Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(91)/2020
Год Яна Паўла ІІ

НЕ БОЙЦЕСЯ! АДЧЫНІЦЕ ДЗВЕРЫ ХРЫСТУ!
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з мастаком Сяргеем ШЭМЕТАМ OCD
ПРЫЦЯЖЭННЕ СВЯТАСЦІ
Спадчына

«ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ»
Зацемкі з падарожжа ў Рым
Юбілеі

БІБЛІЯ ЯК КРЫНІЦА ПАЭТЫЧНАГА НАТХНЕННЯ КАЗІМІРА СВАЯКА
Да 130-годдзя з дня нараджэння паэта і святара
У святле Бібліі

СТАЎЛЕННЕ ДА БАЦЬКІ І МАЦІ
Чацвёртая запаведзь у навучанні Сіраха (3, 1–16)
Адукацыя
Святыя Каталіцкага Касцёла

СЭРЦА Ў ПОПЕЛЕ
Пераклады

ВЕРШЫ
Прэзентацыя

ПАЛЁТ ЗА РАМКІ ТРАДЫЦЫЙНАГА
Паэзія

БЯЛЫНІЧЫ

НЕ БОЙСЯ...
З архіваў часу

ПАРАЗА
Пра тое, як 100 гадоў таму пачыналася эпоха свабоды сумлення без свабоды
Асобы
Мастацтва

ДАСКАНАЛЫ ДЗЮРЭР
Прэзентацыя
Культура

Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ

НЕ БОЙЦЕСЯ! АДЧЫНІЦЕ ДЗВЕРЫ ХРЫСТУ!

Пастырскае пасланне на 2020 Пастырскі год, прысвечаны святому Яну Паўлу ІІ

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Год 2020, які мы нядаўна распачалі, выключны не толькі таму, што ён высакосны і алімпійскі, але таксама і таму, што сёлета мы адзначаем юбілей 100-годдзя з дня нараджэння аднаго з самых вядомых людзей нашага часу — святога Яна Паўла ІІ.

Будучы Пантыфік нарадзіўся 18 мая 1920 года ў Польшчы, у горадзе Вадавіцы, непадалёк ад Кракава, у сям’і глыбока рэлігійных бацькоў: афіцэра Караля і гаспадыні дому Эміліі Вайтылаў. У 1928 годзе памерла яго мама, а праз тры гады яго брат Эдмунд, які быў доктарам і, лечачы інфекцыйна хворых, сам заразіўся.

У 1938 годзе будучы Папа распачаў вучобу на факультэце паланістыкі Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. Падчас Другой сусветнай вайны ўніверсітэт быў закрыты і малады Караль працаваў на хімічнай фабрыцы «Солвэй». У 1942 годзе распачаў фармацыю да святарства ў падпольнай духоўнай семінарыі ў Кракаве. 1 лістапада 1946 года прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне і быў скіраваны ў Рым ва ўніверсітэт Angelicum, дзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму: «Пытанні веры ў святога Яна ад Крыжа».

Ксёндз Караль Вайтыла працаваў вікарыем у некалькіх парафіях, у тым ліку ў парафіі святога Фларыяна ў Кракаве, дзе праявіў сябе як выдатны душпастыр моладзі, якая называла яго Wujek, што па-польску азначае «дзядзька». Працягваў займацца навуковай працай, выкладаў у Духоўнай семінарыі і ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве, а потым у Люблінскім каталіцкім універсітэце як кіраўнік кафедры этыкі.

У 1958 годзе ксёндз Караль Вайтыла быў прызначаны дапаможным біскупам у Кракаве. Дэвізам біскупскага служэння ён выбраў словы: «Totus Tuus» — «Увесь Твой». Браў удзел у Другім Ватыканскім Саборы, падчас якога асабліва прычыніўся да падрыхтоўкі Пастырскай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes — «Радасць і надзея».

У 1963 годзе стаў Кракаўскім арцыбіскупам. Актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы і святкаванні Тысячагоддзя хросту Польшчы, які адзначаўся ў 1966 годзе, а ў наступным годзе папа Павел VI прызначыў арцыбіскупа Вайтылу кардыналам. 16 кастрычніка 1978 года ён сам быў абраны наступнікам святога апостала Пятра і выбраў сабе імя Ян Павел ІІ, стаўшы 264-м Папам у гісторыі Касцёла. Інаўгурацыя Пантыфікату адбылася 22 кастрычніка.

Пантыфікат Яна Паўла ІІ стаў трэцім па працягласці ў гісторыі Касцёла. Папа Ян Павел ІІ спрыяў падзенню атэістычнага рэжыму ва Усходняй Еўропе, у тым ліку і ў Беларусі, шмат намаганняў прыклаў да справы захавання міру, бараніў Богам устаноўлены інстытут сям’і, народжанае і ненароджанае жыццё, клапаціўся пра ўбогіх і хворых, ініцыяваў Сусветныя дні моладзі, абвясціў новы Кодэкс Кананічнага Права і новы Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, даверыў свет Маці Божай Фацімскай і Божай Міласэрнасці, сустракаўся з прадстаўнікамі розных веравызнанняў і палітычных сілаў, увёў Касцёл у трэцяе тысячагоддзе. Здзейсніў 104 замежныя апостальскія падарожжы, падчас якіх наведаў 129 краінаў свету. Акрамя гэтага, здзейсніў 146 апостальскіх падарожжаў у Італіі і 748 у Рымскай дыяцэзіі і Кастэль Гандольфа, дзе знаходзіцца летняя рэзідэнцыя Папы. Падчас апостальскіх падарожжаў прамовіў 3288 прамоваў.

Апублікаваў 14 энцыклік, 14 апостальскіх адгартацый, 11 апостальскіх канстытуцый, 45 апостальскіх пасланняў, 31 Motu Proprio — дакументаў, напісаных па яго асабістай ініцыятыве. Склікаў 14 Сінодаў біскупаў і іх узначаліў.

Правёў 1338 беатыфікацый і 482 кананізацыі.

У 1983–1984 гадах правёў Святы Год Збаўлення, у 1987–1988 — Марыйны год, у 2000 — Год Вялікага Юбілею хрысціянства, у 2002–2003 — Год Святога Ружанца. У 2004 годзе распачаў Эўхарыстычны Год, які ў 2005-м завяршыў ужо яго наступнік Бэнэдыкт XVI.

Падчас Пантыфікату Яна Паўла ІІ адбыліся 4 Сусветныя сустрэчы сем’яў: у 1994 годзе — у Рыме, у 1997 — у Рыа-дэ-Жанэйра, у 2000 — у Рыме і ў 2003 — у Маніле.

Святы Айцец сустрэўся з больш як 1600 кіраўнікамі дзяржаваў. Правёў 1164 агульныя аўдыенцыі, у якіх узяло ўдзел 17 665 800 пілігрымаў з усяго свету.

Быў першым сучасным Папам, які наведаў сінагогу і мячэць.

Святы Ян Павел ІІ завяршыў сваё зямное жыццё 2 красавіка 2005 года ў вігілію ўстаноўленага ім свята Божай Міласэрнасці. Пахаваны ў ватыканскай базыліцы святога Пятра. 1 мая 2011 года папа Бэнэдыкт XVI беатыфікаваў яго, а 27 красавіка 2014 года папа Францішак абвясціў святым. Літургічны ўспамін святога Яна Паўла ІІ адзначаецца ў Касцёле 22 кастрычніка.

Так коратка выглядае біяграфія гэтай найбольш уплывовай асобы другой паловы ХХ і пачатку ХХІ стагоддзя, выдатнага пастыра Касцёла і голасу сумлення нашага часу — святога Яна Паўла ІІ. За сухімі лічбамі і фактамі стаяць яго тытанічныя высілкі дзеля адраджэння Касцёла паводле вучэння Другога Ватыканскага Сабору, развіцця яго адносін з сучасным светам і вырашэння надзённых праблемаў.

Ян Павел ІІ увайшоў у гісторыю як «ваявода Хрыста», Папа пераменаў, мысляр і філосаф, выдатны тэолаг і прамоўца, руплівы пастыр, чалавек глыбокай веры і малітвы, міру, культуры і мастацтва, паэт і акцёр, той, хто спрыяў дыялогу паміж рознымі веравызнаннямі і народамі, барацьбіт за мір і сацыяльную справядлівасць, нястомны пілігрым, натхняльнік пераменаў у свеце, аматар спорту і здаровага гумару. Сваім служэннем Касцёлу і свету ён пабудаваў нерукатворны помнік святасці, да якой пілігрымуе свет.

Святы Ян Павел ІІ асаблівым чынам увайшоў у гісторыю адраджэння Касцёла ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Ён своечасова прачытаў знакі часу і імгненна адказаў на іх. Выкарыстаў сацыяльна-палітычныя змены канца 80-х — пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя і на гэтых тэрыторыях адрадзіў структуры Каталіцкага Касцёла.

У былым Савецкім Саюзе Касцёл на працягу жыцця трох пакаленняў знаходзіўся ў падполлі, без іерархіі і адпаведных структураў. І толькі дзякуючы смеламу рашэнню Яна Паўла ІІ яны адрадзіліся і распачалася новая эра ў гісторыі гэтага Касцёла.

Асэнсоўваючы тое, што Ян Павел ІІ зрабіў для Касцёла ў нашай краіне, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў знак павагі і ўдзячнасці прысвяціла яму 2020 Пастырскі год пад дэвізам: «Адчыніце дзверы Хрысту».

22 кастрычніка 1978 года падчас святой Імшы інаўгурацыі Пантыфікату Яна Паўла ІІ на плошчы святога Пятра ў Рыме прагучалі кранальныя словы: «Не бойцеся, адчыніце, адчыніце насцеж дзверы Хрысту! Для Яго збаўчай улады адчыніце межы дзяржаваў, эканамічных і палітычных сістэмаў, шырокія сферы культуры, цывілізацыі, развіцця! Не бойцеся! Хрыстус ведае, што носіць у сабе чалавек. Ён адзін гэта ведае! Сёння чалавек часта не ведае, што схавана ўнутры яго, у глыбіні яго душы і сэрца. Ён так часта не ўпэўнены ў сэнсе жыцця на гэтай зямлі і ахоплены сумненнем, якое змяняецца роспаччу. Таму дазвольце, прашу вас, малю вас з пакораю і даверам! Дазвольце Хрысту прамаўляць да чалавека! У Яго аднаго ёсць словы жыцця, так, жыцця вечнага».

У гэтых словах змешчана праграма Пантыфікату Яна Паўла ІІ, якая потым ажыццяўлялася ў яго вучэнні і дзейнасці, дзе галоўнае месца займала хрысталагічная антрапалогія, бо Хрыстус аб’яўляе сябе людзям як Бог і чалавек. Ён перамог свет (гл. Ян 16, 33), таму няма чаго баяцца: неабходна толькі даверыцца Яму.

У тыя часы на Захадзе ўжо моцна праяўляўся дух секулярызму — адыходу ад Бога. Штуршком да гэтага стала аб’яўленая Фрыдрыхам Ніцшэ «смерць Бога», што і сёння шырока прапагандуецца, а таксама сексуальная рэвалюцыя другой паловы 60-х гадоў пад дэвізам «Забараняецца забараняць». На Усходзе тым часам працягваўся жорсткі пераслед веры і парушэнне правоў чалавека. Таму гэтыя словы Яна Паўла ІІ сталі заклікам да духоўнага вызвалення і маніфестам новай маральнай і сацыяльнай рэвалюцыі, сутнасць якой у прыняцці вучэння Хрыста.

У тагачаснай складанай сітуацыі свету была патрэбная новая ідэя. Як вядома, новае — гэта добра забытае старое. Хрыстус даў свету заўсёды новае і актуальнае Евангелле, якое, на вялікі жаль, свет не спяшаўся прыняць. Менавіта таму Ян Павел ІІ на самым пачатку свайго Пантыфікату звярнуў увагу на Хрыста і неабходнасць прыняць Яго.

Словы Вялікага Папы: «Не бойцеся! Адчыніце дверы Хрысту!» сталі новым пасланнем чалавецтву. У той час вернікі былога Савецкага Саюза слухалі іх на каленях і пыталіся ў сябе: «Калі ж дзверы нашага грамадства адчыняцца для Хрыста?» Гэта быў крык адчаю мільёнаў хрысціянаў, якія чакалі і не маглі дачакацца свабоды веравызнання.

І такі дзень настаў. Сацыяльна-палітычныя перамены канца 80-х — пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя сталі пачаткам ажыццяўлення Фацімскага прароцтва 1917 года аб навяртанні нашых земляў са шляху атэізму на шлях веры. Гэта стала магчымым дзякуючы актыўнай дзейнасці святога Яна Паўла ІІ, яго нязломнай веры ў Бога і ў дапамогу Марыі, якой словамі Totus Tuus — «Увесь Твой» — ён даверыў свой Пантыфікат. Заклік не баяцца, адчыніць дзверы Хрысту стаў «снежным комам», з якога ўзнікла лавіна, што знесла перашкоды на шляху да свабоды веравызнання.

І хоць заклік адчыніць дзверы Хрысту прагучаў больш за 40 гадоў таму, ён актуальны і ў наш час. Сучаснаму свету, які заграз у рознага кшталту крызісах, у тым ліку і маральным, патрэбны Хрыстус, і ён павінен паставіць Яго ў цэнтр свайго жыцця.

Хрыстус не хоча нічога забраць у чалавека ці яго прынізіць. Наадварот, як Бога-чалавек Ён умацоўвае нас і прыпадабняе да сябе. Дзякуючы гэтаму чалавек змяняецца не толькі ў адносінах да сваёй веры, але таксама і ў антрапалагічным і гуманітарным вымярэннях.

Заклік адчыніць дзверы Хрысту ўказвае на асобу Збаўцы. Хрысціянства — гэта не ідэалагічная ці філасофская сістэма, а спатканне з Хрыстом. Таму нельга сабе ўявіць хрысціянства без асобы Хрыста. Без Яго яно не будзе жывым і дзейсным, але пераменіцца ў бездухоўны гуманізм.

На святой Імшы з нагоды беатыфікацыі Яна Паўла ІІ папа Бэнэдыкт XVI сказаў, што яго папярэднік сваім сведчаннем веры, любові і апостальскай адвагі, поўным чалавечай чуласці, дапамог хрысціянам ва ўсім свеце не баяцца быць імі і абвяшчаць Евангелле. Дапамог не баяцца праўды, якая з’яўляецца гарантыяй свабоды. Таксама дапамог вярнуць веру ў Хрыста.

У новых абставінах свабоды веравызнання і небяспекі бездухоўнасці нам неабходна чэрпаць з крыніцы вучэння і сведчання Вялікага Папы. Гэтаму прысвячаецца новы Пастырскі год, падчас якога ў гаміліях, катэхезах, тэатральных сцэнках, конкурсах, выставах, канферэнцыях, пілігрымках, публікацыях у СМІ неабходна прадставіць асобу і вучэнне святога Яна Паўла ІІ. <...>

Удзячныя папу Яну Паўлу ІІ за тое, што ў гады ваяўнічага атэізму ён удыхнуў у нас новую надзею нават насуперак надзеі (гл. Рым 4, 18), адрадзіў касцёльную іерархію і падтрымліваў наш Касцёл, мы пакорна звяртаемся да яго: «Святы Яне Паўле ІІ, перад абліччам небяспечных выклікаў сучаснасці натхняй нас прыкладам свайго жыцця, вучэння, сведчання і духоўнасці! Благаславі з акна нябеснага Айца, каб мы не баяліся адчыніць дзверы Хрысту і Яго збаўчай ласцы! Няхай жыццё паводле Яго вучэння стане для цябе дарам ад Каталіцкага Касцёла ў Беларусі!»

Давяраючы ўсіх вас апецы Марыі, вялікім шанавальнікам якой быў святы Ян Павел ІІ, на шлях плённага перажывання прысвечанага яму Пастырскага года ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп
Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Мінск, 6 студзеня 2020 г.,
урачыстасць Аб’яўлення Пана.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY