Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(16)/2001
Дакументы
Мастацтва

ЦУДАДЗЕЙНЫ І СТАРАЖЫТНЫ

РОСПІСЫ БЕЛАРУСКІХ КАСЦЁЛАЎ

РОСПІСЫ БУДСЛАЎСКАГА КАСЦЁЛА
Сведчаць архівы
У свеце Бібліі

ТАЯМНІЦА СТВАРЭННЯ
Юбілеі

БЕЛАРУСКІ ЗНАК ЦЁТКІ

НАД НЁМАНАМ
Проза

АПАВЯДАННІ

АПОШНІ ПЕРШЫ СНЕГ
Нашы святыні

НАША «ЕЗУІЦКАЕ» БАРОКА
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Кантрапункт
Постаці

ВЯРТАННЕ
Мастацтва


Мар'ян Дукса нарадзіўся ў 1943 г. у вёсцы Каракулічы на Мядзельшчыне. Выдаў зборнікі вершаў «Спатканне», «Крокі», «Станцыя», «Прыгаршчы суніц», «Забытыя словы», «Зона супраціўлення», «Твая пара сяўбы», «Заснежаныя ягады», «Горн прымірэння». Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова. Жыве ў Солах на Смаргоншчыне.
 

РОДНЫ КРАЙ
Ахвяра часу.
А ты ўсё ж аклімаўся.
І наступае
новы твой світанак.
Няшчасны край,
дзе панавалі дэманы,
быў кінуты на дно,
нібы «Тытанік».
Якою сілай злой
была ўрачоная
душа,
дзе адбывалася зацьменне?
Цябе трымала доўга
прорва чорная,
адпужваючы Боскае збавенне.
Цябе ўжо іл
з вялікай нецярплівасцю
глытаў,
табой жадаючы паснедаць...
Хто палічыў,
як шмат у Бога літасці
да тых, хто дно
сам захацеў адведаць.
Хто ўсё-ткі ўспомніў
сонца паднябеснае,
хто трызніў ноччу
зоркай яснавокай.
О, любы край,
зямля мая балесная,
ты выплываеш
з цемені глыбокай.
О, край,
якая гэта радасць урачыстая –
тапелец-люд
жывы, уратаваны!
Ты, вераю азораны
святлістаю,
далей вяслуй
пад музыку аргана.

МІЛАСЦЬ
Як цяжка быць турыстам – паліць
мне ногі попел зруйнавання.
Смыліць адкрытай ранай памяць,
і радасці ў душы – ні звання.
Як мала бачу весялосці
сярод старых калон і залаў.
Ах, колькі раз пачвара злосці
па гэтых месцах прапаўзала!
Паліла, біла і крышыла,
з жыцця здзірала чысты глянец.
З агню і дыму саван шыла,
выконваючы дзікі танец.
Як пець мінуламу рулады,
калі праз тысячныя вёрсты –
адны сляды працяглай звады,
сляды нянавісці і помсты.
Свет упадаў пасля навалы
ў глыбокі смутак і паныласць.
Ды разам з імі існавала
у катакомбах рымскіх міласць.
О, міласць, твае ззяюць фарбы,
ты зыркім сонейкам здаешся.
Ты самым даражэйшым скарбам
цяпер і заўтра застаешся.
Мяняе век свае абрысы –
ты ззяеш, ззяеш дыяментам.
І клічуць, клічуць з-за кулісаў
цябе ізноў апладысменты.
Сярод герояў самазваных,
сярод стральбы і палявання
ты раптам бліснеш на экранах,
усім нам дорачы адхланне.
О, міласць, добрага нічога
не будзе, як цябе адрынем.
Не знойдзем без цябе дарогу,
усе заблудзімся і згінем.

ПРАЗ БЕЗДАРОЖЖА
Ступаем зноў па грунце грубым...
Даруй нам, міласэрны Божа,
за тое, што бяздумна любім
пакутлівае бездарожжа.
З хаосам нібы хочам зліцца,
нырнуць у свет бязладны нейкі,
сышоўшы з бітага гасцінца,
з даўно аб'езджанай шасейкі.

Як хочацца падацца ўпрочкі
на пошук мройнага адхлання.
Ах, як палоняць сэрца ўзбочкі,
крутыя адгалінаванні!
Як вабіць нас хмызняк калючы,
магнітам цягне ўзгорак дзікі,
чаруе моцна лес дрымучы,
дзе ноччу, замест песень, крыкі,
дзе сыплецца бязладна лісце –
скрываўленая пазалота,
адкуль не надта проста выйсці,
настолькі ўсмоктвае балота.

Няма ні ходу, ні разбежкі,
тут як бязногі, як бязрукі.
І выгінастыя ўсе сцежкі
кусаюцца, нібы гадзюкі.
І шэпчам мы з адчайным тварам:
«Навошта нас пакінуў, Божа?»
Як апантана ў змроку марым,
што выберамся з бездарожжа.
І гэта ўжо як сон салодкі –
паўзці праз боль і утрапенне,
каб зноўку выкаціцца ўсё-ткі
на шлях, які нясе збавенне.

КАЗІМІР СВАЯК
Ты наша слова, што было вясковым,
што са святліц выкідвалася вон,
нібы букет шчымлівы васільковы,
так урачыста вынес на амвон.

Вакол луналі ўцешна херувімы.
І гэта быў сардэчны твой парыў.
Ты так хацеў, каб Езус твой любімы
па-беларуску ўсё ж загаварыў.

І хоць было тады крамолай гэта –
дзень заўтрашні не страшыў аніяк.
Святар – па веры, па душы – паэта,
рамантык чысты, Казімір Сваяк!

І хоць слабелі, адступалі сілы,
ты быць хацеў рупліваю пчалой.
О наш анёл, о наш лятун двухкрылы,
ты плаваў паміж небам і зямлёй.

Якой – зямной, нябеснаю дарогай
дайсці найлепш у запаветны рай?
Адно крыло узносіла да Бога,
другое несла ў беларускі край.

І там і тут – любоўю наталенне.
І там і тут – сумленне не скрабе.
Прыемнае такое раздваенне,
напэўна, вельмі цешыла цябе.

Тваё жыццё так рана адвірыла,
ды чуем сёння голас твой і спеў.
Хоць і спаліў свае ў палёце крылы –
да Бога і да нас ты даляцеў.

ТВАЁ ЗЗЯННЕ
Шлях адшукаць не ўдаецца ніяк,
ходзіць і едзе зямля пад нагамі.
Езу, Ты мой найсвятлейшы маяк,
хоць да Цябе я плыву і кругамі.

Лепей Ты сонца і зыркай зары
ззяеш вандроўнаму люду з нябёсаў.
Зносілі хвалі, здзімалі вятры
човен майго легкаважнага лёсу.

Выйсці са змроку й балота на груд
цяжка, як вынырнуць з цёмнага лесу.
Гібельны
ноч вынаходзіць маршрут –
ззянне ж Тваё выратоўвае, Езу.

Шчыльную цемру рассуне далонь,
стане відушчаю сцежка глухая.
Шчодры, ласкавы, далёкі агонь
вечнай любові Тваёй палыхае.

Факелы блізкія ўзводзяць у зман...
Клічам Тваім прывітанае зрання,
сэрца плыве праз іскрысты туман
да векавечнага чыстага ззяння.

ЛЮБОЎ ДА ЦЯБЕ
Любоў да Цябе –
не абмежаваная прасторай і часам,
адной душой і людскім векам.
Яна абсалютная,
як сама прастора і час.
Любоў да Цябе –
як бяздонны акіян,
які ўвабраў шматлікія моры,
рэкі, азёры, крыніцы й дажджы.
Любоў да Цябе –
шматаблічная, універсальная,
як велізарны калейдаскоп,
які днём і ноччу ззяе
водбліскамі,
што йдуць з нашых сэрцаў.
Любоў да матулі, да бліжніх,
да птушак, жывёл, да сонца –
гэта ж любоў да Цябе.
Міласць да хворых, самотных і бедных –
гэта ж любоў да Цябе.
Любасць да нашых каханых выбранніц –
гэта ж любоў да Цябе.
Яна – як дар персанальны,
як зыркі праменьчык святла,
які мы ўдзячна прыносім
у Бэтлеемскую стаенку.

ТВАЯ ЦЯРПЛІВАСЦЬ
Цярплівасць Твая
не падлягае ніякаму вымярэнню.
Гэта звышцярплівасць,
якая не ўсвядомлена нашым розумам.
Страх падумаць, колькі разоў
не апраўдалі мы Тваіх спадзяванняў,
засталіся глухімі
да Тваіх ушчуванняў і напамінкаў.
З якой неахвотай, лянотай, няшчырасцю
Сына Твайго
пускаем у хату і ў сэрца.
Колькі ўжо тысячагоддзяў
скачам па Тваіх запаведзях,
трымаючы меч у руцэ
і камень за пазухай!
Няшчасныя фарысеі – каемся, каемся.
І зноў бяромся за сваё.
Мы заслужылі таго,
каб вадою, агнём і бурай
зямля ачысцілася ад неслухаў...
А нам – пакінуты шанец.
Чакалі канца свету ў двухтысячным.
Нічога не адбылося кепскага.
Які ж Ты літасцівы!
І верыш, што выплывем
на сонечны бераг Твайго спадзявання.

НА СВІТАННІ
Раніцай свет новаствораны нібы.
Вымыты росамі, свежы й бадзёры,
ветлівы, моцны і целам і духам,
поўны надзей, парывання і веры.
І, што галоўнае, мусіць, бязгрэшны,
бо працадзіўся праз ноч пакаяння.
Што ж, паспрабуем зрухнуцца спачатку.
Дзень пачынаецца з чыстай старонкі.
Радасна ў грудзі наберам паветра
і засмяёмся ад шчасця й лагоды.
Сонца пакоцім па светлай дарозе,
каб раздаваць яго шчодраю жменяй.
Хай яно велічна ўспыхвае, ззяе,
хай акунуцца ў ім думкі й турботы –
весела станьце пад сонечны душ!
Сэрца сваё разаб'ём на драбочкі –
на дыяменты, што зораць любоўю.
Іх паміж людства рассыплем, рассыплем.
Як будзе спорна ісці па дарозе,
што забрукуецца каменем згоды –
роўным і чыстым, прытульным і цёплым.
Гэта дарога не ў цемру адчаю,
не, не закончыцца вечарам смутку,
як і не трапіць у ноч пакаяння.

НЯМЕЦКІЯ МОГІЛКІ
Мохам аблюбаваныя пліты,
зацалаваныя літары мохам.
Царства травы, сасняку і самоты.
Чужая рана
на целе тутэйшай зямлі,
а смыліць больш, чым свая.
Бедныя юныя гансы,
дзе вашы муттэр і фатэр?
Іхнія слёзы ці ўпалі
тут хоць аднойчы?
Адно што восенню плача
дождж беларускі спагадлівы –
кідае зверху слязінкі...
Мусіць, у сэрцы кайзера,
пэўна, ў душы імператара
часам адсутнічаў Бог.
Вось у такія хвіліны
лезлі гвалтоўна туды
цугам прыдворныя дэманы,
каб спавясціць сваім голасам
пачатак крывавай бойні.

КАСЦЕЛЬНЫЯ ВЕЖЫ
На ўзроўні палёту птушак
і першых праменняў сонца.
Яны б паплылі і вышэй,
каб не помнілі пра нас,
пра нашы ніцыя думкі і мары.
Разбураныя не раз
недавяркамі і снарадамі,
зноў вырастаюць, харашэюць, свецяцца
прыемнымі колерамі.
Абавязковы элемент ландшафту,
яго ажыўленне, падпітка і завяршэнне,
яго канчатковы сэнс і разгадка.
На іх, спагадлівых,
адпачываюць маркотныя вочы
і стамлёнае сэрца.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY