|
|
№
3(93)/2020
Жыццё Касцёла
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
«ХТО Ж ЯК БОГ!» Слова на пачатак перэгрынацыі фігуры святога Арханёла Міхала ў інтэнцыі Беларусі Год Яна Паўла ІІ
Тэалогія
Спадчына
Пераклады
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Успаміны
Паэзія
Проза
Прэзентацыя
Нашы святыні
|
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
«ХТО Ж ЯК БОГ!»Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча —Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на пачатак перэгрынацыі фігуры святога Арханёла Міхала ў інтэнцыі Беларусі
<...> Мірная і памяркоўная Беларусь перажывае трывожны час, і ад таго, як мы сёння будзем дзейнічаць, залежыць наша будучыня. З самага пачатку крызісу Касцёл выступаў і працягвае выступаць за мірнае вырашэнне ўсіх спрэчных пытанняў. Нашай зброяй з’яўляецца Евангелле і малітва. Евангелле вучыць сумленнаму жыццю ў праўдзе, а малітва вядзе да Бога і выпрошвае Яго міласэрнасць. Святы Ян Павел ІІ казаў, што адзінай надзеяй сучаснага свету, які заграз у канфліктах, з’яўляецца Божая міласэрнасць. Да яе мы павінны звяртацца перад абліччам небяспечнай пагрозы падзелу нашага грамадства, які ўсё больш паглыбляецца. Хрыстус вучыць, што падзеленае грамадства не мае будучыні. Сёння нам у імя нашай будучыні найперш неабходна пакаянне, без якога немагчыма распачаць новае жыццё. Пакаянне вядзе да ўнутранай духоўнай свабоды, якая з’яўляецца падмуркам кожнай іншай свабоды. Мы ўсе створаны для свабоды, якой нельга зразумець належным чынам без адказнасці. Нездарма святы Ян Павел ІІ казаў, што свабода без адказнасці вядзе да анархіі. Нам патрэбны таксама дух прабачэння і міласэрнасці з захаваннем прынцыпу справядлівасці, аб чым нагадвае старая лацінская максіма: Iustitia in caritate — «Справядлівасць у міласэрнасці». Нялёгка прабачаць, але без прабачэння няма будучыні. Езус з дрэва крыжа маліўся да нябеснага Айца, каб прабачыў тым, хто Яго ўкрыжаваў. Святы Ян Павел ІІ падчас Вялікага Юбілею двухтысячагоддзя хрысціянства таксама заклікаў да ўзаемнага прабачэння. Ён казаў, што прабачэнне — гэта прыкмета не слабасці, а сілы, бо, прабачаючы вінаватым перад намі, мы адначасова перамагаем саміх сябе, свой эгаізм, сваю злосць і такім чынам становімся на шлях паяднання. Сёння распачынаецца перэгрынацыя па беларускіх катэдральных касцёлах фігуры пераможцы злога духа святога Арханёла Міхала — апекуна Касцёла на Беларусі. З воклічам Quis ut Deus — «Хто ж як Бог!» — ён падняўся на барацьбу са збунтаванымі анёламі і перамог іх. З гэтым самым воклічам сёння, у цяжкую хвіліну выпрабавання, паднімемся і мы на барацьбу з грахом, які з’яўляецца вытокам усялякага зла, каб ва ўсім панаваў Бог і ўстаноўлены Ім справядлівы лад жыцця. Звяртаюся да вас з гэтым пастырскім словам з-за мяжы, дзе вымушаны знаходзіцца з прычыны забароны вяртання на Радзіму. Сваімі думкамі і малітвамі я з вамі. Дзякую за салідарную падтрымку і малітвы ў інтэнцыі майго найхутчэйшага вяртання да сваёй паствы. Цяперашняе сваё становішча прымаю як Божае выпрабаванне, якое ахвярую ў інтэнцыі найхучэйшага і мірнага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу ў нашай Бацькаўшчыне і яе мірнай будучыні. Святы Арханёле Міхале, беражы нас і вядзі да перамогі дабра над злом! Няхай благаслаўленне Бога Усёмагутнага, Айца і Сына, і Духа Святога будзе з усімі вамі.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Фотаздымкі Віталія Палінеўскага
|
|
|