Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(45)/2008
Галерэя
Год Божага слова

ЕВАНГЕЛIСТ ЛУКА
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Мастацтва

АПОСТАЛ НАРОДАЎ
Роздум

РЭЗАНАТАР
Постаці

ДАР НЕЗВЫЧАЙНАГА СВЯТЛА
Постаці

У IМ ЖЫЛА ДУША АНЁЛА
Кніжныя скарбы
Юбілеі

ЯНА МАЛІЛАСЯ ЗА БЕЛАРУСЬ
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія
Юбілеі

СВЯТЛО ЗАГАДКІ
Юбілеі
Мастацтва

АЖУРНЫЯ ФАНТАЗІІ

Кс. Андрэй ЗАЙЧЫК

ЕВАНГЕЛIСТ ЛУКА

Не кожны з евангелістаў быў сведкам зямнога жыцця Хрыста. Некаторых гэтая ласка абмінула. Аднак Божы Провід клікаў таксама вучняў Апосталаў, каб яны неслі паўсюль Добрую Навіну аб збаўленні свету кожнаму, хто «мае вушы, каб слухаць».

Евангеліст Лука быў антыяхійцам па нараджэнні і першапачаткова язычнікам па веравызнанні. Прыняўшы веру Хрыста ў сталіцы Сірыі, будучы сведка-пісьменнік сустрэўся з найбольш вядомым прапаведнікам Езуса — Апосталам Паўлам. Ад яго, а таксама з іншых крыніцаў, ці то запісаных, ці то вусных, ён атрымаў інфармацыю, якую змясціў на старонках Евангелля і Апостальскіх Дзеяў.

Лука ўдзельнічаў у некаторых місійных падарожжах Апостала Народаў, даследаваў жыццё Хрыста ў Палестыне, вызначаўся мастацкім талентам, быў медыкам па прафесіі.

Айцы Касцёла з першых стагоддзяў, а менавіта Ірэнэй з Ліёна (130–202), Клімэнт з Александрыі (150–215), Эўсэбій з Кесарыі (каля 325 г.), Канон Мураторыя (каля 170 г.) упэўнена называюць імя Лукі як аўтара трэцяга Евангелля і Апостальскіх Дзеяў.

Лічыцца, што Лука загінуў мучаніцкай смерцю за веру (літургічны успамін — 18 кастрычніка).

Евангелле паводле Лукі адрасавана ўсім хрысціянскім супольнасцям за межамі Палестыны (Грэцыя, Македонія, Малая Азія і інш.), тым людзям, якія пачулі прапаведванне Паўла. Аўтар працаваў над сваім творам паміж 70 і 80 гадамі. Мова Евангелля вельмі добрая, у некаторых месцах набліжаная да класічнай. Лука выкарыстоўваў біблейскія тэксты ў грэцкім перакладзе (Септуагінта).

Абраз «Святыя іканапісцы». Злева направа: Фра Анжэліка, евангеліст Лука, Андрэй Рублёў.
Першы твор Лукі складаецца з чатырох часткаў, у кожнай з якіх разглядаецца асобны перыяд жыцця Збаўцы. Асаблівасцю гэтых тэкстаў з’яўляцца тое, што евангеліст адводзіць шмат месца на Евангелле Дзяцінства (1–2), што адрознівае ягоны твор ад твораў іншых новазапаветных аўтараў. У другой частцы Евангелля распавядаецца пра дзейнасць Месіі ў Галілеі (3,1–9,50). У трэцяй апісваецца падарожжа Езуса ў Ерузалем (9,51–19,27). Чацвёрты блок Евангелля аўтар падае як здзяйсненне пасхальнай таямніцы Месіі ў Ерузалеме (19,28–24,53).

Тэалагічная тэматыка Евангелля ад Лукі захапляе сваім багаццем. З дзіцячых гадоў Езус паўстае перад вачыма чытачоў як доўгачаканы Бога-чалавек. Хрыстус — гэта адлюстраванне дабрыні і міласэрнасці, прыклад адносінаў да ўсіх людзей, нават загубленых. Ён — настаўнік і прадвызначальнік сапраўднай малітвы. Ён —Божы Сын, Пан, Прарок, нарэшце — Збаўца свету.

Евангелле ад Лукі мае яшчэ адзін аспект, не пазначаны ў іншых евангелістаў: вобраз Божай Маці займае самае пачэснае месца на яго старонках.

Апостальскія Дзеі — гэта другі твор Лукі. У 28 раздзелах аўтар апісвае дзеі маладой хрысціянскай супольнасці паміж 30 і 63 гадамі н.э. Мы знойдзем тут перадусім апісанне падзеяў з жыцця апосталаў Пятра (раздз. 1–12) і Паўла (раздз. 13–28). Лука не імкнуўся захаваць дакладную храналогію матэрыялаў. Мэтай напісання яго твора было жаданне паказаць развіццё Касцёла, а таксама тыя вялікія высілкі, якіх патрабаваў гэты працэс.

Твор напісаны ў 70–80-я гады. Месца яго ўзнікнення дакладна не вызначана, хоць некаторыя даследчыкі лічаць, што гэта магла быць Ахая ў Грэцыі ці нават Рым.

Выключнай каштоўнасцю тэксту Апостальскіх Дзеяў з’яўляецца захаванне ў ім фактычных сведчанняў удзельнікаў апісаных падзеяў, як і самога Лукі, які мог бачыць на свае вочы некаторыя здарэнні. Акрамя таго, аўтар выкарыстаў значны дакументальны матэрыял, дзякуючы якому можна адбудаваць некаторыя тагачасныя падзеі.

Рэліквіярый евангеліста Лукі
ў касцёле св. Юстына ў Падуі.
Асаблівае месца ў творы Лукі займаюць мовы. Іх у Дзеях 24! Мовы з’яўляюцца дасканалым матэрыялам для акрэслівання праблемаў маладога Касцёла, а таксама неацэнным скарбам для даследчыкаў рыторыкі і гамілетыкі (навука пра маўленне казанняў).

Тэалагічную вартасць Апостальскім Дзеям надаюць перадусім: 1) багацце матэрыялу пра навуку Хрыста і яе рэалізацыю ў штодзённым жыцці; 2) вырашэнне тэалагічных праблемаў (Закон Майсея ці свабода ў Хрысце?); 3) апісанне жыцця першых хрысціянаў; 4) выразныя вобразы апосталаў Пятра і Паўла.

Структурна твор падзяляецца на два блокі. У першым разглядаецца развіццё Касцёла ў межах Палестыны: пачаткі місіі (1,1–2,13), місія ў Ерузалеме (2,14–8,3), місія ў Юдэі і Самарыі (8,4–9,43). У другой частцы твора Лука апісвае дзейнасць сярод язычніцкіх народаў: пачатак дзейнасці і звязаныя з гэтым праблемы і радасці (10,1–15,35), місію св. Паўла (15,36–28,31).

Жывое сведчанне веры, аптымізм, адданасць Хрысту і жаданне дакладна рэалізаваць Божы заклік — вось тое, да чаго праз вякі далучае нас евангеліст Лука.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY