Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(34)/2005
Галерэя
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Падзеі

АПОСТАЛЬСКІ РУХ БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ
На кніжнай паліцы
Vaticanum II
Кантрапункт

ЦІ ПАТРЭБНА БОГУ РЭКЛАМА?
Хрысціянская думка
Культура
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Юбілеі

РЫЦАР СЛОВА І ДУХУ

КРУГ ВЕЧНАСЦІ
Бібліятэка часопіса
«Наша вера»
Проза

КРЫЖ НАД НЁМАНАМ
На кніжнай паліцы
Постаці
Нашы святыні

Данута БІЧЭЛЬ

СУСТРЭЧЫ З ЗОСЬКАЙ ВЕРАС

Вільня, Вільня, наша Мекка, вера,
Каліноўскага святая кроў.
Там жыве, бы ў казцы, Зоська Верас
ля высокіх віленскіх муроў...

Гэта — з верша Ларысы Геніюш. Калі Ларыса Антонаўна першы раз чытала верш, мне падалося, што параўнанне «бы ў казцы» — не на месцы. Параіла змяніць на «там жыве бабулька Зоська Верас». На што Ларыса Антонаўна сказала: «Бабулька – гэта такі персанаж, які сядзіць на прызбе і вяжа шкарпэткі для ўнукаў. Зоська Верас працуе на Беларусь, піша ўспаміны, адказвае на лісты, дапамагае навукоўцам, музеям, школам. Яна – не бабулька».

Я пазнаёмілася з Зоськай Верас асабіста, калі пачала збіраць экспанаты для музея Максіма Багдановіча. Ёй ішоў 90 год, але сапраўды пра гэта не думалася – яна была працаздольнай, як маладая. Мы ведалі адна адну дзякуючы Ларысе Антонаўне Геніюш, якая пазнаёміла нас праз лісты, перапіску...

Успаміны «Пяць месяцаў у Менску» пра Максіма Багдановіча я прачытала ў газеце «Літаратура і мастацтва» і цытавала вучням, калі ў школе апавядала пра Багдановіча. Былі ў мяне і ўспаміны пра Гродзенскі гурток беларускай моладзі, надрукаваныя ў «Беларускім календары» ў Беластоку.

Ларыса Антонаўна ў лістах і пры сустрэчы ўсё абяцала звазіць мяне ў Вільню да сваіх сяброў Шышэяў, якіх яна пазнаёміла і пажаніла ў лагеры, і да Зоські Верас.

Але адзіны, хто прывозіў Ларысу Антонаўну ў Менск ды Гародню, быў бацюшка Васілій і наша прыгожая паездка ў Вільню ўсё адкладвалася.

Людвіка Антонаўна (такое сапраўднае імя Зоські Верас) спаткала мяне вельмі шчыра. Я думала, што гэта таму, што я прыехала з Гародні, з горада яе дзяцінства і дзявоцтва. Тут жа жылі яе дзяды Сівіцкія, рос яе тата. Гэты горад яна наведала ўпершыню, калі ёй было 5 гадоў і добра памятала, як доўга стаялі ў калейцы, каб пераехаць праз Нёман – мост у пачатку ХХ стагоддзя быў часовы, некалькі падводаў – і ён апускаўся ў ваду. Пасля ўжо, без бацькі, які памёр маладым, яна з маці жыла на вуліцы Гараднічанскай і ў 1908–1913 гадах вучылася ў Беларускай прыватнай гімназіі. Была артысткай-аматаркай, паэткай, бібліятэкаркай і выдаўцом газеты «Колас Беларускай нівы», распаўсюджвальніцай беларускіх кніг, часопісаў і календароў, якія ёй прысылалі з Вільні. Адна з актыўнейшых сяброў Гродзенскага гуртка беларускай моладзі, яна пачынала ў Гародні справу свайго доўгага жыцця – бескарыслівай працы на Беларусь. Тады яна ўжо была знаёмая з Вацлавам Ластоўскім і Антонам Луцкевічам, які прыязджаў у Гародню на школьны вечар (пра гэта вядома з іх ліставання).

Кіраўнік гуртка, ксёндз Францішак Грынкевіч, меў шмат душпастырскіх абавязкаў, і ўсе арганізацыйныя клопаты ўзяла на сябе дзяўчына, пра якую Аляксандр Уласаў, калі распранаў яе з футра ў рэдакцыі «Нашай Нівы», сказаў : «Мы думалі, што гэта салідная асоба, а гэта дзяўчо»...

У Вільню з Гародні і мы, як наша мілая папярэдніца, ездзілі цягніком, а па горадзе — тралейбусам да домабудаўнічага камбіната, а там — праз чыгунку ў лес. У лесе была сцяжынка, але не адна. Як у казцы. Летам можна было знайсці жменьку лясных ягадаў. Не было пэўнасці, што правільна ідзём, пакуль не вырастала хатка. Хатка з гліны. Уся ў кветках. Як убачыш хатку, можна адпачыць, прычасацца, выцерці пыл з абутку, як перад касцёлам.

Людвіка Антонаўна была «савой» — яна ўночы не спала. Для нашага зборніка і для музея яна напісала ўспаміны «Старое Гродна». Калі аддавала мне рукапіс, сказала, што гэта яна пісала адразу, ніякіх чарнавікоў нt рабіла, а рукапіс быў без адзінай праўкі.

Калі я прыходзіла, можа, а 12-й гадзіне, яна спала. Яе паціху будзілі або і не будзілі. Яна сама прачыналася апоўдні. Можна было паразмаўляць з дачкой Галінай Антонаўнай ці з зяцем Лявонам Антонавічам Луцкевічам — яны ж таксама мелі аб чым апавядаць! Можна было паглядзець яе батанічны жывы слоўнік, бо ў гародзе Людвікі Антонаўны ўсё цвіло, ніколі не быў ён занядбаны. Не было там ні возера, ні рэчкі, толькі студня. Але Лявон Антонавіч з сынам Яраславам зрабілі жалабкі на страсе і трубы да вялікай бочкі, каб збіралася кожная кропелька вады. З гэтай жа патрэбы было зацэментавана некалькі невялікіх басейнаў. Гаспадыня выходзіла з кіёчкам на спатканне, яна не снедала, не піла гарбаты з ранку.

Зоська Верас выходзіць з гнязда жаўрука
і кавенька пільгрыма ў маленькіх руках.
І радзімае зеллечка ходнік ёй тчэ.
І нябёсы яе не прымаюць яшчэ.

Багдановіч Максім і Гарэцкі Максім
і Купала... Яна спатыкалася з ім.
Пан Ластоўскі яе да Варшавы паслаў,
нібы вольнай краіны пасла.

Правядзе адзінокіх да іх цемнаты
і папросіць, каб неба ўзяло.
Паясочкам на крыж пажагнае лісты –
і напіша пра ўсіх колькі слоў...

Яна была прыроджаным асветнікам, прапаведнікам, калекцыянерам, экскурсаводам. Яна любіла апавядаць пра расліны ў садку, якіх у кожным гародзе не садзілі. Напрыклад, высокі куст, як памідоры, але дробныя, яна называла «бульва». Заводзіла ў цяпліцу, дзе чакалі позняй восені хрызантэмы, якія гадавалі на Задушны дзень 2 лістапада, каб хапіла на магілкі ўсіх беларускіх дзеячоў, якія пахаваны ў Вільні на Росах, на Панарах. Скрайнюю ад лесу градку яна засаджвала фасоляй для касулі, якая прыходзіла з лесу ў госці да Зоські Верас. Каля дзвярэй хаткі цвіла белая шыпшына. «Гэта з сядзібы Лявіцкіх ці Ядвігіна Ш. Прывезлі некалі, так тут і расце».

30 верасня 1982 года Зосьцы Верас споўнілася 90 гадоў, і Аляксандр Ліпень, гродзенскі скульптар, завёз нас у Вільню. Тады я і запісала на касету яе ўспаміны пра Максіма Багдановіча, пра тое, як яны працавалі разам у Беларускім камітэце дапамогі ахвярам вайны, пра іх прыгожае сяброўства. І расказала, як у Гародні яна, навучэнка гімназіі, удзельнічала ў пахаванні Элізы Ажэшкі – усе гімназісткі горада ў форменных сукенках стаялі са снапочкамі кветак паабапал вуліцы ад дома Ажэшкі на Вялікай Садовай да фарнага касцёла, а пасля малітвы і да могілак...

Пра Максіма яна мне апавядала пры кожнай сустрэчы. Я перастала думаць пра ўсіх іх, нашых класікаў, як пра бронзавыя скульптуры, яны сталі для мяне жывымі, цёплымі. Яна казала пра Максіма, які ён быў прыгожы, высокі, ажно згінаўся ад сваёй высокасці, а валасы ў яго былі каштанавыя, раскошныя, хвалістыя, а вочы блакітныя, а ў пахмурны дзень яны былі светла-шэрыя, а не карыя, як малявалі на карцінах. А я правакавала яе: «А Паўліна Мядзёлка мне казала, што Максім быў непрыгожы, бо надта бледны, хворы, кашляў і пацеў». А пані Людвіка аж падскочыла: «Няпраўда гэта! Ён быў бледны, але гэта яму было да твару. А калі кашляў, ён звычайна адыходзіў у бок. І меў заўсёды чыстую хусцінку, каб выцерці пот і вусны».

У верасні 1987 года мы зноў прыехалі да яе з Аляксандрам Ліпенем. Ён узяў з сабой мальберт, знайшоў сабе куток у садку і маляваў лясную хатку на тле лесу і неба, і ўсё, што змясцілася перад ёю, — кветкі і градкі. Эцюд атрымаўся добры, бо адчуваецца нават восеньскае сырое паветра, засмуж лесу. Аляксандр Ліпень падараваў мне карціну з лясной хаткай, і яна цяпер у мяне перад вачыма ўвесь час — на сцяне ў маім пакоі (такое цяпер у яе жыццё).

У 1920 г. Зоська стала маладою ўдавой — яе мужа, Фабіяна Шантыра, расстралялі бальшавікі. Яна з сынам Антонам прыехала на Сакольшчыну ў маёнтак Альхоўнікі. Дзед Людвік памёр у 1922 годзе, Людвіка з мамай прадалі хутар і паехалі ў Вільню, дзе купілі дом. Так Зоська Верас пачала працаваць у Вільні адміністратарам беларускага друку. Перад вайной яны з мужам Антонам Войцікам прадалі дом у Вільні, купілі гектар лесу і самі збудавалі лясную хатку на падабенства ўкраінскіх мазанак ці ляпянак – з гліны. Усю вайну сям’я кармілася з таго, што вырастала на агародзе ды з лекавых зёлак, у якіх Зоська Верас ведала толк, бо скончыла ў Варшаве агародніцка-пчалярскія курсы, а практыку праходзіла ў перадавой гаспадарцы Іваноўскіх у Лябёдцы, пад Шчучынам. Яна ж уклала і выдала ў 1924 годзе «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік».

У 1948 годзе памёр муж Людвікі Антонаўны Антон Войцік, а сын быў у канцлагеры, адкуль вярнуўся ў 1956 годзе цяжка хворы... Лясная хатка – гэта вялікая гісторыя роду беларускай інтэлігенцыі.

У музей Максіма Багдановіча ў Гародні Зоська Верас перадала вельмі шмат віленскіх выданняў. У яе былі часопісы, якія яна сама выдавала ў некалькіх асобніках, — гэта «Заранка», «Пралескі», «Борць», «Саха». Некаторыя кнігі яна сама шукала па сваіх знаёмых — у віленскіх, у Сяргея Новіка-Пеюна, у Янкі Багдановіча, дзяліла скарбы паміж менскім музеем, гудзевіцкім і гародзенскім. Сама малявала маленькія абразкі зёлак для гудзевіцкага музея. Усё аддавала без грошай, бескарысліва.

У той самы час яе прынялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў, яшчэ праз тры гады выдалі яе кніжку «Каласкі»(1985), аформілі пенсію. Вядома, гэта былі малыя грошы, але яна прывыкла і навучылася жыць без іх.

Памяць у яе за гады не замутнела. Памятала свае адрасы ва ўсіх гарадах, прозвішчы гаспадыняў. Калі паказала неяк альбом з ласкуткамі тых палотнаў і сукянцоў, з даматканых, шыла свае строі на працягу стагоддзя, – тады да мяне дайшло, што гэта значыць — калекцыянерства гісторыі.

У агульным сшытку былі занатаваныя біяграфіі ўсіх «забароненых» дзеячаў, якіх яна ведала. Сярод малавядомых значыліся Ластоўскія, Іваноўскія.

Лісты ад сяброў маладосці, а яна з усімі ліставалася і ведала іх лёсы на зямной кулі, у яе былі перавязаныя стужкай і складзеныя па храналогіі. Яна казала: «Пытаеце пра Пятра Ластаўку? Адчыніце шуфлядку ў тумбачцы. Той стосік, што з ружовым каснічком, гэта лісты ад яго. Пачытайце, каб мець жывое ўяўленне пра чалавека».

Зоська Верас у той час перачытвала толькі тыя кнігі, дзе апісваліся падзеі, у якіх яна прымала ўдзел, — на лістках яна пакідала свае заўвагі пра аўтарскія памылкі, на той выпадак, калі некаму гэта спатрэбіцца.

Цяпер традыцыі Зоські Верас прадаўжае яе дачка Галіна Антонаўна Луцкевіч.

Апошняя наша сустрэча адбылася ў сакавіку 1991 года, калі Вільню трушчылі танкі дэмакрата Міхаіла Гарбачова. Праз тыдзень па гэтых падзеях я і Алесь Чобат паехалі туды, бо надта хацелася глянуць на непераможную Вільню. Людвіка Антонаўна тады ўжо ляжала на прасторным ложку ў прасторным чыстым пакоі. Галіна і Лявон апекаваліся дзевяностадзевяцігадовай маці, як святой. Лясной хаткі ўжо не было: згарэла 13 мая 1990 года, але гаспадыні пра тое не сказалі. Калі яна ўгадала, хто прыехаў, бо ўжо не чула і не бачыла, адразу пачала гаварыць пра нашу агульную вялікую любоў, а можа і містычнае каханне, — пра Максіма, і, аж дзіва, знаходзіліся нейкія новыя згадкі. Я трымала яе худыя ручанькі, такія яны былі родныя. Яна была прыгожая ў сваёй несмяротнасці. Я цалавала яе ўпалыя, але гарачыя шчочкі. Бог надзяліў мяне інтуіцыяй — ведала, што мы на гэтым свеце ўжо не спаткаемся. 8 кастрычніка яна памерла, а я тым летам перанесла аперацыю і не змагла паехаць у Вільню.

Пахавальную святую Імшу па Зосьцы Верас служыў ксёндз з Вішнева Уладзіслаў Чарняўскі.

...«Паэт – гэта лапата, якая капае чорную зямлю, і зранены гэтай лапатай крот», – так Чэслаў Мілаш напісаў пра Тадэвуша Ружэвіча, але гэтыя словы падыходзяць і да вобраза Зоські Верас.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY