|
|
|
№
2(76)/2016
Год Міласэрнасці
Юбілеі
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
АДРАДЖЭННЕ КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА Ў БЕЛАРУСI ЯК ДАР БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ (У КАНТЭКСЦЕ ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗII) Вялікія містыкі
Падзея
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Мастацтва
In memoriam
Вобразы і сімвалы
Пераклады
Паэзія
Мемуары
Ювеналій ХАРКЕВІЧ
ДЫЯРЫУШ ІСПАНСКАГА ПАДАРОЖЖА З ВІЛЬНІ Ў ГОРАД ВАЛЕНСІЮ НА ГЕНЕРАЛЬНЫ КАПІТУЛ ОРДЭНУ <...> БЭРНАРДЫНАЎ У 1768 Г. Прэзентацыя
|
— Усім сэрцам і розумам мы павінны паразважаць над прыпавесцю пра марнатраўнага сына. Маладзейшы з двух братоў, які растраціў сваю частку спадчыны, жывучы распусна, быў вымушаны даглядаць свінняў, каб зарабіць на існаванне. Зразумеўшы сваю памылку, ён вярнуўся ў дом бацькі, каб спытаць, ці можа ён пажыць там, хаця б сярод слугаў. Бацька чакаў яго. Ён узіраўся ўдалеч і чакаў, калі яго сын вернецца, і наблізіўся да яго, перш чым той паспеў нешта сказаць, — яшчэ да таго, як ён вызнаў свае грахі, бацька схапіў яго ў абдымкі. Гэта любоў Божая. Гэта празмерная міласэрнасць. Вось над чым варта паразважаць — над пазіцыяй старэйшага сына, таго, які заставаўся дома і працаваў разам з бацькам і заўжды паводзіў сябе добра. Ён — адзіны чалавек, які гаворыць хоць нешта справядлівае: «Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляняці, каб я павесяліўся з маімі сябрамі. А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля» (Лк 15, 29–30). Ён гаворыць праўду, але застаецца адчужаным і халодным.
— Некалькі гадоў таму ў адной школе ў Паўночнай Італіі настаўніца рэлігіі, вывучаючы з дзецьмі прыпавесць пра марнатраўнага сына, пасля тлумачэнняў папрасіла іх напісаць сачыненне на гэтую тэму, паразважаўшы над гісторыяй, якую яны толькі што пачулі. Абсалютная большасць вучняў так інтэрпрэтавала заканчэнне прыпавесці: бацька прыняў марнатраўнага сына назад, сурова яго пакараў і прымусіў жыць разам са слугамі, каб той навучыўся не марнаваць сямейнага багацця. — Гэта вельмі ўласцівая чалавеку рэакцыя. Старэйшы сын з прыпавесці таксама рэагаваў па-чалавечы. Толькі міласэрнасць Бога — боская.
— Касцёл асуджае грэх, таму што мусіць распаўсюджваць праўду: «Гэта грэх». Але адначасова Касцёл прымае ў свае абдымкі грэшніка, які прызнае сябе грэшным, шчыра вітае яго, гаворыць яму пра бясконцую Божую міласэрнасць. Езус прабачыў нават тым, хто прыбіў Яго да крыжа і адпрэчыў Яго. Мы павінны вярнуцца да Евангелля і тады ўбачым, што яно гаворыць не толькі пра тое, каб шчыра прыняць і прабачыць марнатраўнага сына, а каб весяліцца з прычыны яго вяртання. Праявамі міласэрнасці з’яўляюцца радасць і весялосць, і пра гэта добра сведчыць урывак з Евангелля паводле святога Лукі: «Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння» (Лк 15, 7). Евангелле не гаворыць: «А калі гэты чалавек ізноў пачне грашыць і вернецца на свой шлях, каб учыніць яшчэ больш грахоў, то гэта будуць ужо яго праблемы!». Наадварот, калі Пётр спытаўся, колькі разоў трэба прабачаць крыўдзіцелю, Езус адказаў, што прабачаць трэба нават не сем разоў, а семдзесят сем (гл. Мц 18, 22), а гэта значыць — заўжды. Старэйшы сын міласэрнага бацькі меў магчымасць выказаць сваё праўдзівае гледжанне, нават не разумеючы сітуацыі. Гэта таму, што як толькі малодшы брат пачаў каяцца, ён адразу вымушаны быў замаўчаць, бо айцец прыняў яго ў свае абдымкі. Менавіта таму, што ў свеце існуе грэх, менавіта таму, што нашая чалавечая натура параненая першародным грахом, Бог, які паслаў да нас свайго Сына, праявіў сваю міласэрнасць. Бог — уважлівы і поўны клопату Айцец, гатовы ласкава прыняць кожнага чалавека, які робіць крок або прынамсі выказвае жаданне зрабіць крок па шляху, што вядзе дадому. Ён стаіць, узіраючыся ўдалеч, і чакае нас. Ніводзін грэх чалавека, які б сур’ёзны ён ні быў, не можа пераўзысці ці абмежаваць міласэрнасць. Праслужыўшы некалькі гадоў біскупам у Віторыі Венеце, Альбіна Лучані (будучы папа Ян Павел І. — Заўв. пер.) праводзіў духоўныя практыкаванні для парафіяльных святароў. Каментуючы прыпавесць пра марнатраўнага сына, ён сказаў пра Айца: «Ён чакае. Заўжды. І ніколі не бывае запозна. Ён менавіта такі, гэта Яго ўласцівасць… Ён Айцец. Айцец, які стаіць на парозе, бачыць нас, калі мы яшчэ далёка, і, узрушаны, бяжыць нам насустрач, абдымае і пяшчотна цалуе… Наш грэх — як каштоўны камень, які мы дарым Яму, каб атрымаць суцяшэнне і прабачэнне… Дарыць каштоўныя падарункі — высакародна і варта, гэта не параза, а радасная перамога, калі мы дазваляем Богу перамагаць!». Для таго, каб ісці шляхамі Пана, Касцёл пакліканы пашыраць сваю міласэрнасць на ўсіх людзей, якія прызнаюць сябе грэшнікамі, бяруць на сябе адказнасць за зло, што яны ўчынілі, і адчуваюць патрэбу ў прабачэнні. Касцёл існуе не для таго, каб абвінавачваць людзей, а для таго, каб наблізіць іх сустрэчу з усёабдымнаю любоўю, што ўласцівая Божай міласэрнасці. Я часта паўтараю, што, каб гэта магло адбыцца, трэба выйсці вонкі: выйсці з касцёлаў і парафій, выйсці на вуліцу і шукаць людзей там, дзе яны жывуць, дзе яны пакутуюць і спадзяюцца. Мне падабаецца параўноўваць «Касцёл, які ідзе наперад», з палявым шпіталем; ён разгортваецца там, дзе адбываецца бітва. Гэта не салідная ўстанова з усім магчымым абсталяваннем, куды людзі прыходзяць з малымі і вялікімі хваробамі, каб атрымаць адпаведнае лячэнне. Гэта мабільная структура, якая прапаноўвае хуткую і неадкладную дапамогу і догляд, каб жаўнеры не памерлі. Гэта месца, дзе можна атрымаць тэрміновую дапамогу, а не сустрэцца са спецыялістам. Я спадзяюся, што Юбілейны год паслужыць таму, каб Касцёл адкрыў сябе з глыбокага мацярынскага і міласэрнага боку, каб Касцёл ішоў насустрач тым, хто паранены, каму неабходна, каб яго выслухалі, зразумелі, прабачылі і палюбілі.
Пераклад з англійскай мовы Юліі Шэдзько.
|
|
|
|