|
|
|
№
3(61)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам
Постаці
Пераклады
Галерэя
Ad Fontes
Постаці
Нашы святыні
Memoria
Постаці
Літаратуразнаўства
Асобы
Данута БІЧЭЛЬ
Паэзія
Нашы святыні
Мастацтва
Гісторыя
|
Максімільян Кольбэ нарадзіўся ў Здуньскай Волі 8 студзеня 1894 года. У той жа дзень ён быў ахрышчаны ў мясцовым парафіяльным касцёле. Падчас хросту атрымаў імя Раймунд. Бацькі Раймунда Кольбэ — Марыяна і Юліюш — ажаніліся 5 кастрычніка 1891 г. у Здуньскай Волі і пасля заключэння шлюбу пасяліліся ў доме на вуліцы Броварнай (сёння вуліца святога Максімільяна), дзе кіравалі ткацкаю майстэрняю. Абое былі вельмі пабожнымі людзьмі. Старэйшы брат Максімільяна, Францішак, у 1914 г. пайшоў у манаства. Падчас Другой сусветнай вайны ён быў арыштаваны органамі гестапа і трапіў у лагер у Аўшвіцы. Памёр Францішак Кольбэ ў студзені 1945 г. у лагеры Бухенвальд-Міттэльбаў. Малодшы брат, Юзаф, у кляштары прыняў імя Альфонс. Ён быў найбліжэйшым паплечнікам Максімільяна. Памёр у 1930 годзе. У 1907 годзе Раймунд прыняў сакрамэнт бежмавання і ў тым самым годзе вырашыў пайсці ў кляштар. Ён прыбыў у Львоў восенню 1907 г., каб вучыцца ў гімназіі, якой кіравалі францішкане. У Львоў Раймунд прыехаў разам са старэйшым братам Францішкам. Праз год следам за імі скіраваўся з рэкамендацыйнымі лістамі самы малодшы брат, Юзаф. Да Галіцыі браты дабраліся на возе, схаваўшыся ў сене, бо не мелі пашпартоў і былі падданымі расійскага цара. Праз тры гады вучобы ў гімназіі, 4 верасня 1910 года, браты ўступілі ў навіцыят ордэну францішканаў. Згодна з тагачаснай традыцыяй, яны атрымалі новыя імёны. Раймунд стаў Максімільянам, а Францішак — Валяр’янам. Таварышы па вучобе ўзгадвалі, што Максімільян меў асаблівыя поспехі ў вывучэнні дакладных дысцыплінаў, шмат займаўся праектаваннем і эксперыментаваннем. Летам 1912 года Максімільян закончыў вучобу ў Львове і быў пераведзены ў Кракаў. Восенню гэтага ж года настаяцелі скіравалі яго на далейшую вучобу ў Рым. Святарскае пасвячэнне Максімільян Кольбэ атрымаў 28 красавіка 1918 года з рук кардынала, вікарыя Рыма Базіліо Пампілі ў касцёле Сант-Андрэа-дэлла-Валле. На наступны дзень у касцёле Сант-Андрэа-дэлле-Фраттэ ён цэлебраваў першую святую Імшу. У Рыме Максімільян Кольбэ на працягу трох гадоў вывучаў філасофію ў Папскім грыгарыянскім універсітэце, а затым — тэалогію ў Міжнародным серафімскім калегіуме. Скончыў навучанне са ступенню доктара ў абедзвюх галінах. 1 лістапада 1914 года ў капліцы серафімскага калегіума ён склаў вечныя шлюбы ў прысутнасці а. Дамініка Тавані, генеральнага вікарыя ордэну, і прыняў дадатковае імя — Марыя. Калі Максімільян знаходзіўся ў Рыме, у яго пагоршылася здароўе. Напрыканцы 1917 года ўрачы выявілі ў яго сухоты. З’яўляючыся слухачом серафімскага калегіума, брат Максімільян Марыя Кольбэ разам з таварышамі заснаваў Рыцарства Беззаганнай. Аб’яднанне, адной з мэтаў якога было навяртанне грэшнікаў і парышэнне культу Беззаганнай, утварылася 16 кастрычніка 1917 года. Максімільян Марыя Кольбэ вярнуўся ў Польшчу ў канцы ліпеня 1919 года. Настаяцелі скіравалі яго на працу ў семінарыю. Ён прасіў правінцыяла даць яму магчымасць займацца навуковаю працаю, але правінцыял адмовіў, таму малады законнік заняўся пашырэннем ідэі Рыцарства Беззаганнай. Яму ўдалося схіліць на свой бок біскупа Адама Стэфана Сапегу, Мітрапаліта Кракаўскага. Падчас штогадовых рэкалекцый у 1920 годзе айцец Максімільян напісаў «Статут жыцця», які складаўся з 12-ці пунктаў. Пад першым пунктам ён запісаў такія словы: «Я павінен быць святым — як мага больш святым». У адным з наступных было напісана: «Рабі тое, што робіш; на ўсё іншае — добрае або дрэннае — не звяртай увагі». Гэтых пастановаў ён паслядоўна прытрымліваўся да канца свайго жыцця. Пачынаючы з 1921 года да 1939-га айцец Максімільян быў частым госцем у Закапанэ. Ён прыязджаў туды лячыць сухоты. Часам праводзіў там па некалькі месяцаў. У гэты час Максімільян не бяздзейнічаў, займаўся евангелізацыяй. У студзені 1922 года айцец Максімільян выдаў першы нумар «Rycerza Niepokalanej». Напрыканцы 1922 года рэдакцыя часопіса была перанесена ў кляштар у Гродне. Яе размясцілі ў трох маленькіх пакойчыках на першым паверсе кляштара. Увесь калектыў рэдакцыі складаўся ўсяго з чатырох чалавек. У гэты першы перыяд існавання «Rycerza Niepokalanej» шрыфту не хапала для поўнага набору аднаго нумара. Аднак выдавецтва ўжо мела друкарскую машыну з ручным прывадам. Айцец Максімільян купіў яе за мільён марак у сясцёр з Лагеўнікаў у Кракаве. <...> Праз пяць гадоў супрацоўнікаў у рэдакцыі было 24. У 1927 годзе яны выдавалі «Rycerza Niepokalanej» накладам 65 тысяч асобнікаў. Дынамічнае развіццё рэдакцыі часопіса і цесната ў гродзенскім кляштары вымусілі айца Максімільяна шукаць новае месца для сваёй справы. У чэрвені 1927 года айцец Максімільян даведаўся, што ў мястэчку Тэрэсін пад Варшаваю князь Ян Друцкі-Любецкі дзеліць сваю маёмасць і прадае зямлю. Праз пасрэднікаў айцец Максімільян скантактаваўся з князем і папрасіў аб сустрэчы, якая адбылася ў тым жа месяцы. Князь згадзіўся ахвяраваць сваю зямлю манаскай супольнасці. Калі ў 1922 годзе айцец Максімільян пераязджаў з Кракава ў Гродна, усё абсталяванне рэдакцыі змясцілася ў адным яго чамадане. У лістападзе 1927 года для перавозу друкарскіх машын з Гродна ў Тэрэсін неабходна было наняць чатыры вагоны. Будаўніцтва кляштара ў Тэрэсіне распачалося ў верасні 1927 года. Законнікам бескарысліва пачалі дапамагаць жыхары з прылеглых ваколіцаў. Большасць будаўнічых працаў у кляштары праводзілі самі браты. Першаю для карыстання была падрыхтаваная ў Непакалянаве капліца. У ёй усталявалі часовы алтар і канфесіянал, змайстраваны са звычайных негабляваных дошак. Айцец Максімільян адразу ж паехаў у Варшаву да арцыбіскупа, каб атрымаць дазвол на цэлебраванне святой Імшы ў новай капліцы і захоўванне ў ёй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Барак для жылля і друкарня былі дабудаваныя ўжо пасля перанясення рэдакцыі з Гродна. Непакалянаўскі кляштар быў пабудаваны вельмі хутка — за два месяцы. Напрыканцы лістапада 1927 года рэдакцыя з’ехала з Гродна. Браты загадзя надрукавалі «Rycerza Niepokalanej» на снежань 1927 года, каб выйграць крыху часу. У снежні 1928 года наклад штомесячніка дасягнуў 140 тысяч асобнікаў. Развіваўся таксама кляштар. Для працы не хапала рук. На скаргі айца Максімільяна правінцыял адказаў, каб ён заснаваў у Непакалянаве школу і сам падрыхтаваў для сябе кадры. У верасні 1929 года распачала сваю дзейнасць Малая місійная семінарыя. Калі ў Непакалянаве быў створаны кляштар-рэдакцыя, айцец Максімільян вырашыў рэалізаваць план, які выношваў у сэрцы з самага пачатку сваёй святарскай дзейнасці. 26 лютага 1930 года разам з чатырма братамі ён адправіўся на місіі ў Японію. У красавіку 1930 года місіянеры прыбылі ў японскі горад Нагасакі. Мясцовы біскуп шукаў выкладчыка філасофіі ў сваю семінарыю. Ён прыняў на працу айца Максімільяна, а таксама дазволіў выдаваць «Rycerza Niepokalanej» на японскай мове. Ужо ў маі з’явіўся першы нумар «Rycerza Niepokalanej» па-японску накладам 10 тысяч асобнікаў — «Seibo no Kishi». Ён быў разасланы па парафіях разам з мясцовым дыяцэзіяльным часопісам. Выданне «Rycerza Niepokalanej» па-японску было б немагчымым, калі б не дапамога мясцовых святароў, якія перакладалі артыкулы айца Максімільяна, напісаныя на лацінскай мове. Складаней было з наборшчыкамі, у якіх былі вельмі высокія расцэнкі — па гэтай прычыне законнікі самі набіралі «Rycerza Niepokalanej». Японскі «Непакалянаў» развіваўся. У першапачатковым месцы братам стала зацесна. У сакавіку 1931 года місіянеры купілі зямлю пад будаўніцтва кляштара на схіле гары Хікасан, у прыгарадзе Нагасакі. Яны зрабілі гэта насуперак парадам мясцовых жыхароў. Рашэнне айца Максімільяна было прадбачлівае. У 1945 годзе на Нагасакі была скінута атамная бомба. Яна ўпала акурат на тое месца, якое францішканам раілі для будаўніцтва рэдакцыі. У францішканскім кляштары каля гары Хікасан… толькі паразбіваліся шыбы. У чэрвені 1936 года айцец Максімільян паехаў у Польшчу на капітул правінцыі, дзе быў выбраны настаяцелем кляштара ў Непакалянаве. У Японію ён ужо не вярнуўся. Непакалянаў, які ў 1936 годзе айцец Максімільян прымаў як настаяцель, быў ужо зусім не такім, з якога ён адпраўляўся на місіі ў 1930 годзе. Гэта быў амаль самадастатковы горад з уласнаю сельскаю гаспадаркаю, малочным прадпрыемствам, пякарняю. На тэрыторыі кляштара дзейнічала Добраахвотная пажарная ахова, якая складалася толькі з законнікаў. Да кляштара была падведзена вузкакалейная чыгунка, былі ўзведзены новыя будынкі. У кляштары таксама стала больш людзей. Калі на пачатку 1930 года айцец Максімільян ад’язджаў у Японію, у Непакалянаве жыло больш за сто законнікаў. Напрыканцы 1935 года іх налічвалася 532. Cупольнасць працягвала павялічвацца. У канцы 1936 года законнікаў было ўжо 658. Айцец Максімільян пачаў рэфармаваць працу ў кляштары. Ён падзяліў Непакалянаў на 12 структураў, якія падпарадкоўваліся непасрэдна дырэкцыі. Распарадзіўся, каб кожны аддзел стварыў уласную энцыклапедыю працы, меў выпрабаваныя спосабы працы, арганізацыі і эканоміі часу. Дзейнасць мусіла быць арганізаваная так, каб у любы момант можна было перавесці законніка на іншую пасаду без шкоды для яго папярэдняга месца працы. «Mały Dziennik», які выходзіў у Непакалянаве з мая 1935 года, напярэдадні Другой сусветнай вайны быў адной з найбуйнейшых польскіх газет. Яго наклад дасягаў 300 тысяч асобнікаў. Акрамя таго, ён быў самым танным перыядычным выданнем: каштаваў 5 грошаў. На старонках канкурэнтных выданняў вельмі часта ўзнімалася пытанне аб цане «Małego Dziennika» і сцвярджалася, што ён фінансуецца з замежных крыніцаў. Галоўная рэдакцыя газеты знаходзілася ў Варшаве, але былі таксама рэгіянальныя рэдакцыі гэтага выдання ў найбуйнейшых польскіх гарадах. Друкаванне ажыццяўлялася толькі ў Непакалянаве. Павялічваўся наклад «Rycerza Niepokalanej». Напрыканцы 1937 года ён налічваў 754 тысячы асобнікаў, а ў 1938 годзе дасягнуў мільённага накладу. У 1937 годзе на друкаванне ўсіх выданняў было выкарыстана больш за 1600 тонаў паперы і каля 35 тонаў друкарскай фарбы. Друкарня ў Непакалянаве была адной з самых мадэрновых друкарняў у Польшчы. Машыны прывозіліся з Германіі. Грошы на іх пакупку паступалі з ахвяраванняў чытачоў «Rycerza Niepokalanej». Апрача «Rycerza» і «Małego Dziennika», у Непакалянаве друкаваліся «Rycerzyk Niepokalanej», «Mały Rycerzyk Niepokalanej», місійны бюлетэнь, а таксама «Miles Immaculatae», або «Rycerz Niepokalanej» на лацінскай мове для святароў. Законнікі мелі ўласны тартак і сталярню, дзе рабілі лавы, сталы і іншыя прадметы для кляштара. У кляштары быў таксама механічны цэх. Браты, якія ў ім працавалі, мелі пад сваім наглядам усё абсталяванне, што знаходзілася ў Непакалянаве, рамантавалі друкарскія машыны, аўтамабілі, веласіпеды. У верасні 1939 года ў Кракаве адбыўся капітул правінцыі пад кіраўніцтвам генерала ордэну Бэда Марыя Хэсса. Айцец Максімільян паўторна быў выбраны настаяцелем Непакалянава, які ў той час быў ужо невялікім горадам: у верасні 1939 года ў ім жыло 13 айцоў, 527 братоў, 82 аспіранты, 18 клерыкаў і 122 вучні семінарыі — усяго 762 чалавекі. Непакалянаў часта наведвалі высокія касцёльныя дзеячы. У 1937 годзе горад Марыі наведаў арцыбіскуп Філіппо Картэзі, апошні Апостальскі нунцый у Другой Рэчы Паспалітай. Некалькі разоў у Непакалянаве быў кардынал Аўгуст Хлёнд, прымас Польшчы. Заснаваны айцом Максімільянам кляштар аглядаў таксама арцыбіскуп Адам Стэфан Сапега, Мітрапаліт Кракаўскі. У сваю чаргу кардынал Аляксандр Какоўскі, Мітрапаліт Варшаўскі, наведваўся ў Непакалянаў нават па некалькі разоў на год. Айцец Максімільян звяртаўся да самых новых тэхнічных сродкаў. У снежні 1937 года было прынята рашэнне наладзіць у Непакалянаве працу радыё. 8 снежня падчас пробнай радыёперадачы трансліраваліся катэхезы пра Маці Божую. Браты далі таксама скрыпічны канцэрт. Пра дзейнасць радыё з самага пачатку клапаціўся брат Мансвэт Марчэўскі, які супрацоўнічаў з айцом Максімільянам яшчэ з гродзенскага перыяду. Развіццё радыёвяшчальнай станцыі перарваў выбух Другой сусветнай вайны. Радыё аднавіла сваю дзейнасць толькі 1 сакавіка 1995 года. Размяшчаецца яно ў тым самым будынку. Трансляцыя ідзе ў заходняй Мазовіі і ў Лодзкім ваяводстве, а са жніўня 2010 года праз пасрэдніцтва польскай эмігранцкай станцыі — таксама ў Чыкага. Айцец Максімільян цікавіўся радыё з часу яго ўзнікнення. Перш чым заснаваць у Непакалянаве ўласную радыёвяшчальную станцыю, ён двойчы прамаўляў на Польскім Радыё. Гэта было 8 снежня 1937 года і 2 лютага 1938 года. На жаль, запісы гэтых перадач не захаваліся.
4 верасня 1939 г.выходзіць апошні нумар «Małego Dziennika». На наступны дзень распачынаецца эвакуацыя кляштара. Законнікі атрымліваюць распараджэнне ехаць на сваю радзіму, сам айцец Максімільян застаецца ў кляштары (разам з ім застаецца невялікая група братоў). 7 верасня бомбы падаюць на Непакалянаў. Немцы захопліваюць кляштар раніцаю 19 верасня. Законнікі і айцец Максімільян былі арыштаваныя. Іх адправілі ў лагер у Амціц (цяпер вёска Гэмбіцэ каля Губіна), пасля яны трапілі ў лагер у Астжэшуве. Адразу ж пасля захопу кляштара ў ім распачаўся ператрус. Немцы шукалі архіўныя асобнікі «Małego Dziennika», які быў прызнаны антынямецкім выданнем. Жаўнеры знішчылі склад з фігуркамі і бюро кляштара, забаранілі выдаваць «Rycerza Niepokalanej». Толькі ў канцы 1940 года, пасля доўгіх старанняў айца Максімільяна, немцы згадзіліся на выданне «Rycerza». За час вайны выйшаў усяго адзін нумар часопіса. Камендантам лагера ў Астжэшуве быў Ханс Мульцар, нямецкі пастыр. Ён дазволіў пусціць у лагер ксяндза з Камуніяй для францішканаў. 8 снежня 1939 года законнікі былі вызваленыя. Айцец Максімільян прадчуваў, што не перажыве вайну. 17 лютага 1941 года ў брамы кляштара загрукала гестапа. Афіцэры патрабавалі сустрэчы з айцом Максімільянам. Прыкладна а 12-й гадзіне дня айца Максімільяна разам з айцамі Піем Бартосікам, Урбанам Цеслякам і Юстынам Назімам пасадзілі ў машыны і вывезлі ў Варшаву. Іх кінулі ў вязніцу, якая ў народзе называлася Павякам. Праз некалькі дзён група законнікаў напісала ліст у гестапа з просьбаю вызваліць айца Максімільяна і забраць іх на яго месца. 28 мая 1941 года айцец Максімільян быў пераведзены ў Аўшвіц. Ён атрымаў нумар 16 670 і быў пасланы на самую цяжкую працу. Два тыдні працаваў у рабочай брыгадзе «Бабіцэ», дзе мучылі святароў. 15 чэрвеня 1941 года айцец Максімільян выслаў з Асвенціма ліст маці, у якім пісаў: «У мяне ўсё добра. Дарагая мама, будзь спакойная за мяне і маё здароўе, бо добры Бог ёсць у кожным месцы і з вялікаю любоўю клапоціцца пра ўсіх і ўсё». Гэта быў апошні ліст у яго жыцці. У канцы ліпеня 1941 года з лагера ўцёк вязень Зыгмунт Піляўскі. Эсэсаўцы загадалі вязням сабрацца на штрафную пераклічку. Вязняў з 14-га барака, у якім быў таксама айцец Максімільян, паставілі на пляцы пад пякучымі промнямі сонца і выбралі 10 чалавек, якія павінны былі загінуць за ўцекача. Сярод іх быў таксама Францішак Гаёўнічак. Айцец Максімільян выйшаў наперад і сказаў здзіўленым эсэсаўцам, што хоча пайсці на смерць за гэтага чалавека. Немцы згадзіліся. Дзесяць вязняў кінулі ў камеру смерці ў бараку пад нумарам 13. Іх мучэнні працягваліся два тыдні. 14 жніўня 1941 года жывымі былі ўжо толькі чатыры пакутнікі. Сярод іх — і айцец Максімільян. Эсэсаўцы прыводзілі ў камеру крымінальнага злачынцу, які кожнаму з вязняў рабіў ін’екцыю карболавай кіслаты ў левую руку. Айцец Максімільян сам падаў руку кату... Пасведчанне аб яго смерці было прысланае ў Непакалянаў у студзені 1942 года. Вестка пра смерць айца Максімільяна хутка дайшла да Непакалянава і разышлася па ўсім свеце. У 1946 годзе генерал ордэну даручыў сабраць усе лісты Максімільяна Кольбэ, а праз год пачаўся інфармацыйны працэс. Беатыфікацыйны працэс быў распачаты 15 мая 1960 года. Дэкрэт пра гераічнасць цнотаў айца Максімільяна выдаў папа Павел VI 30 студзеня 1969 года. 17 кастрычніка 1971 года Святы Айцец беатыфікаваў заснавальніка Непакалянава. 10 кастрычніка 1982 года папа Ян Павел ІІ абвясціў благаслаўлёнага айца Максімільяна святым мучанікам. На кананізацыю айца Максімільяна ў Рым прыехалі тысячы палякаў. Прыбылі таксама дэлегацыі з Японіі — з місіі ў Нагасакі, якую заснаваў святы Максімільян. Дары Святому Айцу падносілі найбліжэйшыя паплечнікі айца Максімільяна. Заснавальнік Непакалянава на пачатку вайны адгадаваў бараду, каб пазбегнуць арышту. Валасы з яго барады захаваў брат цырульнік — гэта адзіная рэліквія, якая засталася пасля смерці святога... У 1979 годзе ў час свайго першага візіту на Радзіму папа Ян Павел ІІ наведаў Аўшвіц. Ён маліўся ў камеры смерці айца Максімільяна і цэлебраваў святую Імшу на тэрыторыі канцлагера. Падчас гаміліі Святы Айцец сказаў: «У гэтым месцы страшных катаванняў, якія давялі да смерці чатыры мільёны чалавек з розных народаў, айцец Максімільян здабыў духоўную перамогу, падобную да перамогі самога Хрыста, калі дабравольна пайшоў на смерць у карцар голаду за брата». Рыцарства Беззаганнай працягвае развівацца. У Польшчы да яго належаць больш за два мільёны чалавек. 17 кастрычніка 1997 года, у 80-ю гадавіну заснавання гэтага аб’яднання, Касцёл прызнаў Рыцарства публічным, усеагульным і міжнародным таварыствам вернікаў. Міжнародны цэнтр MI знаходзіцца ў Рыме, у той час як Непакалянаў з’яўляецца цэнтрам Рыцарства ў Польшчы. Папа Бэнэдыкт XVI у сваім звароце да Рыцараў Беззаганнай сказаў: «Ваша харызма актуальная і патрэбная, таму абуджайце ў сабе апостальскую руплівасць і поўны давер да Беззаганнай Марыі». «Rycerz Niepokalanej» — часопіс, які ў 1922 годзе заснаваў святы Максімільян, — існуе і ўвесь час развіваецца. У Польшчы ён выдаецца ўжо больш за 90 гадоў накладам звыш 100 тысяч асобнікаў. У Японіі часопіс выходзіць ужо больш за 70 гадоў. Свае аналагі «Rycerz» мае ва ўсім свеце, напрыклад, у Славакіі, Чэхіі, у Парагваі, Карэі, Індыі, ЗША. Нядаўна ён пачаў выходзіць таксама на мове суахілі. Непакалянаў не заняпаў пасля смерці айца Максімільяна. У ім была ўзведзена вялізная святыня з высокаю, 47-метроваю, вежаю. Трохнававы касцёл амаль цалкам пабудавалі і абсталявалі законнікі. Уражвае ўнутраны выгляд святыні, якая дасягае 69 метраў у даўжыню і 18 метраў у шырыню. Першая святая Імша ў касцёле была цэлебраваная 8 снежня 1949 года. У наступным годзе, 27 чэрвеня, Прымас Польшчы Стэфан Вышынскі стварыў у Непакалянаве парафію і даручыў францішканам апекавацца ёю. 30 красавіка 1980 года папа Ян Павел ІІ надаў святыні тытул Базылікі меншай, а 25 сакавіка 2004 года Непакалянаў атрымаў статус агульнапольскага Санктуарыя Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганннай Пасрэдніцы ўсіх ласкаў (базыліка) і святога Максімільяна Марыі Кольбэ (капліца).
Падрыхтавала
Гл. таксама:
|
|
|
|