|
|
№
3(17)/2001
Рэха пілігрымкі
Пра самае важнае
Біскуп Уладзіслаў БЛІН
СВЯТАРСКАЯ Постаці
Мастацтва
Хрысціянская думка
На кніжнай паліцы
Святло слова
Нашы святыні
Сведчаць архівы
Проза
Паэзія
Кантрапункт
|
Добра вядома, што слова «касцёл» азначае беларускую і польскую назву каталіцкай Царквы як у яе агульнай ідэі духоўнага паяднання людзей, так і ў форме храма. Але, напэўна, не ўсе задумваліся над тым, чаму гэтая назва адрозніваецца ад назваў хрысціянскай Царквы іншых народаў. Каб зразумець гэта, трэба звярнуцца да этымалогіі слова «касцёл», якое паходзіць ад лацінскага castelium, што азначае «невялікая крэпасць», і да гісторыі нашага краю. Пашырэнне каталіцызму на беларускіх землях адбывалася з ХІІІ ст. і асабліва інтэсіўна з канца ХІVст., пасля Крэўскай уніі, але яшчэ да Грунвальдскай бітвы 1410 г. Гэта быў складаны, асабліва ў знешнепалітычных адносінах, перыяд жыцця не толькі беларускай дзяржавы, Вялікага Княства Літоўскага, але і Каралеўства Польскага, што прывяло да іх першага палітычнага саюзу. Перад пагрозай крыжацкай навалы заходнія рубяжы Вялікага Княства апярэзаў ланцуг мураваных вялікакняжацкіх замкаў. Ад Вільні да Гародні паўсталі замкі-волаты ў Троках, Крэве, Наваградку, Лідзе. Замкі мелі магутныя сцены і вежы з байніцамі і баявымі пляцоўкамі, іх абкружалі валы і равы, праз якія вялі пад'ёмныя масты. Уязную браму звычайна прыкрываў барбакан, злучаная з ёю падковападобная мураваная сцяна, адкуль можна было весці бой. Усё манументальнае мураванае дойлідства таго часу мела абарончы характар. Першыя каталіцкія храмы мусілі таксама мець абарончыя прыстасаванні, ператварацца ў маленькія цытадэлі. Таму яны і атрымалі назву – касцёл. Яшчэ не адно стагоддзе Вялікае Княства Літоўскае і Карона Польская мелі агульных ворагаў, асабліва пасля таго, як у 1569 г. у выніку Люблінскай уніі яны стварылі аб'яднаную дзяржаву – Рэч Паспалітую. Геапалітыка гэтай канфедэратыўнай дзяржавы на працягу двух стагоддзяў яе існавання была надзвычайнай складаная і шматвектарная. Дзяржаўнай рэлігіяй Рэчы Паспалітай з'яўлялася каталіцтва, аднак у адрозненне ад монаканфесійнай Польшчы грамадства ВКЛ было поліканфесійным: большую частку насельніцтва складалі праваслаўныя, частка магнатэрыі прытрымлівалася пратэстантызму, акрамя таго, пасля Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 г. паступова набывала пашырэнне уніяцтва, што адбывалася, як сведчаць тагачасныя дакументы, «прозьбою і грозьбою». Усё гэта спрыяла абвастрэнню знешне– і ўнутрыпалітычных абставінаў, што суправаджаліся бясконцымі войнамі, галоўнай арэнай якіх была тэрыторыя сучаснай Беларусі. У 1654 г. пачалася шматгадовая вайна паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай Руссю за Украіну і Беларусь, прычынай якой сталі рашэнні Земскага сабора 1653 г. і Пераяслаўскай рады 1654 г. аб аб'яднанні Украіны з Расіяй. Пры гэтым расійскі бок прынялі даволі шырокія пласты праваслаўнага насельніцтва Беларусі. У 1655 г. супраць Рэчы Паспалітай распачала ваенныя дзеянні Швецыя, якую падтрымлівалі некаторыя магнаты Вялікага Княства Літоўскага пратэстанцкага веравызнання. Найбольш адметнымі былі стрыечныя браты – вялікі гетман літоўскі Януш Радзівіл і канюшы ВКЛ Багуслаў Радзівіл, уладальнік удзельнага Слуцкага княства. Баючыся ўмацавання Швецыі ў Прыбалтыцы, рускі ўрад прыняў захады да замірэння з Рэччу Паспалітай, вынікам чаго стала Віленскае перамір'е 1656 г. Пасля смерці Багдана Хмяльніцкага частка казацкіх вярхоў пераарыентавалася на Рэч Паспалітую, што прывяло да падпісання Гадзяцкай дамовы 1658 г. паміж Расіяй і Швецыяй. Гэта зноў выклікала абвастрэнне адносінаў і пачатку ваенных дзеянняў паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, якая пасля заключэння міру са Швецыяй у 1660 г. сканцэнтравала на тэрыторыі ВКЛ значныя вайсковыя сілы і адваявала Правабярэжную Украіну. У 1667 г. абодва бакі, знясіленыя вайной і вялікімі матэрыяльнымі стратамі, у вёсцы Андрусава пад Мсціславам падпісалі перамір'е на 13 з паловай гадоў, паводле якога Беларусь і Правабярэжная Украіна засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай, а Левабярэжная Украіна з Кіевам адышлі Расіі. У хуткім часе пасля гэтага, са смерцю ў 1668 г. караля Яна Казіміра, у Рэчы Паспалітай скончылася дынастыя Вазаў. Новым каралём быў абраны Міхал Вішнявецкі (гады праўлення 1668–1674), а затым Ян ІІІ Сабескі (гады праўлення 1674–1696), пры якім умовы Андрусаўскага перамір'я былі замацаваны ў 1686 г. «Вечным мірам». Страшная руска-шведска-польская вайна 1654–1667 гг., якая ў гісторыі і мастацкай літаратуры атрымала назву «патоп», прынесла эканоміцы Вялікага Княства Літоўскага вялікія матэрыяльныя страты. Былі разрабаваны і спалены амаль усе гарады і мястэчкі, якія мелі пераважна драўляную забудову, а таксама нешматлікія яшчэ на той час рэпрэзентатыўныя мураваныя архітэктурныя ансамблі – феадальныя рэзідэнцыі, ратушы і культавыя збудаванні, якія пры небяспецы станавіліся пунктамі абароны. З прычыны выступлення магнатаў-пратэстантаў у вайне на баку Швецыі будаўніцтва кальвінскіх збораў было цалкам забаронена, а тыя, што ўжо існавалі, перадалі каталікам. У 1676 г. сойм Рэчы Паспалітай пазбавіў праваслаўныя брацтвы стаўрапігіі (права падпарадкавання непасрэдна канстанцінопальскаму патрыярху), пад пагрозай смерці былі забаронены царкоўныя стасункі з Маскоўскай Руссю. Гэтыя падзеі на доўгі час прыпынілі праваслаўнае храмабудаўніцтва на Беларусі. Разам з тым пачалося інтэнсіўнае мураванае каталіцкае будаўніцтва, значна павялічылася колькасць касцёльна-кляштарных комплексаў шматлікіх манаскіх ордэнаў, якія падтрымлівалі сваімі ахвяраваннямі прадстаўнікі мясцовай магнатэрыі і шляхты. Усё гэта адбілася на спецыфіцы мастацкай культуры таго часу.
Прынамсі ў гэты час у архітэктуры Беларусі носьбітамі сармацкага светапогляду сталі «жабрацкія» ордэны, місіянерская дзейнасць якіх была скіравана, у першую чаргу, на сярэднія, «вольныя», пласты насельніцтва – шляхту і мяшчанаў, а затым з іх дапамогай адбывалася пашырэнне ўплыву каталіцызму сярод сялянаў. Яшчэ ў 1-й палове ХVІІ ст., у перыяд ранняга барока, у ВКЛ былі створаны выдатныя касцёльна-кляштарныя ансамблі еўрапейскага ўзроўню ў Вільні, Гародні, Нясвіжы, Мінску з адметнымі рысамі італьянскага ўплыву. Экспрэсіўнае, дынамічнае мастацтва барока набірала моц, і раптам у 2-й палове стагоддзя, у часы сталага барока, на тэрыторыі Беларусі будуецца цэлы шэраг каталіцкіх святыняў з падкрэсленай лапідарнасцю мас і сціплым спрошчаным вонкавым дэкорам, у якіх вельмі цяжка ўбачыць іх барочную сутнасць. Гэта звычайна прыводзіла да памылковага вызначэння ў архіўных інвентарах і навуковых публікацыях іх стылёвых характарыстык як «гатычных» альбо «рэнесансных». У той жа час аздабленне інтэр'ераў большасці з гэтых збудаванняў вызначаецца надзвычайнай пышнасцю, сакавітасцю і пластычнасцю формаў, у выніку чаго кантраст паміж іх вонкавым і ўнутраным абліччам становіцца асноўным мастацкім прыёмам эмацыйнага ўздзеяння на вернікаў. Элементы сарматызму прысутнічалі ўжо ў касцёлах, фундаваных Мікалаем Крыштофам Радзівілам Сіроткам, Львом і Казімірам Львом Сапегамі, а таксама іншымі прадстаўнікамі буйных магнацкіх родаў яшчэ ў 1-й палове ХVІІ ст., што выявілася ва ўвядзенні ў архітэктурна-сакральнае аблічча касцёлаў знакавай саслоўнай атрыбутыкі: гербавых картушаў, партрэтаў і надмагілляў фундатараў і г.д. Аднак у 2-й палове ХVІІ ст. пашырэнне ў розных колах грамадства сармацкага светапогляду карэнным чынам мяняе стылістыку нацыянальнай архітэктуры. Намі вылучана група касцёлаў, для якіх характэрна канцэптуальнае падабенства кампазіцыйных, канструкцыйных і дэкаратыўных рашэнняў, пранізаных ідэяй вольнага братэрства, тугой па рыцарскіх часах. Па сваёй тэктоніцы яны могуць быць аднанававымі ці трохнававымі, мець розную форму прэзбітэрыя, але абавязковымі агульнымі рысамі з'яўляюцца: адсутнасць трансепта, што, у пэўнай ступені, маскіруе канфесійную прыналежнасць святыні, і двухвежавы галоўны фасад, сваім суровым абліччам падобны да старажытнага замка, са спрошчаным плоскасным дэкорам, які толькі ўмоўна можна назваць ордэрным. У адрозненне ад помнікаў беларускай праваслаўнай царкоўнай готыкі тут вежы маюць іншую будову і з'яўляюцца эстэтычнымі кампанентамі структуры ўласна фасада, а не фланкуюць, як фартыфікацыйныя элементы, вуглы ўсяго збудавання. Каб прасачыць эвалюцыю і пераемнасць архітэктурных форм, паспрабуем разгледзіць групу касцёлаў «сармацкага барока» хаця б у прыблізнай храналагічнай паслядоўнасці, што даволі складана, бо звесткі пра даты іх фундацый і будаўніцтва ў шматлікіх публікацыях і архіўных дакументах вельмі адрозныя і супярэчлівыя. Будаўніцтва большасці з гэтых помнікаў раней датавалася па першых фундацыях касцёлаў і кляштараў пэўных каталіцкіх ордэнаў, якія адносяцца пераважна да 1640-х гг. Але першыя будынкі звычайна былі альбо драўлянымі, альбо не былі дабудаваны да пачатку разбуральнай вайны сярэдзіны стагоддзя. Таму час іх будаўніцтва прыпадае ў асноўным на апошнюю трэць ХVІІ – пачатак ХVІІІ ст., хаця існуюць і больш познія рэмінісцэнцыі збудаванняў гэтага тыпу. Многія творы «сармацкага барока» ў сярэдзіне ХVІІІ ст., стаўшы неадпаведнымі новым эстэтычным густам, паднаўляліся ў стылістыцы позняга барока, яшчэ пазней, у ХІХ ст., перабудоўваліся пад праваслаўныя цэрквы, іншыя цалкам знішчаны. Усё гэта ўскладняе мастацтвазнаўчую рэканструкцыю помнікаў гэтай стылёвай плыні. Каб зразумець сутнасць з'явы, разгледзім найбольш тыповы і найменш перабудаваны на сённяшні дзень помнік «сармацкага барока» – касцёл Міхаіла Арханёла пры кляштары аўгусцінцаў у Міхалішках (сучасны Астравецкі раён), да якога неаднаразова звярталіся даследчыкі (асабліва з-за надзвычай багатай і высокамастацкай аздобы інтэр'ера ў тэхніцы стуку). Паводле вядомага гісторыка мастацтва С.Лёранца, кляштар аўгусцінцаў у Мікалішках фундаваны ў 1622 г. Янам Цыпрыянам Бжастоўскім і першы касцёл пры ім быў драўляны. Мураваны ж касцёл у гонар св. Яна Хрысціцеля (паводле таго ж Лёранца) быў збудаваны тут да 1653 г., таму што ў інвентары 1654 г. ён названы «новым». Гэтай даты пабудовы міхалішскага касцёла прытрымліваюцца ўсе сучасныя энцыклапедычныя даведнікі і кнігі па гісторыі архітэктуры. Аднак у азначаным інвентары касцёл прысвечаны Яну Хрысціцелю, а храм кансэкраваны ў 1700 г. пад тытулам Міхаіла Арханёла, з чаго вынікае, што гаворка ідзе пра розныя святыні, і першы мураваны храм быў, верагодна, зруйнаваны падчас вайны. На наш погляд, будаўніцтва новага касцёла магло адбыцца толькі пасля замірэння Польшчы са Швецыяй у 1660 г. Таму больш рэальнай для пачатку будаўніцтва з'яўляецца дата фундацыі касцёла 1662 г., зробленай сынам першага фундатара Цыпрыянам Паўлам Бжастоўскім. Аўтарам пабудовы лічыцца архітэктар Крыштоф Пенс.
Галоўны фасад, як тэатральная дэкарацыя, стварае медыявістычны вобраз святыні. Уваходная крухта імітуе сярэднявечны абарончы барбакан, які звычайна прыкрываў брамы гарадскіх і замкавых умацаванняў. Масіўныя прызматычныя вежы складаюцца з двух чацверыковых аб'ёмаў аднолькавага сячэння і накрытыя традыцыйным пакатым чатырохсхільным шатром-«каўпаком» – усё гэта надае ім візуальную важкасць і суровасць. Паказальна, што па сваіх формах вежы міхалішскага касцёла імітуюць, прынамсі, замкавыя вежы, а не круглыя невялікія вежачкі абарончых храмаў беларускай готыкі. Тарэц даху на галоўным фасадзе закрыты простым трохвугольным атыкавым франтонам, злітым з верхнімі чацверыкамі вежаў у суцэльны маналіт, пазбаўлены характэрных барочных валют і ордэрнага дэкору, які замяняюць простакутныя філёнгавыя нішы. У архітэктурным вобразе збудавання мы назіраем зварот да рыцарскіх часоў, рыцарскага духу, абстрагаваную эмблематычнасць, уласцівую сарматызму.
Як адзначае С.Лёранц, у часы сталага барока (апошняя чвэрць ХVІІ – першая чвэрць ХVІІІ ст.) у Вільні асноўнымі касцёльнымі фундатарамі былі Пацы і Сапегі. Імі быў запрошаны сюды з Італіі П.Перці, на думку польскага даследчыка А.Мілабендзкага, «найбольш яркая індывідуальнасць таго часу ў віленскім рэгіёне». У гістарычных дакументах ён названы «архітэктар Яна Казіміра Сапегі Перці Іаган Пётр». Гэта адзіны з італьянскіх мастакоў, які назаўсёды застаўся ў ВКЛ і заснаваў дынастыю майстроў па аздабленні інтэр'ераў касцёлаў, – тут працавалі яго сын і ўнук. Разам з ім з італьянскай часткі Швейцарыі ў Вільню прыехаў і Джавані (Жан) Галі, спецыяліст па раслінных і гратэсковых стукавых арнаментах. Захаваліся звесткі, што стукавыя алтары і багатая скульптурная пластыка былі ў тагачасных касцёлах у Стоўбцах, Клецку, Глыбокім і іншых, якія па сваіх стылёвых прыкметах належаць да «сармацкага барока».
За выключэннем невялікіх варыяцыяў архітэктанічныя прынцыпы формаўтварэння міхалішскага і клецкага касцёлаў вельмі падобныя. Аналагічную трохчасткавую структуру маюць навы кафалікона, перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі на падпружных арках. Больш адметных рысаў у алтарнай частцы клецкага касцёла, вонкавы выгляд якой не адпавядае яе ўнутранай арганізацыі, што даволі незвычайна. Алтарная частка гэтай святыні ступеньчата складаецца з прамавугольнага прэзбітэрыя з алтаром на плоскай тарцовай сцяне, за якім размешчана паўкруглая апсіда, прыстасаваная пад закрыстыю. Другая закрыстыя, прамавугольнай формы, як звычайна, размешчана з паўночнага боку прэзбітэрыя. Пад абедзвюма закрыстыямі знаходзяцца крыпты для ганаровых пахаванняў клеру, які карыстаўся ў дамініканцаў асаблівай павагай.
На Вялікдзень 1422 г. у наваградскім фарным касцёле кароль Польшчы Ягайла вянчаўся з князёўнай Зоф'яй Гальшанскай. Гэты шлюб паклаў пачатак каралеўскай дынастыі Ягелонаў. Як выглядаў першы будынак касцёла – невядома. Ёсць дадзеныя, што да 1712 г. ён быў драўляны ці часткова драўляны. Ацалелі раннія гатычныя мураваныя фрагменты: дзве бессістэмна скампанаваныя гранёныя каплічкі з нервюрнымі скляпеннямі і каляровымі вітражамі, «у волаў апраўленымі». У адной з капліцаў захоўваецца цудатворны абраз Маці Божай Наваградскай, праз які немаўляткам атрымаў аздараўленне Адам Міцкевіч, хрышчаны ў гэтым касцёле 12 лютага 1799 г. У другой гатычнай капліцы знаходзіцца скульптурная выява св. Экспедыста, мармуровая кансэкрацыйная табліца і мемарыяльная пліта, умураваная ў паўночную сцяну ў 1643 г. па загадзе кашталяна наваградскага Яна Рудаміны ў памяць аб браце і сябрах, якія загінулі ў баі пад Хоцінам у 1621 г., дзе войскам ВКЛ кіраваў гетман Ян Караль Хадкевіч. (Гэтае месца славутае яшчэ адным разгромам турэцкага войска ўжо ў 1673 г. пад камандаваннем караля Яна Сабескага.) Надмагілле вырашана па-мастацку выразна: уверсе размешчана рэльефная выява Маці Божай з Дзіцем на воблаках. Цэнтральная частка, паміж надпісамі, уяўляе шматфігурную рэльефную кампазіцыю з выявамі дзевяці ўкленчаных фігур загінуўшых, справа ад іх у больш буйным маштабе таксама ўкленчаная ў малітоўнай позе з ружанцамі ў руках фігура самога Яна Рудаміны, а ўнізе – пераможаныя ім ворагі з адсечанымі галовамі ў цюрбанах. Рэльефы выкананы з пясчаніку, а надпісы на лацінскай мове з пералікам імёнаў і тытулаў загінуўшых высечаны на чорным граніце. Гэтае надмагілле з'яўляецца унікальным помнікам манументальнага мастацтва «сармацкага» барока. Магчыма, яго ідэю патрыятызму і рыцарскай годнасці працягнулі і развілі пры ўзвядзенні новага мураванага касцёла. Краевугольны камень мураванага касцёла асвечаны 14 ліпеня 1714 г. каад'ютарам віленскага біскупа Мацеем Анцутам. Ім жа ў 1723 г. касцёл кансэкраваны пад тытулам Божага Цела. Вядома, што святыню ўзводзілі мясцовыя будаўнікі-муляры: Якуб Бокша, Юры Урлоўскі, Андрэй Шарэцкі, Юры Стапкоўскі. Цалкам будаўніцтва завяршылася ў 1740 г., ужо падчас росквіту позняга барока. У 1776 г. святыня зноў была рэкансэкраваная біскупам Жулкоўскім ужо ў гонар Перамянення Божага. У галоўным алтары знаходзіўся абраз работы вядомага мастака Францішка Смуглевіча. Пасля касцёл неаднаразова рамантаваўся, у 1857 г. быў зачынены, пасля чаго пачаў інтэнсіўна разбурацца. У 1906 г. вернуты католікам, у 1921–1923 гг. рэстаўраваны. Пры будаўніцтве касцёла старыя мураваныя капліцы былі тактоўна ўлучаны ў яго агульную кампазіцыю. Дзеля гэтага ўся масіўная сцяна галоўнага фасада разам з важкімі прызматычнымі вежамі значна ссунута адносна восі сіметрыі кафалікона, каб закрыць пры падыходзе да яго фрагменты старажытнай будовы. Гэты прыём, выкарыстаны ў збудаванні «сармацкага барока», падкрэслівае ролю ў ім фасада як тэатральнай заслоны, што закрывае ад гледача рэальную кампазіцыю і стварае ўражанне сівой даўніны, рамантычнай эпохі гістарычнага варварства. Сцены навы і роўнай з ёю па вышыні паўкруглай апсіды прэзбітэрыя аб'яднаны агульнай цягай прафіляванага карніза, што падзяляе галоўны фасад на высокую ніжнюю частку і магутны трохвугольны атыкавы франтон паміж невысокімі верхнімі чацверыкамі вежаў, накрытымі пакатымі шатрамі. Дарэчы, тут вышыня франтона мусіць быць большай, чым у папярэдніх помніках, з-за асіметрычнага размяшчэння сцяны фасада, каб закрыць вільчык даху і стварыць уражанне ўяўнай сіметрыі ўсяго збудавання. У стылістыцы «сармацкага барока» ўзведзены яшчэ шэраг аднанававых касцёлаў, якіх сёння няма, напрыклад, парафіяльныя касцёлы ў Прыдруйску (фундаваны ў 1643 г. К. Л. Сапегам, асвечаны ў 1670 г.) і Свіры (сучасны Мядзельскі раён; фундаваны ў 1653 г. Фабіянам Паклеўскім Казелам і плябанам Гаспарам Ясінскім, асвечаны ў 1680 г. Мікалаем Слупскім; карэнным чынам перабудаваны ў 1909 г., пры гэтым захаваны фрагменты старога касцёла ў трансепце і прэзбітэрыі, а ўнутры ацалелі 4 драўляныя барочныя алтары ХVІІ ст.), касцёла дамініканцаў у Слоніме (заснаваны ў 1680 г. Крыштофам Пакаржэўскім) і ў мястэчку Ула (сучасны Бешанковіцкі раён), францысканцаў у Оршы і інш.
«Сармацкае барока» ў архітэктуры Беларусі пры вонкавай архаічнасці і спрошчанасці яго мастацкіх сродкаў нельга атаесамляць з прымітывізмам, які назіраецца іншы раз у выяўленчым мастацтве. У манументальным дойлідстве кожнае збудаванне з'яўляецца сацыяльна знакавым, строга дэтэрмінаваным патрабаванням грамадства, прыкладам чаму служаць разгледжаныя помнікі каталіцкага храмабудаўніцтва, якія выяўлялі ідэю касцёла як крэпасці ў прамым і духоўным сэнсах.
|
|
|