Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(12)/2000
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
Да Юбілею 2000 Года
Рэха пілігрымкі

SURSUM CORDA!
Мастацтва
Кантрапункт

НАДЗВЫЧАЙНАЕ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Постаці
Проза

Дадатак да артыкула: Галерэя
Аляксандр ЯРАШЭВІЧ

«І НАПОЎНІЛІСЯ ЎСЕ ДУХАМ СВЯТЫМ...»

Сюжэты Спаслання Святога Духа і Тройца ў старажытнабеларускім мастацтве

«Калі настаў дзень Пяцідзесятніцы, усе яны былі аднадушна разам. І раптам зрабіўся шум з неба, як бы ад павеву моцнага ветру, і напоўніў дом, дзе яны былі. І з'явіліся ім языкі падзеленыя, як бы вогненныя, і апусціліся па адным на кожнага з іх. І напоўніліся ўсе Духам Святым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім вяшчаць» (Дз 2, 1-4).

Спасланне Святога Духа на апосталаў - падзея першаступеннай важнасці, бо яна завяршае ўтварэнне Касцёла Хрыстовага і сцвярджае таямніцу святасці1. Нягледзячы на сакральную знамянальнасць падзеі, святкаванне якой пачалося яшчэ ў раннія часы хрысціянства, яе адлюстраванне сустракаецца досыць рэдка, асабліва ў заходнім мастацтве, часцей яго можна бачыць на мініяцюрах у грэцкіх і рускіх Евангеллях2. Найбольш старажытная выява гэтай падзеі знаходзіцца ў сірыйскім кодэксе Равулы (586 г.), дзе ўжо прысутнічаюць асноўныя складовыя часткі сюжэта - голуб Святога Духа, сноп праменняў над галавой Маці Божай, вогненныя язычкі над апосталамі. Марыя і апосталы стаяць, каля ног раскіданы кветкі, зверху кампазіцыю ахінае арка, якая сімвалізуе будынак. Маці Божая адлюстраваная толькі тут, у іншых візантыйскіх помніках яе няма, а ў заходнім мастацтве Яна з'яўляецца з Х стагоддзя. Гэта можна вытлумачыць тым, што ў сведчанні аб Спасланні Святога Духа Марыя не ўпамінаецца, але яе прысутнасць вынікае з папярэдняга раздзелу «Дзеяў св. Апосталаў», дзе паведамляецца, што яны пасля Узнясення Хрыста вярнуліся з Аліўнай гары ў Ерузалем. «І як прыйшлі, увайшлі ў святліцу, дзе і заставаліся, Пётра і Якуб, Ян і Андрэй, Піліп і Тамаш, Барталамей і Мацвей, Якуб Алфееў і Сымон Зілот, і Юда, брат Якубаў. Усе яны аднадушна былі ў малітве і маленні, з некаторымі жанчынамі і Марыяю, Маці Езусавай, і з братамі Ягонымі».

На мазаіцы ў купале гінекея канстанцінопальскай Сафіі ў цэнтры паказаны Збавіцель на троне, вакол яго радыяльна размешчаны ў поўны рост апосталы з вогненнымі язычкамі над галовамі. Па вуглах - групы людзей, якія ўвасабляюць розныя народы, згаданыя ў «Дзеях св. Апосталаў». Адна са старажытнейшых выяваў Святадухаўскай падзеі захавалася ў Парыжскім кодэксе Рыгора Багаслова (ІХ ст.). Фігуры дванаццаці апосталаў тут размешчаны разгорнута па дузе, некаторыя - з кнігамі, іншыя - са скруткамі і жэзламі, сімваламі настаўніцтва і пасланніцтва. Уверсе - блакітнае неба ў выглядзе сферы з залатым тронам, на ім - кніга і Св. Дух. Ад трона на галовы апосталаў сыходзяць белыя промні з чырвонымі язычкамі. Унізе - дзве групы плямёнаў і народаў3. У Евангеллі з Гелацкага манастыра (ХІІ ст.) з грэцкімі мініяцюрамі апосталы паказаны седзячы, да іх галоваў ад неба разыходзяцца промні, а Маці Божай няма. У фрэсках Кіеўскай Сафіі ёсць спрошчаны візантыйскі варыянт, а ў палацінскай капліцы ў Рыме Святы Дух у выглядзе голуба сыходзіць на кожнага з апосталаў.

У старажытных грэцкіх і рускіх абразах апосталы сядзяць у святліцы паўкругам (яны трымаюць скруткі або благаслаўляюць) у цэнтры - Пётр і Павел. Уверсе - стылізаванае неба, часам з зоркамі, вогненныя языкі спускаюцца на галовы апосталаў, унізе - цар («космас»). У абразах ХVІІ-ХVІІІ стст. відавочнае засваенне элементаў заходняй іканаграфіі. Месца падзеі - не старажытны трыкліній, а багатая святліца, якая часам нагадвае алтарную апсіду хрысціянскага храма. У цэнтры кампазіцыі на высокім троне сядзіць Маці Божая (на рускай гравюры 1624 г. яна мае выгляд Аранты). Апосталы могуць быць паказаны ў руху, з німбамі, сярод іх няма Паўла. Замест стылізаванага неба малююцца воблакі, часам у небе з'яўляецца старазапаветная Тройца. Выява Святога Духа ў выглядзе голуба, ад якога да апосталаў ідуць промні з вогненнымі языкамі, бярэ пачатак у заходняй сярэднявечнай іканаграфіі.

Наогул жа роля маці Божай у Святадухаўскім сюжэце, як і ва Унебаўшэсці Хрыста, хутчэй сімвалічная, чым дакументальная - Яна ўвасабляе Касцёл, і даволі часта Яе фігура пабольшаная адносна апостальскіх. Апосталы зазвычай паказваюцца з кнігамі (сімваламі настаўніцтва) ці з місіянерскімі посахамі. У рускіх іконах і гравюрах выява Маці Божай з'яўляецца толькі ў ХVІІ-ХVІІІ стст. пад заходнім (беларуска-ўкраінскім) уплывам.

Спасланне Св. Духа - адзін з нямногіх выпадкаў аб'яўлення Тройцы ў Новым Запавеце, тым не меней гэты сюжэт у беларускім іканапісе прысутнічае часцей за ўсё толькі ў святочным радзе і рэдка як храмавы абраз4. На святочным абразе з іканастаса шарашоўскай Прачысценскай царквы апосталы сядзяць і стаяць у самым нізе. Над імі ўзвышаецца Маці Божая, якая сядзіць на троне ў канцы памяшкання, каля сцяны. Над Яе галавой лунае Св. Дух. Промні ззяння ад яго даходзяць да німба і мафорыя Маці Божай, і гэтым паказана, што Св. Дух сыходзіць перш за ўсё на Яе (такое выдзяленне, верагодна, звязана з тым, што шарашоўскі храм прысвечаны Багародзіцы), праўда, над галовамі апосталаў успыхваюць язычкі полымя5.

Невялікі абраз ХVІІІ ст. з царквы на могілках у Століне таксама, напэўна, паходзіць са святочнага раду іканастаса. Мноства іконаграфічных рысаў сведчаць аб веданні мастаком старадаўняга візантыйскага прататыпу. Сіёнскую святліцу мастак паказаў падобнай да прэзбітэрыя. Апосталы знаходзяцца ў будынку накшталт храмавага. Яны сядзяць групамі, нібы на клірасах, абапал Маці Божай на фоне сцяны з вокнамі і пілястрамі. Узвышэнне з тронам, на якім сядзіць Маці Божая, высунута наперад, як салея ў храме. Марыя прасцерла перад сабою рукі ў жэсце з вобраза Аранты. Уверсе над васьмігранным акенцам у невялікім воблачным паўавале - Св. Дух.

На абразе, верагодна, храмавым, з Троіцкай царквы в. Зёлава (Заходняе Палессе) у цэнтры сядзіць Маці Божая ў блакітнай сукенцы і чырвоным мафорыі. Яе рукі скрыжаваныя. Абапал Яе двума паўкругамі сядзяць басаногія апосталы з кнігамі, адзетыя ў доўгія хітоны і плашчы чырвоных, блакітных, зялёных, жоўтых і вохрыстых колераў. Рукі амаль ва ўсіх складзены ў малітоўным жэсце, на каленях ляжаць кнігі ў чорных пераплётах. Вакол галоваў - німбы, абведзеныя двайной граф'ею, твары індывідуалізаваныя. Кампазіцыя сіметрычная. Незвычайна тое, што падзея адбываецца нібы пад адкрытым небам, пра што сведчыць зялёны пазём з рэдкай траўкай. Пасярэбраны фон аздоблены арнаментам у выглядзе спіральных парасткаў з бутонамі лілеяў і абмежаваны ўверсе трайной аркай, у цэнтры якой на залатым фоне з промнямі злятае ўніз голуб - Святы Дух. Абраз, мяркуючы па значным памерах, знаходзіўся калісьці ў ніжнім радзе іканастаса як храмавы або ў архітэктурным алтары уніяцкага храма.

Безумоўна, такая значная падзея з апостальскай гісторыі знаходзіла сабе месца і ў манументальных роспісах храмаў, асабліва Святадухаўскіх. На жаль, яны не захаваліся. Драўляныя беларускія цэрквы часам размалёўваліся па драўлянай аснове, нярэдка сюжэты малявалі на палотнах, як карціны, і потым прыбівалі да сценаў. Унікальным прыкладам такога жывапісу з'яўляюцца тры вялікія (2 х 3,2 м) гарызантальныя пано 2-й паловы ХVІІІ ст., вывезеныя ў пашкоджаным стане ў 1970-я гады ў Акадэмію навук з зачыненай драўлянай царквы ў Чаравачыцах на Берасцейшчыне6. На адным з іх - «Спасланне Св. Духа» зусім самастойнай кампазіцыі: у горадзе, шчыльна забудаваным камяніцамі і храмамі, выдзелена тонкай сценкай, нібы ўрэзана, паўкруглае («апсіднае») памяшканне без даху. У ім на масіўных лавах вакол Маці Божай сядзяць апосталы (іх чатырнаццаць, а не дванаццаць, як звычайна), над іх галовамі ўспыхваюць вогненныя язычкі. На памяшканне, адкрытае зверху, апускаецца вялізнае паўкруглае вохрыстае воблака, пранізанае промнямі і язычкамі агню, якія падаюць зверху ад Св. Духа, як бы паказваючы, адкуль узяліся агеньчыкі над апосталамі.

Сярод беларускіх старадрукаў «Спасланне Св. Духа» вядома толькі ў дрэварытах з «Часослова» 1617 г. друкарні Лявона Мамоніча і з «Ірмалоя» 1700 г. Магілёўскай брацкай друкарні (Фёдар Ангілейка). Вельмі ўмоўна можна прылічыць да гэтага сюжэта гравюру Максіма Вашчанкі «Святы Дух сыходзіць на Багародзіцу» з «Акафистов всеседмичных» 1698 г. Магілёўскай друкарні.

х х х

Пасля Святадухаўскага свята адзначаецца ўрачыстасць Святой Тройцы. Вучэнне аб адзінасутнаснай і непадзельнай Тройцы з'яўляецца першым і найважнейшым догматам хрысціянства. Імшы ў гонар Тройцы адпраўлялі ўжо ў VІІІ ст. (бенедыктынцы - пачынаючы з ХІ ст.), але ўрачыстае адзначэнне Св. Тройцы ў першую нядзелю на Зялёныя святкі ўведзена ў Заходнім Касцёле Янам ХХІІ толькі ў 1334 г.7. Выяўленчае ўвасабленне «Тройцы» ў сакральным мастацтве ў выглядзе двух іконаграфічных версій прайшло не менш значны шлях.

Сюжэт «Тройцы Старазапаветнай» («Гасціннасць Аўраама») паходзіць з першай кнігі Бібліі «Генэзіс», дзе апавядаецца аб з'яўленні Аўрааму і Сары ў дуброве Мамврэ трох анёлаў у выглядзе падарожнікаў, якія прадказалі, што Сара народзіць сына Ісаака.

З'яўленне трох анёлаў-юнакоў Аўрааму намалявана ў рымскай катакомбе на фрэсцы канца ІV ст.. Той жа сюжэт з даданнем «Гасціннасці Аўраама» знаходзіцца сярод мазаік Санта Марыя Маджорэ (432-440 гг.). На гэтай мазаіцы, як і ў равенскім храме Сан-Вітале (546-547 гг.), ужо маюцца ўсе асноўныя іконаграфічныя элементы «Старазапаветнай Тройцы» (стол, мамврыйскі дуб, дом Аўраама) і дзейныя асобы (размешчаныя побач). У ХІ ст. анёлы кампазіцыйна ўжо ўпісваюцца ў круг (фрэска ў алтары царквы св. Сафіі, Охрыд, шматлікія мініяцюры), але і пазней сустракаецца франтальнае размяшчэнне ў рад (напрыклад, у мазаіках сабору ў Манрэалі, Сіцылія).

Да канца ХІV ст. пераважаў іконаграфічны тып - Бог з двума анёламі, дзе сярэдні анёл выдзяляецца, напрыклад, крыжовым німбам, сімвалізуючы Хрыста (ці Бога-Айца). Потым асноўным становіцца варыянт з раўназначнымі анёламі (так намалявана знакамітая «Тройца» Андрэя Рублёва).

Храмы ў гонар Св. Тройцы на землях Вялікага Княства Літоўскага вядомыя з першых стагоддзяў існавання дзяржавы. Згадаем хоць бы пра віленскую царкву на месцы смерці трох віленскіх пакутнікаў (ХІV ст.), Троіцкі манастыр у Слуцку, касцёл у Ішкалдзі (1471 г.), першы касцёл у Мінску, Святадухаўскую царкву ў Віцебску (ХІV ст.). У пачатку Брэсцкай уніі Св. Тройца стала патронкай літоўскай правінцыі базыльянаў, а іх праваслаўныя апаненты аддалі свае манастыры ў Вільні, Мінску, Куцейне, Мсціславе пад апеку Св. Духа. Але старажытных храмавых абразоў ці роспісаў адпаведных сюжэтаў у гэтых храмах не захавалася.

З існуючых абразоў найбольш дасканалым па кампазіцыі і колеравым вырашэнні можна назваць «Тройцу» (ХVІІ ст.) з вёскі Дастоева на Пінскім Палессі. На абразе - прамавугольны стол, засланы белым абрусам з карункамі; на сярэдзіне - ваза з падсмажанай птушкай (як успамін пра ахвярнага цяльца?), вакол раскладзены садавіна і гародніна, перад анёламі - талеркі з ножыкамі, лыжачкамі і маленькі келіх. Бакавыя анёлы сядзяць абапал стала на крэслах з высокімі разьбянымі спінкамі, прычым на анёле злева, які звычайна сімвалізуе першую асобу Тройцы, плашч зялёны, характэрны для трэцяй асобы (Св. Духа). Колеры ж адзенняў правага анёла - блакітны хітон і чырвоны плашч - належаць Богу-Айцу. Тут гэтыя дзве асобы Тройцы кампазіцыйна нібы памяняліся месцамі (няясна, ці так атрымалася выпадкова ці па волі іканапісца?). Цэнтральны анёл увасабляе Хрыста - пра гэта сведчаць літары ў німбе, пурпурны хітон з залатым шлякам, цёмна-сіні гімацій і распасцёртыя крылы. Над яго галавой узнімаецца магутны ствол дуба з густой кронай. Усе анёлы трымаюць высокія посахі, завершаныя «мальційскімі» крыжыкамі, бакавыя анёлы благаслаўляюць стол. Дом Аўраама сімвалізуе двухпавярховая мураванка з чарапічным дахам; з высокага арачнага пралёту выходзіць гаспадар з гаспадыняю, трымаючы ў руках посуд з нейкім пачастункам. Побытавыя дэталі жыцця надаюць асаблівую цеплыню шэдэўру палескага іканапісца, а пасярэбраны фон з прыгожым нетыповым раслінным арнаментам падкрэслівае ўрачыстасць аб'яўлення Тройцы.

Са значнымі пашкоджаннямі дайшла да нас «Тройца» апошняй чвэрці ХVІІ ст. з крычаўскай Мікольскай царквы. Анёлы сядзяць вакол круглага стала, засланага белым абрусам, на якім стаіць ваза з гронкай вінаграду (а не галавой цяльца, як у найстаражытнейшых выявах), талеркі і кубкі, а таксама ляжаць нажы і лыжкі. Сярэдні анёл у чырвоным хітоне і блакітным плашчы (колеры адзенняў Сына Божага), з шырока распасцёртымі крыламі (страты не дазваляюць разгледзець дэталі німба). Колеры адзенняў на левым анёле - сіні хітон і чырвоны плашч - не зусім адпавядаюць старажытным узорам; зялёны плашч на правым анёле (над яго галавой узвышаецца ствол дуба) сведчыць аб сімволіцы Св. Духа. Над левым анёлам - дом-вежа з арачным пралётам, на самы дах спусціўся чырвоны шар (сонца ці месяц). З дома выходзяць Аўраам і Сара з пачастункам. Усе трое анёлаў благаслаўляюць гледачоў, у левай руцэ - кароткі жэзл з крыжам на канцы.

Мноства блакітных колераў на абразе другой чвэрці ХVІІІ ст. з сяла Вялікае Малешава прымушае ўспомніць вядомае «Блакітнае Успенне» (ХV ст.), магчыма, турава-пінскага паходжання. Падабенства інтрыгуе і таму, што малешаўская «Тройца» знойдзена ў вёсцы Альгомель, колішняй маетнасці турава-пінскіх епіскапаў. На гэтым абразе анёлы ўсе раўназначныя, з аднолькавымі німбамі і блакітнымі крыламі. На стале, засланым белым абрусам з блакітнымі ўзорамі, - тры (!) пазалочаныя келіхі, булачкі, талеркі і нажы. Невядомы палескі іканапісец ці то памылкова, паклаўшы не так, як трэба, графічную прорысь, ці то, сам будучы ляўшой, асэнсавана «павярнуў» кампазіцыю вакол вертыкальнай восі сіметрыі. Два анёлы трымаюць посахі левай рукой, а благаслаўляюць правай, адзін жа з іх, хоць і трымае посах левай рукой, аднак не ўзняў правую ў благаславенні, а прыклаў да грудзей. Яго жэсты паўтарае Аўраам, размешчаны побач з Сарай пад аркадай у верхнім правым вугле, а не злева, як звычайна. Адзначым, што мастак надаў і гаспадарам німбы. Заўважым, што гэтага знаку святасці няма на беларускіх абразах ХVІІ ст., але яго можна бачыць на старадаўніх балканскіх фрэсках і рускіх абразах8.

Слуцкі іканапісец Васіль Маркіянавіч на абразе для Рожанскай царквы павысіў ролю Аўраама, не толькі надзяліўшы яго німбам з подпісам, але і намаляваўшы досыць буйную фігуру праайца на каленях (перад сталом). Такая іконаграфічная кампазіцыя існавала ў старадаўнім мастацтве, а ў пазнейшыя часы - на ўкраінскіх абразах. (Магчыма, адтуль Маркіянавіч яе і запазычыў. Вядома, што ён нейкі час навучаўся ў майстэрні Кіева-Пячэрскай лаўры.) На белым абрусе на талерцы ляжыць вялікая рыбіна, садавіна, стаіць келіх, на талерках перад кожным анёлам - пірагі. Анёлы сядзяць за сталом франтальна, трымаючы высокія посахі і благаслаўляючы. Адзеты ў рознакаляровыя хітоны, аздобленыя кветкамі, і зялёны, блакітны, чырвоны гімаціі. Цікава, што крылы таксама рознага колеру: белыя, зялёныя, блакітныя. Крона дуба - над сярэднім анёлам. У левым вугле - маленькая фігурка Сары ў праёме вежы. Мастак пакінуў фундацыйны надпіс з датай «1761 год» і імёнамі данатараў Давыда Сечкі і Салуяна Казола (а можа, Казла?), які аддалі ў царкву «за отпущение грехов своих».

«Тройца Новазапаветная» ў іканаграфіі склалася даволі позна. Спачатку ў ІХ ст. групуюцца атрыбуты трох Боскіх асобаў (рука Айца, крыж Сына), потым эмблемы змяняюцца людскімі фігурамі Бога-Айца і Сына. У канцы ХІІ ст. з'яўляюцца абразы, на якіх Сын сядзіць побач з Айцом, а голуб паміж імі або над кнігай мудрасці, якую Айцец трымае левай рукою. У ХІV ст. малююць трох асобаў, накрытых адным плашчом, кожную са сваім сімвалам: Айца - з зямной сферай, Сына - з Крыжам, Св. Духа - з Кнігай Мудрасці. Абеляр дадумаўся да фігуры з трыма тварамі, але такая выява не прыжылася (Урбан VІІІ асудзіў яе ў 1628 г., а Бенедыкт ХІV - у 1745 г.). Сімвал Тройцы - раўнабочны трохкутнік або тры кругі, адзін у адным (апошняе паходзіць ад бачання прарока Езекііля9. Асобным варыянтам Новазапаветнай «Тройцы» з'яўляецца «Айцоўства», дзе сівавалосы Бог-Айцец сядзіць на троне і трымае на каленях юнага Сына, а той трымае ў руках дыск са Св. Духам. Вядомы таксама абразы, на якіх Сын паказаны ўкрыжаваным.

У беларускім іканапісе «Тройца новазапаветная» з'яўляецца ў часы царкоўнай уніі, выцясняючы «Гасціннасць Аўраама», і распаўсюджваецца ў 2-й палове ХVІІІ ст. Іканапісная стрыманасць у гэты час нярэдка адступае перад моднымі мастацкімі стылямі. Так, на «Тройцы» 1790 г. з царквы ў в. Чарняны, намаляванай у традыцыйнай тэхніцы іканапісу на дошцы па ляўкасе, выразны запознены ўплыў ракако - стылю, наогул, не царкоўнага. У цэнтры кампазіцыі на воблачнай градзе ляжыць агромністая сфера («Сусвет»). З правага боку, трымаючы ў руках скіпетр, на яе злёгку абапёрся сівавалосы Бог-Айцец у ружовым хітоне і блакітным плашчы. З другога боку лёгка ступае па воблаках Хрыстос, напаўпрыкрыты пурпурным плашчом, з цяжкім крыжам. Паміж іх галовамі на залатым фоне лунае Св. Дух у сярэдзіне агульнага для ўсіх асобаў Тройцы трохкутнага німба.

З незвычайнай экспрэсіяй і анатамічнымі дэфармацыямі на мяжы магчымага намалявана невядомым майстрам-самавукам «Новазапаветная Тройца» канца ХVІІІ ст. з уніяцкай капліцы ў в. Вялікая Воля на Слонімшчыне. Саваоф, адзеты ў цёмна-зялёны хітон і сіні плашч, у левай руцэ трымае скіпетр, а правай благаслаўляе. Яго галаву ахінае трохкутнік, над Хрыстом німба няма, ад Св. Духа ідзе яркае ззянне з промнямі.

«Тройца» 1-й паловы ХVІІІ ст. з в. Морына (на Наваградчыне) належыць пэндзлю невядомага мастака з добрай прафесійнай школай, які ведаў заходнюю іканаграфію, а, магчыма, і меў творчую вандроўку за межы Рэчы Паспалітай. Бог-Айцец паказаны тут у адзеннях рымскага біскупа з ціярай на галаве, правая рука благаслаўляе, левая трымае дзяржаву. Нельга не адзначыць анатамічна дакладны малюнак напаўаголенага цела Хрыста, ідэальныя, прыгожа мадэляваныя твары. З-за высокай ціяры Бога-Айца німб вакол Яго галавы заўважна большы, чым у Хрыста. Сціпла выглядае галубок, абведзены авальнай рамкай. Хоць абраз намаляваны алеем на палатне, на яго фоне густой фарбай пакладзены рэльефны раслінны арнамент, як на тэмперных абразах на дошках.

«Тройца» з Кобрыншчыны, намаляваная ў традыцыйнай тэхніцы іканапісу (на дошцы па ляўкасе), стылістычна належыць да позняга барока і выканана мастаком з дасканалай прафесійнай падрыхтоўкай. Пра гэта сведчыць дасканалая кампазіцыя і анатомія фігур, ідэальныя партрэтныя воблікі Айца і Сына. Вельмі своеасабліва паказаны Сусвет: паверхня запоўнена замкамі, палацамі, храмамі сярод квітнеючых зялёных дрэў. Гэты райскі пейзаж спрабуе атруціць біблейскі змей з ядавітым джалам (ён абвіўся вакол сферы).

Св. Тройца (Новазапаветная) прысутнічае ў сюжэце «Каранаванне Панны Марыі». Каранаванне - частка зямнога жыцця Маці Божай. Часта ў такім сюжэце ўвасабляецца сам Касцёл. Гэты вобраз узнік у гатычным мастацтве ХІІІ ст., пазней ён часта з'яўляецца ў алтарах касцёлаў, асабліва кляштарных, прысвечаных Маці Божай10. Да прыкладу, такі абраз знаходзіўся першапачаткова ў верхнім ярусе галоўнага алтара францішканскага касцёла ў Пінску (дзе цяпер «Стыгматызацыя св. Францішка»). На выдатным абразе з Ліды Панна Марыя стаіць на каленях на маладзіку на воблаках, вышэй на воблаках сядзяць Бог-Айцец і Хрыстус, які трымае над Ёю карону. У самым версе рэльефнага фона - Св. Дух, ад якога на Марыю сыходзяць промні. Абраз, дасканала намаляваны на дошцы па ляўкасе, вызначаецца дакладным малюнкам, багаццем колераў, дэкаратыўнасцю рэльефнага разьбянага арнаменту на фоне. Верагодна, ён з'яўляецца сапраўды унікальным рэліктам віленска-наваградскага іканапісу эпохі барока. Як выключна рэдкі выпадак неабходна згадаць неверагодна падобны абраз з Аршаншчыны (магчыма, ён трапіў туды выпадкова)11. Адзінае значнае адрозненне ў тым, што Хрыстус паказаны тут без крыжа, крыху інакш скампанаваны разьбяны па ляўкасе арнамент на фоне, кірылічнымі напісамі пазначаны асобы Тройцы.

Зялёныя святкі (Сёмуха) - адно з самых любімых святаў у многіх славянскіх народаў (асобныя святы, прысвечаныя дрэвам і кветкам, былі вядомыя ў старажытных грэкаў і рымлянаў). Нашы продкі ў дахрысціянскія часы ў канцы мая ці напачатку чэрвеня адзначаючы вясновае адраджэнне зямлі ўшаноўвалі багіню вясны Ладу. У беларускіх вёсках яшчэ не так даўно дзяўчаты «завівалі бярозкі», вілі вянкі для самых блізкіх людзей - бацькі, маці, братоў, сясцёр, мілага сэрцу, вадзілі па вёсцы «куст», спяваючы «дзе куста вадзілі, там пшанічанька радзіла». І цяпер у гэтыя святы касцёлы і цэрквы аздабляюць бярозкамі, а падлогу ўсцілаюць аерам, травамі і кветкамі. Пяцідзесятніца ў Старым Законе азначала атрыманне на гары Сінай дзесяці Божых Запаведзяў (якраз на пяцідзесяты дзень зыходу ізраэлітаў з Егіпта). У Новым Законе гэта дзень нараджэння Касцёла і абвешчання Евангелля. У суботу перад Зыходжаннем асвячаецца вада для хрышчэння, як і ў Вялікую Суботу. Касцёл, прыпамінаючы момант Зыходжання Св. Духа на апосталаў, просіць, каб ён ласкава зышоў на ўсіх верных, напаўняючы іх дарам мудрасці, богабаязні і любові.


  1. Евангелие в памятниках иконографии, преимущественно византийских и русских. Н.Покровского. М., 1896. С. 448 и далее.
  2. Майкапар Александр. Новый Завет в искусстве (Очерки иконографии западного искусства). М., 1998. С. 297-298.
  3. Очерки памятников христианской иконографии и искусства Н.Покровского. СПБ, 1900. С. 196.
  4. Смирнова Э.С., Лаурина В.К., Гордиенко Э.А. Живопись Великого Новгорода. ХV век. М., 1982. С. 189.
  5. Жывапіс Беларусі ХІІ-ХVІІІ стагоддзяў. Фрэска, абраз, партрэт. Мн., 1980. С. 106.
  6. Музей старажытнабеларускай культуры. Каталог экспазіцыі. Мн., 1983. С. 177.
  7. Podreczna encyklopedia koscielna. Т. 39-40. Warszawa-Lublin-Lodz. 1914. С. 258.
  8. Троица Андрея Рублёва. Антология. М., 1981.
  9. Podreczna encyklopedia koscielna. Т. 39-40. С. 258.
  10. Джеймс Холл. Словарь сюжетов и символов в искусстве. М., 1999. С. 310-311.
  11. Іканапіс Беларусі ХV-ХVІІІ стагоддзяў. Мінск, 1992. С. 94.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY