Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(44)/2008
Галерэя
Год Божага слова

Ad Fontes

Пераклады
Нашы святыні

Гісторыя

На кніжнай паліцы

ВЕРА & CULTURA

Паэзія


Пераклады

Гісторыя

Сведчаць архівы

Кніжныя скарбы

Мастацтва

Юры ЛАЎРЫК

БАЗЫЛЬЯНСКІЯ БІБЛІЯТЭКІ

Рукапіснае Евангелле сярэдзіны ХVІІІ ст., якое, магчыма, было перапісана ў адным з базыльянскіх кляштараў.
Фота У. Грыба.
Пасля Берасцейскага сіноду 1596 г. манастыры ўсходняга абраду, што далучыліся да Уніі, пэўны час захоўвалі сваю «ўсходнясць», і склад іх бібліятэк заставаўся амаль стабільным, ахопліваючы, пераважна, кірылічныя кнігі духоўнага зместу. Аднак стварэнне чыну святога Базыля Вялікага (Ordo Sancti Basilii Magni) перавяло развіццё гэтых манастыроў на еўрапейскія (дакладней, лацінскія) «рэйкі», што не магло з часам не адбіцца на складзе іх збораў. Прасачыць дынаміку зменаў у фондах базыльянскіх бібліятэк можна на падставе апісанняў манастырскай маёмасці.

Добрым узорам гэтага з’яўляюцца дакументы (перадусім, вопісы бібліятэкі) аднаго з цэнтраў уніяцкае кніжнасці — Супрасльскага манастыра, — якія былі ўпершыню апублікаваныя ў 9-м выпуску «Археографического сборника»1, а пазней некалькі разоў перавыдаваліся ў розных варыянтах рознымі публікатарамі2. Першыя вопісы бібліятэкі, складзеныя на царкоўна-славянскай мове з элементамі беларускай, пазначаныя 1532–1557 гг. У іх пералічаны кнігі, патрэбныя для малітвы і набажэнства Усходняй Царквы, а таксама прызначаныя для пабожнага чытання духоўныя зборнікі і творы пераважна візантыйскіх аўтараў. Сярод першых назавем Евангеллі наалтарныя ды павучальныя, Апосталы і псалтыры, пралогі, ірмалоі, уставы, часасловы, трыёдзі, актоіхі, служэбнікі і г.д. Да другой групы належаць «Книга Криница (…) Книга Змарагд. Книга Златая чепь. Две книзе обе маргариты»,3 а таксама творы Рыгора Багаслова, Дыяніса Арыяпагіта, Кірылы Ерусалімскага і шэрагу іншых аўтараў. Адной, як здаецца, пазіцыяй прадстаўлена палемічная літаратура («Книжка на Латину»)4. Рэканструкцыяй бібліятэкі гэтага часу займаліся Н. Марозава і С. Цемчын, пра што яны паведамілі ў сваім выступленні на прысвечанай Супрасльскаму манастыру канферэнцыі, якая адбылася ў 2005 годзе ў Беластоку5. Аднак на дадзены момант гэты перыяд не патрабуе асаблівай нашай увагі — таму пяройдзем адразу да наступных вопісаў, якія датуюцца 1645 годам і былі дапоўненыя ў 1650 годзе6. Можна адзначыць татальныя змены, што адбыліся ў складзе бібліятэкі за няпоўнае стагоддзе. «Інвентар царквы і манастыра Супрасльскага» цяпер уключаны тры спісы: «Reiestr spisania xiąg monastera Supraslskiego lacińskich», «Reiestr spisania xiąg Polskich monastera Supraslskiego» i «Реестр списаня Русских книг в скарбцу Монастыря Супрасльского», прычым, як бачым, на першае месца вынесены кнігі менавіта лацінскія, затым — польскія, і толькі пасля гэтага — г. зв. «кнігі Рускія», гэта значыць кірылічныя. Калі апошні «Рэестр» у большай ці меншай ступені са стратамі і здабыткамі) дублюе вопіс 1557 г., дык з’яўленне двух першых як у люстры адбівае тыя змены ў кніжных патрэбах манахаў, што адбыліся пасля ўваходжання манастыра ў базыльянскі ордэн. Тут пералічаны амаль тыя самыя кнігі, што і ў вопісах бібліятэкі ці не кожнага беларускага каталіцкага кляштара гэтага перыяду: васьмітамовы «Magnum Theatrum Vitae Humanae» Лаўрэна Баерлінка, дзесяцітамовыя тлумачэнні біблійных кніг Карнэля з Ляпіды, творы Францішка Мэндозы, некалькі твораў польскага пісьменніка і бібліёграфа Шымана Старавольскага, кнігі па царкоўным і цывільным праве, слоўнікі Кнапскага, лацінамоўныя «Аналы царкоўнае гісторыі» Бароніуса, «Пра наследаванне Хрыста» Тамаша Кэмпійскага па-лацінску і па-польску («De imitando Christi» і «O naśladowaniu Chrystusa»), «Pochodnię duchową», шматлікія выданні лацінскіх і польскіх перакладаў Бібліі, разнастайныя катэхізісы, а таксама шмат чаго іншага. Спектр тэматыкі гэтых кніг вельмі шырокі — ад філасофіі і медыцыны да юрыспрудэнцыі і гісторыі, безумоўна, пры яўнай перавазе рэлігійнай літаратуры. Асобная ўвага нададзена тэме Уніі і ўвогуле гісторыі Усходняй Царквы: («De Concordia ecclesiae» Аркудыя, «Synodus orientalis Florentina», творы Базыля Вялікага, «Historia Bisanticae» і інш.). Але тут мы ўжо сустракаем і палемічныя творы («Antygraf na skrypt uszczypliwy», «Antylenchus, to iest odpis na skrypt uszczypliwy», «Veryfikatia niewinności», «Obrona veryfikatiey», «Parygoria abo utulenie uszczypliwego lamentu mniemanej Cerkwie Swiętey Wschodniey» i iнш.), а таксама літургічную літаратуру лацінскага абраду, напрыклад, «Rituale Romanum».

Тытульны аркуш выдадзенага ў 1754 г. у Вільні папулярнага дапаможніка па маральнай тэалогіі «Compendium Theologiae Moralis» аўтарства а. Францішка Прылуцкага, бернардынскага правінцыяла літоўскага.
Фота А. Крапіўкі.
Вопіс 1668 г. складзены больш акуратна; у ім менш блытаніны, а аднолькавыя кніжкі (напрыклад, «Srodki zbawienne») не раскіданыя па розных рэестрах, аднак кніг, як лацінскіх, так і польскіх, прадстаўлена менш. Паводле падлікаў Л. Шчавінскай, якія даследчыца падае ў сваёй працы «Литературная культура белорусов Подляшья ХV–ХІХ вв.», колькасць лацінскіх і польскіх кніг паменшылася амаль удвая7, што, верагодна, можна растлумачыць стратамі ваеннага часу. Разам з тым, у спісах з’яўляюцца і новыя тытулы: пераважна творы антычнай класікі — а менавіта кнігі Цыцэрона, Авідыя, Свэтонія і г.д.8.

Вопісы кнігазбору з XVIІІ ст. цалкам не захаваліся, аднак пэўныя звесткі можна атрымаць з працы Мікалая Далматава «Супрасльский Благовещенский монастырь»9. Аўтар дае падзел кнігазбору на «Церковно-богослужебные книги» і ўласна «Опись библиотеки», а ўсярэдзіне апошняга дзеліць кнігі паводле фармату і мовы. Першы спіс — літургічна-малітоўнай літаратуры — ахоплівае 83 кнігі, з якіх 48 складаюць Мінеі; вялікую частку складаюць службоўнікі віленскага і супрасльскага друку (ажно 12 паасобнікаў). Цікава, што тут ізноў сустракаюцца літургічныя выданні лацінскага абраду — 4 Імшалы і адзін брэвіярый. Гэта дае падставу меркаваць, што ва уніяцкіх святынях, у т. л., манастырскіх, адпраўляліся і рыма-каталіцкія набажэнствы. Калі ж казаць пра статыстыку, датычную ўласна бібліятэкі, дык у інвентары значацца 836 лацінскіх кніг і 305 польскіх. Ёсць таксама французскія, італьянскія (140) і нямецкія (12) выданні, але тэалагічныя і філасофскія рукапісы пададзены без пазначэння мовы (60). Кірылічных манускрыптаў і друкаваных кніг пералічана 102, што складае менш за дзесятую частку фонда.

Заслугай Л. Шчавінскай з’яўляецца тое, што яна расшукала ў пецярбургскім архіве рэестры манастыргскай бібліятэкі з 1836 года. Гэтая знаходка дае магчымасць убачыць канчатковы этап фармавання супрасльскай манастырскай бібліятэкі ва уніяцкі перыяд. На жаль, даследчыца апублікавала гэтыя вопісы толькі ў фрагментах,10 што змушае нас пісаць пра іх толькі з яе словаў ды паводле складзенай ёю табліцы.11 Такім чынам, кнігазбор манастыра ў 1836 г. складаўся з 1862 кніг і падзяляўся на 7 частак: «Библиотека древних языков», «Библиотека славянская», «Библиотека французская», «Библиотека немецкая», «Библиотека итальянская», «Библиотека польская» і, урэшце, «Библиотека книг, не принадлежащих к духовному просвещению». Першы раздзел быў самы вялікі — 1067 кніг, сярод якіх тэалагічныя творы складалі 724 тамы, а астатнія ўяўлялі з сябе працы па філасофіі, гісторыі, мовазнаўстве, матэматыцы, рыторыцы, а таксама мастацкую літаратуру і інш. Другі па велічыні — раздзел польскай літаратуры, у якім змешчаны 375 кніг аналагічнай тэматыкі. З іншых раздзелаў, апрача «славянскага», даволі вялікім з’яўляецца яшчэ італьянскі — 110 кніг, астатнія ж налічваюць толькі па некалькі дзесяткаў выданняў. У «Бібліятэцы славянскай», якой мы завершым гэты агляд, пералічваецца 129 кірылічных кніг. Аўтарка заўважае, што гэта столькі ж, колькі іх было ў манастыры на 1532 год, хоць склад іх часткова змяніўся. Такое назіранне выглядае даволі сімвалічным, асабліва калі згадаць, што сама бібліятэка пры гэтым павялічылася ледзь не ў 15 разоў і, пераважна, за кошт лацінска- ды польскамоўнай літаратуры. Такім чынам, на час скасавання Уніі кірылічныя рукапісныя і друкаваныя кнігі складалі ўжо толькі невялікую ў працэнтных адносінах частку манастырскіх збораў.

Падобным чынам выглядалі кніжныя справы і ў іншых базыльянскіх манастырах — хіба толькі маштабы розняцца ў залежнасці ад велічыні ды значнасці кожнай абіцелі. Для прыкладу возьмем досыць правінцыйны і дробны Цэперскі манастыр, што знаходзіўся на рацэ Цэпры ў Слуцкім павеце Мінскага ваяводства. У 1622 г. ён яшчэ не быў уніяцкім, паколькі вялікі заўзятар праваслаўя кн. Канстанцін Долмат запісаў у сваім тэстамэнце вялікую суму грошай на «змураванье церкви в монастыре цеперском»12. Царква, аднак, так і не была вымуравана, што, магчыма, сведчыць пра пераход манахаў у Унію. Ва ўсялякім разе, на пачатку XVIІІ ст. манастыр ужо згадваецца як базыльянскі. Найранейшае сведчанне пра наяўнасць у ім кніг датуецца 1711 г. і звязана з перапісам маёмасці, што засталася па памерлым настаяцелі а. Казіміру Завадскім і была перададзена манастыру13. У прыватнасці, названы 23 тытулы манускрыптаў і выданняў духоўнага зместу, якія, у сваёй большасці, прысутнічаюць і ў пазнейшых рэестрах бібліятэкі. Хоць не заўсёды можна адназначна меркаваць пра іх мову, аднак нават наяўная інфармацыя дазваляе сцвярджаць, што сярод пералічаных кніг ужо пераважаюць польскія, на другім месцы паводле колькасці — кірылічныя (царкоўна-славянскія і старабеларускія), лацінскіх жа найменей — адна ці дзве.

Поўную карціну цэперскіх кнігазбораў найраней дае інвентар 1760 г., які быў складзены пры настаяцелі Гераніму Манкевічу. Ён змяшчае два рэестры: «Księgi Cerkiewne» i «Biblioteka Klasztoru Ceperskiego».14 Як мы ўбачым далей, такі падзел даволі характэрны для базыльянскіх (а, зрэшты, і не толькі!) манастыроў: у першым з іх указаны кнігі, што знаходзіліся пры манастырскай царкве і выкарыстоўваліся на набажэнстве, а другі рэпрэзентуе бібліятэку, прызначаную для чытання манахаў.

Тытульны аркуш выдадзенай у 1722 г. кнігі Лявона Кішкі «Собраніе припадков», якая сустракаецца ці не ў кожным базыльянскім зборы.
Фота А. Крапіўкі.
Першы спіс прадстаўляе шырокі пералік кніг, патрэбных на літургіі: наалтарныя Евангеллі, рознага роду службоўнікі, псалтыры, трыёдзі кветныя і посныя, трэбнікі, ірмалоі, мінеі, акафісты і інш. (у т. л., 2 рымскія Імшалы) — агульнай колькасцю — 31 том. У другім спісе пералічваюцца 119 пазіцый у 132 тамах, але рэальны аб’ём фонду павінен быць значна большы, паколькі часам адна пазіцыя можа змяшчаць, прынамсі, некалькі выданняў пры тым, што ў графе «колькасць» пазначана: «1» (напр., «Torba panegirików — 4to — 1»). Кнігі пададзены суцэльным спісам, з указаннем фармату і колькасці тамоў. Вялікая колькасць лацінамоўных выданняў сведчыць пра тое, што асноўнае ядро бібліятэкі стваралася яшчэ ў XVIІ ст., бо пазней польскія кнігі пачынаюць выразна прэваліраваць над лацінскімі як у айчынным кнігавыданні, так і ў камплектаванні бібліятэчных фондаў.

Асноўнымі рысамі, якія вылучаюць базыльянскія зборы сярод іншых каталіцкіх, з’яўляюцца, па-першае, наяўнасць кірылічнай літаратуры; па-другое, абавязковая прысутнасць твораў (перадусім, статутаў манаскага жыцця) Базыля Вялікага; і, па-трэцяе, палемічныя тэксты і кнігі, прысвечаныя ўсходняй традыцыі і уніяцкай тэматыцы. Цэперскі манастыр не быў у гэтым сэнсе выключэннем. Згадаўшы, што ў яго бібліятэцы захоўваліся ажно ў 3-х паасобніках «Ustawy S. Bazylego», пералічым таксама сярод іншых такія кнігі, як «Wiara Prawosławna», «Relatio Coronationis B[eati]: V[irginis]: M[ariae]: Zyro[viciensi]», «Jozafatidos», «Antidotum contra Antidotum» і інш.

Асаблівасцю гэтага каталога Цэперскай бібліятэкі была наяўнасць вялікай колькасці рукапісаў, напрыклад, «Miscellanea charact: Gottico» (г. зн., нейкі рукапісны зборнік гатычнага пісьма) ці «Xiążka pisana sub Tit[ulo]: Krótka Nauka». Яны складаюць досыць значную частку бібліятэчнага фонду — не менш за 10%, паводле колькасці пазіцый, таго крытэрыя, які дае паказнікі ніжэй сапраўдных («Torba Rozmaitey Mater: pisana — 1», «Manuscripta rozne — 4to — 1», «Manuscripta varia — 4to — 1»).

У бібліятэцы пераважае літаратура для пабожнага чытання («Cuda N. Panny po Rusku», «Xiążka o postкpowaniu w Doskonaіosci»), прапаведніцкія творы («Kazania N. Pannie sub Tit. Gospodyni», «Kazania o Męce Pańskiey»), тэалагічныя трактаты («Teologia Moralna pisana», «Tractatus Theologici 4to Libri»), розныя падручнікі і дапаможнікі («Alwar», «Tabula Rhetoricae», «Obraz Prawdziwego Kapłana»), жыцці святых («Żywoty Swiętych», «Żywot S. Onufryusza); ёсць таксама літургічныя кнігі, у т. л. лацінскія («Ewangelia Ruska pisana», «Officium Defunctorum»), і нават — «не-кніга» ў бібліятэчным разуменні: «Metryka Chrztów y Slubów». Ёсць і некалькі выданняў на італьянскай мове, прысутнасць якіх можна патлумачыць тым, што хтосьці з тутэйшых манахаў вучыўся ў Рыме (што не было занадта рэдкай з’явай).

Сярод пазначаных у рэестры тытулаў твораў і імёнаў аўтараў шмат такіх, якія часта сутракаюцца ў інвентарах іншых манастырскіх бібліятэк: «Cedr Mistyczny», «Lutnia Apolinowa», некалькі выданняў вядомага твора Тамаша Кэмпійскага (Thomas á Kempis) і г.д. Некаторыя пазіцыі можна з вялікай ступенню верагоднасці атрыбутаваць: так, у прыватнасці, «Messyasz Prawdziwy Jezus Xtus» — гэта, хутчэй за ўсё, кіеўскае 1672 г. выданне аднайменнага твору Янікія Галятоўскага (паколькі пры кірылічных кнігах зазвычай пазначана «Ruski» — як, напр., «Lexykon Ruski in 4to», а тут гэтага пазначэння няма).

Рэдкай вартаснай характарыстыкай гэтага інвентара ёсць тое, што ў ім на палях дадаткова пазначаліся кнігі, якія паступілі ў гады настаяцельства Манкевіча — такім чынам, можна прасачыць рух фонду і даведацца пра крыніцы новых паступленняў. Так, пры першым спісе пазначана: «Przybył Oktoich in folio druku poczajewskiego Mszalik druku Supraskiego i Medytacye», а пры другім: «Po zeszіym w Bogu Janie Janczynskim przybyło do Biblłoteki ...» — і пералічана 12 тытулаў пераважна духоўнай літаратуры і падручнікаў.

Тытульны аркуш працы Карнэля з Ляпіды — «Commentarii in Apocalipsin S. Ioannis Apostoli» («Каментары ў Апакаліпсісе св. Яна Апостала». Венецыя, 1700).
Фота А. Крапіўкі.
Паводле інвентару 1789 г., складзенага пры ўступленні на настаяцельскую пасаду Кірыла Граковіча, спіс літаратуры, што захоўвалася ў царкве, крыху зменшыўся за кошт трыёдзяў кветных, акафістаў і некаторых іншых назваў. Пры тых жа, што засталіся, пазначана: «A wszystkie te Xięgi stare i niektóre z nich wcale podarte...»15. Стан захаванасці бібліятэчнага фонду — лепшы, але новых паступленняў і тут няма: «Xięgi Biblioteki Ceperskiey // w Starodawney liczbie swoyey i w nieodmiennym porządku swoim dawnieószym zostają...»16.

Затое а. Аляксандр Казмінскі, прымаючы кіраванне манастыром, застаў у снежні 1797 г. ужо істотныя змены ў складзе бібліятэкі: у інвентары бібліятэкі пазначаны 75 пазіцый у 84 тамах (праўда, зноў фігуруюць дзве «торбы»: «Torba Ksiąg pisanych» i «Torba Ksiąg drukowanych podartych»).17 Але са спісу ўжо цалкам зніклі кнігі кірылічныя. Падобным чынам справа выглядала і пазней — у 1800 годзе. Хаця часткова адноўлены страчаныя ў 1789 г. царкоўныя кнігі — трыёдзь кветны, акафісты (незразумела, ці то знайшліся колішнія ці то набыты новыя), але ў рэестры бібліятэкі не названа аніводнага кірылічнага выдання ці рукапісу. Такое раптоўнае знікненне іх з карыстальнага фонду бібліятэкі менавіта ў 90-я гг. XVIII ст. нельга не звязаць з падзеламі Рэчы Паспалітай і адыходам беларускіх земляў да Расіі. Напэўна, адчуваючы сябе грамадзянамі Рэчы Паспалітае, прызвычаенымі да лацініцы, манахі атаясамлівалі кірыліцу з акупацыйным рэжымам і выказвалі такім чынам сваю нязгоду адносна тагачасных падзеяў. Дзеля справядлівасці, аднак, трэба адзначыць, што ў інвентары 1808 г. кірылічная кніга вяртаецца ў бібліятэчны фонд і згадваецца сярод іншых: «Biblioteka ... złożona jest na Półkach w Stancyi Kaznodzieyskiey, składa się z rozmaitych Autorów w roznych Materyach piszących na Dialektach: Łacińskim, Włoskim, Słowiańskim i Polskim; zawiera w Sobie Ksiąg in Folio, 8vo y Mnieyszych Drukowanych — 138. Rękopismów Łacińskich, Sіowiaсskich i Polskich — 28»18. Відаць, гэта дэлегат правінцыяла, які перадаваў манастыр у кіраванне новага настаяцеля — а. Дыяніса Ладзінскага — загадаў разабраць згаданыя у вышэй цытаваных інвентарах «торбы», паколькі ў сваіх рэкамендацыях манастыру ён звяртае ўвагу на неабходнасць складання дакладнага каталогу бібліятэкі19.

Да XIХ ст. колькасць кірылічных кніг у бібліятэчных фондах зводзіцца да мінімуму амаль ва ўсіх базыльянскіх манастырах. Возьмем, напрыклад, «Wiadomo/ć o Klasztorze Zakonu S. Bazylego W. Logoyskim» 1822 г., што зберагаецца сярод матэрыялаў Беларускай грэка-уніяцкай кансісторыі ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва20. Так, у прыватнасці, у адной з закрыстыяў манастырскае святыні захоўваліся «Księgi do nabożeństwa służące»,21 а сама бібліятэка была змешчана на паліцах у «Garderobce przełożeńskiej» (відаць, маецца на ўвазе не шафа, а нейкая камора пры келлі настаяцеля, бо там перахоўваліся і іншыя каштоўныя рэчы і нават прадукты)22. У першым спісе пералічаны кірылічныя (наколькі можна пра гэта меркаваць з не заўсёды дэтальнага запісу) кнігі, патрэбныя для набажэнстваў: наалтарнае Евангелле, службоўнікі, актоіх, трэфалой, ірмалой, трыёдзі і інш. — агульнай колькасцю 26 тамоў. Адзінай, як здаецца, лацінскага шрыфту і, разам з тым, адзінай нелітургічнай кнігай, з’яўляюцца не акрэсленыя бліжэй «Medytacye», якія выкарыстоўваліся, відаць, для падрыхтоўкі казанняў.

Аўтар дакумента адзначае, што бібліятэка «з невялікага ліку кніг складаецца»23 — мабыць, маючы на ўвазе неадпаведнасць аб’ёму яе фонду статусу кляштара, які знаходзіўся ў досыць буйным мястэчку з даўнімі гістарычнымі традыцыямі. І сапраўды, бібліятэка, у гэтым сэнсе, не была надта вялікай: інвентар змяшчае 58 пазіцый у 76 тамах (прычым апошняй пазіцыяй указаны рэестр даходаў і выдаткаў!). Кнігі размешчаны без падзелу на прадметныя рубрыкі, але ў паслядоўнасці тэмаў і жанраў. Пачынаецца спіс з выданняў кніг Святога Пісання, а менавіта з 3-тамовіка «Biblia Sacra». Далей пералічваюцца жыццяпісы святых («Fasti sanctorum» Мараўскага, «Vitae sanctorum»), катэхізмы (у прыватнасці, «Katechizm Rzymski»), рознага роду службоўныя выданні («Officium do nabożeństwa», «Rozmaite nabożeństwa»), трактаты па біблійнай гісторыі, тэалогіі маральнай і дагматычнай (напр., «Compendium Theologiae Moralis»), зборнікі казанняў, падручнікі па алгебры і граматыцы, творы антычнае класікі, канстытуцыі сеймаў і інш. З найбольш вядомых выданняў можна назваць «Пра наследаванне Хрыста» Тамаша Кэмпійскага, «Ambonę Ducha Świętego» ці «Cedr Mistyczny» ў перакладзе кс. Занкевіча, кнігі Бжастоўскага, Гудрыя, Шэмбека, Ляроша і інш. Пераважная большасць кніг — на лацінскай і польскай мовах; як кірылічныя могуць быць адназначна акрэслены толькі «Ewangelia w języku Sіowiańskim» i «Katechizm o Sakramentach w języku Slowiańskim», з меншай жа верагоднасцю — яшчэ адна-дзве кнігі.

Больш ці менш падобная сітуацыя была ў іншых базыльянскіх кляштарах, напр., у Брагіна-Сялецкім, што знаходзіўся ў в. Сялец Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Яго інвентар быў складзены ў 1834 г. у сувязі са скасаваннем кляштара і перадачай яго маёмасці ў распараджэнне прывялебнага Мялета Сержпутоўскага, рэктара новастворанай Ляданскай семінарыі24. Згаданы інвентар, між іншымі рэестрамі царкоўных рэчаў, таксама мае ў сваім складзе два кніжныя спісы: 1) літаратуры літургічнай, азагалоўлены як «Xięgi chorowå» — хоць побач з выданнямі спеўнага характару ў ім і змешчаны службоўнікі; 2) уласна бібліятэкі. Гэтаксама, як у лагойскіх дакументах, першы спіс пералічвае, галоўным чынам, кірылічныя кнігі (у крыху меншым аб’ёме — 20 тамоў)25. Другі, зноў жа, амаль напоўніцу складаецца з лаціна- ды польскамоўнай літаратуры і змяшчае 89 пазіцый у 168 тамах26, што паводле аб’ёма фонду ўдвая пераўзыходзіць аналагічны лагойскі. Кнігі ў ім размеркаваны паводле тэматычных раздзелаў: «Святое Пісанне», «Тэалогія», «Канстытуцыі», «Аскеты», «Казнадзеі» і «Рознае»; таксама адмыслова пазначаны кнігі, друкаваныя гатычным шрыфтам, а ў апісанні часта падаецца месца і год выдання. Аднак, што да складу фонду, дык тут больш падабенстваў, чым адрозненняў ад разгледжанага вышэй.

Першы раздзел змяшчае 5 выданняў біблійных кніг, прычым 3 з іх — у перакладзе кс. Вуйка, і сярод іх найранейшая датаваная кніга збору (Nowy Testament. Kraków, 1647). Наступны раздзел прысвечаны тэалагічным працам; ён найбольшы з усіх і змяшчае шмат кніг, якія захоўваюцца таксама ў Лагойску, у іншых кляштарных бібліятэках. Назавем сярод іх, напрыклад, «Tractatus theologicus» Б. Буяльскага, «Hasło Zbawienne» і «Rozmowy Katechiczne» Шчуроўскага, «Katechizm Rzymski». Раздзел «Канстытуцыі» змяшчае статуты Базыля Вялікага і, як у Лагойску, «Szkoła Bazyliańska», а «Аскеты» — пабожныя творы, жыцці святых, а таксама медытацыі і духоўныя практыкаванні: «Medytacye» Руджыэры, «Zbiór żywotów świętych» Важынскага, «Posąg Duchowny» Занкевіча, «Ćwiczenia duchowne Swiętego Oyca Franciszka». Пад рубрыкай «Казнадзеі» сабраныя прапаведніцкія творы і падручнікі па іх складанні, сярод аўтараў якіх Масільён, Карчынскі, Высоцкі, Скарга, Бальсам. Указана тут і адна кірылічная рукапісная кніга — «Manuscrypt kazań Chryzostoma po rusku» (трэба думаць, «Златавуст»). Некалькі кірылічных кніг прысутнічае і ў апошнім раздзеле — «Рознае»; тут згадваюцца пэўныя «Kazania po Sławiańsku» без пачатку, чарнігаўскага выдання служэбнік і яшчэ два кірылічныя рукапісы — «Служба Преображенію» і «Канон Богородице». Наколькі можна меркаваць паводле выходных дадзеных, большасць выданняў убачыла свет у XVIІІ ст., прычым як у айчынных (Супрасль, Вільна), гэтак і ў каронных (Кракаў, Познань, Люблін, Перамышль) і заходнееўрапейскіх (Бамберг, Інгальштадт, Кёльн) друкарнях.

Звернем яшчэ ўвагу на пазнакі, характэрныя для базыльянскіх збораў. Зазначым адразу, што іх правененцыі часцей за ўсё маюць два тыпы: гэта ўладальніцкія інскрыпцыі і надпісы, якія інфармуюць пра пакупку ці перадачу дадзенай кнігі для кляштарнай бібліятэкі. Да першага тыпу належыць хоць і запісаная на лаціне, але пааркушовым чынам, інскрыпцыя (відаць, рэлікт усходняе традыцыі), якая прысутнічае на кнізе «Elementa algebrae», што некалі належала базыльянскаму кляштару ў Талачыне, а цяпер захоўваецца ў сектары старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі «Ex // Libris // Bibliothecae // Monasterij // Tolocinensis // PPP[atrum] // Basilianorum»27. Заўважым, што галоўнаму бібліятэкару аддзела кнігазнаўства Нацбібліятэкі Н. І. Раманавай удалося выявіць у фондах НББ яшчэ 22 кнігі талачынскага паходжання: гэта выданні канца XVIІІ — першай трэці ХІХ ст. на польскай і рускай мовах з запісамі азначанага часу (1788–1833)28. Даследчыца дзеліцца цікавымі назіраннямі над мовай правененцыяў з гэтых кніг: спачатку запісы рабіліся на лаціне, потым — паралельна на лаціне і па-руску, далей усё запаланіла руская мова, і толькі адзін запіс 1833 г. зроблены на лаціне, але кірыліцай29. Такім чынам, бачна, як пад канец існавання Уніі паступова ўваходзяць у свае правы новыя рэаліі, і ў базыльянскіх кляштарах пачынае панаваць руская мова. Натуральна, што пасля пераводу ў 1839 г. грэка-каталіцкага духавенства ў праваслаўе, манастыры становяцца цалкам рускамоўнымі. Гэтую тэндэнцыю мы можам назіраць і ў надпісах іншых асяродкаў, як, напрыклад, віцебскага Маркавага манастыра.

У прыватнасці, на парыжскім 1675 г. выданні твораў Тэртуліяна з колішніх яго збораў прысутнічае некалькі інскрыпцыяў, ранейшая з якіх зроблена ў канцы XVIІ ці ў XVIІІ ст. на лаціне («Bibliothecae Monasterii Vitebscensis Sanctissimus Trynitas Marcoviensis»), а дзве іншыя — у ХІХ ст. па-расейску («Изъ // чи//сла // книгъ // Ви-//теб-//скаго // Мар-//ко-//ва // пер-//во-//класс-//на-//го // Свя-//то //Троиц-//каго // Мо-//на-//сты-//ря» і «Марковск. мон.»)30.

Пра дарунак ці перадачу кніг у манастыр часцей за ўсё сведчыць лацінскае «Applicatus» (або «Applicatur»), а таксама вытворнае ад яго польскае «Aplikowаnу». Напрыклад, на тытульным аркушы згаданага вышэй падручніка алгебры маецца яшчэ адзін лацінскі запіс, які паведамляе пра перадачу выдання ў бібліятэку гэтага манастыра з нейкай іншай установы (можа, з мясцовай езуіцкай місіі — як было з некаторымі іншымі кніжкамі): «Applic[atus] Bibliothecae / Congr[egationis] Tol[ocinensis]. / 1790». А інскрыпцыя на кёльнскім 1680 г. выданні кніг «Mundus symbolicus» гаворыць, што «Mundus symbolicus Monasterii Orsensis OSBM ab Ill[ustrissi]mo Josepho Lepkowski Arci Ep[pisco]po Smole[nscensi]s Abbato Onuphr[iensis] Fundatore Applicatus. 1770.». Мы сустракаем гэты тэрмін і ў мяшаным польска-лацінскім запісе з канца XVII ст., які знаходзіцца на кнізе Ірынея Ліёнскага «Adversus Valentini…» (Coloniae Agrippinae, ‹I›.I›. XCVI) са збораў Нацбібліятэкі Беларусі: «Emptus Ex bibliotheca Vilnen[sis] A[nn]° 1777 a R[everendo] D[omino] Antonio Aleszkiewicz, Praep[osito] Illuxtano / Applicatur bibliothecae Domus Illuxtanae / Zaplocono Zlt [Zіotych] 14»31 (у мястэчку Ілюкшты Полацкага ваяводства быў базыльянскі кляштар імя св. Язафата Кунцэвіча).

Так каротка можна характарызаваць базыльянскія кнігазборы.

 


  1. Археографический сборникъ документов, относящихся к истории Северно-Западной Руси/ Изд. при Упр. Вилен. Учеб. Окр. Вильна, 1870. Т. 9.
  2. Гл., напр.: Щавинская Л. Л. Литературная культура белорусов Подляшья ХV–ХІХ вв.: Книжные собрания Супрасльского Благовещенского монастыря. Мн., 1998. С. 128–162.
  3. Тут і далей у артыкуле ўсе цытаты і назвы кніг даюцца паводле арфаграфіі арыгінала.
  4. Археографический сборник… С. 49–55.
  5. Гл.: Морозова Н., Темчин С. Древнейшие рукописи Супрасльского Благовещенского монастыря (1500–1532 гг.) // Z dziejów monasteru Supraskiego: Materiaіy międzynar. konf. nauk. «Supraski monaster Zwiastowania Przenajඑwiętszej Bogarodzicy i jego historyczna rola w rozwoju społeczności lokalnej i dziejach państwa» (Supraśl-Białystok, 10–11 czerwca 2005 r.) Białystok: Oikonomos, 2005. S. 117–139.
  6. Археографический сборник… С. 185–205.
  7. Щавинская Л. Л. Литературная культура белорусов Подляшья ХV–ХІХ вв.: С. 83.
  8. Археографический сборник… С. 229–243.
  9. Николай (Долматов), архим. Супрасльский Благовещенский монастырь: Ист.-стат. описание. СПб., 1892. С. 562–563.
  10. Гл.: Щавинская Л.Л. Тамсама. С. 149–162.
  11. Тамсама. С. 86–97.
  12. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей НГАБ): ф. 694, воп. 14, спр. 34, т. 1, арк. 111 адв.
  13. Тамсама, т. 2, арк. 429.
  14. Тамсама, т. 2, арк. 462 адв. — 463 адв.
  15. Тамсама, т. 1, арк. 159 адв.
  16. Тамсама, т. 1, арк. 162-162 адв.
  17. Тамсама, т. 1, арк. 155 адв. — 156.
  18. Тамсама, т. 1, арк. 167.
  19. Тамсама.
  20. НГАБ: ф. 32, воп. 2, спр. 263, арк. 73-79.
  21. Тамсама, арк. 76.
  22. Тамсама, арк. 77 адв. -78.
  23. Тамсама, арк. 77 адв.
  24. НГАБ: ф. 32, воп. 2, спр. 263, арк. 26.
  25. Тамсама, арк. 31.
  26. Тамсама, арк. 32 адв. — 34 адв.
  27. Шыфр 512/Е43.
  28. Романова Н.И. Библиотека толочинских базилиан: (По материалам коллекции отдела коллекции рукописей, старопечатных и редких изданий Национальной библиотеки Беларуси) // Матэрыялы Другіх кнігазнаўчых чытанняў: «Кніжная культура Рэчы Паспалітай» (Мінск, 15–16 вер. 2000 г.) Мн.: Красіка- Прынт, 2002. С.157–162.
  29. Тамсама. С.159–160.
  30. НББ, шыфр 094/4136К.
  31. Шыфр: 094/356К.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY