Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(23)/2003
Мастацтва
Кантакты

ПРАВАСЛАЎЕ І КАТАЛІЦКІ КАСЦЁЛ
У свеце Бібліі
Юбілеі
На шляху веры

ПОШУКІ БОГА
Пераклады

ЕЗУС НЕВЯДОМЫ
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Вандроўкі

ВЕРЫЛІ РАЗАМ
Нашы святыні
Пераклады

КАРНЕЙ ВАСІЛЬЕЎ
Галерэя

Ірына ЖАРНАСЕК

ПОШУКІ БОГА

На свеце вельмі шмат дарог, па якіх чалавек прыходзіць да Бога. Адны распачалі гэтую дарогу з першымі сваімі крокамі па зямлі, трымаючыся за надзейную матчыну руку. Другім маці ўжо не магла спадарожнічаць на гэтым шляху, бо яе саму ў свой час атруціў атэізм, і таму падтрымкай для іх сталі бабуліны пацеры ды яе настойлівасць. Трэція прыйшлі да Бога нібыта без чыёйсьці дапамогі, але адчуванне, што быццам хтосьці вёў іх па той дарозе, дапамог адчыніць цяжкія дзверы святыні, так і засталося на ўсё жыццё.

Нашыя шляхі-дарогі да Бога. Якія яны? І што трэба, каб мы не стаміліся на іх, не збочылі на падманны шлях, не заблукалі? Што трэба, каб гэты пошук прывёў нас урэшце да Таго, Хто чакае нас, як чакаў бацька свайго марнатраўнага сына, які ўсё ж прыйшоў да яго? Пра ўсе гэтыя няпростыя пытанні гутарыць з Ірынай Жарнасек айцец францішканін Міраслаў Капчэўскі.

- Айцец Міраслаў, у нашай гутарцы мы пастараемся акрэсліць розныя шляхі да Бога. Гатовыя рэцэпты, вядома, наўрад ці выпішам нашым чытачам, але, думаю, ім будзе карысна пачуць вашую думку на гэты конт. Напачатку раскажыце, калі ласка, пра свой асабісты шлях да Бога, пра сваё навяртанне.

- Маё навяртанне адбылося ў маладосці і доўжылася яно некалькі гадоў, нягледзячы на тое, што я нарадзіўся ў каталіцкай сям'і пад Варшаваю, змалку разам з бацькамі хадзіў у касцёл, прайшоў патрэбны курс катэхізацыі. Але сапраўднае навяртанне - гэта ўсё ж не толькі выкананне рэлігійных практык, а штосьці больш аб'ёмнае і глыбокае. Усё было так. Я, адчуўшы сябе дарослым, прагнуў самастойнасці. Як яе набыць? Мне здавалася, што для гэтага трэба абавязкова пакінуць сям'ю, у якой я нарадзіўся і рос, і пачаць жыць самастойна. Так і зрабіў. У мяне яшчэ не было сярэдняй адукацыі, але на той час мне здавалася, што яна не абавязкова і патрэбная. Галоўнае, думаў я, мець грошы, якія прынясуць жаданую самастойнасць. І я адышоў ад сям'і. Працаваў, здымаў кватэру. Аднойчы ў часе абедзеннага перапынку давялося пачуць у кавярні, як двое рабочых абмяркоўвалі спектакль пра Генрыха VIII. Памятаю, як агарнула тады мяне нязнаная раней трывога, і я нечакана падумаў пра тое, што нешта ў маім жыцці адбываецца не так. Сапраўды, я меў грошы, але ўсё ж не меў чагосьці вельмі важнага. Не было, напрыклад, таго ж тэатра, а шматлікія дыскатэкі, у якіх я так любіў удзельнічаць, мала чаго давалі маёй душы. І я вырашыў вярнуцца ў сям'ю, да людзей, якія мяне любілі і жадалі мне дабра. Паступіў на завочнае аддзяленне чыгуначнага тэхнікума, вучыўся і адначасна працаваў.

- А ці пайшлі вы ўсё ж у тэатр?

- Вядома. І тады хадзіў, калі вычыўся ў тэхнікуме, і калі пазней займаўся ў семінарыі. Цяпер жа, на жаль, я не маю такой магчымасці, бо служу Богу ў Удзеле, што на Глыбоччыне, а гэта, як вы разумееце, далекавата ад тэатраў. Але я хачу сказаць яшчэ пра адну вельмі важную падзею, якая зрабіла сапраўдны пералом у маім жыцці. Я, можна сказаць, выпадкова пайшоў аднойчы на сустрэчу моладзі руху «Святло - Жыццё», што праходзіла ў нашай парафіяльнай капліцы. Тэмай той сустрэчы было жыццё першых хрысціянаў. Мяне, памятаю, вельмі ўзрушыў аповед пра іх мужнасць, ахвярнасць, вернасць Хрысту. Вярнуўшыся дахаты, я тады ўпершыню памаліўся «Ойча наш», не механічна вымаўляючы завучаныя словы, але сэрцам. І ведаеце, я адчуў Божую прысутнасць. Не ведаю нават з чым можна параўнаць гэтае шчаслівае адчуванне - я проста быў шчаслівы.

Пасля тае сустрэчы я ўпершыню ўзяў у рукі Біблію, якую мне прынесла сяброўка, пачаў чытаць... І здарылася так, што гэтая Кніга зрабілася для мяне патрэбнай як ніякая іншая. Я чытаў яе ўсюды: дома, у цягніку, на працы...

А потым былі рэкалекцыі руху «Святло - Жыццё». На іх у маю свядомасць моцна ўрэзаліся словы пра тое, што Бог для кожнага чалавека мае свой план. Я падумаў тады: «Калі ў Яго ёсць нейкі прыгожы план для мяне, то хіба я магу адмовіцца ад яго?» Пачаў у малітве прасіць Бога адкрыць мне той план і даць сілы выканаць яго

- Ну а дыскатэкі? Як жа вы сябе адчувалі без іх?

- У той час я яшчэ працягваў на іх хадзіць, але Бог паволі, настойліва ўсё больш і больш уваходзіў у маё жыццё, запаўняў яго сабою.

- Тады і нарадзілася ў вас пакліканне да святарства, да закону францішканаў канвентуальных?

- Магчыма. Я шмат маліўся. Я казаў Богу: «Пакажы мне дарогу, па якой я мушу ісці. Падкажы, што я павінен рабіць». Прызнаваўся Яму: «Ты бачыш, я шмат чаго не ведаю, я нават катэхізіса добра не разумею, але я хачу ведаць і разумець. Дапамажы мне». Гэтыя размовы цягнуліся тры гады. Я працягваў удзельнічаць у руху «Святло - Жыццё» і ўвесь час прасіў Бога падштурхнуць мяне на правільны шлях. Я разумеў усе складанасці: пакуль што ў мяне не было сярэдняй адукацыі, а без яе не выпадала нават і думаць пра семінарыю. Пакінуць пажылых бацькоў, якія звязвалі са мной надзеі на спакойную, забяспечаную старасць, бо я быў малодшы сын у сям'і, таксама было няпроста. Але Бог распарадзіўся па-свойму. Неяк сябар падзяліўся са мной, што ён хоча ісці ў семінарыю да францішканаў. Я не збіраўся ў гэты закон, хоць увогуле пра законніцкае жыццё падумваў, толькі не ведаў, куды мне трэба падацца. Сябар жа ні пра што іншае і слухаць не хацеў. Я падумаў і вырашыў, што гэта - таксама шлях і для мяне.

- А ў часе вучобы сумненняў не было?

- Былі. На трэцім курсе я перажыў сапраўдны крызіс. Прыходзілі розныя думкі, сумненні, часам здавалася, што закон францішканаў і святарства зусім не для мяне. І тады я вырашыў, што трэба зноў шукаць адказу на мае пытанні ў Бога. Штодня ў адзін і той жа час я прыходзіў у капліцу: думаў там, маліўся, разважаў, проста моўчкі адараваў Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце. І ведаеце, я прыходзіў у капліцу поўны сумненняў, а выходзіў з яе спакойны, упэўнены - сумненні некуды неўпрыкмет адступаліся. Але праз нейкі час яны зноў наведвалі да мяне і адбіралі спакой. Але я не адступаўся, не траціў надзеі атрымаць адказ ад Бога. Так працягвалася месяцы тры, а потым неяк незаўважна прыйшла спакойная ўпэўненасць у правільнасці абранага шляху - так Езус ненавязліва, далікатна вырашыў за мяне мае праблемы.

- Айцец Міраслаў, як вы думаеце, калі б у свой час вы не пачулі размовы рабочых пра тэатр, не пайшлі на спатканне моладзі, нарэшце, калі б ваш сябар не марыў пайсці да францішканаў, ці адбылося б без усяго гэтага ваша пакліканне? Альбо ўсё ж элемент выпадковасці ёсць ва ўсім гэтым?

- У жыцці няма выпадковасцяў, намі кіруе Божы Провід. Так і са мною: я ўпэўнены, што калі б не здарылася ўсяго таго, што вы пералічылі, то Бог знайшоў бы іншы шлях, каб ажыццявіць свой план.

- У нас кажуць: у Бога - шляхоў многа.

- Менавіта. Бог мае тысячы і тысячы шляхоў, каб прыйсці да чалавека, і робіць Ён гэта найчасцей зусім неспадзявана, у тыя хвіліны, калі чалавек найменш чакае Яго. І тады вельмі важна пачуць Божы голас, распазнаць яго, прыняць прапанову. Людзі так шмат думаюць пра тое, чаго яны хочуць у гэтым жыцці, што Бог, на іхнюю думку, павінен ім даць, і, на жаль, мала задумваюцца над тым, а чаго хоча ад іх Бог.

- Што дае вам вера? Чым з'яўляецца вера ў вашым жыцці?

- Найперш, яна дапамагае мне спазнаваць сэнс жыцця. Чалавек павінен жыць для кагосьці, а не толькі для сябе. Я жыву для Бога і шчаслівы гэтым.

- Але, з іншага боку, вы маглі стварыць сям'ю і жыць для яе, зрэшты, маглі жыць і для бацькоў, якім вы былі так патрэбныя.

- Безумоўна. Пакліканне бывае розным: хтосьці пакліканы да сужэнства, хтосьці - да святарства, закону. Галоўнае - не змарнаваць паклікання.

- Памятаю, як адзін лектар у 70-х гадах абураўся, што ў Польшчы «няправільныя камуністы», бо яны вераць у Бога. Казаў, што калі польскія камуністы праводзяць пленум сваёй партыі, а ў бліжэйшым касцёле зазвоняць званы, то яны і пленум гатовы прыпыніць, каб толькі пайсці ў касцёл. Ці праўду казаў той лектар?

- Я маю малы асабісты досвед на гэты конт, бо мае юнацтва і маладосць прыйшліся на пару Салідарнасці, свабоды. Але, думаю, пэўную рацыю той лектар меў, бо ў Польшчы не пазачынялі касцёлы, дзецям не забаранялася наведваць урокі рэлігіі, не было праблемаў і з прыняццем сакрамантаў. Ведаю, што многія камуністы хоць і заяўлялі пра свае атэістычныя погляды, але паціху хрысцілі дзяцей, бралі шлюбы, патаемна спавядаліся. Расказвалі мне такі жарт, праўда, ужо не з практыкі Польшчы, але з Расіі, дзе я да нядаўняга часу служыў. На нейкім сходзе камуністы ды атэісты спаборнічалі адзін перад адным у сцверджанні, што Бога няма. Прыводзіліся самыя розныя аргументы. А быў тады Велікодны перыяд. Гаварылі яны, гаварылі, а потым падняўся на трыбуну праваслаўны бацюшка і гукнуў у залу: «Христос воскресе!» І ў адказ прагучала дружнае: «Воистину воскресе!» А наконт пленумаў... Не думаю, што іх смеласць сягала ажно гэтак далёка.

Але на маё перакананне, Касцёл у Польшчы ў тыя гады быў вельмі моцны. Цікава, што заўсёды ў часы пераследу людзі ў Польшчы гуртаваліся вакол Касцёла, праяўлялі тады і мужнасць, і самаахвярнасць. Калі ж пагрозы няма, няма непрыяцеляў, то гэтыя якасці ў людзях нібы занікаюць.

- Неяк наш былы Старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч прыводзіў такое параўнанне. Мы (гаворка ідзе пра беларусаў) падобныя да птушкі, якую доўга трымалі ў клетцы. Нарэшце клетку адчынілі, а птушка і разгубілася, не ведае, што ёй рабіць, куды ляцець, бо так прывыкла да клеткі.

Але ў Польшчы нават пры камуністах людзі мелі большую магчымасць зберагчы сваю веру, бо касцёлы ўсё ж былі адчыненыя. Нашы ж камуністы, калі самі паціху і хрысцілі сваіх дзяцей дзе-небудзь, да прыкладу, у Латвіі ці Літве, то звычайным людзям усё адно забаранялі вызнаваць сваю веру. Таму пры іх уладзе ў нас вырасла некалькі пакаленняў, адлучаных ад Бога. Часам ад некаторых людзей можна пачуць: «Мы - страчанае для Бога пакаленне». Як вы лічыце, ці правамерна такое вызначэнне?

- У Бога няма страчаных пакаленняў. Бо тады можна было б сказаць, што прыпавесць пра марнатраўнага сына з Евангелля святога Лукі не мае сэнсу. Не, Бог Айцец чакае сваіх дзяцей заўсёды, гэтак, як і бацька з тае прыпавесці. Але Ён, вядома, добра разумее, які няпросты гэта шлях для тых, хто доўга жыў у хлусні, у каго магутнай ідэалагічнай сістэмай з яе напорыстасцю, бессаромнасцю фармавалі негатыўнае стаўленне да Бога, веры, Касцёла, хрысціянскай этыкі і маралі. Почасту ў гэтых людзей за плячыма - доўгія гады жыцця ў граху. Прызнаць гэта не так лёгка. Тым больш, што размова не толькі пра прызнанне, але і пра тое, што калі ты хочаш жыць у згодзе з Божым правам, то трэба кардынальна перамяніць сваё жыццё. Так, гэта няпроста. Але магчыма. І ёсць шмат людзей сярэдняга веку, што здолелі знайсці новыя каштоўнасці. Я ўпэўнены - гэта шчаслівыя людзі.

- І шмат іх, трыццаці-, сарака-, пяцідзесяцігадовых, сярод гэтых шчаслівых людзей?

- Не, няшмат. Асноўная маса, так бы мовіць, усё яшчэ вычэквае, раздумвае, прыкідвае. А ведаеце, чаму яны не спяшаюцца прыйсці да Бога? Таму, што чалавек найчасцей проста не мае адвагі брацца за незнаёмае для яго. Паехаць у незнаёмы горад - цяжка, пайсці да незнаёмага чалавека - таксама, прыняць у свой дом незнаёмца - зноў жа, лішні клопат. Іншымі словамі, пытанне пра Бога для іх закрытае. Яны проста баяцца гэтае пытанне закранаць.

- Тады атрымліваецца, што без Бога спакайней жыць?

- Не думаю. Бо ўсё роўна ўзнікаюць пытанні, якія тычацца Бога, жыцця і смерці. А многіх яшчэ палохаюць 10 Божых запаведзяў, паводле якіх і таго нельга рабіць, і гэтага...

- Некаторыя людзі так і лічаць, што вера, рэлігія няволяць чалавека. А няведанне Божых запаведзяў, усяго таго, што называецца грахом, дае чалавеку, як таму страусу, што хавае галаву ў пясок, пачуццё нейкага спакою (уяўнага, вядома), такой-сякой упэўненасці. Я не раз сутыкалася з тым, як маладыя жанчыны не хацелі і чуць пра грэх аборту, не жадалі паглядзець фільм «Нямы крык» па гэтай праблеме, а мужчыны адразу пераводзілі размову на іншае, калі чулі, што алкаголь нішчыць жыццё, а значыць і штурхае чалавека на парушэнне Божай запаведзі «Не забівай». Я ўжо не кажу пра тое, што весці гаворку з калгаснікамі пра запаведзь «Не крадзі» - амаль што марная справа.

- Згодны. Але на тое чалавеку і дадзены розум, каб ён яго выкарыстоўваў. Калі жыццё ставіць пытанні, чалавек павінен шукаць адказы, а не адмахвацца: «Не ведаю - і добра. Так мне спакайней». Пазіцыя страуса яму не тое што не дапаможа, але і нашкодзіць.

- І тым не менш, у Касцёле на Беларусі сярод практыкуючых найбольш бабуляў, дзядуляў (калі ім дазваляе здароўе), а вось людзей сярэдняга пакалення малавата. Вельмі выразна бачыцца гэтая праблема на свяце Першай Святой Камуніі: шчаслівыя бабулі выціраюць ад радасці слёзы, што нарэшце давялі ўнука ці ўнучку да споведзі, радасныя дзеці ў прыгожых строях, нібы тыя прынцы ды прынцэсы з казак, а бацькі почасту калі і ёсць на тым свяце, то ўсё роўна проста не здольныя напоўніцу раздзяліць з дзецьмі тае радасці, бо не разумеюць яе. Увесь іх выгляд нібы гаворыць, што яны тут выпадкова, так сабе... зайшлі, раз ужо гэтага так хацелі іх старыя бацькі.

- Сапраўды, гэтая карціна характэрная больш для Беларусі, і я думаю, што Касцёл павінен можа нават больш трывожыцца не за дзяцей, як гэта ні парадаксальна гучыць, а за сярэдняе пакаленне. Бо калі бацькі будуць у Касцёле, то дзяцей сваіх яны прывядуць і навучаць таму, у што самі паверылі, што ім дорага. А калі ў бацькоў будзе вера на ўзроўні выканання пэўных абрадаў, то і дзяцей у большасці чакае тое самае. Таму што дзеці менш слухаюць бацькоў, а больш пераймаюць. І не зашкодзіць катэхізацыя для дарослых, бо яны ж часам нават саромеюцца таго, што менш ведаюць за сваіх дзяцей у пытаннях рэлігіі. Вельмі добра, калі ў парафіі ёсць супольнасці, якія згуртоўваюць людзей, даюць ім пэўныя веды. Напрыклад, як рух «Хатняга Касцёла», Легіён Марыі, ружанцовыя колы і г.д.

- Мне здаецца, тут найважней, каб людзі мелі адвагу запытацца ў сябе, ці патрэбны ім Бог, а потым ужо не баяліся і шукаць адказаў на гэтае пытанне.

- Але яшчэ вельмі важна, каб было для іх сведчанне таго, хто ўжо знайшоў для сябе Бога. Сучасныя хрысціяне, на жаль, часта забываюць пра свой абавязак сведчыць пра Хрыста. Гэта нялёгка, бо асяроддзе жыве сваім жыццём, жыве так, нібыта і няма на свеце Бога. Яму так зручней, яно шмат чаго сабе дазваляе і можа проста не разумець верніка, які жыве ў згодзе, прыязнасці з Хрыстом. Хрыстус, у сваю чаргу, патрабуе ад чалавека адвагі, смеласці ў веры. Многія людзі проста баяцца вылучыцца з гэтага асяроддзя, стаць «белай варонай». Вернік жа не павінен гэтага баяцца, бо для яго менш важна, што падумаюць людзі, а больш - што падумае Хрыстус.

- Адзін мой сябар пісьменнік нядаўна сказаў: «Гэтак жа, як пісьменніку, мастаку, кампазітару Бог дае талент, без якога яны нічога вартага не зрабілі б, Ён дае людзям і дар веры. Каму захоча - дасць, а каму не захоча - не. Таму зусім не ад людзей залежыць, вернікі яны альбо не». Ці згодныя вы з гэткай думкай?

- Абсалютна не згодны. Трэба проста ведаць, кім з'яўляецца для людзей Бог. Ён для іх - Айцец, які любіць сваіх дзяцей. Памятаеце словы Езуса пра тое, што Айцец не пакладзе ў руку чалавека камень, калі той просіць хлеба, і не падасць скарпіёна замест яйка (пар. Лк 11, 11-13)? Бог дае чалавеку шмат добрых дароў і сярод іх - дар веры. Але пытанне ў тым, ці хоча чалавек прыняць гэты дар? Ці не бароніцца ён ад яго хоць бы і з прычыны ўсё таго ж падманнага спакою, страху быць «белай варонай»? Вельмі часта чалавек сам не выкарыстоўвае ў сваім жыцці дару веры. Так, як бы мне падаравалі добры касцюм, а я падзякаваў, прыняў падарунак, а потым павесіў яго ў шафу і ні разу не адзеў. А праз нейкі час і моль можа паесці той касцюм… Хто вінаваты ў тым, што падарунак не служыць мне? Той, хто падараваў яго альбо я сам? Вядома, я, бо пагарджаю і падарункам, і тым, хто мне яго падараваў. Дык ці не гэтаксама пагарджае Богам і той чалавек, які не хоча выкарыстоўваць дар веры?

Бог дае гэты дар не выбраным, але ўсім, ды толькі не ўсе прымаюць і не ўсе развіваюць яго. Дар веры даецца чалавеку з хростам, і на бацьках ляжыць адказнасць за догляд таго зернейка, якое Бог кідае ў душу дзіцяці ў часе хросту. Зерне, за якім няма належнага догляду, занікне ў зямлі і не дасць плёну. Нездарма ж кажуць, што Бог стварае нас без нашага ўдзелу, а вось збавіць нас Ён можа толькі з нашым удзелам. Але маё глыбокае перакананне яшчэ і ў тым, што ў жыцці кожнага верніка павінна адбыцца асабістая сустрэча з Хрыстом. Калі ж мы не сустрэнем Яго, то наша вера так і застанецца абалонкай, не напоўненай багатым, жыццядайным зместам.

- Як жа распазнаць Хрыста на сваім шляху? А раптам мы і сустрэнем Яго, але не пазнаем, размінемся?

- Я ўпэўнены, што калі чалавек сустрэне Хрыста, то ён абавязкова Яго пазнае. Хрыста нельга зблытаць з кімсьці іншым.

- У гісторыі Касцёла, пачынаючы ад святога Паўла, ёсць шмат прыгожых, яркіх навяртанняў. Напрыклад, французскі журналіст і пісьменнік Андрэ Фрасард доўгі час пасміхаўся з католікаў, сярод якіх былі і ягоныя сябры. Але аднойчы ягоны сябар затрымаўся ў касцёле, і Фрасард, якому надакучыла яго чакаць, таксама ўвайшоў у святыню. Укленчыў, каб не пакрыўдзіць тых, што там маліліся, і праз нейкі час з каленяў падняўся ўжо не скептык, але вернік, які пазней напіша некалькі цудоўных каталіцкіх кніг. Нешта падобнае адбылося і з Эмілем Заля, які доўгі час быў масонам, а ў ноч Божага Нараджэння пасля цудоўнага аздараўлення стаў католікам і публічна пакаяўся за свой грэх перад Касцёлам. І усё ж гэтыя прыклады, так бы мовіць, даволі рэдкія. Многім людзям, здаецца, засталося зрабіць некалькі крокаў, і яны апынуцца на шляху веры, але почасту гэтыя крокі такія цяжкія!.. Якім чынам вернікі могуць дапамагаць такім людзям?

- Самы надзейны памочнік і дарадца ў гэтым - Біблія. Я, як ужо казаў, маю асабісты вопыт дабратворнага ўздзеяння гэтай Кнігі. Але яе трэба ўмець чытаць, гэта чытанне не для прыемнага правядзення вольнага часу. Для многіх Біблія застаецца запячатанай кнігай, хоць яны і чытаюць яе, маюць у сваёй хатняй бібліятэцы. Біблію трэба чытаць у малітве, як кажуць, на каленях, трэба прасіць Бога дапамагчы зразумець сказанае нам у ёй.

А як яшчэ дапамагчы камусьці паверыць у Бога? Малітвай. Хрысціяне могуць зрабіць надзвычай шмат добрых спраў з дапамогай малітвы.

- Святая Моніка, як мы ведаем з гісторыі, шмат малілася за свайго сына Аўгустына, шмат праліла мацярынскіх слёз і ўрэшце выпрасіла для яго ў Бога дар веры. А калі маці ў чалавека - зусім не святая Моніка? Калі за яго проста няма каму маліцца, ці мае такі чалавек шанец на прыход да Бога?

- Трэба памятаць, што апроч роднай маці, якая дала жыццё, ёсць яшчэ і Маці Касцёл. Каталіцкі Касцёл пастаянна моліцца за навяртанне грэшнікаў. А вернікі зноў жа павінны памятаць пра свой абавязак - дзяліцца дарам веры з іншымі. Веру нельга закапаць, схаваць ад іншых, бо калі ты яе схаваеш, яна змарнее і ты сам пабяднееш.

- Вельмі часта можна пачуць, што галоўнае - мець Бога ў душы, а быць пры гэтым яшчэ і практыкуючым вернікам зусім не абавязкова. Што вы скажаце на гэта?

- Думаю, тут справа ў тым, што многія проста не разумеюць, што такое Касцёл, сакраманты, што гэта ўвогуле азначае - практыкаваць веру. Бо калі я разумею, што такое Святая Камунія, то што мне можа яе замяніць? Да таго ж, тыя, хто рэгулярна ходзіць у Касцёл, вылучаюцца ў асяроддзі непрактыкуючых хрысціянаў нейкім асаблівым спакоем, лагодаю духа, жаданнем зразумець іншых, прыняць на сябе нечы боль, цяжар, радасць. А Божае слова, якое мы чуем у Касцёле, святарскі каментар да яго вельмі часта лечаць нашыя раны, праганяюць сумневы. Сакраманты ж умацоўваюць верніка, напаўняюць яго сілаю духа.

Калі ж чалавек кажа, што ён мае Бога ў душы і гэтага яму дастаткова, то тут ёсць рэальная небяспека стварэння ўласнага, аднаасабовага касцёла, у якім, зноў жа, будуць створаны і свае догматы, і веравучэнне. Але вось пытанне, ці ёсць месца Богу ў такім эгаістычным касцёле? Сказаў жа Хрыстус пра тое, што там, дзе двое альбо трое збіраюцца ў імя Яго, там і Ён ёсць.

- Айцец Міраслаў, паколькі нашая гутарка прысвечана навяртанню, то маё апошняе пытанне таксама пра яго. Скажыце, калі ласка, як вы думаеце, у Каталіцкім Касцёле ёсць шмат людзей, якія не сустрэліся з Хрыстом?

- Ведаеце, ёсць вельмі яркія, незабыўныя сустрэчы, а ёсць менш прыкметныя. Але ўсё ж яны ёсць, сустрэчы кожнага дня. Думаю, што калі чалавек не сустрэў Хрыста, то яму вельмі цяжка будзе заставацца і надалей у Касцёле. Ёсць шмат прыкладаў адыходу людзей ад веры і Касцёла. Думаю, што адыходзяць тыя, што не здолелі Яго сустрэць. Але ёсць яшчэ тыя хрысціяне, для якіх вера, так бы мовіць, - на ўсялякі выпадак: «А раптам Бог ёсць?» І на гэтае «раптам» яны прымаюць сакраманты, часам - і Эўхарыстыю, ставяць свечкі ў святынях - на ўсялякі выпадак. Але гэта самападман. Чалавек можа ашукаць іншага чалавека, нават многіх людзей, але ж Бога не ашукаеш... Яму вядомыя не толькі нашыя ўчынкі, але і нашыя думкі. Торг у веры «я - табе, ты - мне» недарэчны, не мае аніякага сэнсу. Разумееце, калі ў веры прысутнічае нейкі разлік, то гэта ўжо не вера. Да Бога альбо прыходзяць і прызнаюць Яго Айцом, галоўным у нашым жыцці, альбо не прыходзяць, чаго я, вядома, нікому не жадаю.

А яшчэ трэба заўважыць, што навяртанне найчасцей - справа не аднаго дня, але часта доўгі шлях, які патрабуе ад чалавека нямала высілкаў. Гэта - прыгожая праца душы, і не трэба яе баяцца.

- Айцец Міраслаў, вялікі вам дзякуй за гутарку. Вельмі спадзяюся, што яна будзе для кагосьці карыснай, а магчыма, і дапаможа знайсці адказы на нейкія пытанні.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY