Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(79)/2017
На кніжнай паліцы
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
У святле Бібліі

СПРАВЯДЛІВЫ ЭНОХ
Лёсы духавенства
Спадчына
Мастацтва

УБАЧЫЦЬ «АПОШНЮЮ ВЯЧЭРУ»

НДФ–2207
Інтэрв’ю

АДКУЛЬ Я МАГУ ВЕДАЦЬ, ШТО ГЭТА ГОЛАС БОГА?
Асобы

САРМАЦКІ МІЛЬТАН
Паэзія

ВЕРШЫ

І ЖАЛЬБА, І ПЯШЧОТА, І ЛЮБОЎ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя

ШЛЯХ ДА ЛЮБОВІ
Кіно

ХРЫСЦІЯНЕ Ў ГАЛІВУДЗЕ. ХРЫСЦІЯНЕ Ў МАСТАЦТВЕ
Асобы

«ПРАЦУЙМА, БРАЦЦЯ!..»

АБРАЗОК
На кніжнай паліцы

СВЯТЛО ПРЫГАЖОСЦІ
Роздум

УСЁ Ў СЛОВЕ…

Бэнэдыкт XVI

АПОШНІЯ РАЗМОВЫ

з Пэтэрам Зэевальдам

«Верыць — гэта не што іншае,
як у ночы свету дакрануцца да рукі Бога
і гэтак — у цішыні — слухаць Слова, бачыць Любоў».

Бэнэдыкт XVI,
велікапосныя рэкалекцыі для Рымскай Курыі
перад заканчэннем Пантыфікату,
23 лютага 2013 г.

Пасля трох кніг размоваў з Ёзафам Ратцынгерам (Бэнэдыктам XVI) нямецкі журналіст Пэтэр Зэевальд прапануе чытачам чацвёртую, апошнюю кнігу размоваў з гэтым вялікім тэолагам і Папам1. Але гэтым разам гутарка ідзе не столькі пра тэалагічныя пытанні, колькі пра Пантыфікат Бэнэдыкта XVI, пра яго дабравольнае адмаўленне ад папскай улады і рэтраспектыўны погляд на жыццё. Гэта вельмі асабістая кніга, якая ў многіх аспектах дазваляе па-іншаму зірнуць на жыццё і служэнне Ёзафа Ратцынгера.

Мы палічылі патрэбным апублікаваць прадмову да кнігі «Апошнія размовы», напісаную Пэтэрам Зэевальдам, і некалькі фрагментаў з кнігі — тых, у якіх гаворка ідзе аб рашэнні Бэнэдыкта XVI адмовіцца ад пасады, а таксама пра яго стаўленне да папы Францішка.

 

ПРАДМОВА

<...> 23 мая 2016 года, уз’язджаючы па стромкай дарозе, што вядзе да кляштара Mater Ecclesiae (Маці Касцёла) у Ватыканскіх садах, я баяўся, што гэта можа быць наша апошняя доўгая размова.

Сястра Кармэла адчыніла дзверы, але гэтым разам яна была не ў фартуху, а ў элегантным касцюме. У прыёмным пакоі вісела карціна з выяваю святога Аўгустына, вялікага духоўнага настаўніка, які так шмат значыў для Бэнэдыкта XVI, таму што праз яго асобу можна было даследаваць драматычныя і ў той жа час такія чалавечыя змаганні за праўды веры.

Замест чырвоных туфляў Бэнэдыкт XVI насіў цяпер сандалі, нібы манах. Пра тое, што ён шмат гадоў назад аслеп на левае вока, ведалі нямногія, паступова да гэтага дадалося і аслабленне слыху. Цела было схуднелае, але ва ўсёй яго постаці адчувалася мяккасць, як ніколі дагэтуль. І гэта ўзрушвала: смелы мысляр, Божы філосаф, першы чалавек, які можа называць сябе Papa emeritus, нарэшце апынуўся там, дзе аднаго інтэлекту недастаткова, у цішыні і малітве, якія з’яўляюцца сэрцам веры.

Ішоў лістапад 1992 года, калі я ўпершыню сустрэўся з тагачасным прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння. <...>

Гэтак жа, як і Караль Вайтыла, Ёзаф Ратцынгер спазнаў на ўласным вопыце наступствы атэістычных сістэмаў. У тыя часы, калі быў дзіцем, ён бачыў, як са школаў знікалі крыжы; сямнаццацігадовым салдатам ён быў сведкам таго, як вар’яцтва стварэння «новага чалавека» ў свеце без Бога закончылася тэрорам і апакаліптычным спусташэннем. Неабходнасць адстойваць хрысціянства ад пераацэнкі вартасцяў, у тым ліку аргументацыйна, стала для яго заданнем і адбілася на яго думках, на ўсіх ягоных творах. «У веры маіх бацькоў, — кажа ён, — я бачыў сцвярджэнне каталіцызму як бастыёну праўды і справядлівасці ў змаганні супраць таго панавання атэізму і падману, якім быў нацыянал-сацыялізм».

Драматычны шлях з перамогамі і паражэннямі прывёў надзвычай адоранага юнака, які рана распазнаў сваё пакліканне, ажно да Пасаду святога Пятра. Вось ён вучань з вострым розумам, які піша вершы грэцкім гекзаметрам і захапляецца Моцартам. Вось ён маладзенькі хлопец, які на разбураных бомбамі вуліцах Мюнхена марыць пра абуджэнне хрысціянства. Вось ён дапытлівы студэнт вышэйшай школы, выхаваны на прагрэсіўным мысленні найлепшых тэолагаў свайго часу, ламае галаву над кнігамі Аўгустына, К’еркегора і Ньюмана. Вось ён неардынарны святар, які выклікае захапленне ў моладзевых групах. Але таксама і моцна прыгнечаны габілітант2, які раптам разумее, што яго кар’ера павісла над безданню і можа пацярпець крах.

Лёс пажадаў скласціся інакш. І ў адзін момант амаль што хлапечага выгляду прафесар з малой вёскі ў баварскай правінцыі становіцца новаю зоркаю на небасхіле тэалогіі.

Свежасць выказванняў, крэатыўны падыход да Евангелля, праўдзівае навучанне, якое ён увасабляў, змушалі натапырваць вушы. «У тэалогіі вялікага мысляра, — пісаў яго мюнхенскі выкладчык і мэтр Готліб Зёнген, — змест і форма тэалагічнай думкі ўзаемна вызначаюцца, утвараючы жывую еднасць». Аўдыторыі Ратцынгера былі перапоўненыя. Канспекты ягоных лекцый тысячу разоў перапісваліся ад рукі. Яго «Уводзінамі ў хрысціянства»3 захапляўся ў Кракаве Караль Вайтыла, а ў Парыжы — чальцы Académie des Sciences Morales et Politiques, адной з пяці нацыянальных акадэмій Інстытута Францыі, чальцом якога ён стаў пазней.

Ратцынгеру было ўсяго 35 гадоў, калі яго ініцыятывы прынеслі Другому Ватыканскаму Сабору тую адкрытасць, з якою Касцёл увайшоў у сучаснасць. Ніхто іншы, як толькі гэты тэалагічны падлетак, тлумачыў удзячны Ян XXIII, не мог лепей выказаць тое, чаго ён як ініцыятар хацеў дасягнуць, склікаючы Сабор.

У той час, калі вядомыя тэолагі, якіх лічылі прагрэсіўнымі, прыстасоўваліся да дробнаабывацельскіх, па сутнасці, уяўленняў і абслугоўвалі, у асноўным, толькі мэйнстрым4, Ратцынгер заставаўся нязручным: як прафесар, як Мюнхенскі біскуп, як прэфект Кангрэгацыі Веравучэння ў Рыме, які на працягу чвэрці стагоддзя «забяспечваў тылы» Яну Паўлу ІІ і з-за гэтага часта бываў біты. «Сапраўднай праблемай нашага гістарычнага часу, — перасцерагаў ён, — з’яўляецца тое, што Бог знікае з далягляду чалавека». З-за таго, што «згасае святло, якое прыходзіць ад Бога», на чалавецтва абрушваецца дэзарыентацыя, «разбуральнае дзеянне якой становіцца ўсё больш бачным».

Не абыходзіў ён крытыкай і свой Касцёл. Ужо ў 1958 годзе Ратцынгер гаварыў пра Entweltlichung (пар. рус. размирщение)5. Ён лічыў гэта неабходным для таго, каб вера зноў магла праяўляць свае дзейсныя субстанцыі. Трэба заставацца адпорным, непрыстасавальным, каб без усялякай мішуры нанова паказваць, што з хрысціянствам злучаны светапогляд, які сягае далёка па-за ўсё, звязанае з цалкам свецкай, матэрыялістычнай паставай, уключаючы адносіны да Аб’яўлення пра вечнае жыццё. Было б наіўным думаць, што дастаткова апрануцца ў новае адзенне і гаварыць так, як гавораць іншыя, і ўсё будзе ў парадку. Трэба, хутчэй, вярнуцца да сапраўднага прапаведавання і такой літургіі, якая зноў надасць ззянне таямніцы эўхарыстычнай цэлебрацыі.

Незабыўная яго скарга падчас Крыжовага шляху ў Рыме, у сакавіку 2005 года. «Як шмат бруду ў Касцёле, — усклікаў ён, — і таксама менавіта сярод тых, хто праз святарства павінен цалкам яму належаць».

Стары кардынал стаў своеасаблівым вуглавым каменем, на які больш ніхто не хацеў абапірацца. Сам Ратцынгер прагнуў пайсці на пенсію. Але ўжо праз некалькі дзён пасля свайго закліку да рэфлексіі і ачышчэння, які прагучаў у Вялікую пятніцу, ён з’явіўся перад радаснымі натоўпамі з-за заслоны на лоджыі сабора святога Пятра як 265-ы намеснік першага Апостала. «Малы Папа», які прыйшоў пасля вялікага Караля Вайтылы, «просты работнік у вінаградніку Пана», — так ён прадставіўся 1,2 мільярдам католікаў ва ўсім свеце; і ён ведаў, што́трэба рабіць.

Сапраўдная праблема Касцёла, тлумачыў новы Пантыфік, заключаецца не ў страце яго вернікаў, а ў страце веры. І праяўляецца гэта ў згасанні хрысціянскай свядомасці, што вядзе да крызісу, у абыякавасці на малітве і падчас літургіі, у занядбанні місіі. Для яго сапраўдная рэформа — гэта справа ўнутранага абуджэння, палаючых сэрцаў. Найвышэйшы прыярытэт мае прапаведаванне таго, што можна пазнаць з надзейных ведаў пра Хрыста і ў што можна верыць. Гаворка ідзе пра тое, «каб слова Божае было захавана ва ўсёй яго велічы і чысціні насуперак усялякім спробам прыстасавання і выпустошвання».

На працягу некалькіх гадоў Пантыфікат нямецкага Папы — гэта суцэльнае «гасанна». Ніколі раней так шмат людзей не ўдзельнічала ў папскіх аўдыенцыях. Энцыклікі Бэнэдыкта Deus caritas est («Бог ёсць любоў»), Spe salvi («Мы збаўлены праз надзею») і Caritas in veritate («Любоў у праўдзе») выдаваліся мільённымі накладамі. Ужо даўно многія яго кнігі сталі класікай, а цяпер ягоныя выказванні служылі загалоўкамі для першых старонак сусветнай прэсы. Адно толькі тое, што пасля доўгага і ўзрушальнага Пантыфікату Вайтылы пераход быў здзейснены без ніякага пералому, можна лічыць яго ўнікальным дасягненнем.

Але гэты 78-гадовы чалавек з’яўляецца не толькі Папам, які ўдзельнічаў у выпрацоўцы канцэпцыі Сабору, ён таксама той, хто пра гэта заўсёды марыў. Яснасць мыслення, дыялог, канцэнтрацыя на істотным — усё гэта вызначала той новы стыль, што пранік у Ватыкан. Зменшаны затраты на справаванне літургіі, скарочана працягласць Сінодаў Біскупаў, аднак у той жа час ім нададзена калегіяльная форма праз увядзенне дыскусій.

Бэнэдыкт XVI працуе ў цішыні таксама і над тымі справамі, якія былі адкладзены яго папярэднікам. Ён адмаўляецца ад эфектнасці. Моўчкі ліквідуе цалаванне рукі, замяняе ў гербе велічную папскую тыяру на простую біскупскую мітру. Але таксама, кіруючыся павагаю да традыцыі, прымае некаторыя звычаі, якія не зусім адпавядаюць яго густу. Ён паводзіць сябе не як шэф, не як культавы аб’ект Касцёла, які імкнецца быць на пярэднім плане. Ён толькі стаіць на месцы Таго, Каго адзінага належыць любіць і ў Каго належыць верыць, — Езуса Хрыста, Слова Божага, якое стала Чалавекам.

Пасля Яна Паўла ІІ Бэнэдыкт XVI стаў другім Намеснікам святога Пятра, які прамаўляў у мячэці. У той жа час нямецкі Пантыфік стаў першым Папам, які ўдзельнічаў у пратэстанцкім набажэнстве. Небывалым гістарычным актам было наведванне ім як галавою Каталіцкага Касцёла месцаў дзейнасці Лютэра. Ён зрабіў (гэта таксама было зусім новым) пратэстанта старшынёю Папскай Рады па справах навукі, запрасіў мусульманіна ў якасці прафесара Папскага ўніверсітэта. У той жа час, дзякуючы свайму тэалагічнаму і інтэлектуальнаму патэнцыялу, Бэнэдыкт XVI узняў папства на такі ўзровень, што Каталіцкі Касцёл для тых, хто знаходзіцца па-за ім, стаў прыцягальным і застаецца такім да гэтага часу не ў апошнюю чаргу з прычыны трох такіх змястоўных тэматычных ініцыятываў як Год святога Паўла, Год святарства і Год веры. Тое, што ён сваім апостальскім пасланнем Summorum Pontificum дазволіў святарам зноў цэлебраваць літургію ў трыдэнцкай форме, якая дзейнічала на працягу стагоддзяў і дазволу на якую раней трэба было прасіць у біскупа, з’яўляецца актам адкрытасці, свабоды, а не рэгрэсу. <...>

Нібы пастаянны абстрэл, абрушваліся на Ратцынгера незлічоныя coverstory6 і паведамленні сродкаў масавай інфармацыі. «Калі б Папа атрымліваў толькі апладысменты, — адказваў ён, прымаючы ўдары, — то мусіў бы спытаць сябе, ці не рабіў нешта няправільна». <...>

Прыхільнікам Бэнэдыкта не хапае яго мудрых прамоваў, якія маглі б ахалодзіць розум і сагрэць сэрца; багацця ягонай мовы, добрасумленнасці ў аналізаванні; бясконцай цярплівасці ў слуханні; таго кшталту высакароднасці, увасабленнем якой ён быў амаль як ніводны іншы іерарх. І, вядома ж, яго сарамлівай усмешкі, яго часта крыху нязграбных рухаў, калі ён, нібыта Чарлі Чаплін, ішоў праз подыум. Асабліва — яго настойвання на здаровым розуме як гаранце веры, які ахоўвае рэлігію ад спаўзання ў памылковае фантазёрства і фанатызм. Не ў апошнюю чаргу — яго наватарства, якога многія не маглі альбо не хацелі бачыць. Бэнэдыкт застаўся верным яму таксама ў гатоўнасці рабіць тыя рэчы, якіх дагэтуль яшчэ ніхто не рабіў.

Пры ўсім мностве напісаных ім працаў, казанняў, разважанняў, карэспандэнцыі (толькі да прыняцця біскупскай сакры ім напісана 30 000 лістоў) Ёзаф Ратцынгер ніколі не распрацоўваў нейкага ўласнага вучэння. Як тэолаг ён прымаў тое, што было, акрэсліваў яго сутнасць, знаходзіў адпаведнае месца ў кантэксце часу і паказваў яго нанава, каб уратаваць для наступных пакаленняў пасланне Евангелля і веды, здабытыя на працягу гісторыі хрысціянства. З улікам таго, якое значэнне пры гэтым ён надаваў Касцёлу, зразумелай становіцца і яго барацьба за гэты Касцёл дзеля таго, каб ён заставаўся збаўчым караблём у прасторы і часе, Ноевым каўчэгам для пераходу ў лепшы свет. Ён называў гэта «эсхаталагічнай радыкальнасцю хрысціянскай рэвалюцыі».

Адзін толькі трохтомны твор Папы «Езус з Назарэта» робіць гэты Пантыфікат унікальным. Бэнэдыкт XVI стварыў свайго роду вадэмекум7, неабходны для будучай тэалогіі, катэхезы і святарскай фармацыі, карацей кажучы: фундамент веравучэння для трэцяга тысячагоддзя. Круг змог замкнуцца не на катэдры ўніверсітэта, а на Пятровай катэдры. І ніхто іншы не меў такой адукацыі, біяграфіі, сілы і такога натхнення, каб з навуковай скрупулёзнасцю і містычным рэалізмам ачысціць падрапаны да непазнавальнасці партрэт Езуса і нанова зрабіць даступным для чалавецтва.

Англійскі гісторык Пітэр Ватсан называе Бэнэдыкта XVI адным з апошніх прадстаўнікоў «нямецкага генія», ставячы яго нароўні з Лесінгам, Кантам і Бетховенам. Для перуанскага лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Ма́рыа Варгаса Льёса ён — адзін з самых значных інтэлектуалаў сучаснасці, «свежыя і смелыя рэфлексіі» якога даюць адказ на маральныя, культурныя і экзістэнцыяльныя праблемы нашага часу. Гісторыя рассудзіць, якое значэнне па праве належыць гэтаму Папу па-за межамі сённяшняга дня. У адным можна быць пэўным ужо сёння: ніхто, акрамя Ёзафа Ратцынгера, не стаяў на працягу больш чым трох дзесяцігоддзяў на чале самай вялікай і самай старэйшай установы ў свеце. Яго выступленні на Саборы, адкрыццё нанова айцоў Касцёла, ажыўленне веравучэння, а таксама ачышчэнне і кансалідацыя Касцёла зрабілі яго не толькі аднавіцелем веры, але, як тэолага на Пасадзе святога Пятра, адным з самых выдатных Папаў і доктарам Касцёла сучаснасці — такім, якіх больш ужо не будзе. Нарэшце, гістарычны акт яго адстаўкі не толькі кардынальна змяніў падыход да пасады наступніка Пятра. Бэнэдыкт XVI вярнуў ёй тое духоўнае вымярэнне, якое надавалася гэтай пасадзе з самага пачатку.

Бэнэдыктам XVI закончылася цэлая эпоха, магчыма, нават эон8 — адзін з тых адрэзкаў часу, які вымяраецца тясячагоддзямі, вызначаючы вялікія пераломныя моманты ў гісторыі. Восем гадоў ягонага Пантыфікату былі быццам вялікія рэкалекцыі, якія патрабаваліся Касцёлу, каб умацаваць унутраную цвярдыню і ўзмацніць сваю душу. З такога пункту гледжання апошні Папа эпохі, якая мінае, пабудаваў мост для прыйсця нечага новага, якім бы яно ні выглядала. Бэнэдыкт XVI, як падсумаваў яго наступнік, быў «вялікім Папам» — «вялікім з прычыны сілы і праніклівасці яго інтэлекту, вялікім з прычыны яго выдатнага ўнёску ў тэалогію, вялікім з прычыны яго любові да Касцёла і да людзей, вялікім з прычыны ягоных цнотаў і яго рэлігійнасці». Яго дух, як адзначыў папа Францішак, «будзе ўсё з большаю моцаю праяўляцца з пакалення ў пакаленне».

Гэтыя размовы адбываліся незадоўга да адмовы Бэнэдыкта XVI ад пасады і адразу пасля яе ў рамках працы над біяграфіяй; яны дазваляюць яшчэ раз адкрыць для сябе адну з самых незвычайных асобаў нашага часу. Тэкст быў прачытаны Папам на пенсіі, і быў атрыманы яго дазвол на публікацыю. Няхай гэтая кніга стане невялікім унёскам у выпраўленне фальшывых вобразаў, прынясе святло ў цемру, асабліва ў абставіны яго сыходу на пенсію, што выклікала шок ва ўсім свеце. Урэшце, гаворка ідзе пра тое, каб лепш зразумець чалавека Ёзафа Ратцынгера і пастыра Бэнэдыкта XVI, належным чынам ацаніць яго святасць, а перадусім — адкрыць доступ да яго справы, у якой змешчаны скарб для будучых пакаленняў.

Пэтэр Зэевальд

АДМОВА АД ПАСАДЫ

<...>

— Ці трэба было лічыцца з тым, што Ваша рашэнне адмовіцца ад пасады можа выклікаць расчараванне, ва ўсялякім выпадку, разгубленасць?

— Яны былі мацнейшымі, чым я думаў, бо тады менавіта сябры, людзі, якія, можна сказаць, трымаліся на маім пасланніцтве, для якіх яно было важным і вызначальным, у адзін момант аказаліся збітымі з панталыку і адчувалі сябе пакінутымі. <...>

— Незадоўга да моманту абвяшчэння ў справу былі пасвечаныя толькі чатыры асобы. На гэта была нейкая прычына?

— Так, вядома; таму што ў той момант, калі даведваюцца людзі, місія развальваецца, бо падае аўтарытэт. Было важна таксама, каб я да канца адпавядаў сваёй пасадзе і мог у поўні ажыццяўляць сваё служэнне.

— Не было боязі, што нехта яшчэ адгаварыў бы Вас ад гэтага кроку?

— Не (весела смяецца), хоць я і думаў пра гэта, але боязі не было, бо я меў унутраную пэўнасць, што павінен гэта зрабіць, і тады ніхто ўжо не можа мяне адгаварыць. <...>

— Вы хацелі прадухіліць непазбежнасць таго, што выглядалі б перад светам гэтак, як Ваш папярэднік?

— Мой папярэднік меў сваю ўласную місію. Я ўпэўнены ў тым, што пасля таго, як ён з такой вялікай энергіяй распачаў працу, нібы ўзяўшы на плечы ўсё чалавецтва, і на працягу дваццаці гадоў з вялікаю адвагаю зносіў цярпенні і цяжары гэтага стагоддзя, абвяшчаючы Добрую Навіну, фаза цярпення стала як бы часткаю гэтага Пантыфікату і была яго ўласнаю місіяй. Людзі таксама бачылі гэта менавіта так. Дакладней кажучы, менавіта церпячага яны па-сапраўднаму сталі яго любіць. Чалавеку становішся асабліва блізкім, калі адкрываешся. Таму гэта цалкам зразумела. Тым не менш, я быў упэўнены, што такое нельга паўтарыць калі заўгодна. Што да Пантыфікату, які склаў восем гадоў, нельга дабаўляць яшчэ, магчыма, восем гадоў, на працягу якіх здарыцца нешта падобнае.

— Вы сказалі, што, прымаючы гэтае рашэнне, кансультаваліся ў найвышэйшага Шэфа. Як гэта адбываецца?

— Тут проста неабходна як мага ясней выкласці Яму сваю справу і абгрунтаваць адмаўленне ад пасады не толькі з пазіцыі дзейснасці гэтага кроку ці ў падобных катэгорыях, але таксама з пазіцыі веры. Менавіта ў гэтай перспектыве я прыйшоў да пераканання, што Пятрова служэнне патрабуе ад мяне канкрэтных рашэнняў і праніклівасці, але калі б гэта ўжо было немагчыма ў бліжэйшы час, Пан не будзе жадаць ад мяне гэтага і, так бы мовіць, вызваліць ад гэтага цяжару. <...>

— Ці не было ў Вас адчування, што Ваш Пантыфікат неяк вычарпаў сябе, што на самай справе ўжо не было руху наперад? А можа, асоба Папы ўжо была не рашэннем, а праблемаю?

— Гэта не так, не. Вядома, я ўсведамляў, што, па сутнасці, няшмат ужо змагу даць. Але што я быў, так бы мовіць, праблемаю для Касцёла, то так я не лічыў і не лічу.

— Ці адыграла тут сваю ролю тое, што Вы былі расчараваным у сваіх бліжэйшых супрацоўніках, адчувалі недахоп падтрымкі?

— Таксама не. Думаю, што скандал, звязаны з Паоло Габрыэле, гэта фатальнае здарэнне. Але, па-першае, маёй віны не было — ён быў правераны адпаведнымі інстанцыямі і прызначаны на гэтую пасаду; і, па-другое, трэба лічыцца з тым, што з людзьмі здараюцца такія рэчы. Увогуле, тут няма ніякай маёй свядомай памылкі.

— Тым не менш, італьянскія СМІ спекулявалі на тым, што нібыта сапраўдную прычыну Вашай адмовы ад пасады ўсё ж трэба шукаць у скандале Вацілікс, за якім утоена не толькі сітуацыя з Габрыэле, але таксама фінансавыя праблемы і інтрыгі ў Курыі. Нібыта Вы былі ў такім шоку ад справаздачы па выніках праведзенага расследавання, якое налічвала трыста старонак, што не бачылі ўжо іншага выйсця, як толькі саступіць месца наступніку.

— Не, гэта не так, зусім не так. Наадварот, справы былі цалкам урэгуляваныя. Я тады гаварыў — думаю, менавіта Вам, — што нельга адмаўляцца ад пасады, калі пакідаеш нявырашаныя справы, гэта можна рабіць толькі тады, калі яны будуць уладжаныя. Я змог адмовіцца ад пасады, таму што сітуацыя змянілася.

— У некаторых газетах гаворка ішла нават пра шантаж і змову.

— Усё гэта поўная лухта. Мушу сказаць, што было б шкада, калі б чалавек, па якіх бы то ні было прычынах, лічыў бы, нібыта павінен учыніць скандал дзеля таго, каб ачысціць Касцёл. Ніхто мяне не шантажаваў. Я і не дазволіў бы сябе шантажаваць. Калі б нехта спрабаваў гэта рабіць, то менавіта тады я не адышоў бы, бо нельга пакідаць пасаду пад націскам. Не было ўва мне і расчаравання альбо нечага падобнага. Наадварот, хвала Богу, быў настрой супакою і пераадолення. Настрой, пры якім ужо сапраўды ўпэўнена можна было перадаць руль наступніку. <...>

— Ці была хоць адна хвіліна, калі Вы раскайваліся ў тым, што адмовіліся ад пасады?

— Не! Не і не. Кожны дзень я бачу, што гэта было правільна. <...>

«Я НЕ ПАКІДАЮ КРЫЖА»

<...>

— Якія ў Вас былі думкі, калі Ваш наступнік з’явіўся ў лоджыі базылікі святога Пятра? Да таго ж, адзеты ў белае?

— Ну, гэта яго справа; белае адзенне мы таксама насілі. Толькі ён не захацеў адзець мацэту9. Але мяне гэта не хвалявала. Аднак мяне вельмі ўсхвалявала тое, што ён, перад тым як выйсці ў лоджыю, захацеў патэлефанаваць мне, але не ўдалося звязацца, бо мы сядзелі перад тэлевізарам; ён маліўся за мяне; была хвіліна разважання, а потым — тая сардэчнасць, з якою ён вітаў людзей, так што адразу, як кажуць, з’явілася іскра паразумення. Такога ніхто не чакаў. Безумоўна, я ведаў яго, але не думаў, што яго выберуць. Таму гэта было для мяне вялікаю неспадзяванкаю. Але потым адразу ўспыхнула сімпатыя: па-першае, з-за таго, як ён маліўся, па-другое — як прамаўляў да людскіх сэрцаў. <...>

— У асобе папы Францішка ёсць шмат новага: першы езуіт на Пасадзе святога Пятра; першы, які носіць імя Францішак. А перадусім — ён першы Папа з Новага Свету. Што гэта значыць для структуры ўсяго Каталіцкага Касцёла?

— Гэта значыць, што Касцёл гнуткі, дынамічны і адкрыты і ў ім адбываюцца новыя працэсы. Што ён не застыў у якойсьці схеме, але ў ім зноў і зноў адбываецца нешта нечаканае, што яму ўласцівы дынамізм, які можа пастаянна аднаўляць яго. Гэта цудоўна і абнадзейвае, бо менавіта ў наш час адбываюцца такія рэчы, якіх ніколі не чакалі і якія паказваюць, што Касцёл жывы і поўны новых магчымасцяў.

З другога боку, меркавалася, што і Паўднёвая Амерыка будзе іграць вялікую ролю. Гэта самы вялікі каталіцкі кантынент і ў той жа час найбольш церпячы і праблемны. Тут ёсць сапраўды вялікія біскупы і, пры ўсіх цярпеннях і праблемах, вельмі дынамічны Касцёл. Так што гэта была ў нейкім сэнсе гадзіна, калі прыйшла чарга Паўднёвай Амерыкі. Прычым новы Папа адначасова і італьянец, і паўднёваамерыканец, так што ў гэтым таксама праяўляецца спляценне Старога і Новага Свету і ўнутраная еднасць гісторыі. <...>

— Калі, як кажуць, Бог крыху выпраўляе кожнага Папу ў яго наступніку, то ў чым выпраўляе Вас папа Францішак?

(Смяецца). Так, я сказаў бы, што гэта адбываецца праз непасрэдны кантакт з людзьмі. Думаю, гэта вельмі важна. Ён, несумненна, Папа рэфлексіі. Калі я чытаю Evangelii gaudium10 альбо таксама інтэрв’ю, то бачу, што ён удумлівы чалавек, той, хто духоўна падыходзіць да выклікаў часу. Але разам з тым такі чалавек непасрэдна звяртаецца да народу, бо прывык заўсёды знаходзіцца сярод людзей. Тое, што ён жыве не ў палацы, а ў Доме святой Марты, вынікае з таго, што ён хоча заўсёды быць у акружэнні людзей. Я лічу, што гэтага можна было б дасягнуць і ў Palazzo Apostolico, але гэта мае новы акцэнт. Магчыма, я сапраўды недастаткова бываў сярод людзей. І яшчэ я адзначыў бы мужнасць, з якой ён рэагуе на праблемы і шукае рашэнняў. <...>

— Ці не здаецца Вам, што Ваш наступнік, можа, занадта імпэтны, занадта эксцэнтрычны?

(Смяецца). У кожнага чалавека свой тэмперамент. Адзін можа быць крыху больш стрыманы, другі крыху больш дынамічны, чым, здавалася б, павінен быць. Але я лічу, што такі непасрэдны яго кантакт з людзьмі — гэта добра. Канешне, цікава, як доўга ён зможа гэта вытрымаць, бо кожную сераду дзвесце альбо больш разоў паціснуць рукі і гэтак далей — такое каштуе шмат сілаў. Але пакінем гэта Богу. <...>

— Ці бачыце Вы які-небудзь пералом у ацэнках Вашага Пантыфікату?

— Не. Зразумела, можна даваць ілжывыя тлумачэнні некаторых момантаў, каб потым сказаць, што цяпер усё адбываецца іначай. Калі выцягваюцца асобныя моманты, то можна сканструяваць нешта супрацьлеглае, але трэба глядзець на справу ў сукупнасці. Магчыма, існуюць новыя акцэнты, гэта зразумела, але няма супрацьлегласці.

— Ну і як, ці задаволены Вы служэннем папы Францішка да гэтага часу?

— Так. Гэта новы павеў у Касцёле, новая радасць, новая харызма, якая падабаецца людзям, усё гэта цудоўна. <...>

— У Вашай развітальнай прамове было выразна падкрэслена: «Я не пакідаю крыжа».

— Так, хадзілі размовы, што нібыта я сышоў з крыжа, што хачу для сябе выгодаў. Гэта быў папрок, якога таксама трэба было чакаць. Перадусім мне давялося разабрацца з ім унутры сябе перш чым зрабіць такі крок. Я быў упэўнены, што гэта не былі ўцёкі, ва ўсялякім разе, не пад знешнім націскам; яго не было. Але таксама не было ўнутраных уцёкаў ад тых вымаганняў веры, якія прыводзяць чалавека да таямніцы крыжа. Наадварот, гэта іншы спосаб заставацца ў лучнасці з церпячым Езусам — у цішыні маўчання, у памнажэнні інтэнсіўнай малітвы за ўвесь Касцёл. У гэтых адносінах здзейснены мною крок быў не ўцёкамі, а толькі іншым спосабам заставацца верным свайму служэнню. <...>

— Калі Вы потым адляталі на верталёце, знешне гэта выглядала як нейкая частка ўсёй гэтай драматургіі. Можна было б сказаць, што яшчэ ніводзін жывы Папа не «ўзышоў на неба»… (Папа смяецца). Якія ў Вас тады мільгалі думкі?

— Гэта мяне вельмі ўзрушыла. Сардэчнасць развітання і тое, што на вачах супрацоўнікаў (узрушаным голасам) былі слёзы. Да таго ж над Домам Pastor Bonus быў вялікі надпіс Vergelt’s Gott (Божа, аддзяч!) і званы Рыма (Папа выцірае слёзы). Усё гэта мяне вельмі ўзрушыла. У любым выпадку, лунаючы над горадам і слухаючы званы Рыма, я ведаў, што магу дзякаваць і што асноўны настрой — удзячнасць.

Пераклад з нямецкай мовы
Ірыны Бурак.
Паводле: Benedikt XVI. Letzte Gespräche: Mit Peter Seewald, 2016.


  1. Кніга Benedikt XVI. Letzte Gespräche: Mit Peter Seewald выйшла ў свет 9 верасня 2016 г. у нямецкім выдавецтве Droemer HC. Фрагменты з трэцяй кнігі Пэтэра Зэевальда «Святло свету» друкаваліся ў нашым часопісе (НВ, № 3, 2011; № 4, 2011; № 1, 2012).
  2. Габілітацыя (ням. Habilitation, ад лац. habilis — здольны, прыдатны) — у некаторых еўрапейскіх і азіяцкіх краінах працэдура атрымання вышэйшай акадэмічнай кваліфікацыі, наступнай пасля вучонай ступені доктара філасофіі. Пасля праходжання працэдуры габілітацыі прэтэндэнту прысвойваецца вучоная ступень габілітаванага доктара (лац. doctor habilitatus, Dr. habil.), якая дае права заняць прафесарскую пасаду ва ўніверсітэце.
  3. Ratzinger, J. Einführung in das Christentum: Vorlesungen uber das Apostolische Glaubensbekenntnis; першае выданне выйшла ў свет у 1971 годзе. Фрагменты з кнігі «Уводзіны ў хрысціянства» ў перакладзе на беларускую мову друкаваліся ў часопісе «Ave Maria» ў 2009–2011 гадах.
  4. Мэйнстры́м (англ. mainstream — асноўная плынь) — пераважны кірунак у якой-небудзь галіне (навуковай, культурнай і інш.) для адпаведнага перыяду часу. Часта выкарыстоўваецца для азначэння «афіцыйных», масавых тэндэнцый у культуры, мастацтве.
  5. Добрае тлумачэнне тэрміна Entweltlichung (размирщение) дае адзін з найбуйнейшых даследчыкаў Новага Запавету ў ХХ ст. Рудольф Бультман: «„Размирщение“ — гэта, па сутнасці, не аскеза, а захаванне дыстанцыі ў адносінах да свету. Пры гэтым усялякі ўдзел у свецкім здзяйсняецца з пазіцыі „як тыя, хто не“ (1 Кар 7, 29–31)» (гл. Бультман, Р. Избранное: Вера и понимание. Т. I–II / Пер. з ням. — Масква, 2004. — С. 16).
  6. Coverstory (амер.) — галоўны артыкул часопіса, ілюстрацыя да якога даецца на яго вокладцы.
  7. Вадэмекум (ад лац. vade mecumідзі са мною) — даведнік, кішэнны дапаможнік, паказальнік.
  8. Эон (грэц. αιών — век, эпоха, вечнасць) — у тэалогіі працяглы адрэзак часу ў гісторыі збаўлення, якому адпавядае пэўны пункт гледжання, але таксама вечнае мінулае або бязмежная будучыня.
  9. Мацэта (іт. mozzetta) — кароткая накідка, якая ахоплівае плечы і зашпіляецца на грудзях; з’яўляецца часткаю ўбрання каталіцкага духавенства (Папы Рымскага, кардыналаў, біскупаў і абатаў), яе колер адпаведны іерархічнаму сану таго, хто яе носіць.
  10. Evangelii gaudium («Радасць Евангелля») — першая апостальская адгартацыя папы Францішка, абвешчаная на заканчэнне Году веры 24 лістапада 2013 г. у Ватыкане.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY