Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(38)/2006
Галерэя

ТАЎЛЬСКІЯ ФРЭСКІ
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ
Пераклады

УГО ФОСКАЛА

ПАХАВАННІ
Біблія і літаратуразнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ
Хрысціянская думка
З архіваў часу

ЗА СПЕВЫ Ў КАСЦЁЛЕ
Мастацтва

500-ГОДДЗЮ БІТВЫ ПАД КЛЕЦКАМ ПРЫСВЕЧАНА

Рыо-дэ-Жанэйра, чэрвень 1980 г.
Артуро МАРЫ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ

Пачатак у №1(35)/2006

«Вось, Я пасылаю вас…»

Ян Павел ІІ асабліва любіў Лацінскую Амерыку. Гэтаму кантыненту Святы Айцец даў вельмі шмат, як шмат і атрымаў ад яго. Той вялікі дар, які ён даў лацінаамерыканцам, гэта перадусім маральная падтрымка і ўмацаванне іх веры. Веры, у якой бывае цяжка трываць людзям, бо ёй пагражаюць спакусы так званых племянных рэлігій, разнастайных сектаў, часам нават атэізму, не кажучы ўжо пра тэалогію вызвалення, якая мае няшмат агульнага з сапраўднай рэлігіяй, але затое прасякнута рэвалюцыянерствам і камуністычнымі лозунгамі.

Гэтыя людзі заўсёды былі настойлівымі і паслядоўнымі ў сваім імкненні да святога, часам нават плацячы за гэта цярпеннем. Ён вучыў іх цярпліва адрозніваць сапраўдную свабоду, укаранёную ў Божай любові, ад ідэяў фальшывых прарокаў. У адказ на гэта яны бязмежна яго любілі, напачатку, магчыма, не адважваючыся паказаць сваёй любові, але ж раней ім ніхто не казаў пра тое, што яны таксама маюць права на праяўленне пачуццяў. З кожным новым наведваннем, з кожным разам, калі ён казаў «я прыходжу ў імя Хрыста», яго не толькі пазнавалі, але і выяўлялі сваю любоў усё больш адкрыта. Гэтыя людзі ведалі, што могуць на яго разлічваць, што ён падтрымае іх і дадасць сілаў. Ведалі, што ён дапамог ім знайсці Бога і пазнаць Яго.

Акіянія, 1986 г.
Сваю ўдзячнасць у адносінах да яго яны часам праяўлялі незвычайным і кранальным чынам. Напрыклад, калі ён пакідаў Мексіку пасля першага візіту, людзі мільёнамі сонечных зайчыкаў праводзілі набіраючы вышыню самалёт, у якім ён ляцеў. Як яны маглі паказаць яму сваю любоў, калі яшчэ не ведалі, ці дазволена ім наогул любіць? Па сваёй беднасці мільёны простых людзей гэтым знакам зіхоткіх сонечных водбліскаў хацелі запэўніць Святога Айца ў сваёй веры і прысутнасці. Гэта быў вельмі важны знак: іх прысутнасць у Святле, яго прысутнасць сярод крыўды і цярпення.

Афрыку Святы Айцец часта называў «кантынентам надзеі». Гэта сапраўды незвычайны кантынент. Парог трэцяга тысячагоддзя ён пераступае, маючы тую моц надзеі, якую даў яму Ян Павел ІІ. Ён асабіста ад іх імя і дзеля іх будучыні змагаецца з моцнымі гэтага свету, між іншым за спісанне пазыкаў, якіх яны ніколі не змогуць заплаціць.

Ян Павел ІІ быў з гэтымі людзьмі ў імя Хрыста. Ён бясконца паўтараў ім: «Я з вамі. Я прыйшоў для таго, каб быць з вамі». Ён дыхаў іх паветрам, хадзіў па іх зямлі, па пылу і пяску, да ўсяго дакранаўся сваімі рукамі. Ён не спыніўся і не адступіў назад. І гэтыя людзі, якія не ўмеюць ні пісаць, ні чытаць, якія жывуць у галечы і не маюць ежы, дзеці якіх паміраюць, бо ім няма чым іх карміць і лячыць, адразу зразумелі, што гэты чалавек іх любіць. Яны паверылі яго простым жэстам і надалі ім вялікае значэнне. І яны пойдуць дарогаю Евангелля, бо Святы Айцец працытаваў ім словы Езуса: «Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх». Я бачыў іх і ведаю, што, умацаваныя ў веры, яны пойдуць дарогаю Евангелля. Любоў — вялікая сіла! Яны ўбачылі цуд любові.

Афрыка, 1980 г.
Але Ян Павел ІІ — Папа, які належыць усім: і бедным, і багатым, і католікам, і некатолікам, і веруючым, і атэістам. Чаму гэта так? Таму што за ім ідуць натоўпы, якія ведаюць, што ён іх ніколі не падмане, бо ў яго вуснах гучыць голас Бога. А што такое голас Бога? Гэта праўда, справядлівасць, мір.

Калі вы лічыце, што ва ўсіх багатых гарадах Злучаных Штатаў: у Нью-Йорку, Лос-Анджэлесе, Лас-Вегасе, Галівудзе не існуе Афрыкі, вы памыляецеся. Калі там хтосьці ўпадзе на вуліцы, яму ніхто не дапаможа падняцца; калі хтосьці памірае з голаду, яму ніхто дарма не дасць і чэрствай скарынкі. Грамадства, якое жыве ў дабрабыце, — хворае, бо яно не бачыць нічога далей за свой нос. Гэта называецца бессардэчнасць!

Ян Павел ІІ ідзе туды і пытаецца: «Хто твой брат?». У Нью-Йорку кажа:«Любі бліжняга свайго, як сябе самога» і пытаецца: «Ці ведаеш, хто твой бліжні, ці ведаеш ты яго? Дапамажы яму! Ты павінен знайсці час для гэтага!». Там, у Амерыцы, ён пытае: «Хто твой брат?». І адразу дадае: «Не падманвай мяне! Не кажы, што не ведаеш, хто ён, твой брат! Не кажы яму: „Можаш паміраць: ты для мяне не існуеш“. Ён сустрэў менавіта цябе, і ты павінен яму дапамагчы».

Афрыка, 1980 г.
І зноў адбываецца цуд: на заклік Папы адгукаецца амерыканская моладзь. Яны ўсклікаюць: «Мы любім цябе!», і з любові да яго здольныя перавярнуць увесь свет! А быў таксама адзін «містэр Х» з Вініпэгу (я кажу «быў», бо нядаўна ён памёр), які займаў высокае становішча — паспяховы супер-бізнесмен, нафтавы магнат (ці як гэта называецца?). Ён сустрэўся з Янам Паўлам ІІ падчас яго падарожжа ў Злучаныя Штаты. Яны размаўлялі ўсяго хвіліну — не ведаю нават, пра што. Не прайшло і некалькіх месяцаў, як у Рыме з’яўляецца чалавек, убачыўшы якога я падумаў: «Адкуль жа я яго ведаю?». Ён быў вельмі сціплым і ніколі не казаў пра тое, што рабіў, — давяраў гэта толькі Святому Айцу. Ужо значна пазней я даведаўся, што праз Касцёл у Вініпегу ён дасылаў дапамогу паўсюль, дзе яе найбольш чакалі. Увесь свой вялікі набытак ён прысвяціў справе барацьбы са СНІДам і паляпшэнню ўмоваў жыцця тых, каго свет цалкам адкінуў. І ведаеце, паколькі яго справа працягваецца і цяпер, хоць сам ён ужо памёр, я лічу, што гэты выпадак можна назваць навяртаннем. Ён палюбіў Бога, пайшоў за голасам Езуса Хрыста, які пачуў з вуснаў Яго Намесніка на зямлі Яна Паўла ІІ.

Акіянія, 1980 г.
З апостальскай місіяй Святы Айцец наведаў таксама шмат краінаў у Азіі: Японію, Карэю, Філіпіны, Ганконг… У Хірасіме і Нагасакі ён горача маліўся за людзей, якія загінулі, а адразу пасля гэтага сустрэўся з тымі, каму ўдалося выжыць. Знявечаныя твары, людзі без рук і без ног, раны, якія дзесяцігоддзямі не загойваюцца, нянавісць!.. Выступленне Яна Паўла ІІ у Хірасіме было адною з яго найлепшых і ўзрушальных прамоваў. Яна прагучала ў форме малітвы: «Пане, пачуй мяне! Гэта — голас маці, якія страцілі дзяцей. Гэта — голас дзяцей, якія страцілі маці і бацькаў. (…) Няхай ніколі не паўторыцца Хірасіма!». Частку выступлення ён прамовіў па-японску, і было відаць, як людзі плачуць.

Наогул, у Азіі не было апладысментаў… Былі паклоны, поўныя павагі, і вочы, поўныя падзякі. Гэта было дзіўна, таму што большасць жыхароў Японіі, Кітая ці Індыі — гэта будысты, індуісты, канфуцыяне. Не кажучы ўжо пра паўднёва-ўсходнюю Азію, дзе будысты складаюць 99 працэнтаў насельніцтва. Людзі Усходу наогул ставяцца да Папы з вялікаю пашанаю, таму што бачаць, што ён робіць. У такіх вялізных мегаполісах, як Токіо, хто ж памятае пра бедных, а Папа перш за ўсё ідзе менавіта да іх. Яны бачаць, як Папа моліцца.

Я памятаю, у Тайландзе, у Бангкоку, Ян Павел ІІ увайшоў у будыйскі храм, паводле традыцыі зняў абутак і сеў на вялікую падушку, што ляжала на зямлі. Насупраць яго на ўзвышэнні сядзеў будыйскі манах у акружэнні сваіх субратоў. Прывітаўшы адзін аднаго, яны сядзелі ў маўчанні. Мне здаецца, гэта была своеасаблівая супольная малітва, ці, хутчэй, медытацыя, разважанне. Ян Павел ІІ заўсёды з далікатнасцю і павагай ставіўся да чужых звычаяў, да іншых культураў. Пры ўваходзе ў будыйскі храм Папа мог не здымаць абутку, для яго гэта было неабавязкова. Тое самае ён зрабіў і пры ўваходзе ў Радж Гхат — маўзалей Махатмы Гандзі. Такім чынам Святы Айцец хацеў паказаць сваю павагу да вялікага Махатмы на месцы яго крэмацыі.

Тайланд, 1984 г.
Сапраўды, людзі Усходу любяць Яна Паўла ІІ і ставяцца да яго так, як ні да каго іншага ў свеце. Я ўзгадваю таксама незвычайную Імшу ў Сеуле, у Паўднёвай Карэі, якую Святы Айцец назваў «зямлёю мучанікаў». У ёй бралі ўдзел паўтара мільёна чалавек у поўнай цішыні. Былі чуваць толькі словы Папы пра падзеленую краіну, пра неабходнасць прымірэння. Цяжка нават уявіць сабе гэтыя паўтара мільёна чалавек, якія стаялі ў роўных шэрагах, дакладна выконваючы аднолькавыя жэсты, галовы жанчын, што схіляліся ў пакоры, — гэта сапраўды ўражвала. Я не магу пералічыць назвы ўсіх карэйскіх месцаў, якія наведаў Ян Павел ІІ з пілігрымкаю еднасці, але паўсюль, дзе б ён ні з’явіўся, перад ім кленчылі прыгожыя, далікатныя жанчыны Усходу. Яны не асмельваліся ўзняць на яго вачэй, а па іх шчоках цяклі слёзы. Калі ж яны маглі дакрануцца да яго рук, іх вочы свяціліся пашанаю і шчасцем.

Азія, 1981 г.
У Аўстраліі і Новай Зеландыі Святы Айцец не абмінуў ніводнага куточка: ад Сіднэя праз Мельбурн і Канберу аж да Эліс Спрынгс, што на абшарах вялікай пустыні. Ён не прапусціў нічога, як заўсёды падкрэсліваючы сваю павагу да культураў і традыцый усіх народаў і этнічных групаў. У Аўстраліі Папа чарговы раз даў зразумець, што трэба перажыць асабісты кантакт з іншым чалавекам, каб яго пазнаць. Ён бачыць, дакранаецца, слухае і толькі пасля гэтага паказвае шлях, па якім трэба ісці.

Аўстраліі ён паказаў шлях рэлігійнага адраджэння, новай евангелізацыі, што нанава абудзіць дух тых людзей, якія знаходзяцца ў духоўнай спячцы. Вельмі шмат аўстралійцаў маюць хрысціянскія карані, толькі яны пра гэта забыліся: заснулі. А ён ім кажа: «Абудзіцеся! Чувайце!».

Папа кажа пра новую евангелізацыю таксама тады, калі гаворка ідзе пра Еўропу. Бо што такое Еўропа, дзе жылі і працавалі, ствараючы яе, тысячы пакаленняў на працягу тысячаў гадоў? Старажытныя Грэцыя і Рым — дзве вялікія язычніцкія цывілізацыі — былі падмуркам еўрапейскай культуры, дух у якую ўдыхнула толькі хрысціянства. На руінах Рымскай імперыі нарадзіліся Італія, Францыя, Іспанія, Германія і іншыя хрысціянскія краіны. Але яны неўзабаве адкрылі шлях «нацянькі», пачаўшы адвольна інтэрпрэтаваць Евангелле. А Евангелле паказвае толькі простую дарогу: ані ўлева, ані ўправа — толькі проста!

Акіянія, 1986 г.
Менавіта гэтым заклапочаны Папа: ці здолее Еўропа знайсці простую дарогу? Але, як гаворыць з надзеяй Святы Айцец, невыпадкова ў Еўропе ёсць сапраўдныя місіянеры! Старая Еўропа можа стаць для свету «паходняю новай цывілізацыі, калі зможа вярнуцца да сваіх хрысціянскіх вытокаў», — сказаў Папа з вяршыні Альпаў, заклікаючы еўрапейцаў да адзінства і міру. Ёсць ужо першы плён гэтага: маладыя людзі адразу прынялі пасланне Яна Паўла ІІ. Жнівень 1991 года, Чэнстахова. Вядома, хтосьці можа сказаць: «А што тут незвычайнага? Папа ж паляк!». Але ці ўздзейнічае гэта на маладых людзей? Чаму ж тады яны хочуць слухаць гэтага чалавека, які гаворыць тое, што зусім нялёгка прыняць? Да таго ж у Чэнстахове сабралася моладзь з усяго свету, а не толькі з Польшчы. А жнівень 1997 года, Францыя? Два мільёны маладых людзей удзельнічаюць у сустрэчы з Папам! Чаго яны чакалі ад гэтага чалавека ў белым адзенні? Чакалі яго голасу, ягоных словаў. Чакалі, што ён пакажа ім шлях і скажа, як жыць.

Галгофа (сёння — частка базылікі Гробу Пана). Ерузалем, 2000 г.
Для моладзі Папа — больш чым аўтарытэт. Ён для іх прыклад і сябра. Ён для іх Тата! Я маю на ўвазе той незвычайны дыялог, які толькі Ян Павел ІІ можа весці з моладдзю. У гэтым дыялогу маладыя людзі адразу ж адкрываюцца і шукаюць у Папу блізкага сябра. Яны не кажуць яму «Ваша Святасць», ані «Святы Ойча», а выгукаюць, як на стадыёне ў Лос-Анджэлесе: «Лёлек! Караль!». Так звяртаюцца да таго, хто можа адказаць на пытанні, як жыць, якім будзе заўтра, як быць сапраўдным чалавекам.

Наступны плён папскага вучэння — гэта тое, што здарылася на вялікай плошчы ў Бухарэсце падчас святой Імшы з удзелам праваслаўнага Патрыярха, якую Папа цэлебраваў у апостальскім падарожжы ў Румынію. Ніхто ж не загадваў тым сотням тысяч людзей радасна крычаць: «Адзінства! Аб’яднанне!», калі Ян Павел ІІ і Патрыярх, трымаючыся за рукі, стаялі побач, як браты, якія знайшлі адзін аднаго пасля доўгай разлукі. Гэта таксама арыенцір для Еўропы.

 
Па слядах збаўлення

12 сакавіка 2000 года, у першую нядзелю Вялікага посту Юбілейнага года, у базыліцы святога Пятра Ян Павел ІІ і кіраўнікі ватыканскіх міністэрстваў просяць прабачэння «за мінулыя і сённяшнія грахі сыноў Касцёла». У гэты дзень у базыліцы я перш за ўсё зноў думаў пра тыя словы, якія Папа сказаў падчас Імшы на пачатку пантыфікату: «Адчыніце дзверы Хрысту! Не бойцеся!». З надзвычайнай паслядоўнасцю Святы Айцец ідзе гэтым аднойчы выбраным шляхам, па якім вядзе Касцёл на працягу ўсяго свайго пантыфікату. Гэты жэст, якім стаў дзень прабачэння, я ўспрымаю як адзін з многіх знакаў. Святы Айцец жадае ўвесці ў трэцяе тысячагоддзе хрысціянства Касцёл з адноўленым абліччам, «апранутым у новае адзенне». Гэта можна было заўважыць у той момант, калі ён, узрушаны, абдымаў крыж. Мне здаецца, гэта быў глыбока кранальны, вельмі яскравы момант сапраўднай веры ў Хрыста. Гэта адзін з многіх адказаў Папы на тое, як весці Касцёл у будучыню.

З братамі па веры. Ерузалем, 2000 г.
А перад гэтым была пілігрымка на Сінай. Падарожжа на Сінай мела містычнае вымярэнне. Праўда, Святы Айцец не прайшоў пешкі праз пустыню, а праляцеў над ёю ў самалёце, але, нягледзячы на слабую бачнасць, за ўсім назіраў. Ён басанож увайшоў у капліцу кляштара святой Кацярыны ў знак пашаны і пакланення, з пакораю цалуючы камень, а пасля доўга маліўся ў поўнай засяроджанасці, цалкам аддаўшы сябе Богу, адсутны для ўсяго свету. Можна толькі, здагадвацца што ён адчуваў, пераадолеўшы тую ж дарогу, якую тысячы гадоў таму прайшоў Майсей. Тут Папа сустрэўся з прадстаўнікамі іншых рэлігій, з копцкім Патрыярхам Шэнудам ІІ, што стала сапраўдным пачаткам дыялогу. Святы Айцец заўсёды гатовы да экуменічнага дыялогу.

Сыходзячы з гары Сінай, Ян Павел ІІ сказаў: «Сінай знаходзіцца ў цэнтры праўды пра чалавека і яго прызначэнне». Стоячы на гары Нэбо і гледзячы на даліну Ярдану, ахінутую лёгкаю смугою, што надавала ёй далікатнасць і яшчэ большую прыгажосць, Папа, агорнуты малітваю, на хвіліну застаўся ў адзіноце. У пэўны момант ён глыбока пакланіўся гэтай Абяцанай зямлі, зямлі Хрыста, і, зрабіўшы знак святога крыжа, благаславіў яе. Здзейснілася яго мара: як Намеснік Хрыста на зямлі ён мог прайсці па Ягоных слядах. Ад гэтага ён адчуваў велізарную радасць, і, што было сапраўдным цудам, падчас пілігрымкі ў Святую Зямлю з кожным днём аднаўляліся яго фізічныя сілы.

Каля Гробу Пана. Ерузалем, 2000 г.
Здзейснілася таксама мара Папы цэлебраваць святую Імшу ў Бэтлееме, на месцы нараджэння Хрыста. У бэтлеемскай базыліцы, каля Зоркі Нараджэння, ён пажадаў маліцца ў адзіноце. Таксама і ў Назарэце, у базыліцы Звеставання, і ў базыліцы Гробу Пана ў Ерузалеме. Ян Павел ІІ хацеў, калі ўсе выйшлі, у адзіноце ўмацаваць сваю веру. Каля Сцяны Плачу Святы Айцец маліўся так, як моляцца юдэі: шэптам, абапіраючыся далонню на сцяну. І так, як веруючыя юдэі, ён уклаў у шчыліну паміж камянямі паперку з напісанай малітвай, у якой была просьба ад імя Касцёла прабачыць правіны яго дзяцей.

У Бэтлееме з павагі да Святога Айца муэдзін на пятнаццаць хвілін перанёс заклік да намазу. Малітва, якую ён праспяваў, была выразам пашаны і падзякі за тое, што Ян Павел ІІ прыехаў у Бэтлеем. Я ведаю гэта, бо адзін мой знаёмы пераклаў мне словы малітвы.

Святы Айцец. Святы!
У лагеры палестынскіх бежанцаў Папа сказаў: «Супакой палестынскаму народу! Супакой усім народам гэтага рэгіёна!». Ён першы падтрымаў сваім аўтарытэтам Ясера Арафата на міжнароднай арэне і асабліва ў ААН. Палестынцы ведаюць і памятаюць пра гэта, дзякуючы Святому Айцу за святло надзеі, якое ён для іх запаліў. Быў таксама вельмі кранальны момант у рэзідэнцыі Ясера Арафата, калі яго жонка прысела каля ног Папы, які сядзеў у фатэлі, а ён, узрушаны, гладзіў яе па шчацэ. Гэта быў момант надзеі для ўсяго палестынскага народа.

Усе месцы, якія Ян Павел ІІ наведаў падчас пілігрымкі ў Святую Зямлю, станавіліся месцамі радасці. Гэты чалавек непарушна верыць у тое, што, нарэшце, ва ўсім свеце будзе панаваць мір.

 
Святы Айцец. Святы!

Я не перабольшваю, калі адважваюся называць яго святым. Я меў шчасце заўсёды быць каля яго. Я так шмат бачыў, чуў і адчуваў!.. Яму я абавязаны сваім жыццём, бо гэта ён навучыў мяне жыць. Я з’яўляюся сведкам яго святасці і паўтараю: «Святы Айцец. Святы!». Я не маю на ўвазе нейкай афіцыйнай фармулёўкі: проста не знаходжу больш дакладных словаў для таго, каб перадаць так, як магу, свае назіранні і вопыт, свае думкі і пачуцці, сваё бачанне Яна Паўла ІІ.

Матэрыял і фотаздымкі да яго друкуюцца паводле альбома
«Święty Ojciec. Arturo Mari. Wspomnienia i fotografie»
з дазволу выдавецтва «Biały Kruk» (Польшча).

Пераклад М. Гракава


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY