Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(88)/2019
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Тэалагічныя рэфлексіі
Джордж А. АШЭНБРЭНЭР SJ
УКРЫТЫЯ Ў ЕЗУСЕ ПЕРАД АЙЦОМ
Інтэрв’ю

«АДКРЫВАЦЬ БОЖУЮ МУДРАСЦЬ І ДЗЯЛІЦЦА ЁЮ…»
Пераклады

СУЧАСНЫ АПОКРЫФ
Культура
Постаці
Асобы
Мастацтва

«ЧАС УСЁ АДКРЫЕ...»
Проза
In memoriam

ВАЛУН КАЛЯ ЛІНЦА

«НЯСТОМНЫ ШЫПШЫННІК!..»

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

«ГЭТЫЯ ТРЫ...»
Проза

РАКАЎСКІ ФЭСТ
Архітэктура

Крыстына ЛЯЛЬКО

«АДНА ДАРОГА, І ЯНА — ДА БОГА…»

Мар’ян Дукса. Фота 1967 г.

Так напісаў у адным з вершаў вядомы паэт, чалавек глыбокай веры, сябра нашай рэдкалегіі Мар’ян Дукса, аднойчы і назаўсёды вызначыўшы свой жыццёвы і творчы шлях.

Ён нарадзіўся 5 красавіка 1943 года на азёрнай Мядзельшчыне, на хутары каля вёскі Каракулічы. Закончыў філфак Белдзяржуніверсітэта, працаваў настаўнікам у школе, выдаў каля дзясятка кніг паэзіі, стаў лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова, выгадаваў двух сыноў, дачакаўся ўнукаў…

Большую частку жыцця Мар’ян пражыў у старажытным і спрадвечна каталіцкім мястэчку Солы на Смаргоншчыне, дзе ў самым цэнтры, на шырокім пляцы стаіць прыгожы касцёл Маці Божай Ружанцовай, які мастацтвазнаўцы слушна называюць музеем фрэсак Пётры Сергіевіча. Там шмат роспісаў нашага слыннага майстра, якія ён выканаў у 30-я гады мінулага стагоддзя, калі будавалася гэта святыня. На яе франтоне, над уваходам, змешчаны заклік Хрыста: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мц 11, 28–30). Мар’янава сэрца заўсёды ўдзячна адгукалася на гэты Хрыстовы заклік: ён прыходзіў сюды на святую Імшу, спяваў у касцёльным хоры, заходзіў і тады, калі хацеў «на вуліцы тлумнай» пакінуць «сваё ўтрапенне»… Пра сольскі касцёл Мар’ян пісаў у вершах і ў прозе, а Пётру Сергіевічу прысвяціў верш «Мастак на касцёльных рыштаваннях»…

У квартальніку «Наша вера» Мар’ян Дукса друкаваўся з самага першага нумара. У наступным годзе мы з ім маглі б адзначыць срэбраны юбілей нашага творчага сяброўства. На жаль, ужо не адзначым… Якімі непапраўна-балючымі бываюць у такіх выпадках гэтыя «не»: не адзначым, не сустрэнемся, не паразмаўляем, калі ўспаміны сапраўды становяцца больш рэальнымі за саму рэальнасць. І я, на жаль, у чарговы раз пераканалася ў гэтым: падчас нечаканай і спешнай дарогі ў Солы на апошняе развітанне з сябрам у маю малітву за яго, як у жалобны вянок, пастаянна ўпляталіся ўспаміны — эпізоды нашых рэдкіх сустрэчаў і шчырых, даверлівых размоваў, і паўставаў ён, як жывы, па-маладому танклявы, падцягнуты, з крыху разгубленаю ўсмешкаю на прыгожым, натхнёным твары паэта, з прытоеным сумам у светлых вачах…

Апошні раз Мар’ян прыехаў да нас у рэдакцыю ў мінулагоднім снежні, на самым пачатку Адвэнту. Зайшоў з вялікім пакетам чырвонабокіх яблыкаў. Убачыўшы маё здзіўленне, сказаў: «У тваім жа садзе сёлета не было яблыкаў».

Ён заўсёды цікавіўся маім хутарам, садам, домам, і гэта было найпершае, пра што Мар’ян пытаў мяне ў нашых тэлефонных размовах. І я была ўдзячная яму за магчымасць паразмаўляць пра самае блізкае майму сэрцу…

У ягонай душы жыла непазбыўная віна перад маці, якой, на яго думку, ён не дадаў сыноўняга цяпла, была віна перад роднаю хатаю, якой не збярог, не захаваў для нашчадкаў. У адным з вершаў, надрукаваным у мінулагоднім 2-м нумары часопіса «Наша вера», ён пісаў:

Не беспрычынна, ды толькі захутка
У небыццё праваліўся мой хутар…

З родным хутарам у Мар’яна быў звязаны таксама балючы ўспамін ягонага маленства, калі на пачатку 50-х сям’ю Дуксаў як заможных хутаранцаў саветы хацелі вывезці ў ссылку. Тады іх уратавала… завея: яна так пазамятала дарогі, наарфавала такія высокія гурбы, што сельсаветчыкі доўгі час не маглі дабрацца да хутара, а потым, відаць, выканалі рэпрэсіўную разнарадку і забылі пра свой нялюдскі намер: Мар’янава сям’я засталася ў роднай хаце…

Хутаранскае маленства, цішыня і адасобленасць сфармавалі Мар’янаў характар і яго душу: ён быў паэтам-самотнікам. Адчувалася, што нават рэдкія візіты ў Мінск даваліся яму нялёгка… Як сам прызнаваўся, у яго было глыбока-ўнутранае несупадзенне з гэтым прагматычным часам… У адным з апошніх вершаў паэт пісаў:

Эпоха прыйшла не мая.
Рулюе паўсюдна прагматык.
Учэпісты практык. А я
на ўзбочку — музейны рамантык.

Цяпер, пасля Мар’янавага адыходу, часта думаючы пра яго і ягоную паэзію, я неяк зусім іначай — больш уважліва, перачытала яго вершы і, здаецца, глыбей і лепш яго зразумела і адчула.

Увесь гэты час на маім пісьмовым стале ляжыць ягоная невялікая кніжыца паэзіі з вельмі красамоўнаю назваю «Прыйсці да алтара». Яна выйшла ў серыі «Бібліятэка часопіса „Наша вера“» ў 2003 годзе. Мар’яну тады было 60 – капа гадоў, як кажуць у народзе, чалавечая і творчая сталасць. Гэта невялікая, сціплая, як сам паэт, кніжыца з прыгожаю выяваю будслаўскай базылікі на нябеснага колеру вокладцы вельмі важная ў яго творчай біяграфіі. Колькі там глыбока хрысціянскіх, кранальных радкоў, колькі яго сыноўняй, адданай любові да Бога і да Божай Маці, да Касцёла! Паэт там па-дзіцячы непасрэдны, шчыры і адкрыты ў сваіх пачуццях, у кожным парыванні душы. Вось як, да прыкладу, у гэтым вершы, у якім ён апісвае сваю ранішнюю дарогу ў касцёл у далёкім маленстве:

Бегла дарога, кацілася,
як парыванне з душы.
Як жа ты, сэрцайка, білася
у прадчуванні Імшы!..

А ў вершы, які даў назву гэтай кнізе, у апошняй страфе, яшчэ задоўга да адыходу ў вечнасць, Мар’ян як бы падсумаваў свой зямны шлях:

Найлепшая пара —
адчуць з абдымкаў змогі,
што ўсе твае дарогі
вялі да алтара.

Сімвалічна, што Пан Бог паклікаў да сябе нашага сябра менавіта 19 красавіка, у Вялікую пятніцу, як быццам Збаўца запрасіў яго падзяліць з Ім гэтую таямніцу Пераходу ад зямнога жыцця да вечнага. І так хочацца верыць, што Мар’ян пачуў Ягоныя словы: «Сёння будзеш са Мною ў раі» (Лк 23, 43). Здаецца, ён іх заслужыў.

Крыстына Лялько

Гл. таксама:
:: ВАЛУН КАЛЯ ЛІНЦА ::
:: «ПРОПАВЕДЗЬ, ДАДЗЕНАЯ БОГАМ...» ::
:: «НЯСТОМНЫ ШЫПШЫННІК!..» ::
:: ВЕРШЫ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY