|
|
№
3(25)/2003
Галерэя
Юбілеі
Мастацтва
На шляху веры
Постаці
Haereditas
Юбілеі
Кантэкст
Memoria
Мастацтва
Пераклады
Постаці
Архіўная старонка
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
|
У кніжнай серыі «Бібліятэкі часопіса «Наша вера» выйшла новае выданне – кніга Аляксандра Ярашэвіча «Маці Божая Снежная» ў Беларусі». Кніга невялікая, зручнага фармату, прыгожа, густоўна аформленая (выдавецтва «Про Хрысто», мастацкі рэдактар А. Глекаў), аздобленая мноствам каляровых і чорна-белых ілюстрацый. Думаецца, што, нягледзячы на адносна невялікі памер выдання – 110 старонак – яно стане з’явай у сучаснай беларускай культуры. Кніга ўспрымаецца як першая грунтоўная праца на Беларусі ў галіне марыялогіі – дысцыпліны, прысвечанай апісанню жыцця Божай Маці, даследаванню яе ролі ў хрысціянскай духоўнай культуры, у жыцці чалавека і грамадства, вывучэнню разнастайных праяваў яе шанавання. Услаўленню Божай Маці прысвечана мноства твораў, прасякнутых веліччу творчага генія чалавека – боганатхнёныя гімны, вершы і спевы, абразы і жывапісныя палотны, храмы і скульптурныя вобразы. …Валадарка Нябесная, пад Тваю апеку прыпадаем, Тваёй міласці просім… Колькі пакаленняў у самыя цяжкія часіны, у горы, нястачы і хваробе менавіта да яе, Маці Езуса Хрыста, звярталі свае малітвы, прасілі дапамогі Беззаганнай Заступніцы за грэшнага чалавека перад Богам. Хрысціянскі Усход і Захад, Канстанцінопаль і Рым заўсёды бачылі сябе пад асаблівай апекай Панны Марыі, Багародзіцы. Яе абразы мелі там значэнне паладыяў, цудадзейных ахоўных шчытоў, абаронцаў ад ворагаў і бедаў. Адзін з тых старажытных абразоў, паводле падання напісаны святым евангелістам Лукой, і сёння з’яўляецца найвялікшай святыняй Рымскай базылікі Санта Марыя Маджорэ. Пад назвай Salus Populi Romani (Заступніца Рымлянаў) альбо Божая Маці Рымская, Снежная), гэты абраз шануецца ва ўсім свеце. Шматлікія паўторы, спіскі, зробленыя з яго, набылі характар мясцовых святыняў, праслаўленых цудамі ў многіх храмах, і не толькі каталіцкіх, але і уніяцкіх і праваслаўных, бо старажытны візантыйскі жывапіс абраза-арыгінала ўспрымаўся найяскравейшым сімвалам першапачатковай сусветнай еднасці Царквы. Абразы, напісаныя па першаўзоры Божай Маці Снежнай, набылі вялікае распаўсюджанне ў XVII–XVIII стст. у Рэчы Паспалітай, дзе ва ўмовах суіснавання розных хрысціянскіх канфесій экуменічная ідэя адзінства была асабліва надзённай, жыццёва важнай. Да іконаграфічнага канону Божай Маці Снежнай належалі праслаўленыя ў гісторыі краіны абразы Ляжайскай, Шыдлавецкай, Бярдзічаўскай Божай Маці. Менавіта пашырэнню іканаграфіі Божай Маці Снежнай у іканапісе і алтарным жывапісе Беларусі прысвечана кніга вядомага мастацтвазнаўцы Аляксандра Ярашэвіча. Ва ўступным раздзеле кнігі ідзе гаворка пра гісторыю візантыйска-рымскага абраза-пратографа (першаўзора), даследуюцца шляхі распаўсюджання іканаграфіі Божай Маці Снежнай на Беларусі. Паводле падання, базыліка Санта Марыя Маджорэ была збудавана на месцы, абраным самой Божай Маці. Яе выбар пазначаны цудам – з’яўленнем летам 15 жніўня 352 г. снегу на тым пагорку, дзе павінен стаяць храм. Ад гэтага цуду і паходзіць назва абраза – «Sancta Maria ad Nives» («Святая Марыя на снезе») ці Божая Маці Снежная. Аўтар кнігі прыводзіць выказванні пра мастацкія асаблівасці абраза базылікі Санта Марыя Маджорэ такіх вядомых даследчыкаў, як Мікалай Кандакоў і Райнхольд Лонге, дае спасылкі на іншыя літаратурныя крыніцы, распавядае пра падзеі, звязаныя з шанаваннем абраза Божай Маці Снежнай у Рыме. На падставе аналізу шматлікіх архіўных дакументаў і літаратурных крыніц робіцца выснова, што першыя спіскі, створаныя ў Рыме з цудатворнага абраза, з’явіліся ва ўсходняй Еўропе не ў ХVI ст., а, магчыма, яшчэ раней: у XIII ст. у Львове першы каталіцкі касцёл быў асвечаны ў імя Божай Маці Снежнай. На Беларусі пашырэнне абразоў – спіскаў Божай Маці Снежнай у XVII ст. было звязана, не ў апошнюю чаргу, з дзейнасцю ордэна дамініканцаў, якія прывезлі з Рыма ў Гародню і Пінск копіі слыннага абраза, клапаціліся пра стварэнне і ўпрыгожванне срэбнымі шатамі такіх копій на Беларусі. Да ўслаўлення Божай Маці Снежнай у Рэчы Паспалітай дачыніліся і прадстаўнікі слынных магнацкіх родаў — Тышкевічаў, Радзівілаў, Сапегаў. Важнай з’ўляецца выснова аўтара пра тое, што значнае распаўсюджанне абразоў Божай Маці Снежнай на Беларусі ў XVI–XVIII стст. не толькі ў каталіцкіх святынях, але і ва уніяцкіх, а пасля скасавання Уніі ў XIX ст. захаванне іх у праваслаўных беларускіх цэрквах, – адметная асаблівасць развіцця беларускай гісторыі. Разнастайныя па выкананні, высокамастацкія і наіўныя, створаныя ў рэчышчы народнага прымітыву, змешчаныя ў алтарах, працэсійных ферэтронах ці на сценах вясковых касцёлаў і капліцаў, абразы Божай Маці Снежнай на Беларусі дазваляюць скласці больш багатае, больш поўнае ўяўленне пра традыцыі нашага народа, пра яго еўрапейскія мастацкія і духоўныя сувязі. Другі раздзел кнігі Аляксандра Ярашэвіча – гэта ілюстраваны каталог захаваных абразоў Божай Маці Снежнай на Беларусі. У храналагічнай паслядоўнасці, пачынаючы ад самых ранніх, створаных, як лічыць даследчык, у XVI ст., да абразоў, напісаных у XIX ст., тут упершыню апублікаваны больш за 40 беларускіх абразоў, у якіх па-рознаму, блізка да малюнка пратографа ці досыць свабодна, аддалена інтэрпрэтаваная іканаграфія славутага рымскага першаўзору – абраза Божай Маці Снежнай. Фотаграграфічнае адлюстраванне кожнага з 42 абразоў дапоўнена звесткамі пра тое, дзе захоўваецца абраз, калі ён быў створаны, прыводзіцца тэхніка яго выканання і памер, даюцца апісанні мастацкіх асаблівасцяў твора, аналізуюцца яго падабенства, сувязі з пратографам, змяшчаюцца важныя архіўныя звесткі пра час будаўніцтва святыні, дзе месціцца абраз, прыводзяцца іншыя малавядомыя ці зусім невядомыя шырокаму колу чытачоў гістарычныя факты. Руплівы даследчык старажытнабеларускага мастацтва і гісторыі рэлігіі, сталы аўтар часопіса «Наша вера», Аляксандр Ярашэвіч больш за трыццаць гадоў прысвяціў даследаванню помнікаў беларускага рэлігійнага мастацтва. У складзе экспедыцый Музея старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі ён абследаваў усе беларускія храмы, пабываў у самых аддаленых кутках нашай краіны. Усе творы, апублікаваныя ў гэтай кнізе, уважліва вывучаліся ім на месцы іх знаходжання – на Гродзеншчыне і Міншчыне, Магілёўшчыне і Палессі. Вялікую каштоўнасць маюць апублікаваныя ўпершыню фотаздымкі тых абразоў, што загінулі ў ХХ ст. з царквы вёскі Загор’е Наваградскага раёна (пазіцыя каталога № 23) і касцёла ў Ішкалдзі (№7), а таксама рэпрадукцыі старых гравюр, графічныя адлюстраванні з праслаўленых у Рэчы Паспалітай абразоў Божай Маці Кангрэгацкай, Бярдзічаўскай, іншых слынных абразоў-спіскаў Божай Маці Снежнай. Апошняя пазіцыя каталога – № 43 – прысвечана спіскам-паўторам абраза Божай Маці Снежнай у сталіцы Вялікага Княства Літоўскага Вільні. Такім чынам, на старонках кнігі аўтар як бы праводзіць чытача ўслед за сабой па месцах сваіх вандровак, па выніках экспедыцыйных і архіўных росшукаў, па ўсёй Беларусі XVI–XIX стст., па тых святынях, дзе заззяла слава Божай Маці Снежнай. Разглядаючы змешчаныя ў кнізе адлюстраванні беларускіх абразоў Божай Маці Снежнай, чытач з дапамогай тлумачэнняў даследчыка міжволі перастае ўспрымаць іх як проста мастацкія творы: яны набываюць для яго значэнне унікальных фактаў гісторыі нашага народа. Розныя па малюнку, па манеры пісьма адлюстраванні аблічча Божай Маці Снежнай на беларускіх абразах маюць усё ж шмат агульнага. Тонкія рысы, адухоўленыя вочы Багародзіцы, што з выразам глыбокага смутку глядзяць на нас з ценю, які кідае на іх пакрывала-мафорый, раскрываюць уяўленні беларускага народа аб незямной прыгажосці Панны Марыі, з’яўляюцца ўвасабленнем нацыянальнага эстэтычнага і этычнага ідэалаў. Складзеныя наўскрыж кісці рук Божай Маці Снежнай з доўгімі вытанчанымі пальцамі, якімі яна сціскае белую хустачку, нагадваюць малюнак рук на партрэтах беларускіх шляхетных паняў XVI—XVII стст. – Кацярыны Слуцкай, Катажыны і Марыі Радзівіл. Пазалочаныя металічныя сукенкі, аздобленыя чаканенымі кветкамі на постацях Божай Маці і Дзіцяткі Езуса, каралеўскія чаканеныя кароны на іх галовах, усе тыя дарагія і сціплыя ўпрыгожванні-ахвяраванні, што часам амаль суцэльным шчытом закрываюць фон абразоў Божай Маці Снежнай, – чаканеныя сэрцы, металічныя пласціны-воты, ружанцы, каралі і пярсцёнкі – сведчанні вялікай пашаны, усеагульнай любові да Апякункі і Заступніцы. За кожным такім прынашэннем – лёсы людзей, іх думкі і памкненні – жывая гісторыя нашага народа, нашай зямлі. Беларусь з часоў святой Ефрасінні Полацкай, якая атрымала з Візантыі цудатворны абраз Божай Маці Эфесскай, пачувала сябе пад асаблівай аховай Божай Маці. Цудатворныя абразы ў Жыровічах і Бялынічах, Будславе і Мінску, Магілёве і Бярэзвеччы, Вільні і Супраслі збіралі да сябе на пакланенне ўсіх вернікаў – католікаў, уніятаў, праваслаўных. Багародзічныя абразы на Беларусі нібы злучалі, аб’ядноўвалі беларускае грамадства. У XVII—XVIII стст. на Беларусі было выдадзена мноства кніг, прысвечаных слынным цудамі абразам Божай Маці. У каталіцкіх, уніяцкіх і праваслаўных друкарнях Вільні, Супрасля, Кіева, Львова на польскай, лацінскай, старабеларускай і царкоўнаславянскай мовах выходзілі кнігі, прысвечаныя асобным праслаўленым абразам і марыйным санктуарыям, святым Багародзічным мясцінам Беларусі, друкаваліся зборныя апісанні цудатворных абразоў Божай Маці. Пазней, з прычыны трагічнага развіцця беларускай гісторыі, традыцыя выдання марыйнай літаратуры на Беларусі была перарваная. Добра, што яна нарэшце зноў адраджаецца. Выйшлі з друку брашуры пра Жыровіцкі і Будслаўскі абразы Божай Маці, зборнік артыкулаў, прысвечаных абразу Божай Маці Мінскай, даследаванні Алены Яскевіч і Галіны Нячаевай пра праваслаўныя і стараверскія абразы Божай Маці на Беларусі. Новая кніга Аляксандра Ярашэвіча ў гэтым пераліку падаецца асабліва значнай, бо прысвечана яна і абразам з каталіцкіх касцёлаў і тым, што знаходзяцца ў праваслаўных цэрквах нашага краю. Веліч першаўзору – старажытнага візантыйска-рымскага абраза Божай Маці з базылікі Санта Марыя Маджорэ – таму прычына. Кніга А. Ярашэвіча напісана без рэлігійнай экзальтацыі, аўтар з аднолькавай павагай і ўвагай даследуе ўсе помнікі – і тыя, што змешчаны ў алтарах вялікіх касцёлаў, і тыя, што ў паўразбураным стане ляжалі на гарышчах і патрапілі адтуль у музеі, дзе былі адрэстаўраваныя і змешчаныя ў экспазіцыі — і творы адмысловых майстроў, і працы народных жывапісцаў-самавукаў. Аўтар выканаў сапраўды тытанічную працу, збіраючы матэрыялы для кнігі ў архівах Мінска, Вільні і Варшавы, але не загрувасціў кнігу спецыяльнымі навуковымі звесткамі і тэрмінамі. Напісаная простай, яснай мовай, яна будзе зразумелай і цікавай дасведчанаму чытачу і аматару, моладзі, якая любіць гісторыю сваёй зямлі, свайго краю, і людзям сталага веку, якія знойдуць тут невядомыя раней ім звесткі, што пацвердзяць іх шчырую веру. У канцы кнігі прыводзіцца пераклад каталога на англійскую, нямецкую і польскую мовы, таму новае выданне ў «Бібліятэцы «Нашай веры» будзе карысным і замежным даследчыкам, і гасцям нашай краіны, зацікаўленым яе гісторыяй, культурай, духоўнай і мастацкай спадчынай.
Раней у часопісе друкаваўся артыкул Аляксандра Яражэвіча
|
|
|