывацца пэўныя змены, якія з часам адбіліся на складзе фондаў царкоўных бібліятэк. Патрэба уніфікацыі багаслужбы разам з паступовай лацінізацыяй абраду прывяла да выпрацоўкі службоўніка новага тыпу, у аснову якога была пакладзена мадэль рыма-каталіцкага Імшала. Першай праявай такой мадэрнізацыі стаўся «Літургікон, си ест Служебник» (Вільня-Супрасль, 1692–1695) у рэдакцыі Цыпрыяна Жахоўскага, у які апрача тэкстаў літургіі ўваходзілі тэксты з некаторых іншых кніг, задзейнічаных на богаслужэнні (напрыклад, Трыёдзі). Увядзенне такога службоўніка абазначыла новую тэндэнцыю — на мінімалізацыю прыцаркоўных збораў.

Разгортка Літургікона Цыпрыяна Жахоўскага 1692 г.
Тым не менш, Літургікон 1692 г. (некаторыя даследчыкі прапануюць датаваць яго толькі гэтым годам, паколькі ў Супраслі было дадрукавана ўсяго 22 аркушы, якія, да таго ж, не маюць прынцыповага значэння для выдання)2 не задаволіў цалкам патрэбы Грэка-каталіцкае Царквы, дый з бегам часу і яму патрабавалася пэўная дапрацоўка. Таму ўжо неўзабаве — пасля Замойскага сіноду — выходзяць новыя рэдакцыі службоўніка: Кішкава — Супрасль, 1727–1732; Валадковічава — Вільня, 1773. Да слова сказаць, ва уніяцкіх друкарнях публікаваліся ўжо не толькі, так бы мовіць, «звычайныя» літургіконы, прызначаныя для выкарыстання іх святарамі на парафіі. Выходзілі і разнастайныя версіі службоўнікаў, адрасаваныя пэўным катэгорыям грэка-католікаў. Так, у 1716 г. з’яўляецца «Понтификал», прызначаны для біскупскага служэння; у 1691 і 1758 г. — службоўнікі, адрасаваныя «иереем, изрядне еже наедине без пения литургисающим в путешествиих»; 1750–мі гг. датуецца «Служба воскресна...», выдадзеная — мяркуючы паводле фармату in octavo – для свецкіх вернікаў.

Скураная аправа Літургікона з выцісненым крыжам.
Новыя версіі службоўнікаў не абавязкова мусілі цалкам выцясняць старыя; наадварот, вельмі часта тыя проста мадэрнізаваліся праз замену (а часам нават і праз дадаванне) тэкстаў. Прыклад гэтага дае нам Літургікон Жахоўскага з калекцыі Беларускай бібліятэкі Ф. Скарыны ў Лондане, у якім былі замененыя аркушы з тэкстам літургіі Яна Златавуснага ды ўклееныя некалькі старонак з перапісанай ад рукі «Службой Страстем Христовым»3. Увогуле, росшукі ў музейных і бібліятэчных калекцыях старадрукаў паказваюць, што знайсці паасобнік гэтага выдання, дзе б ні былі замененыя ці страчаныя аркушы4 з названым чынам літургіі, не заўсёды проста. Ад моманту выхаду ў свет Літургікон Жахоўскага стаў афіцыйным выданнем Грэка-каталіцкай Царквы, і пры ўвядзенні зменаў у літургічную практыку яго трэба было адаптаваць да новых рэаліяў.

Тытульны аркуш Літургікона Кішкі 1727 г.
Наколькі гэтае выданне службоўніка было шырока рэпрэзэнтаванае ў парафіях, можна ўбачыць са статыстыкі, пададзенай Ю. Лабынцавым ды Л. Шчавінскай у іх артыкуле пра кнігазборы парафіяльных цэркваў Бельскага дэканата ў 1727–1728 гг.5 У прыватнасці, аўтары падаюць, што з 36 службоўнікаў, зафіксаваных у візітацыйных вопісах, як мінімум 21 былі прадстаўлены менавіта азначаным Літургіконам6. Калі дапусціць, што ўсе уніяцкія дэканаты забяспечваліся новымі службоўнікамі больш-менш раўнамерна, дык на час выхаду у свет Кішкавай версіі выданнем Жахоўскага былі ахоплены прыкладна дзве трэція (а можа, і болей) парафіяў Грэка-каталіцкай Царквы на Беларусі і Украіне. Несумненна, аднак, што па меры зужыцця старых рукапісаў і друкаў і выхаду новых уніяцкіх літургіконаў ды літургіярыёнаў гэты адсотак змяняўся. Што ж да велічыні фондаў, дык, мяркуючы паводле згаданых вопісаў, парафіяльныя цэрквы ў гэты час былі яшчэ даволі багатыя на кнігі. У прыватнасці, аўтары згаданага артыкула падлічылі, што сярэдняя лічба кніг у царкоўных бібліятэках дэканата складала 11 тамоў,7 пры тым, што збор у 3 кнігі меўся толькі ў царкве св. Сымона Стоўпніка ў Браньску; ва ўсіх астатніх святынях было ад 6–8 да 19–20 кніг (праўда, у матэрыялах дзвюх візітацыяў вопісы бібліятэк адсутнічаюць)8. Паводле змешчанай пры артыкуле табліцы з дадзенымі пра наяўнасць кніг у цэрквах, у большасці апошніх мелася наступная літургічная літаратура (часта ў некалькіх паасобніках): службоўнікі (36 паасобнікаў на 24 цэрквы), Евангеллі (28 на 22), актоіхі (26 на 22), псалтыры (29 на 21), трыёдзі (34 на 18), апосталы (18 на 17), празнеі і трэбнікі (абодва тытулы па 15 паасобнікаў на 14 цэркваў). Па-за тым, шмат у якіх з названых збораў сустракаюцца г.зв. «Казусы Замойскія» — супрасльскае 1722 г. «Собраніе припадков», у якім разглядаўся шэраг момантаў святарскае дзейнасці ў святле пастановаў Замойскага сіноду. Яны захоўваліся ў колькасці 20 паасобнікаў у 18 цэрквах. Сярод іншых кніг, што захоўваліся менш, чым у палове цэркваў, згадваюцца ірмалагіёны, часасловы, мінеі (верагодна, агульныя і службовыя, бо святочныя выступаюць асобна пад назвай «празнея»), трэфалоі, уставы ды паўуставы, выданні Новага Запавету, зборы казанняў Я. Галятоўскага і інш. Ёсць па адной згадцы пра наяўнасць такіх кніг, як «Ewangelyka Polska» i «Ewangelyka Rzymska»9.

Форзац Літургіярыёна з укладальным запісам.
Як бачым, не ўсе цэрквы былі ў поўнай меры ўкамплектаваныя неабходнай для адпраўлення літургіі літаратурай, але ў разе патрэбы гэтыя лакуны маглі запаўняцца больш даступнымі выданнямі ці кнігамі з прыватных святарскіх бібліятэк. Напрыклад, з пададзенай названымі аўтарамі табліцы рэпертуарнага складу кнігазбораў відно, што ў некаторых цэрквах пры адсутнасці Апостала меўся Новы Запавет10. Трэба думаць, гэтае выданне і выкарыстоўвалася пры літургічным чытанні лістоў і Дзеяў апостальскіх. Для пацверджання думкі пра ўжыванне чэційных кніг у цэрквах грэка-візантыйскага абраду згадаем, што, напрыклад, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захоўваецца куцеінскае выданне Новага Запавету, якое мае характэрны для богаслужбовых кніг абклад ды змяшчае некалькі рукапісных тэкстаў з пералікам евангельскіх чытанняў на розныя нядзелі і святы літургічнага года: «Соборник двенадцати месяцам», «Сказаніе главам евангельским оутриним и Литургическим» і г.д.11 Гэта сведчыць пра выкарыстанне дадзенага паасобніка пры богаслужэнні, прычым у якасці наалтарнага Евангелля. Тое ж самае можна сказаць і пра еўеўскі 1611 г. Новы Запавет са збораў Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, які таксама мае абклад на аксаміце і змяшчае толькі евангелічную частку ды «Соборник двенадцати месяцам»; Дзеі і Лісты Апосталаў адсутнічаюць, і толькі ў канцы кнігі на ахоўных аркушах перапісаныя почыркам ХVIІІ ст. некалькі чытанняў з Апостала12.

Тытульны аркуш Літургіярыёна 1763 г.
Цікава параўнаць дадзеныя Ю. Лабынцава і Л. Шчавінскай са звесткамі візітацый ХІХ стагоддзя. Хоць у гэты час у некаторых цэрквах захоўваецца яшчэ даволі вялікая колькасць кніг і шэраг святыняў маюць бібліятэкі, падобныя паводле зместу і аб’ёму да разгляданых вышэй, аднак у цэлым на гэты час велічыня царкоўных кнігазбораў ужо істотна змяншаецца і сярэдняя колькасць кніг у дэканаце магла знізіцца нават да 4–5 паасобнікаў. Праілюструем гэтае сцвярджэнне на падставе актаў візітацый, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, у тэчцы з матэрыяламі 1830 г. па Докшыцка-Барысаўскім дэканаце актамі ахоплены 12 парафіяльных цэркваў13. Пры адной з іх кніг не было зусім, як, зрэшты, і іншага царкоўнага інвентару14; пры іншых жа захоўваліся зборы велічынёй ад 3 да 7 паасобнікаў15. Кожная з названых цэркваў мела службоўнік звычайны, Евангелле і, за выключэннем 2-х святыняў,16 «Mszał święteczny». Можна сцвярджаць, што гэта рэальны мінімум уніяцкай богаслужбовай літаратуры, які пасля ажыццяўлення згаданых вышэй рэформаў былі абавязаныя мець шараговыя парафіяльныя грэка-каталіцкія святыні на Беларусі. З 17 звычайных службоўнікаў 4 названыя супрасльскімі, 3 — віленскімі, астатнія ж (падобна, зрэшты, як празнеі ды Евангеллі) — дадзены без азначэння месца выхаду. Іншыя кнігі, што сустракаюцца ў актах, згадваюцца ў наступнай колькасці: зборнікі казанняў — тройчы, актоіхі, трэбнікі і ірмалоі — двойчы, трэфалой, трыёдзь святочная і псалтыр — па адным разе. Па-за тым, амоўлены дзве кнігі, патрэбныя для лацінскага набажэнства — Імшал і Евангелле. Прычым тут варта згадаць, што да некаторых парафіяльных цэркваў належалі філіяльныя капліцы, якія мясціліся ў большых вёсках ці на шляхецкіх дварах у межах парафіі. Амаль у палове з іх (у 5-ці з 11-ці, якія згадваюцца ў дадзеных актах), у сваю чаргу, захоўваліся кнігі — лікам ад 1 да 4 паасобнікаў на капліцу і агульнай колькасцю ў 11 паасобнікаў. Фігуруюць тут, галоўным чынам, зноў тры тыя самыя асноўныя тытулы — службоўнік, празнея і Евангелле, — але ў розных камбінацыях. У двух выпадках побач з супрасльскімі службоўнікамі згадваюцца таксама лацінскія Імшалы.

Тытульны аркуш Евангелля, выдадзенага грэка-католікамі ў 1780 г. у Пачаеве (Украіна). Гэтае выданне можна было бачыць і на алтарах беларускіх грэка-каталіцкіх святыняў.
У гэты час заўважаецца значнае ўзрастанне колькаснага складу польскамоўнай літаратуры і рыма-каталіцкіх выданняў. З 17 Евангелляў 11 пазначаны як «Ewangeliczka polska», «Ewangeliczka polska z naukami» ці да т. п., 3 Евангеллі не здэфінаваныя, а тыя 2, пазначаныя як наалтарныя («Ewangelia prestolna»), абавязкова прадубляваныя «польскімі». Гэта сведчыць пра тое, што евангельскія чытанні агалошваліся ўжо толькі па-польску. Хутчэй за ўсё, і казанні пачалі гучаць па-польску, хоць гэтая акалічнасць выразна не прасочваецца. Тым не менш, у актах пры згадцы польскамоўных Евангелляў нярэдка зазначаецца наяўнасць у іх складзе павучанняў, дый з 3-х наяўных зборнікаў казанняў адзін пазначаны як «польскі», а два астатнія проста не здэфінаваныя.

Наяўнасць і ў цэрквах, і ў капліцах рыма-каталіцкіх літургічных выданняў (якім зазвычай спадарожнічаюць і адпаведныя арнаты ў спісах «sprzętu cerkiewnego») указвае на тое, што адпраўленне лацінскае Імшы ў грэка-каталіцкіх святынях не было рэдкасцю.

Разгортка Пачаеўскага Евангелля.
Каб прасачыць дынаміку фармавання фондаў літургічнай літаратуры пры парафіяльных святынях, прыгледзімся да лёсу аднаго паасобнага збору. У якасці прыкладу возьмем солтанаўскую Траецкую царкву. Архіўныя дакументы па ёй захаваліся з канца ХVІІ ст. Першы вопіс датуецца 1696 годам і ўключае толькі 3 кнігі – наалтарнае Евангелле, апостал і псалтыр17. У другім, з 1720 г., да вышэйназваных тытулаў дадаецца яшчэ актоіх18. Адсутнасць у абодвух спісах службоўнікаў і трэбніка гаворыць пра тое, што, хутчэй за ўсё, святар мусіў адпраўляць набажэнствы і ўдзяляць сакрамэнты паводле кніг з уласнай бібліятэкі. Наступны вопіс маёмасці датуецца толькі 1774 г., і ў ім мы ўжо знаходзім значна паўнейшы рэпертуар літургічнай літаратуры, падобна, пакінутай у спадчыну колішнім святаром: «Mszał Wileński» (хутчэй за ўсё, Літургікон Жахоўскага, але, быць можа, і нованабыты Літургіярыён Валадковіча), адно кірылічнае Евангелле і адно польскае, з казаннямі кс. Кужынецкага (такое, як мы сустракалі ў цэрквах Докшыцка-Барысаўскага дэканата); далей: актоіх, празнея і трэбнік19. Цяпер збор змяшчае ўсе неабходныя кнігі, і такі яго склад захоўваецца нязменным ажно да скасавання уніі (візітацыі 1805, 1806, 1818, 1819, 1821, 1830 і 1831 гг.)20. Змены ў ім адбываюцца толькі пасля пераходу святыні пад юрысдыкцыю Рускай Праваслаўнай Царквы, калі бібліятэчка пачынае папаўняцца маскоўскімі выданнямі (цікава, што уніяцкія літургічныя кнігі яшчэ доўга захоўваюцца ў сакрыстыі, пазначаныя як «Служебник по давном невежеству, годовой и праздничный — два»21 ).

Актоіх, выдадзены ў 1727 г. у Супраслі.
Паспрабуем падсумаваць нашыя разважанні ў гэтым кірунку назіраннямі сучасніка. Праваслаўны полацкі архіепіскап Смарагд так адгукаўся (натуральна, не забыўшы зганіць) пра кнігазборы пры уніяцкіх святынях: «Во всех униятских церквах … кроме служебников виленской печати, называемых мшалами, в коих находится много нововведений против служебников восточной церкви и даже (против) почаевской печати, и кроме таковых же Общих Миней, а в некоторых только церквах сверх того и Триодей, никаких более книг не имеется; посему молебных пений о здравии государя императора и всей августейшей фамилии и царских панихид ни в одной униятской церкви не отправляется… проскомидия пред литургией не совершается, часы не читаются…»22. Безумоўна, прамаскоўскі настроенага праваслаўнага іерарха турбавалі неадпаведнасць праваслаўнаму богаслужэнню ды брак усвячэння манархіі; для нас жа гэтая заўвага цікавая тым, што яна дае сведчанне рэальнага стану выкарыстання кніг ва уніяцкіх цэрквах.

Напрыканцы артыкула хацелася б яшчэ спыніцца на тым, як пазначалі свае кнігі уніяцкія цэрквы. Пачнем з Літургікона Жахоўскага, які захоўваецца ў зборах ББФС. У ніжнім полі аркуша кніга мае запіс: «Сей // Служебнік // Ест // Закрыстыи // Церкві // Бытенской // Чыну // Святаго // Васілія // Велікаго // 1765 // Anno // Подпісан». Гэтая інскрыпцыя для нас вельмі цікавая: з аднаго боку, яна паведамляе пра колішнюю прыналежнасць Літургікона да кнігазбору царквы Быценьскага базыльянскага манастыра; а з другога – з’яўляецца характэрным узорам уладальніцкага надпісу і паказвае, як увогуле падпісваліся царкоўныя кнігі грэка-каталіцкімі манахамі. Аналагічныя паводле сфармулявання запісы пазначаюць і шмат якія рукапісы ды старадрукі Жыровіцкага манастыра (напрыклад: «Сия книга есть з библиотеки монастыра Жировицкого чину Святого Василия Великого 1758 Anno подписана»23 ) і інш.

Працытуем яшчэ колькі надпісаў, якія сустракаюцца на літургічных кнігах і сведчаць пра іх прыналежнасць да тае ці іншае парафіяльнае святыні. Гэта, напрыклад, могуць быць інскрыпцыі ўкладнога характару. Так, у запісе на Літургіярыёне 1763 г. падаецца цана, за якую была куплена кніга, і паведамляецца пра ўмовы ахвяравання ў царкву: «Ten Mszał sporządzony przez Agata[!] Katabagowo[!] Za Oyca Swoiego To iest Jozefa Zwierynskiego dano Zaiego Rubli 7 y Pał. i(...)si zeby Zaiego były pacierzy Jak tyle tamsza Zalecane zadusze Jego Przytomnosci[!] Xiędza Bazylego Weryhi Ad: Ced: Jurszewickiego»24.

Зазначым, што палі і форзацы кніг з царкоўных збораў багатыя на самага рознага кшталту нататкі, якія нярэдка з’яўляюцца цікавымі гістарычнымі крыніцамі. Напрыклад, Літургікон Жахоўскага са збораў Бібліятэкі Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь на розных старонках мае два польскамоўныя надпісы, пакінутыя пробашчам а. Дамінікам Шаркоўскім. Першы з іх, выразна ўладальніцкі, змяшчае (падобна некалькім працытаваным вышэй) звесткі пра грэка-каталіцкую іерархію — у дадзеным выпадку, на Гарадзеншчыне: «Mszał ten służący cerkwi Sopoćkińskiej x[iądz]. Dominik Szarkowski poddziekan Grodzieński paroch Sopoćkiński [podpisał(?)]»25). Сказ выглядае незакончаным — магчыма, запіс не быў да канца расчытаны бібліёграфам альбо частка яго страчана. У Сапоцкіне мелася грэка-каталіцкая царква Унебаўзяцця Багародзіцы26, якой кніга, відаць, і належала. У іншым жа месцы службоўніка а. Шаркоўскі занатаваў інфармацыю пра важную сямейную падзею: «Dnia 29 Augusta podіug nowego Dnia 18 podług Starego Kalendarza urodził mi się syn ze wtorku na środę w nocy o godzinie […] ktoremu na imie Jan […] okrzczon we czwartek na 31 Augusta przez xx[=xiędzów] Andrzeja Élimowicza P. Balewskiego z rodziców x[iкdza] Dominika Szarkowskiego i Katarzyny Billewiczówny kumowie J[ego] m[ość] Pan Paweł Taledziewicz z J[ego] m[ością] Panią Zofią Wierzbitowiczowa J[ego] m[ość] Pan Stanisław Huniecki z Panią Anną Kozieliec. Tego dnia w r. 1752 urodził się Jan Andrzej pod Koziorożcem na ostatniej kwadrze»27. Гэтакім самым чынам маглі пакідацца і проста запісы пра хрост, як, напрыклад, на рэштках форзацнага аркуша з Літургікона Жахоўскага (калекцыя Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі): «Roku 1786 m[iesią]ca Marca d[nia] 8 SV: Ochrsciłem i Bierzmowałem Syna Naimie Wasili Zpracowitych Rodzicow Stefana i Chimy Skrzypków Kum Wasili Rosolka Kuma Wielmożna J: Pani Barbara Maiewska Dziecie i Kumy Ze wsi Piasków X. Józefat Szaffałłowicz Paroch Smiłowicki Cerkwi Swiętego Jerzego»28.

У артыкуле выкарыстаны фотаздымкі кніг,
якія захоўваюцца ў Нацыянальным музеі
гісторыі і культуры Беларусі.
Фота Андрэя Крапіўкі.

 


  1. Сапунов Б. В. Книга в России в ХІ–ХІІІ вв. Л., 1978. С. 79; Topolska M. B. Czytelnik i książka w Wielkim Księstwie Litewskim w dobie Renesansu i Baroku. Wrocław etc., 1984. S. 203; Покало М. И. Библиотеки на территории Белоруссии с древнейших времен до конца XVІІІ в.// Вопросы библиографоведения и библиотековедения: Межвед. сб. Мн., 1984. Вып. 5. С. 46; і інш.
  2. Naumow A. Wileńskie Służebniki z 1691 i 1692 r. // Słowianie wschodni: Duchowość, mentalność, kultura. Księga jubeleuszowa, ofiarowana prof. R.Łużnemu w siędemdziesiкciolecie urodzin / Pod red. A. Raźny, D. Piwowarskiej. Krakøw, 1997. s. 36; Jaroszewicz-Pieresławcew Z. Supraskie druki cyrylickie // Białoruskie Zeszyty Historyczne. Białystok, 1998. # 10. (электронная версія: http: // kamunikat.net.iig.pl//www/czasopisy/bzh/10/10art_piereslawcew.htm – доступ з 02.09.2006)
  3. Пры спасылках на кнігі ББФС мы не падаем нумароў захавання, бо на час нашага вывучэння старадрукаў гэтая частка кнігазбору яшчэ не была закаталагізаваная. Зрэшты, паколькі калекцыя старадрукаў у бібліятэцы невялікая, праблемаў з адшуканнем у ёй пэўных паасобнікаў у даследчыкаў узнікаць не павінна.
  4. У якасці прыкладу назавем амаль камплетны паасобнік са збораў Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі ў Мінску (інв. № 496), у якім па-за акуратна вынятымі сшыткамі з літургіяй Златавуснага адсутнічаюць толькі некалькі пачатковых ды канцавых старонак.
  5. Лабынцев Ю. А., Щавинская Л. Л. Книжная культура белорусов Бельской земли в ХVІІ ст. // Матэрыялы Другіх кнігазнаўчых чытанняў: «Кніжная культура Рэчы Паспалітай» (Мінск, 15–16 вер. 2000 г.) Мн.: Красіка–Прынт, 2002. С.76–92.
  6. Параўн.: тамсама, с. 81.
  7. Тамсама, с. 78.
  8. Тамсама, с. 78–79.
  9. Параўн.: тамсама, с. 80–81. Тут і далей у цытатах захоўваецца правапіс арыгінала.
  10. Параўн.: тамсама, с. 86–90.
  11. НББ, шыфр 12Рк28517.
  12. НМГіКБ, інв. № 11340.
  13. Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь (далей: НГАРБ): ф. 3245, воп. 3, спр. 62.
  14. Тамсама, арк. 42.
  15. Гл., тамсама, арк. 1–39.
  16. Трэба думаць, што й гэтыя цэрквы мелі названы тытул у сваіх зборах, паколькі ў першым выпадку ў вопісе значацца 2 «mszaіy» без азначэння іх характару, а ў другім – адзінай кнігай, якая захоўваецца ў філіяльнай капліцы тае царквы, ёсць менавіта святочны службоўнік-празнея.
  17. НГАРБ, гл.: ф. 1502, воп. 1, спр. 1, арк. 1.
  18. Тамсама, арк. 2.
  19. Тамсама, арк. 5–5 адв.
  20. Тамсама, арк. 9–35 адв.
  21. Тамсама, арк. 39 адв.
  22. Цыт. паводле: Коялович М. О почившем митрополите литовском Иосифе // Вестник Западной России: Ист.-лит. журнал, изд. К. Говорским. Вильна, 1869. Кн. ІІ. Т.ІІ. С. 175.
  23. Параўн.: Нікалаеў М. Палата кнігапісная. Мн., 1993. С. 218. Гл. таксама ілюстрацыю з фрагментам гэтага надпісу на с. 89.
  24. НМГіКБ, інв. 418.
  25. Гл.: Билевич В. В. Белорусские книги кирилловской печати XVI–XVII веков в фондах ФБАН БССР // Из истории книги в Белоруссии: (Сб. статей). Мн., 1976. С. 109.
  26. Kołbuk W. Kościoły wschodnie w Rzeczypospolitej około 1772 roku. Lublin, 1998. S.92. Аналагічны даведнік для лацінскае Царквы таксама апублікаваны люблінскім Інстытутам Цэнтральна-Усходняй Еўропы: Litak St. Kościoł łaciński w Rzeczypospolitej około 1772 roku. Lublin, 1996.
  27. Билевич В. В. Белорусские книги кирилловской печати XVI–XVII веков..,
  28. 109.
  29. НМГіКБ, інв. 416.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY