Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(87)/2019
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Інтэрв’ю
Гутарка Тэрэсы КЛІМОВІЧ з а. Віктарам ЖУКОМ
ДЗЕЛЯ БОЛЬШАЙ ХВАЛЫ БОЖАЙ
Постаці
Мастацтва
Постаці
Мастацтва
Культура

НАША САКРАЛЬНАЯ КУЛЬТУРА
З архіваў часу
In memoriam

ПАМЯЦІ СЯБРА

ПРАЎДЗІВЫ ГІСТОРЫК
На кніжнай паліцы

«РАССЕЯНЫХ ЗБІРАЦЬ»
Успаміны
Паэзія

ВЕРШЫ

БЕЛАРУСКІ РУЖАНЕЦ
Літаратура

ТОЛЬКІ СЛОВЫ...
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Мастацтва

У ФАРБАХ ЛЮБОВІ І БОЛЮ
Асобы
Культурны праект

МАСТАЦТВА БАЧЫЦЬ

Крыстына ЛЯЛЬКО

«РАССЕЯНЫХ ЗБІРАЦЬ» —

так называецца кніга славацкага арцыбіскупа Дамініка Грушоўскага, былога Апостальскага Нунцыя ў Беларусі, дыпламатычная місія якога прыпала на час адраджэння каталіцкай веры ў нашым Краі (1996–2001 гг.).

Dispersos congregare — «Рассеяных збіраць» — гэта таксама дэвіз на біскупскім гербе Дамініка Грушоўскага. Так Яго Эксцэленцыя вызначыў галоўную мэту свайго пастырскага служэння — збіраць рассеяных па свеце славацкіх вернікаў, абуджаць у іх нацыянальны дух і весці да Бога, у Нябеснае Валадарства. Высакародная мэта прадыктаваная і пастырскім абавязкам, і гістарычнымі абставінамі, у якіх знаходзілася родная Славакія і якія змусілі вельмі многіх землякоў Дамініка Грушоўскага шукаць лепшай долі па-за межамі Радзімы. Гэтаксама, як і яго самога. Выехаўшы ў 1946 г. па рэкамендацыі мясцовага біскупа ў Рым, ён змог вярнуцца на Радзіму толькі на пачатку 90-х гадоў. У Вечным горадзе 23 снежня 1950 года Дамінік Грушоўскі атрымаў святарскае пасвячэнне, там жа праз год абараніў ліцэнзіят па тэалогіі, а пасля працаваў вікарыем і пробашчам у італьянскіх парафіях, выкладаў філасофію і дагматыку ў Папскай рэгіянальнай семінарыі ў правінцыі Вітэрбо.

У 60-я гады служыў у Славацкай каталіцкай місіі ў Парыжы, пробашчам славакаў у Парыжскай архідыяцэзіі. З 1966-га па 1992 год працаваў намеснікам, а пасля — рэктарам Славацкага інстытута імя Кірыла і Мятода ў Рыме, спалучаючы гэтыя абавязкі з працаю рэдактара часопіса «Голас з Рыма» і ў Славацкай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

  

6 студзеня 1983 года ў базыліцы св. Пятра з рук папы Яна Паўла ІІ Дамінік Грушоўскі атрымаў біскупскую сакру. 24 верасня 1992 г. Святы Айцец менаваў Яго Эксцэленцыю дапаможным біскупам Браціслаўска-Тырнаўскай архідыяцэзіі… Нарэшце можна было вярнуцца на Радзіму, якая ў той час перажывала сваё нацыянальнае і рэлігійнае адраджэнне.

У снежні таго ж года Дамінік Грушоўскі стаў генеральным вікарыем гэтай архідыяцэзіі, а з 1995-га па 1996 год выконваў функцыі старшыні Камісіі Канферэнцыі славацкіх біскупаў для славакаў замежжа.

15 красавіка 1996 г. ён быў менаваны тытулярным арцыбіскупам дыяцэзіі Тубія і Апостальскім Нунцыем у Беларусі…

Скупыя біяграфічныя звесткі, за якімі паўстае вялікае жыццё ахвярнага каталіцкага святара, пастыра і дыпламата. Аповед пра гэтае надзвычай цікавае, насычанае і нялёгкае жыццё і склаў змест кнігі «Рассеяных збіраць», якая ў 2018 г. выйшла ў выдавецтве «Post Scriptum» у Браціславе.

Як пішуць у прадмове да кнігі сябры шаноўнага Аўтара — гісторык Францішак Внук, архівіст і бібліёграф Ёзаф М. Рыдла і кс. Ян Кош’яр — натхніць арцыбіскупа Грушоўскага на такі аповед было вельмі складана. Сціплы і далікатны па сваёй натуры, ён не бачыў неабходнасці ў асабістых мемуарах. І ўсё ж, дзякаваць Богу, сябрам удалося пераканаць арцыбіскупа ў важнасці такой кнігі: ён згадзіўся на дыктафонны запіс сваіх успамінаў. Такім чынам, у 2004 годзе, у маляўнічым італьянскім мястэчку Кастэль Сант’Элія ў правінцыі Вітэрбо, дзе ў той час жыў арцыбіскуп, на працягу некалькіх дзён ішла няспешная размова і вёўся яе запіс. Потым з дыктафона запіс зняла сакратарка вядомага славацкага біскупа на эміграцыі Паўла Гніліцы Марыя Бэлякова. Арцыбіскуп Грушоўскі аўтарызаваў зняты тэкст, зрабіў неабходныя праўкі і ўдакладненні, але не захацеў адразу аддаваць яго ў друк. Так прайшло больш за дзесяць гадоў. І толькі праз два гады пасля смерці Аўтара (арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі адышоў у вечнасць 27 ліпеня 2016 г.) ягоныя сябры выдалі гэтую кнігу. Салідны том на паўтысячы старонак, у якім 91 раздзел няспешнага, мудрага роздуму не толькі пра жыццёвыя калізіі і тых людзей, якіх Аўтару давялося сустрэць на доўгім жыццёвым шляху, але і пра свой час і пра цэлую эпоху, у якую яму давялося жыць.

З сыноўняю любоўю, удзячнасцю і павагаю Дамінік Грушоўскі піша найперш пра сваіх бацькоў — «бедных, але вельмі пабожных і працавітых» людзей, якія спявалі ў касцёльным хоры і там пазнаёміліся; з лёгкаю ўсмешкаю ўзгадвае эпізоды маленства… Нарацыя цячэ вольна, нязмушана і натуральна, як вада ў яго роднай рэчцы Жытаве, на берагах якой ён вырас, купаючыся і вудзячы рыбу…

Гэта была першая ў маім жыцці кніга, прачытаная на славацкай мове. І ўвесь час чытання мяне не пакідала дзіўнае ўражанне нечаканай сустрэчы з даўнім і добрым знаёмым, якога я шмат гадоў не бачыла і таму хацела як мага больш даведацца пра яго жыццё, а ён ахвотна, а галоўнае — цікава і гранічна шчыра пра сябе апавядаў. Таму ад кнігі цяжка было адарвацца. І невядомая дасюль мова не перашкаджала разумець сэнс напісанага… Хоць, чаму невядомая? Мне прыгадалася, як у далёкія ўжо 90-я Апостальскі Нунцый Дамінік Грушоўскі гаварыў свае казанні ў нашай мінскай архікатэдры на сваёй роднай славацкай мове, а мы, беларускія вернікі, яго разумелі. І згадалася таксама, што падчас працы над перакладам Імшалу на беларускую мову наша перакладчыцкая камісія, з ласкі арцыбіскупа Грушоўскага, карысталася таксама і славацкім Імшалам — для параўнальнага аналізу літургічнай лексікі…

Зразумела, што ў кнізе Дамініка Грушоўскага мяне найбольш цікавілі раздзелы, дзе наш былы Нунцый апісвае сваё апостальскае служэнне ў Беларусі. Пачынаючы ад ягонага ад’езду ў маі 1996 г. з Рыма, з папярэднім візітам у папы Яна Паўла ІІ, які добра ведаў і разумеў сітуацыю Касцёла ў Беларусі; у дзяржсакратара Анджэло Садана, у мансіньёра Тарана, які кансультаваў Нунцыя адносна палітычнай сітуацыі ў Беларусі, і ў арцыбіскупа Джавані Батыста Рэ, які раіў яму, як уладкаваць нунцыятуру ў Мінску, бо да таго часу яшчэ не было асобнага і годнага памяшкання для такой важнай дыпламатычнай пляцоўкі. Тады яшчэ шмат чаго не было: пачыналася не толькі адраджэнне веры, але і жыццёва важных структураў Касцёла. У Беларусі ў той час былі ўсяго два біскупы на тры дыяцэзіі: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі кардынал Казімір Свёнтэк, які быў адначасова Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі, і біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі. Таму ў Апостальскага Нунцыя было шмат клопату і працы. Славак Дамінік Грушоўскі, які сам паходзіў з краіны былога сацлагеру, хоць і жыў доўгі час у Заходняй Еўропе, добра арыентаваўся ў нашай постсавецкай сітуацыі. Што праўда, мяркуючы па змешчаных у кнізе ўспамінах, яго ўсё ж не вельмі прыемна ўражвалі некаторыя тутэйшыя рэаліі і не толькі бытавыя. Ён бачыў і адчуваў, наколькі глыбока ўвайшла саветчына ў ментальнасць людзей. І ў той жа час яго кранала і захапляла шчырая вера беларускіх католікаў, іх ахвярнасць і адданасць Богу і Касцёлу. Як сам прызнаецца, ён па-сапраўднаму палюбіў Беларусь і беларусаў. Трэба сказаць, што любоў гэтая была ўзаемная...

Першая Камунія ў мінскай архікатэдры. 1999 г.

Ёсць у кнізе Апостальскага Нунцыя Дамініка Грушоўскага кавалкі тэксту, якія хацелася б абавязкова перакласці і надрукаваць не толькі ў каталіцкіх выданнях. Напрыклад, эпізод, які датычыць візіту папы Яна Паўла ІІ у Беларусь. Многія з нас, беларускіх католікаў, якія так прагнулі прыезду Папы, нават не ўяўлялі, наколькі гэты прыезд быў тады магчымы і рэальны. І як жа да гэтага часу крыўдна, што ён не адбыўся...

Нунцый Грушоўскі падрабязна згадвае сваю сустрэчу з Мітрапалітам Філарэтам у праваслаўнай епархіі, апісвае іх дыялог пра магчымасць запрашэння Папы ў Беларусь, якое абавязкова мусіла быць узгодненым і з Праваслаўнаю Царквою. Вядома, што не Мітрапаліт Філарэт вырашаў гэта канчаткова, а Маскоўскі Патрыярх Алексій, які ўпарта пазбягаў сустрэчаў з Папам, што планаваліся ў розных краінах і ў розны час, але так і не адбыліся па віне расійскага іерарха... Пэўна ж, Бог яму суддзя, але крыўдна да болю, што менавіта хрысціяне, браты па веры, сталі тады адзінаю перашкодаю для сустрэчы католікаў Беларусі са Святым Айцом, які некалькі разоў быў зусім побач з намі: у Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі, Украіне...

Добра, што з’яўляюцца такія кнігі нашых каталіцкіх дыпламатаў. Яны — не проста сведчанне асобнага чалавека, яны — дакумент эпохі, у якім зафіксаваны праўдзівыя рэаліі і праўдзівыя падзеі, у тым ліку і асаблівасці міжканфесійных адносінаў, якія, на жаль, у сваёй аснове і па сваёй сутнасці па-ранейшаму застаюцца далёкімі ад дасканаласці...

Ажно шэсць раздзелаў у кнізе Дамініка Грушоўскага прысвечаны яго дыпламатычнай службе ў Беларусі. Сярод іх — «Менаванне новых біскупаў» і «Заснаванне Віцебскай дыяцэзіі». Гэта старонкі падрабязнай і вельмі важнай гісторыі станаўлення касцёльных структураў у Беларусі.

У перадапошнім, 90-м раздзеле, які называецца «Адыход з Мінска», Аўтар піша: «Гэта не было расставанне проста з Беларуссю, але галоўнае — з ксяндзамі, біскупамі, а перадусім — з людзьмі, вера якіх мяне захапляла, для духоўнага дабра якіх я працаваў і якіх я вельмі палюбіў».

Падчас урачыстасці адкрыцця Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. 2001 г.

8 кастрычніка 2001 года арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі выехаў з Мінска, развітаўшыся з вернікамі яшчэ 2 ліпеня, на ўрачыстасці ў Будславе.

Завяршаючы аповед пра сваё жыццё, арцыбіскуп Грушоўскі кажа: «Не хачу нікога павучаць і нікому не хачу ставіць сваё жыццё ў прыклад. Нікому. Хачу толькі сказаць, што я <...> заўсёды быў поўны радасці ад таго, што магу служыць Богу і Яго люду. Гэта я хачу сказаць усім, бо гэта праўда. І ў гэтым — сэнс майго жыцця».

І напрыканцы дадае: «Лічу вялікім дарам ад Бога, што даў мне такую вясёлую натуру. З маленства мяне называлі smejko, і ўсё жыццё я быў такі ўсмешлівы. І святы Айцец мне аднойчы сказаў: <...> «Ага, гэта той біскуп, які заўжды ўсміхаецца».

Мы таксама запомнілі Нунцыя Грушоўскага ўсмешлівым, прыязным, сардэчным. І ўдзячныя яму за адкрытасць, даступнасць, чалавечую дабрыню і шчырасць.

У часопісе «Наша вера» надрукаваны ўсяго адзін артыкул Дамініка Грушоўскага пра Вялікі Юбілей 2000 Года. Той год быў і для нашага Нунцыя таксама юбілейны: ён адзначаў 50-годдзе свайго святарства і 75 гадоў з дня нараджэння. Я памятаю, як, рыхтуючы публікацыю, хадзіла да арцыбіскупа Дамініка ў новы офіс на вуліцы Валадарскага, утульна абсталяваны пад нунцыятуру. Ён сустрэў мяне па-хатняму проста і, як заўсёды, прыязна. Распавядаў пра сваю сям’ю і Радзіму, паказваў фотаальбомы з дарагімі яго сэрцу здымкамі...

У кнізе «Рассеяных збіраць» змешчана шмат фотаздымкаў. Цяпер, разглядаючы іх, я пазнала некаторыя з тых, якія бачыла яшчэ тады, амаль 20 гадоў назад... Цёпла на сэрцы ад сустрэчы з такімі кнігамі і з такімі людзьмі. Няхай Бог дае нашаму былому Нунцыю шчаслівую вечнасць. Няхай і там, у Божым Валадарстве, заўсёды ўсміхаецца і радуецца ягоная светлая, добрая і мудрая душа.

Крыстына Лялько


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY