Помню, прыйшлося мне быць на відовішчах нейкіх у Рыме.
Там, у натоўпе людскім, змушаны быў я глядзець,
Як выпускалі быкоў на крывавую дзікую бітву
Целамі іх пераймаць дроцікаў шквал, і звяры,
Больш ашалеўшы яшчэ ад уколаў завостраных пікаў,
Спрытных круцілі хлапцоў, — тыя ж іх ранілі скрозь.
Думаў я з жахам тады, колькі ж дзікасці ў гэтым запале,
Як ён пачварна расце з ранамі, з воплескам рук…
Раптам калегі мае прыгадалі паўночную пушчу.
Тут жа спыталі ў мяне. Колькі ж я ім распавёў
Пра разнастайныя ловы, магутнага дзікага звера!..
Праўда, мой вольны язык мне і нашкодзіў тады.
Так атрымаў я загад свой аповед на вершы пакласці
Ды напісаць пра зубра. Вось дык работку прыдбаў!
Можна, я шчыра скажу? Пра зубра я пішу неахвотна:
Гэткай пачвары другой больш і не ўбачыш нідзе.
Ён не зважае на тытул і кроў пралівае людскую.
Там, у паўночнай зямлі, лютасцю славіцца зубр.
Бачыўшы звера, я сам быў ахоплены страхам ганебным,
Так што кідаўся ўцякаць — людцы ж плявалі мне ўслед,
Хоць і нязлобна. Цяпер з небяспекаю большай мне трэба
Зброю сваю кіраваць перад вучонымі… Што ж,
Прыйдзецца мне, насамрэч, тут пад цяжарам гэткім сагнуцца,
Ці пачынаць натаваць, хоць не жадаю зусім?
Мушу я ўсё ж апраўдаць даручэнне таго, каму моцна
Я абавязаны ўсім, выканаць трэба загад1.
Часу няма вывучаць: ці не ссохла крыніца натхнення?
Плён неўрадлівай раллі смела цяпер пакажу.
|