Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(30)/2004
На кніжнай паліцы
Галерэя
Паэзія

ДЗЯКУЙ УСЯВЫШНЯМУ!

РЫМСКІ ДЫПЦІХ. УЗРУШЭНЬНЕ
Мастацтва

БЕЗЗАГАННАЕ ЗАЧАЦЦЕ
Пераклады
На шляху веры
Роздум

ТАМ, ДЗЕ НАРАДЖАЮЦЦА ВЕРШЫ
Хрысціянская думка
Спадчына

ЯДНАЛА МІНУЛАЕ І БУДУЧЫНЮ
Паэзія

ВЕРШЫ
Роздум

НАКАНАВАННЕ
Проза
Л. МАЛЫШЭВІЧ
(Люцыян ХВЕЦЬКА)

З ДАРОГІ


Забілася неяк сэрца, падумаўшы, што з Піцеру праз ноч давядзецца апынуцца аж у Віцебску — на Беларусі роднай*.
Машына ішла шпарка. У вагоне было досць прастору — знайшлося мейсца прылегчы і заснуць.
Абудзіўся ў Новасакольніках.
Мігнуў Невель, Гарадок.
Ось і Віцебск.
З поезду на вакзал — пераход на крытых вышках; гэтыя — цёмныя, неспанараўныя. А сам вакзал зусім прыгожы. Але ж пад’езд — сьцеражы Божа...
Угаварыўся з вазаком, сеў на каламашку, а конь панёсся ў горад па Вакзальнай вуліцы.
Дамы на ёй не надта вялікія, два-тры большыя, а то ўсё двухатажныя найбольш.
Праз мост конь пашоў шагам — нібы граматны, бо пры ўездзе на канцы мосту была таблічка з надпісам: ехаць шагам.

З мосту на Дзьвіне міла глянуць на горад. Шмат відаць касьцёлаў, але то даўнейшых, цяпер гэта цэрквы.

А Дзьвіна — пекная рака! Мост над ёю даўгі раскінуўся, як вузкі паясок, а яна шырокая, з высокімі берагамі, як горы, плывець спакойна, аплятаючы горад, як бліскучая істужка.
Вось даехалі і да Замковай вуліцы — гэта самая лепшая вуліца ў Віцебску. Тут і лепшыя крамы, тут і людзей варушыцца болі, чымся на другіх вуліцах, а ў шабас ці ў свята — паўнюсенька — як кажуць — шпацэрнікаў.
Шмат яшчэ пападаецца на вочы вуліц, ды ні важныя; добрая то яшчэ Смаленская.
Надта прыгожая тое мейсца, дзе стаіць касьцёл базыльянскі, там, дзе ўліваецца Віцьба ў Дзьвіну, на высокіх адкосых берагох гэтых рэк.
На плацы, дзе сходзяцца вуліцы Замковая, Смаленская, Знамінская і Гогаля стаіць (...) праваслаўны Сабор, — стаіць і ўглядаецца напроць сябе, дзе месціцца акружны суд.
Нашчот Замковай вуліцы такі сказ ёсьць, што каля таго мейсца, дзе глыбокі роў лучыць Віцьбу з Дзьвіной, мусіла быць замчышча. Дзе цяпер стаіць (...) дом, тут мусіў быць (...) замковы. А тутсама мусілі даўней быць харомы князёў. Тут княжыў Сапега, тут найбольш бараніліся Вітабцы ад напасьнікаў.
Слаўны быў Віцебскі ваявода Сапега. Слаўныя віцебскія паны, каторых тысячы было каля Віцебску, ды ўсе беларусы. Ваявода Сапега інакш не гаварыў, а толькі па-беларуску; памятны ён яшчэ тым, што заўсёды лаяўся.
Цяпер Віцебск калі не слаўны, дык беларускі: стаіць на зямельцы беларускай, у ім і кругом яго жыве народ беларускі, гаварыць усе ўмеюць па-беларуску, нават наезныя.
Паміж другіх мест Віцебск можна і трэба лічыць за культурны горад. Шмат ёсьць у ім школаў, ёсьць электрычны трамвай і асвятленьне, чыстыя вуліцы, прыгожыя дамы, не стаець толькі добрага парку, затое ёсьць лясок пекны за горадам «Юрава Горка».
Вайна адбілася на Віцебску як і на другіх гарадох. (...) Ёсць шмат збіганцоў і высяленцаў з-пад вайны, каторымі апякуюцца камітэт польскі ды літоўскі.

Дастаўся я ў Станькі. Гэта — ні вёска, ні сяло, а толькі — як звуць — «пагост». Стаіць (...) ды два дамы, — вось і ўсё.
А ўсёжткі яны цікавыя, Станькі, і маюць сваю гісторыю.
Паляваў калісь даўнымі часамі ў Віцебскай пушчы князь Ухтомскі. Змучыўшыся ды зблудзіўшы, быў з іншымі надта сумны.
Шчасьлівым выпадкам наткнуліся ў лесе на такую прыгожую гару, што забыліся аб бядзе.
Князь сказаў зрабіць тут прыстанішча, назваць гэта мейсца «Станькі» і тутжа збудаваць (...)
І цяпер, хаця ўжо на гэтай гарэ лесу няма, від з яе вельмі прыгожы навакол. Здалёк сінеюць лясы, недалёка блішчыць азярко, а ў ім адбіваюцца кляшторныя дамы і царква,
Хаця Станькі на першы погляд выглядаюць абмёршымі, хаця ў буднія дні жыцьця не відаць, у сьвяты ўсёткі ажываюць, а на сьв. Ганну Станькоў і не пазнаць. З усіх бакоў спяшаць у Станькі нават з Віцебска, за 30 вёрст прыходзяць людзі. Станькі тады робяцца для акалічных беларусоў колаваротам жыцьця рэлігійнага, грамадзянскага і гандлёвага. Тут дзякваюць Богу за летнія збёры; тут спатыкаюцца родныя, свае ды знаёмыя; тут купляюць патрэбныя рэчы ў хатнім жыцьці.
У Станькох можна шырыць беларускія кніжкі, бо ёсьць шчырыя беларусы між панамі і сялянамі. Недахват газеты беларускай даецца тут у знакі.
Дастаўшы пару добрых коні, з Станькоў адправіўся я да Бабінавіч Магілёўскай губерні. Дарогі ўсяе было 70 вёрстаў.
Цяжкая дарога коламі, ды мае свае прыгожасьці; добра тое, што няма ніводнага начальніка, ніводнага кандуктара, — едзеш сабе сам, дзе хочаш затрымаесься. А колькі прыгожых мейсцаў можна бачыць і доўгі час любавацца імі едучы павозкаю.
Коні былі добрыя, шлі шпарка; спаць не кланіла — мог прыглядацца навакол.
Мясьціна зпачатку ня цешыла майго сэрца: поля ды невялікія вёскі, дзе ня дзе асабняк; дамы з малымі вокнамі; дамы пакасіўшыся. Неяк смутна зрабілася на душы. Падумаў: эх Ты, Маці родная, небагатая Беларусь, — калі закрасуесься нароўні з іншымі старонкамі?..
Увадным мейсцу было здарэньня, што вада сарвала мост і хаця з аднаго боку ракі стаяла царква, а з другога воласьць — ужо з паўмесяца ніхто не паправіў яго. Мусілі мы аб’ехаць мост бродам праз раку ды павыж васей у вадзе.
Развесялілася маё сэрца, калі пераехалі гэну рэчку. Дарога стала шырэйшая. Здалёк зацямнеў лес, каторы, здаецца нахмурыўшыся, чакаў нас, як непатрэбных гасьцей. Дзе-нідзе — як вокам згледзіць — віднеліся чырвоныя ды белыя будоўкі па дварох; з паміж дрэў выглядывалі крыжы на царквах. Сталі пападацца хлебаробы за работаю. Віталі яны нас, кланяючыся, і дзякавалі за «Памажы Божа».
Коні нашы пачалі неяк цяжка дыхаць; час было адпачыць. Мой сябра казаў, што ёсць тутака двары, да каторых можна заехаць, і ёсць каталіцкая капліца ў Выдрэі, пры каторай жыве вартаўнік; там ёсць хатка, дзе можна затрымацца.
Пастанавілі затрымацца пры капліцы.
Коні сталі фыркаць, як бы чуючы хуткі адпачынак.
Яшчэ адзін прыгорак, бярозавы лясок — і ось капліца на могілках.
Прыехалі значыцца ў Выдрэю.

* * *

Чалавеку, змучанаму дарогаю, міла выпраставаць ногі, адпачыць у хаце, напіцца гарбаты, ды яшчэ мілей — калі цябе спатыкаюць з радасцяю.
Вартаўнік капліцы ў Выдрэі выбег нас спаткаць; разпрог коні, папрасіў у хату ды абяцаў заварыць гарбаты.
Адпачыўшы, абгледзеўшы могілкі ды капліцу, сталі збірацца далей у дарогу.
Стары вартаўнік любіў пагаварыць. Спытаў я яго — хто тут найбліжэй жывець. Вось тут такая вёска, а тут такая, а навокал шляхта паміж мужыкамі.
— А васан хто?
— Я літвін, — кажыць.
Аказалася, што ня толькі ён адзін быў тутака, ды навокал Бабінавіч шмат літвіноў.
Падзякаваўшы яму за ўсё, паехалі мы далей.
Калі праўду казаць, дык гэты кусок дарогі, каторы праехалі мы ад Выдрэі да Бабінавіч, можна залічыць да самых прыгожых мейсцаў на Беларусі.
Грунт больш пясчаны, з дамешкаю гліны; родзіць не найгоры. Шмат жа зямлі занята лясамі. Калі вы чыталі байкі аб тых, што сплаўлялі да Нямеччыны лес на масты ды на караблі, дык мусіць куплялі яны ў Бабінавіцкіх лясох. Простыя, высокія, жаўтаватыя сосны, паўпіраўшыся моцна ў зямлю, стаяць ды гутараць аб сваём жыцьці ды аб дзеях, каторыя адбываліся ў гэных лясох.
Едзеш ды едзеш — і канца няма лесу; навакол пашумываюць сосны. Міла ды маркотна становіцца на сэрцу, ды і страх нейкі ўходзіць да яго, — хочацца выбрацца на прастор.
Прыгорак, далінка, яшчэ большы прыгорак; чуваць звон кавадла, — Бабінавічы блізка.
Па гэтакай дарозе, па толькі розных адчуццях, Бабінавічы робяць уражаньня такое, як кожная вёска, у каторай ёсьць царква ці касьцёл і нічога асаблівага не відаць; колькі большых драўляных дамоў, колькі коз на вуліцы — вось і ўсё.
Мой сябар добра знаёмы быў з ксяндзом; паехалі мы найпрасткі да яго. З радасьцю нас прынялі, абяцалі начлег.
Назаўтрая было сьвята.
Раніцаю неяк было чым заняцца; пазьней, каля адзінаццатай, пашоў я ў касьцёл. Распачалася Мша. Цэлы касьцёл загрымеў сотнямі галасоў па-літоўску: «Pulkin ant kialu» («Упадзём на калені»). Тут была чэсьць, тут была скарга, тут была просьба і надзея ў гэтай песьні. Яна магла выціснуць слёзы чалавеку.
— Адкуль у вас столькі літвіноў? — спытаўся я пры абедзе.
— А вось адкуль — сказалі мне: з Літвы. Цесна ім было ў сябе, а грошы трохі мелі; тут жа прадаваліся двары; тутэйшым беларусом не было за што купіць, вось і купілі — яны. Цяпер загаспадарыліся, разбагацелі, людзі яны добрыя, набожныя, справядлівыя; любяць навукі і амаль кожны мае літоўскую газету.
Ведама ім чэсьць за гэта, а нам стыдна, што мусім выходзіць у далёкія краі ды церпім бяду, а людзі з падбоку — працавітыя ды разумныя — багацеюць у нашым Краю, дзе нашаму брату беларусу не хапае хлеба...

Вярстоў да сотні ад Віцебску на палудзень, на крыжавых дарогах Петраград-Жлобінскай чыгункі і Маскоўска-Брэсцкай, стаіць павятовы горад Орша.
Як цікавая гісторыя гэтага гораду, так ня цікавы сам горад. Ёсьць адна вуліца падобная да праўдзівых гарадзкіх вуліц, а іншыя — так як вясковыя. Найпараднейшае мейсца на гэтых вуліцах гэта — брукаваны сяродак іх.
Аколіца гораду Оршы мілая для вока. Днепр працякае праз Оршу, мае штосьці свайго беларускага прастору; сядзеў бы на яго берагах ды любаваўся б.
На другі дзень па прыезьдзе ў Оршу з таварышам падняліся мы проціў вады якія са тры вярсты. Абапал ракі пашлі лясы; пахіліўшы вярхі, углядаліся дрэвы ў ваду. Галасы птушак — шчэбет і свіст разлягаліся. Мы, натужыўшы сілы, даехалі да мэты, адпачылі, нацешыліся лесам. Пазней Днепр, хапіўшы нашу лодку, панёс нас з вадою. Забыцца не магу гэтых мінутаў!
Паглядзеўшы на Оршу, відаць, што даўно яна стаіць. Цікавіўся я дзеямі яе, пытаў аб ёй. Вось што мне сказалі.
Кажуць, што Оршу мусіць залажылі сцыты, каторыя тутака жылі. У веку ХІ панавалі тутака князі полацкія, а па іх — мінскія. Пазьней перайшла Орша да Масквы, ад Масквы адбіла яе Літва. За ўвесь гэны час была Орша горадам умацаваным навокал глыбокімі равамі ды валам, астаткаў каторых цяпер зусім мала.
Пад Літвою Орша разраслася ў вялікі горад. Гандаль надта пашоў, развілася культура, ды культура беларуская.
Орша, так як і Віцебск, мае сляды развіцьця тут каталіцтва; пяць касьцёлаў перароблена на цэрквы ды яшчэ асталося для каталікоў, каторых цяпер не шмат, бо ўсяго тысяч тры.
Людзей, адданых справам беларускім, я не пазнаў. Пазнаў толькі аднаго, каторы хацеў бы, каб як колечы беларусы цывілізаваліся, каб сталіся сьвятлейшымі людзьмі. Ён гатоў быў бы шырыць паміж імі кніжкі, газэты беларускія, ды палаженьня яго не пазваляець ніяк заняцца такою работаю. І да сёньня там — як даўней у народнай працы.
Некаторыя ня любяць вёскі, гатовы пакінуць сваю вясковую родную хату і ляцець у гарады ці хоць у мястэчкі, каб толькі далей ад вёскі. Я ж надта любіў, а асабліве сваю родную вёску, і цяпер, калі не магу папасьці да яе, дык рвуся хоць у чужыя вёскі.
Орша хаця і не вялікі горад, усё ж такі мае той самы гарадзкі дух, — пакінуў тады яе не шкадуючы.
Паехалі мы да Старасельля, беларускай вёскі, у каторай ёсьць царква ды касьцёл. Усяго трыццаць вярстоў ад Оршы да Старасельля, ды паехалі мы чыгункаю да Коханава, а адтуль вярстоў пятнаццаць коньмі. Коняў далі нам добрых, а вазака быў такі — што агонь, дык паехалі мы, як машынаю.
Калі я праязджаў праз лес бабінавіцкі, здавалася мне, што слаўнейшых німа, а тутака — зноў беларуская прырода задзівіла мяне. Ізноў тутака вялікія, прыгожыя лясы, сьпеў птушак.
Алі кончыўся лес і адкрыўся прыгожы від. Ад дарогі пашоў дол, а за поўвярсту падымаўся пагурак, бок каторага як сьцяна стаяў далей ля дарогі, а на самым пагурку красаваўся касьцёл, званы каторага чуваць былі: зазывалі на вячэрнюю мадлітву перад сьвятам на нешпар, бо назаўтрая меў быць Спас. Цішэй чуваць былі званы царкоўныя, бо да яе ад нас было яшчэ з вярсту.
Да каго было заехацца? А хацелася пабыць у касьцёле. Ну дык едзім да ксяндза, пэўна ж, не адкажыцца прыняць нас.
Прыняў нас пробашч сапраўды сардэчна. Пазнаўшыся з ім, я надта цешыўся, што папаў у Старасельля, бо гэткіх як кс. Верыга пашукаць ксяндзоў. Трэба сказаць казаньня па-беларуску ў Шклове — скажыць кс. Верыга; трэба сказаць у Хвашчаўцы — скажыць усё ён; трэба ў сваей парафіі — скажыць ён; ды так — што ўсякі яго зразумеець. Затое надта любяць людзі за яго зразумелыя казаньні «папросту».
Кажуць, што Старасельле надта старое, было яно збудавана ці не разам з Оршаю, і цярпела тое самае, што і Орша. Усе войны ністожылі гарады і аколіцы гарадоў, і Старасельлю тое ж даставалася. Затое разквіт культуры ў Оршы адбіваўся і на Старасельлі.
Шмат можна было бы даведацца аб даўнейшым жыцьці тутака, ды толькі скорым пераездам трудно было пазнаць такіх людзей, каторыя знаюць пра старыну свайго сяла.
Залюджана аколіца Старасельля ня густа. Далёка не відаць большых вёсак, а толькі дзе-ня-дзе па колькі хат. Найбольш відаць зямлі пад лесам. Ёсьць тут двары паноў Замойскіх і Цюндзявіцкіх; вядуць сваю гаспадарку добра; а як чуў — п. С. добры грамадзянін краю і спрыяець беларускім думкам.
Бачыў я ў Старасельлі шмат наехаўшых на фэст беларусаў. Як глянуў на народ каля касьцёла, дык здалося мне, што з гораду столькі шмат наехала: дзяўчаты ў капелюшох ды і модных строях, хлопцы ўсё ў крамным адзеты, толькі дзе-ня-дзе відаць сірмяга ці хустка.
— Адкуль гэта столькі наехала паноў, — пацікавіўся я.
— Ды гэта тутэйшая шляхта, — сказалі мне, — надта любіць трымацца высокага тону.
Зацікавіўся я іхняй гаворкаю; прайшоўся раз-другі паміж імі, пачуў чыстую беларускую і трошкі польскую.
Каля царквы найбольш народу ў родных опратках. Тут красаваліся дзяўчата ў чырвоных ды белых хустках, маладзіцы ды старыя ў «вяньцох». Мужчыны купкамі гутарылі аб сваіх справах. Спадабалася мне гэта мора людзей, доўга ўглядаўся я на іх.
Старасельле пакінуў я шкадуючы, бо тут я пачуў і ўвідзеў шмат што дарагога, роднага мне. Вечарам на Спаса паехалі мы адтуль да аднае шляхоцкай мясціны нанач, падзякаваўшы міламу ксяндзу за гасціну.

Вялікая рожніца ёсьць у людзей паміж звычаямі гарадзкімі і вясковымі. Гарадзкія людзі, жывучы нават шмат гадоў у адным доме, побач у суседніх кватэрах, ды не знаюцца часта адны з другімі. Вясковыя ж скора пазнаюцца і з новымі людзьмі скора заводзяць гутарку такую, як бы здаўна былі знаёмыя.
У шляхоцкай сялібе каля Старасельля прынялі нас рукі разьняўшы, з радасьцяю; а том што ўжо быў вечар, паклікалі адразу на вячэру.
Пэўна ж кожны, праехаўшы вярстоў дзесіць коньмі, ні адкажыцца ад яды, калі ды яшчэ ўбачыць на стале белы сьвежы сыр ды масла, мёд у сотах і калі ўбачыць, што гаспадар просіць да яды шчыра, ні ўдаючы гасьціннага.
Мы не адказаліся — спажылі Божыя дары. Пагутарыўшы аб сём аб том і аб фэсьце, аб людзях, ды пашлі адпачыць.
Назаўтра рана пашоў я аглядаць шляхоцкую гаспадарку. Нельга пахваліцца, што каб будоўлі стаялі ў парадку. Бліжэй хаты былі хлявы для кароў, далей — адрыны; паміж імі — садок, у каторым з дзісятак калод пчол. Сама хата даволі вялікая, падзелена на два канцы, а пасярод — сені. Гэта будуюць хаты амаль што ўсе багацейшыя сяляне ў тых бакох. Міла воку глянуць у хату ўвышоўшы: у хаце чыста, у парадку стаяць крэслы, шмат вазонаў із квяткамі на акнах, вокны і дзьверы ўбраны фіранкамі. Больш я яшчэ ўсьцешыўся, калі завялі мяне на другую палавіну дому, дзе стаялі кросны да тканьня палатна. Пража была тонкая, добра скручаная, моцная, палатно важнае. Апрыч гэтага я ўбачыў яшчэ самадзялковыя плахты, дыванкі і самадзелак для хатняй адзежы, ды прыгожа вытканыя рушнікі. Вельмі дзівіўся я, што дочкі гаспадара-шляхціца добрыя і разумныя работніцы. Падумаў тады я сабе: хто ж то ведае, што сярод вялікіх лясоў жывуць людзі артысты, каторыя на простых кроснах ткуць дзіўныя тканіны.
Абгледзіў я і поля ды лес таго шляхціца. Недалёка зелянеўся авёс, за ім — гоны бульбы, а ў бок далей стаяла ўжо ў дзісятках жыта. Быдла далей трошку паслося на пожні.
Прыпомнілася мне зноў мая родная вёска — хацеў бы пачуць голас сярпа на сваім полі, хацеў бы ляцець да сваіх старон...
Трэба было ехаць у далейшую дарогу, хаця сардэчныя гаспадары затрымлівалі, прасілі пабыць у іх колькі дзён ды пацешыць іх, а нам нацешыцца пахам сьвежага мёду.
Падалі нам каламашку з пара коньмі; палажылі мы свае рэчы ў воз і ад’ехалі, благаславіўшы добрых людзей.

Малюнкі Уладзіміра Вішнеўскага.

Заканчэнне ў наступным нумары.

Глядзі таксама
Юры ТУРОНАК. «ЛЮЦЫЯН ХВЕЦЬКА»


* У дарожных нататках, адаптаваных з лацінкі, захаваны аўтарская лексіка і правапіс (за невялікім выключэннем). — Рэд.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY