Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(93)/2020
Жыццё Касцёла
Год Яна Паўла ІІ
Тэалогія
Кшыштаф ПАЛЫС ОР
ПЕРАМОЖАНЫЯ БОГАМ
Спадчына

ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ
Пераклады
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Успаміны

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ

ЦІХУТКАЙ МАЛІТВАЮ
Проза
Прэзентацыя
Нашы святыні

ЮРАВІЦКІ ЕЗУІЦКІ КАСЦЁЛ

ЗБАЎЦА НА ГАЎБЦЫ

Лілія ЛЕСЬКА

ХРЫСЦІЯНСКІЯ МАТЫВЫ Ў ТВОРЧАСЦІ МАКСІМА ГАРЭЦКАГА

Цэнтральнымі вобразамі хрысціянскай тэматыкі ў творчасці Максіма Гарэцкага з’яўляюцца багаборцы антыхрысты і ілжэпрарокі, якія, згодна з біблейскімі тлумачэннямі, актывізуюцца напярэдадні другога прышэсця Хрыста. У рэлігійнай літаратуры часта цытуюцца словы апостала Паўла: «пакуль не з’явіцца антыхрыст, нельга гаварыць пра канец свету» [1, с. 968]. «Зло дасягае свайго апагея з прыходам апошняга антыхрыста, які будзе ілжэмесіяй, ілжэпрарокам» [1, с. 968]. І, сапраўды, у аповесці «Ціхая плынь» М. Гарэцкі заўважае, што «ўсё пільней кукобяць думку асмолаўцы аб нейкім дзіве: ці аб зямлі, ці то аб волі: Вось нехта аб’явіцца і прынясе дзіва з сабою» [2, с. 128]. І нарэшце «ў Лугвеневе з’явіўся прарок, які гаварыў, што тут … будзе асяродак правае веры, свабоды, з усіх бакоў пойдуць набожныя людзі на уклон Святому Духу. Разрасцецца Лугвенева ва ўсе бакі, адрадзяцца разбураныя муры і святыя людзі, толькі патрэбна ахвяра — прарок і бацька адурэлы разарвалі дзіця. Узлез тады прарок на гумно, ляцець на неба, і споўз як дурань» [2, с. 129]. Такая адурманенасць людзей вядзе да паступовай страты веры (апавяданне «Страхаццё»), да абездухоўлівання прадстаўнікоў культу (апавяданне «Чарнічка», «Дурны настаўнік»), дэсакралізацыі Царквы, што праявілася ў хрысціянскім нігілізме, антырэлігійным радыкалізме (апавяданне «Страхаццё»).

М. Гарэцкі не толькі акцэнтуе ўвагу на скептычным стаўленні Гаўрылы Пячкура (апавяданне «Страхаццё») да богаслужэння, бо, стоячы ў царкве, той часам думае аб практычных справах і планах, а пасля службы не забывае зайсці ў карчму. «Як змалку матка навучыла, так і малюся. Кожны дзень і ўранні і ўвечары…. А што іншы раз молішся і аб печках думаеш, то няхай Бог даруе. У святы дзень, што рабіць? Пойдзеш у Слаўнова, адстаіш абедню, завернеш к Боруху — сотку спаласнеш, дык у двору марш» [3, с. 86]. Так пісьменнік падкрэслівае, што ў народным светаадчуванні паступова разбураецца святасць Царквы, і нават служкі культу не вызначаюцца шчырымі рэлігійнымі пачуццямі, што відавочна на прыкладзе маладой манашкі (апавяданне «Чарнічка»), якую так пяшчотна называюць чарнічкаю. Яна, магчыма, несвядома выбрала свой пачэсны шлях, хаця пра гэта няма гаворкі ў тэксце, але няцяжка здагадацца, паназіраўшы за паводзінамі прыгожай дзяўчыны з прыпухлымі вуснамі, якая весела бавіць час. Традыцыйна бытуе меркаванне, што глыбока веруючыя манашкі — выбранніцы Божыя, або «нявесты Бога», увесь час «падаўляюць» у сабе цялеснае, мірское. Звычайна гераіні такога кшталту малююцца з тонкімі вуснамі — партрэтным сведчанні іх паслядоўнай, неадступнай і нязломнай веры. Пад чорнаю вопраткаю маладой манашкі з апавядання «Чарнічка» М. Гарэцкага праглядаецца гуллівасць, цялесная прыгажосць. Божая служка, хутчэй за ўсё, страціла багабоязнасць1 і ціхмянасць, што дае падставу параўнаць чарнічку з простай маладой жанчынай, якая так смела, зусім «несаромліва, а з правам маці, разгарнуўшы цьмяна-белыя грудзі» [3, с. 138], села карміць дзіця. Але ганарлівая маці мае магчымасць наблізіцца да Божай Маці, бо паважна выконвае высокія мацярынскія абавязкі, у той час як патэнцыяльная «Божая дзева» малюецца прыніжанай і слабой перад жыццёвымі спакусамі.

Спакушальнасць герояў М. Гарэцкага ў апавяданнях «Чарнічка», «Дурны настаўнік» атаясамліваецца з «лёгкай» формай богаадступніцтва, больш цяжкая форма якога апісаная ў апавяданні «Патаёмнае», дзе малюецца вобраз паміраючага грэшніка — «шалёнага антыхрыста» [3, с. 53]. Свашцы, якая ехала з вяселля, паводле зместу апавядання, прымроілася хата, дзе чакае свайго сканання грэшнік. Уся сям’я стала сведкаю гэтай знакавай падзеі: засмучоны стаіць сын, збялелая нявестка, бабуля. Грэшнік «счарнеў як смоўж і зубамі скрыгоча ад цярпення перадсмяротнага». А затым і страшней крычыць, каб вынеслі з хаты абразы, бо яны яму памерці не даюць. Так ішла барацьба Боскага і д’ябальскага: „Што ты, што ты задумаў, стары?! — застагнала яна, непрытомная. Дзе душа дзенецца, ці падумаў ты?!“ — і пачала біць паклоны. Як шалёны, як неспадзеўкі падпечаны, ускочыў з лаўкі страшны кананік. Кінуўся пад абразы і схапіў сярэдні абраз госпада Саваофа і ўзняў над галавою. Дзед разбіў абраз.

Гру-гру-гру — загрукатала ўвушшу, быццам груд каменння вялікага з гары пасыпаўся» [3, с. 55]. Так стары грэшнік мэтанакіравана выступіў супраць войска Божага, супраць узмоцненай Божай сілы, бо «Саваоф» — слова яўрэйскае і, згодна з тлумачэннямі, прыведзенымі ў біблейскім слоўніку2, абазначае «воінства».

Богаадступніцтва старога грэшніка супадае з так званым іканаборствам, калі ўлічыць, што кананік замахнуўся на знакавы, сакральны прадмет веры — абраз. У свой час М. Гогаль у «Правілах жыція ў свеце» заўважыў, што «грубы, неадукаваны, не моцны духам чалавек пакланяецца абразу, палічыўшы яго за самога Бога. Інакш пакланяецца абразу прасветлены вераю чалавек, які лічыць функцыю абраза толькі напамінам пра таго, да каго патрэбна ўзносіцца і каго немагчыма ўбачыць нашымі тленнымі вачыма» [4, с. 24]. Магчыма, да такой прасветленасці ў рэлігійным самавыяўленні мог бы наблізіцца і Тарас з апавядання «Прысяга» М. Гарэцкага. Ён — добры чалавек, руплівы і заможны гаспадар — вырашае не рабіць зло цімакам, якія знайшлі ў яго хаце прытулак, не выдае іх казакам. Тарас з вялікімі перажываннямі прысягае, клянецца перад Богам: «з туманам уваччу, падняўшы для прысягі руку, падыходзіў к сталу, да чорнага сукна з металічным раскрыжованым Богам і святою кнігаю ў бліскучай цвёрдай вокладцы» [3, с. 202]. Пасля гэтага ўрачыстага моманту герой М. Гарэцкага быццам сам стаўся раскрыжаваным, бо, паводле яго рэлігійнага бачання, няхай і толькі знешне, павярхоўна, але ж ён адступіў ад Бога.

Нягледзячы на глыбокія згрызоты з прычыны здзейсненага, учынак Тараса сведчыць пра збядненне веры, прычыны якога маюць адпаведнае тлумачэнне. Глыбокая рэлігійнасць героя робіць яго несвабодным перад самім сабою. Паводле слушных тлумачэнняў В. Жукоўскага: «Вера — гэта узвышаны акт чалавечай волі. Вера ў Бога ёсць дзеяннем нашай свабоды. Быць пакорнымі перад Богам — гэта не значыць здраджваць сабе самому або аддаваць сябе самога пад поўную ўладу неабходнасці, мёртвай механічнай прадвызначанасці, якая знішчае ўсякую маральнасць, высакародства» [5, с. 3].

Тарас застаўся высакародным, маральным чалавекам, не здрадзіў сабе самому, але ж неправедна прысягнуў, і цімакам было «... жудка. Здавалася, што ззаду стаяць вочы … А ў тых вачах — боская кара за прысягу. І ўцякалі нешчаслівыя ад яшчэ больш нешчаслівага… Уцякалі, спавітыя цямнотаю, спрадвечнымі забабонамі, вызваліцца ад якіх не мелі сілы» [3, с. 202]. У вачах цімакоў Тарас стаў богаадступнікам, хаця ў рэальнасці ён глыбока верыць у Бога. Рэлігійная несвабода3 героя М. Гарэцкага можа выклікаць у яго душы супярэчлівыя адчуванні, пахіснуць яго веру.

Можна сцвярджаць, што ідэя багаборніцтва ў творчасці М. Гарэцкага набывае філасофска-рэлігійны характар і мае непасрэдную сувязь з выяўленнем праблемы чалавечай вартасці, чалавечай моцы. Хрысціянства як рэлігія змірэння, адрачэння чалавека ад сваёй індывідуальнасці (улічыўшы ідэйны разгляд апавядання «Прысяга») не зусім прымалася пісьменнікам.

Такім чынам, М. Гарэцкі, адлюстроўваючы «эсхаталагізм эпохі», звяртае ўвагу на збядненне веры, што праяўлялася, з аднаго боку, у дзіцячых забаўлянках са святым тэкстам, напрыклад, у аповесці «Меланхолія», калі Лявонька моліцца: «— Выйміцца! — голасна адгукаецца Лявонька, а пакуль маці зрыхтуецца казаць далей, ён сам сабе ціханька шэпча: Выйміцца, акацілася аўца…». А ўрэшце заглядаецца на абраз, на сівога чалавека з нейкім вялікім гарбузом у адной руцэ і кіем у другой. Думкі рояцца ў галаве: чаму гэты падобны з твару да іхнага дзеда, але неласкавы сівы дзед, чаму ён — бог?» [3, с. 95].

З другога боку, да страты веры вяло з’яўленне ілжэпрарокаў і антыхрыстаў, багаборцаў і іконаборцаў.

Іконаборства ў міфапаэтыцы М. Гарэцкага праявілася ў сімвалічных вобразах разбітых абразоў Бога Саваофа (апавяданне «Патаёмнае»), закапцелых абразоў у хаце Янкі Чарнакніжніка і бляшанага распяцця (апавяданне «Што яно?»).

Гераіня апавядання «Што яно?» задумваецца над пытаннямі пра несмяротнасць душы, пра жыццё пасля смерці. Асабліва гэтыя хваляванні ўзмацняюцца пасля смерці мужа, калі маладая ўдава імкнецца даведацца: «Дзе душа яго, дзе дух яго? Што з ім сталалася»? Яна ноччу ідзе на магілу, шмат плача, гаруе: «Агоўтаўшыся ад плаку і пакрапчэўшы, падымала рукі ўгору над галавою, пільна ўглядалася ў цямноце на невялічкае, бляшанае распяцце, што прыбіта было на крыжы» [3, с. 88].

Бляшанае распяцце на крыжы, хутчэй за ўсё, мае негарманічнае гукавое выяўленне, нейкае няўстойлівае трымценне, бразгатанне, што асацыятыўна паказвае на адсутнасць духоўнага стрыжня ў маладой удавы. У беднай жанчыны няма трывалага духоўнага кірунку, душа яе замірае ў нейкім пужлівым трымценні. Душэўная слабасць робіць гераіню М. Гарэцкага то соннай, то нерухомай. Яна ляжыць, быццам распятая, на магіле свайго мужа, і толькі дубовы белаваты крыж, які фігуруе ў гэтых могілкавых апісаннях, уносіць пэўнасць і спадзяванне, што гаротніца павінна ізноў прыйсці да Бога і духоўна ўзмацніцца. А вось Янка — чарнакніжнік з апавядання «Што яно?» такую магчымасць страціў.

Пісьменнік адразу паказвае, што вера гэтага юнака слабая: «Вера, вера! Вера малая! Няма веры ні ў тое ні ў гэта, а жудасны кірунак ёсць, ёсць ён, пракляты…Нашто мне далі яго, нашто? А быў жа некалі вясёлы, смяяўся ж я» [3, с. 97].

Слабая вера не толькі ў Янкі, але і ў Гаўрылы Печкура (апавяданне «Страхаццё»), які лічыць, што пасля смерці чалавека застаецца толькі прах і не можа быць гаворкі пра вечна жывую душу, але «калі пад час дажджу пячкур сядзеў на могільніку, прапаноўваў памерлым «радзіцелькам» закурыць разам з ім. І так неспадзявана пачуў адказ: — «А дай сабе закуру» [3, с. 87]. Ад вялікага сполаху Пячкур памёр, і яго смерць і ёсць знакам таго, што фактычна Гаўрыла верыў у жыццё пасля смерці, у Бога. Неспадзяваны эксперымент у апавяданні «Страхаццё» — нечаканы сполах Печкура, стаў доказам глыбокай падсвядомай веры скептычна настроенага героя М. Гарэцкага.

На своеасаблівыя эксперыменты і выпрабаванні ідуць слабаверуючыя героі М. Гарэцкага, як неспадзявана (апавяданне «Страхаццё»), так і свядома (апавяданне «Што яно?»). Янка шмат часу сядзіць пад закапцелымі абразамі і чытае чорную кнігу, імкнучыся выклікаць злых духаў цёмнымі словамі: «сіла таёмная, чорная, сіла бясплотная, грэшная, сіла нячыста антыхрыстава, на паслухмянства цябе гукаю, раз, у другі, у трэці» [3, с. 96]. Такі зварот героя да нячысцікаў першапачаткова быў абумоўлены яго дапытлівым, інтуітыўна-празарлівым характарам, што праяўляўся з самага нараджэння і на працягу ўсяго жыцця: «Разумныя людзі дурным завуць. Не спрачаецца, бо ўсё роўна дурны ён на людскі розум. А перш быў хлопцам пахмурным, пасля «варонаю», далей прыдуркаватым, потым стаўся дурным» [3, с. 97]. Між тым «дурны» Янка валодае выключным розумам, ён глыбока бачыць людзей і добра адчувае, што ад пані Іванецкай «распустай смярдзіць», і менавіта ён адзін адчуў, што памылкова пахавалі жывога, і прасіў разумных людзей, каб выратавалі пахаванага, але яму ніхто не паверыў. Магчыма, пры іншым стаўленні людзей да Янкі, больш уважлівым і далікатным, пры больш спрыяльных умовах жыцця, ён і не імкнуўся б стаць чарнакніжнікам, не выпрабоўваў бы свой дух, моц і вартасць. Янка ў сваіх поглядах і памкненнях падобны да настаўніка Кубраковіча (апавяданне «Дурны настаўнік»): абодва не толькі эксперыментуюць, але і аднолькава прыпадабняюцца да юродзівых.

З’ява юродства разглядаецца навукоўцамі ў вузкім і шырокім аспекце. У вузкім — «гэта асаблівы тып хрысціянскай святасці», калі падзвіжнік прыкідваецца вар’ятам, прыпадабняецца да Хрыста і праходзіць праз усе зямныя пакуты Збаўцы. Паводзіны герояў М. Гарэцкага падобныя да юродства ў шырокім значэнні, што праяўляецца ў ірацыянальных, правакацыйных антысацыяльных паводзінах індывідуума, якія ўспрымаюцца як магчымасць перадачы ісціны, адрознага бачання. Паказчыкам юродства Янкі і Кубраковіча стаў іх жабрацкі лад жыцця, прадметна-знакавым выяўленнем — дрэнная вопратка. Янка сам гаворыць, што яго кашулю не мые братава, а настаўніка Кубраковіча таксама многія бачаць на вуліцах Мсціслаўля непамытага («апранены быў у нейкі падраны балахон, няголены, валасаты з даўгімі, чорнымі ад гразі кіпцямі» [3, с. 248]). Ніколі не глядзіць ён на другога чалавека проста, позірк яго ўсё некуды ўхіляецца, «быццам бы шукае чаго ці прыглядаецца да нечага, што стаіць у вас за плячыма» [3, с. 248]. Магчыма, за адвядзеннем вачэй убок хавае жаданне не паказваць розум, які выразна прачытваецца ў вачах чалавека. І Янка, і настаўнік Кубраковіч — дапытлівыя, кемлівыя і разумныя людзі, якія вылучаюцца адметнымі ўчынкамі і няўрымслівымі характарамі, уласным адметным светабачаннем. Настаўнік выпрабоўвае сябе: «хто робіць дослед дзеля навукі, а я — каб пахваліцца, што не збаяўся страху і мне нічога не здалося … А калі налязала цямнота з пушчы, калі слабела яснасць думкі … ён верыў, што зараз пабачыць у пушчы незвычайныя купальскія дзівы — хай жа не» [3, с. 252]. Кубраковіч імкнуўся праверыць, ці існуе таямнае ў купальскую ноч. Ён разважае: «ды і не думаў верыць у прыгожы забабон … От так сабе пайшоў палюбавацца на хараство соннае дубровы купальскаю ноччу». Прырода ёсць прырода … бяздонная крыніца для навуковых доследаў і багаты матэрыял для пяснярскай творчасці» [3, с. 252].

Так сталася, што вальнадумнага Кубраковіча, адоранага паэтычным талентам, людзі зрабілі дурнем дзеля яго ж выратавання. Настаўнік не толькі праверыў, ці ёсць таямнае ў купальскую ноч, але пра гэты прыгодніцкі выпадак расказаў людзям і нават высмяяў чараўніцтва лесніка: «чараўніцтва — адна мана, што ён рабіў практыку і нічога яму не здалося» [3, с. 252]. «Швагерка пашкадавала і напісала заяву ў паліцыю, што здурнеў настаўнік, бо каб напісала, што здаровы, а гэтак кажа, дык мусіць пакаралі б яго смерцю або вечнай катаргай. Прыехалі, заарыштавалі, няволілі ў астрозе і ў жоўтым доме. Нарэшце выпусцілі як ціхага дурнога» [3, с. 253]. «Разумныя людзі зрабілі дурнем, не толькі якой працы, і пашпарта яму не давалі» [3, с. 253].

Трагедыя разумнага настаўніка ў яго такім жахлівым непаразуменні з натоўпам не стала з’явай тыповай, шырока распаўсюджанай. У апавяданні «Роднае карэнне» ёсць успамін дзеда Яхіма: «Мяне во дзівіць настаўнік Балазевіч, нейкі блазен скамарох у сваіх думках, усе адгадкі знайшоў хлопец. Бога няма, памрэш, згніеш, вось табе і ўсё … Ну ці не дурны! А здаецца, і дзяцюк нічога сабе рахманы» [3, с. 78].

Розныя тыпы настаўнікаў — бяздумны атэіст Балазевіч і рэлігійны вальнадумец Кубраковіч — сімвалічнае сведчанне духоўнага пошуку пісьменніка, які па-майстэрску адлюстраваў час фарміравання новага маральна-рэлігійнага ідэалу.

Максім Гарэцкі паказаў складанасць пераходнага перыяду з яго ідэйнай нявызначанасцю. Дзіўна, што дурны настаўнік не мае веры ў Бога, бо яна была закладзена ў ім генетычна. Пісьменнік, распавядаючы пра паходжанне прозвішча Кубраковіч, піша: «Відаць дзед яго ці прадзед хадзіў па свеце кубраком — значыцца збіраў на збудаванне новых ці ўхарашэнне старых цэркваў» [3, с. 249]. Рэлігійныя хістанні Кубраковіча тлумачыліся аўтарам асаблівасцямі часу, калі жылі такія старэнькія і добранькія папы, як бацюшка Бекарэвіч (апавяданне «Дурны настаўнік»). Служка культу не быў фанатам веры, так, як казалі сяляне, — хрысціць, вянчае і на той свет з паратам адпраўляе, але не дужа мудры. Дабрыня і нямудрасць папа праяўлялася ў тым, што свае абавязкі ён выконвае без асаблівага запалу і фанатызму, раўнадушна, без глыбокага роздуму і імклівых памкненняў спазнаць незразумелае, каб наблізіцца да вечных ісцінаў. Бацюшка павучае настаўніка, каб той супакоіўся, ён кажа: «Што табе ўсё карціць: чаму так, чаму не гэтак? Ну як было, так і было. Не прыемлі імя Госпада твайго ўсуе. … Ты мне рыбу пудзіш. А я люблю, мой братку, супакой» [3, с. 259].

М. Гарэцкі, падаючы антытэзу «дурны настаўнік — добры поп», спачатку звяртае ўвагу на падабенства ўмоўных супраціўнікаў. Першапачаткова і поп і настаўнік любілі «рыбу лавіць, ці ў грыбы, у ягады хадзіць» [3, с. 259]. Героі-антаганісты падобныя адзін да другога ў іх блізкасці і любасці да роднай прыроды. Адрозніваюцца яны тым, што Кубраковіч — вальнадумец, а папу ўласцівая лянота мыслення, ён любіць спакой, а калі трэба выбіраць паміж роздумам над рэлігійнымі і філасофскімі пытаннямі або лоўляй рыбы, добры поп найперш заклапочаны ўловам. Спіць ён і тады, калі настаўнік Кубраковіч вядзе рэй у гарачых дэбатах са схаластычна настроенай швагеркай, «вельмі набожнай, начытанай у святых кнігах і гаваркой» [3, с. 259].

У творах М. Гарэцкага выразна выявіліся перыпетыі «эсхаталагічнай эпохі». Пісьменнік стварыў яркія вобразы богаадступнікаў, іканаборцаў, багаборцаў, паказаў праявы дэсакралізацыі Царквы і яе служкаў, што стала яскравым сведчаннем па-майстэрску адлюстраванага часу фарміравання новага маральна-рэлігійнага ідэалу.

Літаратура:

  1. Новый библейский словарь: в 2-х ч. Ч. 2. Библейские реалии: Пер. с англ. — СПб.: Мирт, 2001. — 1014 с.
  2. Гарэцкі, М. Збор твораў. У 4-х т. Т. 2. Аповесці. Драматызаваныя абразкі / М. Гарэцкі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1984. — 413 с.
  3. Гарэцкі, М. Збор твораў. У 4-х т. Т.1. Апавяданні / М. Гарэцкі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1984. — 446 с.
  4. Гоголь, Н. В. Размышления о божественной литургии / Н. В. Гоголь. – Санкт-Петербург : Русская симфония, 2006. — 126 с.
  5. Жуковский, В. А. Полн. собр. соч : В 12 т. Т. 11 / В. А. Жуковский. — СПб. : Издание А. Ф. Маркса, 1902. — С. 3–4.
  6. Фаворский, Д. Христианский догмат о бессмертии души и воскресении мертвых / Д. Фаворский. — СПб, 1990. — С. 69– 74.
  7. Чыгрын, І. П. Паміж былым і будучым : Проза М. Гарэцкага / І. П. Чыгрын. — Мінск : Навука і тэхніка, 1994. — 168 с.


  1. У хрысціянстве манаства было ідэалам для ўсіх веруючых У пасланні апостала Паўла не раз згадваюцца прыклады маральных паводзінаў, дамінуючымі сярод якіх выступалі набожнасць, вера, любоў, лагоднасць, рахманасць, цярплівасць, цнатлівасць, якіх і павінны прытрымлівацца хрысціяне. Такіх маральных прыярытэтаў была пазбаўлена вясёлая і гарэзлівая гераіня М. Гарэцкага.
  2. Большой библейский словарь под ред. Уолтера Элуэлла и Филиппа Камфорта. — Санкт-Петербург, «Библия для всех», 2007. — 1503 с.
  3. Праблема свабоды і несвабоды герояў М. Гарэцкага дакладна вызначана ў доктарскай дысертацыі Т. М. Тарасавай ў падраздзеле 2.4. «Трактоўка свабоды і несвабоды ў творах М. Гарэцкага і Альбэра Камю». Тарасава, Т. М. Беларуская проза ХХ стагоддзя ў Еўрапейскім літаратурным кантэксце: экзістэнцыялізацыя духоўнага свету героя / Т. М. Тарасава. – Аўтарэф. дыс. на атрым. вуч. ступені доктара філал. навук па спецыяльнасці: 10.01.01 – беларуская літаратура. — Мінск, 2013. — С. 13.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY