|
|
№
3(6)/1998
Да юбілею 2000 года
Постаці
Роздум аб веры
З жыцця Касцёла
Да 200-годдзя А. Міцкевіча
З жыцця Касцёла
Пошукі і знаходкі
Пераклады
Паэзія
Haereditas
З жыцця Касцёла
|
Але судзіць за каталіцтва і патрыятызм было няёмка нават бальшавікам. Яны прыдумалі здзеклівае абвінавачванне: поруч з «антысавецкай прапагандай» (вядомы 58-ы артыкул крымінальнага кодэксу РСФСР) Станкевічу інкрымінаваўся шпіянаж на карысць Японіі. Прысуд адбыўся 31 жніўня 1949 г., а 14 снежня таго ж года пакутнік з Беларусі памёр. Вось даведка МУС СССР, выдадзеная Беларускаму музею гісторыі рэлігіі (Гродна) у 1990 годзе: «Сообщаю, что по учетам ИЧ УВД есть Станкевич Адам Викентьевич, 1891 г. рождения, осужден Особым Совещанием МГБ СССР 31.VІІІ.1949 г. по ст. 58 УК РСФСР на 25 лет лишения свободы. Умер 4.ХІІ.1949 г. от ожирения сердца. Похоронен на кладбище Озерлага вблизи дерев. Шевченко Тайшетского района, могила 3—43. Начальник отдела В.В.Пятница». Літаратурная і навуковая спадчына А.Станкевіча шматгранная, ахоплівае гісторыю Беларусі і нацыянальнай культуры, беларускі нацыянальна-вызваленчы і хрысціянскі рух, літаратуразнаўства, тэалогію, касцёльнае красамоўства, літоўска-беларускія моўныя ўзаемасувязі, шматтэмную публіцыстыку. Ён — аўтар дзевятнаццаці кніг і брашур, каля тысячы артыкулаў, нататкаў, не заўсёды падпісаных, шматлікіх рэдакцыйных матэрыялаў у штотыднёвіку «Крыніца», часопісе «Хрысціянская думка» і іншых выданнях. Усе яны выдаваліся ў Вільні. Сярод іх — манаграфіі «Родная мова ў сьвятынях» (1929), «Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня» (1939), «Беларускі хрысьціянскі рух» (1939), «Хрысьціянства і беларускі народ: Спроба сінтэзы» (1940), брашуры «Доктар Францішак Скарына першы друкар беларускі: 1525—1925» (1925), «Вітаўт Вялікі і беларусы» (1930), «Беларуская мова ў школах Беларусі ХVІ і ХVІІ стст.» (1928), «Франціш Багушэвіч. Яго жыцьцё і творчасьць» (1930), «Прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла: З яго жыцьця і працы» (1934), «Магнушэўскі. Паўлюк Багрым. Баброўскі» (1937), «Казімер Сваяк. Нарысы аб яго ідэялёгіі» (1931), «З жыцьця і дзейнасьці Казімера Сваяка» (1936), «Міхал Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песьня» (1938), «На сьвята маткі» (1940). А яшчэ быў унікальны ў беларускай багаслоўскай літаратуры зборнік «Божае Слова. Лекцыі, эванэліі і прамовы на нядзелі і сьвяты» (Львоў — Вільня, 1938). Мая задача — пазнаёміць чытачоў з рукапіснай спадчынай А.Станкевіча, у першую чаргу з ягонымі запісамі аб перспектыве развіцця Беларускага Касцёла, напісанымі ў Вільні, у 1944—1949 гг. і адрасаванымі савецкаму ўраду. Але спачатку прапаную кароткую біяграфічную даведку.
Як беларускі дзеяч, даследчык і пісьменнік, змагар за беларусізацыю касцёла сфармаваўся ў Пецярбургскай каталіцкай духоўнай акадэміі (1914—1918) пад уплывам сваіх папярэднікаў па гэтай акадэміі, таксама выдатных беларускіх ксяндзоў (А.Цікоты, П.Пякарскага, В.Гадлеўскага) і найперш у гуртку прафесара Браніслава Эпімаха-Шыпілы. Там жа пасвечаны ў ксяндзы, здаў экзамены і абараніў тэзісы на кандыдата багаслоўя, рыхтаваў магістэрскую дысертацыю «Вучэнне св. Тамаша Аквінскага пра сям’ю ў параўнанні з сучаснай тэорыяй вольнага саюзу». Але, цалкам захоплены актуальнымі праблемамі нацыянальнага Адраджэння, страціў цікавасць да гэтай тэмы, застаўся ў званні кандыдата багаслоўя. Супрацоўнічаў у «Нашай Ніве», «Светачы», «Дзянніцы», «Гомане». З 1917 года пачаў сваю касцёльна-асветніцкую і пастырскую дзейнасць спачатку ў Дзісненскім, пазней у Віленскім Свята-Мікольскім і іншых касцёлах. Амаль усё сваё творчае жыццё правёў у Вільні, за выключэннем кароткай ссылкі ў Слонім (1939 г.).
Шмат папрацаваў на ніве нацыянальнай адукацыі ў Заходняй Беларусі, быў пэўны час дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі (1939—1944). У Беларусі пад нямецкай акупацыяй поруч з касцёльнай службай быў адным з ініцыятараў адраджэння беларускай школы ў роднай мове. Яго дзейнасць гэтага перыяду яшчэ не даследавана. Захаваўся рарытэт — нідзе не зарэгістраваная кніжачка (31 старонка): «Патрабнейшыя выняткі з Рытуала». На беларускую мову пераклаў і выдаў кс. Ад.Ст. Вільнюс, 1943. Пасля заняцця Вільні савецкай арміяй А.Станкевіч быў узяты пад пільны нагляд. Захаваўся кароткі пратакол вобыску на ягонай кватэры 22 траўня 1941 года, у якім запісана: узяты пашпарт, асабістая перапіска і кнігі. Другая «сустрэча» адбылася ў канцы 1944 года адразу пасля заняцця савецкай арміяй Вільні: Адама Станкевіча арыштавалі, пазней вызвалілі. Урэшце справа закончылася 25-гадовай катаргай — тагачасным «эквівалентам» смяротнага пакарання. У Нацыянальным архіве-музеі літаратуры і мастацтва Беларусі захаваліся фрагменты матэрыялаў былога Беларускага музея ў Вільні імя Івана Луцкевіча. Сярод іх рэферат «Беларуская нацыянальная меншасць у Польшчы» (машынапісны тэкст на нямецкай мове. 42 лісты. 1936 год). Аўтар апавядае, як здарылася, што народ з тысячагадовай дзяржаўнай і культурнай традыцыяй аказаўся «меншасцю» на сваёй Богам абяцанай зямлі. Сёння варта пахваліць дырэкцыю Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Акадэміі навук Беларусі. 25 гадоў таму, калі ў Савецкім Саюзе творы Адама Станкевіча былі пад забаронай, яна паслухалася свайго дарадцу прафесара Адама Мальдзіса і набыла ў хатняй работніцы ксяндза, ягонай сваячкі Марыі Шутовіч асабісты архіў, рэдкія кнігі з яго бібліятэкі (сярод іх — польскія касцёльныя энцыклапедыі). У архіве ёсць нідзе не апублікаваныя творы, даследаванні па гісторыі Беларусі, два аналітычныя запісы савецкаму ўраду, рэферат «Этычныя асновы народных і культурных правоў нацыянальных меншасцяў» (датаваны 8 мая 1937 г.). З прадмовы да рэферату вынікае, што аўтар выступае як прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Вільні (пераемнік Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі) на Кангрэсе Нацыянальных Меншасцяў у Лондане (14-15 ліпеня 1937 г.). Скарочаны варыянт дакладу друкаваўся па-беларуску ў часопісе «Калосьсе» (1937, № 3), тэкст яго друкуецца ў дадатку да гэтага нарыса. Тры наступныя рукапісы А.Станкевіча з гэтага фонду ёсць комплекснае гісторыка-культурнае, тэалагічнае і грамадска-палітычнае абгрунтаванне неабходнасці беларусізацыі Касцёла ў пасляваеннай Беларусі, распрацоўка эфектыўных і па-хрысціянску гуманных метадаў яго ўключэння ў кантэкст беларускай нацыянальнай культуры. Усе рукапісы-аўтографы напісаны чорным чарнілам з праўкамі рукою аўтара часткова на лістках блакнота і найбольш — на адваротным баку бланкаў Упраўлення кніжнага гандлю ў БССР (Віленскі аддзел). Першы дакумент — гэта аналітычныя запіскі, гісторыка-тэарэтычнае, рэлігійнае і палітычнае абгрунтаванне думак, выкладзеных раней у тэзісах. Абодва тэксты напісаны па-руску для канкрэтнага адрасата — савецкага кіраўніцтва. Пра гэта сведчаць назвы дакументаў: першы называецца «Католическая проблема в БССР (К сведению правительства СССР)». На апошняй старонцы пазначана: 3.ХІІ.[19].45 г., Вільня. І подпіс А.Станкевіча. Другі дакумент называецца «Католический вопрос в БССР и проблема его разрешения. Вильня, март, 1947». Сінім алоўкам дабаўлена: «К сведению Сов.Правительства». У канцы скарочаны подпіс: Ад.Ст. Па сутнасці ў архіве А.Станкевіча захавалася грунтоўная манаграфія пра каталіцтва ў Беларусі, яго тагачасны стан і праблемы адаптацыі Касцёла да кантэксту беларускай культуры. Канцэптуальнае даследаванне складаецца з трох частак у жанры аналітычных запіскаў савецкаму ўраду. Першая частка — уступ у форме тэзісаў; другая — гісторыка-тэарэтычная і тэалагічная распрацоўка тэмы; трэцяя — навукова-практычная — абгрунтаваны праект стварэння аўтаномнага, незалежнага ад польскага біскупства, адаптаванага да беларускага культурна-нацыянальнага кантэксту каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Заключная частка першай запіскі А.Станкевіча датычыцца лёсу каталіцкага Касцёла і яго святароў. Рэкамендацыі аўтара застаюцца актуальнымі і сёння. У перспектыве, на яго думку, неабходна Беларускае біскупства, кананічна залежнае толькі ад Папы Рымскага. Але пачаць рэформу можна з часовага кіраўніцтва беларускім Касцёлам на чале з літоўскім арцыбіскупам Райнісам як апостальскім адміністратарам. Аўтар праекту, праціўнік любога гвалту і рэвалюцыяў, рэкамендаваў правесці гэтую рэформу паступова. Каталіцтва ў сваёй польскай форме ўрастала ў беларускую глебу каля 500 гадоў, таму яго беларусізацыя «павінна праводзіцца строга эвалюцыйна, паступова, але тым не менш упэўнена і рашуча...». Свой другі мемарандум савецкаму ўраду Адам Станкевіч закончыў ветліва, але таксама рашуча і ўзнёсла — верагодна, падводзіў вынікі свайго ахвярнага жыцця. Гэтае апошняе слова беларускага прарока вельмі ярка падсвечвае духоўнае рыцарства ксяндза Станкевіча. Трэцюю сваю запіску (праект стварэння беларускага Касцёла) ён закончыў у снежні 1947 года. А 31 жніўня 1949 года бальшавіцкі суд асудзіў аднаго з гуманных і таленавітых сыноў Беларусі на 25 гадоў сібірскай катаргі. Там, у нейкім Тайшэце Іркуцкай вобласці, ён загінуў праз тры месяцы пасля высылкі. Усе яго сябры па беларускаму каталіцкаму руху былі знішчаныя альбо падаўленыя. Фабіян Абрантовіч (1884—1940) арыштаваны адразу ж пасля захопу бальшавіцкім войскам Вільні ў 1939 г. і загінуў у расійскай ссылцы. Вінцэнт Гадлеўскі (1898—1942) закатаваны вучнямі бальшавіцкіх энкэвэдзістаў нямецкімі гестапаўцамі. Станіслаў Грынкевіч (1902—1945) расстраляны па прыгавору бальшавіцкага трыбунала 18 траўня 1945 года. Недзе тады ж загінуў бясследна Ян Пазняк, адзін з рэдактараў газеты «Крыніца». Загінула шмат іншых ксяндзоў, вядомых і невядомых змагароў за Беларусь і беларускі Касцёл. Удалося выратавацца Язэпу Германовічу (1890—1976): ён таксама быў прыгавораны да 25-гадовага зняволення ў расійскіх канцлагерах (1948 г.), але, выпушчаны ў 1955 годзе (верагодна, «па недагляду» ідэалагічнай паліцыі), здолеў выехаць за мяжу, набыў вядомасць як беларускі пісьменнік пад псеўданімам Вінцук Адважны.
Сялянскі сын Адам Станкевіч быў і застанецца да сканчэння зямнога веку беларускім прарокам і святым мучанікам. Застаецца назваць апошнія навукова-асветныя рукапісы Адама Станкевіча, якія ён распачаў у ваенныя 1940—1944 гады, але не паспеў закончыць, бо ў савецкі час бараніў духоўныя набыткі беларусаў, прапаведваў высокую мараль бальшавіцкай уладзе, урэшце, пакутаваў у астрогах і на сібірскай катарзе (усе працы захоўваюцца ў Цэнтральнай бібліятэцы Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі). Ад ваенных часоў захаваўся чарнавы рукапіс «Расказы з гісторыі Беларусі для школ», пачаты, верагодна, каля 1940 года. Захаваўся канвалют з 111 аркушаў, напісаных ад рукі, часткова надрукаваных на машынцы, месцамі ёсць падклейкі карэктурных лістоў, узятых з ранейшых публікацыяў. Мова ўсюды беларуская. Канцэпцыя аўтара — нацыянальна беларуская, яна выяўляецца ўжо ў назвах раздзелаў і параграфаў. Да кожнага раздзела прыкладзены пытанні для вучняў, напрыклад, такія: «Да якога з беларускага племені належала Турава-Пінскае княства? Беларускія князі з літоўскага роду і да чаго яны імкнуліся? Хто такія ліцвіны?» Гэтыя пытанні таксама сведчаць пра канцэпцыю самабытнасці беларусаў, пра іх тысячагадовую гісторыю. Тады ж, у часе вайны, Адам Станкевіч задумаў і да свайго першага арышту (1944 г.) часткова ажыццявіў фундаментальнае комплекснае даследаванне пад назваю «Гісторыя Беларусі (Сістэматычны нарыс)». Гэта — чарнавы, але ўжо падрыхтаваны да перадруку рукапіс, 155 старонак, з нешматлікімі праўкамі, устаўкамі машынапісных і друкаваных лістоў.
Адам СТАНКЕВІЧ :: Жанімства - вялікі сакрамант Адам СТАНКЕВІЧ :: Этычныя падставы нацыянальна-культурных правоў нацыянальных меншясцяў
|
|
|