Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(29)/2004
Падзеі
На кніжнай паліцы
Галерэя

СВЯТЫ ЯН НА ПАТМАСЕ
Мастацтва

«КРЫЖУ ТВАЙМУ ПАКЛАНЯЕМСЯ...»
Пераклады

АЙЦЕЦ АНТОНІУ ВІЭЙРА

ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ, АСВЕЧАНЫ МАЦІ БОЖАЙ

ВЕРШЫ
На шляху веры
In memoriam
Паэзія

ВЕРШЫ
Мастацтва
Пераклады
Хрысціянская думка
Пераклады

ПОЙДЗЕМ ЗА ІМ!
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

КНІГА, ПОЎНАЯ СВЯТЛА
Нашы святыні
На кніжнай паліцы

Міхась СКОБЛА

КНІГА, ПОЎНАЯ СВЯТЛА

Ала Сямёнава.
«Таямніцы пакутны колер»: эсэ, апавяданні».
Мн., 2004, выдавецтва «Про Хрысто».

Чытаю ў анатацыі да кнігі, што аўтарка нарадзілася на Камчатцы, і міжволі кідаю пагляд на геаграфічную карту над сталом. Бог ты мой, дзе тая Камчатка! Прыглядаюся больш пільна і знаходжу на той накрайсветнай паўвыспе, што матляецца, як рукаў на азіяцкім мацерыку, рэчку пад назвай Паратунка. Мастак Алесь Мемус, які гадоў дваццаць пражыў на той Камчатцы, неяк расказваў, што гарачыя камчацкія рэкі лечаць ад многіх хваробаў, варта толькі паплёхацца ў зацягнутай парай круглы год затоцы. Каму ж з землякоў прынесла паратунак рэчка, названая Паратункай?

У кожнага свае беды, і паратункі свае, а мяне нярэдка ратуе добрая кніга. Памятаеце, у Цыцэрона: «Чаго табе яшчэ не хапае, калі маеш добрую бібліятэку, а пры ёй садок?». Кнігазбор, і нядрэнны, я маю, садка за вокнамі, праўда, няма, хоць і жыву на першым паверсе; даводзіцца з-за адсутнасці гамака ўладкоўвацца на канапе. На шчасце, добрых кніг на свеце безліч, і нават калі б сёння спыніўся варштат Скарыны, чытаць нам – не перачытаць таго, што ўжо пабачыла свет за паўтысячы папярэдніх гадоў. Што праўда, не кожная кніга была заўсёды даступнай, але хочацца спадзявацца, што ў новай Нацыянальнай бібліятэцы ніколі не будзе спецсховаў, бо злачынства – трымаць кнігу пад арыштам.

«Таямніцы пакутны колер» Алы Сямёнавай яшчэ гадоў дваццаць-трыццаць таму які-небудзь пільны цэнзар без сумневу занёс бы ў чорныя спісы – за прапаганду рэлігіі, за цытаванне Бібліі і вершаў пра патойбочнае жыццё, за «ідалапаклонніцтва» перад Захадам etc. Кніга ўяўляе з сябе яшчэ адну «жменю сонечных промняў», шчодра сыпнутую перад вачыма засумавалага па чысціні чытача. Мы, як тыя краты, занурваемся ў цемру, не разумеючы, што толькі святло жывіць нас і спрычыняецца да жыццядзейнасці. У кнізе Алы Сямёнавай светла ад рымскіх касцёлаў, ад духаўздымнай хрысціянскай паэзіі, ад помнікаў архітэктуры. Не перакажаш, цытаваць трэба гэтую музыку святла: «Санта Марыя дэль Ф’ёрэ… Назва, нібыта праспяваная сапрана… Ці гэта гук чэлясты? Дэль Ф’ёрэ… Дэль Ф’ёрэ… Кветка. Назва, што кліча стацца «паэтам быцця» (Артэга-і-Гассэт). А Арв’ето? Катэдра фра Бавіньятэ і Ларэнцо Майтані… Здалёк, з арэа дэль Соль, дарогі Сонца, святыня здаецца нават не проста забудовай, здзейсненай паводле задумы майстроў, а творам, стварэннем, што нясе ў сабе высокую трывогу і энергію Звыш… Як знак нябёсаў, відзежа, вялікасная выпадковасць… Пераможнае хараство… Цуд… Чар…»

Адзін з крытыкаў абураўся: ну, не быў я ў Неапалі і не патраплю туды ніколі, дык што з таго? А нічога. Проста (гэта, здаецца, ужо не аспрэчваецца) навакольны ландшафт уплывае на людскі светапогляд, фармуе характар, менталітэт народа. І не толькі ландшафт адвечны, прыродны, але і рукатворны. Мы глядзім на руіны Крэва, Наваградка, Любчы і – самі прыпадабняемся руінам, якія толькі мараць пра сваю былую веліч… Я перакананы, што быць дробязным чалавеку менш за ўсё хочацца каля Сынковіцкай царквы ці каля сабора Саграда Фамілія геніяльнага Антоніо Гаўдзі. Ды не кожнаму ў жыцці выпадае даехаць не толькі да няблізкай Барселоны, а нават і да мае роднае Зэльвешчыны, дзе вось ужо шэсцьсот гадоў самотна зімуе і летуе згаданы храм-крэпасць. А таму адзначым для сябе яшчэ адну – і немалаважную, культураносьбітную – ролю твораў Алы Сямёнавай.

Даўнавата ўжо, гадоў сем таму, пабачыла свет па-беларуску кніга «Пераступіць парог надзеі» – адказы Святога Айца Яна Паўла ІІ на пытанні італьянскага журналіста Вітторыё Мэссоры. Кніга перавярнула мае ўяўленні пра кіраўніка Рымскага Касцёла (думаю, не толькі мае). Здзівіла не так дасведчанасць Папы ў сусветнай філасофіі і літаратуры, як ягоная талерантнасць у адносінах да агрэсіўных усходніх рэлігій. «Вялікай павагі заслугоўвае рэлігійнасць мусульманаў, – гаварыў Папа. – Немагчыма не захапляцца, напрыклад, іх вернасцю малітве. Вобраз паслядоўніка Алаха, які, не зважаючы на час і месца, падае на калені і паглыбляецца ў малітву, – прыклад для паслядоўнікаў сапраўднага Бога, асабліва для тых хрысціянаў, якія мала моляцца, альбо не моляцца зусім, пакідаючы свае цудоўныя храмы». Памятаю, чыталася гэта ў польскім гарадку Казімеж Дольны, у касцёле, пад кандэлябрай з ласіных рагоў і, можа быць, яшчэ больш уражвала таму, што знаходзіўся я ў храме разам з перакладчыцай кнігі Хрысцінай Лялько. Але я збіўся на сваё, асабістае. А хацеў толькі сказаць, што эсэ Алы Сямёнавай «Ззянне праўды» – развагі над прыгаданай кнігай інтэрв’ю – вартае стаць прадмовай да другога выдання, якое патрэбнае.

Уразіла эсэ «Sursum сorda!» («Угору сэрцы!»). Безліч разоў бываў у Наваградку і не ведаў пра акт беспрэцэндэнтнай ахвярнасці, які адбыўся тут падчас мінулай вайны, калі 11 сёстраў-назарэтанак пайшлі на смерць, каб выратаваць нявінных мірных землякоў. У кнізе «Таямніцы пакутны колер» — кранальны расповед пра сясцёр-самаахвярніц, пра пілігрымку ў Рым, дзе ў 2000 годзе адбылася іх беатыфікацыя.

Пяро Алы Сямёнавай у добрым сэнсе пераборлівае. На старонках невялікай, на сто малафарматных старонак, кнігі чытач спаткае многа імёнаў, твораў мастацтва. І – nota bene – адна акалічнасць: усе яны сапраўдныя, не дачаснікі на гэтай зямлі. Увогуле, люблю дацікаваць: што той ці іншы творца цытуе, што ўспрымае як сваё. Можна перафразаваць: пакажы мне, якія вершы ты ведаеш на памяць, і я скажу, хто ты. Сямёнава верная сабе і тут: і П’ер дэ Рансар, і Блок, і Джакома Леапардзі, і Данута Бічэль, і Казімір Сваяк – паэты арыстакратычнага светагляду (прынамсі, так бачыцца мне). Дарэчы, пра арыстакратызм. У апавяданні Алы Сямёнавай «І даруй нам грахі нашы…» герой раніцай каля крамы сустракае сябра, які відавочна жадае пахмяліцца. Пахмелле пахмеллем, але прамаўляе ён на дзіва галантна: «Мілорд, даравання не будзе. Зганьбаваў лепшыя намеры ў такі светлы дзень». Бачылі вы такога прамоўцу каля піўнога ларка? А яны ёсць.

Апрача згаданага, у кнігу ўвайшло яшчэ адно апавяданне – «In Te, Domine, speravi» («На Цябе, Пане, спадзяюся»). Пра асуджанага лекарамі, з безнадзейным дыягназам чалавека, які знаходзіць нечаканую падтрымку ў веры. Лекары ведаюць, наколькі важна для хворага не падаць духам, але належным чынам падбадзёрыць чалавека ім няма ні часу, ні цярпення. Ды нездарма кажуць, што хворы чалавек бліжэй да Бога, і збудаваная нядаўна ў Бараўлянскім анкалагічным шпіталі царква духатэрапіяй, магчыма, дапаможа хіміятэрапіі засцерагчы людзей ад Божай перадчаснай пасцелі.

Абодва апавяданні лучыць агульная тэма жыцця на парозе смерці. Душы, якая толькі пад скрып уключынаў Харонавага чаўна адчувае патрэбу наблізіцца да Бога. І ў набліжэнні гэтым адчувае сваю зямную марнасць, бо «и будет здесь ей ничего не надо, когда оттуда ринуться лучи».

Прачытаў апавяданні і пашкадаваў, што іх толькі два. Такое чытво – раскоша для душы. У сувязі з гэтым асмелюся звярнуцца да шаноўнай аўтаркі: Вы заўсёды шчодра траціліся на іншых, не шкадавалі высілкаў душы, каб заўважыць, падтрымаць, эстэтычна скаардынаваць таго ці іншага творцу. Хопіць пісаць іншых, напішыце сябе, абярыце (хоць часова) сваім галоўным жанрам мастацкую прозу. На Вашы апавяданні, гарантую, палявацьмуць усе беларускія часопісы – ад «Дзеяслова» да «Тэрмапілаў». І чытач будзе Вам удзячны.

А я ўжо сёння гатовы пайсці з шапкай па добрых людзях, каб будучая кніга апавяданняў пабачыла свет. Бо немагчыма сядзець склаўшы рукі, ведаючы, што дзесьці ў цёмным закутку схаваная ад людскіх вачэй не жменя, не прыгаршчы, а цэлы абярэмак святла, якое зробіць відушчымі многіх.

Гл. таксама:
Выдавецтва PRO CHRISTO :: Кнігі :: ТАЯМНІЦЫ ПАКУТНЫ КОЛЕР


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY