Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(45)/2008
Галерэя
Год Божага слова

ЕВАНГЕЛIСТ ЛУКА
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Мастацтва

АПОСТАЛ НАРОДАЎ
Роздум

РЭЗАНАТАР
Постаці

ДАР НЕЗВЫЧАЙНАГА СВЯТЛА
Постаці

У IМ ЖЫЛА ДУША АНЁЛА
Кніжныя скарбы
Юбілеі

ЯНА МАЛІЛАСЯ ЗА БЕЛАРУСЬ
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія
Юбілеі

СВЯТЛО ЗАГАДКІ
Юбілеі
Мастацтва

АЖУРНЫЯ ФАНТАЗІІ

Надзея КАНДРУСЕВІЧ

АСНОЎНЫЯ ЭЛЕМЕНТЫ ВУЧЭННЯ ДАГМАТЫЧНАЙ КАНСТЫТУЦЫІ ІІ ВАТЫКАНСКАГА САБОРУ ПРА БОЖАЕ АБ’ЯЎЛЕННЕ DEI VERBUM

Тэма 2008 душпастырскага года ў Каталіцкім Касцёле на Беларусі: «Слова Божае — крыніца надзеі». Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй энцыкліцы Spe salvi — «Збаўленыя ў надзеі» — падкрэслівае, што надзея па сваёй сутнасці з’яўляецца цэнтральным словам біблейскай веры1. Таму ўсе душпастырскія праграмы і ініцыятывы гэтага года прысвечаны Божаму слову. Гэтаму спрыяе таксама і тое, што 29 чэрвеня сусветны Касцёл распачаў перажываць год святога апостала Паўла — нястомнага місіянера, які нёс Добрую Навіну усім без выключэння народам і стаў выбраным начыннем Божым2. У сувязі з гэтым Святы Айцец Бэнэдыкт XVI жадае, каб год, прысвечаны святому Паўлу, стаў добрым стымулам да разважання над гісторыяй Еўропы і дапамог яе жыхарам нанава адкрыць скарб каштоўнасцяў, атрыманых у спадчыну ад агульнай мудрасці эліністычнай культуры і Евангелля. Падобна да таго, як магутнае прапаведаванне Паўла карынцянам адкрыла іх культуру для дабрадатнага ўплыву Божага слова, так і сёння словы Апостала народаў усё яшчэ гучаць у сэрцах людзей і могуць дапамагчы нашым сучаснікам глыбей усвядоміць сваю чалавечую годнасць і спрыяць дабрабыту ўсёй чалавечай сям’і3.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі ставіць перад сабою як найбліжэйшую і непасрэдную мэту абвяшчэнне Божага слова як крыніцы нашай веры і надзеі, як слова, якое заўжды жывое і дзейснае4; як маральнага арыенціру для сучаснага секулярызаванага свету. Вялізная заслуга ў абуджэнні цікавасці да Божага слова, што назіраецца апошнім часам, належыць ІІ Ватыканскаму Сабору, які стаў новым подыхам Святога Духа, новаю Пяцідзесятніцаю Касцёла.

Маючы сваёю асноўнаю мэтаю аднаўленне касцёльнага жыцця, Сабор прысвяціў асаблівую ўвагу ролі Святога Пісання і Традыцыі ў гэтым працэсе. Разам з фундаментальным дакументам — дагматычнай канстытуцыяй пра Касцёл Lumen gentium — «Святло народам» — Сабор прыняў яшчэ адну дагматычную канстытуцыю — пра Божае Аб’яўленне Dei verbum. Гэтыя два дакументы з’яўляюцца своеасабліваю асноваю як тэарэтычнага абгрунтавання адновы Касцёла, так і яго практычнай пастырскай дзейнасці. Першы, зыходзячы перадусім з Аб’яўлення і Настаўніцтва Касцёла, з’яўляецца выкладам вучэння пра яго сутнасць і самасвядомасць. Другі цесна звязаны з практычным жыццём Касцёла і лічыцца як бы лагічным завяршэннем першага.

Пытанні, якія датычацца Божага Аб’яўлення, яго крыніцы і перадачы, з’яўляюцца краевугольным каменем як вучэння Касцёла пра самога сябе, так і пастырскай дзейнасці, развіцця экуменічнага дыялогу і адносінаў з навакольным светам.

Значэнне дагматычнай канстытуцыі Dei verbum немагчыма пераацаніць. Усе саборныя дакументы, незалежна ад таго, датычацца яны ўнутранага ці знешняга жыцця Касцёла, залежаць ад веры ў прызначанае чалавеку Божае слова5. У гэтай канстытуцыі, як пісаў у свой час кардынал Караль Вайтыла, які пазней стаў Папам Янам Паўлам ІІ, відаць своеасаблівы цэнтр усёй саборнай думкі. А менавіта Бог, які аб’яўляе сябе чалавеку, і чалавек, які даручае сябе Богу6.

Характэрны вобраз Касцёла, які аднаўляецца, паказаны ўжо ва ўступе да канстытуцыі7. З аднаго боку, ІІ Ватыканскі Сабор недвухсэнсоўна заяўляе, што жадае падаць вучэнне пра Аб’яўленне, далей развіваючы вучэнне Трыдэнцкага і І Ватыканскага Сабораў. З другога боку, ва ўступе пададзены словы з Першага паслання св. апостала Яна: «Што мы чулі, што бачылі <…> абвяшчаем і вам»8, якія паказваюць на ўласцівы ІІ Ватыканскаму Сабору акцэнт — усё ўгрунтоўваць на Святым Пісанні, асабліва яго галоўнай ідэі: збаўчым Божым плане. Гэта ўсё падкрэслівае новае саборнае бачанне Касцёла, які вядзе дыялог збаўлення са светам.

Далей канстытуцыя паступова вучыць пра само Аб’яўленне, пра тое, што яно з сябе ўяўляе. У гэтым вучэнні бачныя новыя саборныя аспекты9:

– праява персаналізму Аб’яўлення: Бог-Асоба жадае ўвайсці ў кантакт з чалавекам, якому належыць свабодна выказаць паслухмянасць у веры Богу, які дае сваё Аб’яўленне10;

– пашырэнне паняцця самога Аб’яўлення, якое праяўляецца ў справах і словах11;

– дзякуючы паўнаце Аб’яўлення ў Хрысце бачна яго пастаянная, асобасная і дынамічная прысутнасць сярод людзей, нягледзячы на тое, што Бог шмат разоў і рознымі спосабамі прамаўляў да людзей праз прарокаў12.

Кажучы пра перадачу Аб’яўлення, канстытуцыя абвяшчае, што не толькі тое, што напісана ў боганатхнёных кнігах Святога Пісання, складае яго паўнату. Апосталы і іх наступнікі таксама і жывым словам навучалі таму, што самі чулі і бачылі. Гэтае вучэнне і складае Святую Традыцыю, якая няспынна павялічваецца.

Аднак пры гэтым варта адзначыць, што Святое Пісанне і Традыцыя не з’яўляюцца асобнымі крыніцамі Аб’яўлення. Яны складаюць адзіны давераны Касцёлу залог Божага слова і з’яўляюцца адным і тым жа натхнёным і асвячоным Святым Духам вучэннем. Яны сыходзяць з адной Боскай крыніцы і нібы зрастаюцца ў адно. Яны так моцна ўзаемна з’яднаныя, што без аднаго не існуе другога. Канстытуцыя таксама не дае права асобнаму індывіду самастойна тлумачыць Святое Пісанне. Аўтэнтычнае яго тлумачэнне — прэрагатыва Касцёла, якім кіруе Святы Дух, касцёльнага Настаўніцтва13.

Са сказанага вышэй можна зрабіць вельмі важную выснову, што Святая Традыцыя не з’яўляецца толькі няпісанаю вераю першых хрысціянаў, але яна і ў наш час жыве і працягвае развівацца. Адмаўленне ж ад ідэі дзвюх крыніцаў Аб’яўлення (Святога Пісання і Традыцыі) адкрывае новы шлях для экуменічнай перспектывы, перш за ўсё ў адносінах да пратэстанцтва.

Неабходнасць Настаўніцтва Касцёла для тлумачэння Святога Пісання дапамагае нам зразумець, што нашая вера грунтуецца на трох асновах: Святым Пісанні, Традыцыі і Настаўніцтве Касцёла. Канстытуцыя коратка, але вельмі ёміста падае прынцыпы боганатхнёнасці і тлумачэння Святога Пісання. А менавіта, усе кнігі Старога і Новага Запаветаў, як напісаныя па натхненні Святога Духа, Касцёл лічыць святымі і кананічнымі. Таму і тлумачыць іх належыць з дапамогаю таго ж Духа, што і з’яўляецца задачаю Касцёла як захавальніка і тлумачальніка Божага слова. Паколькі ў Святым Пісанні назіраецца пэўнае цудоўнае сыходжанне адвечнай Мудрасці, падобна да таго, як калісьці Слова Спрадвечнага Айца сталася целам14, то і ў вучэнні Сабора пра Божае Аб’яўленне выяўляецца яго хрыстацэнтрычнасць.

Кажучы пра Стары і Новы Запаветы, Сабор падкрэслівае, што прызначэнне Старога Запавету ў тым, каб падрыхтаваць, прароча абвясціць і азнаменаваць прыйсце Хрыста, усеагульнага Адкупіцеля, і Яго месіянскага Валадарства. Новы ж Запавет — гэта дынамічная прысутнасць сярод людзей Хрыста — Настаўніка і Збаўцы. Прычым — і гэта неабходна падкрэсліць асаблівым чынам — Новы Запавет скрыты ў Старым, а Стары раскрываецца ў Новым15.

У заканчэнні канстытуцыі знаходзіцца надзвычай важны тэкст пра ролю Святога Пісання ў жыцці Касцёла, асабліва ў аспекце яго пастаяннага аднаўлення. Гэта своеасаблівы падрахунак вучэння канстытуцыі ў яе пастырскім аспекце.

Святое Пісанне разам з Традыцыяй гэтак жа, як і Эўхарыстыя, з’яўляецца хлебам жыцця Касцёла. Акрамя таго, будучы словам Божым і голасам Святога Духа, яны наладжваюць і падтрымліваюць кантакт Бога з чалавекам. Таму Сабор заклікае часцей выкарыстоўваць Святое Пісанне ў гаміліях, у катэхізацыі, тэалагічным навучанні і проста ў штодзённым чытанні ўсімі вернікамі. Акрамя таго, канстытуцыя заклікае рабіць экуменічныя пераклады Святога Пісання16.

Падсумоўваючы ўсё сказанае вышэй, можна сцвярджаць, што дзякуючы саборнаму вучэнню пра Аб’яўленне біблеістыка перайшла на якасна новы ўзровень свайго развіцця і стала асноваю як для вучэння пра Касцёл, так і пра яго пастырскую дзейнасць. Таму, карыстаючыся выразам аднаго з айцоў ІІ Ватыканскага Сабору кардынала Франца Кёніга, біблейская вясна ў Касцёле сталася фактам17. Як яркае веснавое сонейка абуджае прыроду да новага жыцця, так і біблейская вясна адкрывае новыя шляхі для аднаўлення і паглыблення пазнання самога Касцёла і выканання яго місіі, для развіцця экуменічнага руху і дыялогу са светам.

Сапраўды, звяртаючыся да думкі кардынала Ёзафа Ратцынгера, сённяшняга Папы Бэнэдыкта XVI, можна сказаць, што дагматычная канстытуцыя пра Божае Аб’яўленне Dei verbum паказвае сапраўдную мэту Сабора, якая заключаецца ў тым, што жывы і праўдзівы Бог насамрэч увайшоў у наш свет і зламаў браму цямніцы тых секулярных тэорый, кратамі якіх сучасны свет імкнецца адгарадзіцца і не даць Богу ўвайсці ў нашае жыццё18 . Таму Святое Пісанне трэба чытаць не як нейкую гістарычную кнігу, а як праўдзівае слова Божае, ведучы размову з Богам19, бо хоць біблейскае Аб’яўленне як падзея і адбылося ў пэўны час у пэўным месцы, тым не менш для веры яно пастаянна адбываецца нанава20.

Такім чынам, саборнае вучэнне пра Божае Аб’яўленне з’яўляецца своеасаблівым дынамічным і адкрытым заклікам Сабору да чалавецтва з мэтаю яго збаўлення.

 


  1. Пар. SS 2.
  2. Пар. Дз 9, 15.
  3. Пар. Прамова Святога Айца Бэнэдыкта XVI падчас уручэння даверчых лістоў паслом Грэцыі пры Святым Пасадзе Мільтыядысам Хіскакісам 15 сакавіка 2008 г.
  4. Пар. Гбр 4, 12.
  5. Пар. Sobór Watykański II. Konstytucje. Dekrety. Deklaracje. Poznań 1968, s. 107.
  6. Пар. Grzybek (red.), Idee przewodne Soborowej konstytucji o Bożym Objawieniu. Kraków 1968, s. 10.
  7. Пар. DV 1.
  8. Пар. 1 Ян 1, 2–3.
  9. Пар. II Vatikano Susirinkimo nutarimai. Vilnius-Kaunas 1968, р. 11–13.
  10. Пар. DV 2; 5.
  11. Пар. DV 2.
  12. Пар. DV 4
  13. Пар. DV 7–10.
  14. Пар. DV 11–13.
  15. Пар. DV 14–20.
  16. Пар. DV 21–26.
  17. Пар. Sobór Watykański II. Konstytucje. Dekrety. Deklaracje. Poznań 1968, s. 535.
  18. Пар. Kardynał Joseph Ratzinger. Wiara — prawda — tolerantność. Chrześcijaństwo a religie świata. Kielce 2005, s. 109.
  19. Пар. Прамова Бэнэдыкта XVI падчас сустрэчы з моладдзю Рымскай дыяцэзіі, прысвечанай падрыхтоўцы да XXI сусветнага дня моладзі. Рым, 6 красавіка 2006 г.
  20. Пар. Aidan Nichols OP. Myśl Benedykta XVI. Wprowadzenie do myśli teologicznej Josepha Ratzingera. Kraków 2005, s. 301.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY