Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(8)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
З жыцця Касцёла

«БОГ – ГЭТА ЛЮБОЎ»

ДА ХВАЛЫ АЛТАРА
Постаці

МАЦІ АПАЛОНІЯ

СВЯТАР І ПІСЬМЕННІК

АПАВЯДАННІ
Да юбілею 2000 года
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Нашы святыні

БАРАНАВІЦКІЯ КАСЦЁЛЫ
Па старонках старых выданняў

«BIEŁARUSKAJA KRYNICA»
Haereditas
Традыцыя

КРЫЖ З РУЖОВАГА ВАЛУНА
З жыцця Касцёла

Фотаздымак Стаўбцоўскага касцёла св. Фабіяна
(30-я гады ХХ ст.).
Рыгор ЖАЎНЯРКЕВІЧ

КЛЯШТАР АЙЦОЎ ДАМІНІКАНАЎ У СТОЎБЦАХ

Стаўбцоўшчыну без перабольшвання можна назваць асабліва беларускім кутком. Гэта месца, дзе злучыліся ўсе цудоўныя рысы роднага краю: непраходныя пушчы і заліўныя лугі, павольныя рэкі і імклівыя рачулкі, невялікія мястэчкі, вёскі, хутары, шляхецкія засценкі і ваколіцы.

Сярод усіх населеных пунктаў Стаўбцоўшчыны найбольш адметныя мястэчкі Новы Свержань і Стоўбцы.

Стоўбцы (Стоўпцы) можна лічыць даволі маладым, па гістарычных мерках, населеным пунктам. Ні ў адным з дакументаў ХVІ ст. мястэчка не згадваецца1. Хутчэй за ўсё яно было вельмі нязначным паселішчам, якія не траплялі ў афіцыйныя паперы.

Першай вядомай уладальніцай Стоўбцаў была Гальшка Кміцянка з дому Храптовічаў, якая, узяўшы шлюб з крычаўскім старастам Мікалаем Слушкам, далучыла Стоўбцы да ўладанняў гэтага роду. З 1575 г. землі былі набытыя Мікалаем Крыштофам Радзівілам і далучаныя да маёнтку Свержань, але ў 1582 г., у выніку абмену, Стоўбцы зноў апынуліся ва ўладанні Слушкаў.

Першы касцёл існаваў у мястэчку з даўніх часоў. Ён быў драўляным і насіў назву св. Марыі Магдалены. Пабудову новага мураванага касцёла ў Стоўбцах прымеркавалі да прыезду ў мястэчка айцоў з ордэна св. Дамініка. Стаўбцоўскі кляштар айцоў дамініканаў уваходзіў у склад Рускай правінцыі св. Яцака. Правінцыю намінальна ўтварылі ў 1596 г., а аднавілі ў 1612 г. Кляштар у Стоўбцах быў адным з старэйшых у правінцыі (раней заснаваныя толькі кляштары ў Мінску (1615 г.) і Астроўне (1620 г.)2.

23 красавіка 1623 г. паміж кашталянамі мінскімі і ваяводамі троцкімі і старастамі гомельскімі Аляксандрам (+1651 г.), яго жонкай Зофіяй з дому Зяновічаў, Слушкамі з правінцыялам Рускай правінцыі дамініканаў айцом Марыянам Крэпіцэнсам і айцамі Сымфарыянам і Шчырыцам адбылася дамова аб фундацыі стаўбцоўскага кляштара дамініканаў.

6 траўня таго ж года віленскі біскуп Астафій Валовіч даў дазвол на пабудову ў Стоўбцах касцёла з кляштарам, які 13 лютага 1670 г. быў легалізаваны апостальскім натарыусам і львоўскім кансістарам Адамам Усманам, а 16 лютага таго ж года ўхвалены біскупам нікапальскім, суфраганам і адміністратарам арцыбіскупства Львоўскага Юрыем Гедзінскім.

5 траўня 1624 г. на Латышоўскай капітуле было заснавана стаўбцоўскае прыёрства і выдадзены патэнт на прыёрства дактарам тэалогіі айцам Сымфарыяну і Шчырыцу.

Першыя дамінікане з'явіліся ў Стоўбцах у лістападзе 1624 г., хоць сам фундуш на кляштар быў дадзены 20 лістапада 1626 г. З 26 ліпеня 1639 г. кляштар меў статус канвенту3. Найбольш вядомым кляштарным прыёрам быў Фабіян Малішэвіч (+1644, 12.8). Цела айца Фабіяна пасля смерці не паддалося тлену. Святара пахавалі ў дольнай частцы касцёла, у спецыяльна зробленым склепе. З таго часу Фабіян лічыўся благаславёным. У старых малітоўніках была песня ў гонар благаславёнага Фабіяна, а ў касцёле вісеў абраз святога ў аблоках у атачэнні анёлаў4. У самім кляштары захоўвалася келля пад назвай Фабіянаўка, у якой жыў і памёр Фабіян5.

Да будаўніцтва новага касцёла і кляштара айцы дамінікане мясціліся ў старым драўляным касцёле і філіі ў вёсцы Кавалеўшчына, дзе яны хавалі сваіх памерлых братоў. Новы касцёл у Стоўбцах быў кансэкраваны пад тытулам св. Казіміра 14 снежня 1675 г. біскупам нікапальскім і суфраганам віленскім Мікалаем Слупскім. Касцёл уваходзіў у склад Мінскага дэканата Віленскай дыяцэзіі. 4 жніўня 1681 г. у ім адбылася першая Імша.

Лёс старой святыні ў Стоўбцах да канца не вядомы. Па адных звестках яна ў 1640 г. была знесена Аляксандрам Слушкам, па іншых - спалена шведамі ў часе вайны.

Фотаздымак галоўнага алтара стаўбцоўскага касцёла св. Фабіяна. 30-я гады ХХ ст. З асабістага архіва гісторыка Святланы Адамовіч.
Касцёл, пабудаваны ў гатычным стылі, меў дзве вежы. Недалёка ад уваходу знаходзілася брама, званіца з трыма званамі і драўляным крыжам. Унутранае ўбранне касцёла было вельмі багатае. Ён меў ажно дзевяць мураваных алтароў. Першы - з абразамі св. Тадэвуша і св. Тэклі; другі - з абразамі св. Антонія і св. Агаты; трэці алтар - Пана Езуса - з гіпсавымі фігурамі Панны Марыі і св. Яна, з абразамі св. Кацярыны і ўкрыжаваным Езусам; чацвёрты - алтар св. Дамініка - з фігурамі св. Аўгустына, св. Кацярыны і абразамі св. Дамініка і св. Францішка ў касцёльнай капліцы; пяты - з абразамі св. Тамаша і св. Ігнацыя; шосты - з абразамі св. Юліяна і св. Вінцэнта; сёмы быў за амбонам у капліцы з абразамі св. Міхала і св. Анёла-апекуна; восьмы - з фігурамі св. Дамініка і св. Кацярыны, з абразамі Панны Марыі з маленькім Езусам на руках; дзевяты - галоўны вялікі алтар з чатырма калонамі і чатырма вялікімі фігурамі з гіпса. Пасярэдзіне ў ім знаходзіўся абраз св. Казіміра - апекуна касцёла, вышэй - срэбнае распяцце з рэліквіямі св. Казіміра. Сярод найбольш каштоўных рэчаў у касцёле меўся абраз пэндзля мастака Францішка Смуглевіча (1745 -1807). На ім была паказана бітва св. Міхала Арханёла з д'яблам. Гэты абраз касцёлу падаравалі князі Чартарыйскія6. У касцёле мелася трынаццаць мураваных надгробкаў, а ў дольнай частцы былі два склепы. У першым знаходзіліся даўнія пахаванні законнікаў, у другім - магілы Фабіяна Малішэвіча і фундатараў.

Будынак кляштара дамініканаў быў закладзены ў 1640 г. У другой палове ХVІІІ ст. яго перарабілі, фактычна вымуравалі занава, аднак засталося шмат недаробак, якія так і не былі выпраўлены. Кляштар знаходзіўся на адлегласці 17 локцяў ад касцёла і ўяўляў сабою двухпавярховы дом прамавугольнай формы з двума ўваходамі з бакоў. Умовы жыцця законнікаў былі досыць сціплымі. Пра гэта сведчыць келля прыёра, дзе знаходзіліся столік з шуфлядай, печ з комінам, шафа, насценны гадзіннік з боем, партрэт фундатара, пры дзвярах - кропельнічка з святою вадою. У калідоры вісеў абраз св. Фабіяна. У кляштары мясціліся трапезная, кладоўка, гасцінная келля. У двары рос сад. Пры кляштары таксама знаходзіліся драўляная лядоўня пад дахам, на доле ў зямлі - склад піва, навес для сена, стайні, вазоўня... Кляштар меў невялікую бібліятэку і архіў. У бібліятэцы налічвалася 79 кніжных адзінак. Гэта былі духоўныя кнігі і свецкія выданні. Што датычыць архіва, то ў ім захоўваліся дакументы, якія мелі дачыненне да касцёла і кляштара, а таксама розныя квіты7.

Пры кляштары меўся шпіталь для ўбогіх. Час яго заснавання не вядомы, але ў 1720 г. ён ужо існаваў. У 1768 г. Эльжбета з Заранкаў Завішына, палажыўшы на Уздзенскім кагале 1000 злотых, учыніла легацыю на шпіталь, каб ад гэтай сумы Уздзенскі кагал штогод на свята св. Міхала Рымскага выплочваў працэнт у 60 злотых на карысць шпіталя. 9 ліпеня 1828 г. Юзэфа Храпавіцкая двума тастамантамі перадала шпіталю 150 р.8. Шпіталь быў зусім невялікі, у ім у розныя гады ўтрымлівалася прыкладна ад 1 да 5 чалавек. Пры кляштары існавала парафіяльная школка, дзе шляхецкія і мяшчанскія дзеці вучыліся чытаць, пісаць, лічыць, вывучалі лаціну. Кіраваў школкай дырэктар9.

Ва ўладанні кляштара ўваходзіў фальварак Кучкуны з пяццю сялянскімі хатамі, ворнай зямлёй і сенажацямі, коньмі, быдлам, птушкай і пчоламі. У фальварку мелася драўляная капліца. У саміх Стоўбцах да кляштара належалі дзве юрыздыкі (з 1729 г. мястэчка атрымала магдэбургскае права). Адна знаходзілася на вуліцы Глухой і ўключала 6 двароў і 53 моргі 10 прэнтаў зямлі. Другая - на вуліцы Перавознай, над Нёманам, і ўключала 6 двароў, тры хлявы для тавараў, 3 моргі 10 прэнтаў зямлі, сенажаць на 20 вазоў сена і лоўлю рыбы. З 1750 г. кляштар валодаў таксама маёнткам Ячна, былой уладальніцай якога была Крыстына Рыла10.

Законнікі стаўбцоўскага кляштара атрымлівалі даволі значныя ахвяраванні ад мясцовых магнатаў і шляхты. Кляштар быў невялікі. Так, напрыканцы ХVІІІ ст. у ім жылі 4 законнікі: а. Анёл Мардасевіч, прыёр і плябан; а. Яцак Воббэ, апякун брацтва; а. Яўзэбі Курачыцкі, скарбнік; брат Чэслаў Ждановіч, паслушнік11.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Стоўбцы ўвайшлі ў склад Расейскай імперыі. На гэты час мястэчка належала князям Чартарыйскім. Пры Кацярыне ІІ расейскі ўрад яшчэ не выпрацаваў канкрэтнай пазіцыі ў адносінах да каталіцызму. Што датычыць Паўла І, то ён, паводле некаторых сучасных меркаванняў, увогуле досыць прыхільна ставіўся да католікаў. Таму ніякіх значных зменаў у пазіцыі каталіцызму на Беларусі ў гэтыя часы не адбывалася, аднак пасля ўступлення на прастол Аляксандра І пачаўся прыхаваны наступ на каталіцызм. Так, у 1810 г. была прынята вышэйшая забарона пераходзіць у рыма-каталіцкую веру. Пры Мікалаі І наступ зрабіўся адкрытым і яўным. Першаю ахвяраю рэлігійнай палітыкі ўрада Мікалая І сталі рыма-каталіцкія кляштары. У 1832 г. былі зліквідаваны ўсе (за рэдкім выключэннем) дамініканскія кляштары.

Каталізатарам гэтай акцыі царскага ўрада паслужыла паўстанне 1830-1831 гг. Стоўбцы мелі да яго ўскоснае дачыненне. Уладальнік маёнтка князь Адам Чартарыйскі быў удзельнікам паўстання. 10 жніўня 1832 г. па Вышэйшым загадзе стаўбцоўскі дамініканскі кляштар быў зачынены, а маёнтак Стоўбцы канфіскаваны.

Пячатка стаўбцоўскага парафіяльнага касцёла св. Марыі Магдалены (40-я гады ХІХ ст. — 1868 г.). Ф. 937, воп. 4, спр. 141, арк. 24.
Пячатка пробашча стаўбцоўскага кляштарнага касцёла св. Казіміра (ХVІІІ ст. — 40-я гады ХІХ ст.). Ф. 937, воп. 4, спр. 115, арк. 32.
Пасля закрыцця кляштара пры ім працавала ліквідацыйная камісія, якая вырашала лёс яго маёмасці, рухомай і нерухомай. Усе наяўныя капіталы і дакументы да іх перадалі ў распараджэнне Мінскай скарбавай палаты. Усе справы і паперы касцёла і кляштара былі забраны (іх лёс невядомы), а зямельныя ўладанні перададзены ў Скарб. На пачатку 40-х гадоў кляштарны дом планавалася перадаць у Вайсковае ведамства і перабудаваць для вайсковых паселішчаў, але гэтага не адбылося, і ў 1846 г. па распараджэнні МУС уся нерухомая маёмасць падамініканскага кляштара апынулася ў складзе стаўбцоўскай рыма-каталіцкай парафіі. Такім чынам стаўбцоўскі кляштар айцоў дамініканаў праіснаваў без малога 200 гадоў. Пасля ліквідацыі кляштара стаўбцоўскі касцёл ператварыўся ў парафіяльны, хоць спачатку была ідэя зрабіць яго філіяльным12. Хутчэй за ўсё ў гэты час ён быў пераасвечаны як парафіяльны з наданнем яму старажытнага тытула св. Марыі Магдалены (пад такою назваю ён праходзіць у некаторых дакументах)13. Пробашчам касцёла стаў кс. Францішак Клеменс Білінскі, якога на пачатку 40-х гадоў змяніў кс. Тамаш Сташэўскі. Стаўбцоўскі касцёл уваходзіў у склад Наднёманскага дэканата Мінскай дыяцэзіі.

Святыня знаходзілася ў гаротным стане. Праз дах прасочвалася вада, якая залівала ўнутранае памяшканне14. У 1838 г. касцёл адрамантавалі, а ў 1839 г. побач з ім пабудавалі новую мураваную званіцу.

Паўстанне 1861-1863 гг. на Беларусі стала новаю падставаю для наступу на каталіцызм. На гэты час амаль усе рыма-каталіцкія кляштары былі ўжо ліквідаваны. Настала чарга касцёлаў. Прызначаны галоўным начальнікам краю граф Эдуард Баранаў зрабіў касцёлу шмат шкоды. Па яго загадзе 14 сакавіка 1867 г. цела св. Фабіяна, якое захоўвалася ў самім касцёле, было перазахавана на стаўбцоўскіх рыма-каталіцкіх могілках. Пакланіцца св. Фабіяну ішло шмат вернікаў са Стоўбцаў, навакольных вёсак і засценкаў, а гэта не падабалася царскім чыноўнікам. Пахаванне адбылося сціпла. Закрыццё стаўбцоўскага касцёла таксама звязана з імем Баранава, які лічыў, што касцёл «вреден в религиозном отношении»15. Будынак касцёла Баранаў прапанаваў перарабіць у прыходскую праваслаўную царкву. 8 лютага 1868 г. Стаўбцоўскі касцёл быў зачынены мінскім павятовым спраўнікам А. Сараевым. Апошнім пробашчам касцёла быў кс. Юзаф Расінскі. Касцёльную плябанію і землі перадалі праваслаўнаму духавенству. Усю маёмасць, за выключэннем званоў, размеркавалі паміж свержаньскім і койданаўскім касцёламі.

У закрыцці касцёла і яго перабудове ў праваслаўную царкву не было ніякай неабходнасці. Па-першае, у Стоўбцах ужо існавала праваслаўная царква св. Ганны, па-другое, 2607 былых парафіянаў засталіся без святыні і вымушаны былі ездзіць у Свержань і Койданава. Гэта была тыповая праява расейскай імперскай палітыкі, скіраванай на вынішчэнне каталіцызму, умацаванне праваслаўя і далейшую русіфікацыю.

Схема стаўбцоўскага парафіяльнага касцёла св. Марыі Магдалены, дасланая ў Мінскую царкоўна-будаўнічую ўстанову ў сувязі з перабудовай касцёла на праваслаўную царкву (1868 г.). Ф. 43, воп. 1, спр. 151, арк. 3.
12 лютага 1868 г. малодшы архітэктар будаўнічага аддзела Міністэрства дзяржаўных маёмасцяў Ваўковіч абвясціў аб пачатку «спаборніцтва» паміж ахвотнымі ўдзельнічаць у перабудове касцёла. Да «спаборніцтва» не дапускаліся жыды і католікі16. Агульная сума грошай на перабудову складала 383 рублі. Мясцовыя майстры адмовіліся працаваць, таму перабудовай займаліся прышлы іканапісец Іван Санкоўскі, мешчанін Быхаўскага павета, і маскоўскі мастак Ягор Зотаў.

12 траўня 1868 г. архіепіскап Мінскі і Бабруйскі Міхаіл асвяціў касцёл як царкву Марыі Магдалены. Святаром быў прызначаны Данііл Смоліч...

Царква Марыі Магдалены ў Стоўбцах праіснавала да пачатку 20-х гадоў ХХ ст. У 1921 г. яе адрэстаўравалі і ў гэтым жа годзе будынак быў рэкансэкраваны як касцёл св. Фабіяна, які дзейнічаў прыкладна 30 гадоў. Ён перажыў першы прыход Саветаў у 1939 г. і другую сусветную вайну. Другі прыход Саветаў стаў ракавым для шматпакутнай святыні. Новая ўлада ў адрозненне ад царскай змагалася не толькі з каталіцызмам, але з рэлігіяй увогуле, таму яна не стала перабудоўваць касцёл у царкву, а проста зачыніла яго. Гэта адбылося ў канцы 40-х гадоў. Спачатку будынак касцёла выкарыстоўваўся для розных мэтаў, а потым стаў нікому не патрэбны і паволі разбураўся. У сярэдзіне 60-х гадоў яго знеслі, таму што на гэтым месцы мясцовыя ўлады вырашылі пабудаваць спартыўную пляцоўку.

Рыма-каталіцкая грамада ў Стоўбцах, зарэгістраваная на пачатку 90-х гадоў, адразу паставіла пытанне аб будаўніцтве касцёла ў горадзе. Новы касцёл у Стоўбцах пачалі ўзводзіць у 1996 г., але ўжо на іншым месцы. Будуюць яго стаўбцоўскія католікі разам з пробашчам навасвержаньскага касцёла ксяндзом Яраславам Зарадзкім, місіянерам ордэна Святой Сям'і. Каталіцкае жыццё ў Стоўбцах зноў адраджаецца...


  1. Сыракомля У. «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах». Мн., 1992, с. 129.
  2. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мн., 1996, т. 4, с. 204.
  3. Ф. 2769, воп. 1, спр. 9, арк. 26-27 ад.
  4. Słownik Geograficzny Królewstwa Polskego i innych krajów słowianskich. Warszawa, 1890, t. XI, s. 365-366.
  5. Ф. 1781, воп. 297, арк. 7-8.
  6. Сыракомля У. «Вандроўкі...», с. 130.
  7. Ф. 1781, воп. 27, спр. 297, спр. 354.
  8. Ф. 1781, воп. 24, спр. 3812.
  9. Ф. 1781, воп. 27, спр. 259, арк. 15-15 ад.
  10. Ф. 1727, воп. 1, спр. 11, арк. 1095-1095 ад.
  11. Ф. 1781, воп. 24, спр. 2229, арк. 11-11 ад.
  12. Ф. 1781, воп. 24, спр. 738, арк. 26.
  13. Ф. 295, воп. 1, спр. 4094, арк. 1
  14. Ф. 1781, воп. 24, спр. 2533.
  15. Ф. 43, воп. 1, спр. 151.
  16. Ф. Тамсама.

Дадатак:
Парафія стаўбцоўскага рыма-каталіцкага касцёла

  1. м. Стоўбцы
    • юрыздыка айцоў дамініканаў
    • рынак
    • вул. Перавозная
    • вул. Румовая
    • вул. Віленская
    • вул. Загуменная (шпіталь касцёльны)
  2. Двор стаўбцоўскі Кавалеўшчына
  3. в. Задвор’е
  4. в. Мешукоўшчына
  5. ф. Заямнае
  6. в. Кругліца
  7. ф. Жукаў Барок
  8. ф. Залучча
  9. в. Аталезь
  10. в. Паўлюкоўшчына
  11. з. Жаўнеркавічы
  12. в. Лапкі
  13. в. Апечкі
  14. в. Дворышча
  15. ф. Тулёнка
  16. двор Ячонка
  17. в. Ячонка
  18. Рудня Наваполе
  19. ф. Трылес
  20. в. Трылес
  21. двор Найдзёнавічы
  22. в. Найдзёнавічы
  23. двор Засулле
  24. в. Засулле
  25. ф. Асінаўка
  26. з. Коласава
  27. в. Сцецкі
  28. в. Семенчыцы
  29. в. Бахены
  30. з. Акінчыцы
  31. з. Арцюхі
  32. двор Адцэда
  33. засценак Адцэда
  34. ф. айцоў дамініканаў Кучкуны
  35. ф. Адцэдка
  36. ф. Засулле
  37. з. Астраўкі
  38. з. Пазнелаўшчына
  39. в. Слабада
  40. в. Дзерваноўшчына
  41. в. Сула
  42. в. Ніва

    ф. 937, воп. 4, спр. 120.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY