|
|
№
3(49)/2009
Галерэя
Юбілеі
Пераклады
Ad Fontes
На шляху веры
Вера & Cultura
Кс. Андрэй ЗНОСКА
Нашы святыні
Мастацтва
Год святарства
Паэзія
Пераклады
Падарожжы
Мастацтва
Кніжныя скарбы
Проза
|
№3(49) 2009Гэты нумар часопіса распачынаецца артыкулам мастацтвазнаўцы Валерыя Буйвала «П’еро дэлла Франчэско. Алтарная карціна Монтэфэльтро», у якім аўтар распавядае пра шэдэўр італьянскага жывапісу ХV стагоддзя, што захоўваецца ў міланскай Галерэі Брэра. «Ружы рознага колеру» — такую назву мае інтэрв’ю пісьменніцы Крыстыны Лялько з Яго Эмінэнцыяй кардыналам Казімірам Свёнткам, прысвечанае 70-годдзю яго святарскага шляху і 95-годдзю з дня нараджэння. У дадзеным нумары часопіса заканчваецца публікацыя працы вядомага тэолага Рамано Гуардзіні «Чаканне стварэння» (каментар на Пасланне да Рымлянаў) у перакладзе з нямецкай мовы Ірыны Бурак. У рубрыцы «Пераклады» прапануецца працяг «Кветачкаў святога Францішка». У рубрыцы Ad fontes змешчаны працяг славутай працы Тамаша Кэмпійскага «Следам за Хрыстом» у перакладзе на беларускую мову, здейсненым д-рам Станіславам Грынкевічам у 30-х гадах мінулага стагоддзя. Пісьменніца Ірына Жарнасек прапануе чытачам інтэрв’ю «Iдалапаклонства яшчэ магчыма?» з айцом марыянінам Андрэем Сідаровічам, прысвечанае праблеме ідалапаклонства ў сучасным свеце. У рубрыцы «Вера і культура» друкуецца артыкул Пятра Рудкоўскага ОР «Любоў і каханне паміж спірытуалізмам і геданізмам». Ксёндз Андрэй Зноска падрыхтаваў для чытачоў часопіса артыкул «Да пытання аб неабходнасці канцэптуальнай гістарычнай пераемнасці ў беларускім рэлігійным праве». Рэстаўратар Аркадзь Шпунт у артыкуле «Маці Божая Белагрудская» падае свае развагі пра гісторыю цудадзейнага абраза ў белагрудскім касцёле св. Міхала Арханёла, які яму пашчасціла рэстаўраваць. У рубрыцы «Мастацтва» друкуецца даследаванне Аляксандра Ярашэвіча «Алтарны жывапіс Беларусі XVIII–XIX стагоддзяў». Артыкул айца Юзафа Макарчыка OFMConv прысвечаны жыццю і дзейнасці айца францішканіна Аркадзя Караля Юзафа Вальтася і пададзены ў перакладзе на беларускую мову Дануты Бічэль. У рубрыцы «Паэзія» друкуюцца вершы вядомых беларускіх паэтаў Алеся Чобата, Мар’яна Дуксы і Сяргея Панізьніка. Гістарычнае апавяданне шведскага класіка Аўгуста Стрындбэрга «Апошні стрэл» прапануецца чытачам у перакладзе на беларускую мову Валерыя Буйвала. У рубрыцы «Падарожжы» змешчаны артыкул «Тры дні ў Марселі», у якім пісьменнік Міхась Скобла дзеліцца ўражаннямі пра свой удзел у міжнародным літаратурным кангрэсе Mare Nostrum («Наша мора»), арганізаваным у Еўрапейскай пісьменніцкай арганізацыяй. Алена Глагоўская ў артыкуле «Мастак з Крутога Берага» знаёміць чытачоў з постаццю мастака Кузьмы Чурылы, творчая спадчына якога амаль невядома беларусам. Даследчык Юрый Лаўрык у рубрыцы «Кніжныя скарбы» прапануе артыкул «Фундушовыя бібліятэкі» пра гісторыю фундушовых бібліятэк на Беларусі. У рубрыцы «Проза» друкуецца апавяданне Дануты Бічэль «Толік».
|
|
|