Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(22)/2002
Дакументы
Мастацтва

ВОБРАЗ СВЯТОГА МІКАЛАЯ Ў СТАРАЖЫТНАБЕЛАРУСКІМ МАСТАЦТВЕ
Проза

ПЕРАКЛІЧКА
У свеце Бібліі
Вандроўкі

TRIDENTUM
Haereditas
Постаці

MEMENTO PATRIAM
Пераклады

ЕЗУС НЕВЯДОМЫ
Нашы святыні

ЛЕСВІЦА Ў НЕБА
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
Інтэрв'ю

СВОЙ ШЛЯХ ДА БОГА
Проза

AFFECTUS MYSTYCUS
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Бібліятэка часопіса
«Наша вера»

«ПРАСТОРА ТВОРЦЫ»

Вацлаў Жыдліцкі (справа) і Янка Брыль. Прага, лістапад 1979 г.
Янка БРЫЛЬ

ПЕРАКЛІЧКА

Пачну з даведкі, нібы эпіграфа да развітальнага слова пра сябра. «Жыдліцкі Вацлаў (н. 16.04.1931), чэшскі літаратуразнавец і перакладчык. Доктар філалогіі, прафесар Карлава універсітэта ў Празе. Даследуе гісторыю беларускай і ўкраінскай літаратур, іх сувязі з чэшскай літаратурай, чытае пра іх курс лекцый ва універсітэце. Аўтар прац «Украінская і беларуская літаратура ў чэшскіх перакладах», «Даследаванні па гісторыі чэшска-беларускай супольнасці», «Кароткі нарыс гісторыі беларускай літаратуры» і інш. На чэшскую мову пераклаў кнігі «Я з вогненнай вёскі...» А. Адамовіча, Я. Брыля і У. Калесніка, «Хатынская аповесць» А. Адамовіча, «Птушкі і гнёзды», «Ніжнія Байдуны» і «Апошняя сустрэча» Я, Брыля, «Абеліск» і «Дажыць да світання» В. Быкава, «Дзікае паляванне караля Стаха», «Нельга забыць», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і «Чорны замак Альшанскі» У. Караткевіча, «Данута» А. Карпюка, «Мсціжы» І. Пташнікава, «Сэрца на далоні», «Гандлярка і паэт» І. Шамякіна, асобныя творы Ц. Гартнага, К. Чорнага і іншых. Уклаў «Анталогію сучаснай беларускай паэзіі», аднатомнікі Я. Купалы, М. Танка і іншае, напісаў да іх прадмовы ці пасляслоўі». Узяў я гэта, трохі падціснуўшы, у Адама Мальдзіса, з другога тома «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі». А далей – запісы з нялёгкіх дзён.

* * *

Ліпеньскі тыдзень у Мінску.

Увечары з Прагі пазваніла Лена Ціхановіч. Павітаўшыся, сумна сказала, што Вацлаву Жыдліцкаму рабілі аперацыю на сэрцы і ён у цяжкім стане... Спатрэбілася паўза, абаім, пасля якое Лена перайшла на службовае, папрасіла сказаць кароткае слова пра дзённік Міхася Дубянецкага, абнародаванне якога пачалося друкаваннем у «Полымі», а закончылася некалькімі перадачамі па радыё «Свабода». Слова тое я ёй падыктаваў на запіс адразу, а напісаць цяжка прадуманае пісьмо змог толькі на чацвёрты дзень, перад ад’ездам у Крынічнае:

«Дарагі Вацлаў!

У нашай цудоўнай надрэчнай ды прылясной глухамані, у цішыні ды самоце многа думаецца пра перажытае, пра сустрэчы з найбліжэйшымі з людзей... Для мяне, для Ніны Міхайлаўны, для ўсёй нашай сям’і гэта і Ты – адзін з такіх людзей, чыя абаяльная чалавечнасць дапамагае паўнацэнна жыць, адчуваць сябе абдораным шчасцем сапраўднай дружбы.

Мы часта думаем пра Цябе, успамінаем многае, у тым ліку і Тваё гасцяванне ў Мінску і ў нашым доме.

Усяго Табе добрага!»

Адказу я, можна сказаць, не спадзяваўся, думаючы пра ягоны стан, ды тут галоўнае, каб мой сігнал дайшоў, быў яму перададзены.

А Лена пісала мне праз два тыдні:

«Сёння званіла сп. Жыдліцкаму, хацела пацікавіцца яго здароўем. Мне зноў адказала жанчына, што пан Жыдліцкі пасля аперацыі сэрца, пакуль слабы, але маё прывітанне яна яму перадасць.

Бывайце як мага больш здаровы».

Можа, гэта будзе неяк залішне па-літаратурнаму, «эпісталярна», але ж і далей хочацца запісваць, выкарыстоўваючы пісьмы.

Сёння, 21 жніўня, толькі што напісаў:

«Мілая Лена!

Пра Вацлава я пачуў пазаўчора, па вячэрняй «Свабодзе». Думаў, будзе потым трохі больш. Не было... У мяне пакуль што «закрамянелае сэрца». Як пра мужчын гаворыцца ў такіх выпадках. Больш за сорак гадоў нашай дружбы... І пісаў я пра яго, і буду яшчэ пісаць, пакуль мне бачыцца толькі ягоная ўсмешка... Ён жа быў у Мінску ў канцы кастрычніка – пачатку лістапада, за сталом у нашай хаце ўсміхаўся: «Піць мне не можна, але ж і не хочацца...» А на вечары ў бібліятэцы Дома літаратара мы разам, два міжнародныя дзяды, любаваннем ды пахвалой даводзілі да чырвані шчочак красуню Вераніку Стральцову, дачку незабыўнага Міхася, па бацьку таленавітую ў літаратуразнаўстве.

Вацлаў Жыдліцкі з сынамі Гонзам (вышэйшы) і Даліборам. Мір, жнівень 1967 г. Фота Я. Брыля.
У яго два сыны, Далібор і Гонза. Калісьці, у 1967-м, яны гасцявалі з бацькам у нас, вазіў іх па Наваградчыне, я тады захапляўся фатаграфіяй, і яны ў мяне, шчаслівыя хлопчыкі з усмешлівым бацькам, на многіх здымках. А дарослымі я іх не бачыў, хоць двойчы, у 1979-м і ў 1980-м, быў у Празе. Не ведаю, як з імі трэба гаварыць або як ім пісаць, маючы толькі бацькаў адрас і хатні тэлефон.

Ці не можаце Вы, Лена, дапамагчы мне неяк? Куды пойдзе Вацлаваў архіў? Мноства ягоных пісьмаў да мяне я здаў у адзін з двух архіваў, – не памятаю і не магу тут праверыць, у акадэмічны ці ў дзяржаўны, яны ў належным захаванні, а які лёс чакае мае пісьмы яму?.. Чэхі народ культурны, акуратны. Жыдліцкі асоба значная, аднак ведаць хацелася б больш ды канкрэтней. Прабачце, што нагружаю Вас гэтай просьбай, аднак не магу прыдумаць, да каго б звярнуцца...»

Крыху пазней прыйшло пісьмо ад незнаёмай Галіны Бінавай, украіністкі з Брноўскага універсітэта, раней пражскай студэнткі Жыдліцкага, якая была пры ім да скону. Гэта, відаць, яна і адказвала на Леніны званкі.

«Боже мой, – піша пані Бінава, – сколько он вытерпел первые дни после операции! А оказалось, только для того, чтобы продлить себе жизнь на месяц... Очень ослаб, но постепенно набирался сил, чувствовал себя лучше. И вдруг вечером 18-го, около 23 часов, пришел кризис. И хотя я немедленно вызвала «скорую», делали все возможное – безуспешно.

Знаю, что Вы были с ним близки. Он с большой теплотой часто говорил о Вас и Вашей жене, вспоминал встречи с Вами, читал Ваши письма, просматривал фотографии. Последние недели перед смертью он ежедневно звонил Вам, хотел поздравить с юбилеем, но, увы, так и не дозвонился. Предполагал, что Вы живете на даче. Так на столе у телефона и остался его блокнот с Вашим номером телефона. Теперь, хоть и с опозданием, выполняю горячее желание моего Вацлавчика и поздравляю Вас. Будьте здоровы и вспоминайте его. Это единственное, что нам осталось...

...Посылаю Вам и Вашей жене поклон он Яна и Далибора – сыновей Вацлава».

Зноў Лена:

«Дарагі Іван Антонавіч!

Ваш ліст атрымала 9 верасня. Я напісала Вам раней пра развітанне – у памяць кампутара, але пакінула на потым, каб вярнуцца. Вось з той памяці:

Вацлаў Жыдліцкі памёр 19 жніўня. Адразу пасля патопу ў тыя дні ў Прагу прыйшла вялікая спёка. Тое месца, куды перабраўся сп. Жыдліцкі, было часткова затоплена, вада заліла і бліжэйшую станцыю метро – Андал.

Развітанне было ў Страшніцкім крэматорыі ў пятніцу 23 жніўня ў 15 гадзін. Месца ўрачыстае – вербы, туі вечназялёныя, а побач агонь у свяцільніках гарыць... Там жа недзе ў братняй магіле пахаваны і Тамаш Грыб.

Я вельмі хацела сказаць некалькі словаў ад беларусаў, але, на жаль, відаць, паводле рашэння сям’і, грамадзянскай паніхіды ўвогуле не было. На сцэне стаялі кветкі і вянкі (ад украінскай і беларускай амбасадаў, сястры, дзяцей і ўнукаў), грала музыка. Праз мінут дваццаць заслонкі прыкрыліся, усе ўсталі з лавак і падышлі паціснуць рукі блізкім.

Гэта было маё першае пахаванне тут, у Чэхах. Я ўспамінала наша стаянне над гробам, цалаванне халодных рук, а потым галашэнне, як забіваюць цвікі, апускаюць у магілу... Тут усё спрасцілі і ўзвысілі, схавалі твар смерці і нябожчыка – нават умоўнай труны яго не бачыш. Ніхто на людзях не плача і не галосіць, здаецца, як на канцэрце пабыў...

Ад беларусаў былі мы з Ганнай Сурмач і сам амбасадар Бельскі – прынёс вялізны вянок белых і чырвоных гваздзікоў. Ад украінцаў – нейкі дарадца з амбасады.

Прызнаюся Вам, хоць нябожчыка я не бачыла, ужо некалькі дзён неадступна ўспамінаецца мне сп. Вацлаў. Гэта быў адзіны чэх у Празе, з якім я з асалодай гаварыла па-беларуску. Увесь час цікавіўся, як я абжываюся, ці разумею чэхаў, ці разумеюць чэхі мяне, калі ўжо я найду сабе чэшскага сябра...

Пасля пахавання я падышла да аднаго з сыноў, Яна. Сказала, што калі б яны не ведалі, што рабіць з беларускім архівам, то могуць звярнуцца да нашай суполкі «Скарына».

Атрымаўшы Ваш ліст, я зноў яму патэлефанавала і перадала прывітанне. Ён сказаў, што хоць гэта было даўно, у дзяцінстве, але памятае Вас і хацеў кантактавацца з Вамі, але не ведаў як. Паведамляю цяпер Вам яго каардынаты.

Ён мне таксама паведаміў, што урна будзе, відаць, пахавана на Альшанах, побач з магілай яго маці. Яны сапраўды не ведаюць, што рабіць з кніжкамі і архівам, бо не дадуць рады разабрацца. Частку перададуць Карлаву універсітэту. У гэтую нядзелю ўнучка (дачка Яна) прапанавала мне прыйсці і паглядзець, што засталося. Потым Вам напішу».

І напісала:

«Учора, у нядзелю, мы з Ганнай Сурмач і Сержуком Сокалавым паехалі забраць беларускія кнігі са спадчыны Вацлава Жыдліцкага. Мы дамовіліся менавіта пра кнігі, бо архіў узялі сыны, яны, відаць, будуць у гэтым яшчэ разбірацца. Кніжкамі займалася ўнучка Тэрэза, ёй памагала Галіна Бінава, якая сказала, што спадар Жыдліцкі прыняў рашэнне галоўную частку ўкраінскіх кніг перадаць ім, у Брненскі універсітэт.

Беларускія кнігі былі складзены дзесьці ў дваццаць скрынак. Гэта ўсё найлепшае, што выходзіла да канца мінулага стагоддзя, плюс чэшскія пераклады...

Частку кніг возьме на захаванне Сокалаў, частку – я. Плануем скласці спіс, а калі наша суполка «Скарына» будзе мець які куточак у Празе, то зрабіць там беларускую бібліятэку.

У гэтай апошняй кватэры сп. Жыдліцкага (Bozdechova 3) я не была раней, хоць гэта вельмі блізка ад майго дому, па дарозе. Гэта маленькая двухпакаёўка, на другім паверсе. Там ён пражыў апошнія тры гады...»

* * *

Яну Вацлававічу (бацька называў яго малога Гонзам) я напісаў па-руску, палічыўшы, што гэтую мову ён вывучаў у школе. Апроч пісьмаў Вацлава да мяне, назваў яшчэ і той, планаваны «Мастацкай літаратурай» у канцы 80-х том Жыдліцкага, – артыкулы пра беларускую літаратуру, які ён, як быццам, рыхтаваў, але не спяшаўся з гэтым, кажучы мне, што спачатку перакладзе аднатомнік Кузьмы Чорнага, бо калі не ён, дык у Чэхіі ніхто гэтага не зробіць... Папрасіў Яна паглядзець у архіве, ці не засталося там нарыхтовак да мяркуемай кнігі артыкулаў.

Добра думаецца пра тое, што мае пісьмы да Вацлава або іх ксеракопіі будуць прысланыя. Узаемная перапіска, шматгадовы творчы дыялог пабольшыцца яшчэ і на сябра-чэха пасля іншых сяброў-літаратараў – рускага Дзмітрыя Кавалёва, паляка Мацея Канановіча, нашых Караткевіча і Калесніка, а таксама й заходнебеларускіх местачковых настаўнікаў, краязнаўцаў ды чытачоў Міхася Петрыкевіча і Уладзіміра Томкі. Мой дыялог з кожным, каго называю, налічвае дзе многа, а дзе і мноства пісьмаў, здадзеных у архівы. Надрукавана толькі перапіска з Караткевічам, па колькасці найкарацейшая.

* * *

На самай ранняй яго кніжцы «Souиasna sovecka literatura III ukrainska a beloruskг» – найпершы аўтограф:

«Вельмі шаноўнаму Янку Брылю..., які даў мне адчуць беларускую душу. Шчыра. Вацлаў Жыдліцкі. Прага, 4/4 1966 г.»

Падкрэслена мною цяпер, у горкім роздуме, хваляванні і ўдзячнасці.

Сустрэча ў Доме творчасці «Іслач» на міжнародным з’ездзе перакладчыкаў беларускай літаратуры. Верасень 1987 г.
З запісаў пра сустрэчы – той, з канца 1987-га, калі я позна ўвечары праводзіў яго ад нас у гасцініцу і ён у ліфце сказаў:

«Добра, калі ёсць на свеце дом, сям’я, дзе можна быць як дома».

Перабраў апошнімі днямі папкі з фотаздымкамі, выбраўшы тыя, дзе і Жыдліцкі. З назваў мясцін, запісаных на адваротах здымкаў, нават і нейкае ледзь не «хоку» для сябе складаецца:

Мір, Свіцязь, Туганавічы,
Альбуць, Крынічнае, Іслач,
Мінск, Прага, Масква...
Нібы й нямала, і – мала...

І неяк ці не найболей шкада, што не знойдзены, не захаваўся адзін з найранейшых здымкаў, з лета 1967-га, зроблены мною дома. Вацлаваў меншы, вясёлы чэшскі жэўжык Далібор спіць на канапе, чарнавалосы на белі, з гронкай бананаў у ручцы...

* * *

Нарэшце – і яшчэ адна канцоўка.

Паважаны Ян-Гонза маё пісьмо, напісанае яму па-руску, прачытаў, але адказваць на той жа мове не асмеліўся. Напісаў па-чэшску, а пераклала яго ласкава Галіна Бінава.

Пісьмы мае – за сорак з гакам гадоў – захаваліся, будуць прысланыя.

Вацлаў Жыдліцкі, Сяргей Панізнік з Андрэем, сынам яго і Жэні Янішчыц, і Янка Брыль. Лістапад 2001 г. Апошні здымак Вацлава ў Мінску.
Пазычу ў архіве (смешнавата неяк: пазычу – сваё) пісьмы Вацлава, храналагічна складу іх з маімі і перш за ўсё начытаюся, наўспамінаюся ад душы, яшчэ раз перажыву наша жыццё, хоць у пэўнай прыблізнасці, як гэта бывала ўжо ў свой час з пісьмамі іншых сяброў.

Ёсць і сумнейшае. Не перакладзены аднатомнік Чорнага, не напісана гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, задума гэтая засталася ў планах, праектах і ў зборы матэрыялаў – не больш таго...

Што ж, у многіх застаецца штосьці няздзейсненае, недаробленае... Тут у мяне не проста развага, не гаркаватая згода з тым, чаго не паправіш, – тут ёсць і суцяшэнне, яно ў адчуванні шчырай, вялікай удзячнасці за тое, што зрабіў для нас, беларусаў, гэты цудоўны, непаўторны чэх.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY