Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(33)/2005
Галерэя
Год Эўхарыстыі

MANE NOBISCUM DOMINE

ПАЭЗІЯ

ЗАКАНЧЭННЕ ГОДА ЭЎХАРЫСТЫІ

ДЗЯКУЮЧЫ ЭЎХАРЫСТЫЧНАМУ ХРЫСТУ

ЭЎХАРЫСТЫЯ — ГЭТА ХРЫСТУС

ХІБА Ж ГЭТА НЕ ЦУД?

РУКІ ДАЮЦЬ ХЛЕБ
Мастацтва

«ГЭТА ЧЫНІЦЕ НА МАЮ ПАМЯЦЬ...»
На кніжнай паліцы
Нашы святыні

БЛІЗНЯТЫ... БРАТЫ?
На шляху веры
Проза
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Успаміны
У выдавецтве «Про Хрысто»

ПРЫГОДА БЫЦЦЯ
Падзея

Клопат пра нас…

На Поўначы, Захадзе, Поўдні, Усходзе
Клопат пра нас — даць любой дапамогі,
Аж невядома, як нам праз стагоддзе
Падняцца, не выпруціць ногі.

Нам душна вылежвацца саматугам
У прэзэкторыі ўсіхнай даброці,
Ашчэрыўшы ўдзячна зубы хірургам
У крывавым поце.

Божа, няўжо народ наш абраны
Для анатамічкі? Нас столькі разоў расціналі,
Бо палітыкі ў праўдзе сваёй шчыравалі,
А труп быў пахаваны.

10. VI. 1982 г.

Падчас паднясення

Толькі тады, калі ў малітве Боскай
Ты кленчыш з людзьмі,— спасцігаеш бедаў тайны
Па ледзь-ледзь трывалых збітых падносках
Залатаных ботаў...
           Кленчы, ў тлуме схаваны,

І гні сабе карак, глядзі на падэшвы —
Яны табе скажуць, засведчаць дарэшты
Схадзімыя сцежкі, якія маленні
Чакаюць.
           Схіліся ніжэй. На абодва калені.

Боты запомні.
           Шчыравання хвіліны
Мінуцца, аціхне званочак, і спіны
Мольбітаў зварухнуцца, — i ніхто з касцёла
Не ўбачыць зямлі пад сабой наўкола.

Снежань 1987 г.

Над цёмнай вадой, над супакаёнай

Над цёмнай вадой, над супакаёнай
Мы там апытваліся паімённа,

Не маючы думкі нават дзіцячай,
Што сам ён не сам і ніхто іначай.

Кожны ведаў, што да суднага дня ў Бога
Крывавым цвіком прыбіты да сябе самога.
 

І Бог трымаў мяне,
бы кволае цяпельца…

І Бог трымаў мяне, бы кволае цяпельца,
Ад ветру асланяў, твар асвятлялі промні,
Калі слабеў я — раздзімаў Ён вогнік,

Быццам баяўся, што ж будзе,
бо сажай згараю,
Счарнею — і ўжо ж імя Яго замараю.
 

Можа, мы надта доўга не спалі...

Можа, мы надта доўга не спалі,
Што зрабілася шкода аж Богу,
Калі Ён адваліў словам камень,
Не збудзіўшы з чувальцаў нікога.

Можа, мы палюбілі чаканне
І ад жалю віном апіліся,
Пакуль з мёртвых ішло паўстанне,
Пакуль самі не перавяліся?

Не пакінуў нас Бог. Нават сонна,
Як сабакі пільнуем, абгрызаем
Косць гісторыі...
           A нашае сёння
Ветрам вее над счужаным краем.

15. II. 1986 г.

На радзіме маёй столькі знямення

На радзіме маёй столькі знямення,
Колькі шэрага на палях камення.
І хоць штогод сяляне перад севам новым
Выбіраюць з раллі іх нямыя галовы,
Камень расце. І так вераць у Польшчы
(Хоць гэта супроць навукі), што з зямной тоўшчы
Расце ён, дзе быў вывернуты да ржавення...

Эх, пэўна моц у грыбніцы камення
Абвівае мяне, цісне немаччу да знямення.

Вось гляджу, гавару… А хто знае, ці напрадвесні
Ліхім каменем лоб мой тут на зямлі не ўваскрэсне?
 

Божа — Ты сутны ўва мне...

Божа — Ты сутны ўва мне, мы абодва — адное,
Як два плячы крыжа, што адным цвіком збіты,
Абодва ў адным. Бы ў хваробе здароўе.
Як слова з маўчаннем. Як буднасць з мітам.

Ты ўсё можаш і нічога не можаш
Ува мне без мяне. Хоць свет здратуеш,
Хоць бы зямлю прапаліў сваім словам Божым,
Не захачу — Ты мяне не ўратуеш.

Ты чакаеш, я маруджу да важнай падзеі,
Каб мы проста ў вочы сабе паглядзелі.
 

Малітва на час Адвэнту

Божа, знішчы ў нас пачуцці злыя,
Зерню горкай памяці дай росту,
Каб жылі ў нас блізкія, якія
Адышлі ад нас у часе посту.
Божа, дай нам цёмны гонар моўчы,
Дай пагарду да пыхлівай рвані,
Што смяецца з паніжэння Польшчы,
Зычыць ёй пераўтварэння ў камень.
Божа, змалі зло ў нас і зацятасць,
З глупства грэшных немысляў аблашчы,
Літасцю Тваёй ім будзе святасць
І давер да людцаў непрапашчых.
Божа, дай святла з маленькай свечкі,
Што мы ў цёмных вокнах выстаўляем,
Бо з айчыны толькі столькі маем,
Колькі праўды ў нас, малой авечкі.
Божа, радзь, калі нязносна кепска,
Бачыць, як канае свечка марна
Перш чым стане Зоркай Бэтлеемскай,
Каб твар кожны нам глядзеўся тварам.
Крый нас, Божа, існасць нашу страціць
Перш чым цемра нас навек накрые,
Каб сябрам не здолелі мы здрадзіць,
Каб не здрадзілі ўзамен сябры нам.
 

Бог, які знае зямлю, не забывае

Бог, які знае зямлю, не забывае
Пра нас. Але верыў, што самі ўстанем
І адвалім з грудзей цёмны камень —
Бог, які знае зямлю, не забывае…

Бог, які Лазара бачыў, ведае тое,
Як у магіле душна, што чарвяк шапоча,
Што Бог адвярнуўся і ўваскрашаць не хоча —
Бог, які Лазара бачыў, ведае тое…

Бог, зямлю ўбачыўшы, не забывае.
І хоць шапнуў нам: «Устаньце» — павінны мы самі
Яд трупны зняць з твару, пялёны, бальсаны,
Быць сілаю Лазара апаясанымі,
Каб выпаўзці з моўчы глухой грабніцы
І з пасінелым тварам зноў Богу явіцца.

Бог, з Лазарам плакаўшы, знае пра болі
Ад сонца ў зрэнках, дзе пагасцяваўся робак —
Бог нам размыкае павекі паволі
Ды хто гэта ведае... У людзей жалоба.
 

Aх, яшчэ, можа, святыя аблокі

Aх, яшчэ, можа, святыя аблокі
Сыдуць на нас, дабротліва ўкрыюць,
Сваёй яснасцю целы нашыя змыюць,
Каб абудзіліся мы з цямрэчы глыбокай.

Сорам, як шчур, адскочыць, уграбецца ў смецце,
І будзем глядзецца ў ваду без ліхой мыслі,
Бо ўбачым там твары, у якіх мы закіслі
З часоў, як жывём не самі ў сабе на свеце

4.II. 1981 г.

Тамаш

Як усё тут напята на камень —
Як ні выдых не ёсць удых, а праца,
Так і смех не можа смехам звацца,
Толькі нібыта дымам-сугрэвам,
Кволым саджанцам дубчыкаў-дрэваў.

Магу ўбачыць тут дружбу і ўцеху,
Нават умею смяяцца тым смехам.

Але ж гэта ёсць адно калупанне
У незагойнай айчыны ране.
 

Стацыя І:
Езус асуджаны на смерць

Мы ўсталі. Цяжка хадзіць упоцем —
Юду на шыі сваёй знаходзім.

Юда нам дзюбаю дзюбае ў карак;
Слухае моўчкі сэрца ахвяраў.

І вострыць пёры, глытае сліну,
Нюхае плесню, сон і падліну.

Собі нам, Божа, злітуйся з люду,
Бо заціскае нас крыламі Юда,
Вырас і тлушчам заплыў сапсела,
Прагне, каб сталі мы з ім адным целам.
 

Клікаў нас Бог...

Клікаў нас Бог на танец, на спеў і на радасць,
А мы прыйшлі, бадай што, на забавы —
Не здрыгануўся свет, спеў наш сышоў на благасць,
Не енчыў танец, і смех быў кульгавы.

Клікаў нас Бог на любоў, — нам на шашні трэба
Пазбягацца было. Нуда, пазяхоцце...
Нам месца заслаў сенам планетаў — прыходзьце! —
І прыляпіў, як гняздо ластаўцы, неба.

Клікаў нас Бог на вечнасць, а мы палічылі —
На пахаванне. Кожны труны сваёй майстар
Плакаў. Скрушліва курчыў грымасы.
Трупы астылі, калі адчыніў Ён дзверы.
Чакаў. Святло паліў. Не цяміў,
Чаго пад зямлю нас так цягне,

З якое халеры...
                Калі ўсё у нас насцеж,
Адвярніся ж адно...

Клікаў нас Бог на танец, на песню, на шчасце
І ўсё яшчэ кліча... Канца не відно.


 

Пераклаў з польскай мовы
Васіль Сёмуха.

Перакладзена з выдання:
Ernest Bryll. Nie proszę o wielkie znaki.
Instytut Wydawniczy Pax. Warszawa, 2002.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY