Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(14)/2000
Дакументы Апостальскай Сталіцы
Касцёл. Чалавек. Сучаснасць
У свеце Бібліі
HAEREDITAS

СПОВЕДЗЬ
Мастацтва
Святло слова


Дадатак да артыкула: Галерэя
Аляксандр ЯРАШЭВІЧ

АБРАЗ МАЦІ БОЖАЙ SANTA MARIA MAGGIORE НА БЕЛАРУСІ

Рым здаўна прыцягваў увагу беларусаў не толькі каталіцкага вызнання, але і праваслаўнага як найвялікшы цэнтр хрысціянства, зямля якога асвечана крывёю першых хрысціянскіх пакутнікаў. У старажытных рымскіх храмах захоўваюцца шматлікія рэліквіі. Сярод іх – абразы Маці Божай, якія рэлігійная традыцыя залічвае да апостальскіх часоў ці нават прыпісвае іх аўтарства самому евангелісту Луку. Вельмі старажытныя цудадзейныя абразы Багародзіцы знаходзіліся ў многіх базыліках Рыма, а абраз у касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы Пакутнікаў (да хрысціянства – Пантэон) у 1652 г. быў каранаваны капітулай святога Пятра 1.

На Беларусі найбольш шанаваным з рымскіх абразоў стаў абраз Маці Божай з патрыярхальнай базылікі Santa Maria Maggiore, вядомы ў айчыне як Salus Populi Romani («Пратэктарка Рымлянаў»), а на землях Рэчы Паспалітай – як Маці Божая Снежная (Santa Maria ad Nives). Назва «Снежная» пайшла ад цуду, які адбыўся пры закладцы святыні. У паданні гаворыцца, што фундатары доўга не маглі выбраць месца для храма Багародзіцы і прасілі Яе выказаць сваю волю. Неўзабаве Панна Марыя з'явілася ў сне адначасова абодвум фундатарам і наказала, каб храм будавалі там, дзе выпадзе снег. І вось аднойчы на Эсквілінскім узгорку выпаў снег, які дакладна абрысаваў план будучай святыні 2. Цуд гэты адбыўся ў летнюю спёку 5 жніўня 352 г.

Абраз Маці Божай Снежнай намаляваны на кіпарысавай дошцы памерам 1,5 х 1 м. Багародзіца стаіць з Дзіцем на левай руцэ. Яе рукі скрыжаваны ў характэрным жэсце, які дазваляе найзручней падтрымліваць Дзіця. Фігура і твар Панны Марыі высакародна вытанчаныя. У левай руцэ Яна трымае «этыкетную хустачку візантыйскай прыдворнай дамы... Так падкрэслена характэрная для гэтага вобраза Марыі прыдворная свецка-элегантная атмасфера...» 3. Фігура Божай Маці злёгку павернута ўлева, але твар павернуты да гледача франтальна. Позірк маленькага Езуса скіраваны крыху ўгару, да Маці. Яго правая рука благаслаўляе, а левай Ён трымае закрытую кнігу. Мафорый Марыі цёмна-сіні, кайма з трох залатых палосак, спод – цёмна-зялёны, над ілбом – залаты візантыйскі крыж, хітон малінавы. Вочы вялікія, нос прамы, з гарбінкай. Твар Дзіцяці антычнага тыпу, валасы хвалістыя. Хітон маленькага Езуса жаўтавы, гімацій чырвона-карычневы. Німбы – залатыя, фон – карычневай вохры. Вахрэнне твараў бледна-аліўкавага ці шэравата-карычневага колеру, каля вачэй і носа – глыбокія цені. Выдатны знаўца візантыйскага мастацтва Н. Кандакоў бачыў у абразе рысы візантыйскага іканапісу ІХ ст. і па антычнаму тыпу Дзіцяці датаваў святыню мяжой ІХ–Х стст. Аднак ён лічыў, што рымскі абраз як ніякі іншы захаваў галоўныя іконаграфічныя рысы больш старадаўняга шанаванага абраза Адзігітрыі з Канстанцінопаля, які знік у час крыжовых паходаў 4. Пра грэцкія рысы твару Панны Марыі гаварыла і Джоан Кэрал Круз (аўтарка вядомай кнігі аб цудадзейных выявах), яна ж паведамляла, што кароны, якія цяпер аздабляюць абраз, былі падораны папам Рыгорам ХVІ 5. Касцёльная традыцыя сцвярджае, што абраз знаходзіцца ў Рыме з самага пачатку існавання храма. Вядома, што ў 752 г., калі Рыму пагражалі лангабарды, гараджане вынеслі святыню і з працэсіяй абышлі Вечны горад. Відаць, з тых часоў абраз атрымаў назву «Пратэктарка Рымлянаў» (Salus Populi Romani). Не выключана, што абраз трапіў у Рым з Канстанцінопаля, калі там бясчынствавалі іканаборцы. У 1860 г. спецыяльная камісія прыйшла да высновы, што абраз, магчыма, створаны нават раней за часы імператара Канстанціна. У кнізе, выдадзенай у Парыжы ў 1886 г., даводзілася, што ён намаляваны на кедравай дошцы энкаўстыкай, і, пэўна, евангелістам Лукою. Заўважым, аднак, што вывучэнне раннехрысціянскага іканапісу ў той час толькі пачыналася.

Перад абразом у Санта Марыя Маджорэ маліліся папы Рыгор ІІІ і Адрыян, а Бенедыкт ХІV заўсёды прымаў удзел у нядзельнай літаніі. Сярод папаў, якія асабліва шанавалі абраз, быў і Клімент VІІІ (1592–1605), які на світанку хадзіў на Імшу босы. Ён першы падараваў кароны на абраз (у базыліцы Святы Айцец быў і пахаваны). Пераемнік Клімента Павел V, паміраючы, папрасіў перанесці яго да святыні. У яго пантыфікат (1605–1621) была збудавана асобная капліца, у якую 27 студзеня 1613 г. перанеслі абраз. Днём ушанавання абраза зацверджана 5 жніўня – дзень асвячэння базылікі Санта Марыя Маджорэ. У гэты дзень базыліку засыпаюць пялёсткамі язміну і іншых кветак у напамін пра снег сярод лета 352 г. Асабліва пашырыўся ва ўсім каталіцкім свеце культ рымскага абраза пасля марской бітвы пры Лепанта, у якой венецыянскі флот разграміў турэцкі пры дапамозе, як лічылі сучаснікі, Багародзіцы, таму што бітва адбылася 5 жніўня 1571 г.

У пачатковы перыяд Контррэфармацыі да пашырэння культу Маці Божай Снежнай прычыніліся некаторыя з манаскіх ордэнаў, найперш езуітаў, дамініканцаў і кармелітаў. Ігнацы Лаёла служыў перад абразом сваю першую Імшу ў калядную ноч 1538 года. Кармеліты лічылі Маці Божую Снежную апякункай свайго закона. Пры папе Пію V па просьбе вядомага міланскага арцыбіскупа Караля Барамеуша і Францішка Борджыя былі намаляваны пяць копій слыннага абраза. Адну з іх, як быццам, спачатку прыслалі ў Яраслаўскі калегіум, а потым перавезлі ў Львоў (цяпер яна знаходзіцца ў Вроцлаве). Копіі абразоў з Рыма прывезлі ў кракаўскую катэдру (біскуп Самуэль Мацеёўскі) і ў луцкую (Бернард Мацеёўскі). Гэтыя рымскія копіі, пэўна, у сваю чаргу сталі ўзорамі для далейшых паўтораў. Так, шанаваны абраз з касцёла кармелітаў у Чэрнай (Польшча) каля 1640 г., верагодна, быў скапіраваны з абраза ў кракаўскай катэдры 6.

У гродзенскім катэдральным касцёле (былым езуіцкім) знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай Студэнцкай (Кангрэгацкай) рымскай іканаграфіі. Прывёз яго з Рыма правінцыял літоўскіх дамініканцаў і падараваў канцлеру Альбрэхту Станіславу Радзівілу (1595–1656, канцлер з 1623 г.). Пасля яго смерці абраз застаўся ў ксяндза дамініканца Куклінскага, а потым трапіў да шляхціца Жаляроўскага ў вёску Кульбакі (недалёка ад Ліды), дзе Жаляроўскі падараваў абразок кангрэгацыі студэнтаў пры калегіуме езуітаў у падзяку за цудоўнае выратаванне з палону. Калі маскоўскія войскі пасадзілі яго з двума дзесяткамі шляхты ў гродзенскі замак і збіраліся пакараць смерцю, няшчасныя звярнуліся да Маці Божай, увасобленай у абразе, што знаходзіўся ў маёнтку Жаляроўскага. 2 жніўня 1661 г. асуджаным неверагодным чынам удалося збегчы. Перанос абраза з вёскі ў гродзенскі касцёл адбыўся 3 жніўня 1664 г. з працэсіяй, у якой удзельнічала каля 5 тысяч чалавек: ішлі цэхі з харугвамі, айцы бернардзінцы, студэнты. Для сустрэчы абраза была збудавана трыумфальная арка, а пры ўнясенні ў касцёл далі салют з гарматаў. У 1664 г. камісія ад віленскага біскупа ў складзе кс. Казіміра Вайшнаровіча і кс. Станіслава Катоўскага вывучыла сведчанні аб 108 цудах абраза і біскуп Белазор прызнаў яго цудадзейным. Матэрыялы камісіі былі выдадзены ў Вільні асобнай кніжкай «Summariusz cudów i lask N. M. Panny Studenckiej» (1686 г.), да якой Лявон Тарасевіч выканаў гравюру з гербам Агінскіх. Вялікі гетман літоўскі Казімір Сапега падараваў на абраз залатую шату (пазней яе ўкралі). У 1812 г. полацкія езуіты надрукавалі песню пра гродзенскую святыню.

Абраз намаляваны на медзі, увесь закрыты пазалочанай шатай, сярэбраная рама выканана ў 1761 г. гданьскім злотнікам Хрысціянам ван Гаўсенам. Характэрныя кампазіцыйныя рысы захаваны, аднак падоўжаны візантыйскія прапорцыі фігуры Марыі. Жывапіс твараў таксама страціў рысы іканапісу і выкананы ў рэалістычнай манеры ХVІІ ст. Гісторыя некаторых цудаў абраза намалявана ў касцёле на філёнках фундатарскай лавы. Роспісы пачынаюцца сюжэтам уцёкаў Жаляроўскага з вязніцы, цікава паказана працэсія пераносу абраза ў касцёл, далей ілюструюцца цуды, пераважна ацаленні. Свята Маці Божай Кангрэгацкай, апякункі Гродна, адзначаецца 5 жніўня 7.

Другі абраз Маці Божай Снежнай, хутчэй за ўсё, быў перанесены ў касцёл Францішка Ксаверыя з аднаго з зачыненых у ХІХ ст. гродзенскіх касцёлаў (дамініканскага або кармеліцкага), а магчыма, паходзіць з касцёла місіі езуітаў у Кашубінцах, алтарны абраз якога лічыўся цудатворным і яшчэ існаваў перад другой сусветнай вайной. Намаляваны алеем на палатне памерам 110 х 67 см, закрыты шатай 2-й пал. ХVІІІ ст., абраз уяўляе сабою барокавую перапрацоўку рымскага першаўзору. Як сведчаць архіўныя дакументы, апрача гродзенскіх езуітаў абразы маці Божай Снежнай меліся таксама ў слуцкім калегіуме езуітаў (на метале, з шматслойным лацінскім надпісам) і ў касцёле ў Ліпску, падараваным нясвіжскаму калегіуму фундатарам Мікалаем Крыштофам Радзівілам.

Найбольш абразоў Маці Божай Снежнай ацалела ў касцёлах Гродзеншчыны. З іх адзначым найперш Тракелі з касцёлам Наведзінаў Найсвяцейшай Марыі Панны, заснаваным у 1500 г. віленскім ваяводам Марцінам Гаштольдам. Тут у галоўным алтары знаходзіцца абраз рымскай іканаграфіі, які згодна з легендай быў намаляваны ў канцы ХVІ ст. і ў 1595 г. прывезены з Вільні. Мяркуючы па стройным пакаленным сілуэце, дакладным паўтарэнні кампазіцыйных рысаў пратографа і дасканалым жывапісе, легенда пра віленскае паходжанне і час стварэння тракельскага абраза мае гістарычныя падставы. Пазней, магчыма, пры аднаўленні касцёла ў 1680 г., абраз быў дапоўнены выявай св. Казіміра, укленчанага ў маленні. З 1994 г. свята Маці Божай Тракельскай адзначаецца як дыяцэзіяльная ўрачыстасць, а Тракелі з'яўляюцца цэнтрам лакальнага пілігрымства 8.

Кс. Вацлаў Капуцын (Е. Навакоўскі) – аўтар манаграфіі пра абразы Маці Божай – налічыў на землях першай Рэчы Паспалітай больш за дваццаць абразоў «Снежнай», якія праславіліся цудамі, найбольш на Падоллі і ў Валыні, а ў Вялікім Княстве Літоўскім – у віленскіх касцёлах баніфратаў і францішканцаў, а таксама ў Шыдлове на Жмудзі. Найдаўнейшы абраз гэтага канону на землях ВКЛ, магчыма, знаходзіўся ў віленскім касцёле св. Юрыя і Маці Божай Снежнай, пабудаваным ваяводам Мікалаем Радзівілам у 1506 г. у памяць пра разгром крымскіх татараў пад Клецкам (ён жа запрасіў у касцёл кармелітаў). Увогуле ордэн кармелітаў і звязаныя з ім Тышкевічы значна паспрыялі папулярызацыі абраза Санта Марыя Маджорэ. Кармеліты часам трактавалі хустачку ў руцэ Марыі як шкаплер, а здаралася, што і дамалёўвалі яго ці вычаканьвалі на шатах. У кляштары кармелітаў у Лінкяве, заснаваным у 1634 г. жмудскім біскупам Юрыем Тышкевічам, і ў віленскім касцёле босых кармелітаў (св. Тэрэзы) захаваліся абразы рымскай іканаграфіі пад назвай «Маці Божая Шкаплернай» 9.

Безумоўна, самым вядомым з кармеліцкіх «Снежных» у ХVІІІ ст. стаў абраз бярдзічаўскага кляштара, заснаванага ў 1634 г. кіеўскім ваяводам Янушам Тышкевічам. Гэта быў сямейны абраз, намаляваны на палатне, наклееным на кедравую дошку памерам 1 локаць 22 цалі на 1 локаць 6 цаляў. Абраз, вядомы з 1626 г., быў падараваны кляштару фундатарам, але ў час казацкіх войнаў перададзены ў Львоў. Вернуты ў Бярдзічаў у 1723 г., 30 кастрычніка 1753 г. ён быў урачыста каранаваны асвечанымі ў Рыме каронамі. Апрача каронаў і «каранацыйнай» шаты з выціснутымі кветкамі, абраз быў аздоблены прыгожай сярэбранай рамай у стылі ракако з манаграмай Марыі ўнізе. З-за прыгажосці яго называлі «аздобай Украіны, Валыні і Падолля». Пасля каранацыі кармеліты надрукавалі панегірычную кніжку з гравюрай Філіповіча, якая, верагодна, паслужыла іконаграфічнай крыніцай для некаторых абразоў з Беларусі 10.

Вядомасць бярдзічаўскага абраза дасягнула крайняга ўсходу Беларусі, мяркуючы па абразе з Хоцімска. На ім выява Маці Божай Снежнай паказана ў пышнай раме ў стылі ракако з анёламі паабапал. Магчыма, абраз паходзіць з дамініканскай місіі, якая існавала ў Хоцімску на пачатку ХІХ ст. Бярдзічаўскі абраз, напэўна, паслужыў узорам для абраза з Астраглядавічаў, на якім кветкавае аздабленне мафорыя нагадвае чаканеную шату 11.

У кармеліцкім касцёле Унебаўзяцця Маці Божай у Глыбокім, фундаваным полацкім ваяводам Юзафам Корсакам (1639 г.), цудатворным лічыўся абраз Маці Божай «Падхорнай» рымскага канону, які знаходзіўся ў капліцы пад хорамі пры ўваходзе. Па скасаванні кляштара абраз перадалі ў парафіяльны касцёл, дзе ён знаходзіцца і сёння (на жаль, страчаны шматлікія воты, бачныя яшчэ на здымку 1930-х гг.). Абраз нядаўна трапіў на стол рэстаўратара А. Шпунта ў вельмі пашкоджаным стане. Намаляваны ён на палатне, па характары жывапісу святыню можна аднесці да сярэдзіны ХVІІІ ст., прыкладна тады ж выканана металічная шата з каронамі і прамяністымі німбамі. Рысы твару Маці Божай дробныя, далікатныя, нагадваюць выяву на абразе з касцёла св. Тэрэзы ў Вільні. Кампазіцыю пашырае пурпуровы занавес, які ахінае фігуру Марыі. Апрача таго, уверсе адлюстраваныя Бог Айцец і Святы Дух.

У ХVІІІ ст. фармат абразоў становіцца ўсё менш падоўжаным і такім чынам аддаляецца ад першаўзору. Іканаграфія набывае барокавыя рысы, паварот галавы траціць франтальнасць, сілуэт пашыраецца ўнізе, набываючы трохвугольную форму, распаўсюджаную ў ХVІІІ ст., у прыватнасці ў працэсійных абразах (фератронах). Як прыклад можна назваць фератрон з Бездзежа, разьба якога паказвае на трэцюю чвэрць ХVІІІ ст., ці на шэраг барокавых «рымскіх» абразоў з касцёлаў і цэркваў Гродзеншчыны. Мастакі нізавога ўзроўню барока ўсё смялей дэфармавалі візантыйскую іканаграфію, набліжаючы яе да паясной выявы. Цікавым прыкладам такой энергічнай дэфармацыі з'яўляецца абраз правінцыйнага малера з касцёла ў Эйсмантах, у якім ад рымскага прататыпа застаўся толькі характэрны жэст рук. Няясна, ці пакладзены ў аснову выявы на палатне страчаны цудадзейны эйсмантаўскі мініяцюрны абразок на камені, вядомы з 1660 г. Пра яго ў інвентары 1669 г. сказана: «абраз Маці Божай цудадзейны, на палатне, карона сярэбраная і сэрца на тым абразе сярэбранае, падараваны Мікалаем Карасём. На тым абразе абразок на яшме велічынёю з арэх» 12.

Больш ці менш блізкія копіі рымскага абраза ад пачатку ХVІІ ст. знаходзіліся і ў многіх дамініканскіх касцёлах, у прыватнасці, у дзярэчынскім, фундаваным Канстанцінам Палубінскім і Зоф'яй Сапежанкай у 1618 г. Гістарыёграф ордэна Рыгор Шымак згадваў абраз «SS. Panny pospolicie nazywany Snieznej, takoz z szatą srebną w kwiaty ró żne, lecz bez koron»y 13. Пасля скасавання кляштара ў 1831 г. абраз быў перададзены ў дзятлаўскі касцёл, аднак цяпер яго там няма і лёс яго невядомы (застаецца толькі спадзявацца, што аднойчы ён нечакана адшукаецца ў адным з суседніх касцёлаў).

Ад дамініканскага кляштара ў Друі, заснаванага ў 1697 г. падчашым браслаўскім Пятром Казаноўскім і Аляксандрам Сапегам, да нас дайшоў абраз 1-й паловы ХVІІІ ст. з галоўнага алтара. Намаляваны ён на палатне і аздоблены металічнай шатай з каронамі (перад 1755 г.). Шырокія палі на дашчаным шчыце, прызначаныя для вотаў, сведчаць пра папулярнасць абраза ў часы дамініканцаў. Згаданы вышэй гістарыёграф Р. Шымак сцвярджаў, што ён скапіраваны з цудадзейнага абраза ў касцёле дамініканцаў у Папорцях (каля Вільні), а таксама паведамляў, што шата і кароны былі зроблены з ахвяраваных вотаў. Пасля закрыцця дамініканскага кляштара абраз перадалі ў па-бернардынскі (там ён зафіксаваны перад вайной віленскімі даследчыкамі). Пасля вайны, калі зачыніўся апошні друйскі касцёл, абраз трапіў у касцёл у Ідолце, дзе і знаходзіўся да апошняга часу.

Шырокай вядомасцю на Падоллі карыстаўся абраз Маці Божай Снежнай у Латычаве, намаляваны на палатне, наклееным на дошку памерам 128 х 92 см. Згодна з касцёльнай гісторыяй, ёй быў прывезены каля 1606 г. з Рыма тутэйшым дамініканцам у падарунак ад папы Клімента VІІІ 11. У 1778 г. быў гравіраваны Ракавецкім. Хутчэй за ўсё, гэтую гравюру выкарыстаў невядомы мастак пры выкананні абраза з Піншчыны (цяпер захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры ІМЭФ НАН Беларусі). Абраз, вывезены з невялікай праваслаўнай капліцы ў Болгарах, паходзіць, напэўна, з аднаго з пінскіх кляштараў: кармеліцкага (заснаваны ў 1734 г.) або дамініканскага (блізкасць да гравюры Ракавецкага можа сведчыць на карысць апошняга). Абодва кляштары былі скасаваныя ў 1830-я гады. Тады ж ці пазней абраз трапіў у вясковую капліцу. Ён намаляваны на тонкім палатне, наклееным на дошку памерам 113 х 74 см. Тут усё так, як павінна быць у «рымскай». У цэнтры кампазіцыі амаль у рост стаіць Маці Божая на воблаках, нібы ўкленчаная на мяккай падушцы. Яе фігура закрыта цёмна-зялёным мафорыем, сукенка вохрыстая. Дзіця – на скрыжаваных руках Маці. Хітон Езуса размаляваны кветкамі, над галовамі – кароны, налепленыя густой вохрай. Мадэліроўка аб'ёму твараў светлаценевая, жывапіс лесіровачны. Вакол галавы – светлае ззянне з праменямі. Зверху фігуру Маці Божай ахінае зялёны занавес, увенчаны каронай з манаграмай Марыі, унізе, каля Яе ног, анёлкі-пуцці падаюць на падушачках каралеўскія знакі – скіпетр і карону (яны як бы нагадваюць іконаграфічныя дэталі «Маці Божай Ларэтанскай»). Фон абраза блакітны з ружовымі воблакамі (наогул, каларыт вельмі прыгожы, халаднаваты, з каляровымі лакамі, у духу ракако), унізе – ракайлевы картуш з лацінскім надпісам: «Roboratur Clementus Thronus... 1620» (калі надпіс адносіцца да рымскага першаўзору, то ў ім ёсць нейкая супярэчнасць: у 1620 г. папы Клімента ўжо не было ў жывых).

Аддавалі даніну павагі рымскаму абразу і бернардзінцы. У іўеўскім касцёле, пры якім кляштар заснаваны ў 1630 г. Кішкамі, у бакавым алтары ацалела «Маці Божая Снежная». Пацямнелы жывапіс, грубае збуцвелае палатно і стройны франтальны сілуэт фігуры сведчаць пра даўнасць абраза (магчыма, гэта 1-я палова ХVІІ ст.) і патрэбе тэрміновай рэстаўрацыі.

Сярод ацалелых адным з самых дасканалых у мастацкіх адносінах з'яўляецца абраз з нясвіжскага касцёла бенедыкцінак, заснаванага ў канцы ХVІ ст. Мікалаем Радзівілам Сіроткам з жонкай Альжбетай Эўфеміяй Вішнявецкай. Святыня даволі набліжаная да рымскага прататыпу, наколькі гэта было магчыма для мастака еўрапейскай школы Новага часу, які не капіраваў, але «паўтараў» асноўныя рысы іканаграфіі візантыйскага абраза. Нельга сказаць, на што пры гэтым абапіраўся мастак – наўрад ці на якую-небудзь са шматлікіх тагачасных заходнееўрапейскіх гравюр, а хутчэй за ўсё на нейкі маляваны абраз, магчыма, на адну з дакладных копій, аб якіх гаворыцца ў розных касцёльных хроніках. У нясвіжскім абразе дакладна перададзены канон, малюнак адзенняў (мастак толькі крыху спрасціў лінію мафорыя), авалы твараў, глыбокія цені, складаная пластыка пальцаў рук Марыі і Езуса (спрошчаная на большасці іншых абразоў). Сукенка Марыі малінавага колеру, мафорый цёмна-сіні з зялёным сподам; тэхніку залатога асісту на хітоне Дзіцяці мастак імітаваў малярскім золатам. Алейны жывапіс на палатне прыглушыў візантыйска-антычныя рысы твараў, наблізіўшы іх колер да беларускага іканапісу ХVІІ ст. Круглыя німбы ператвораны на прамяністыя, хітон маленькага Езуса аздоблены шлякам, якога не відаць на «рымскай» Снежнай. Вохрысты (згодна з апісаннем Кандакова) фон змяніўся на цёмна-шэры, характэрны для мастацтва маньерызму і ранняга барока.

Абраз ХVІІ ст., які да вайны знаходзіўся ў ішкалдскім касцёле, захаваў характэрную для канону кампазіцыю, але відочна ілюструе эвалюцыю ў напрамку мясцовай школы тэмпернага абраза. Намаляваны ён на дошцы па ляўкасу, верагодна, каля 1641 г., калі гатычны касцёл у Ішкалдзі калятары Радзівілы вярнулі католікам ад пратэстантаў. Візантыйскія рысы твараў ператвораны на рэалістычныя рэнесансава-барокавыя, спрошчаны далікатныя жэсты рук, твар Марыі злёгку павернуты да Сына (замест франтальнай пазіцыі ў рымскім абразе), зусім знік асіст з хітона Езуса. І як пацверджанне «беларускай рэдакцыі» рымскага абраза на фоне з'явіўся разьбяны па ляўкасу познерэнесансавы раслінны арнамент з характэрным для беларускага абраза «зігзагам» у паглыбленнях. Вакол галоваў аграфленыя німбы аздоблены ямкамі-перламі. На святыні калісьці былі шата і кароны. На жаль, немагчыма нічога сказаць пра колеры абраза, бо ён вядомы толькі па архіўнай даваеннай фатаграфіі 14.

Для уніяцкай царквы і асабліва базыльянскага ордэна каталіцкая базыліка Санта Марыя Маджорэ і яе старадаўні візантыйскі абраз мелі асаблівую прыцягальнасць як наглядны сімвал ідэі адзінства хрысціянскага Захаду і Усходу. У гэтым храме на барэльефах адлюстраваны працэс заключэння Берасцейскай уніі, які адбываўся ў пантыфікат Клімента VІІІ: прыезд у Рым Іпація Пацея і Кірылы Цярлецкага ў 1595 г., Берасцейскі сабор і іншыя падзеі. Не выпадкова базыльяне сталі актыўнымі прапагандыстамі рымскага абраза і ад часоў уніяцтва ў цэрквах захаваліся абразы Маці Божай Снежнай ХVІІІ ст., асабліва на Піншчыне і Гродзеншчыне.

Наогул жа іконаграфічны тып Маці Божай з Santa Marіa Maggiore на працягу ХVІІ–ХІХ стст. карыстаўся на беларускіх землях вялікай папулярнасцю. Яшчэ ў інвентары Віленскага біскупства 1653–1654 гг. ён выдзяляўся сярод іншых абразоў Маці Божай пад лацінскай назвай В.V. Marioris (у Корані, Лебедзеве, Мядзелі), у 1674 г. адзначаўся ў Ліпску. Да нашага часу ў касцёлах і цэрквах Беларусі захавалася больш як два дзесяткі такіх алтарных абразоў, намаляваных на палатне. Іх неабходна рэстаўраваць у першую чаргу і беражліва захоўваць як найкаштоўнейшыя помнікі сакральнага мастацтва і сімвал еднасці хрысціянскага свету.


  1. X. Dr. W. Smoczyński. Rzym. Jego Kościoły i Pomniki.
  2. Zywoty świętych Starego i Nowego Zakonu... przez x. Piotra Skarge, Soc. Jesu. T. II. Petersburg. 1862, s. 133.
  3. Reinhold Lange. Das Marienbild der fruhen Jahrhundert. Recklinghausen. 1969.
  4. Кондаков Н. Иконография Богоматери. Т. 2. Петроград. 1915, с. 171.
  5. Joan Carrol Cruz. Cudowne wizerunki NMP. Gdańsk, 1995. Згодна з Рэйнгольдам Лангэ, сучасны выгляд абраза не першапачатковы, яго адкрые толькі расчыстка ад пазнейшых замалёвак.
  6. O cudownym obrazie N.M.P Berdyczowskiej... X. Waclawa Kapucyna. Kraków. 1897.
  7. Jodkowski Józef. Wiadomość historyczna o cudownym obrazie N. Maryi Panny Studenckiej w kościele farnym w Grodnie, 1909.
  8. Kalendarz Diecezji Grodzieńskiej. 1999.
  9. Lietuvos vienuolynai vadovas. Vilniaus dailes akadeijos leidykla. 1998, s. 272.
  10. Obrona polskiej Korony od granic ukraińskich. Berdyczów, 1765.
  11. Тэмперны жывапіс Беларусі канца ХV–ХVІІІ стагоддзяў у зборы Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. Каталог. Мн., 1986. С. 175–176.
  12. Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. 694, воп. 1, адз. зах. 3970, л. 47.
  13. Prerogatywa zakonu kaznodziejskiego... z Kronik domowych zebrana... przez Grzegorza Szymaka. 1755. W Wilni w Drukarni Franciszkanów.
  14. Фотаархіў Інстытута мастацтва польскай АН, нег. № 17 329.

У выдавецтве «Pro Christo» выдадзена кніга Аляксандра Ярашэвіча «Pro Christo» «Маці Божая Снежная ў Беларусі».


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY