Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(18)/2001
Мастацтва
У свеце Бібліі

ЧЫМ ЁСЦЬ ЧАЛАВЕК?
Постаці
На кніжнай паліцы

ВЕРА І ФІЛАСОФІЯ
Нашы святыні
Юбілеі
Пераклады

IСПЫТ НА МАРАЛЬНАСЦЬ

ВЕРШЫ
Мастацтва
Проза
Паэзія

ВЕРШЫ
Культура

ВЯРТАННЕ НАЗАЎСЁДЫ

Згаслыя вочы
(Старонка, выкрадзеная з дзённіка жанчыны)

Калі дазволіць лёс адбыцца цуду,
Ты з'явішся ў хвіліны майго скону,
Не наракай, што ўжо з табой не буду,
Не праклінай магільнага палону.

Адно жадаю толькі ў супакою:
Мне вочы пацалуй на развітанне,
Што так былі напоўнены табою,
Праз цэлы век тваё насілі ззянне.

Твой воблік і цяпер у зрэнках дрэмле.
Лёс ткаў жыццё, як стужку залатую.
І не ліла я слёз ці скарг дарэмных.
Хавала толькі ў глыб вачэй тугу я.

Яе хіба адзін паэт бы згледзеў,
Яна нікому шлях не перакрыла.
Туга мая са мной глыбока недзе
Была, нікому сноў не засмуціла.

І я прад тым, як адлятаць у просінь,
Жадаю аднаго: хай ні вяночак
Грудзей не цісне, ні сляза не росіць,
А толькі ты мне пацалуеш вочы.

Хто ведае, што крыецца ў нябыце,
Што нас чакае ў змроку пахавальняў?
Няхай са мною будзе ў тым блакіце
Хоць пацалунак гэты развітальны.

     1887 г.

Лілея

Няхай табе здаюся сумнай,
Няхай запомніш мяне белай,
Што ж, калі ў свеце гэткім тлумным
Я на цябе адно б глядзела.

Калі мяне так вабяць вусны,
Што кроў гарыць, палаюць вочы.
Але той шлях, такі спакусны,
Не для мяне. Даруй, я збочу.

Ці ж я не мару ў захапленні
Цябе туліць у сне глыбокім?
Як быццам зорак зіхаценне
Кахаю ў космасе далёкім.

І то не прыклад раўнадушша —
Мой выгляд ціхі, задуменны.
У сэрцы жар, але я мушу
Халоднай быць, як мур каменны.

Бо як нясеш агонь пачуццяў
І з ім ляціш да шчасця смела,
Крый Божа, фальш той лёт засмуціць,
Як птах тады ўпадзеш здранцвела.

Чаго жыццё мне даць не можа,
Мой мілы дружа, ўзяць не смею.
Успамінай мяне прыгожа:
Як сон, як белую лілею.

Але калі твой шлях азмрочаць
Сумненне, роспач і знямога,
Ад слёз твае ацерці вочы
Зноў прывядзе мяне дарога.

І дух калі твой пахіснецца,
У вечных клопатах змадзее,
Прыйду загойваць спевам сэрца,
Прыйду вяртаць душы надзею.

Назначыў лёс такую долю,
Я з ёю ў смутку пасталею.
Успамінай мяне без болю,
Як сон, як белую лілею.

     1893 г.

Вячэрняй парой

Дом пусты і глуш нямая
Ані зоркі не відно;
Ні адна душа людская
Не пастукае ў акно,

Каб абдымкамі, пяшчотай
Сэрца к сэрцу прытуліць,
Развітаўшыся з самотай,
Цуд кахання распаліць.

Каб яшчэ убачыць вочы,
Што мне сняцца з году ў год!
Марыць так душа сіроча,
Кружыць думак карагод.

Толькі вочы, вусны ўбачыць
У трызненні залатым!
Але ж сэрцаў шмат бядачых
Вечна, марна сніць аб тым...

Вечарніца

Шызы ранні адвячорак,
Дровы ў грубцы зіхацяць,
Грамада сышлася скора
Час зімовы скаратаць.
Той з маёнтку, той з хаціны —
Селі дружна, лушчаць мак,
Старадаўніх казак дзіўных
Тут наслухаюцца ўсмак.
Часам боб альбо фасоля
Градам з рук ляціць у збан.
Зелянее ў думках поле,
Ўсіх чаруе казкі зман.
То не снежныя сумёты
За акном, не віхраў стогн,
А квітнее ў лузе лотаць,
Сніцца ўсім чароўны сон:
Рунь ільсніцца цёплым ранкам
На галінах у бары
Чэша валасы русалка
І рагочуць упыры...
Страх бярэ такое слухаць,
Хоць кладзі на лоб крыжы,
І бабулі ціха, глуха
Голас чуецца, дрыжыць.
Калаўрот стаіць у куце,
Вось прыйшоў яго чарод,
Зараз спеў бабулі будзе,
Ты круціся, калаўрот!
Хутка час плыве ля грубкі,
Што там віхраў тых выццё!
Пройдзе вечар так ціхуткі,
Як сплыве само жыццё.
Песня й казка з ім таксама
Адыдуць у вечну даль.
Зіхаці, душа, слязамі,
Снуйся, думак-мар паркаль!
Песня, лійся ў сэрца хваляй,
Хай крыніцай дух цячэ!
Што цябе ў жыцці трымала?
Спеў і казка! Што ж яшчэ?
Як арліных крылаў пара,
Песня й казка на прастор
Душу неслі над папарам
Да нязгледных новых зор.
Што ж, калі атручан келіх?
І жыцця прайграны бой?
Той вясны ў маёвай белі
Міг шчаслівы, стой жа, стой!
У бабулі скронь сівая,
Думак над ілбом павеў.
Калаўрот сабе кружляе,
Разам ніць снуе і спеў.
Да яе калень памкнёны,
Прытулюся галавой...
Рушаць, рушаць легіёны,
Льсняць харугвы нада мной.
Рог да бітвы покліч грае,
Дзіды блішчуць, сыпле шрот.
Ты спявай, спявай, старая,
Ты круціся, калаўрот!
Зможа сон, і прыйдзе рыцар,
«Ты маліся, — скажа ён,
Бо слязой шчака ірдзіцца,
З гэтага цяжкі твой сон».
Бітва жнецца, кроў ліецца,
Зменіць крэп пурпур удач,
І трыумфу спеў заўецца
Ў надмагільны ліры плач.
Ты спявай, спявай, старая,
Ты круціся, калаўрот,
Грубка чахне, дагарае,
Дух гарыць, наадварот!
Ты спявай, спявай, старая,
Ты круціся, калаўрот!
Час прайшоў. Пустая хата.
Сам, як даўніх казак здань.
Адыдзіце ж прэч вы, страты!
Мар дзіцячых прывід, — глянь!
Манатонны крок гадзіннік
Мерыць роўна ў цішыні,
За акном віхураў дзікіх
Чуцен лямант, больш — ані.
Сэрца смутак агартае,
Хоча зваць праз тоўшчу год:
Ты спявай, спявай, старая,
Ты круціся, калаўрот!

     1900 г.

Расстанне

У цішыні пяшчотнай пацалунак
На вуснах мне пакінь на развітанне
Цяпер, калі, як залаты дарунак,
Ты ў сон зляціш і знікнеш да світання.

І ў той апошні дзень, у час знаменны,
Калі яшчэ світанак залаціцца,
Застанься гэткім духам, сном праменным,
Застанься чыстай, як струмень, дзянніцай.

Каб я калісьці здолеў перад сконам
На пуцявінах тых, што ў цемры дзесьці,
Тваё аблічча ўспомніць блаславёна
І назаўжды ў нябыт з сабой панесці.

     1893 г.

Табе

У гэткай цішыні ізноў нас толькі двое,
Як рыцары стаім, стамлёныя паразай.
На плечы рукі мне ты пакладзі, былое
У глыбіні вачэй пачне яснець адразу.

Пабраныя былі з табой мы не на тое,
Каб у застольных днях спазнаць жыцця акрасу.
За працаю цяжкой, з'яднаныя з тугою,
Мы прагнулі вышынь духоўных, як наказу.

Ды ўжо за небакрай спяшае наша сонца,
І дзіўная туга агортвае: у нябыце
Няўжо той акіян узнёслых мар да донца

Усмокча прагны скон, ці ўсё ж у ты блакіце
Зліемся ў вечнасці, шчаслівыя бясконца,
Бы ў першы дзень кахання на дзянніцы.

     1898 г.

* * *

Ёсць зоркі ў небе, на якіх заўсёды
Мы можам позіркам з табой сустрэцца,
Хоць нас радзеляць час і перашкоды,
І смутак выесць вочы нам, здаецца.
Ды ёсць яшчэ нябачныя сцяжыны,
Што паяднаюць роднасныя душы,
Хаця б адзін і дасягнуў вяршыні,
Хаця б другі вяршыні не адужаў.

Адна любоў злучае нашы сэрцы,
Адзін прасцяг заваблівае мроі,
Але ў тузе, цярпенні, паняверцы,
Як светлы дух, анёл мой, будзь са мною!
Маіх грудзей брыльянтавым даспехам
Нябачным будзь, ахоўны мой таварыш,
І я паверу ўрэшце: ты кахаеш,
Хоць не мяне, дык песні маёй рэха.

     1900 г.

Скарб

Скарб свой сабраў праз цябе: ад нябёсаў
Сінюю бездань вачэй, каб навечна
Сэрца ўтапіць, потым бляск тваіх косаў
Светлых, што ззяннем спадаюць на плечы.

Голасу мілы струмень серабрысты,
З ім я, надзеяй акрылены лётаў.
Нават калі шлях спаткаў бы цярністы,
Ён мае раны б загойваў пяшчотай.

Вуснаў пурпуры, што ззяюць, як ружы,
Ветрык ім песціць, раскошу пялёсткаў.
Шлях чарадзейны той соладка кружыць,
Глог прымінаючы, йду па ім дзёрзка.

Ўрэшце тваю ўзяў з тым скарбам душу я
І растапіў у агні майго духу.
Там цяпер жарсці натхненне бушуе,
Сіла струменіць, адольвае скруху.

Так мне шчасліва ў памкненнях узнёслых
Зліцца з табой, хоць нас даль разлучыла,
Хоць на зямлі і няма такой сілы,
Каб паяднала навек нашы лёсы.

Слёз не лію. Узнясу на дзянніцы
Рукі да зор: вобраз твой з іх сплывае,
Я яго ў лоне глыбока хаваю:
Хай сабе дрэмле, як скарб, у капліцы.

     1903 г.

Елачка

Ціхі, светлы дзень прыгожы
На ўсім белым свеце —
То ляціць анёлак Божы —
Радуйцеся, дзеці!
Ён нясе дарункі, скарбы,
Елачку засвеціць

Бляскам яркім дзіўных фарбаў —
Радуйцеся, дзеці!

ПЕСНІ ДАРАГАВІЦКІЯ

Засценак Зосін

1
Від забіякі, ўгору вус
Ад ягамосьці пыха,
На ўсім відаць шляхецкі густ,
Які свабодай дыхаў.

Як моцны леў, стагоддзяў друз
Ён вынес. Біўся з ліхам,
Як рыцар. Працы знаў хаўрус
І баляваў не ціха.

Цяпер дык дзіўна: шэршняў хатка
Імя дзяўчыны носіць,
Хоць маніць рыцарскай апраткай.

І вось, як вестка нам даносіць:
Быў старцу знак тут пра дзіцятка —
Пра долю нейкай марнай Зосі.


2
Пад лесам шэрых хат шнурочак канапляны
Далёка цягнецца: саломай крыты стрэхі,
Вароты без замкоў, двор, ганачак цагляны,
Вакенцаў тройка свае сонцу шлюць усмехі.

Вяргіні, мальвы ў агародчыку старанна
Дачушак рукі пасадзілі дзеля ўцехі,
Сланечнік дзе-нідзе. Старое ўсё тут знана —
Стадола, свіран, хлеў — яшчэ з часіны Леха.

Тутэйшы люд аднак спрастачыўся нямала,
Рука, што некалі пяро і меч трымала,
Пры плугу загрубела, розум страціў годнасць.

Адно аблічча часам выдае пароду,
Красу і моц цяпер здрабнелага народу,
Культуру даўнюю і дум высакароднасць.

     1902 г.

З ЦЫКЛУ «ЗЯМЛЯ»

Новы двор

Над ракой на пагорку стаяць не харомы —
Белы двор, ліп рады, ў садзе яблыні, слівы,
Як любілі яшчэ з часоў Пястаў, вядома, —
Кветкі, йгрушы і пчол рой працоўны, гудлівы.

Штосьці ёсць ад нявесты ў тым вобліку дома:
Сэрца матчына, гойныя рукі, цярплівы
Дух, што будзе заўжды, праз віхуры, без стомы
Душы дзецям лячыць, аглядаць свае нівы.

Колькі сокалаў зоркіх і сэрц, поўных жару
Тут ласкава тулілі радзімыя сцены!
Я, іх сціплы пясняр, чэрпаў з гэткага ж дару

Песняў-думак лады: звыклы цяг, перамены,
Сны, пачуцці, жоўць з воцатам, кроплі нектару...
Блаславёны будзь край, дарагі, задуменны!

Вал «Замачак»

Сосны аб вечным шумяць на даўняй магіле,
Дзе гаспадарыць адно санлівая змора,
Некалі ж тут вірыла жыццё ў поўнай сіле,
Сёння барсук і ліса хіба рыюць норы.

Прагне душа зразумець, якой непакорай,
Моцай якой абарончы тут вал зрабілі,
Як уцякаў адсюль пераможаны вораг?..
Толькі дарма! Дні былыя збуцьвелі ў цвілі,

Пусткаю тхне над ракою дазорная вежа.
Некалі ж тут ад набегаў арды татарскай
Мужныя дзіды ахоўвалі родныя межы,
Замачак помніць дагэтуль іх дух ваярскі,
Што стаў легендай.


ІІІ
Так, гледзячы на вал той думны і шляхетны,
Здаецца, што вякоў адчуеш дух адметны,
Памацаеш мячы і рыцарскія строі
З дыярыуша пыл ці з хронікі старое

Сатрэш ашчадна... Не! Разбуджана ўяўленне
Зусім не выглядам ваярскіх пакаленняў.
О ты, зямля, крывёй залітая шляхецкай,
Твае арлы даўно забылі гарт стралецкі,

Змарнеў у цесных клетках дух іх дужы.
Бяда зямлі, дзе на нішто звялася мужнасць.
І дрэмле памяць у здранцвеласці бязмернай.

Але, — хто ведае, — ўсё ж змрок той не бясконцы,
Ён пройдзе, быццам ноч перад усходам сонца,
І з нетраў прарасце абуджанае зерне.


ІV
Так — не заўсёды тут цемра. Змрок адступае.
Хатнія ўсе да лучыны падселі блізка.
Жорны туркочуць, люляе дзіця калыска,
Дзед на стале кантычку сваю раскладае.

З мутных вачэй яго быццам агонь забліскаў.
Ён заспяваў, грамада ж яму падпявае,
Хоць радаводных заслуг ужо не згадае,
Вера старая іх сэрцы схіляе нізка.

Моцна чужынай тут папсаваная мова
Годнасць вяртае сваю праз роднае слова,
З вуснаў плыве яно жыхара і жыхаркі:
Божа ласкавы,
Прымі плач крывавы
Знявераных дзетак.
Быццам стаіш на гарачым жывым вулкане,
Што абудзіўся ад сну і лавінай стане
І ўваскрасіць фальваркі!
Багародзіца
Дзева
Богам слаўная
Марыя!

     1902 г.

Пераклад з польскай мовы
Ірыны Багдановіч

Артыкул Ірыны Багдановіч
ПРАГА ДУХОЎНЫХ ВЫШЫНЯЎ: АДАМ М-СКІ


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY