Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(30)/2004
На кніжнай паліцы
Галерэя
Паэзія

ДЗЯКУЙ УСЯВЫШНЯМУ!

РЫМСКІ ДЫПЦІХ. УЗРУШЭНЬНЕ
Мастацтва

БЕЗЗАГАННАЕ ЗАЧАЦЦЕ
Пераклады
На шляху веры
Роздум

ТАМ, ДЗЕ НАРАДЖАЮЦЦА ВЕРШЫ
Хрысціянская думка
Спадчына

ЯДНАЛА МІНУЛАЕ І БУДУЧЫНЮ
Паэзія

ВЕРШЫ
Роздум

НАКАНАВАННЕ
Проза

Дадатак да артыкула - Галерэя
 
Аляксандр ЯРАШЭВІЧ

БЕЗЗАГАННАЕ ЗАЧАЦЦЕ

З раннехрысціянскіх часоў бярэ пачатак традыцыя асэнсавання і зацвярджэння асаблівага становішча Марыі паводле тэкстаў Старога Запавету. Але дагматычнае вучэнне аб Найсвяцейшай і Найчысцейшай Дзеве Багародзіцы выпрацоўвалася паступова, у працэсе асэнсавання асобы Хрыста. На Эфескім Саборы (431 г.) у зацятай барацьбе з арыянамі і нестарыянамі прыняты догмат аб Беззаганнасці Марыі пасля Нараджэння Хрыста быў прызнаны ўсёй хрысціянскай Царквой. Але прызнанне Яе свабоднай ад першароднага граху ад самага пачатку (Беззаганным Зачацці) дыскутавалася ў Каталіцкім Касцёле яшчэ паўтары тысячагоддзі, а Праваслаўная Царква не прызнае гэтага і цяпер, хаця сведчанняў усходніх айцоў Царквы значна больш, чым заходніх. Вялікія настаўнікі Царквы Эфрэм Сірын, Грыгорый Назіянзскі, Амброзій Медыяланскі набліжаліся да такога догмату, усхваляючы Марыю як ачышчаную Святым Духам ад усялякага граху. Св. Аўгустын адмовіўся абмяркоўваць гэтую тэму, таму што лічыў немагчымым прыкладваць да Багародзіцы сваё агульнае перакананне аб грэшнасці чалавека1. Тэадор Студыт (759–826) і імператар Леў Мудры пісалі, што Зачацце Марыі ва ўлонні Ганны, ці канкрэтны пачатак Яе існавання, не было толькі справай натуры, але надпрыроднай справай самога Бога, іншымі словамі, новым нябесным стварэннем на падставе існага стварэння зямнога. Падобным чынам выказваўся Ян Дамаскін (VIII ст.): дзеянне Бога было і на бацьках Марыі, напоўненых Духам Святым, моцай яго меліся быць у нараджэнні Яе ачышчанымі ад памкненняў розуму і цела і адухоўлены 2.

Незалежна ад тэалагічнага разумення свята Зачацця св. Ганнай Багародзіцы ўсходнія хрысціяне пачалі адзначаць не пазней заVII ст. (канон для яго напісаў Андрэй Крыцкі, які памёр у 712 г.) (Христианство, т.1, с. 556). З канца ХІ – пачатку ХІІ стагоддзя яно вядома на Захадзе, яшчэ крыху раней – у Неапалі і Сіцыліі, звязаных з Усходам, у Нармандыі і Англіі ў часы св. Ансэльма Кентэрберыйскага (1033–1109). Дыскусіі разгарэліся ў ХІІ–ХІІІ стагоддзях, калі думку аб найвышэйшай і бясспрэчнай чысціні Багародзіцы выказаў св. Ансэльм, але супраць такога разумення Зачацця выступаў нават св. Бэрнард з Клерво, вядомы піэтэтам да Марыі. Аднак уяўленне аб Беззаганным Зачацці і нараджэнні Багародзіцы пашыралася; ліёнскія канонікі ў ХІІ ст. увялі свята Безаганнага Зачацця. Дзякуючы францішканам у ХІV ст. і свята, і вучэнне сталі прызнанымі ў Каталіцкім Касцёле. Спроба ўзаконіць свята дагматычна была зроблена на Базельскім Саборы (1439 г.), на якім Парыжскі універсітэт асабліва упарта даказваў свабоду Марыі ад цялеснага памкнення, граху і смерці з прычыны Яе Беззаганнага Зачацця. Але пастанова засталася без наступстваў, таму што сам Сабор не быў зацверджаны Папам. Незалежна ад гэтага ў ХV ст. свята Беззаганнага Зачацця ў такім разуменні атрымлівала ўсё больш шырокае прызнанне. У 1451 г. у яго падтрымку выказалася кёльнская акадэмія, у 1510 – майнцкая, пазней – венская, пражская і віленская. У 1476 г. Папа Сікст IV, выхаванец і перад тым генерал францішканскага ордэна, прызначыў на 8 снежня ва ўсім Каталіцкім Касцёле свята Беззаганнага Зачацця, а дэкрэтам 4 верасня 1483 г. забараніў яго аспрэчваць.

Рэфармацыя выклікала чарговую хвалю марыялагічных дыскусій. Пратэстанцкія прапаведнікі, асабліва з радыкальных плыняў, імкнуліся прынізіць высокае прызначэнне Марыі. Супраць гэтай тэндэнцыі ў перыяд Контррэфармацыі быў узняты на новы ўзровень культ Багародзіцы, а таксама яе бацькоў, найперш св. Ганны. Павел V дэкрэтам інквізіцыі 31 жніўня 1617 г. забараніў сцвярджаць публічна, што Марыя была зачатая ў першародным граху. 24 мая 1622 г. Грыгорый ХV пашырыў гэтую забарону на лісты і прыватныя справы, пакінуўшы дазвол толькі дамініканцам абмяркоўваць праблему ў сваім коле. Аляксандр VІІ булай 1661 г. увёў літургічнае сведчанне, Афіцыі былі складзены яшчэ Сікстам ІV. Аднак да дагматычнага вырашэння справа не дайшла; Трыдэнцкі Сабор у сваіх пастановах выказаўся па больш надзённых на той час праблемах. Толькі праз чатыры стагоддзі 8 студзеня 1854 г. Папа Пій IX, “завяршыўшы веру і традыцыі папярэдніх вякоў”, урачыста абвясціў булу “Ineffabilis Deus”, якая сцвярджае, што навука аб захаванні Марыі Панны ад заганы першароднага граху ў самым яе пачацці ёсць аб’яўленая ад Бога праўда каталіцкай веры.

У творах заходняга сакральнага мастацтва першапачатковае ўяўленне аб Беззаганным Зачацці Марыі паказвалася праз эпізоды з жыцця Ганны – сустрэчу Ганны і Яўхіма каля Залатых варот Ерузалема, пазней такім знакавым сюжэтам стала і “З’яўленне анёла Ганне” (напэўна, занесенае з Усходу).

Выява радаводнага дрэва Марыі з Ганны і Яўхіма, вядомая ў фламандскім мастацтве XVII ст., рэдуцыраваная з дрэва Есэевага, якое ў ХV – ХVІ стагоддзях атрымала марыялагічны характар і часта знаходзілася ў алтарах, прысвечаных Беззаганнаму Зачаццю Марыі. Зрэдку ў познегатычным нямецкім мастацтве сустракалася таксама выява св. Ганны ў надзеі, у якой, як у выяве Марыі “Gravida» («Цяжарная»), паказана Дзіця ў мацярынскім лоне. У перыяд Контррэфармацыі такі сюжэт быў забаронены. Як знакі Беззаганнага Зачацця, перш за ўсё у познім Сярэдневеччы, прымяняюцца сімвалы Марыі, якія на карцінах XV ст. згрупаваны вакол рук Марыі, узнятай у рост над зямлёй. Яны ўвасабляюць найбольш старажытны тып Беззаганнага Зачацця – Марыя падобная на Суламіф з Песні Песняў і апакаліптычную Жанчыну.

Ідэнтыфікацыя постаці Марыі з апакаліптычнай Жанчынай, якая топча галаву змея (Быц 3, 15), парадзіла нарэшце ў перыяд Контррэфармацыі ўласны выяўленчы тып, т.зв. «Maria Immaculata» («Марыя Беззаганная». Ён стаў адным з самых пашыраных вобразаў Марыі ў мастацтве барока і ракако (згадаем шматлікія іспанскія абразы і драўляныя скульптуры ў паўднёвай Германіі). Марыя, абкружаная сонечнымі праменнямі, стаіць на зямным шары, абвітым змеем; пад Яе нагамі – маладзік. Яна або ў атачэнні анёлкаў-пуццяў трымае лілейны скіпетр, або складае рукі ў малітве 3.

Часта на выявах «Immaculata» ХVІІ–ХVІІІ стст. Дзіцятка Езус доўгім крыжовым посахам прабівае галаву змея. (І пакладу варожасць паміж табою і жонкаю, і паміж семенем тваім і паміж семенем яе; яно будзе паражаць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту. Быц 3, 15). Менавіта такую іканаграфію мае абраз з Троіцкага касцёла ў Шылавічах каля Ваўкавыска. Пасля Рэфармацыі касцёл у 1600 г. быў адноўлены віцебскім кашталянам Мікалаем Вольскім. Паводле інвентара 1749 г., абраз знаходзіўся ў бочным алтары, кансэкраваным у 1644 г. (такім чынам, ён намаляваны пасля 1600 г. і не пазней за 1644 г., а мяркуючы па стылі, блізка да апошняй даты). На цёмна-шэрую паўсферу ўспаўзае, маляўніча выгнуўшыся, даўжэзны змей, з выразнай раскрытай зубастай пашчы якога амаль выпадае яблык. Марыя цвёрда стаіць адной нагой на сферы, другой – на змеі. Постаць – франтальная, рукі складзены наперадзе. Галава, увенчаная залатой каронай, ледзь нахіленая, а вочы апушчаны ў знак пакорлівасці. Белы, а не пурпурны, як у іншых выявах Багародзіцы, колер сукенкі, напэўна, знакава звязаны з паняццем Беззаганнага Зачацця. Плашч з пурпурным падбоем свабодна накінуты на плечы. Велічная постаць абкружана залатым ззяннем з праменнямі і другім вохрыстым слоем, воблачным. У левым верхнім вугле абраза на воблачку стаіць маленькі Езус у белым хітончыку і доўгай пікай прабівае галаву змея.

Тэолагам і мастакам Іспаніі належыць першаступенная заслуга ў зацвярджэнні вобраза Беззаганнага Пачацця Марыі. У адрозненне ад вышэй згаданага тыпу (абраз з Шылавічаў), ён падобны да італьянскага Унебаўзяцця (Assunta) тыцыянаўскага тыпу, толькі Марыя паказана як вельмі юная прыгажуня. Яна не стаіць цвёрда на чым-небудзь, а лунае ў небе сярод анёлкаў і воблакаў; часам пад нагамі толькі як сімвал – апакаліптычны маладзік ці сфера. Гэта старажытны сімвал Беззаганнасці Марыі – зямля, з якой быў створаны Адам, яшчэ не заплямленая грахом. Выдатная даследчыца іспанскага мастацтва «залатога веку» Т. П. Знамяроўская піша, што «тэма Беззаганнага Зачацця – чыста іспанская тэма. Сам догмат Беззаганнага Зачацця быў прыняты ў Іспаніі ў пачатку ХVІІ ст. пасля працяглай барацьбы за яго асаблівага закона, заснаванага ў Таледа адной манахіняй. Першыя карціны на гэтую тэму створаны ў пачатку ХVІІ ст. севільскім мастаком Хуанам Раэласам адпаведна апісанню, якое пакінула заснавальніца закона аб сваім відзенні Мадонны ў нябёсах 4. Пераемнікам тэмы можна лічыць Ф. Сурбарана, які не раз звяртаўся да гэтага сюжэта (1616 г., 1630-я гг., 1661 г.). Непераўзыдзеная карціна Хусэпе Рыбейры стала натхняльным узорам для «Беззаганных Пачаццяў» Б. Мурыльё: адна з карцін напісана ім для згаданага кляштара аўгустынак у Саламанцы 5.

Уяўленне аб Беззаганным Зачацці Марыі знайшло прызнанне ў Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, на землях якой з даўніх часоў існавала асаблівае шанаванне Багародзіцы. Паказальна, што калі ў 1634 г. кароль Уладзіслаў IV Ваза надумаўся ўвесці першы дзяржаўны ордэн, ён павінен быў мець назву Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Статут ордэна быў нават зацверджаны Папам Урбанам VІІІ, распрацаваны адпаведны знак, але сейм забараніў ордэн, убачыўшы ў ім парушэнне шляхецкай роўнасці 6. У бібліятэцы Мінскай духоўнай семінарыі, напэўна, пасля базыльянаў, засталася лацінская кніжачка «Argumenta pro Immaculata Conceptionе B.M.», выдадзеная езуітамі ў Сандаміры ў 1681 г. У ёй, апрача спасылак на аўтарытэт Касцёла і 60 «рацыянальных аргументаў», падаецца малітва 1661 г. аб’ёмам роўна ў 100 радкоў. Кніжка, па ўсёй верагоднасці, змяшчала медзярыт, які мог паслужыць іконаграфічнай крыніцай для адносна новага сюжэта.

У распаўсюджанні заходнееўрапейскіх варыянтаў іканаграфіі «Immaculata» ва уніяцкім іканапісе значную ролю, напэўна, адыгралі гравюры. У якасці прыкладу можна назваць медзярыт «Maria Immaculata Concipitvr» Carla de Mallery 7. На фоне горада з храмам і вежамі па краях стаяць Яўхім і Ганна. З іх грудзей выпінаюць выгнутыя парасткі, якія зрастаюцца ўверсе буйным паўраскрытым бутонам лілеі. На ім у разрыве воблачнай дугі, з-за якой на Яўхіма і Ганну падаюць праменні святла, стаіць маленькая фігурка Марыі. У асноўных рысах падобную кампазіцыю мае абраз на палатне 1796 г. з-пад Брэста, але са значнымі адхіленнямі ад гравюры Малеры. Перастаўлены месцамі Яўхім і Ганна, пазначаныя кірыліцай; абое стаяць на каленях, святыя маюць традыцыйны тыпаж з буйнымі рысамі, адсутнічаюць архітэктурныя пабудовы на фоне.

Яшчэ больш самастойны і традыцыйна іканапісны характар мае абраз 2-й паловы ХVІІІ ст. са Сцяпанак на Брэстчыне, выкананы на драўлянай аснове ў рэдкай тэхніцы рэльефа, гравіраванага па ляўкасе і паліхромна расфарбаванага. Тут наогул няма лілейных парасткаў, але кампазіцыйная расстаноўка фігур захавалася. У самым нізе стаяць на каленях Яўхім і Ганна; уверсе, у сярэдзіне агромністай васьміканцовай зоркі, на маладзіку стаіць Марыя, склаўшы перад сабою рукі. Яднаюць Яе з бацькамі густыя праменні, што сыходзяць ад зоркі і нагадваюць падобныя ж на медзярыце Карла Малеры.

Самым выразным узорам такога адлюстравання Беззаганнага Зачацця з’яўляецца вядомы уніяцкі абраз 1723–1728 гг. з Басценавічаў 8. У ім маляўніча распрацаваны пад уплывам заходнееўрапейскай графікі эпізод сустрэчы Яўхіма і Ганны каля Залатых варот Ерузалема, шырока распаўсюджаны ва ўсходнім царкоўным мастацтве. Тут Нараджэнне Марыі яўна супастаўлена са Звеставаннем аб Нараджэнні Хрыста: маленькая Марыя ўжо ў німбе і багародзічным пурпурна-сінім адзенні, а з нябёсаў ад Бога Айца праз Святога Духа на Яе падаюць залатыя праменні. Нельга не адзначыць, што ні адзін са згаданых абразоў не паўтарае гравюру з папулярнага ў свой час антверпенскага марыялагічнага выдання, і тэзіс аб творчым засваенні замежных узораў мясцовымі мастакамі – не проста рытарычная формула, а метад.

Медзярыт віленскага гравёра Францішка Бальцэвіча ХVІІІ ст. вылучаецца развітай кампазіцыяй, абмаляванай двума воблачнымі кругамі. У ніжні ўпісана агромністая сфера, якую абвівае зусім не страшны змей, з пашчы якога звісае галінка са злашчасным яблыкам. Марыя стаіць на сферы, пад Яе нагамі – маладзік, рукі складзены наперадзе, галава крыху павернута ўлева і схілена, вакол – дванаццаць зорак і прамяністы німб. Позірк Марыі скіраваны ўніз, на картуш між воблакамі з выявай, у якой паказаны Адам з Евай пад дрэвамі дабра і зла. У супрацьлеглым картушы змешчана «Звеставанне», сюжэт якога раскрывае вобраз Марыі – нявіннай Евы, пазбаўленай першароднага граху. У самым версе на воблаках – анёлкі, Святы Дух і Бог Айцец, з вуснаў якога зыходзіць надпіс: Ipsa Contexet caput tuum Gene. Mater Pulchre Dilectionis. Eccl. 24 9.

У беларускай скульптуры эпохі барока, як і ў заходнееўрапейскай, «Беззаганнае Зачацце» – адзін з самых любімых вобразаў Багародзіцы. У міхалішскім касцёле ў бочным алтары са штуку апошняй чвэрці ХVІІ ст. маньерыстычна падоўжаная постаць Марыі ў позе контрпосту пастаўлена непасрэдна на змеі, пакладзеным на плінт; зямной сферы наогул няма. У воўпенскім касцёле Яна Хрысціцеля захаваўся пераносны алтар (фератрон) ХVІІІ ст. са скульптурай Беззаганнага Зачацця дасканалай разьбы ў стылі позняга барока. Марыя ўпэўнена стаіць на маладзіку і сферы, па якой звіліста паўзе змей. Франтальную фігуру шчыльна аблягае сукенка, мадэляваная дробнымі складкамі. Левая рука прыкладзена да грудзей, у правай апушчанай, верагодна, была лілея. Своеасаблівая буйнаватая галава характэрна для беларускай скульптуры сярэдзіны ХVІІІ ст.

Цудам перажыла атэістычнае вар’яцтва ХХ ст. выдатная разьбяная скульптура «Беззаганнае Зачацце» мяжы ХVІІІ–ХІХ ст ст. з базыльянскага кляштара ў Лядах, заснаванага ў 1732 г. Ігнатам Завішам. Паводле гістарычных звестак, фігура Маці Божай знаходзілася ў капліцы, пабудаванай манахамі на рынку. Лаканічнымі буйнымі формамі выразана аснова – маладзік, сфера, змей, – на якой стаіць басаногая Марыя. Класічнай простасцю і дакладнымі прапорцыямі вызначаецца пластычная фігура і мілавідны твар з высокароднымі тонкімі правільнымі рысамі. Добра захавалася першапачатковая паліхромія – малінавая сукенка, блакітны плашч, сіне-зялёны мафорый, свабодна накінуты на цёмныя валасы Марыі. Без перабольшання можна сказаць: у старажытнай беларускай скульптуры няма больш кранальнага мастацкага вобраза Багародзіцы.


  1. Христианство.Энциклопедический словарь. Т. 1, М., 1993, с. 269.
  2. Encyklopedia kośсielna. T.XVI. Warszawa, 1885, s. 222-223.
  3. Hannelore Saks, Ernst Badstubner, Helga Neumann. Christliche Ikonographie in stichworten. Berlin-Leipzig. 1991, с. 350-351.
  4. Знамеровская Т. П. Хусепе Рибейра. М., 1981, с.138.
  5. Ваганова Е. О. Мурильо и его время. М., 1988.
  6. Zygmunt Gloger. Encyklopedia staropolska. T. III. Warszawa, 1978, c. 299.
  7. Mallery Carl. Vita Beatissimae Virginis Mariae imaginibus exspressa. Antverpia. BUW. A.554|G.XVII|1-abl.3.
  8. Іканапіс Беларусі XV–XVIII стагоддзяў. Аўтар тэксту і складальнік Н. Ф. Высоцкая. Мн., 1992, с. 67.
  9. Senoji Lietuvos Grafika (XVI — XIX a) Vilnius, 1995, c. 12.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY