|
|
|
№
4(70)/2014
У кантэксце Бібліі
Пераклады
Інтэрв’ю
Жыццё Касцёла
Sanctorum opera
З архіваў часу
Постаці
Адукацыя
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Паэзія
Асобы
Рымскія святыні
Пазіцыя
Галерэя
|
ДА 100-ГОДДЗЯ
|
|
Шаноўныя чытачы! Завяршаецца год, пазначаны векавым юбілеем кардынала Казіміра Свёнтка. У кожным нумары нашага квартальніка друкаваліся матэрыялы, прысвечаныя гэтаму незвычайнаму чалавеку і святару. У апошнім, 4-м нумары, прапануем вашай увазе рэферат «Ён жыў сярод нас, мы былі з ім...» кс. Станіслава Паўліны fDP, былога канцлера Пінскай дыяцэзіі, прачытаны ім на канферэнцыі «Сведка веры», якая адбылася 8 лістапада ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Драгічыне над Бугам. Тое, што такая канферэнцыя прайшла менавіта ў польскім Драгічыне, не выклікае здзіўлення. І не толькі таму, што гэтае мястэчка знаходзіцца блізка ад Беларусі і ад лю́бых сэрцу нашага кардынала Піншчыны ды Берасцейшчыны, але й таму, што здаўна ў Драгічынскай семінарыі вучыліся многія святары з Беларусі, а таксама таму, што Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк не раз бываў у Драгічынскай дыяцэзіі, наведваў мясцовую духоўную семінарыю, сустракаўся з яе выкладчыкамі і студэнтамі. На канферэнцыі, якую арганізаваў тутэйшы Падляшскі інстытут хрысціянскай культуры імя Яна Паўла ІІ па благаслаўленні і пад патранатам ардынарыя Драгічынскай дыяцэзіі біскупа Тадэвуша Пікуса і біскупа на пенсіі Антонія Пацыфіка Дыдыча OFMCap, пра гэта ўдзячна згадвалі і самі іерархі, і рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ксёндз доктар Тадэвуш Сычэўскі.
На канферэнцыі таксама былі прачытаны рэфераты пра гісторыю Пінскай дыяцэзіі ў 1925–1929 гадах (доктар гістарычных навук, прадэкан факультэта гісторыі і культурнай спадчыны Папскага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ ў Кракаве Марэк Галабурда), пра сучасны стан і перспектывы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі (Пінскі біскуп Антоні Дзям’янка), пра гераічнае сведчанне веры кардынала Казіміра Свёнтка (рэдактар часопісаў «Ave Maria» i «Наша вера» Крыстына Лялько); сваімі ўспамінамі пра мужнага святара і чалавека падзяліліся ксёндз прэлат Мечыслаў Ліпніцкі і аўтар фільма «Пастыр», рэжысёр Станіслаў Круляк.
Але, бадай, самае важнае, што ў цёплай, сардэчнай атмасферы, якая панавала на канферэнцыі, адчувалася жывая прысутнасць нашага кардынала: як быццам гэта ён сам запрасіў усіх на свой юбілей і прыязна, з прытоенаю ўсмешкаю пазіраў з партрэта на сцэне і са шматлікіх, удала падабраных здымкаў фотавыставы, з любоўю створанай Збігневам Філіпкоўскім; ён жыў у сэрцы кожнага, хто ў той лістападаўскі дзень прыйшоў і прыехаў на канферэнцыю ў Драгічын, каб аддаць яму даніну глыбокай павагі і любові, каб выказаць словы падзякі за прыклад гераічнай, непахіснай веры, які кардынал Казімір Свёнтэк усім нам пакінуў. Дзякуй Богу, што ён жыў сярод нас і што мы мелі шчасце быць побач з ім.
Рэд.
Гл. таксама:
Кс. Станіслаў ПАЎЛІНА fDP :: «ЁН ЖЫЎ СЯРОД НАС, МЫ БЫЛІ З ІМ...» ::
|
|
|