Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(18)/2001
Мастацтва
У свеце Бібліі

ЧЫМ ЁСЦЬ ЧАЛАВЕК?
Постаці
На кніжнай паліцы

ВЕРА І ФІЛАСОФІЯ
Нашы святыні
Юбілеі
Пераклады

IСПЫТ НА МАРАЛЬНАСЦЬ

ВЕРШЫ
Мастацтва
Проза
Паэзія

ВЕРШЫ
Культура

ВЯРТАННЕ НАЗАЎСЁДЫ

Дадатак да артыкула: Галерэя
Аляксандр ЯРАШЭВІЧ

СВЯТАЯ СЯМ’Я Ў СТАРАБЕЛАРУСКІМ МАСТАЦТВЕ

Нараджэнне Хрыста (Каляды) — свята сямейнае і здаўна адзначалася дома. У вігілійную ноч сям'я збіралася за сталом на сціплую посную вячэру, а пад белы абрус клалася сена як напамін пра яслі, у якія паклала спавітае Дзіця Марыя.

У евангельскай іканаграфіі Святая Сям'я (Sancta Familia) — гэта Дзіцятка Езус і Яго зямныя Бацькі — Марыя і Юзаф. Абагульнены вобраз маленькай сям'і стварыла мастацтва эпохі Адраджэння і барока. Візантыйскае мастацтва такога сюжэту не ведала. У больш шырокім сэнсе Святая Сям'я прысутнічае ў іканаграфіі абедзвюх плыняў хрысціянства ў сюжэтах Нараджэння Хрыста, Пакланення Мудрацоў, Уцёкаў у Егіпет, Ахвяравання (Мифы народов мира, т. 2. 1988, с.421—422).

У алтарным жывапісе Беларусі перыяду ранняга барока распаўсюдзілася рэпрэзентатыўная кампазіцыя абраза Святой Сям'і, якая захоўвалася ў касцёлах на працягу ХVІІ—ХІХ стст. Першым у гэтым радзе адзначым абраз з касцёла ў Шылавічах, які дайшоў да нас у значна пашкоджаным выглядзе. (Пры чарговым рамонце касцёла абраз ці то па вышыні не змяшчаўся ў новую раму, ці то меў вялікія страты на ніжнім краі, і дошку з жывапісам абрэзалі на добрыя дзве пядзі.) Паводле інвентара 1749 г., абраз «Дзіця Езус з Бацькамі» знаходзіўся ў верхнім ярусе галоўнага алтара Св. Тройцы з партатэлем 1.ХІ.1620 г. біскупа Абрагама Войны (НГА Бел, ф.1781, воп. 27, адз. зах. 213, л. 191—197). Кампазіцыя абраза вызначаецца рэнесансавай ураўнаважанасцю, разам з тым магутныя постаці Марыі і Юзафа нагадваюць пра матэрыяльную важкасць барока. Відавочна, што тут мы маем справу з мастацтвам пераходнага перыяду часоў Жыгмунта ІІІ Вазы. Басаногі Езус у светла-залацістым хітоне трымаецца за руку Маці, на апушчанай левай руцэ — невялікі крыж і дзяржава. Кароткія валасы пшанічнага колеру, вочы характэрна прыплюшчаны. Круглатвары, лысаваты, з кароткай густой барадой і сівымі вусамі Юзаф адзеты ў хітон гарчычнага колеру і пурпурны плашч. Кідаюцца ў вочы высокія жоўтыя боты з белымі адваротамі. Правай рукой ён мякка дакранаецца да пляча Дзіцяці, як бы дапамагаючы Яму ісці ўперад, у адведзенай левай — тонкая лілея з белымі бутонамі. Марыя вядзе Езуса, прыклаўшы правую руку да грудзей. З-пад доўгай малінавай сукенкі відаць толькі носікі чаравікаў, плашч сіне-зялёны з фіялетавым сподам, галава і плечы накрыты светлай накідкай. Твар круглы, з выразам лёгкай усмешкі, позірк вачэй скіраваны на Дзіця. Пазём — зялёная трава з дрэўцамі.

Абраз у верхнім ярусе бакавога алтара нясвіжскага касцёла бенедыктынак па звестках з гісторыі кляштара можна аднесці ўскосна да 1630-х гадоў і звязаць з Хрысцінай Эўфеміяй Радзівіл (1598—1658). Намаляваны ён на дошцы па тонкім грунце, мае рэнесансавую форму круга і ўяўляе досыць вытанчаны па малюнку і багацці колераў узор раннебарокавага (ці маньерыстычнага?) жывапісу на Беларусі. Святая Сям'я паказана на фоне цёмна-зялёнага расліннага пейзажу і блакітнага неба з шэра-ружовымі высветленымі воблакамі. На іх — пагрудная выява Бога-Айца, паміж Ім і Дзіцем Езусам, як пасярэднік, у небе лунае Святы Дух у авальным ззянні святла. На стройнай фігурцы Езуса-падлетка — светлы хітон і сіні гімацій, у левай руцэ — посах. За руку яго вядзе прыгожая маладая Марыя з тонкімі рысамі твару, адзетая ў малінавую сукенку і цёмна-зялёны плашч. Юзаф у шэра-блакітным хітоне і плашчы колеру гарчыцы ідзе побач, рукі апушчаны, у адведзенай левай — лілея з белымі бутонамі. Твар партрэтны, з выразнымі рысамі: ружовыя шчокі, віслыя вусы, шырокая барада.

Абраз з-пад Ваўкавыска (магчыма, ён паходзіць з Гнезна) выразна належыць да сталага барока 2-й паловы ХVІІ ці пачатку ХVІІІ ст., намаляваны на дошцы тэмперай па ляўкасе, што рэдка сустракалася ў тагачасным алтарным жывапісе. Тут цалкам захавана традыцыйная кампазіцыя і нават колеры адзення Марыі і Юзафа, але постаці іх масіўныя, у дынамічным руху, яўным ці «схаваным», адзенне мадэлявана буйнымі глыбокімі складкамі. Марыя моцна трымае Дзіця за руку, лёгкі светлы плат ледзь-ледзь прыкрывае ззаду яе валасы, вакол галавы — німб з тонкіх праменьчыкаў. З усіх вядомых нам абразоў толькі ў ваўкавыскім Юзаф размешчаны справа ад Езуса, ён энергічна падтрымлівае Дзіця пад правую руку, над галавой — колца-німб. На воблачнай градзе сядзіць Бог Саваоф, які абедзьвюма рукамі трымае на каленях сферу-сусвет і ўглядаецца ўніз. Пад яго схаванымі ў воблакі нагамі і адначасова між галоў Марыі і Юзафа распасцёр крылы Голуб — Святы Дух.

Святая Сям'я адлюстравана на выразным прымітыве эпохі барока з Юр'еўскай могілкавай царквы ў Косаве. Абраз, намаляваны на дошцы значных памераў у традыцыйнай тэхніцы яечнай тэмперы, напэўна, паходзіць з уніяцкага алтара. Усе тры фігуры паказаны франтальна і абведзены авальнай рамкай з дробным ляпным арнаментам. У цэнтры — падлетак Езус з высокім крыжам, адзеты ў светлы хітон і чырвоны плашч. Над ім абапал узвышаюцца барокавыя постаці Марыі і Юзафа з складзенымі рукамі. Езус узнятай рукой паказвае ўверх, адкуль з вяршыні авала, ад Галубка — Святога Духа, на Святую Сям'ю падаюць праменні святла. Яшчэ вышэй, з-за светлай купкі воблакаў, выступае Бог Айцец у трохвугольным німбе, з разведзенымі ў абарончым жэсце рукамі над Святой Сям'ёй. Сноп святла ад Св. Духа візуальна звязвае Айца з Сынам, нябесную сферу з зямной, такім чынам па вертыкальнай восі паказана Новазапаветная Тройца. Верхняя сфера таксама ўпісана ў барокавы авал і абведзена фігурнай рамкай — стужкай з ляпным арнаментам. У ніжніх вуглах па-за авалам уціснуты кірылічны подпіс са скарачэннямі: «Сей образ надали за отпущение гриховъ всемогоущемоу Бгу на хвалоу рби божы ла(в)ринъ ярошевичь и гавриилъ рабцевичъ до церкви косовскои рокоу 1729 29 декабра. S.M.J.A.L.S.L.» Лацінская абрэвіятура, верагодна, хавае імя таленавітага мастака-самавука, а кірыліца нагадвае, што «лацінізацыя» уніяцкай царквы адбывалася вельмі паступова.

Алейны абраз на палатне з Глыбокага (верагодна, з касцёла кармелітаў, якія асабліва шанавалі св. Юзафа) выкананы невядомым мастаком добрай прафесійнай школы, што працаваў на схіле перыяду ракако ў час сентыменталізму. Адсюль — вытанчаныя сілуэты фігур, элегантныя павароты, тонкія рысы прыгожых твараў. Марыя і Юзаф вядуць Дзіця, трымаючы Яго за рукі. Рух перададзены натуральна, фон мае пейзажны характар, уверсе, абапёршыся на дзяржаву, прыўзняўся над воблакамі Бог Саваоф са скіпетрам.

Блізкі па часе выканання да папярэдняга алтарны абраз з Нягневічаў (на Наваградчыне), адметны познебарокавым манументалізмам і нечаканым архаізмам. У аснову кампазіцыі пакладзены матыў урачыстага прадстаяння перад гледачамі — вернікамі. Велічныя, надзвычай падоўжаныя басаногія фігуры Марыі і Юзафа, якія трымаюць за рукі Езуса, займаюць амаль усю прастору карціны. Іх галовы ў каронах-вянцах узнімаюцца да самых аблокаў, адкуль прасцірае рукі ў блаславенні над Святой Сям'ёй сівабароды Саваоф. Галава Езуса таксама ўвенчана каронай, падобнай на каралеўскую. Фігуры цалкам захутаны ў адзенні, у руцэ Марыі — скіпетр з яблычкам на канцы, у Юзафа — лілея. За Марыяй вырастае дрэва з пладамі (напэўна, сімвал біблейскага Дрэва пазнання).

У многіх касцёлах Беларусі, асабліва Марыйных, былі алтары, прысвечаныя Святой Сям'і, у тым ліку і ў пінскім францішканскім. Абраз з яго (невядомага мастака-акадэміста ХІХ ст.) мае ўплыў іспанскага сакральнага жывапісу ХVІІ ст. і, перш за ўсё, Мурыльё. Гэта выразна выявілася ў вобразе Марыі, якая, склаўшы рукі, стаіць побач з Юзафам. Наперадзе іх — Езус, выдзелены павялічаным памерам як галоўная асоба; гэта ўжо падлетак, які на роўных дыскутаваў з першасвятарамі ў храме. Ён шырока развёў рукі ў бакі, нібы ўспрымаючы адкрытымі далонямі спасланне Св. Духа. Не бацькі вядуць Яго да нас, а Ён сам ідзе па зямлі, а Юзаф і Марыя суправаджаюць Яго, пазіраючы на Боскае Дзіця з малітоўным замілаваннем.

Мастакі італьянскага Рэнесансу і барока распрацавалі іншы іканаграфічны варыянт, у якім Святая Сям'я паказваецца ў хатнім побыце, пры гэтым да вядомых трох асобаў часта дадаецца св. Ганна або Ян Хрысціцель у дзіцячым узросце. У апошнім варыянце найбольшую вядомасць набылі карціны Рафаэля, ад якіх, у тым ліку праз графічныя пасярэднікі, паходзяць шматлікія абразкі з розных месцаў Беларусі, нават так званай «гомельскай школы».

У якасці прыкладу згадаем авальны абразок на палатне з Гярвятаў пачатку ХІХ ст. з простай металічнай шатай правінцыйнага майстра. На ім Езус, нібы вітаючыся, схіляецца з каленяў Маці да свайго равесніка Яна.

У адным з касцёлаў каля Ваўкавыска захавалася самастойнае барокавае ўвасабленне таго ж сюжэту з кантрастным, амаль «Караваджавым» адлюстраваннем святла. Пульхнае аголенае цела Дзіцяці і твар Марыі ў профіль ярка высветлены. Галава ж Юзафа на заднім плане і профільная паўфігура Яна, які асцярожна прыкладваецца да ножкі Езуса, патанаюць у цені.

Ад невядомага, хутчэй за ўсё, пінскага малера ХVІІІ ст. у Лагішыне застаўся алейны абраз на дошцы. Не абцяжарваючы сябе пошукам замежных першаўзораў, мастак скампанаваў Святую Сям'ю па сваім разуменні. Галоўнае месца займае Марыя, якая сядзіць узняўшы ў задуменні палец да твару. Побач з ёю мастак пасадзіў на расхінутае пакрывала Езуса, а насупраць — Яна з ахвярным баранчыкам. Ззаду стаіць, абапіраючыся на посах, Юзаф і ўважліва глядзіць на Марыю, а ў самым нізе ляжаць злашчасныя біблейскія яблычкі.

Бадай, найбольш цікавым з мастацкага погляду ўвасабленнем, так бы мовіць, «рафаэлеўскага» сюжэта з'яўляецца твор невядомага мастака эпохі барока з Гродзеншчыны. Марыя ў доўгай прасторнай сукенцы, з-пад якой відаць босыя ногі, сядзіць на нізкім крэсле. Яе велічная постаць дамінуе ў кампазіцыі. Дзіця вольна размясцілася на каленях Маці, якая падтрымлівае Яго рукою. Перад Імі, у цемнаватай глыбіні за столікамі, — Юзаф з кнігай і акулярамі ў руках як бы перапыніў чытанне. Справа ўнізе Ян Хрысціцель адхінае плашч Марыі, каб лепей бачыць Святую Сям'ю; побач намаляваны прадметы побыту: плецены з лазы сасуд (шыян) і кінуты на яго ручнік. У верхнім вугле праз вакно, як у рэнесансавых творах, відзён шматпланавы пейзаж.

«Святая Сям'я» з Янам Хрысціцелем дасягнула крайняга ўсходу Беларусі, пра што сведчаць два абразы пачатку ХІХ ст. на дошцы і палатне з цэркваў у Дуброўне і Уваравічах. Мяркуючы па іх абсалютна ідэнтычнай кампазіцыі, розныя мастакі бралі за ўзор адну і тую ж гравюру.

Яшчэ адно ўвасабленне Святой Сям'і ў старабеларускім мастацтве дайшло да Беларусі з Польшчы, але бярэ пачатак у Францыі. У сандамірска-радамскай дыяцэзіі ёсць мясцовасць Студзяна, слынная цудатворным абразом Маці Божай Студзянскай — Святарадзіннай. На абразе (1630—1640 гг.), намаляваным невядомым майстрам на палатне алейнымі фарбамі, паказана Святая Сям'я за вячэрай. Сучасныя польскія даследчыкі лічаць, што ў сюжэт абраза пакладзена гравюра французскага мастака Яна Якуба Кало. У часы «патопу» абраз быў зрабаваны шведамі з двара ў Непаломіцах. Пасля вайны ён трапіў у двор у Студзянай. У 1664 г. хвораму муляру Ленартовічу з'явілася Маці Божая (як на абразе) і абяцала ацаленне. У 1671 г. абраз быў прызнаны цудатворным, а сярод пілігрымаў да яго быў і кароль Ян Сабескі (Miejsca święte Rzeczypospolitej. Lexykon. Kraków, 1998, s. 295). Слава абраза ў апошняй трэці ХVІІ ст. была настолькі вялікай, што віленскі прафесар-езуіт Ян Дрэўс уключыў яго ў каляндарны даведнік для пілігрымаў сярод 12 самых шанаваных абразоў Маці Божай у Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Выдатную гравюру з абраза да віленскага даведніка зрабіў Аляксандр Тарасевіч. Не выключана, што яна паслужыла іканаграфічнай крыніцай для паўтораў студзянскага абраза на Беларусі. Адзін з іх выкананы Гілярыем Хаецкім для гродзенскага касцёла брыгітак (цяпер у Музеі гісторыі рэлігіі, Гродна). Другі знойдзены літаральна пад нагамі ў філіяльным касцёле ў в. Сейлавічы пад Нясвіжам. Адзначым адну важную дэталь. На копіі Хаецкага кароны намаляваны над галовамі ўсіх асобаў. На сейлавіцкім абразе, які, напэўна, калісьці знаходзіўся ў адным з нясвіжскіх касцёлаў (бенедыктынак?), толькі на Марыі і Езусе, як і на студзянскім прататыпе. Гэта наводзіць на думку, што аўтар нясвіжскай копіі маляваў з пратографа. Не выпадкова і з'яўленне яе ў Нясвіжы: як вядома, сястра караля Яна Сабескага была жонкаю віленскага ваяводы і гетмана Вялікага Княства Літоўскага Міхала Казіміра Радзівіла.

Дадатак да артыкула: Галерэя


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY