Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(25)/2003
Галерэя
Юбілеі

РЫМСКІ ТРЫПЦІХ
Мастацтва

АРХАНЁЛЫ НАД БЕЛАРУССЮ
На шляху веры
Постаці

ЯЗЭП ГАЙЛЕВІЧ
Haereditas
Юбілеі

ПАКУЛЬ ШТО АДЗІНАЯ
Кантэкст
Memoria

ЖЭНЯ, ЖЭНЕЧКА, ДЗЕ ТЫ?!

ВЕРШЫ
Мастацтва

У ГОНАР МІНДОЎГА
Пераклады

ІВАН БУНІН
Постаці

ЛЯСНАЯ КАНВАЛІЯ
Архіўная старонка
Нашы святыні

ФАРНЫЯ МОГІЛКІ Ў ГРОДНЕ, 1792–1939
На кніжнай паліцы
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

ШЛЯХ МІЖ ДЗВЮМА БРАМАМІ

Леанід ГАЛУБОВІЧ

ШЛЯХ МІЖ ДЗВЮМА БРАМАМІ

«Як думаю гожа
і з чыстай душою —
о мілы мой Божа,
Ты побач са мною».
Мар’ян Дукса

Збіраючы спадручны бібліятэчны матэрыял і ўнутрана рыхтуючыся да напісання гэтай рэцэнзіі, чамусьці прыпомніў фотаздымак 1970 года, змешчаны ў паэтычнай анталогіі «Краса і сіла», і ясна паўсталі перада мной твары маладых беларускіх паэтаў: на пярэднім плане чацвёра «хлопцаў» (М. Дукса, С. Хадаронак, М. Федзюковіч і Я. Крупенька), а наводдаль, амаль як у папулярнай савецкай песні, — «стоят девчонки, стоят в сторонке» (Д. Бічэль і Я. Янішчыц). Адразу відаць, што ўсе — і вачыма і паставамі — пазіруюць фатографу, апроч М. Дуксы і Д. Бічэль, якія ці то па сваёй ці то па Вышняй волі, унікаючы аднаго погляду з іншымі, адводзяць свае вочы ад фрагментарна ўтаропленага ў іх фотааб’ектыва...

Мар’ян Дукса неаднойчы ўзнікаў наўзбоч майго літаратурнага шляху, а на самым пачатку яго быў для мяне нават своеасаблівай «пуцяводнай зоркай». Ажно да трыццаці гадоў я не мог надрукавацца ні ў адным салідным літаратурным выданні, каб хоць неяк заявіць пра сябе. Працуючы ў калгасе электрыкам, я ўсё часцей, патрапляючы ў друку на вершаваныя падборкі Мар’яна Дуксы, маракаваў, часова здымаючы скрушны камень з уласнай душы: калі ўжо трактарыст можа быць паэтам, то электрык тым болей... І гэтая наіўна-смяшлівая думка, шчыра вам кажу, мяне, тады затурканага вяскоўца, абна- дзейвала і ратавала... (Праўда, як вынікала з той анталогіі, Мар’ян Дукса быў усяго толькі ўлікоўшчыкам у трактарнай брыгадзе, а не трактарыстам, як пісалі ў савецкіх выданнях.) Пасля мы сталі калегамі, сябрамі пісьменніцкай арганізацыі, аж пакуль у 1990 годзе нас не зрабілі супернікамі і канкурэнтамі, вылучыўшы абодвух на атрыманне Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова, якая ўсё ж справядліва выпала на долю старэйшага і больш вартага. То быў Провід Божы, бо з цягам часу я зразумеў, што мог на дурніцу за сваю самую слабую кніжку вершаў (так, так — гэта не поза, а праўда!) выпадкова займець гістарычны сорам перад Аркадзем Куляшовым і шчырымі прыхільнікамі беларускай паэзіі.

Акрылены прызнаннем калегаў, Мар’ян Дукса пасля таго стаў яшчэ больш актыўна працаваць у паэзіі, пра што, дарэчы, сведчыць і ўскрай перапоўненая вершамі, як касцёл вернікамі падчас святочнай Імшы, і нядаўняя яго кніжка «Прыйсці да алтара» з серыі «Бібліятэка «Нашай веры» (Мінск, «Про Хрысто», 2003). «Прасторы Творцы» (у натуральным сэнсе гэтага выразу), пра якую пісала Д.Бічэль у папярэдняй паэтычнай кніжцы гэтай жа серыі, шчыра прызнаемся, тут якраз і нестае. Паэзія ж патрабуе разняволенасці і свабоды не толькі для ейнага стваральніка, але і для свайго ўласна графічнага словавыяўлення...

Аднак вернемся да біяграфічных алюзій. Я з цягам часу, пакінуўшы пісаць вершы і заняўшыся літаратурнай крытыкай, стаў, як вынікае з гэтай рэцэнзіі, апанентам нашага паэта. Да таго ж з 2000 года, не думаючы-не гадаючы (маю на ўвазе сябе), мы сталі з ім яшчэ і адзінаверцамі, і не толькі ў літаратуры, але і ў рэлігійным веравызнанні...

Адным словам, вяло нас па жыцці вельмі блізкімі дарогамі... аж да той пары, пакуль не апынуліся мы на адным шляху да аднаго храма. І калі я не да канца яшчэ пераадолеў усе перашкоды на тым шляху, то Мар’ян Дукса ужо здолеў «Прыйсці да алтара»...
Хоць ходзіш ты цяжэй,
стамляе ўжо дарога,
але цяпер да Бога
табе бліжэй, бліжэй...
Найлепшая пара —
адчуць з абдымкаў змогі,
што ўсе твае дарогі
вялі да алтара.

Дзіўна, аднак, што пры такім блізкім «раскладзе жыцця» мы не былі з ім знаёмыя і толькі аднойчы мелі, ды і тое на людзях і похапкам, неабавязковую гаворку...

Што да канкрэтнай кніжкі паэта, то яна мае тэматычную хрысціянскую скіраванасць. Тое і не дзіўна, бо гэтага вымагае само серыйнае выданне пры часопісе «Наша Вера», але зусім не азначае, што вершы для зборніка пісаліся спецыяльна, што называецца пад заказ. Не, яны якраз «выбраныя з напісанага» Мар’янам Дуксам і своеасаблівы духоўны вынік усяго ягонага жыцця. Гэта і споведзь, і самаадкрыццё грахоўнага зямнога чалавека перад сваімі аднародцамі і сучаснікамі.
За ўсе грахі адгаласіць
прад Богам у журбе
і даравання папрасіць
за ўсіх і за сябе.
Яшчэ душу ўтрапёны люд,
як зерне, не змалоў.
Яшчэ тварыць мы будзем цуд
пры дапамозе слоў, —

зусім нядаўна прачытаў я ў адным з яго вершаў, выдрукаваным у літаратурным часопісе «Маладосць». Трэба зазначыць, што Мар’ян Дукса даволі часта друкуецца ў розных рэспубліканскіх выданнях, і гэта добра, бо чым больш чалавек займаецца творчай працай, тым больш ён удасканальвае свой розум, дух, характар і самога сябе як Асобу. І тое, між іншым, добра разумее М. Дукса («Яшчэ адну сваю напішаш кнігу... Дзядоўнікам залапушыцца гонар»), таму спадзяецца, што «знойдзецца аматар задумённы, які чужыя паважае мукі», што зразумеецца, а мажліва, і прабачыцца яму ўсё тое, за што ён адчувае сваю віну («Можа, як-небудзь свае параўняю барозны. Я не араў, а па полі пасноўдаўся. — Позна! Курчыў не раз я, не раз я фальшывую позу. Буду звычайным і шчырым я з іншымі. — Позна!) Як бачым, паэт не прыхарошвае ні свае чалавечыя якасці, ні ўласныя ўчынкі і тым самым дае падставы для паразумення з прыхільнікамі свайго таленту. А што такіх шмат і што паэт намагаецца пашыраць іх кола, што верыць ён і ў сваё прызначэнне, і ў даўгавечнасць свайго народа, яскрава сведчаць гэтыя пранізлівыя радкі:
А наш народ асіліць бездарожжа,
хоць доўгі час блукаў ён у жальбе.
Цябе заўсёды помніў, мілы Божа.
А наш народ не выракся Цябе.
Я да Цябе усёй душой хінуся.
Ты сонцам ззяеш у маім жыцці.
Ах, Божа, паспрыяй жа Беларусі
на роўны шлях нарэшце узысці.

«Не ўжывай імя Пана Бога дарэмна» — гаворыцца ў адной з дзесяці Божых запаведзяў. Але мне чамусьці найбольш помная гэтая: «Не май іншых багоў, апроч Мяне». І менавіта гэтую Мар’ян Дукса, думаецца мне, ніколі ў сваім жыцці не парушаў...

Ён даўно ўжо жыве і працуе ў вясковай школе на Гарадзеншчыне, але правінцыйнасці ў яго вершах няма, калі не лічыць за яе пакланенне прыродзе, маці, каханай і блізкім людзям. Ці ўжо сёння выхаванасць, сціпласць і памяркоўнасць «выдаюць» адпрыроднага вяскоўца як трэцяга лішняга на гэтым зямным цынічным балі Сатаны?
Ты на радок ніжы сваю трывогу,
смакуючы
уцехі мройны яблык.
Што робіш ты ?
Аддана служыш Богу
ці патураеш,
чарнакніжнік, д’яблу? —
пытаецца ён у нас і ў сябе самога...

Так, пакуль паэт тут, ёсць адчуванне яго паднебнай прыземленасці і ў вершах, і ў самой яго асобе, і ў яго айчыннай прыналежнасці. Бо «яшчэ не атрымліваў з вечнасці позвы...» — піша ён. І дзякаваць Богу.

Адказу на вечныя пытанні ў вершах М. Дуксы няма. Але ў іх ёсць пытанні, звернутыя да Вечнага. І гэта абнадзейвае.

Усе адказы на створанае толькі ў Яго — у Самога Творцы.

Мы ж разам з нашым паэтам можам хіба што падаць свой натхнёны і ўзвышаны голас з хораў Ягонага храма:
Ад касцельнай брамы да нябеснай —
гэты шлях між брамамі дзвюма.
Хай жа стане у Тваё імя
праспяванай урачыстай песняй.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY