Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(5)/1998
На кніжнай паліцы

ДАР І ТАЯМНІЦА
Нашы святыні

НЯСВІЖСКІ КАСЦЁЛ БЕНЕДЫКТЫНАК
Пocтaцi

ЛЮБІЎ БЕДНАСЦЬ І ПАКОРУ

ЗАСТАЎСЯ ТОЛЬКІ БУКЕТ РУЖАЎ...
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Мастацтва

РУПІЎСЯ ДЗЕЛЯ БОГА І ЛЮДЗЕЙ
200 гадоў Мінскай дыяцэзіі

НЕВЯДОМЫЯ ПЯЧАТКІ
Пошукі і знаходкі

«ВЫ МНЕ ІДЭЁВЫ СВАЯК...»
Паэзія

ВЕРШЫ
Вандроўкі па Беларусі

ЗОРНА-КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

КРЫЖЫ ПРЫДАРОЖНЫЯ
Haereditas
Вакол праблемы

УДЗЕЛ У АДРАДЖЭННІ

Аляксандр ЯРАШЭВІЧ

НЯСВІЖСКІ КАСЦЁЛ БЕНЕДЫКТЫНАК

Архітэктурныя шэдэўры Нясвіжа — замак і фарны (езуіцкі) касцёл — пакідаюць звычайна ў ценю яшчэ адзін выдатны помнік будаўнічай дзейнасці Мікалая Крыштофа Радзівіла — ансамбль кляштара бенедыктынак.

Бенедыктынкі былі вельмі распаўсюджаным у Еўропе жаночым ордэнам. Іх кляштары кіраваліся статутам заснавальніка заходняга манастыра св. Бенедыкта Нурсійскага; менавіта яго сястра, св. Схаластыка, стала заснавальніцай і святой апякункай жаночай галіны ордэна. Статут патрабаваў ад сясцёр праводзіць час у працы і малітве. Яны перапісвалі кнігі, спявалі ў хоры, сваімі рукамі выраблялі літургічнае адзенне для касцёлаў. У кляштар прымалі дзяўчат шляхецкага стану, некаторыя з іх не складалі шлюбаў і, дасягнуўшы пэўнага ўзросту, выходзілі з кляштара, атрымаўшы там добрую адукацыю і навыкі ў мастацкіх занятках. Такім чынам, гэта былі не проста рэлігійныя, але і навучальна-выхаваўчыя ўстановы.

У Вялікім Княстве Літоўскім існавала сем кляштараў: у Нясвіжы, Вільні, Коўне, Мінску, Оршы, Драгічыне, Слоніме (апошні спачатку знаходзіўся ў Смаленску). Першым жаночым клаштарам у ВКЛ быў Нясвіжскі. Напэўна, не выпадкова Радзівіл выбраў для свайго горада менавіта ордэн бенедыктынак, праслаўлены ў галіне культуры, у прыватнасці — пісьменства. Сіротка і яго жонка Эўфемія Вішнявецкая, відаць, мелі на мэце пасля фундацыі езуіцкага калегіума стварыць выхаваўчую ўстанову і для дзяўчат. Яны паставіліся з вялікай увагай да кляштара і адразу ж аддалі яму фальварак Гавязна. 9 жніўня 1589 г. Радзівіл звярнуўся да бенедыктынак у Хэлмна, каб адтуль у Нясвіж прыслалі першых манашак. Настаяцельніца Хэлмінскага кляштара Магдалена Мартэнская прыехала ў горад у лістападзе 1590 г. і сама выбрала месца для пабудовы кляштара. Паводле Б.Таўрагінскага, тады ж пачалося будаўніцтва. 15 жніўня князь прыслаў слуг у Хэлмна, каб прывезці ў Нясвіж першых 10 манашак на чале з Ганнай Свентаслаўскай, якіх сустракала ў Міры сама княгіня. 5 верасня бенедыктынкі прыбылі ў Нясвіж. Вядома, што пяць гадоў яны жылі ў драўляным будынку, пакуль мураваўся корпус кляштара з касцёлам. Фундацыя была дазволена папам Кліментам VІІІ і пацверджана на сейме ў Варшаве (1590 г.). Апрача Гавязны, кляштар атрымаў Цялядавічы. Пазней за «пасагавыя грошы» дзяўчат купілі Вялешын і Зяньковічы, а ў 1631 г. Анна Завішына завяшчала бенедыктынкам вёскі Лучыца і Слабодка. У канцы ХVІІІ — пачатку ХІХ ст. у кляштары бясплатна выхоўваліся 20—30 дзяўчат, пераважна з былых Менскага і Наваградскага паветаў. Бібліятэка налічвала 437 кніг на польскай і 79 на лацінскай мовах. Значная ўвага надавалася музычнай адукацыі, таму ў інвентарах пачатку ХІХ стагоддзя пералічаны музычныя інструменты (больш за ўсё скрыпкі), указаны прозвішчы манашак, якія ігралі на аргане, іншых інструментах, ці саліравалі.

Касцёл св. Эўфеміі быў закладзены 13 мая 1593 г., кансэкраваны біскупам Мельхіёрам Гедройцам 19 ліпеня 1598 г. На жаль, ні ход будаўніцтва, ні гісторыю касцёла ў ХVІІ—ХVІІІ стагоддзях прасачыць немагчыма. Архіў кляштара пасля закрыцця ў 1876 г. апынуўся ці то ў гарадской думе, ці то ў паліцыі і неўзабаве згарэў. Захаваліся толькі інвентары, пачынаючы з 1796 г., і некаторыя маёмасныя дакументы. Ацалелі вельмі нешматлікія іканаграфічныя крыніцы: храм відзён на вядомай гравюры Нясвіжа пачатку ХVІІ ст. Тамаша Макоўскага і на панараме горада пачатку ХІХ ст. Юзафа Пешкі. На малюнку Напалеона Орды касцёл адлюстраваны перад самым яго закрыццём (1876 г.). У асноўных рысах ён захаваў такі ж знешні выгляд да нашага часу, страціўшы вежу. Шчаслівым выпадкам у Новай Мышы зберагліся (хоць і не ў першапачатковым выглядзе) элементы ўнутранага ўбрання касцёла: алтары, амбон, арган і інш. Усё гэта дазваляе рэканструяваць выгляд інтэр’ера храма ва ўсякім разе на пачатак ХІХ ст.

Касцёл бенедыктынак аднанававы, з ледзь выступаючым трансептам і пяціграннай апсідай, незвычайна выцягнуты ў даўжыню. У яго стройных прапорцыях ёсць штосьці сярэднявечнае, аднак рэгулярны падзел плоскасцяў сцен і аб’ёмаў, шырокія паўцыркулярныя вокны, строгае цыліндрычнае скляпенне з распалубкамі сведчаць аб рэнесансавых прыёмах будаўніцтва. Параўнанне храма з нясвіжскім замкам і касцёлам езуітаў выяўляе шэраг падобных архітэктурных элементаў: рэгулярнасць і форма аконных праёмаў нагадваюць вырашэнне ніжняга паверха фасада палаца ў замку, нязвыклы дваісты падзел фасада касцёла пілястрамі меў аналогіі ў езуіцкім калегіуме (які не захаваўся). Шырокія пілястры і такія ж паўцыркулярныя вокны ў два ярусы можна бачыць на фасадзе касцёла езуітаў у Калішы (архітэктар Бернардоні, 1587—1595). Аднанававы касцёл з цыліндрычным скляпеннем на распалубках быў спраектаваны Бернардоні для Безржыдовіц (Польшча) у такім жа, як у Нясвіжы, строгім, «суровым» стылі. Вядома, што Бернардоні стала жыў у Нясвіжы ў 1584—1599 гг., а пачатак будаўніцтва касцёла бенедыктынак амаль супадае з заканчэннем езуіцкага касцёла (1593 г.). Усё гэта гаворыць за тое, што архітэктарам кляштара і касцёла бенедыктынак быў слынны майстра. Цікава, што першы жыццяпіс рэфарматаркі польскіх бенедыктынак Магдалены Мартэнскай склаў і падаў да друку езуіт Станіслаў Бжэхта, і змешчаны ён у вядомым гербоўніку Нясецкага.

Вельмі своеасабліва спланавана ўнутранаая прастора храма: для хора манашак зроблена асобнае скляпенне на сярэдзіне вышыні ад уваходу да трансепта, ад касцёла хор закрывала драўляная сніцарская балюстрада. Пры сценах знаходзілася (паводле інвентара 1828 г.) 12 разьбяных алтарыкаў, скульптуры «Укрыжаванне» і «Маці Божая» (у атласавай гафтаванай чорнай сукенцы), трыпціх з выявамі св. Кацярыны, св. Ануфрыя і св. Барбары і іншыя абразы, а таксама музычныя інструменты: 5 скрыпак, басэтля, 2 флейты, пазітыў. Тут жа стаяў арган («пры хоры ўверсе»).

Ад першапачатковага скульптурна-жывапіснага ўбрання касцёла нічога не захавалася, за выключэннем, хіба што, абраза «Святая Ганна з Марыяй і Дзіцём Езусам», напісанага на дошцы тэмперай. Жывапіс адметны маляўнічасцю, цёплым каларытам, мяккасцю мадэліроўкі, кранаючым рэалізмам ідэальных вобразаў. Абраз не мае блізкіх аналогій і належыць да пакуль што не вывучанай галіны беларускага іканапісу (магчыма, слуцка-мінскага), у якой на традыцыйную аснову выразны адбітак паклала мастацтва позняга Рэнесансу. Знаходзіўся абраз у алтары св. Ганны, выкананым з алебастру (відаць, адначасова з надмагіллямі дачок фундатара Крыстыны і Кацярыны каля 1600 г.). Гіпатэтычна алтар можна звязаць з імем першай ігуменні кляштара — Ганны Святаслаўскай (1591—1608 гг.). Уверсе яго ў авальнай раме стаяў абраз св. Крыстыны. Не выключана, што спачатку алтар быў названы ў яе гонар, таму што абапал яго былі эпітафіі Кацярыне і Крыстыне, у апошняй гаварылася, што дачка Сіроткі пахавана пад алтаром сваёй апякункі. Алтар св. Крыжа ўпамінаецца ў эпітафіі Альжбеце Эўфеміі Вішнявецкай, аднак аб ім маўчаць пазнейшыя візіты.

Галоўны алтар і два бакавыя, якія ў асноўных рысах захаваліся да сённяшняга часу, на наш погляд, былі зроблены на заказ Крыстыны Эўфеміі Радзівіл (1598—1658), пляменніцы фундатара. Яна ўступіла навіцыяткай у кляштар у 1614 г., значна павялічыўшы фундуш касцёла сваім пасагам, а ў 1632 г. была абраная ігуменняй. У 1636 г. яе брат Альбрэхт Станіслаў запісаў на рэстаўрацыю касцёла 10 тыс. злотых (гэта немалыя сродкі; напрыклад, работа над галоўным алтаром Віленскай катэдры памерам 28 х 17 локцяў каштавала 1400 злотых). Склаў абрыс і выканаў алтар на заказ біскупа Абрагама Войны нясвіжскі сніцар Генрык Кунтзан у 1635 г. Напэўна, гэтаму ж майстру належыць і галоўны алтар у касцёле бенедыктынак, тым болей што па структуры ён нагадвае віленскі, апісаны ў кантракце. Адзначым высокі мастацкі ўзровень нясвіжскіх алтароў з нідэрландскімі ці паўночнагерманскімі рысамі (гермавыя пілястры, разьба картушавых формаў з завітковым арнаментам). Манументальная кампазіцыя пабудавана на аснове трохпольнай аркі, паднятай на высокі цокаль. Ніжні ярус падзелены чатырма карынфскімі калонамі і абмежаваны зверху прафіляваным карнізам, у цэнтры стаяў абраз «Звеставанне» (на шчасце, ён захаваўся), фігуры Арханёла і Марыі закрываліся сярэбранымі шатамі. Па баках стаялі скульптуры св. Эўфеміі і св.Сабіны, а на кансолях, на ўзроўні цокаля, — св. Бенедыкта і св. Схаластыкі. Другі ярус меў форму «густоўна аздобленай аркі», у сярэдзіне якой на прасвет акна размяшчалася скульптура Маці Божай з Дзіцем на левай руцэ, са скіпетрам у правай. На флангах, на карнізе ніжняга яруса кленчылі два анёлы з келіхамі ў руках і два (большых памераў) з вянкамі. Гэтыя сімвалы адносіліся да «Укрыжавання» на ўзроўні круглага акна, з фігурамі Марыі і апостала Яна, якімі быў завершаны алтар. Усе скульптуры, хоць і разрозненыя, захаваліся, ацалеў і тагачасны цыборыум з алебастравымі скульптуркамі св. Барбары і св. Кацярыны.

Апрача галоўнага, у касцёле было шэсць бакавых алтароў. Першы — у прэзбітэрыі пры закрыстыі — алтар Маці Божай Шкаплернай (ці Троцкай) з дзвюма разьбянымі калонамі, паміж якімі знаходзіўся абраз на палатне, у сярэбранай пазалочанай шаце, з каронамі, аздобленымі каштоўнымі камянямі і перламі. У левай руцэ Маці Божая трымала срэбную пазалочаную кветку з вялікім рубінам пасярэдзіне (верагодна, дар бенедыктынкам ад троцкага ваяводы-фундатара). У другім ярусе меўся абраз у 8-граннай раме Маці Божай Шкаплернай; на ім Марыя стаяла з Дзіцем на руках, а крыху ніжэй, абапал, — данатарскае сямейства з дзецьмі. Па складу сям’і гэта нагадвае бацькоў Крыстыны Эўфеміі Станіслава Радзівіла і Мар’яну Мышчанку з дзецьмі, аднак адзенне, асабліва жаночае, відаць, належыць да больш позняга часу (1660—1680 гг.).

Другі алтар, св. Бенедыкта і св. Схаластыкі, знаходзіўся насупраць, у прэзбітэрыі. Па кампазіцыі і аздабленні ён быў ідэнтычны апісанаму вышэй. Галоўны абраз з срэбнымі шатамі не захаваўся, ацалела архітэктурная аснова і абразы Святой Сям’і, св. Плацыда і св. Маўра ў разьбяных рамах-картушах. Гэтыя два алтары падобныя да галоўнага па характары разьбы і могуць належаць таму ж Генрыку Кунтзану. Звяртаюць на сябе ўвагу пэўныя адрозненні ў скульптурах: статычныя падоўжаныя фігуры, вострыя складкі адзення ў Маці Божай, св. Бенедыкта і св. Схаластыкі нагадваюць аб «неаготыцы» пачатку ХVІІст. Святыя жанчыны з ніжняга яруса выкананы ў натуральных прапорцыях, а Марыя і Ян выдзяляюцца экспрэсіяй, таксама як і анёлы з вянкамі і галінкамі.

Два наступныя алтары, трэці і чацвёрты, са спіральнымі калонкамі можна аднесці да 1648—1650 гг. У адным з іх — святых Эўфеміі і Сабіны — у бакавых «вушах»-картушах намаляваны выявы св. Яна і св. Казіміра, патранальных святых нешчаслівага караля Яна Казіміра (1648—1667), да якога вельмі блізка стаяў канцлер Вялікага Княства Літоўскага Альбрэхт Радзівіл (1595—1656), родны брат Крыстыны Эўфеміі. Яна, безумоўна, заказвала гэты патранальны алтар, але вядома, што ў 1650 г., баючыся казакаў, ігумення з манашкамі выехала ў Гданьск, дзе і памерла. Аналагічны алтар — Маці Божай Балеснай — тэмай смутку нібы звязаны з часамі «патопу».

Захаваўся амбон касцёла бенедыктынак, выкананы ў 1745 г. у стылі позняга барока з элементамі ракако ў дэкаратыўнай разьбе (на жаль, шматразова, як і алтары, перамаляваны). На ніжнім краі кораба пасаджаны незвычайна экспрэсіўныя скульптуры евангелістаў у дынамічных ракурсах. На плоскасцях намалявана «Нараджэнне Хрыста» і тонкая рэльефная разьба з сімвалічнымі прадметамі. Балдахін з шматслойным гзымсам завяршае вялікая фігура арханёла Міхаіла. На гзымсе змешчаны картуш з гербам «Навіна», які ў дадзеным выпадку належыць Хжаноўскім. Род гэты, вядомы ў Брэсцкім ваяводстве і Пінскім павеце, меў пэўныя сувязі з бенедыктынамі. Казімір Вінцэнт Хжаноўскі (2-я палова ХVІІ ст.) стаў манахам у Гарадзішчы, быў пасланы ў Монтэ Касіна, затым жыў у абацтве пры базыліцы св. Паўла за Мурамі ў Рыме, напісаў дзве кнігі, а пад канец жыцця вярнуўся на Радзіму. У 1738—1757 гг. Фларэнціна Хжаноўская была ігуменняй нясвіжскага кляштара, яна (ці хто з яе крэўных) і стала заказчыцай амбона.

Рэдкім помнікам культуры з’яўляецца арган 1762 г., рэстаўраваны майстрам з Вільні Ф.Астрамецкім у 1891 г., які захаваў структуру ХVІІІ стагоддзя і праспект з дэкорам у стылі ракако. У картушах на версе аргана засталіся надпісы: «Zbudowany Roku 1762...» і «E.S.X.K.N.S.C.O.B.», які можа азначаць заказчыцу аргана: «Eufemia Szaniawska Xienia Klasztoru Nieswieskiego...» (Шаняўская ўзначальвала кляштар у 1757—1789 гг.).

Касцёл бенедыктынак быў адным з найбольш цікавых помнікаў архітэктуры і мастацтва Нясвіжа. Працэс вывазу з яго мастацкіх каштоўнасцяў пасля закрыцця кляштара прасочваецца па архіўных дакументах. Сярэбраная пазалочаная манстранцыя, 4 келіхі, 4 патэны, крыж, 3 рэлікварыі, 30 літургічных тканінаў былі перададзены ў Віленскую катэдру, вялікі звон і частка літургічных прадметаў — у Нясвіжскі фарны касцёл, 3 малыя званы — у Капыль.

У былым кляштары размяшчалася настаўніцкая семінарыя, яшчэ ў 1882 г. у касцёле стаялі на месцы арган і два пазітывы, амбон, алтары з абразамі, канфесіяналы. Спроба дзісенскага ксяндза забраць усё гэта ў Дзісну не мела поспеху: нясвіжскія мяшчане нічога не аддалі, спадзеючыся, што касцёл будзе ім вернуты. Аднак праз некаторы час (1891—1895 гг.) згаданыя вышэй рэчы былі перавезены ў касцёл у Новай Мышы, дзе знаходзяцца і цяпер; праўда, на новым месцы з 5 алтароў скамбінавалі 3 (і досыць адвольна). Тым не менш, алтарная разьба і жывапіс Нясвіжскага касцёла бенедыктынак з’яўляюцца унікальным комплексам мастацтва барока на Беларусі, які можа быць амаль поўнасцю адноўлены ў першапачатковым выглядзе.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY