Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(12)/2000
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
Да Юбілею 2000 Года
Рэха пілігрымкі

SURSUM CORDA!
Мастацтва
Кантрапункт

НАДЗВЫЧАЙНАЕ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Постаці
Проза

Тамара ЛІХАЧ

ОРДЭН ДАМІНІКАНЦАЎ І РАЗВІЦЦЁ МУЗЫЧНАЙ КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСІ

Пачатак

Дамініканскія музычныя рукапісы

У Аддзеле рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага універсітэта захоўваецца некалькі аб'ёмных музычных рукапісаў з буйнейшых дамініканскіх кляштараў ВКЛ. Амаль усе яны датуюцца досыць познім перыядам - ХVІІІ і пачаткам ХІХ ст.1 - і, такім чынам, адлюстроўваюць толькі кароткі эпізод з музычнай практыкі досыць старажытнага ордэна.

Адметная рыса музычнай практыкі ордэна гэтага перыяду, падчас якога ў музычным мастацтве на першы план усё больш выходзіць інструментальнае выканальніцтва, - захаванне ў поўным аб'ёме старажытнай грыгарыянскай манодыі. Акты правінцыяльных капітул літоўскіх дамініканцаў дэманструюць, што і ў іх кляштарах звычайна назначаўся кантар, абавязкам якога было спецыяльна займацца харальным спевам. Так, у 1646 г. Грыгорый Бадуховіч быў прызначаны кантарам для кляштара ў Мерэчы, а Віктар Друзбіч - у Гродна [6]; Павел Падымоўскі, кантар, пасля працы ў Жулкве пераехаў да Улы (з 24.ХІ.1689), Чашнікаў (з 4.ІХ.1690) і Шклова (з 6.ІІ.1691 г. і, напэўна, да смерці ў 1694 г.). Ян Матусевіч быў кантарам і прапаведнікам кляштара ў Папорцах у 1824 і 1827 гг. [8; с. 179].

Дамініканскія нотныя зборнікі ў параўнанні, напрыклад, з антыфанарыямі і харальнымі канцыяналамі беларускіх бернардзінцаў, паказваюць, што менавіта харал, як гэта рэкамендавала Канстытуцыя ордэна, быў асновай літургічнага рэпертура прапаведнікаў. Хутчэй за ўсё, не толькі выпадковасцю тлумачыцца і тое, што ў архіве знаходзяцца аж тры поўныя дамініканскія антыфанарыі ХVІІІ ст. (Віленскі, Нясвіжскі і з Папорцаў). У дамініканскіх антыфанарыях старанна занатаваныя амаль усе кананічныя мелодыі не толькі асноўных службаў афіцыя (ютрані, хваленняў, нешпараў), але нават антыфоны маленькіх службаў кананічных гадзін, якія ў большасці касцёлаў маглі служыцца без спеваў. Традыцыйныя мелодыі падаюцца ў іх у найбольш распеўным, мелізматычным варыянце.

Пазнаёмімся з важнейшымі помнікамі дамініканскай традыцыі на Беларусі, па магчымасці прытрымліваючыся храналогіі іх стварэння.

Поўны і дакладны, акуратна перапісаны антыфанарый навіцыята дамініканцаў у Папорцах2 датаваны 4 снежня 1709 г.: «Навіцыят у Папорцах. Антыфанарый Панскіх святаў і службаў святым, сабраным паводле абраду дамініканцаў»3.

Старонка з нясвіжскага рукапісу «Харальныя месы» (F 45–58)
Рукапіс з Папорцаў выкананы спрошчанай квадратнай рымскай харальнай натацыяй, чорнай тушшу. Перапісчык з дамініканскага навіцыяту строга прытрымліваўся пастановаў Апостальскай Сталіцы, яго ноты скапіраваны з тагачасных харальных выданняў і цалкам аднолькавыя па форме. Напэўна, гэта звязана менавіта з навучальнай роляй антыфанарыя. Цікавая асаблівасць зборніка - графічны арнамент з васількоў, які вельмі падобны да традыцыйных беларускіх вышывак, змешчаны ў канцы кожнага раздзела. Магчыма, рукапіс быў створаны кімсьці з беларускіх навіцыяў.

Змест рукапіса - летняя частка кананічнага антыфанарыя. Створаны для выкарыстання ў навіцыяце, ён цалкам адпавядае па сваёй структуры ўсталяванай традыцыі. Тры яго часткі - Летняя частка Панскіх святаў (98 с.), Летняя частка антыфанарыя святых (156 с.) і Летняя частка антыфанарыя службаў групы святых (17 с.) - адлюстроўваюць кананічную іерархію касцёльных святаў. Да антыфанарыя далучаны рукапіс пахавальнай Імшы (на 12 старонках).

Яшчэ адзін рукапіс без тытульнай старонкі з бібліятэкі навіцыяту ў Папорцах4 - гэта, мяркуючы па яго змесце, няпоўны антыфанарый [19]. Перапісаны ён надзвычай акуратна, так, што стварае ўражанне друкаванага. На 181 с. зборніка занатаваныя розныя харальныя мелодыі, прызначаныя для вывучэння ў навіцыяце.

Збор мелодый ардынарыя месаў - аб'ёмны фаліянт з Папорцаў - таксама дайшоў да нашага часу без тытульнай старонкі [24]. Па змесце ён досыць тыповы для каталіцкай традыцыі другой паловы ХVІІІ ст. Такога тыпу зборнікі прыйшлі на змену традыцыйным градуалам, большую частку зместа якіх складалі мелодыі імшальнага пропрыя5. Рукапіс не датаваны. Супрацоўнікі Аддзела рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага універсітэта датавалі гэты збор ХVІ-ХVІІ ст., але спрошчаная паслятрыдэнцкая грыгарыянская натацыя ніяк не дазваляе весці размову пра ХVІ ст., калі ў практыцы шырока ўжываліся харальныя ноты самых розных формаў. Датаванне ХVІІ ст. таксама здаецца малаверагодным з-за падабенства кнігі па палеаграфічных прыкметах да рукапісаў канца ХVІІІ - пачатку ХІХ ст. Па тыпу афармлення зборнік вельмі нагадвае разгледжаны ў папярэдніх раздзелах антыфанарый з Папорцаў 1709 г., аднак большы схематызм нотнага запісу прыводзіць да думкі, што збор месаў мае пазнейшае паходжанне. Асаблівасці почырка, пераплёту і знешняга выгляду дазваляюць лічыць часам яго ўзнікнення другую палову ХVІІІ ст.

Напэўна, недакладнасць датавання ў бібліятэцы абумоўлена пашарпаным, старым выглядам фаліянту, які шмат разоў падклейваўся, падчышчаўся, пераплятаўся. На наш погляд, гэта сведчанне актыўнага выкарыстання змешчанага ў ім рэпертуару ў літургічнай практыцы навіцыята. Паралельны гэтаму збору месаў антыфанарый з Папорцаў куды больш чысты, акуратны, а значыць менш ужываны.

Лацінскі ўладальніцкі запіс змешчаны на фарзацы: «Належыць бібліятэцы навіцыята ў Папорцах, ордэн дамініканцаў»6. На адвароце вокладкі ў канцы тома ёсць яшчэ адзін, індывідуальны ўладальніцкі запіс на польскай мове: «Належыць Ігнацыю Вулкоўскаму».

Рукапіс запісаны чорнай тушшу спрошчанай рымскай харальнай натацыяй, дзе ўжываюцца толькі ноты квадратнай і ромбападобнай формы, прычым апошнія часам злучаны агульным штылем накшталт васьмых. Ён некамплетны: з 136 старонак адсутнічаюць 14 (сс. 35-40, 59-60, 75-80), аднак гэта не перашкаджае вызначыць змест зборніка: 15 месаў («Ханаціка», «Кракаўская», «Хрыстафорава», «Рымская», «Касінская», «У грэцкім стылі», «Першая Канстанцінопальская», «На ўсе падвойныя святы», «На падвойныя святы, «Простая», «Посная», «Пасхальная», «Варшаўская», «Благаславёным» без Крэда), 9 асобных частак «Credo», якія, як гэта было звычайным для рукапіснай традыцыі Беларусі ў ХVІІІ ст., маюць назву «Patrem»7 («Тромпта», «Варшаўскае», «Хрыстафорава», «Рымскае», «Венецыянскае», «Анёльскае», «Італьянскае», без назвы, «Ніцэйскае»), секвенцыя свята Нараджэння Хрыстова «Laetabundus exultet»; проза свята Цела Хрыстова «Lauda Syon Salvatorem» і антыфон «Ecce panis Angelorum».

Як бачна, паводле старажытнай традыцыі «Крэда» трактуецца ў Папорцах як асобная, незалежная ад іншых частка ардынарыя месы. Калі лагічна палічыць, што, напрыклад, «Хрыстафорава» ці «Рымская» месы спяваліся з «Крэда» з аналагічнай назвай, дык такія сімвалы веры, як «Тромпта», «Венецыянскае», «Анёльскае», «Італьянскае», без назвы, «Ніцэйскае» не маюць адпаведнікаў у цыклах, запісаных раней і, напэўна, выконваліся па выбары. Такія суадносіны часткі «Крэда» з астатнім ардынарыем месы - тыповая з'ява для ўсіх беларускіх рукапісаў наогул.

Усе мелодыі рукапісу - а гэта унікальны выпадак - сустракаюцца і ў іншых зборніках літургічнай музыкі Беларусі. Такім чынам, з упэўненасцю можна сказаць, што ў зборніку навіцыяту з Папорцаў адлюстраваны найбольш тыповы для ХVІІІ ст. рэпертуар аднагалосых месаў. Адзінае выключэнне - сімвал веры з назвай «Варшаўскі», іншых копій якога пакуль што знайсці не ўдалося.

Цікавая рыса папорцкага зборніка месаў у тым, што перапісчык карыстаўся выключна спрошчанай харальнай натацыяй, якая не дазваляе ўявіць рытмічную інтэпрэтацыю гэтых твораў. Папорцкі місал дэманструе спецыфічны этап пераасэнсавання старажытнай традыцыі, калі адбываюцца працэсы структуравання музычнай «прозы» харала, стварэння новага тыпу мелодыкі, лагічных музычных формаў. Менавіта ардынарый месы быў тым жанрам, дзе гэта адбывалася найбольш актыўна. Такога ж тыпу трансфармацыя ўласцівая і заходнееўрапейскай літургічнай практыцы тых часоў, бо спевы месаў, у адрозненне ад службаў афіцыя, увесь час узаемадзейнічалі з сучаснай ім свецкай музычнай традыцыяй. Для ардынарыя месаў характэрна ўзнікненне вялікага рэпертуара псеўдахаральных мелодый, што як бы знаходзяцца ў нейтральнай стылёвай зоне: гэта яшчэ не цалкам сучасная эпосе класіцызму музыка, аднак ужо і не харал. Калі-некалі іх запісваюць харальнай натацыяй, як гэта рабілі і беларускія дамініканцы, а часам ужо па-новаму, як фігуральную музыку, што ўласціва, напрыклад, францішканскім ордэнам.

Большасць аднагалосых ардынарыяў месаў з папорцкага місала хоць і запісаны харальнай натацыяй, па мелодыцы і стылі значна адрозніваецца ад традыцыйнага грыгарыянскага харала, прадстаўленага ў антыфанарыях і харальных канцыяналах. Шырокае выкарыстанне секвенцый, паўтораў асобных зваротаў, ходаў па трохгуччах у мелодыцы; рэпрызных і рондападобных формаў у архітэктоніцы частак набліжаюць гэтыя творы да раннекласіцысцкага стылю. Аднак важна, што сучаснікі ўспрымалі такія творы ўсё ж такі як «харал», як прамы і непасрэдны працяг манадыйных традыцый касцёльнай музыкі.

Важным цэнтраль для ўсіх беларусіх дамініканцаў быў віленскі кляштар Св. Духа. У пастановах капітулы ордэна 1667 г. ён нават названы «маткай усёй правінцы» [7]. З сярэдзіны ХVІІ ст. у Вільні знаходзіліся генеральныя студыі ордэна [8, с. 1]. Паводле на- шых матэрыялаў, тут у ХVІІІ ст. працаваў нотны скрыпторый, дзе перапісваліся кананічныя харальныя кнігі. Аб'ёмныя каліграфічна перапісаныя квадратнай рымскай харальнай натацыяй антыфанарыі ствараліся айцом Серафіновічам. У 1752 г. ён напісаў вялізны двухтомавы антыфанарый Панскіх святаў і святаў розным святым для віленскага дамініканскага кляштара. «Антыфанарый Гасподніх святаў паводле абрадаў Святога ордэна прапаведнікаў; перапісаны айцом Серафіновічам у час, калі прыёрам8 генеральнага віленскага кляштара Св. Духа быў шаноўны айцец, кандыдат св. тэалогіі Мікалай Вадынскі. 1752 г.» (зімовая і летняя часткі)9. Несумненна, яго рукой выкананы і два тамы «Антыфанарыя службаў святым паводле абрадаў святога ордэна прапаведнікаў; перапісаныя адным айцом у час, калі прыёрам генеральнага віленскага кляштара Св. Духа быў шаноўны айцец, кандыдат св. тэалогіі Мікалай Вадынскі. 1752 г.»10 (зімовая і летняя часткі), напісаныя ў тым жа годзе. Аб гэтым сведчыць як той факт, што ўсе чатыры тамы - часткі аднаго цэлага, якое ахоплівае спевы дзённых службаў усяго касцёльнага года, так і шэраг палеаграфічных прыкметаў (адзінства почырка, паперы і пераплёта). Тытульныя старонкі «Антыфарыя Панскіх святаў...» і «Антыфанарыя службаў святым...» амаль цалкам супадаюць, толькі ў другім выпадку Серафіновіч не палічыў патрэбным адзначаць сваё імя і сціпла адзначыў: «перапісаны... адным айцом».

Верагодна, айцец Серафіновіч узначальваў скрыпторый па стварэнні нотных рукапісаў у адпаведнасці з пастановамі правінцыйных капітулаў дамініканцаў, якія, як ужо адзначалася вышэй, рэкамендавалі пастаянна клапаціцца аб забеспячэнні кляштараў ордэна пеўчымі кнігамі. Надзвычайная акуратнасць і каліграфічнасць рукапісаў айца Серафіновіча прыводзіць да думкі, што ён мог карыстацца тым «італьянскім « метадам нотнага запісу, які падрабязна апісаны ў падручніку нясвіжскага бенедыктынца Антонія Арнульфа Варанца (1809 г.): «Італьянцы для запісу харальных нотаў (няхай сабе і на пергаменце) замест пяра ўжываюць дзеля больш хуткага запісу цвёрды штампік з дрэва, апрацаваны на канцы ў выглядзе квадрата і роўна абрэзаны; спусціўшы на шкло некалькі кропель атраменту, мочаць у ім канец гэтага дрэўка; намачыўшы, назіраюць, ці не звісае атрамент з рэўка, а калі ўбачаць, што атраменту зашмат узялося, датыкаюцца тым штампікам да сухога шкла, якое прыцягвае да сябе лішак атраменту з дрэўка, і толькі пасля таго пераварочваюць дрэўка і прыціскаюць яго да лініі ці над лініяй, фармуючы квадратныя, зафарбаваныя пасярэдзіне ноты. Калі жадаюць надаць ноце іншую форму, пераварочваюць дрэўка і ім жа фармуюць ноту меншай працягласці, мініму, падобную да сухарыка. Такі інструмент ужываюць для больш хуткага напісання брэвісаў, семібрэвісаў і іншых фігур, якія павінны быць зафарбаваны ў сярэдзіне» [3, с. 178]. Дарэчы, падобна на тое, што гэткай жа тэхнікай выконваліся і некаторыя рукапісы шматгалосых твораў, напрыклад, слонімскіх бернардзінцаў.

У віленскіх антыфанарыях, напісаных рымскай харальнай натацыяй (з нотамі ў выглядзе квадратаў і ромбаў), сабраны антыфоны, рэспансорыі, гімны і іншыя спевы ўсіх дзённых службаў афіцыя.

Кнігі Серафіновіча, як здаецца, разыходзіліся і па Беларусі. Так, яшчэ адзін буйны дамініканскі цэнтр Беларусі - нясвіжскі кляштар11 - меў яўна напісаны ў яго скрыпторыі прыгожы двухтомавы антыфанарый: «Антыфанарый, які ўключае Панскія святы (Т. 1). і службы святым (Т. 2), паводле абрадаў братоў святога ордэна прапаведнікаў, у адпаведнасці з абрадамі дамініканцаў, перапісаны братам таго ж ордэна ў розныя часы, закончаны ў 1760 г. да большай славы Бога і Благаславёнай Дзевы Марыі»12. Аб прыналежнасці антыфанарыя нясвіжскаму кляштару сведчаць дадатковыя тытульныя старонкі абодвух тамоў, дзе ўпамінаецца прыёр Гаспар (Каспар) Шульц, які, напэўна, набыў гэтыя кнігі: «Антыфанарый для хора братоў нясвіжскага кляштара, набыты ў 1773, калі прыёрам другі раз быў лектар філасофіі Каспар Шульц» (Т. 1) і «Антыфанарый для зручнасці псалмадыравання Боскага афіцыя ў хоры братоў нясвіжскага кляштара, набыты ў 1773 г., калі auspicatiss прыёрам у другі раз быў святой філасофіі лектар Каспар Шульц» (Т. 2)13.

Даты на асноўнай і дадатковай тытульных старонках адрозніваюцца больш чым на 10 гадоў, што сведчыць пра абмен кляштарамі аднаго і таго ж ордэна харальнымі кнігамі. Даволі цікавая і асоба Каспара Шульца - прыёра нясвіжскага кляштара. Ён у 1771 г., за два гады да набыцця антыфанарыя, суправаджаў эксправінцыяла А.Букоўскага на генеральную капітулу ордэна ў Рым [8, с. 31]. Па дакументах Шульц названы лектарам тэалогіі і «таварышам» (socyuszem) А.Букоўскага. Дарэчы, у 1750-1753 гг. Букоўскі быў прыёрам віленскага кляштара Св. Духа і, натуральна, захаваў сувязі з гэтым цэнтрам, а таму пазней мог спрыяць набыццю Шульцам напісаных у Вільні антыфанарыяў. У Рыме Шульц меў магчымасць пазнаёміцца з практыкай харальных спеваў у Італіі, што, верагодна, паўплывала на яго цікавасць да пеўчых кніг.

Нясвіжскі антыфанарый, акрамя вялікага рэпертуару харальных мелодый для службаў афіцыя на поўны касцёльны год, уключае і важны для педагагічных і богаслужбовых мэтаў дадатак - гімны розных святаў (с. 501), «Gloria» і рэспансорыі ў васьмі касцёльных тонах (с. 518), маленькія рэспансорыі кананічных гадзін (с. 521), спевы «Benedicamus» (с. 539), меладычныя мадэлі псалмовых рэчытацый ва ўсіх касцёльных тонах (с. 541). Завучванне напамяць такіх тонавых формул было неад'емнай часткай навучання касцёльных спевакоў на працягу ўсяго Сярэднявечча. Як адзначае польскі даследчык Е.Мараўскі, які ўпершыню апублікаваў гэтыя матэрыялы, кожная такая мадэль дазваляла свабодна спяваць любыя псальмовыя тэксты, захоўваючы ўласцівыя ім меладычныя фігуры пачатку («тон пачынаецца так» - «tonus sic incipit»), сярэдзіны («такім чынам «згібаецца» ўсярэдзіне» - «sic flectitur»), сярэдзіннага каданса («так кадансіруе ўсярэдзіне» - «sic mediatur») і фінальнага каданса («так завяршаецца» - «sic finitur») [10, с. 34-36].

НОТНЫ ПРЫКЛАД 1.

Пасля тонавых формул у нясвіжскім антыфанарыі змешчаны так званыя дыферэнцыі - традыцыйныя варыянты фінальных кадэнцый касцёльных тонаў, што змяняюцца ў залежнасці ад гука, якім распачынаецца ці завяршаецца звязаны з псальмам антыфон. Гукі «E u o u a e», напісаныя пад кадансавымі мелодыямі, - гэта галосныя традыцыйных слоў «Saeculorum. Amen», якімі завяршаецца большасць літургічных тэкстаў. Тэкст гэтага прыкладу.

НОТНЫ ПРЫКЛАД 2.

Нясвіжскія дамініканцы валодалі таксама унікальным рукапісам: «Інвітаторыі розных святаў»14. На апошнім фарзацы змешчаны ўладальніцкі запіс: «Нясвіжскага кляштара жабрацкага ордэна прапаведнікаў»15. Падобны старажытны тып зборніка мелодый аднаго жанру быў распаўсюджаны ў Сярэднявеччы (напрыклад, секвенцыарый, алелюарый, кірыал). Аднак ён вельмі рэдкі ў ХVІІ-ХVІІІ ст., калі ўжо трывала ўсталяваліся тыповыя для каталіцкай традыцыі антыфанарыі, градуалы, рытуалы ці свабодныя па колькасці і жанравым складзе мелодый харальныя канцыяналы. Тым не менш у Беларусі зборнікі інвітаторыяў перапісваліўся ў ХVІІІ ст. не толькі дамініканцамі. Напрыклад, у Расходнай кніжцы жаночага цыстэрцыянскага кляштара ў Кімбараўцы запісана: «18 ліпеня 1752 г. Па загаду пані прыарысы брату ... (прозвішча не чытаецца - Т.Л.) за кніжкі інвітаторыях для хора 8 зл. 2 грошы» [30, арк. 36 адв.].

У рукапісе інвітаторыяў 208 старонак, 42 з якіх не пранумараваныя. У канцы зборніка змешчаны «Паказальнік усяго запісанага ў гэтай кніжачцы»16, дзе ўсе занатаваныя спевы пералічаны па месяцах, што значна аблягчае карыстанне кнігай. Рукапіс напісаны двума перапісчыкамі, якія працавалі ў адной манеры. Першаму з іх належаць сс. 1-40, другому - сс. 41-208. Выкананы ён каліграфічна, нямецкай, ці гатычнай, харальнай натацыяй, са старанна выпісанымі чорнай тушшу ініцыяламі, таксама ў гатычнай манеры. Па графіцы ён нагадвае нямецкія нотныя выданні ХVІ ст.

Змест нясвіжскага зборніка - інвітаторыі17 і інтроіты18 розных святаў (Марыйных, Панскіх, мучанікаў, спаведнікоў, пасхальныя), а таксама тракты19 Вялікага Посту. Традыцыйны для жанру інвітаторыя псальм «Venite exultemus» у нясвіжскім зборніку інвітаторыяў запісаны для розных святаў аж у сямі розных меладычных варыянтах. Гэта красамоўна сведчыць пра паўнату і дакладнасць захавання старажытнай манодыі.

Яшчэ адзін харальны рукапіс не мае ні даты, ні ўладальніцкіх запісаў [22]. Аднак тып яго пераплёту, нотны почырк, якасць паперы сведчаць пра тое, што ён створаны ў скрыпторыі нясвіжскіх дамініканцаў. Гэта пацвярджаецца ў выціснутым на вокладцы загалоўкам «missae chorales», бо такія глыбокія рэльефныя назвы на пераплётах кніг шырока ўжываліся ў Нясвіжы. Рукапіс напісаны рымскай харальнай натацыяй, вельмі акуратна, каліграфічна. Ён амаль не саступае друкаваным нотам тых часоў. Гэта тая ж прафесійная традыцыя нотапісу, якую мы бачылі ў нясвіжскіх і віленскіх антыфанарыях.

Амаль увесь рукапіс (280 старонак) належыць аднаму перапісчыку, почырк змяняецца толькі са старонкі 272. Кніга даволі пашарпаная, нягледзячы на цвёрдую вокладку з металічнымі навугольнікамі і даволі тоўстую паперу. Гэта акалічнасць зноў жа сведчыць на карысць папулярнасці занатаванага ў рукапісе рэпертуару.

У зборнік уключаны спеў «Asperges me», які выконваецца падчас нядзельнага пакраплення вадой; 14 месаў («Кракаўская, «Хрыстафорава», «Рымская», «Касінская», «У грэцкім стылі», «На ўсе падвойныя святы», «На падвойныя святы», «Ягелонская», «Простая», «Адвэнтовая», «Страсная ці Посная», «Пасхальная», «Другая Канстанцінопальская ці меншая», «Першая Канстанцінопальская»), 13 асобных «Patrem» («Тромпта», «Хрыстафорава», «Рымскае», «Венецыянскае», «У грэцкім стылі», «Меншае Італьянскае», «Нядзельнае», «Анёльскае», «Апостальскае», «Люблінскае», «Польскае», «Пасхальнае», «Ніцэйскае»), «Рымскае «Sanctus», рэквіем, пяць секвенцый (свята Нараджэння Хрыстова, Вялікадня «Victimae paschali laudes», Спасланне Духа Святога «Veni Sancte Spiritus», Божага Цела, св. Дамініка «In coelesti Hierarchia»).

Па змесце нясвіжскі рукапіс падобны да збору месаў навіцыяту з Папорцаў, апісанаму намі вышэй. Цэлая група кампазіцый - месы «Кракаўская», «Хрыстафорава», «Рымская», «Касінская», «У грэцкім стылі» - у абодвух фаліянтах цалкам супадаюць і нават запісаны ў аднолькавай паслядоўнасці (напэўна, яны капіраваліся з нейкай агульнай першакрыніцы). Наогул 11 месаў і 8 «Patrem» у абодвух кнігах аналагічныя; у нясвіжскім зборніку не запісаны толькі месы «Ханаціка», «Варшаўская» і «Пра Благаславёных», а таксама «Варшаўскае Patrem». Затое ў склад рукапісу дадаткова ўведзены месы «Ягелонская», «Другая Канстанцінопальская», «Адвэнтовая»; сімвал веры «У грэцкім стылі», «Нядзельны», «Люблінскі», «Польскі», «Пасхальны». Там не менш еднасць музычнай традыцыі, рэпертуару і нават падабенства нотапісу не выклікаюць сумненняў.

Абодва рукапісы маюць і свае адметныя асаблівасці. Так, кніга з Папорцаў вызначаецца скарачэннямі тэкстаў і меладычных зваротаў. Магчыма, значныя скарачэнні кананічных тэкстаў рукапісу з Папорцаў звязаны з практыкай альтэрацыі, калі некаторыя фрагменты асобных частак выконваліся папераменна хорам і арганам. Альтэрацыя была вельмі распаўсюджанай у каталіцкім набажэнстве Еўропы гэтага перыяду, яе ўжыванне зафіксавана і ў шэрагу беларускіх рукапісаў, дзе адзначана, што некаторыя эпізоды павінен выконваць арган.

Рукапісы з Папорцаў і Нясвіжа пацвярджаюць еднасць дамініканскай традыцыі не толькі ў спевах афіцыя, але і ў касцёльнай музыцы ўвогуле. У той жа час яны даюць магчымасць яшчэ раз падкрэсліць вялікую ролю Нясвіжа і Папорцаў у захаванні і культываванні манодыі.

Гродзенскаму кляштару20 належаў цікавы харальны канцыянал. Зборнік невялікіх памераў (56 аркушаў з тэкстам і 32 пустых) і малога фармату мае ўладальніцкую наклейку, выкананую друкарскім спосабам: «Бібліятэка гродзенскага кляштара ордэна прапаведнікаў»21. На тытульнай старонцы тушшу намаляваныя кветкі і вельмі прыгожая вязь лацінскімі літарамі. На адвароце тытульнай старонкі - штамп-вензель Дамініка Сівіцкага з надпісам: «Правінцыял Літоўскі брат Дамінік Сівіцкі»22.

Дамінік Сівіцкі - вядомы беларускі збіральнік кніг і рукапісаў. У яго прыватным зборы былі кнігі са славутай бібліятэкі «апошняга Ягелона», а ў 1762 г. ён перадаў усе свае кнігі гродзенскаму кляштару [1, с. 164], дзе быў прыёрам у апошнія гады свайго жыцця (з 1793) [8, с. 95]. Прфыгожы вензель Д.Сівіцкага з уладальніцкім надпісам ёсць і на некаторых іншых нотных рукапісах. Сівіцкі, напрыклад, падараваў гродзенскаму кляштару надзвычай каштоўны і прыгожы «Канцыянал для карыстання францішканцаў-абзервантаў, перапісаны ў 1700 г.»23 [20]. Як бачым, Д.Сівіцкі, як і большасць вучоных манахаў, цікавіўся музыкай не менш, чым іншымі сферамі культуры.

Канцыянал F 45-54 (без дакладнай даты і загалоўка) напісаны адным вельмі акуратным і дробным почыркам. Гатычныя ромбападобныя ноты выкананы чорнай тушшу, каліграфічна выпісаны надзвычай тонкім пяром; лінейкі - аранжавыя. Нотны тэкст чаргуецца з разгорнутымі літургічнымі каментарамі. У кніжачцы запісаны пахавальны абраз (афіцый, меса, пахавальныя працэсіі для дарослых і дзяцей, працэсія ў дзень памінання ўсіх памерлых), гімн перад грабніцай вігіліі Пасхі «Gloria Tibi Trinitas aequalis», рэспансорыі працэсій свята Божага Цела («Homo quidam fecit coenam magnam», «Et edent carnes et asymos panos», «Et ambulavit in fortitudine cibi illi», «Misit me vivens Pater») і пятніцы Перадвелікоднага тыдня («Recessit Paster noster fons aquae vivae»).

х х х

З старадаўніх часоў выкананне харальнай манодыі суправаджалася гучаннем аргана. Звестак пра арганы дамініканцаў Беларусі пакуль што выяўлена няшмат. Арган у касцёле славутай Забельскай калегіі паставіў у 1752-58 гг. падчас пабудовы новага мураванага касцёла кіраўнік кляштара, эксправінцыял Рэмігій Загароўскі. Канешне, у старым касцёле таксама хутчэй за ўсё быў арган. У 1770 г. «касцёльны пазітыў» пінскіх дамініканцаў быў такі зруйнаваны, што езуіты забаранілі сваёй капэле іграць у гэтым касцёле на святы. Арган упамінаецца ў дакументах шклоўскага кляштара 1793 г.; «арган на 10 галасоў з бубнам» - у інвентары гродзенскага кляштара за 1804 г.; арган на 12 галасоў - ва Ушачах у 1818 г.; «12-цігалосны арган» - у касцёле полацкіх дамініканцаў на пачатку ХІХ ст.

Дайшлі да нашых часоў і некаторыя імёны дамініканскіх арганістаў і арганмайстраў. Якуб Зэбедэюш Фалькоўскі (1778-1836) папраўляў арганы ў канцы ХVІІІ - пачатку ХІХ ст.; ён працаваў у Дзярэчыне, Наваградку, Вільні, Кальварыі Жмігродскай. У Наваградку з 22.ХІ.1644 да 31.V.1646 жыў дамініканец, арганіст Роберт з Мендзыбожа; яшчэ адзін ордэнскі арганіст Францішак Падгурскі апошнія гады свайго жыцця правёў у Пінску (+1687); Раймунд Мурашкевіч працаваў арганістам у Віцебску, Мінску (з 6.ІІ.1692 па 1694 і з 10.ІV.1696), Уле (з 11.І.1694), Шклове і Чашніках (з 23.ІІ.1698); некалькі гадоў (з 3.ІІІ.1698) - арганістам мінскага кляштара быў Конрад Ластоўскі (Латоўскі). З 1707 г у клецкім кляштары працаваў свецкі арганіст, прывезены са Слоніма, - Францішак; у Заслаўі працавалі Стэфан Сянькевіч (1768; 1782-9); Томаш Казюльскі (1796); Казімеж Грэберт (1789-92, 1794-5); Юзаф Савіцкі (1795-7, 1802-4); Іадэвуш Сянькевіч (1799-1801); Лісоўскі (з 1805 г.) [11, с. 26]. У Пінску ў 1839 г. іграў арганіст, канверс Марколін Кучыньскі (нар. у 1771 г.); у пераліку братоў кляштара з 1841 г. яго ўжо няма. Гіжыцкі пісаў, што да 1764 г., калі ў Забелах з'явіўся асобны бакалаўр для школы, з дзецьмі займаўся ці які манах, ці арганіст [2, с. 70].

х х х

Нягледзячы на агульны кансерватыўны, ахоўны характар музычнай практыкі дамініканцаў, ордэн чуйна адгукаўся на зацікаўленні і звычаі, уласцівыя канкрэтным эпохам. Так, як ні дзіўна, дамініканцы ўжывалі ў сваіх рэлігійных практыках танец, што досыць незвычайна і, здаецца, не сустракаецца ні ў якіх іншых ордэнах. У пастановах польскіх правінцыйных сінодаў ХVІ ст. загад адмовіцца ад танцаў фігуруе вельмі часта. Таго ж ад дамініканцаў літоўскай правінцыі патрабавалі акты Дзярэчынскай капітулы 1656 г., а таксама спецыяльны ліст генерала Яна дэ Марыні (1656), дзе братам правінцыі св. Анёла-ахоўніка рэкамендуецца не ўжываць «трывіяльных» музыкі і танцаў [11, № 4, с. 12].

Польскі музыказнаўца Т.Струміла адзначае, што сімфанічная музыка выконвалася ў ХVІІІ ст. у Польшчы галоўным чынам не ў прыдворных і прыватных капэлах, а ў касцёлах, прычым менавіта падчас набажэнстваў [10, с. 27-28]. Здаецца, такое становішча было характэрным і для Беларусі. Мяркуючы па знойдзеных матэрыялах, дамініканцы таксама нямала спрыялі станаўленню сімфанічнай традыцыі на нашых землях. Згадаем некаторыя вядомыя на сённяшні дзень факты.

Стварэнне сталай музычнай капэлы забельскага кляштара адбылося ў сярэдзіне ХVІІІ ст. Ужо да 1750 г. яго прыёр, айцец Людвік Рыбінскі, стварыў, як гэта рабілі і буйнейшыя магнаты ХVІІІ ст., танную капэлу з уласных прыгонных. Як вядома, забельскі кляштар быў адным з найбольш заможных на Беларусі: на пачатку ХІХ ст. яму належала 4,5 тыс. сялянаў. Сярод іх няцяжка было знайсці здольных да музыкі і, наняўшы педагога, досыць хутка сфармаваць калектыў. Кляштарная музыка на некаторы час спыніла сваё існаванне, бо, па словах Гіжыцкага, наступны кіраўнік кляштара, эксправінцыял Рэмігій Загароўскі (1753-1755), з-за вялікіх расходаў на ўзвядзенне мураваных будынкаў, на закупку новых званоў і аргана «занядбаў касцёльную музыку» і на два гады спыніў выкладанне ў Забелах курсу тэалогіі.

Росквіт забельскай капэлы прыпадае на канец ХVІІІ - пачатак ХІХ ст. У аддзеле рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага універсітэта захоўваецца шэраг вакальных і інструментальных партый літургічных кампазіцый Баброўскага, якія ўпрыгожвалі набажэнствы забельскага кляштара. Гэтыя творы ўражваюць віртуознасцю інструментальных партый (скрыпак, габояў, кларнетаў) і сведчаць пра высокі выканальніцкі ўзровень капэлы [4, с. 35]. Акрамя Баброўскага, у Забелах працаваў і «мэтр музыкі» Міхал Кавалеўскі. Яго імя сустракаецца на партыях Пастаральнай месы in G на Нараджэнне24, пазначанай так: «Перапісана ў Забелах 4 студзеня 1834 г. Міхал Кавалеўскі». На арк. 36 ёсць яшчэ адзін запіс: «Гэта Пастухоўская меса наноў перапісаная і ў некаторых месцах скарочаная, а таксама даданае Крэда Міхалам Кавалеўскім, мэтрам музыкі ксяндзоў дамініканцаў у Забелах 10 снежня 1838 г.». Вакальная партыя Canto, запісаная ў сапранавым ключы, сапраўды віртуозная і сведчыць пра сур'ёзную прафесійную падрыхтоўку мясцовых вакалістаў. Акрамя двух вакальных галасоў (высокага і баса), Пастаральная меса суправаджалася аркестрам, які складаўся з скрыпак, альтоў, кларнетаў, флейты, валторнаў, трубы і «фундаментальнага баса» (верагодна, аргана).

Пінскія дамініканцы вырашылі завесці сваю музычную капэлу пасля таго, як мясцовыя езуіты, паслугамі чыёй капэлы яны раней шырока карысталіся ў адпаведнасці са спецыяльным кантрактам, не дазволілі сваім музыкантам іграць на фэстах у дамініканцаў з-за таго, што іх пазітыў знаходзіўся ў вельмі дрэнным стане; францысканскія ж музыканты лічыліся вельмі слабымі, а браць музыку ў чужых было занадта дорага. Таму прыёр Альберт Трухноўскі, які ў 1768 г. прыехаў з Мінска, у 1770 г. пастанавіў вучыць на розных інструментах уласных хлопцаў, каб з часам мець сваю капэлу. Ён узяў настаўніка, і з часам у дамініканцаў была свая пастаянная музыка [7, с. 351]. Як бачна, пінскія дамініканцы стварылі, на ўзор сваіх забельскіх калег, тыповую хутчэй для свецкай традыцыі ХVІІІ ст. прыгонную капэлу. Настаўнік25 здолеў за невялікі час згуртаваць нядрэнны калектыў, бо ўжо ў тым жа 1770 г. капэла пінскіх дамініканцаў згадваецца ў дакументах: «З нагоды касцёльнай урачыстасці і прыезду правінцыяла ў рэфектарыі26 на абедзе было шмат гасцей, у іх ліку біскуп Гарбацкі27 і айцец Цыпрыян Булгак, абат базыльянаў на Ляшчы28. Усіх прыёр прымаў пачэсна, і дамініканская капэла іграла на абедзе, акрамя твораў да стала, нованапісаныя польскі кант да біскупа і абата і лацінскі ў гонар правінцыяла; гэта ўсім вельмі спадабалася» [4, 36].

Нямала зрабілі дамініканцы для фармавання музычнага тэатра. Сёння гісторыкам беларускай музыкі добра вядома унікальная школьная опера кампазітара з забельскай дамініканскай калегіі (пад Віцебскам) Рафала Вардоцкага на тэкст мясцовага прафесара рыторыкі і паэтыкі Міхала Цяцерскага «Апалон-заканадаўца» (1789). Гэты твор нядрэнна прааналізаваны ў літаратуры [5, с. 98-138] і ўвайшоў у курсы гісторыі беларускай музыкі. Пастаноўка школьнай оперы суправаджалася гучаннем нядрэннага сімфанічнага аркестра, што бачна па партытуры.


  1. Як вядома, большасць дамініканскіх кляштараў на Беларусі былі заснаваны ў ХVІІ ст.
  2. У Папорцах, за 51 км ад Вільні, касцёл і кляштар дамініканцаў былі заснаваныя скарбнікам літоўскім Станіславам Бейнартам у 1649 г. У 1686 г. тут адчыніліся фармальныя студыі ордэна [8, с. 4]. Тут знаходзіўся адзін з галоўных навіцыятаў усяе Літоўскай правінцыі. Натуральна, што маладыя манахі, прайшоўшы праз навіцыят у Папорцах, пераймалі і мясцовыя харальныя традыцыі. Такім чынам, рукапісы з Папорцаў, як і віленскія, гродзенскія, нясвіжскія, дзе таксама знаходзіліся навіцыяты, можна лічыць узорнымі для ўсяе дамініканскай традыцыі харальных спеваў Літоўскай правінцыі ордэна [11; т. ІV, с. 298].
  3. Novitiatus Poporcensis. Anpiphonarii de Tempore et de Sanctis, juxta Ritum Sacri Ordinis Praedicatorum, compendiose lucubrati [23].
  4. Ex libris Bibliothecae Novitiatus Poporcensis [19].
  5. Пропрый - тэксты фармуляра месы, якія змяняюцца ў залежнасці ад канкрэтнага свята.
  6. Applicatur Biblioteka Novitiatus Poporcensis Ord. Praed. [24].
  7. Ад першых слоў тэксту, які спявае хор, бо рэпліку «Credo in unum Deum» інтануе святар.
  8. У томе з летняй часткай антыфанарыя М.Вадынскі названы «вікарыем» [15].
  9. Antiphonarium de Tempore juxta ritum Sacri Ordinis Praedicatorum; sub prioratu A.R. Pris. S-e Th. Praesentati, Patris Nicolai Wodynski in Conv. Grli Vilnensi S. Spiritus, conscriptum a quodam Patre Serafinowicz. Anno Domini 1752. Pars hyemalis [14]. Antiphonarium de Tempore juxta ritum Sacri Ordinis Praedicatorum; sub vicariatu A.R. Pris. S-e Th. Praesentati, Patris Nicolai Wodynski in Conv. Grli Vilnensi S. Spiritus, conscriptum a quodam Patre Serafinowicz. Anno Domini 1752. Pars aestiva [15].
  10. Antiphonarium de Sanctis juxta ritum Sacri Ordinis Praedicatorum; sub prioratu A.R.P.S-e Th. Praesentati, Patris Nicolai Wodynski in Conv. Grli Vilnensi S. Spiritus, conscriptum a quodam Patre. Anno Domini 1752. Pars aestiva [25].
  11. Так, з 1748 г. у Нясвіжы былі ўведзены фармальныя студыі ордэна з навіцыятамі для навіцыяў і прафесараў [8, с. 5].
  12. Antiphonarium compendiosum de Tempore iuxta ritum fratrum Sacri Ordinis Praedicatorum, a quodam Fratre ord. ejusdem, variis temporibus conscriptum. Anno vero Domini 1760 terminatum ad M.D.G.B.V.M.OO.S.S.H. [16]. Antiphonarium compendiosum de Sanctis iuxta ritum fratrum Sacri Ordinis Praedicatorum, a qiodam Fratre ord. ejusdem, variis temporibus conscriptum. Anno vero Domini 1760 terminatum ad M.D.G.B.V.M.OO.S.S.H. [17].
  13. Antiphonarium pro choro Cntus Nesvisiensis sub prioratum 2do A.R.P. Ff Lectoris Caspari SZULC anno 1773 comparatum (T. 1); Antiphonarium ad commoditatem Psallendi Divini Officii in choro Cntus Frtis Nesvis. sub auspicatiss. Prioratu 2do ARP S.F.L. Caspari SZULC ad DMGlrem comparata (T. 2) [16; 17].
  14. Invitatoria pro diversis solemnitatibus [18].
  15. Conventus Nesvisiensis Ord. Praedicatorum mr [18].
  16. Index rerum hoc in libello scriptarum.
  17. Інвітаторый (ад лац. invito «запрашаць») - першы спеў ютрані і некаторых іншых службаў афіцыя.
  18. Інтроіт - першы харальны спеў месы, блізкі па функцыі да інвітаторыя афіцыя.
  19. Тракт - частка пропрыя месы, якая спяваецца ў посныя дні замест градуала.
  20. З канца ХVІІІ ст. пры кляштары існавала свецкая школа. З 1748 г. у Гродна ўведзены фармальныя студыі з навіцыятамі для навіцыяў і прафесараў [8, с. 92, 5].
  21. Bibliothecae Conventus Grodnensis Ordinis Praedicatorum [21].
  22. O.P.Prov. Litv. Fr. Dominicus Siwicki [21].
  23. Канцыянал 1700 г., які адлюстроўвае францысканскую традыцыю і будзе больш падрабязна разгледжаны пазней, запісаны з клівісамі, падатусамі, торкулюсамі і іншымі відамі складаных неўмаў, якія ўжо не ўжываліся ў паслятрыдэнцкіх выданнях грыгарыянікі. Падобная графіка, якая адлюстроўвала манадыйную спецыфіку харала, звязана з сярэднявечнымі традыцыямі. Такога багацця формаў нот няма ў іншых грыгарыянскіх рукапісах ВКЛ ХVІІІ ст. Напэўна, мелодыі перапісваліся з крыніц, яшчэ не закранутых тым спрашчэннем грыгарыянікі, якое назіралася ў ХVІІІ ст.
  24. Missa in G de Nativitta Pastoralle [24].
  25. Напэўна, асоба свецкая ці з іншага ордэна, бо прыёр мусіў яго «ўзяць»; брату ж з свайго кляштара ён, хутчэй, «даручыў» бы.
  26. Рэфектарый - сталовая зала кляштара.
  27. Новы уніяцкі біскуп.
  28. Абат - настаяцель мужчынскага кляштара. Ляшчы - прадмесце Пінска.

Літаратура
  1. Ковкель Л.И. Из истории библиотек гродненских монастырей // Наш радавод: Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. Царква і культура народаў Вялікага Княства Літоўскага і беларусі ХІІІ — пач. ХХ ст.yyy (Гродна, 28 верасня — 1 кастрычніка 1992 г.). Кн. 4. — Гродна, 1992.
  2. Ліхач Т. Арганы і званы каталіцкіх касцёлаў Беларусі // Мастацтва. — 1995. — № 4.
  3. Ліхач Т. Тэорыя харальных спеваў на Беларсі. — Мн., 1999.
  4. Ліхач Т. Каталіцкія інструментальныя капэлы Беларусі // Мастацтва. — 1996. — № 10.
  5. Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период / Г.И.Барышев, А.Л.Капилов, Г.Г.Кулешова и др. — Мн., 1990.
  6. Acta intermediae congregationis in conventu Rosinensi Assumptionis B.M.V. contratae Ducatis Samogitia. Congregationum Lithuanae S.Angeli Custodis ordinis Praedicatorum. Anno Domini 1646. Die 23. Saptembris, celebratae. — Vilnae, s.a.
  7. Acta capituli Vilnensis, provinciae Lithuanae S / Angeli Custodis? Sacri ordinis Praedicatorum. In Conventu Vilnensi Sancti Spiritus celebrati die 13. Martij Anno Damini 1667.
  8. [Giżycki J.M.] Wiadomości o dominikanach prowincyi Litewskiej. Zebrał Wołyniak. Poprzedził przedmową O.Woroniecki O.P. Część I. — Kraków, 1917.
  9. [Giżycki J.M.] Wykaz klasztorów dominikańskich prowincyi ruskiej. Zebrał Wołyniak. Część II. — Kraków, 1923.
  10. Morawski J. Wileńskie podręczniki chorałowe // Muzyka. 1994 (Rok XXXIX). № 2 (153).
  11. Podręczna encyklopedia kościelna / Red. i wydawca ks. d-r. Z.Chełmicki. T. 1—44. — Warszawa—Kraków, 1904—1916.
  12. Strumiłło T. Do dziejów symfonii polskiej // Muzyka. — 1953 (Rok IV).— Nr 5—6 (38—39)
  13. Świętochowski R. Tradycje muzyczne zakonu kaznodziejskiego w Polsce // Muzyka. — 1963 (Rok VIII). — № 1—2 (28—29). № 4 (31).

Рукапісы

  1. Аддзел рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага універсітэта, F 45-6. Antiphonarium. 1752.
  2. Аддзел рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага універсітэта, F 45-7. Antiphonarium. 1752.
  3. Аддзел рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага універсітэта, F 45-22. Antiphonarium. 1760.
  4. Аддзел рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага універсітэта, F 45-23. Antiphonarium. 1760.
  5. Аддзел рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага універсітэта, F 45-24. Invitatoria pro diversis solemnitatibus.
  6. Аддзел рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага універсітэта, F 45-26. Ex libris Bibliothecae Novitiatus Poporcensis.
  7. Аддзел рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага універсітэта, F 45-38. Cantionale ad usum Fratrum minorum Sancti Francisci Observanti. Conscriptum A.D. 1700.
  8. Аддзел рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага універсітэта, F 45-54.
  9. Аддзел рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага універсітэта, F 45-58. Missae chorales.
  10. Аддзел рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага універсітэта, F 45-59. Novitiatus Poporcensis. Antiphonarii de Tempore et de Sanctis.
  11. Аддзел рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага універсітэта, F 45-61. [Missae chorales].
  12. Аддзел рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага універсітэта, F 45-62. Antiphonarium. 1752.
  13. Аддзел рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага універсітэта, F 45-63. Antiphonarium. 1752.
  14. Аддзел рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага універсітэта, F 45-75. Bobrowski. Vesperae.
  15. Аддзел рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага універсітэта, F 45-76. Missia in G de Nativitta Domine Pastoralle.
  16. Аддзел рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага універсітэта, F 45-77. Bobrowski. Missa.
  17. Аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі РБ 091/260 К. Прыходна-расходная кніга кімбараўскіх цыстэрцыянак.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY