Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(7)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
Юбілей святарства
Сведчанне

«ПРАЗ ТУНЭЛЬ НАДЗЕI»
Мастацтва

ЦУДОЎНАЯ МАЦІ З БОРУ
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Постаці
Пошукі і знаходкі
Нашы святыні

ЗАНЯДБАНАЯ СВЯТЫНЯ
Навука

СВЯТАСЦЬ ЮЗАФА З НАЗАРЭТА
Паэзія

ВЕРШЫ
Пошукі і знаходкі

ЗНАК АСАБЛIВАЙ ПАШАНЫ
Проза

ХЛЕБ. АПАВЯДАННЕ
Архітэктура
Haereditas
Традыцыя

ВІЛЕНСКІЯ ПАЛЬМЫ

Андрэй ШПУНТ

ЗНАК АСАБЛIВАЙ ПАШАНЫ

Карона (лац. corona — вянец, вянок) з незапомных часоў была сімвалам улады, знакам павагі і моцы. Аднак першыя хрысціяне не адчувалі асаблівага імпэту да кароны, паколькі яна ўжывалася ў паганскім рэлігійным кульце. З умацаваннем Касцёла адносіны пачалі мяняцца.

У ІV ст. выява кароны ўпершыню з’явілася ў хрысціянскай іканаграфіі. Падчас пантыфікату Ганорыя І, у VІІ ст., можна бачыць постаці ў кароне, як, напрыклад, св. Агнешкі ў базыліцы на Наментанскай дарозе. Так з’яўляецца звычай урачыстай каранацыі святых абразоў. Рабілася гэта ў экстраардынарных выпадках, тады, калі над Касцёлам згушчаліся хмары і трэба было вымаліць ласку ў Неба, а таксама выказаць асаблівую пашану да Маці Божай і да Яе Сына. Першы такі выпадак здарыўся ў 732 г. Папа Грыгоры ІІІ, жадаючы кампенсаваць знявагу, нанесеную святым абразам сектаю іканаборцаў, і захаваць ацалелыя абразы, а таксама атрымаць дапамогу Неба, каб прадухіліць небяспеку вайны, якая пагражала Рыму, увянчаў адной каронаю з чыстага золата абраз Найсвяцейшай Панны Марыі, а другую, гэткую ж, павесіў над алтаром. У 843 г. папа Грыгоры ІV дзеля атрымання Божае ласкі і адпушчэння людзям грахоў разам з каштоўнымі дарамі для рымскіх касцёлаў ахвяраваў дзве срэбныя кароны да абразоў НПМ у касцёле святых Калікста і Карнэлія. Каля 1500 г., падчас вайны і мору, жыхары горада Рэканаці ў Італіі, прагнучы вымаліць ласку і адвесці Божы гнеў, аддаліся апецы Маці Божай Лярэтанскай, адправіўшы ўрачыстую працэсію да суседняга Лярэта. Калі ж у хуткім часе маленні іх былі пачуты, у знак удзячнасці, з дазволу папы Юлія ІІ, яны ўсклалі на галаву Маці Божай залатую карону, просячы, каб гэта карона ніколі не здымалася. Папа даў на гэта сваю згоду, а ягоныя пераемнікі пацвердзілі яе аўтарытэтам Апостальскае Сталіцы.

Урачысты спосаб каранавання абразоў пашырыўся ў канцы ХVІ ст. дзякуючы вялікаму паклонніку Марыі капуцыну Гераніму з Фарлі (Паолюччы) з Балонскае правінцыі, які каранаваў у кожнай ваколіцы найбольш слынны абраз Маці Божай, знаходзячы ў тым падтрымку і ахвярнасць вернікаў, што зносілі для гэтае мэты золата, срэбра і каштоўныя камяні. Але і тады яшчэ каранаванні абразоў не былі частаю з’яваю і не суправаджаліся такімі ўрачыстасцямі, якія распачаліся ў 1631 г. Да таго ж пакуль не існавала цвёрда ўстаноўленых правілаў каранацыі.

У знамянальны 1630 г. граф Аляксандр Сфорца Палавічыні, дэкан Ватыканскае Капітулы, муж поўны навукі і пабожнасці, устанавіў фундуш на вечныя часы, каб з яго Капітула давала кароны з чыстага золата тым абразам, якія будуць мець сапраўдныя доказы ласкі Божай.

27 жніўня 1631 г., падчас пантыфіката Урбана VІІІ, у прысутнасці Капітулы адбылася першая ўрачыстая каранацыя абраза НПМ, званага de Febribus, каронай з дара Палавічыні ў харальнай капліцы ў базыліцы св. Пятра.

Тэстамэнтам ад 3 чэрвеня 1636 г. Палавічыні прызначыў Ватыканскай Капітуле гадавую рэнту з той мэтай, каб з фундуша штогод купляліся 2 ці 3 кароны з чыстага золата для цудоўных абразоў Маці Божай, што знаходзіліся ў Рыме.

Было вырашана, што калі ўсе абразы ў Апостальскай Сталіцы стануць каранаванымі, Ватыканская Капітула зможа каранаваць цудоўныя выявы Маці Божай і па-за Рымам.

Кожны абраз можа быць каранаваны толькі адзін раз. Капітула можа прысвяціць увесь гадавы даход на выраб толькі аднае кароны, калі размова ідзе аб вельмі славутым абразе, як, напрыклад, у Лярэта ці Santissima Annunciata ў Фларэнцыі.

Акрамя таго, Капітула павінна патрабаваць урачыстае прысягі вышэйшых іерархаў касцёла, у якім знаходзіцца ўкаранаваны абраз, што гэтыя кароны будуць аздабляць яго заўсёды.

Граф Аляксандр Сфорца Палавічыні памёр 30 жніўня 1638 г. На працягу жыцця ён быў сведкам каранавання 13 абразоў у Рыме...

Капітула склала Статус, што датычыў як ухвалення каранавання, так і самога абраду.

Абразы, якія атрымалі дазвол на каранацыю, павінны былі не толькі здаўна ўшаноўвацца, але і мець вялікую славу як цудатворныя, ва ўсе часы абуджаць пабожнасць вернікаў. Гэтыя ўмовы мусіў пацвердзіць мясцовы біскуп, які падаваў прашэнне аб каранаванні. Капітула ў выпадку згоды прызначала дзень каранавання і каранатара (звычайна мясцовага біскупа), а таксама хадайнічала ў папы аб поўным адпушчэнні грахоў для тых, хто пасля споведзі і св. Камуніі ўшануе цудоўны абраз.

Кіраўніцтву касцёла належала паклапаціцца аб адпаведным медальёне («каранатцы»).

Апісанне абраду зачытвала Капітула на лаціне разам з дакументам, які даваў ёй для гэтага паўнамоцтвы.

Пасля смерці графа Аляксандра Сфорца Палавічыні абрад каранацыі пашырыўся па ўсім свеце. Дзве каранацыі адбыліся ў Маравіі, адна — у Чэхіі. У Лацінскай Амерыцы ў 1740 г. быў каранаваны абраз Маці Божай Гвадэлупскай і шмат іншых.

Да 1760 г. у Рыме было каранавана 104 абразы, а ўсяго ў свеце — 216.

У межах Рэчы Паспалітай пакланенне Маці Божай заўсёды вызначалася асабліваю пабожнасцю і цеплынёю. Нашае рыцарства перад бітвай спявала гімн «Багародзіца», просячы Яе дапамогі ў змаганні з ворагам. І сапраўды, не раз перамогу можна было тлумачыць відавочным цудоўным умяшальніцтвам НПМ. Дастаткова толькі зірнуць на колькасны склад войска, у дадзеным выпадку ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Напрыклад: 1500 г. — пераможная бітва на Ведрашы, сілы ВКЛ — 4 тыс., непрыяцеля — 40 тыс.; 1506 г. — бітва пад Клецкам, адпаведна 6-7 і 12 тыс.; 1514 г. — бітва пад Воршай — 30 і 80 тыс.; 1562 — бітва пад Невелем — 4 і 15 тыс.; 1564 г. — бітва пад Улай — 8-10 і 24 тыс. і г.д.

На 1768 г. у Рэчы Паспалітай налічвалася больш за 100 цудатворных абразоў Маці Божай (а паводле Т. Рэвалінскага на 1885 г. — 400).

У Кароне першае каранаванне адбылося 8 верасня 1717 г. у Чэнстахове. У Вялікім Княстве — 4 верасня 1718 г. — у Троках.

Падчас існавання Рэчы Паспалітай у яе межах каранавалася 27 абразоў, з іх 5 — у ВКЛ і 6 — у Польшчы.

У месцы, дзе павінна была адбыцца каранацыя, загадзя рабіліся прыгатаванні: аздаблялі касцёл, будынкі, узводзілі трыумфальныя аркі. Відовішча ўрачыстасці захапляла і прымушала мацней біцца сэрцы вернікаў. Пілігрымы ішлі пад харугвамі ва ўсталяваным парадку пры ганаровым эскорце вялікай колькасці святарства і вайсковых аддзелаў, а ў момант каранавання палілі з гарматаў, іншае агняпальнае зброі, і гучала музыка.

Кожная каранацыя збірала шмат вернікаў. Людзі прыязджалі нават з дальніх куткоў Рэчы Паспалітай. Заможныя грамадзяне шчодраю рукою ахвяравалі золата на выраб каронаў і адпраўленне ўрачыстасці.

Пры кожнай урачыстасці, прысвечанай каранаванню, яго ўгодкам альбо яшчэ якой-небудзь нагодзе, звязанай з цудатворым абразом, выбіваліся памятныя медальёны (каранаткі) з высакародных металаў, якія пасля асвячэння раздавалі прысутным, а частку дасылалі членам Ватыканскае Капітулы (разам з адбіткамі каранаванага абраза на паперы ці шоўку).

Дзесяткі тысяч каранатак разыходзіліся па Рэчы Паспалітай, аднак да нашага часу іх дайшло няшмат, многія сталі рарытэтамі, і аглядаць іх можна хіба што ў нумізматычных зборах. Тлумачыцца гэта тым, што каранаткі, упрывілеяваныя одпустамі, забіраліся старэйшым пакаленнем у апошні шлях.

А цяпер зробім кароткі агляд цудатворных абразоў Маці Божай, каранаваных у Рэчы Паспалітай з дазволу Ватыканскае Капітулы:

Гл. таксама: Рэлігійныя медалі (каранаткі), выбітыя ў гонар каранацыяў абразоў НПМ у межах Рэчы Паспалітай з 1717 да 1786 гг.

1. ЧЭНСТАХОВА. ПОЛЬСКАЕ КАРАЛЕЎСТВА.

Яснагорскі паўлінскі касцёл 8 верасня 1717 г. Каранатарам павінен быў быць папскі нунцый у Польшчы Геранім Грымальдзі, арцыбіскуп Эдэсы, ад імя якога каранаваў Крыштаф Ян Шэмбек, біскуп хэлмскі. Кароны асвечаныя папам Кліментам ХІ. Чэнстахоўская Маці Божая стала Каралевай Польшчы. На ўрачыстасці прысутнічала больш за 200.000 вернікаў, давалі салют з 200 гарматаў на валах, каля 150.000 вернікаў прыступілі да Св. Камуніі. Было адпраўлена 3.600 богаслужэнняў. 8 верасня 1818 г. па пастанове папы Пія VІІ адбылася ўрачыстасць, прысвечаная 100-гадоваму юбілею каранавання абраза Маці Божай Чэнстахоўскай. Прымеркаваны да гэтае даты одпуст сцягнуў масы пілігрымаў не толькі з Польшчы, але і з Сілезіі, Чэхіі, Маравіі і Вугоршчыны. Урачыстасці, якія ўзначальваў кракаўскі біскуп Ян Павел Вароніч, пачаліся нешпарамі пры адгалосках салюту крапасных мартыраў, званоў і адпаведнае музыкі. Богаслужэнні працягваліся цэлы тыдзень у прысутнасці больш чым 100.000 вернікаў. Уначы з 22 на 23 кастрычніка 1909 г. кароны і сукенка, што аздаблялі абраз, былі ўкрадзены. Хутка пасля гэтага акту вандалізма абраз каранавалі зноў каронамі з дару папы Пія Х.

2. ТРОКІ. (ТРОЦКАЕ ВАЯВОДСТВА). ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ.

Фарны касцёл 4 верасня 1718 г. Абраз НПМ славіўся цудамі з часоў Вялікага князя Вітаўта. Намаляваны ён быў на мядзяным лісце ў візантыйскім стылі і ахвяраваны Вітаўту нібыта імператарам Візантыі Мануілам ІІ. Каранатарам быў віленскі біскуп Канстанты Казімір Бжастоўскі. Дапамагалі яму смаленскі біскуп Людвік Агінскі і жмудскі біскуп Аляксандр Гараін. Кароны былі ахвяраваныя Ватыканскаю Капітулаю з дазволу папы Клімента ХІ і прывезеныя а. езуітам Аляксандрам Савіцкім. Вялікую дапамогу аказала віцебская кашталянка Тэрэса Агінская з Бжастоўскіх. На аздабленне абраза і сукенкі НПМ золатам і каштоўнымі камянямі, а таксама на набыццё кароны яна ахвяравала 1,5 млн. злотых, без уліку расходаў на ўрачыстасці і прыняцце гасцей (паводле Т. Рэвалінскага, шчодрая віцебская кашталянка ахвяравала ажно 40.000 імперыялаў).

3. КОДЭНЬ. (БЕРАСЦЕЙСКАЕ ВАЯВОДСТВА). ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ.

Фарны касцёл. Каранацыю абраза НПМ Гвадэлупскай, прызначаную на 15 жніўня 1721 г., перанеслі на 13 чэрвеня 1723 г. Каранатарам быў Стэфан Рупнеўскі, біскуп луцкі. Кароны не ватыканскія. У 1875 г. па загадзе акупацыйных уладаў абраз перанеслі на Ясную Гару ў Чэнстахове, а касцёл перарабілі на царкву.

4. СОКАЛЬ. ЧЫРВОНАЯ РУСЬ.

Бенедыкцінскі касцёл 8 верасня 1724 г. Каранатарам быў Ян Скарбэк, львоўскі арцыбіскуп. Кароны з дару кардынала Анібала Альбані, пратэктара Польскага каралеўства, асвечаныя папам Інакенціем ХІІІ.

5. ПАДКАМЕНЬ. ВАЛЫНЬ.

Касцёл у дамініканаў. 15 жніўня 1727 г. Каранатар — Стэфан Рупнеўскі, луцкі біскуп. Кароны выраблены з чыстага золата, асвечаныя папам Бенедыктам ХІІІ і прывезены з Рыма. У 1870 г. кароны ўкралі. У 1873 г. зрабілі новыя, медныя, пазалочаныя.

6. ЖЫРОВІЦЫ. (НАВАГРАДСКАЕ ВАЯВОДСТВА). ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ.

Базыльянскі кляштар. Дазвол на каранаванне абраза Маці Божай датаваны 1726 г. у Ватыканскай Капітуле. Адбылася каранацыя 19 верасня 1730 г. Жыровіцы — мястэчка, размешчанае ў 1,5 мілях ад Слоніма. Першапачаткова ўладанне было даравана Казімірам Ягелончыкам літоўскаму падскарбію Аляксандру Солтану, нашчадак якога, Ян Солтан, маршалак слонімскі, пасля таго, як згарэў мясцовы невялікі касцёл, пабудаваў каля 1560 г. новую святыню, у якой знаходзіўся цудатворны абраз НПМ. Ён змешчаны ў медальёне 2 цалі шырынёю і 2 1/2 даўжынёю, выразаны на яшме. У 1613 г. Ян Мялешка, кашталян смаленскі, пасяліў тут базыльянаў і пабудаваў для іх кляштар. Святочныя ўрачыстасці прыцягвалі мноства вернікаў, што спрыяла росту мястэчка, а адкрыццё базыльянамі школаў прываблівала шмат моладзі. У 1655 г., падчас маскоўскае агрэсіі, казакі спалілі Жыровіцы амаль дашчэнту. Хутка пасля пажару базыльяне ўсё адбудавалі, а слава цудатворнага абраза збірала ўсё больш вернікаў. Сярод пілігрымаў былі каралі Рэчы Паспалітай. У 1644 г. пакланіцца абразу прыехаў Уладыслаў Ваза з жонкаю, у 1651 г. — Ян Казімір Ваза, у 1688 г. — Ян ІІІ Сабескі з каралевічам Якубам, пазней — Аўгуст ІІ Моцны, а ў 1784 г. — Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Але найвялікшаю ўрачыстасцю Жыровіцы заззялі падчас каранавання абраза ў прысутнасці 38.000 вернікаў. Каранатарам быў Афанасій Шэптыцкі, мітрапаліт кіеўскі. Дзве кароны былі зроблены ў Рыме і асвечаны папам Бенедыктам ХІІІ. Прывёз іх Геранім Радзівіл. Большую частку расходаў на каранаванне ўзяла яго маці — Ганна Радзівіл з Сангушкаў, вялікая літоўская канцлерка. Яна ж загадала аздобіць кароны каштоўнымі камянямі. Базыльяне трымалі ў Жыровіцах вышэйшыя школы, арганізаваныя на езуіцкі ўзор, якія пазней замянілі на 3-класныя вучэльні, што праіснавалі да 1828 г., а потым былі перароблены ва уніяцкія духоўныя семінарыі. Расейская акупацыя прынесла гвалтоўныя змены. Пасля скасавання Уніі ў 1839 г. у Жыровіцах была заснавана рэзідэнцыя праваслаўнай кансісторыі для літоўскіх губерняў. Галоўны касцёл быў заменены на катэдральны, уніяцкая семінарыя пераўтворана ў праваслаўную. Нарэшце, у 1845 г. катэдру, кансісторыі і семінарыю перанеслі ў Вільню, а ў Жыровіцах застаўся праваслаўны манастыр 2-га класа ды пачатковая духоўная школа.

7. ЛУЦК. (ВАЛЫНСКАЕ ВАЯВОДСТВА). ВАЛЫНЬ.

Касцёл у дамініканаў (з 1832 г. у катэдры). 8 верасня 1749 г. Пантыфікат Бенедыкта ХІV. Каранатарам быў Францішак Кабельскі, біскуп луцкі. Кароны зроблены за кошт Міхала Патоцкага, валынскага ваяводы.

8. ВІЛЬНЯ. (ВІЛЕНСКАЕ ВАЯВОДСТВА). ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ.

Бернардынскі касцёл св. Міхала. 8 верасня 1750 г. Спачатку абраз НПМ знаходзіўся ў касцёле айцоў францішканцаў. У 1596 г. слаўнае памяці Леў Сапега, канцлер ВКЛ, пабудаваў касцёл і кляштар бернардзінак, куды перанёс абраз і ўласнаручна ўсклаў яго на алтар. З даўніх часоў абраз славіўся цудамі, а ў новы касцёл прыцягваў яшчэ больш прыхільнікаў Марыі. Пасля зацвярджэння Аляксандрам Сапегам, віленскім біскупам, 50 цудаў у 1733 г. Ян Фрэдэрык Сапега дабіўся ў Рыме дазволу на ўрачыстае каранаванне, якое па розных прычынах адбылося пазней, з паўторнага дазволу папы Бенедыкта ХІV у 1750 г. Каранатарам быў Міхал Ян Зянковіч, віленскі біскуп. Кароны з чыстага золата, набытыя за кошт ахвяраванняў грамадзянаў. Урачыстасць адбылася ў прысутнасці біскупаў, пралатаў, а таксама сенатараў і шматлікіх іншых духоўных і свецкіх саноўнікаў.

9. ЛЬВОЎ. (РУСКАЕ ВАЯВОДСТВА). ЧЫРВОНАЯ РУСЬ.

Касцёл у дамініканаў. 2 ліпеня 1751 г. Каранатар Мікалай Ігнацы Выжыцкі, львоўскі арцыбіскуп.

10. ЛАНКІ-БРАТЫЯНСКІЯ. ПОЛЬСКАЕ КАРАЛЕЎСТВА. (Хэлмінская дыяцэзія.)

Касцёл у францішканаў. 4 чэрвеня 1752 г. Каранатарам быў Войцах Лескі, біскуп хэлмінскі. Кароны зроблены на ахвяраванні грамадзянаў прускіх земляў.

11. ЛЯЖАЙСК. ЧЫРВОНАЯ РУСЬ.

Касцёл у бернардзінаў. 8 верасня 1752 г. Пантыфікат Бенедыкта ХІV. Каранатар Вацлаў Геранім Серакоўскі, біскуп пшэмыскі. Кароны з дару Станіслава Патоцкага, кіеўскага ваяводы.

12. ХЭЛМНО. ПОЛЬСКАЕ КАРАЛЕЎСТВА. (Плоцкая дыяцэзія.)

Фарны касцёл. 22 траўня 1754 г. Каранатарам быў Войцах Лескі, хэлмінскі біскуп.

13. СКЭМПЕ. ПОЛЬСКАЕ КАРАЛЕЎСТВА. (Плоцкая дыяцэзія.)

Касцёл у бернардзінаў. 18 траўня 1755 г. Каранатар Фларыян Плянскоўскі, біскуп суфраган хэлмінскі, замест Юзафа Эўстахія Шэмбека, біскупа плоцкага. Кароны з дару вернікаў.

14. ЯРАСЛАЎ. ЧЫРВОНАЯ РУСЬ.

Касцёл у езуітаў. 8 верасня 1755 г. Каранатар Вацлаў Геранім Серакоўскі, біскуп пшэмыскі. Кароны ватыканскія.

15. БЯРДЗІЧАЎ. УКРАІНА. (Кіеўскае ваяводства.)

Касцёл кармелітаў босых. 16 ліпеня 1756 г. Каранатар Каэтан Ігнацы Солтык, біскуп кіеўскі. Кароны з чыстага золата, аздобленыя смарагдамі з дару папы Бенедыкта ХІV. У 1820 г. кароны былі ўкрадзены, але потым знайшліся. Праз некалькі гадоў іх зноў укралі. 6 чэрвеня 1854 г. адбылося паўторнае каранаванне. Каранатарам быў Каспар Бароўскі, біскуп луцкі і жытомірскі. Кароны ахвяраваныя папам Піем ІХ.

16. БЯЛЫНІЧЫ. (АРШАНСКАЕ ВАЯВОДСТВА). ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ.

Касцёл кармелітаў. 20 верасня 1761 г. Абраз Маці Божай Бялыніцкай называлі Беларуская Чэнстахова. Каранатарам быў Юры Мікалай Гільзен, біскуп смаленскі. Кароны асвечаныя папам Бенедыктам ХІV, набытыя на ахвяраванні вернікаў. Найвялікшы ўклад зрабілі Міхал Радзівіл, ваявода віленскі, гетман вялікі літоўскі, і Ігнацы Агінскі, маршалак вялікі літоўскі, з жонкаю Аленаю. У 1876 г. акупацыйныя расейскія ўлады забралі касцёл і ўсталявалі ў яго сценах праваслаўную царкву. Абраз Маці Божай захаваў апошні пробашч кс. Гадлеўскі. Магчыма, ужо тады гэта не быў арыгінал, бо ёсць меркаванні, што пасля задушэння вызвольнага паўстання 1863 г. абраз схавалі. Далейшы яго лёс невядомы.

17. ЖЭШАЎ. ПОЛЬСКАЕ КАРАЛЕЎСТВА. (Пшэмыская дыяцэзія.)

Касцёл у бернардзінаў. 8 верасня 1763 г. Статуя Маці Божай з ліпы. Каранатар Вацлаў Геранім Серакоўскі, арцыбіскуп львоўскі. Кароны набыты на ахвяраванні вернікаў. Былі ўкрадзены. Новая каранацыя адбылася 8 верасня 1898 г. Каранатарам быў Караль Грынявіцкі, арцыбіскуп пергенскі.

18. ХЭЛМ. (РУСКАЕ ВАЯВОДСТВА). ЧЫРВОНАЯ РУСЬ.

Уніяцкая катэдра. 15 верасня 1765 г. Каранатар Гераклі Лісянскі, арцыбіскуп смаленскі і северскі.

19. ПШЭМЫСЛЬ. (РУСКАЕ ВАЯВОДСТВА). ЧЫРВОНАЯ РУСЬ.

Касцёл у дамініканаў. 15 жніўня 1766 г. Пантыфікат Клімента ХІІІ. Алебастравая статуя Маці Божай, перавезеная ў 1240 г. з Кіева св. Яцкам. Пасля ліквідацыі дамініканскага кляштара ў 1787 г. перанесена ў катэдральны касцёл.

20. МЯДЗНЕВІЧЫ. ПОЛЬСКАЕ КАРАЛЕЎСТВА.

Касцёл у францішканаў. 7 чэрвеня 1767 г. Каранатар Ігнацы Красіцкі, біскуп вармінскі. Абраз Пана Езуса, Маці Божай і св. Юзафа. Кароны аздоблены на ахвяраванні вернікаў. Абраз быў украдзены ў 1907 г.

21. ПАЧАЕЎ. ВАЛЫНЬ.

Касцёл у базыльянаў. 8 верасня 1773 г. Пантыфікат Клімента ХІV. Каранатар Сільвестр Рудніцкі, біскуп луцка-астрогскі. Коштам канеўскага старосты Мікалая Патоцкага. Пазней (магчыма, пасля скасавання Уніі) абраз знаходзіўся ў хатняй капліцы аднаго з замкаў у Малой Польшчы.

22. ЛЬВОЎ. (РУСКАЕ ВАЯВОДСТВА). ЧЫРВОНАЯ РУСЬ.

У каталіцкай архікатэдры. 12 траўня 1776 г. Каранатар Вацлаў Геранім Серакоўскі, арцыбіскуп львоўскі.

23. БАЛЬШОЎЦЫ. ЧЫРВОНАЯ РУСЬ.

Касцёл у кармелітаў. Жнівень, 1777 г. Каранатар Крыспін Цяшкоўскі, біскуп нісенскі, канонік львоўскі.

24. ПШЭМЫСЛЬ. (ЧЫРВОНАЯ РУСЬ).

Касцёл у францішканаў. Каранаванне павінна было адбыцца ў 1762 г. Пантыфікат Клімента ХІІІ. І верагодна ў тым жа годзе з Рыма прыслалі кароны і выбілі памятны медаль, але каранацыя адбылася толькі 8 верасня 1777 г. Каранатарам быў Дамінік Пётр Карвасецкі, біскуп біблійскі.

25. ЛАТЫЧАЎ. ПАДОЛ.

Касцёл у дамініканаў. 5 кастрычніка 1778 г. Пантыфікат Пія VІ. Каранатар Станіслаў Раймунд Язерскі, біскуп баконскі. Кароны былі набытыя на ахвяраванні вернікаў.

26. МЕНДЗЫЖЭЧ-АСТРОГСКІ. ВАЛЫНЬ.

Касцёл у францішканаў. 15 жніўня 1779 г. Каранатар Францішак Камарніцкі, біскуп цэзарэапольскі, суфраган луцкі.

27. ШЫДЛОЎ. ЖМУДЗЬ.

Фарны касцёл. 8 верасня 1786 г. Каранатар Стэфан Ян Гедройц, біскуп жмудскі. Кароны з чыстага золата, асвечаныя папам Піем VІ, набытыя за кошт Тадэвуша Букатага, біскупа цеспенскага, суфрагана жмудскага, інфулята шыдлоўскага. На каранаванні прысутнічала 13 біскупаў, 5 ваяводаў, 12 сенатараў і некалькі дзесяткаў тысяч вернікаў. Гэта было апошняе каранаванне ў незалежнай Рэчы Паспалітай.

 

Пасля ганебнага Гарадзенскага Сойму 1795 г. Вялікае Княства Літоўскае цалкам апынулася пад расейскаю акупацыяй. З гэтага часу і да 1991 г. Бацькаўшчына не раз спрабавала ўзняцца з каленяў, але пасля кожнае спробы губляла лепшых сыноў...

Толькі за ХХ ст. Вільня восем разоў пераходзіла з рук у рукі. 2 ліпеня 1927 г. адбылася каранацыя адной з галоўных нашых святыняў — абраза Маці Божай Вастрабрамскай, выява якой аздабляе герб кардынала Казіміра Свёнтка. Маці Божай Вастрабрамскай ён не здрадзіў ні ў засценках НКУС, ні ў камеры смяротнікаў, ні ў сталінскіх лагерах...

...А ў зоне савецкае акупацыі, на ўсход ад ст. Негарэлае, святароў проста ставілі да сценкі...

Адраджэнне рэлігійнага жыцця ў Беларусі пачалося толькі з развалам камуністычнае імперыі СССР і з абвяшчэннем незалежнасці ў 1991 г. І, здаецца, нішто ўжо не зможа спыніць натуральнага імкнення людзей да Бога. Вярнулі Мінскую катэдру. Адбыліся і першыя каранацыі.

1. БРЭСТ. РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ.

Парафіяльны касцёл Узвышэння Святога Крыжа. 30 чэрвеня 1996 г. Сёмая каранацыя абраза Маці Божай на Беларусі і першая пасля аднаўлення дзяржаўнасці. Каранатар Казімір Свёнтэк, кардынал, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі. «Пакутным шляхам прыйшла да нас Маці Божая Берасцейская. Добрыя людзі збераглі Яе для нашчадкаў. Дзякуй Богу, розум вяртаецца да нас». (З прамовы кардынала К. Свёнтка падчас каранацыі.)

2. ЛАГІШЫН. РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ.

Петрапаўлаўскі касцёл. 10 траўня 1997 г. Маці Божая Лагішынская, Каралева Палесся. Каранатар Казімір Свёнтэк, кардынал, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі.

Абраз Маці Божай Лагішынскай знаходзіўся ў катастрафічным стане і быў адноўлены дзякуючы намаганням Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка.

3. БУДСЛАЎ. РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ.

2 ліпеня 1998 г. у Будславе, пры агромністым зборы народу, у часе трыумфальнай урачыстасці было абвешчана брэве Святога Айца Яна Паўла ІІ аб каранацыі «абраза Багародзіцы, які ў касцёле Маці Божай Унебаўзятай у мястэчку Будслаў карыстаецца глыбокаю пашанаю». Кардынал Казімір Свёнтэк прымацаваў папскія кароны да цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Ён сказаў: «Маці Божая Будслаўская! Наша Пані і Каралева! Мы, Твае падданыя, пакорна схіляючы перад Табою галовы, абяцаем Табе, што заўсёды і ўсюды будзем вернымі Богу, Сыну Твайму, нашаму Збавіцелю, вернымі Табе і Касцёлу!».

«Розум вяртаецца да нас...» І кожная каранацыя — гэта хвалюючы і ўзнёслы акт удзячнасці Маці Божай, які ўзмацняе Веру, Надзею, Любоў у нашых сэрцах.

ХВАЛА НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЕ МАРЫІ!

Гл. таксама: Рэлігійныя медалі (каранаткі), выбітыя ў гонар каранацыяў абразоў НПМ у межах Рэчы Паспалітай з 1717 да 1786 гг.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY