Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(29)/2004
Падзеі
На кніжнай паліцы
Галерэя

СВЯТЫ ЯН НА ПАТМАСЕ
Мастацтва

«КРЫЖУ ТВАЙМУ ПАКЛАНЯЕМСЯ...»
Пераклады

АЙЦЕЦ АНТОНІУ ВІЭЙРА

ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ, АСВЕЧАНЫ МАЦІ БОЖАЙ

ВЕРШЫ
На шляху веры
In memoriam
Паэзія

ВЕРШЫ
Мастацтва
Пераклады
Хрысціянская думка
Пераклады

ПОЙДЗЕМ ЗА ІМ!
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

КНІГА, ПОЎНАЯ СВЯТЛА
Нашы святыні
На кніжнай паліцы

Калі вецер застыгне
калі вецер з мора застыгне
у набярэжных соснах
у пасечаных асколкамі рунах

Зямля народзіцца яшчэ раз

хто сказаў што не веру
і не ўмею пісаць пра Творцу

а чыя ж рука сціснула нашу гліну
так што кроў пацякла
і чыя гэта кропля крыві
касцёл святой Ганны ў Вільні

помню голуб драмаў на краі аргана
сніў у полі калоссе
сцярогся сярпа

на далоні Зямлі пад далоняю Неба
у невялічкай былой сталіцы
Ерузалеме ў пушчах

і ў кожным мястэчку і вёсцы
наўкол голуба на аргане
як можна не чуць свайго Творцу

калі вецер застыгне


Спамін
сонца млын
замесіць цеста гарачай вады
з мулам глеем і рыбай

не кідай ні сеткі ні вуды

тваё месца на беразе
тут глядзі як Творца майструе свет
вечны як Слова

як павучок на залатой нітцы
пад белым небам Айчыны
як цень хмары над спелым полем
як цень дажджу над подыхам кветак
як апёк навальніцы

і прасвет у вечны прастор
пад Рай-Дугою
ад Каменкі аж да Карашава

глядзі праз шчаслівыя слёзы
пакуль яшчэ лета

потым школа
і будуць казаць што няма ніякага Бога
а ёсць адны камсамольцы



Ішкалдзь
ні двара ні вёскі
так і не скончылі за пяцьсот гадоў
касцёл у цішы як палец
як моцны грыб

з каменнай зямной грыбніцы
з нябачнага павуціння пагоркаў

тут месца каб сэрцам думаць

крывёю бітваў ты не пазначанае ў стагоддзях
месца на свеце

Пярун адвярнуў Пані Смерць свой лагер
не разбівала
Чатырох Коней Апакаліпсіса
пераскочылі

пустыя пагоркі Ішкалдзі
камяністыя палявыя дарогі нікуды
Неба тут гнецца – як у падручніку Лабачэўскага
Час ідзе каляінай Неба –
і назад паварочвае за даляглядам

ізноў абмінае касцельны «грыб»
што ўпіраецца контрафорсамі
ў пяцьсот гадоў



Тамара
ноч мароз зіма на двары
цукеркі ялінкі залатыя шары

брамка за брамкай каляду вядзе
а Стыкс замерз хоць ідзі па вадзе:

не хадзі на той бераг

год за годам за годам год
як дзедавыя ходзікі гоняць ход

лодка замерзла выпражаны конь
у галандскай печцы гарачы агонь

цёпла дома ці ёсць ці няма
цёпла і страшна калі зіма

кожным годам кожнай зімой
застаецца Тамара далёка за мной

не вернецца нічога ні цень ні боль
не ўхарошым разам ялінку больш:

не хадзі на той бераг...


Леснічоўка
чый гэта Крыж на снезе
цень чыйго калючага дроту

канвоі быдлячых вагонаў ідуць да смерці
таварная станцыя ў Гродне
дагэтуль мянушку нясе – Палестына

Твой народ у печы паехаў
Пане

горкім рэхам як дымам
пайшло пра народ абраны
слова бітае клінам справа налева

бралі ўсіх як некалі Ірад
бралі ўсіх як быццам Яго шукалі

чый гэта цень на снезе
хто ўцякае праз дрот з Палестыны
па кім ціўкаюць кулі

люты холад зімы сорак першага года
верабей замярзае

сем кругоў Цаліны
леснічоўка малая
там спрадвеку жылі ў простай веры
леснічоўкай мала была
леснічоўка


Вялікі Луг
сон матылёў
на асоках аерах чаротах гарлачыках
кожны сніць сваё на сваім
пад адным тупка пад другім прорва

а на паверхні
бліскучая чорная роўнядзь старыцы
у якой адбіваецца спёка

ясны сонечны дзень

Творца адпачывае
нават час не варушыцца
нават сонечны вецер
у анёлкавых крыльцах
і гарачай ружовай прасторы над Лугам

Творца адпачывае
на стоках яцвяжскіх рэкаў
на Вялікім Лузе
недалёка стратэгічнай дарогі Мінск-Гродна
і Гродна-Мінск

сам напішы на кавалку картона
куды ты хочаш

напішы і стань ля шашы
пакуль Творца адпачывае


Восень
ціха пакуль што ў нас у той Паднябеснай
ціха пакуль што чакаем адпачываем
сыпле свой ліст бяроза ў гультаяваты вецер
адышлі дакопкі адпачываем чакаем

у Паднябеснай спакойнае тысячагоддзе
смерць па мястэчку ходзіць як дома
аднагодкі не паспелі прыйсці а ўжо адыходзяць
і на могілках як на танцах дзе ні глянеш кругом знаёмы

доўга восень праз Паднябесную цягне
доўга мы зажыліся ў сваім дваццатым стагоддзі
хутарчукі тутэйшыя як у балоце чаплі
восень у Паднябеснай вечная не адыходзіць


Зямны Рай у Няцечы
Сорак год касцёл быў пад замком
чую па радыё з Прагі
дзвюх цётак з Няцечы пад Лідай
а потым прыехаў ксёндз з Наваградка
кажа так шмат людзей
такая вялікая вёска
будзе вам касцёл
і адчыніў нам Рай на Зямлі

castelle:
загон агароджа цытадэль
ратунак прытулак храм Зямны Рай

за мурамі яго той сусвет
у якім прыходзіцца жыць

людзі вераць у Зямны Рай
іначай не мелі б сілы на Зямное Пекла

па смерці няведама што будзе
а тут штонядзелю выбіраемся як на свята

душа таксама матэрыяльная
душа ёсць падмурак для цела
падстава ўсяго жывога
ці не для такой душы ёсць на Зямлі касцёл
як Зямны Рай у Няцечы пад Лідай


Слязінка
што варта слязінкі дзіцяці і што не варта?
бо дзіця плача калі захоча
і яго слязінкі вартае ўсё

гэта мы плачам у адпаведны момант
плачам смяемся жывем паміраем
згодна звычаю ад праездаў спакон вякоў

праўдзівая вера гэта слязінка дзіцяці
вера гэта здзіўляе гэта цуд
гэта заўжды першы раз

а ўсё іншае каб не горш чым у людзей
і абы ўсё ціха было

нам дзяцей бракуе
у той Беларусі спрацаванай без толку

дзяцей бракуе
з галавы выцек апошні розум
злосць у кішках і касцях
краем кіруе


Бераг
светлякі нашы дробныя
збіваюцца ў суцэльныя плямы святла могілак
памінальнымі свечкамі на Дзяды
бязгучна сцякаюць у цемру
плывуць падуладныя хвалям
прыбіваюцца ў берагі
Нёмана Котры Гаўі

І ўсё паўтараецца
чырвонае сонца над Вечным Лугам
чорныя коцікі як вугалькі
а нават чорт са сваім сенам і верталётам

там дзе хрэн зацвітае
вёска трывае
і ляціць белы конь

як святы Юры ў госці да Цмока


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY