Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(92)/2020
Год Яна Паўла ІІ
Крыстына ЛЯЛЬКО
СЛУЖЭННЕ НАДЗЕІ
Спадчына

ЖЫРОВІЦЫ — ЛАСКАЎ КРЫНІЦЫ...

ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ
Проза

«...УСЕ БАЧЫЛІ НЯСТАЧУ ВІНА...»
Прэзентацыя
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Пераклады
Проза

«ПАДЫМІ МЯНЕ Ў СВЕТЛЫ АБШАР...»
Нашы святыні
Мастацтва

КРЫВІЧЫ І ВАКОЛІЦЫ

БЭНЭДЫКТ XVI

ДА 100-ГОДДЗЯ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ СВЯТОГА ПАПЫ ЯНА ПАЎЛА ІІ

Ліст папы Бэнэдыкта XVI
Ватыкан, 4 мая 2020 г.

Ян Павел ІІ і кардынал Ёзаф Ратцынгер.
Вялікая пятніца, 20.03.2002 г. Базыліка св. Пятра.

18 мая мінула 100 гадоў з дня нараджэння Яна Паўла ІІ у маленькім польскім мястэчку Вадавіцы. Польшча, якую тры суседнія дзяржавы — Прусія, Расія і Аўстрыя — падзялілі паміж сабою і акупавалі больш за сто гадоў, пасля Першай сусветнай вайны атрымала незалежнасць. Гэта была падзея, якая абуджала вялікія надзеі, але таксама патрабавала вялікіх высілкаў, бо дзяржава, якая паўставала нанава, усё яшчэ адчувала на сабе ціск абедзвюх краінаў — Германіі і Расіі. У такім цяжкім становішчы, але перадусім у сітуацыі надзеі рос малады Караль Вайтыла. На жаль, ён вельмі рана страціў сваіх маці, брата, а потым таксама і бацьку, якому быў абавязаны глыбокаю і гарачаю пабожнасцю. Маладога Караля асаблівым чынам цікавілі літаратура і тэатр, таму пасля атрымання атэстата аб заканчэнні школы ён пайшоў ва ўніверсітэт вывучаць гэтыя два прадметы.

«Каб уберагчыся ад вывазу на прымусовыя работы ў Германію восенню 1940 года, я пачаў працаваць чорнарабочым у каменаломні, што належала хімзаводу Сольвай» (Ян Павел ІІ, «Дар і Таямніца», с. 17). «Восенню 1942 года я прыняў канчатковае рашэнне паступіць у Кракаўскую Духоўную семінарыю, якая дзейнічала ў падполлі <...>, арцыбіскуп мітрапаліт [размясціў] пад дахам сваёй рэзідэнцыі. <...> Працуючы рабочым, я падпольна скончыў два першыя гады, г. зн. тыя, што ў curriculum навучання прысвечаны філасофіі. <...> У сувязі з гэтым я раней за маіх аднакурснікаў атрымаў святарскае пасвячэнне. Было гэта 1 лістапада 1946 г.» (тамсама, с. 20–22). Аднак тэалогію ён вывучаў не толькі па кніжках, але таксама праз досвед канкрэтнай цяжкай сітуацыі, у якой знаходзіўся ён і яго краіна. Гэта было ў нейкім сэнсе характэрна для яго жыцця і дзейнасці. Ён штудзіруе кнігі, але заключаныя ў іх пытанні становяцца матэрыяй, якую ён спазнае на вопыце і глыбока перажывае. Так для яго як маладога біскупа — з 1958 года дапаможнага біскупа, а з 1964 года арцыбіскупа Кракава — Другі Ватыканскі Сабор становіцца школаю ўсяго яго жыцця і працы. Важныя пытанні, якія датычылі перадусім так званай Схемы XIII, пазней названай Канстытуцыяй «Gaudium et spes», былі яго асабістымі пытаннямі. Распрацаваныя на Саборы адказы адкрылі яму яго шлях як біскупа, а пазней і як Папы.

Калі 16 кастрычніка 1978 года кардынал Вайтыла быў абраны Наступнікам Святога Пятра, Касцёл знаходзіўся ў драматычнай сітуацыі. Пасяджэнні Сабору прадстаўляліся ў публічнай прасторы як спрэчкі на тэму самой веры, якая праз гэта, здавалася, губляла свой характар беспамылковай і непарушнай цвярдыні. Так, напрыклад, адзін баварскі пробашч характарызаваў тую сітуцыю наступнымі словамі: «У рэшце рэшт мы ўпалі ў памылковую веру». Гэтае пачуццё, што ўжо ні ў чым няма ўпэўненасці, што ўсё можна ставіць пад сумненне, яшчэ больш сілкаваў спосаб ажыццяўлення літургічнай рэформы. Пачало здавацца, што і ў літургіі можна ўсё ствараць самому. Павел VI энергічна і паслядоўна прывёў Сабор да завяршэння, але пасля стаў перад яшчэ больш складанымі праблемамі <...>. Сацыёлагі параўноўвалі сітуацыю тагачаснага Касцёла з сітуацыяй Савецкага Саюза пад кіраўніцтвам Гарбачова, у якім у працэсе пошукаў неабходных рэформаў быў цалкам разбураны магутны вобраз савецкай дзяржавы.

Такім чынам, новага Папу па сутнасці чакала заданне, якое было амаль немагчыма выканаць па чалавечых мерках. Аднак Ян Павел II пачаў абуджаць новае захапленне Хрыстом і Яго Касцёлам. Перш за ўсё былі важнымі яго словы на распачацце Пантыфікату, яго заклік: «Не бойцеся! Адчыніце, адчыніце насцеж дзверы Хрысту!» Гэты тон, зрэшты, характарызаваў увесь яго Пантыфікат і ўчыніў яго чалавекам, які <...> абнавіў Касцёл. Гэта адбылося таму, што новы Папа паходзіў з краіны, у якой пазітыўна ўспрынялі Сабор. Вырашальным было не сумненне ва ўсім, але радаснае абнаўленне ўсяго.

Правёўшы 104 вялікія душпастырскія падарожжы, Папа перасёк увесь свет і ўсюды абвяшчаў Евангелле як Радасную Навіну і такім чынам тлумачыў таксама свой абавязак стаяць на баку дабра, на баку Хрыста.

У 14-ці энцыкліках ён па-новаму паказваў веру Касцёла і яго вучэнне пра чалавека, што выклікала супраціўленне ў заходніх Касцёлах, якія былі перапоўнены сумненнямі.

Сёння, мне здаецца, вельмі важна ўказаць на той цэнтр, у перспектыве якога неабходна чытаць пасланне, заключанае ў яго розных тэкстах. І гэты цэнтр пераканаўча адкрыла перад усімі намі гадзіна яго смерці. Папа Ян Павел ІІ памёр у вігілію ўстаноўленага ім свята Божай Міласэрнасці. Дазвольце мне перш за ўсё далучыць тут малую асабістую заўвагу, якая паказвае нам штосьці важнае для разумення сутнасці і паводзінаў гэтага Папы. Ян Павел ІІ з самага пачатку знаходзіўся пад вялікім уражаннем ад паслання кракаўскай манашкі Фаўстыны Кавальскай, якая паказала Божую міласэрнасць як істотны цэнтр усёй хрысціянскай веры і спрыяла, каб было ўстаноўлена гэтае свята. Пасля кансультацый Папа абраў для яго Белую Нядзелю. Аднак па пытанні адпаведнасці гэтай даты перад прыняццем канчатковага рашэння ён папрасіў выказацца Кангрэгацыю Веравучэння. Мы далі адмоўны адказ, бо лічылі, што такую вялікую, старажытную і напоўненую зместам дату, як Белая Нядзеля, не трэба абцяжарваць новымі ідэямі. Для Святога Айца, пэўна, прыняць нашае «не» было нялёгка, аднак ён зрабіў гэта з усёю пакораю і прыняў таксама нашае другое «не». Урэшце ён сфармуляваў прапанову, паводле якой гістарычнае значэнне Белай Нядзелі застаецца ранейшым, але ў яе першасны змест уводзіцца Божая міласэрнасць. Часта здараліся сітуацыі, у якіх на мяне рабіла вялікае ўражанне пакора Вялікага Папы, калі ён адмаўляўся ад ідэяў, што яму падабаліся, але на іх не давалі згоды афіцыйныя органы, якія трэба было звычайна прасіць.

Момант, калі Ян Павел ІІ адышоў з гэтага свету, настаў якраз пасля першых Нешпараў свята Божай Міласэрнасці. Гэта асвятліла гадзіну яго смерці — святло Божай міласэрнасці зазіхацела над яго кананнем як пасланне, што было паклікана ўмацаваць. У сваёй апошняй кнізе «Памяць і самасвядомасць», якая ўбачыла свет амаль напярэдадні яго смерці, Папа яшчэ раз коратка прадставіў пасланне Божай міласэрнасці. Ён заўважае, што сястра Фаўстына памерла яшчэ перад жахам Другой сусветнай вайны, але ўжо перадала адказ Пана на гэтую бязлітаснасць: «Зло не атрымлівае канчатковай перамогі! Пасхальная таямніца пацвярджае, што канчаткова пераможным з’яўляецца дабро; што жыццё атрымлівае перамогу над смерцю; што над нянавісцю трыумфуе любоў» (c. 66).

На працягу ўсяго жыцця Папу было важна, каб суб’ектыўна прыняць за свой цэнтр хрысціянскай веры вучэнне аб збаўленні і рабіць іншых здольнымі прыняць яго. Дзякуючы ўваскросламу Хрысту Божая міласэрнасць прызначаная для кожнага. Нягледзячы на тое, што гэты цэнтр хрысціянскай экзістэнцыі дараваны нам толькі ў веры, ён мае таксама і філасофскае значэнне, бо, паколькі Божая міласэрнасць не з’яўляецца фактам, мы павінны спраўляцца з жыццём у свеце, у якім канчатковая процівага дабра і зла не распазнавальная, але, нягледзячы на гэтае аб’ектыўнае гістарычнае значэнне, кожны павінен ведаць, што Божая міласэрнасць мацнейшая за нашыя слабасці. У гэтым месцы неабходна знаходзіць унутраную еднасць паслання Яна Паўла ІІ і асноўныя інтэнцыі папы Францішка: насуперак частаму меркаванню, Ян Павел ІІ не быў маральным рыгарыстам. Адкрываючы істотнае значэнне Божай міласэрнасці, ён даў нам магчымасць прыняць маральныя патрабаванні, нягледзячы на тое, што чалавек ніколі не зможа ім адпавядаць. Мы прадпрымаем нашыя маральныя высілкі ў святле Божай міласэрнасці, якая становіцца для нашай слабасці аздараўляльнаю моцаю.

Калі папа Ян Павел ІІ паміраў, плошча св. Пятра была напоўнена людзьмі, перадусім моладдзю, якая жадала ў апошні раз сустрэцца са сваім Папам. Я ніколі не забуду таго моманту, калі арцыбіскуп Сандры абвясціў пра адыход Папы. Перадусім не забуду моманту, калі вялікі звон св. Пятра абвясціў гэтую навіну. У дзень пахавання Святога Айца можна было ўбачыць мноства плакатаў з надпісам «Santo subito» («неадкладна святы»). Гэта быў заклік, які вынікаў з сустрэчы з Янам Паўлам ІІ і які было чуваць з усіх бакоў. Не толькі на плошчы св. Пятра, але і ў розных інтэлектуальных колах ішлі дыскусіі пра тое, каб надаць Яну Паўлу ІІ тытул «Вялікі».

Слова «святы» ўказвае на Божую сферу, а слова «вялікі» — на чалавечае вымярэнне. Паводле прынцыпаў Касцёла, святасць ацэньваецца па двух крытэрыях: гераічнасці цнотаў і цуду. Гэтыя два крытэрыі цесна звязаныя паміж сабою, бо пад паняццем «гераічная цнота» маецца на ўвазе не нейкі «алімпійскі поспех», але факт, што ў дадзеным чалавеку і праз яго відавочным становіцца тое, крыніцаю чаго ён сам не з’яўляецца, тое, што ў ім і праз яго аб’яўляе дзеянне Божае. Гаворка ідзе не пра маральныя спаборніцтвы, але пра адрачэнне ад уласнай велічнасці. Гаворка ідзе пра тое, што чалавек дазваляе Богу дзейнічаць у сабе і такім чынам праз сябе робіць бачнымі дзеянне і моц Бога.

Тое самае датычыць і крытэрыя цуду. Тут таксама маецца на ўвазе не тое, што адбываецца штосьці сенсацыйнае, але тое, што аздараўляльная дабрыня Бога праяўляецца такім чынам, што гэта пераўзыходзіць усялякія чалавечыя магчымасці. Святы — гэта адкрыты чалавек, якога напаўняе Бог. Святы — гэта чалавек, адкрыты на Бога, чалавек, прасякнуты Богам. Святым з’яўляецца той, хто не засяроджвае ўвагу на сабе, але робіць так, што мы бачым і распазнаем Бога. Мэтаю беатыфікацыйнага і кананізацыйнага працэсаў з’яўляецца менавіта даследаванне гэтых з’яваў паводле нормаў права. Што датычыць Яна Паўла ІІ, то два гэтыя працэсы былі праведзеныя дакладна і ў адпаведнасці з прынятым законам. Такім чынам, ён паўстае цяпер перад намі як айцец, які аб’яўляе нам міласэрнасць і дабрыню Бога.

Больш цяжкая задача — даць правільнае азначэнне паняццю «вялікі». На працягу амаль двухтысячагадовай гісторыі папства тытул «Вялікі» замацаваўся толькі за двума Папамі: за Львом І (440–461 гг.) і за Грыгорыем І (590–604 гг.). Слова «вялікі» мае ў абодвух гэтых выпадках палітычнае адценне, але ў тым сэнсе, што дзякуючы іх палітычным дасягненням праяўляе сябе нейкая з таямніцаў самога Бога. Леў Вялікі ў размове з правадыром гунаў Атылам пераканаў яго не разбураць Рым, горад апосталаў Пятра і Паўла. Без зброі, без ваеннай ці палітычнай улады, моцаю свайго пераканання ў веры ён здолеў угаварыць жудаснага тырана не разбураць Рым. У барацьбе духа з уладаю і моцаю дух аказаўся мацнейшым. Грыгорый І не меў аніводнага падобнага бачнага дасягнення, але, нягледзячы на гэта, змог некалькі разоў уратаваць Рым ад лангабардаў — ён таксама, супрацьпастаўляючы ўладзе дух, атрымаў перамогу дзякуючы духу.

Калі мы параўноўваем гісторыі гэтых двух Папаў з гісторыяй Яна Паўла ІІ, мы бачым бясспрэчнае падабенства. Ян Павел ІІ таксама не меў у распараджэнні ніякай ваеннай моцы ці палітычнай улады. У лютым 1945 года, калі адбываліся нарады адносна будучага выгляду Еўропы і Германіі, хтосьці заўважыў, што трэба таксама ўлічваць меркаванне Папы. Тады Сталін запытаў: «Колькі ў Папы дывізій?». Канешне, у яго не было ніводнай. Але моц веры аказалася тою сілаю, якая ў 1989 годзе ўрэшце вывела з раўнавагі савецкую сістэму сілы і зрабіла магчымым новы пачатак. Бясспрэчна, вера Папы стала істотным элементам, які змяніў перавагу сілаў, і можна з упэўненасцю сказаць, што ў гэтым бачная яго веліч, якая праявілася таксама ў выпадку з Грыгорыем І і Львом І.

Пытанне, ці замацуецца за ім тытул «Вялікі», пакінем адкрытым. Праўда заключаецца ў тым, што ў Яну Паўлу ІІ для нас усіх аб’явіліся моц і дабрыня Бога. У час, калі Касцёл зноў церпіць з-за ціску зла, ён з’яўляецца для нас сімвалам надзеі і суцяшэння.

Дарагі святы Яне Паўле ІІ, маліся за нас!

Бэнэдыкт XVI

Падрыхтавала Дар’я Ахламёнак.

Паводле: «List Benedykta XVI na 100 lecie Urodzin JPII»;
https://www.niedziela.pl/artykul/
53284/LIST-BENEDYKTA-XVI-
NA-100-LECIE-URODZIN.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY