|
Дыханне жыцця |
І за што мне такое шчасце -
Да Божае тайны прычасце?
Вочы, глядзіце і бачце!
Потым ужо наплачацеся…
Як я люблю, любы,
Стаяць на краі згубы
Й вагацца паміж тым і гэтым,
Цьмяным і пэўным светам.
|
Прагулка па Мілаградзе |
Якім ты быў
да гэтага спаткання
З марозным раннем,
з бэзавым святлом
На ўсходзе сонца,
з глыбінёй маўчання,
Як чары крышталёвай
над сталом,
Пакрытым белым ільняным абрусам -
Снягамі Тайны й Духу Беларусі?
Якім ты быў,
Дзіця, хлапчына, воін?
Шукаў святла?
Трымаўся за старое?
Любіў кідок за круг
ад страшнай рысы?
Ці - цеплыню
адвечнае калыскі,
Уверсе з тонкім кужалем - страхой,
Шчытом, аховай, казкай залатой?..
«Якім ты быў?..
Якім ты стаў?.. - ліецца
Агністым мёдам
з тонкага вядзерца.
Вялікага - як сэрца.
Як Зіма…
Ці гэта я
прыдумала сама:
Цябе, каханне, Беларусь і тайну
Падчас прагулкі нашай незвычайнай?
|
Я вучуся |
Я вучуся разумець Любоў,
Я вучуся разумець Каханне.
Тысячы блакітных гарадоў
Я прайду ад вечара да рання.
Абыду нябесны акіян
І марскія сінія глыбіні.
Як ільва, прылашчу ўраган
І дзіця прыму ў плывучай скрыні.
Ля падэшвы грознае гары,
Дзе вайны і міру скрыжаванне,
Я знайду чароўныя дары -
Шоўк Любові і смарагд Кахання.
|
Вілейка |
Маленькая Вілейка -
Як белая лілейка,
Што пасярод ракі
Цяперашняга часу:
Як Боская ўкраса
Ў анёла ля шчакі.
Зялёныя пагоркі,
Світанкі, адвячоркі
Ў ліловай сівізне…
Качаецца бясконца
Па сподку неба сонца
Ў вілейскай старане.
Зрудзелы лісцік дрэва
Направа і налева
Хістаецца ў вятрах,
Што прадзімаюць быццам
Саму святую існасць -
Вялікі людскі шлях.
Утульная Вілейка.
У садзе салавейка
Спявае ў забыцці…
Вось так і ты, мястэчка
Вілейка, як гняздзечка -
Адно ў маім жыцці.
|
Вінаградная кніга душы |
Ў вінаградную кнігу душы
Запісала я верш пра Цябе.
Там няма вылічальных машын,
Зерне кнопак ніхто не дзяўбе
І на яркі рэкламны агонь
Не ляціць у начы аўтаконь…
Гэта кніга - не казка, не міт,
А малітва мая ў журбе.
Пад зялёны яе аксаміт
Я паклала лісты ад Цябе…
А як смерці пасыпецца град,
Я вярнуся ў закінуты сад.
Каб у змроку старонкі гартаць
І бясконца, пяшчотна кахаць…
|
Возера |
Нібыта каханне
З першага позірку -
Адкрылася мне
Запаветнае возера.
Забытай баладай,
Дзявочаю казкаю…
Убранае тонкай
Зялёнаю раскаю.
Сустрэчу пазначыць -
Тут і цяпер! -
Садзяцца стракозы
На пруткі аер.
Нявінных лілеяў
Плыве чарада
Туды, дзе пад сонцам
Святлее вада…
Святлела, круглела
Пад здзіўленым позіркам
Маім (аці нечым?)
Бліскучае возера;
І вербы ваду яго,
Быццам зубры,
Пілі, каб вярнуцца
Ў святыя бары.
Бацькоўскі куточак?
Нязведаны край?
Люстэрка нябёсаў?
Ці знойдзены рай?..
Жыцця пасярэдзіне
Ноччу і днём
Няхай яно свеціць
Вільготным агнём!
|
Пакора (Ля руінаў замка ў Наваградку) |
Гісторыя
Не знае межаў:
Прасторы дух
Руйнуе вежы.
Яны трымалі
Столь нябёсаў!
Цяпер на іх
Растуць бярозы…
Кветкі і зоры
Гваздзікі і gwiazdy
Сэнс агульны звязвае.
Першыя - успыхваюць
У цемры жыцця,
Як зоры!
Другія - адцвітаюць
У нябесным садзе гэтак жа хутка,
Як кветкі!
Кветкі - гэта зоры,
Зоры - гэта кветкі…
Ці не гэтак?
|
Scripta manent |
Scripta manent:
Вераўчаны арнамент,
Твой воблік мілы,
Пяшчота сілы…
|
|
|