* * *
Ведаю: гэта –
Толькі маё. Да скону.
Навошта ж пішу?
Ну, можа, знойдзецца хтось,
Хто зразумее нешта.
* * *
Ціха ляжала.
Думаў, што спіць. І раптам:
«Ты ж трымайся, Ніл!
Ты ж трымайся!..» – сказала.
Не адкрываючы воч.
* * *
«Падвядзі мяне
Да вакна, – папрасіла. –
Хачу паглядзець...»
Праз паўхвіліны цяжка,
Скрушна сказала: «Усё...»
* * *
«Я паміраю...
Ты разумееш гэта?
Я паміраю...»
Божа, за што Ты судзіў
Мне перажыць такое?
* * *
Абарвалася...
Усё абарвалася...
Усё пагасла...
Усё, што свяціла мне
І абяцала свяціць.
* * *
Помню, сказала:
«Ой, як ты будзеш плакаць,
Калі я памру...»
Не, не ўяўляла яна
Плачу майго землятрус.
* * *
Божа, Ты ж бачыў,
Як ёй хацелася жыць!
Чаму ж так? За што?
Знаю адказ Твой, Божа.
Даруй мне мой боль і страх.
* * *
Як ты прасіла:
«Дамоў! Хоць на дзень дамоў!..»
І вось ты дома.
І толькі на дзень. Заўтра
Пакінеш свой дом навек.
* * *
З гэтага часу
На Кальварыйскіх кладах,
У ціхім кутку,
Будуць твой сон сцерагчы
Сплаканыя таполі.
* * *
Лісты прыходзяць.
Чамусьці кожны канверт
Я ўскрываю так,
Як быццам у ім знайду
Выслабленне ад болю.
* * *
Дзе ты, куды ты
Гэтак далёка пайшла,
Што не прыходзіш?
Вочы прагледзеў – няма
Слухаю ціш – не чутно.
* * *
Плачу і плачу.
Я і не знаў, што ў мяне
Слёзы так блізка.
Як ні згадаю цябе –
Вочы да Бога плывуць.
* * *
Ты – вечным жыла:
Любоўю і дабрынёй.
І будзеш вечна.
А я – быў рабом часу.
Гэтым і пакараны.
* * *
Тымі ключамі,
Што я адмыкаў дзверы
У свет мілаты –
Цяпер адмыкаю ў стынь,
У пустату, у вусціш.
* * *
Я знаю, чаму
Мне так нясцерпна баліць
Даўні твой здымак.
Страшны быў першы твой боль.
З ім і сышла ў магілу.
* * *
Сто дзён я хадзіў
Высакародна хлусіць:
«Ты паправішся...»
І вочы ад воч хаваў,
Каб праўду не ўбачыла.
* * *
Сядзела моўчкі.
Як бы не чула мяне.
І я замаўкаў.
Пра што яна думала?
Ніколі не буду знаць.
* * *
Усё бачыла.
Пакутвала. Плакала.
І малілася:
«Божа, падтрымай яго!
Маіх сіл не хапае!..»
* * *
У кожнай кветцы –
Той, што ты пасадзіла,
Бачу, здаецца,
Твой, поўны суму, пагляд...
Можа, таму, што восень?
* * *
Знаю, якой ты
Ад Бога ка мне прыйшла –
Якой святлістай!
Знаю, што ўзяў у цябе.
А ці што даў – не знаю.
* * *
Ніводнай гронкі
Чорнай рабіны ў двары
Ніхто не сарваў.
Пакінута ўся драздам –
На дзяды. На памінкі.
* * *
Якую ўжо ноч –
Толькі пачну засынаць –
Боль працінае:
«Чаму ты крыўдзіў мяне?
Няўжо ты не знаў, хто я?»
* * *
Хаджу паплакаць...
Лепш, як побліз магілы
Нікога няма, –
Тады можна і ўголас.
Уголас не так баліць.
* * *
Кажуць і кажуць:
«Звыкнешся, боль ападзе,
Час, брат, – ён лечыць...»
Кажуць так шчыра, нібы
Вераць у гэта самі.
* * *
На фотаздымак
Гляджу, у вочы твае, –
І столькі бачу!
Столькі крыўды і скрухі –
Што воўкам завыць хачу.
* * *
І чуецца мне
Ціхі журботны голас, –
Той, у палаце:
«А ружы ці зацвілі?
Праўда? То гэта добра...»
* * *
Нехта прыходзіў
І на курганок пад крыж
Цукеркі паклаў.
Выпадкова ці ведаў –
Тыя, што ты любіла.
* * *
Хмары зрадзелі,
І запалала сонца
На клёне ў вакне.
Так бывала, калі ты
Заходзіла ў мой пакой.
* * *
Божа, якою
Няшчаснай, пакрыўджанай
Ты ўранку была!
Хай бы я лепш не ўбачыў.
Хай бы я ноччу памёр.
* * *
Як ты трымцела
Над верай сваёй! І як
Змагалася ты –
З сабой і з цэлым светам, –
Каб той веры не страціць!
* * *
Радасці тыя,
Прагнуў якіх я, – былі
Д’ябла грымасы.
Знаў бы я, чым для мяне
Абернецца кожная!..
* * *
Ціха страсаю
З заледзянелых вянкоў
Шэрань і чую,
Як хутка ў нутро душы
Прабіраецца холад.
* * *
Наша з табою
Мы ўспаміналі разам.
Як люба было!
Успамінаць аднаму –
Лепш бы зусім не помніць.
* * *
«Паклёп іх і бруд
Ты не прымай да сэрца», –
Гэтак сказала
Мне на сустрэчы яна.
Сёння. У сне. У поўнач.
* * *
Вось і снег суздром
Укрыў магілу тваю.
Стаю і зябну.
І думаю пра сябе:
«Толькі каб не зімою...»
* * *
Сёння – паўгода...
Выйшаў на ганак у ноч.
Божа, якое
Чорнае неба ўгары!
Хоць бы адна зорка!..
* * *
Ізноў і ізноў
Я вяртаюся ў тое,
Што не збылося.
Горка. Ды лепш, чым думаць
Аб тым, што не збудзецца.
* * *
Як кроплю расы
Долу баіцца праліць
Поўненькі венчык –
Гэтак баялася ты
Долю праліць няўмысна.
* * *
Ноччу пабачыў,
Як ты ламала рукі –
Ад болю, ад мук –
Над цяжка хворым дзіцём...
І я зразумеў усё.
* * *
Што ты стрывала,
Сцярпела і вынесла –
Знаю адзін я.
Пэвен, што ў нашым краі
Святых жанчын больш, чым дзе.
|