Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(91)/2020
Год Яна Паўла ІІ

НЕ БОЙЦЕСЯ! АДЧЫНІЦЕ ДЗВЕРЫ ХРЫСТУ!
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з мастаком Сяргеем ШЭМЕТАМ OCD
ПРЫЦЯЖЭННЕ СВЯТАСЦІ
Спадчына

«ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ»
Зацемкі з падарожжа ў Рым
Юбілеі

БІБЛІЯ ЯК КРЫНІЦА ПАЭТЫЧНАГА НАТХНЕННЯ КАЗІМІРА СВАЯКА
Да 130-годдзя з дня нараджэння паэта і святара
У святле Бібліі

СТАЎЛЕННЕ ДА БАЦЬКІ І МАЦІ
Чацвёртая запаведзь у навучанні Сіраха (3, 1–16)
Адукацыя
Святыя Каталіцкага Касцёла

СЭРЦА Ў ПОПЕЛЕ
Пераклады

ВЕРШЫ
Прэзентацыя

ПАЛЁТ ЗА РАМКІ ТРАДЫЦЫЙНАГА
Паэзія

БЯЛЫНІЧЫ

НЕ БОЙСЯ...
З архіваў часу

ПАРАЗА
Пра тое, як 100 гадоў таму пачыналася эпоха свабоды сумлення без свабоды
Асобы
Мастацтва

ДАСКАНАЛЫ ДЗЮРЭР
Прэзентацыя
Культура

Юлія ШЭДЗЬКО

ДАСКАНАЛЫ ДЗЮРЭР

Нататкі пра рэтраспектыву творчасці мастака ў Вене

Вена ў апошнія гады стала своеасаблівым заканадаўцам музейнай «моды». Час каралеўскіх баляў мінуў, але надышоў час «каралеўскіх» выставаў: гарадскія музеі адзін за адным арганізуюць грандыёзныя мастацка-навуковыя экспазіцыі, на якія прыязджаюць глядзець прыхільнікі мастацтва з усяго свету. Адметнасць гэтых экспазіцый у тым, што арганізатары запрашаюць наведнікаў не проста глядзець і захапляцца шэдэўрамі мастацтва, але ўводзяць у гісторыка-культурны кантэкст эпохі, натхняюць аналізаваць, думаць, супрацоўнічаць, вынаходзіць новае. Паўдзельнічаўшы ў падзеі (недастаткова сказаць проста «паглядзеўшы выставу», бо выстава — нешта статычнае, тут жа фармат яе правядзення цалкам зменены), адчуваеш адначасова ўнутраную напоўненасць і стомленасць, як пасля дня цяжкай працы. Экзпазіцыя да канца ўтрымлівае гледача ў актыўнай напружанасці, не дапускае расслаблення і не адпускае ўвагі. Такою атрымалася і вялікая рэтраспектыва творчасці Альбрэхта Дзюрэра, якую арганізаваў Музей Альбертына напрыканцы 2019 — на пачатку 2020 года. У зборах музея захоўваецца найбольшая ў свеце калекцыя працаў мастака — 140 твораў. Выстаўлена ж было каля 200 малюнкаў, гравюраў, акварэляў, жывапісных працаў з Мюнхена, Лондана, Фларэнцыі, Мадрыда, Лісабона, Нью-Ёрка і іншых гарадоў.

Некаторыя працы, асабліва гравюры і акварэлі, выстаўляюцца надзвычай рэдка, бо ім шкодзіць святло. Арганізатары выбралі для выставы дэвіз «Раз на стагоддзе», і гэта блізка да праўды: невядома, калі яшчэ з’явіцца магчымасць убачыць настолькі поўную рэтраспектыву творчасці Альбрэхта Дзюрэра. Пераходзячы з залы ў залу, наведнік нібы пераходзіць з дзесяцігоддзя ў дзесяцігоддзе, назіраючы за жыццём і творчасцю вялікага майстра.

З самых першых крокаў па музеі мяне здзівіла, нават аглушыла думка аб несувымернасці творчасці Дзюрэра з часам, калі ён жыў і працаваў. І гэтая думка да самага канца не адступала, а толькі мацнела. Мы прывыклі да таго, што з цягам часу здольнасці чалавека растуць, тэхналогіі дасканаляцца, становіцца магчымым тое, што раней нельга было нават уявіць. Між тым Альбрэхт Дзюрэр апярэдзіў не толькі свой час, але і нашую сучаснасць. Аб’ём, глыбіня, дэталізацыя, жыццё, якім напоўненыя яго працы, усё падаецца неімаверным. Гэта адзін з нямногіх майстроў, працы якога параўноўваеш не толькі з працамі папярэднікаў і сучаснікаў, але і з працамі тых, хто быў і ствараў пасля. Па-зачасавасць мастацтва — у гэтым геній і непараўнальнасць Дзюрэра.

Я надоўга застыла перад аўтапартрэтам трынаццацігадовага Альбрэхта: як дзіця было здольнае так маляваць? Узгадайце спробы і плады ўласнай творчасці ў гэтым узросце… Становіцца нават страшнавата ад усведамлення таго, які вялікі геній тоіцца ў вачах і руках гэтага хлопчыка, што ўважліва і старанна, і адначасова лёгка і жыва ўвасобіў сябе самога ў малюнку. Цікава, як усведамлялі гэта яго бацькі і сваякі, што яны адчувалі, побач з такім талентам? У гэтай працы, адной з першых, бачны не проста талент, але і надзвычайная працаздольнасць, імкненне да дасканаласці, уважлівасць да дробязяў, уласцівыя таксама пазнейшым творам Дзюрэра. Заўважу, што аўтапартрэт і большасць малюнкаў зроблены срэбным алоўкам — тонкім стрыжнем з металу, які пакідаў на паперы або пергаменце срабрыстую лінію, што з часам цямнела ад акіслення металу. Лінію, праведзеную такім алоўкам, немагчыма нічым сцерці, таму малюнак патрабуе ад мастака вялікай дакладнасці, смеласці вока і рукі і добрых навыкаў малявання. А гэта плён няспыннай працы над сабою.

Вядома, Альбрэхту Дзюрэру пашанцавала: яго родны горад Нюрнберг у XV–XVI стст. — адзін з найвыбітнейшых і самых развітых гарадоў Еўропы, горад багатых гандляроў, якія любілі і падтрымлівалі мастацтва. Дзе і з’явіцца такому незвычайнаму майстру, як не там? З дзяцінства хлопчык меў магчымасць вучыцца мастацтву, падарожнічаць — у тым ліку і ў Італію, скарбніцу Рэнесанса — мог увабраць у сябе ўсё багацце мастацтва і ідэяў эпохі, каб развіваць іх далей. Ён нарадзіўся ў 1471 г. у сям’і ювеліра Альбрэхта Дзюрэра, стаўшы трэцім з васямнаццаці дзяцей. Хросным хлопчыка быў Антон Кобергер — заможны ўладальнік вялікай кнігадрукавальнай майстэрні і гандляр кнігамі, які першы пачаў выдаваць яго працы.

Навучанне ювелірнаму рамяству, безумоўна, паўплывала на мастацкія працы Дзюрэра — у іх гэткая ж тонкасць, дакладнасць, дасканаласць. Гэта ўласціва нават самым раннім творам мастака. У экспазіцыі побач выставілі некалькі графічных працаў Андрэа Мантэньі і іх копіі, зробленыя маладым Дзюрэрам падчас вучобы ў Італіі. Нават у параўнанні з працаю вялікага італьянца копіі ўспрымаюцца як сапраўднае дзіва: Мантэньі маляваў антычныя сюжэты, багоў і багіняў, якіх ніколі не існавала, гэта — мастацкая алегоры. У Дзюрэра фігуры нібы выступаюць з паперы, яны ажываюць, дыхаюць, глядзяць на вас. Усю прастору невялікіх малюнкаў напаўняюць паветра і святло.

Альбрэхт Дзюрэр пражыў усяго 56 гадоў і пакінуў вялізную спадчыну жывапісных і графічных працаў, малюнкаў, гравюраў, чарцяжоў, накідаў. Ён працаваў у самых розных тэхніках, з самымі разнастайнымі матэрыяламі. Ён напісаў першы падручнік па тэорыі мастацтва і першую аўтабіяграфію мастака; быў сур’ёзным навукоўцам: Дзюрэру належаць працы па вайсковай фартыфікацыі і геаметрыі, даследаванні па прапорцыях жывых і нежывых аб’ектаў (ён следам за Леанарда да Вінчы стварыў свайго «Віртувіянскага чалавека»), перспектыве, святлоцені, праблеме выяваў архітэктуры ў мастацтве. Сведчанне апошняга — распрацаваны ім у 1515 г. праект пабудовы Трыумфальнай аркі для імператара Максімільяна І, фантастычны праект, які немагчыма было ажыццявіць пры тагачасных тэхналогіях, і, напэўна, пры цяперашніх таксама, аднак ён зроблены з усёю дакладнасцю і рэалістычнасцю. Уявіце вялізную, 3х3,5 метры, гравюру: пампезная арка з упрыгожваннямі, барэльефамі і калонамі, гістарычнымі выявамі, алегорыямі і сімваламі, генеалогіяй імператара і сцэнамі з яго жыцця. Усё гэта надрукавана са 195-ці драўляных дошчачак на 36-ці лістах паперы і суправаджаецца разгорнутымі тэкставымі тлумачэннямі. Дэталі гравюры можна разглядаць бясконца, і пры гэтым вялізнае ўражанне стварае рэалістычнасць выявы; вось яно — 3D, вось яна — віртуальная рэальнасць, якую ўгадаў, уявіў і стварыў Альбрэхт Дзюрэр.

Увогуле гравюра як від мастацтва ўзнікла незадоўга да Дзюрэра, а ён удасканаліў гэтую тэхніку да непераўзыдзенай. Цуд дзюрэраўскай гравюры — напоўненасць у малой форме, спалучэнне дэталізаванасці і адзінства выявы. Майстар амаль не працаваў па дрэве, найбольш па метале — гэта дазваляла рабіць тонкія штрыхі, ствараць аб’ём, і найважнейшыя працы Дзюрэра зроблены менавіта ў такой тэхніцы: напрыклад, серыя «Крыжовы шлях». На маленькіх лістах, прыблізна 20х30 см, майстар стварыў настолькі багаты і жывы свет, што колер там толькі зашкодзіў бы. Чорны і белы, часта на «фірмовай» зялёнай і блакітнай паперы Дзюрэра — гэтага цалкам дастаткова. Перад намі жыва разварочваюцца сцэны апошніх падзеяў з жыцця Хрыста, настолькі жыва, што цяжка перагледзець усе гравюры адну за адною без перапынку — не вытрымліваеш эмацыйнага напружання, укладзенага майстрам у строгія лініі і формы.

Яго генію была патрэбная толькі лінія, і з яе Дзюрэр рабіў усё, ствараў цэлы свет: аб’ёмны, шчыльны, фактурны, праўдзівы. Дзюрэр стаў першым, хто здолеў паставіць графіку побач з жывапісам, зрабіў яе роўным відам мастацтва, а не толькі падрыхтоўкаю да выявы ў колеры. Яму была ўласцівая амаль фантастычная тэхніка валодання алоўкам, пяром і пэндзлем, непераўзыдзеная з той пары нікім. Накіды, якія ён маляваў алоўкам перад тым як перанесці іх на палатно, — гэта не проста эскізы, а самадастатковыя мастацкія творы. Ён меў здольнасць убачыць і перадаць у штрыхах і лініях неімаверную канцэнтрацыю жыцця. Узгадайце накіды, створаныя ім для жывапісных выяваў «Алтара Геллера», напрыклад, вядомыя ўсяму свету «Рукі ў малітве» (каля 1508 г.). Гэта, напэўна, самая папулярная з яго працаў, бо ў малюнку — увасабленне самой сутнасці малітвы. Дзюрэр быў здольны зрабіць героямі сваіх гравюраў, малюнкаў і палотнаў не толькі людзей, гэта таксама і звяры, расліны, краявіды, прадметы і разнастайныя дэталі — рукі, профілі, абрысы фігураў — усё гэта вельмі важныя і самадастатковыя часткі існага, а не проста фон.

Хоць Дзюрэр і не лічыцца вялікім каларыстам, мяне надзвычай кранулі яго акварэлі. У асноўным гэта так званыя «батанічныя» акварэлі, своеасаблівыя даследаванні прыроды. Гэтыя працы выстаўляюцца радзей за ўсё, бо колеры выцвітаюць хутка, але ўражваюць яны вельмі моцна. У іх майстар адкрывае гледачам прыгажосць звычайнага — вось лапік травы на лузе, крыло птушкі, малады заяц (яшчэ адзін ягоны шэдэўр 1502 г., вядомы ва ўсім свеце) — адкрывае з неімавернаю любоўю да гэтых дробных і нібыта нязначных стварэнняў. У найменшых праявах прыгажосці свету ён паказвае вечнасць, якой напоўненая кожная травінка. Даўно завялі тыя травы, спарахнелі жывёлы, але вось яны, існуюць, увасобленыя на паперы любоўю вялікага майстра. Гэтая любоў — у кожным штрыху, у шарсцінках на зайцавых вушах, у пералівах птушынага пер’я, у тонкіх пялёстках касачоў і лілеяў.

Гэтаю любоўю да жывога прасякнутыя ўсе працы Дзюрэра, нават у самых строгіх творах па біблійных сюжэтах знаходзіцца месца для заўважных толькі пільнаму воку матыля, жабкі, птушкі, кветкі як адлюстравання Божага вобразу ў свеце, як увасаблення адвечнай прыгажосці ўсяго Ім створанага. Напрыклад, у 1506 г. Дзюрэр малюе Найсвяцейшую Дзеву Марыю з Дзіцем у атачэнні мноства жывёлаў — гэта сапраўдны райскі сад, малюнак, куды ён уклаў усю сваю любоў да стварэння і да Стварыцеля. Там амаль няма колеру, але парадаксальна: ён нібыта ёсць, нібыта дамалёўваецца ўяўленнем гледача, бо маленькая выява поўная сапраўднага жыцця, усё ў ёй дыхае ім. Можна бясконца глядзець на звяроў, якія, быццам пастухі, прыходзяць адараваць Святое Немаўля, — стварэнне прыходзіць да Стварыцеля — і на цікаўнае Дзіця, якое цягнецца з мацярынскіх каленяў, паказваючы ручкамі ці то на птушку, ці то на травінку. Вось Валадар валадароў, які з любоўю спазнае навакольны свет, каб любіць яго і нас у ім яшчэ мацней. Вядома, гэта ўсё мае асабістыя ўражанні і асацыяцыі, якія ўзнікалі, пакуль я разглядала твор. Напэўна, іншы чалавек угледзіць у ім нешта іншае, уразіцца іншым вымярэннем, іншым пластом праўды, паказанай майстрам.

Цікава, што ўвогуле Дзюрэр амаль ніколі не паказвае гледачу, як сам ставіцца да сваіх герояў, ён толькі адлюстроўвае праўду ва ўсіх магчымых дэталях. Ён не падказвае, як інтэрпрэтаваць створанае, а запрашае нас думаць і разбірацца самім, нібыта ўключае ў свой свет. Яго творчасць адначасова вельмі сугучная рэнесанснаму трыумфу чалавека і адрозная ад яго, бо працы Дзюрэра прасякнуты трыумфам супрацоўніцтва чалавека з Богам і даверу Яму. Я найбольш ясна бачу гэта ў асобе св. Гераніма, да вобраза якога майстар неаднойчы звяртаўся ў сваіх працах. Стары мудры чалавек сядзіць, схіліўшыся за сталом, працуе над кнігаю: відавочна, над перакладам Святога Пісання. Гэта дасканалае ўвасабленне супрацоўніцтва чалавечага розуму і здольнасцяў у еднасці са Стварыцелем існага, і гэты матыў падаецца мне адным з найважнейшых у творчасці дасканалага Альбрэхта Дзюрэра.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY