Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(73)/2015
Год кансэкраванага жыцця

БОЖАЯ ДАБРЫНЯ

ДЛЯ НАС І НАШАЙ КАРЫСЦІ

МЯСЦІНЫ, ЯКІЯ ПАМЯТАЮЦЬ…
З гісторыі хрысціянства
Навучанне Касцёла
Да 750-годдзя Дантэ Аліг’еры

ДЖАВАНІ ПАПІНІ І ДАНТЭ
Асобы
Пераклады

БЕЛАРУСКІ СЛЕД СТАЛЕМА

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
Мастацтва

ПАРТРЭТЫ ФУНДАТАРАЎ
З куфэрка памяці

ВЕЧНАЕ ЖЫЦЦЁ

Сястра Марыя Канстанцыя ЮРАЛАЙЦЬ ZMBM

«Я ПАСЫЛАЮ ЦЯБЕ ДА ЎСЯГО ЧАЛАВЕЦТВА З МАЁЮ МІЛАСЭРНАСЦЮ...»

Кангрэгацыю Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці заснавала маці Тэрэза Эва з князёў Сулкоўскіх, графіня Патоцкая. Пасля смерці мужа, параіўшыся са сваім духоўным кіраўніком, яна разам з дзвюма сяброўкамі паехала ў французскі горад Лаваль у Дом міласэрнасці, каб там пад кіраўніцтвам маці Тэрэзы Рандо пазнаёміцца з метадамі працы ў выхаванні дзяўчат і жанчын, якія вялі амаральнае, распуснае жыццё. З Лаваля сястра Тэрэза Эва прывезла багаты вопыт, а таксама статут, які лёг у аснову апостальскай працы новай супольнасці. Яна прыняла запрашэнне арцыбіскупа Зыгмунта Шчэнснага Фелінскага апекавацца «Домам прытулку» ў Варшаве, які быў асвечаны 1 лістапада 1862 года. Гэтая дата лічыцца пачаткам дзейнасці Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Польшчы. На той час у варшаўскім доме кангрэгацыі жылі 12 дзяўчат, якія дабравольна жадалі выправіць сваё жыццё. Галоўным заданнем сясцёр было паказаць ім багацце Божай міласэрнасці і дапамагчы вярнуць уласную годнасць, страчаную з-за граху. У аснове выхаваўчай праграмы ляжала гарманічнае спалучэнне малітвы і працы. Выхаванкі вучыліся выконваць простыя хатнія справы, шыць і вышываць, рыхтуючыся такім чынам да годнага жыцця ў грамадстве.

З часам харызма кангрэгацыі пашырылася, і сёстры пачалі браць пад апеку таксама дзяўчат, якім пагражала маральная дэградацыя. У Канстытуцыі 1930 года запісана: «У дамы кангрэгацыі могуць прымацца і такія жанчыны, якіх жыццёвыя ўмовы маглі б давесці да падзення, аднак з перасцярогаю, што іх колькасць заўсёды будзе абмежаваная». Сямейная атмасфера, адасабленне ад свету, ананімнасць, малітва і праца прыносілі чаканыя вынікі. Тысячы дзяўчат і жанчын распачалі сваё жыццё нанава.

У 20-я гады ХХ ст. сярод выхаванак было ўсё больш дзяўчат, якіх накіраваў сюды суд. Сёстры арганізоўвалі для іх праграмы, па якіх дзяўчаты маглі скончыць сваю адукацыю. З часам Дамы міласэрнасці, якія былі месцам дабравольнай працы і малітвы, ператвараліся ў замкнутыя выхаваўчыя ўстановы з навучальнаю праграмаю ў межах базавай школы і сярэдніх прафесійных школаў. Гэтая форма апостальскай працы праіснавала ў некаторых дамах кангрэгацыі да 1962 года, але ўжо раней дзяржаўныя ўлады пачалі браць некаторыя ўстановы пад сваё кіраўніцтва, а тыя, што заставаліся ў кампетэнцыі кангрэгацыі, былі ператвораныя ў дамы «Caritas» для хворых дзяцей і жанчын. Сёстры маглі праводзіць працу з дзяўчатамі толькі ў адкрытых клубах.

У 1989 г. кангрэгацыя атрымала магчымасць працаваць з дзяўчатамі, якім было патрэбна глыбокае маральнае аднаўленне, у Моладзевым выхаваўчым цэнтры ў Кракаве. Там сёстры ўзялі пад сваё кіраўніцтва інтэрнат і тры школы. У іншых мясцовасцях сёстры таксама апякуюцца дамамі для адзінокіх маці.

Вельмі важнае месца ў гісторыі кангрэгацыі займае святая сястра Фаўстына Кавальская (1905–1938). Праз яе Бог адарыў супольнасць харызмаю абвяшчаць свету міласэрную любоў Бога да чалавека праз сведчанне жыцця, учынкі, словы і малітву. Пан Езус выбраў сястру Фаўстыну сакратаркаю і апосталкаю сваёй міласэрнасці. У «Дзённіку», які святая пісала на працягу апошніх чатырох гадоў жыцця па выразным загадзе Пана Езуса і па наказе спаведнікаў, занатаваныя словы, якія яна аднойчы пачула ад Езуса: «Я пасылаю цябе да ўсяго чалавецтва з Маёю міласэрнасцю. Я не хачу караць збалелага чалавецтва, а прагну яго вылечыць, прытуляючы да свайго міласэрнага сэрца» (Дз., 1588). Місія сястры Фаўстыны заснавана на трох заданнях: 1) набліжаць і абвяшчаць свету праўду, аб’яўленую ў Святым Пісанні, пра міласэрную любоў Бога да кожнага чалавека; 2) выпрошваць Божую міласэрнасць для ўсяго свету, у тым ліку з дапамогаю дадзеных Панам Езусам новых формаў культу Божай міласэрнасці (ушанаванне абраза Езуса Міласэрнага з надпісам «Езу, давяраю Табе», свята Божай Міласэрнасці ў першую нядзелю пасля Вялікадня, Вяночак да Божай Міласэрнасці і малітва ў гадзіну Міласэрнасці — 15:00); 3) развіваць апостальскі рух Божай міласэрнасці.

25 жніўня 1995 года кангрэгацыя прызнала сястру Фаўстыну сваёй сузаснавальніцай. Прыняўшы яе харызматычную місію, сёстры пашыраюць культ Божай міласэрнасці праз абвяшчэнне катэхезаў, удзел у сімпозіумах і кангрэсах, якія арганізоўваюць іншыя супольнасці, удзел у парафіяльных набажэнствах праз спецыяльныя песні і малітвы, пашырэнне кніг, малітоўнікаў, абразоў Езуса Міласэрнага. Яны абвяшчаюць пасланне міласэрнасці нават у вязніцах, фармуюць апосталаў Божай міласэрнасці ў Міжнародным таварыстве Faustinum, кіруюць выдавецтвам Misericordia, выдаюць квартальнік «Пасланне міласэрнасці».

Дамы кангрэгацыі працуюць у Польшчы, Беларусі, Італіі, Славакіі, Чэхіі, ва Украіне, у Амерыцы, Ізраілі, на Кубе.

У Беларусі Кангрэгацыя Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці знаходзіцца ў в. Шылавічы Гродзенскай вобласці (з 1995 г.) і ў г. Паставы Віцебскай вобл. (з 2001 г.). З самага пачатку сваёй працы на нашых землях сёстры займаюцца катэхізацыяй і кіруюць араторыямі для дзяцей. Звычайна гэта дзеці з малазабяспечаных сем’яў. У араторый прыходзяць таксама дзеці з пастаўскага прытулка. Тут сёстры праводзяць з імі розныя мастацкія, тэатральныя заняткі, наладжваюць конкурсы (напрыклад, конкурс калядных песняў), гульні, рыхтуюць для дзяцей салодкі пачастунак з гарбатаю, печывам, цукеркамі, садавінаю. У гэтым ім дапамагае парафіяльная моладзь, для якой прыблізна раз у месяц арганізоўваюцца фармацыйныя сустрэчы, выезды з начлегам у суседнія парафіі. Гэта пераважна маладыя людзі 9–11 класаў, і вельмі суцешвае тое, што пасля заканчэння школы яны і надалей прымаюць удзел у разнастайных моладзевых сустрэчах у Віцебску, Мінску, Полацку.

На працягу многіх гадоў сёстры Маці Божай Міласэрнасці праводзяць аздараўляльныя летнікі для дзяцей. З 2011 г. пастаяннаю практыкаю стала наведванне прытулка для дзяцей і правядзенне ў ім «міні-катэхезаў», гульняў. Двойчы ў месяц сёстры сустракаюцца з дзецьмі, якія знаходзяцца ў рэабілітацыйным цэнтры, і адзін раз у тыдзень прыходзяць у дом састарэлых, дзе разам з імі чытаюць Божае слова, разважаюць над ім, моляцца і гутараць на розныя тэмы. Сваёю прысутнасцю яны стараюцца прынесці старым людзям радасць, пераконваць, што і яны вельмі патрэбныя ў свеце, бо менавіта пра іх у адной са сваіх пілігрымак святы Ян Павел ІІ сказаў: «Вы — скарб гэтага свету, вашы цярпенні і малітвы вельмі патрэбныя гэтаму свету». Дзверы кляштара сясцёр Маці Божай Міласэрнасці заўсёды адчыненыя для ўсіх, каму патрэбная духоўная і маральная падтрымка.

З сакавіка 2008 г. у Паставах праводзіцца фармацыя ў таварыстве Faustinum, місія якога — абвяшчаць міласэрную любоў Бога да кожнага чалавека сведчаннем свайго жыцця ў духу даверу да Бога і дзейснай любові да бліжняга, праз справы міласэрнасці, словы і малітвы. Да гэтага таварыства могуць належаць усе, хто адчувае адпаведнае пакліканне: свецкія людзі, святары, законнікі. Сустрэчы таварыства праходзяць штомесяц. У Паставах яно налічвае 35 чалавек, якія актыўна ўдзельнічаюць у жыцці парафіі. Фармацыю апосталаў міласэрнасці сёстры праводзяць таксама ў Мінску пры Чырвоным касцёле святых Сымона і Алены, дзе ў таварыства ўваходзяць каля 30 чалавек, але з кожнай сустрэчай іх колькасць узрастае. Такім чынам Езус хоча праяўляць сваю міласэрнасць праз свецкіх людзей, якія могуць прыйсці са сваёй місіяй туды, дзе не заўсёды ёсць святары ці манашкі.

У сваю працу на Беларусі сёстры стараюцца ўкласці іскру міласэрнасці, дапамагчы людзям наблізіцца да Бога, знайсці шлях да збаўлення. Менавіта да іх, сясцёр Маці Божай Міласэрнасці, адносяцца словы, якія Пан Езус сказаў сястры Фаўстыне: «Я патрабую ад цябе ўчынкаў міласэрнасці, якія павінны сыходзіць з любові да Мяне. Ты павінна заўсёды і ўсюды праяўляць міласэрнасць да бліжніх <...> Няхай не баіцца наблізіцца да Мяне ніводная душа, нават калі б яе грахі былі, як пурпур» (Дз., 699, 742). Вельмі хочацца паўтарыць словы Яна Паўла ІІ, сказаныя падчас асвячэння Базылікі Міласэрнасці ў Кракаве: «Толькі ў Божай міласэрнасці свет знойдзе супакой, а чалавек — шчасце».

Сястра Марыя Канстанцыя Юралайць ZMBM

Гл. таксама:
Эва К. ЧАЧКОЎСКАЯ :: «ТЫ — МОЙ БОГ ЦІ НЕЙКІ ПРЫВІД?» ::
Кс. Міхал САПОЦЬКА :: УСПАМІНЫ ПРА СВЯТУЮ СЯСТРУ ФАЎСТЫНУ КАВАЛЬСКУЮ ::
«ПРЫЙДЗІЦЕ ДА МЯНЕ ЎСЕ…» ::
Св. сястра Фаўстына КАВАЛЬСКАЯ ZMBM :: БОЖАЯ ДАБРЫНЯ ::
Вера ГАЛУБОВІЧ :: ДЛЯ НАС І НАШАЙ КАРЫСЦІ ::
Эва К. ЧАЧКОЎСКАЯ :: ПЯЦЬ ПАЛЬЦАЎ СВЯТОЙ ФАЎСТЫНЫ ::
Крыстына ЛЯЛЬКО :: МЯСЦІНЫ, ЯКІЯ ПАМЯТАЮЦЬ… ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY