Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(84)/2018
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Дыскусія

НОВАЯ ЎСПРЫМАЛЬНАСЦЬ КАСЦЁЛА?

«СТАТАК ВЕДАЕ, КУДЫ ІСЦІ»
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Асобы
Мастацтва

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Постаці

ХІЛЬДЭГАРДА БІНГЕНСКАЯ
Паэзія

ВЕРШЫ

НЕБА СЯГНУЦЬ
Успаміны
На кніжнай паліцы

«ПЕРАКАЖЫЦЕ ГЭТА ДАЛЕЙ»
In memoriam

СЛОВА ЎДЗЯЧНАСЦІ
Спадчына

З КАГОРТЫ ПАЧЫНАЛЬНІКАЎ
Літаратурная спадчына

СТВАРАЮЧЫ ЖЫВЫЯ ВОБРАЗЫ

ЗА І СУПРАЦЬ
Культура
Архітэктура

Андрэй ШПУНТ

КНЯГІНЯ МАГДАЛЕНА РАДЗІВІЛ — ВЯЛІКАЯ БЕЛАРУСКАЯ МЕЦЭНАТКА

17 лютага 2018 года прах княгіні Магдалены Радзівіл нарэшце атрымаў вечны спакой у касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску. Святую Імшу ў гэты дзень узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Пачэсныя астанкі не сустракала ганаровая варта, іх не везлі на лафеце праз увесь горад — замест гэтага была шматмесячная бюракратычная валакіта паміж Касцёлам і дзяржаваю адносна месца апошняга спачыну княгіні. Напэўна, значэнне гэтай жанчыны, якая трымала на сваіх слабых плячах наша нацыянальнае адраджэнне, кульмінацыяй якога стала абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, будзе ўсвядомлена і адзначана ў поўнай меры толькі тады, калі краіна ўпрыгожыцца ў свае нацыянальныя колеры.

Над жыццяпісам княгіні працавалі такія асобы як а. Аляксандр Надсан, Уладзімір Арлоў, Віктар Хурсік ды іншыя аўтары, але шматлікія публікацыі не робяць яе імя дастаткова вядомым: не кожны знаходзіць у сабе сілы і жаданне даваць спажытак для розуму, па́даючы ахвярай інфармацыйных войнаў, мас-культуры і ліберальных каштоўнасцяў. Тым не менш, на сённяшні дзень толькі друкаванае слова, як і ў часы нашага адраджэння, усё яшчэ застаецца асноўным сродкам падтрымання нацыянальнай памяці. Дык няхай яно будзе той gutta cavat lapidem, што ўрэшце прывядзе да поўнага выкарыстання ўсіх магчымасцяў для таго, каб Беларусь стала той Беларуссю, аб якой марыла княгіня Магдалена Радзівіл.

Магдалена Радзівіл
у маладосці.

Яна нарадзілася 8 ліпеня 1861 года ў сям’і Яна Казіміра Кезгайлы-Завішы герба «Лебедзь» і Марыі з Квілецкіх. Бацька забяспечыў дачцэ выдатнае хатняе выхаванне, а сам займаўся археалогіяй Беларусі і стаў пачынальнікам вывучэння эпохі каменнага веку на землях нашай краіны.

Ва ўзросце 20-ці гадоў Магдалена ўзяла шлюб з 49-гадовым удаўцом, уладальнікам мноства маёнткаў у Польшчы і Беларусі, конезаводчыкам, калекцыянерам антыкварыяту і грамадскім дзеячам, графам Людвікам Юзафам Адамам Красінскім. У гэтым шлюбе ў 1883 г. нарадзілася Марыя Людвіка — у будучыні княгіня Чартарыйская.

Пасля смерці бацькі ў 1887 г. і мужа ў 1895 г. да Магдалены з Завішаў Красінскай перайшла частка вялікай спадчыны — уладанні ў Вялікай Польшчы, нерухомасць у Варшаве і ў Беларусі, маёнткі Кухцічы (цяпер пас. Першамайск Уздзенскага раёна) і Жорнаўка ў Ігуменскім павеце.

Добрая каталічка, сціплая ў асабістых патрэбах, яна занялася шырокай філантрапічнай дзейнасцю, у прыватнасці (цяжка пералічыць усе яе дабрадзействы) фундацыяй касцёла на вул. Манюшкі ў Варшаве, шпіталя і дзіцячага прытулку ў Менску.

Рафал Мікалай Вацлаў Радзівіл.

Яе дабрачынная дзейнасць прыпала якраз на новы ўздым беларускага нацыянальнага адраджэння, сацыяльнай базай якога было сялянства і блізкая да яго шляхта, што ўзначаліла гэты рух. (Не г.зв. пралетарыят, а менавіта сялянства з яго традыцыяналізмам было той стыхіяй, адкуль чэрпалі сілы еўрапейскія нацыянальныя рухі.) У спадчыну ад бацькі Магдалене Радзівіл дасталіся не толькі матэрыяльныя багацці, але багацці духоўныя, зацікаўленасць культурай і гісторыяй беларускага народа, што знайшло сваё ўвасабленне ў выкананні чацвёртай Божай запаведзі, бо шанаванне бацькоў неадрыўнае ад шанавання Бацькаўшчыны. Моцны імпульс да гэтага быў атрыманы 30 красавіка 1906 года, калі Магдалена з Завішаў Красінская ўзяла другі шлюб з 26-гадовым драгунскім ротмістрам Рафалам Мікалаем Вацлавам Радзівілам, унукам ХІІ ардыната нясвіжскага і алыцкага Фрыдрыха Вільгельма, сынам маёра прускіх войскаў і расійскага камер-юнкера Вільгельма Адама і Кацярыны з Жавускіх. На ацалелых фота, хаця і не выдатнай якасці, можна без цяжкасцяў разгледзець, што Рафал Мікалай Вацлаў быў прыгожым чалавекам. Гэта была прыгажосць тых афіцэраў, якія пад барабанны дробат, пад шалясценне чорных сцягоў з выяваю мёртвай галавы ва ўвесь рост ідуць на кулямёты, як у фільме «Чапаеў». За сваё кароткае жыццё ён паспеў паваяваць у англа-бурскай, руска-японскай і балканскіх войнах. Зацікаўленасць Рафала Мікалая Вацлава беларускім фальклорам сфармавала яго рэпутацыю сялянафіла і русафіла — ярлыкоў, што былі прыклееныя і да яго жонкі. Байкот польскага грамадства, якое на абшарах былога Вялікага Княства Літоўскага лічыла ўсіх, хто не паляк, рускімі, толькі паспрыяў гучнай дэкларацыі княгіні Радзівіл аб тым, што яна «беларуска-літоўскага паходжання, таксама, як мой муж, а полькай цалкам сябе не лічу». Гэтыя словы былі надрукаваныя ў 1912 г. у газеце «Минское русское слово» ў адказ на абвінавачванні з расійскага боку ў паланізатарскай дзейнасці, убачанай толькі ў тым, што княгіня прыкладала высілкі, каб знайсці ксяндза ў маёнтак Лапічы Мінскай губерні. Дарэчы, уладанні гэтай пары Радзівілаў (Кухцічы, Узда, Каменка) вызначаліся выдатнай гаспадаркай, вядзенню якой не перашкаджала беларускае справаводства, школы і іншыя справы, скіраваныя на выхаванне нашага народа, каб быў сапраўдным народам. Дзейнасць сужэнцаў не абмяжоўвалася толькі гэтым, а распаўсюджвалася на нацыянальныя арганізацыі розных кірункаў, толькі б рабілі дабро для агульнай справы на рэлігійнай, культурнай і палітычнай нівах. Дзякуючы таксама намаганням княгіні Магдалены Радзівіл сталі шырока вядомымі імёны нашых класікаў — Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Цёткі, Янкі Купалы, Якуба Коласа. У знак удзячнасці на выданнях, якія выйшлі на грошы княгіні, змяшчалася выява эмблемы з лебедзем, што нагадвала пра яе радавы герб. На яе сродкі выдаваліся кнігі і газеты: дастаткова прыгадаць першы беларускі малітоўнік «Бог з намі», кнігі выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца», каталіцкую газету «Беларус». У яе доме ў Менску і ў палацы ў Кухцічах збіраліся беларускія палітыкі Раман Скірмунт, Вацлаў Іваноўскі, Аляксандр Уласаў, браты Іван і Антон Луцкевічы.

Выбух Першай сусветнай вайны адразу прынёс Магдалене Радзівіл цяжкую страту. Наш зямляк з Друскенікаў, дэпутат Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Віленскай губерні Іпаліт Корвін-Мілеўскі ва ўспамінах пісаў: «Ахвяры множыліся; загінуў не забіты, але закатаваны на вуліцы малады кавалергард Галынскі, за што расійскі палкоўнік загадаў расстраляць 100 цывільных бошаў. Загінуў герой японскай вайны, малады, вельмі сімпатычны, хаця па-сапраўднаму абмаскалены князь Мікалай Радзівіл». Гэта адбылося 17 лістапада 1914 года ва Усходняй Прусіі пад Малвішкенам. Булак-Балаховіч, які ваяваў тады добраахвотнікам у 2-м Курляндскім уланскім палку, у размове з Корвінам-Мілеўскім у адказ на пытанне, «як там на фронце?», паведаміў, што ў рускіх два кулямёты на батальён, а ў немцаў чатыры на роту.

Цела князя было прывезена і пахавана ў Кухцічах, абмытае слязьмі жонкі і дзеячаў нацыянальнага руху. Алаіза Пашкевіч усклала на яго труну хвойны вянок з вялікай стужкай нацыянальных колераў, а газета «Беларус» адгукнулася некалькімі палосамі з партрэтам святой памяці нябожчыка...

Вайна паскорыла гібель Расійскай імперыі. Пачатковая спроба бальшавікоў замацавацца на яе абломках на нашых землях скончылася ўцёкамі перад наступам германскіх войскаў, і вось тады 25 сакавіка 1918 года ў Менску была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Знаходзячыся пад аховаю, а хутчэй пад акупацыяй немцаў, бо ў Берліне Беларусь разглядалі не болей як заклад пад кантрыбуцыю, што абавязалася выплаціць РСФСР, маладая дзяржава не здолела супрацьстаяць бальшавікам пасля сыходу немцаў, пацярпеўшых летам няўдачу на Заходнім фронце, а затым і ўвогуле ў лістападзе страціўшых сваю імперыю.

Магдалена Радзівіл.
Фотаздымак 1940-х гадоў.

Знішчэнне БНР як дзяржавы не азначала духоўнай паразы — яна засталася прыгожым, узвышаным сімвалам. Больш за тое, менавіта ў сферы культуры і асветы за некалькі месяцаў існавання Рэспублікі былі дасягнуты значныя поспехі, і не трэба было ўсялякіх там «мяккіх» ды іншых незразумелых «беларусізацый». Гэта былі тыя ідэалы, гарачай прыхільніцай якіх заўсёды выступала княгіня Магдалена Радзівіл і яе муж. Эдвард Вайніловіч піша ва ўспамінах, што яшчэ ў 1917 годзе, адразу пасля падзення манархіі, галоўнай думкай беларускага нацыянальнага руху было абудзіць нацыянальную свядомасць беларусаў, каб адасобіць, адлучыць іх ад Масквы і выбавіць спакойны, здаровы ў сваіх паняццях беларускі народ ад анархіі, што ўсё глыбей пачынала пускаць карані ў Расіі. «На тых сходах, — адзначае Вайніловіч, — адным з найбольш шавіністычных членаў была кн. Магдалена Радзівіл, <…> уладальніца вялікіх абшараў на Міншчыне, што ў маёнтках Кухцічы, Жорнаўка і г.д. засноўвала нацыянальныя беларускія школкі і сваімі фундацыямі шчодра падтрымлівала беларускі рух». Зразумела, што пад «шавінізмам», ведаючы, хто такая княгіня Радзівіл, разумеўся той здаровы беларускі нацыяналізм, патрыятызм, які так патрэбны сёння нашаму грамадству.

Пасля захопу Менска бальшавікамі княгіня Магдалена Радзівіл ад’ехала ў Варшаву, дзе для выратавання Бацькаўшчыны безвынікова спрабавала знайсці падтрымку польскай арыстакратыі, меўшай уладанні на нашых землях, у ідэі адраджэння дзяржаўнай Уніі Польшчы і Беларусі. Не дзіўна, што яна пацярпела паразу, калі яе пацярпеў нават Пілсудскі са сваімі федэралісцкімі памкненнямі, саступіўшы польскім «правым» і сапраўдным шавіністам.

Княгіня Магдалена Радзівіл была вялікаю дабрадзейкаю для Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі. У той час, калі Касцёл яшчэ не стаў апірышчам беларускасці, духоўным гарантам яе існавання, якім ёсць сёння, неабходнасць Уніі ўсведамлялася ў тым ліку як спроба мець сваю нацыянальную Царкву ў супрацьвагу паланізацыі і русіфікацыі. Вялікае ахвяраванне Магдалены Радзівіл — брыльянтавае калье (прададзенае пазней па самым нізкім кошце, а тады гэта была вельмі вялікая сума — 15 тыс. даляраў) і пярсцёнак, перададзеныя ў рукі групкі беларускіх ксяндзоў па волі фундатаркі, павінна было забяспечыць стварэнне ў Рыме ўніяцкага беларускага калегіума. Справа сутыкнулася з цяжкасцямі, што зафіксавана ў перапісцы княгіні з рознымі асобамі (хто зацікаўлены, раім прачытаць кнігу а. Аляксандра Надсана «Княгіня Радзівіл і справа адраджэння Уніі ў Беларусі» (Менск, 2006) і артыкул кс. Вячаслава Пялінка MIC «Калье Магдалены Радзівіл» («Наша Ніва», № 11, 12 ад 19.03.2001 г.), у якіх сутыкаюцца розныя погляды на гэтую гісторыю).

Вялікі крыж Гедыміна.

Неразуменне і непрыхільнае стаўленне польскага грамадства, што праяўлялася, напрыклад, у адмове прызнання пашпарта Грамадзянскай адміністрацыяй Усходніх земляў падчас польскай акупацыі ў 1919 г., калі княгіня спрабавала вярнуцца ў Менск, ці напады прэсы ў сувязі з продажам нерухомасці ў Варшаве габрэйскай абшчыне, прымусілі яе пакінуць Польшчу. У 1922 г. яна пераехала ў Коўна. Урад Літоўскай Рэспублікі, прыгадаўшы заслугі княгіні Радзівіл (а яны былі немалыя, напрыклад, пабудова ў 1912 г. у Лондане касцёла, дапамога летувіскай гімназіі ў Марыямпалі і г.д.) узнагародзіў яе вялікім крыжам Гедыміна. Потым былі Кёнігсберг, Бадэсберг на Рэйне і, нарэшце, у 1932 г., Фрыбург у Швейцарыі. Ад былога багацця, трапіўшага ў бальшавісцкія лапы, засталіся адны парэшткі, але нават і іх княгіня ахвяравала на беларускія арганізацыі ў Польшчы і фундацыю ў Варшаве дзвюх пачатковых габрэйскіх школаў, што не засталося не заўважаным у польскай прэсе, якая ўпарта называла Магдалену Радзівіл «польскай княгіняй», «фундатаркай габрэйскіх школ».

Вялікая беларуская мецэнатка скончыла свой зямны шлях 6 студзеня 1945 года ў Фрыбургу, у кляштары дамініканак.

У мностве публікацый пра Магдалену Радзівіл створаны ўзвышаны вобраз, хоць і пазбаўлены многіх чалавечых рысаў. Але аднойчы я натрапіў на надрукаваныя ў 1947 г. у Мюнхене ўспаміны дэпутата І Усебеларускага кангрэса і сябра Рады БНР, у 1917/18 гг. упраўляючага канцылярыі кухціцкіх маёнткаў Юстына Мурашкі. Напісаныя простай, яснай моваю, яны дадаюць якраз тое, чаго так не хапала, каб сфармаваўся партрэт жывога чалавека. Дастаткова прыгадаць некаторыя з гэтых рысаў.

Княгіня была ў самай гушчы свайго народа, але вытрымлівала пэўную дыстанцыю, не задзіраючы нос і не даючы садзіцца сабе на шыю, хоць жадаючых зрабіць гэта, ведаючых пра яе дабрыню і шчодрасць, хапала. Пры тым, што гаспадарка Кухцічаў была недасяжным узорам для бээсэсэраўскіх калгасаў, княгіня, між іншым, казала Мурашку, «што ўпраўляючы зарабіў на абгародцы саду 20 тыс. руб. і набыў сабе фальварак». Далей Юстын Мурашка піша:

Эрых фон Фалькенгайн.
«Шматлікія наведвальнікі маглі назіраць княгіню, якая заўсёды сядзела за карункамі.

<…> Княгіня адчувала сябе бадзёра, трымалася малажава і пры кожнай нагодзе памяншала ўзрост на 10 год.

<…> Княгіня шмат курыла і часта гасіла папяросу аб падэшву свайго камаша ў чыёй бы ні было прысутнасці. Мела залацістага колеру, падобных да таксаў, лахматых, з вылезшымі на лоб вачыма сабачак, якіх вельмі любіла».

«Аднойчы яна прымала камандуючага 10-й арміяй генерала Фалькенгайна1 са штабам. <…> Немцам яна гаварыла ў вочы, што яны вайну прайграюць. Забараняла ім паляваць у сваіх лясах, забараніла даваць быдла на рэквізіцыі, а калі аднойчы прыехаў ад’ютант Фалькенгайна прасіць дазволу на аблаву ў яе лясах, княгіня адмовіла і сказала, што калі немцы будуць паляваць, яна напіша скаргу іх кайзеру Вільгельму. Смяяліся, што княгіня аб’явіла вайну нямецкай 10-й арміі, якую яна страшэнна не любіла за рабункі.

<…> Працаўнікі княгіні займалі свае становішчы з дзеда-прадзеда і часта-густа амаль нічога не рабілі, а атрымоўвалі ад яе ўсё за тое, што іх дзяды і бацькі ў яе працавалі. Булынка-сталяр працаваў у яе ў палацы 40 гадоў. За гэта вучыла яго дзяцей за свой кошт»...

За ўсімі дабрадзействамі гэтай незвычайнай асобы засталося незаўважаным, на наш погляд, адно з галоўных: улічваючы ўнікальнасць, значнасць роду Радзівілаў у сусветным маштабе, гэтым галоўным дабрадзействам з’яўляецца тое, што менавіта княгіня Магдалена Радзівіл словы «Беларусь», «беларускі», паставіла побач з гэтым знакамітым прозвішчам.

«Калі будзе свая дзяржава, — гаварыла княгіня, — беларусам ад мяне на памятку я маю ў дваццаць разоў каштоўнейшыя падарункі, як усё гэта разам узятае, і я ім гэта аддам».

Не адбылося…
Надмагільная пліта ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) у Мінску.
Фота Віктара Ведзеня.
Біскуп Юрый Касабуцкі і кс. Юрый Санько на цырымоніі перазахавання праху Магдалены Радзівіл у Мінску.
Фота Віктара Ведзеня.
Падчас цырымоніі перазахавання праху Магдалены Радзівіл
у касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) у Мінску.
Фота Віктара Ведзеня.

Літаратура:

  1. Асветніца і мецэнатка: Да 150-годдзя Магдалены Радзівіл з Завішаў: матэрыялы круглага стала (Мінск, 15 снежня 2011 года) / уклад., прадм., нав. рэд. І. Багдановіч. — Мінск: «Кнігазбор», 2013.
  2. Каханоўскі Г. Завіша Ян Казімір//ЭГБ. Т. 3. — Мінск, 1996. — С. 393.
  3. Конан У. Адраджэнне//ЭГБ. Т. 1. — Мінск, 1993. — С. 58–61.
  4. Ластоўскі В. Выбраныя творы. — Мінск, 1997. — С. 196.
  5. Надсан А. Княгіня Радзівіл і справа адраджэння Уніі ў Беларусі. — Менск, 2006.
  6. Пялінак В. Калье Магдалены Радзівіл//Наша Ніва. — 2001, № 11.
  7. Сідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка//ЭГБ. Т. 1. — Мінск, 1993. — С. 384–390.
  8. Kurjer Warszawski. — 1912, № 329.
  9. Łatyszonek O., Zięba A. Radziwiłłowa z Zawiszów 1. v. Krasińska Maria Magdalena //PSB. T. XXX/3. Z. 126. — Wrocław–Warszawa–Kraków–Gdańsk–Lódź, 1987. — S. 398–399.
  10. Milewski-Korwin H. Siedemdziesiąt lat wspomnień. — Poznań, 1930. — S. 374.
  11. Muraška J. Kniahinia Mahdalena Radziwił. Uspaminy//Studencki Klič. — 1947, № 1/15.
  12. Posiew. — 1935, № 35.
  13. Urbański A. Memento kresowe. — Warszawa, 1929. — S. 94–96.
  14. Uruski S. Krasiński h. Ślepowron//Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. T. VIII. — Warszawa, 1911. — S. 25–32.
  15. Uruski S. Radziwiłł h. Trąby odm. Książęta//Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. T. XV. — Warszawa, 1931. — S. 143–151.
  16. Woyniłłowicz E. Wspomnienia 1874–1928. T. I. — Wilnia, 1927. — S. 212, 247, 252.


  1. Эрых фон Фалькенгайн (1861–1922) — генерал ад інфантэрыі, камандуючы 10-й арміяй (з 3 сакавіка 1918 г. у Беларусі). З разуменнем, наколькі гэта было магчыма ў тых абставінах, ставіўся да беларускіх праблемаў. Фактычна прызнаў БНР і яе органы, рыхтуючы іх да прыняцця рэальнай улады ў выпадку перамогі Германіі.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY