Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(85)/2018
Жыццё Касцёла
Пакліканне
Даследаванні
Інтэрв’ю

БЫЦЬ КСЯНДЗОМ — НЕ ЗНАЧЫЦЬ БЫЦЬ ПРАРОКАМ
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Постаці

«АДКУЛЬ У ІХ БЫЛІ СІЛЫ?»
Спадчына
Асобы

ELEEMOSYNARIUS
Кніжныя скарбы
Нашы святыні
Паэзія

ТОЛЬКІ СЛОВЫ
Мастацтва
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
Мастацтва

СПАВЯДАЮЦЦА ФАРБЫ...

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
Музыказнаўства

MAGNUM OPUS Ф. МІЛАДОЎСКАГА

СПЕВЫ ДА СВЯТОЙ ІМШЫ
Архітэктура

Андрэй ШПУНТ

ELEEMOSYNARIUS

Біскуп Віленскі Войцах
(Альбрыхт) Радзівіл.

Гісторыя нашага Касцёла часоў Вялікага Княства Літоўскага — гэта сузор’е віленскіх біскупаў. Асоба біскупа заўсёды лічылася першай пасля караля і вялікага князя. У Вільні біскуп быў вышэй за ваяводу, бо, як пісаў кс. Вінцэнт Пжыялгоўскі, у тыя чыста рэлігійныя часы народ хутчэй кленчыў перад пастаралам, чым перад булавою. Акрамя духоўнай улады, Віленскі біскуп трымаў у сваіх руках вялікія матэрыяльныя сродкі і карыстаўся павагай і дабрадзействамі каралёў і магнатаў. Спакусіўшыся на знешні бляск, шляхта пачала імкнуцца да духоўнага саслоўя, найперш да віленскай катэдры. Гэтая шляхецка-магнацкая інвазія прынесла з сабой заходнееўрапейскі густ, пышнасць і раскошу, але нельга ў тым не ўбачыць — зноў спасылаемся на кс. Пшыялгоўскага — рукі Найвышэйшага Провіду, які заўсёды назірае за сваім Касцёлам, бо Хрыстус як сваёй Нявесце забяспечыў яму сталую дапамогу і апеку на ўсе часы. Таму, калі свецкасць пачала браць верх, выпала так, што прадстаўнік духавенства, які вызначаўся высакародствам паходжання, стаў 11 ліпеня 1507 г. Віленскім біскупам.

Біскуп Войцах (Альбрыхт)1 Радзівіл быў першым з літоўскіх магнатаў, хто ўзначаліў Віленскае біскупства, і быў першым з паноў-рады, хто пачаў прымаць актыўны ўдзел у палітычным жыцці краіны, і апошнім, пасля якога скончылася «залатое стагоддзе» біскупства, а значыць і Касцёла ў ВКЛ.

Будаўнік нашага Касцёла

Віленскаму біскупу не давялося, у адрозненне ад наступнікаў, траціць сілы і сродкі ў барацьбе за само існаванне Касцёла ў ВКЛ, таму ён цалкам прысвяціў сваё служэнне стваральнай дзейнасці, якая ахоплівала розныя кірункі, была шырокай і плённай. Яго жыццяпіс — і ёсць пералік гэтай дзейнасці для Касцёла і Бацькаўшчыны.

Уласнаю рукою ён пачаў знішчэнне апошніх слядоў паганства на нашых землях, даючы прыклад у сваіх уладаннях, раскіданых па ўсім Вялікім Княстве ад інфлянцкай мяжы (Бігушкі, Крэўна), праз сярэднюю Літву (Харэцк, Мірклішкі, Новы Двор) да ракі Шчары на поўдні (Ліпск).

Шматлікія абавязкі выклікалі неабходнасць увядзення пасады дапаможнага біскупа, якім у 1512 г. стаў Якуб з Мехава — біскуп тытулярны Кафы. Абавязкі датычылі ў тым ліку клопатаў па будаўніцтве новых касцёлаў, капліцаў, заснавання новых фундацый і аднаўлення збяднелых бенефіцыяў. Біскуп Войцах (Альбрыхт) быў фундатарам касцёла св. Пятра ў Салоках, капліцы Унебаўзяцця НПМ у віленскай катэдры, касцёла і кляштара бэрнардынаў у Вільні, пяці парафіяльных касцёлаў каралеўскай фундацыі.

Былі пабудаваны касцёлы ў Дабрыневе, Калінаўцы, Ганядзы, Райгорадзе, Ваўкалаце і Дусятах, якія фундаваліся Радзівіламі, а таксама ў Іказні, Пагосце, Шыдловіцах, Троўпях і Высокім Двары. Трэба адзначыць, што святыні ўзводзіліся нягледзячы на бесперапынны ціск усходняга суседа, які раз за разам рабіў спробы захапіць нашу краіну: войны вяліся ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай у 1507–1508 і 1512–1522 гг., г.зн. практычна ўвесь перыяд біскупства Войцаха (Альбрыхта), калі былі сабраныя ўсе каралеўскія прывілеі і біскупскія пастановы, на падставе якіх убачыў свет капітульны статут, зацверджаны папам Юліем ІІ.

У 1510 г. Віленскі біскуп зацвердзіў закладзенае Гнезненскім арцыбіскупам кардыналам Фрыдэрыкам брацтва святароў і свецкіх Віленскага біскупства, а ў 1514 г. прымаў удзел у V Латэранскім Саборы і тады, верагодна, прыклаў намаганні для атрымання дазволу Папы на адкрыццё школы ў Вільні (брэвэ Льва Х ад 7 чэрвеня 1514 г.).

На грамадскім і палітычным полі

Біскуп Войцах (Альбрыхт) таксама актыўна ўдзельнічаў у грамадскім і палітычным жыцці ВКЛ, аб чым сведчаць шматлікія крыніцы: яго імя сустракаецца ў дакументах каралеўскіх судоў, каралеўскіх прывілеях для князёў, шляхты і местаў.

Па смерці караля і вялікага князя Аляксандра ён быў дэлегаваны як прадстаўнік паноў-рады (разам са Станіславам Кішкам і Янам Забярэзінскім) на элекцыйны сойм 1506 г. у Пётркаве.

Аб важнай ролі Віленскага біскупа сведчыць той факт, што ён часам занадта аўтакратычна ўваходзіў у справы мяшчанаў, так што спатрэбілася нават умяшальніцтва Жыгімонта І Старога.

Жыгімонт І Стары. Лукас Кранах. Музей Чартарыйскіх, Кракаў.

Нястомны хадайнік

10 траўня 1516 г. Жыгімонт І Стары накіраваў да Льва Х хадайніцтва аб кананізацыі благаслаўлёнага каралевіча Казіміра Ягелончыка, памерлага ў 1484 г. і пахаванага ў віленскай катэдры. У гэтым дакуменце кароль спасылаўся на «просьбы, прыспешванні і нагадванні» біскупа Радзівіла, які распачаў гэты працэс у лютым таго ж года, калі да Святога Айца былі накіраваныя хадайніцтвы віленскага капітула і віленскіх францішканаў. Таму менавіта біскупа Войцаха (Альбрыхта) Жыгімонт І Стары накіраваў па гэтай справе ў Апостальскую Сталіцу, дзе ў гэты час праходзіў V Латэранскі Сабор. Каралевіч Казімір быў кананізаваны ў 1522 г. наступнікам Льва Х Адрыянам VI.

Аздоба яго жыцця

Пастановы V Латэранскага Сабору датычылі ў тым ліку аздараўлення касцёльнага жыцця і звязаных з гэтым пытанняў касцёльных прыбыткаў, ладу жыцця святароў і г. д. Але біскуп Войцах (Альбрыхт) сам быў жывым прыкладам таго, што так хацелі бачыць айцы Сабору. Далучымся да захапляльнай адзнакі кс. Пшыялгоўскага аб тым, што: «да пышнага тытула, якім падпісваўся біскуп Войцах (Альбрыхт) — «князь на Алыцы і Мядзелі», як жа пасуе прыдомак «Міласэрны» (лац. з грэч. Eleemosynarius), як аздабляе яго жыццё! Ды й што толку ў тытулах, калі б не меў добрага сэрца, бо тытулы заканчваюцца з зямным жыццём, а міласэрнасць да бліжняга Хрыстус стакроць узнагародзіць».

Яшчэ падчас служэння ў Луцку біскупскі палац штодзень атачалі натоўпы жабракоў, якім біскуп Войцах (Альбрыхт) асабіста шчодрай рукою раздаваў міласціну (грошы, харчаванне, адзенне), а хворым дапамагаў у шпіталях. І не толькі раздаваў, але і дзяліў з імі свой стол, прыслугоўваючы і называючы гасцямі Хрыстовымі. Былі і іншыя ахвяраванні, зафіксаваныя ў актах: напрыклад, нейкаму Яну з Жанкі біскуп падараваў фальварак з чатырма засценкамі ў маёнтку Пяршаі.

Каля адкрытай труны

Канец біскупства Войцаха (Альбрыхта) быў азмрочаны пагаршэннем адносінаў з каралеўскім дваром настолькі, што ён забараніў абвясціць у Вільні папскую булу з нагоды 10-гадовага юбілею панавання Жыгімонта І Старога, сцвярджаючы, што гэта не было б на карысць ВКЛ.

У 1516 г. каад’ютарам Віленскага біскупа з пратэкцыі караля стаў яго незаконнанароджаны сын Ян «з княжат літоўскіх». Нявопытны 17-гадовы юнак ужо падпісваўся як confirmatus electus episcopus (лац. пацверджаны, абраны біскуп). Абражаны віленскі капітул праглынуў гэта, а біскуп Войцах (Альбрыхт) сышоў у цень. З гэтага часу яго імя ўжо рэдка сустракаецца ў крыніцах. «Ды й каму прыемна, — пісаў кс. Пшыялгоўскі, — бачыць сваю адкрытую труну, быць адхіленым з такой высокай пасады, і гэта праз асобу непараўнальна меншую і годнасцю, і паходжаннем». (Трэба заўважыць, што наступнік рабіў усё, каб адпавядаць таму месцу, якое так лёгка яму дасталася. Кс. Ян Курчэўскі ў сваёй фундаментальнай гісторыі віленскай катэдры адзначаў, што: «шмат праявіў пастырскай руплівасці і заклапочанасці ў кіраванні біскупствам»).

Удзячны нашчадак

Віленскі біскуп Войцах (Альбрыхт) Радзівіл памёр 19 красавіка 1519 г. у сваім маёнтку ў Верках. Ён быў пахаваны ў віленскай катэдры. У другой палове XVI ст. віленскі ваявода Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка ўсталяваў надмагілле, на якім удзячны нашчадак не паскупіўся на вялікі, поўны пахвалы надпіс. На жаль, надмагілле было знішчана падчас рэстаўрацыі (у першай палове ХІХ ст. яно ўжо не існавала).

Папа Аляксандр VI.

На тле зброі і даспехаў

Войцах (Альбрыхт) Радзівіл нарадзіўся каля 1476 г. у сям’і Мікалая Радзівіла Старога, ваяводы віленскага і канцлера ВКЛ, і Ганны з Манівідаў. Сярод яго родных братоў былі такія выдатныя постаці як ваявода віленскі і канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл пад красамоўнай мянушкай Amor Patriae і ваявода віленскі, вялікі гетман літоўскі Юрый Радзівіл Пераможца (Victor), ці Літоўскі Геркулес, партрэт якога аздабляе залы Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Трэба было здарыцца так, каб сярод гэтых грозных, ва ўсім бляску зброі і даспехаў воінаў з’явіўся чалавек духоўнага стану, характару ціхага і пабожнага, які так вызначыўся сваімі дабрадзейнасцямі, што папа Аляксандр VI 2 траўня 1502 г. зрабіў яго біскупам Луцкім, — гэта першая, заснаваная на крыніцах згадка пра біскупа Войцаха (Альбрыхта), хаця ў тыя рэнесансныя часы нават дабрадзейнасцяў магло не хапіць, таму здарылася гэта не без пратэкцыі бацькі — Мікалая Радзівіла Старога.

Аб дзейнасці біскупа Луцкага ў 1502–1507 гг. звесткі вельмі скупыя. Вядома, што ў гэты час ён разам з Аляксандрам VI прыкладаў высілкі ў імкненні да уніі паміж Касцёлам і Праваслаўнай Царквою, аб чым сведчыць папскае брэве да біскупаў Віленскага, Луцкага і Жмудскага. Заўважым, што гэтая інфармацыя ў чарговы раз падкрэслівае маштаб шматграннай постаці аднаго з самых вядомых Пантыфікаў, на плячах якога, акрамя кіравання Касцёлам, ляжала выкананне найважнейшай нацыянальнай задачы ў барацьбе за незалежнасць і аб’яднанне Сярэдняй Італіі.

...Юзаф Ігнацый Крашэўскі пісаў пра святой памяці біскупа Радзівіла як пра красамоўны прыклад таго, што «ніводная дабрачыннасць не прыніжае, а дакрананне да галечы не пляміць».

Літаратура

  1. Шаскольский П. Борджиа, Александр VI // Энциклопедический словарь, Брокгауз и Ефрон. Т. 2. — Москва: Большая российская энциклопедия, 1992. — С. 415–417.
  2. Kotłubaj E. Galeria Nieświeżska portretów Radziwiłłowskich. — Wilno, 1857. — S. 31–32.
  3. Kraszewski J. Wilno. T. II. — Wilno, 1840. — S. 242.
  4. Kurczewski J. Biskupstwo wileńskie. — Wilno, 1812. — S. 33.
  5. Kurczewski J. Kościół zamkowy czyli katedra wileńska w jej dziejowym, liturgicznym, architektonicznym, ekonomicznym rozwoju. T. I. — Wilno, 1908. — S. 311.
  6. Michalewiczowa M. Radziwiłł Wojciech (Albrycht)//PSB. T. XXX/2, zeszyt 125. — Wrocław–Warszawa–Kraków–Gdańsk–Lódź, 1987. — S. 377–379.
  7. Przyjałgowski W. Żywoty biskupów wileńskich. T. I. — Petersburg, 1860. — S. 89–94.

  1. Называны таксама Альбрыхтам (ад лац. AdalbertВойцах). У розных аўтараў згадваецца як Войцах (Альбрыхт, Альбэрт), Войцах, Альбэрт.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY