Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(47)/2009
Галерэя
Год святога Паўла
Інтэрв’ю

VATICANUM II НА РОДНАЙ МОВЕ
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады
Magisterium
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Роздум

«ПІЯРЫЗАЦЫЯ» ЦІ ЕВАНГЕЛІЗАЦЫЯ?
Паэзія
Мастацтва

УСПОМНІМ ПРА ЗАБЫТАЕ
Нашы святыні
In memoriam

КАРАЛЕВА БОЛЮ І ВЕРША

АПОШНІ ЛІСТ

«ЁСЦЬ ТОЛЬКІ ШЛЯХ…»
Вачыма візітатара

Кс. Аляксандр АМЯЛЬЧЭНЯ

«ПІЯРЫЗАЦЫЯ» ЦІ ЕВАНГЕЛІЗАЦЫЯ?*

Штодзённа па дарогах Інтэрнэта вандруюць мільёны віртуальных пілігрымаў, якія шукаюць новыя шляхі да свайго Бога або проста хочуць знайсці Яго. Рэлігійныя сайты множацца з зайздроснай хуткасцю — разнапланавыя і неаднародныя па сваім змесце. У гэтым лёгка пераканацца, калі задаць у любой пошукавай сістэме слова «God» (англ. — Бог). У чым крыюцца прычыны папулярнасці рэлігійнай тэматыкі ў Інтэрнэце? Чаму менавіта ў сусветнай інфармацыйнай сетцы, якая атаясамліваецца з маральным сметнікам, сучасны чалавек шукае кантакту з Богам?

Дактрынальна акрэсленая пазіцыя Касцёла ў адносінах да сродкаў камунікацыі з’яўляецца не толькі вынікам тэарэтычнай працы яе аўтарытэтаў, але і практычнага досведу, накопленага за стагоддзі. Ніводзін інстытут не мае такога ярка выяўленага камунікацыйнага характару, як Касцёл. Камунікацыя — гэта адначасова яго змест і форма, якія ўдасканальваліся ў розныя эпохі і ў вымярэннях: ад рымскіх катакомбаў да Рэнесансу, ад антычнасці да электроннай эры, ад міжасабовай камунікацыі да глабальнай. Касцёлам асвоены практычна ўсе яе сродкі і формы: ад вуснага прапаведавання, да Інтэрнэт-сайта, ад друкарскай машыны да спадарожнікавага тэлебачання. Маючы такі патэнцыял, Каталіцкі Касцёл на пачатку трэцяга тысячагоддзя хрысціянства трымае руку на пульсе тых працэсаў, якія вызначыліся ці толькі яшчэ выспяваюць у свеце камунікацый на базе самых сучасных тэхналогій.

Па сутнасці Каталіцкі Касцёл зрабіў вырашальны крок у гэтым напрамку яшчэ на Другім Ватыканскім Саборы (1962–1965 гг.), абвяшчаючы сваё абнаўленне. Aggiornamento (італ. — абнаўленне) стала асновай палітыкі Апостальскай Сталіцы ў стасунках з сучасным светам. Адной з прыкметных новых тэндэнцый у Каталіцкім Касцёле з’яўляецца актыўны зварот да праблемаў грамадскай камунікацыі і сродкаў яе рэалізацыі, што адлюстравалася ў дакументах Другога Ватыканскага Сабору (Дэкрэт пра сродкі сацыяльнай камунікацыі «Inter mirifica») і паслясаборнай Пастырскай інструкцыі па сродках масавай камунікацыі «Communio et Progressio», дзе змешчаны асноўныя дактрынальныя акцэнты, якія не страцілі сваёй актуальнасці да сённяшняга дня.

Пытаннямі грамадскай камунікацыі займаецца ў Ватыкане Папская Рада па сродках масавай камунікацыі. Прынцыпова важным дакументам гэтага ведамства стала ў свой час Пастырская інструкцыя «Aetatis novae» (1992 г.). Плёнам дзейнасці Рады з’яўляюцца іншыя, вельмі важныя дакументы, у тым ліку «Экуменічнае і міжрэлігійнае супрацоўніцтва ў сферы грамадскіх камунікацый» (1989 г.), «Парнаграфія і насілле ў сродках камунікацыі: пастырскі адказ» (1989 г.), «Этыка ў рэкламе» (1997 г.). Таксама значныя дакументы — «Касцёл і Інтэрнэт» і «Этыка ў Інтэрнэце», якія ўбачылі свет у 2002 годзе. Усе гэтыя дакументы прысвечаны актуальным пытанням, але іх адметнасцю з’яўляецца канцэнтрацыя ўвагі на маральна-этычных прынцыпах у такой (часта пазбаўленай іх) сферы, як камунікацыя.

Галоўны акцэнт у гэтых дакументах робіцца на асобу чалавека. Менавіта чалавек выступае пачаткам, прадметам і мэтай усіх грамадскіх адносінаў. Адводзячы значнае месца ў падобных працэсах сродкам масавай камунікацыі, каталіцкая дактрына перасцерагае ад падмены імі камунікацыі міжасабовай. У гэтым Касцёл бачыць корань шматлікіх індывідуальных і сацыяльных праблемаў. У неразрыўнай сувязі з пытаннямі аб свабодзе камунікацыі і праве на яе Каталіцкі Касцёл разглядае пытанне аб адказнасці, якая пароўну размяркоўваецца паміж тымі, каму належаць СМІ, журналістамі і тымі, хто карыстаецца СМІ.

У кантэксце сказанага вышэй у каталіцкай медыя-дактрыне значная ўвага надаецца як станоўчаму, так і адмоўнаму ўплыву мас-медыя на асобу, сям’ю і грамадства. СМІ могуць і павінны служыць адзінству і ўзаемаразуменню людзей, але ў той жа час яны могуць дзяліць іх, могуць узбагачаць асобу — і прыводзіць яе да дэградацыі, аб’ядноўваць сям’ю — і разбіваць яе, садзейнічаць развіццю духоўнага ў чалавеку — і ўзбуджаць самыя нізкія інстынкты. У сувязі з гэтым у новых умовах узрастае роля высокіх маральных арыенціраў і адказных рашэнняў у камунікацыйнай сферы. Таму Касцёл не навязвае тут сваёй пазіцыі, а імкнецца засведчыць рэальную дапамогу, падказваючы этычныя і маральныя крытэрыі, якія павінны выкарыстоўвацца ў гэтым абшары, крытэрыі, якія грунтуюцца як на агульначалавечых, так і на хрысціянскіх прынцыпах.

Адной з новых медыя-тэхналогій, якая настойліва пранікае сёння ў сферу міжасабовых і грамадскіх адносінаў, з’яўляецца так званы «піяр» (ад англ. абрэвіятуры «PR» — public relations). Спецыялісты гавораць сёння пра ўсеагульную «піярызацыю» грамадства. Гэтае паняцце глыбока ўвайшла ў метады кіравання арганізацыямі і інстытутамі грамадскага жыцця. «Піяр» уключыў сёння ў сябе і нават падпарадкаваў сабе большасць медыйных тэхналогій. Больш за тое, ён падпарадкаваў сабе чалавека і яго міжасабовыя стасункі. І ўжо не «піяр» сёння служыць чалавеку, а вельмі часта чалавек служыць яму.

У такім кантэксце Касцёл існуе сёння ў свеце, працэсы якога аказваюць на яго ўплыў. Касцёл не з гэтага свету, але, каб існаваць у ім, ён павінен карыстацца сучаснымі тэхналогіямі. Ці тэхналогіі «PR» адпавядаюць ролі і місіі Касцёла? Ці патрэбны гэты «піяр» у абвяшчэнні Божага слова сёння?

Галоўным заданнем Касцёла было і застаецца абвяшчэнне Божага слова, кажучы мовай апошніх касцёльных дакументаў — евангелізацыя, або, у сучасным кантэксце, новая евангелізацыя. Думаю, праблема ў тым, што часта ўжываючы гэты тэрмін, мы забываемся або проста не задумваемся пра яго глыбокае значэнне.

Калі сэнсам абвяшчэння Божага слова ў апостальскія часы было данесці Добрую Навіну да кожнага чалавека, каб кожны меў магчымасць зрабіць выбар, то сёння пад евангелізацыяй мы часта памылкова разумеем «як мага большую колькасць людзей, якія робяць правільны выбар». На першы погляд, не так гэта і страшна, таму што Бог хоча, каб усе людзі выратаваліся і дасягнулі пазнання Праўды. Але, з іншага боку, розніца проста каласальная, асабліва тады, калі мы пачынаем разглядаць наступнае пытанне: што ў евангелізацыі з’яўляецца поспехам, а што — паражэннем? Поспех сапраўднай евангелізацыі заключаецца ў тым, каб данесці да ўсіх Добрую Навіну. Памятаеце? «Калі хто не прыме вас і не паслухаецца слоў вашых, то, выходзячы з дому або з горада таго, атрасіце пыл з ног вашых» (пар. Мц 10, 14) і ідзіце ў іншы — дабравесце атрымалася. Для многіх жа поспехам евангелізацыі з’яўляецца колькасць навернутых да Бога. Калі вас выгналі з горада і ніводзін чалавек не пакаяўся, то з пункту гледжання прадстаўнікоў такога разумення евангелізацыі — гэта няўдача.

І тут, спадзяюся, я не выйду за рамкі артадаксальнасці, калі скажу, што падобнае разуменне евангелізацыі, магчыма, не самае горшае, але яно выклікае пэўны неспакой. Чаму? Таму што тут ёсць прамая сувязь з сучасным працэсам «піярызацыі». Таму што дабравесце пакідае чалавеку выбар, а няправільнае разуменне евангелізацыі, падобна «PR»-тэхналогіям, спрабуе ўздзейнічаць на выбар чалавека, выкарыстоўваючы даступны набор станоўчых асацыяцый.

Будзеш веруючым — у цябе ўсё будзе «о’кей», Бог вырашыць усе твае праблемы. Вось паглядзі на мяне: я быў хворы — і Бог вылечыў мяне. Я працаваў на заводзе і атрымліваў капейкі, а цяпер у мяне — «мэрсэдэс». Вось так Бог благаслаўляе хрысціянаў. Таму, калі ты хочаш, каб Бог зрабіў для цябе штосьці падобнае, бяжы да нас — і ўсё атрымаецца. Ведаеце, што тут самае страшнае? Тое, што, самі таго не заўважаючы, мы становімся ў такім выпадку не евангелізатарамі, а звычайнымі «піяршчыкамі», бо ні аздараўленне, ні цуды, ні фінансавы поспех не маюць нічога агульнага са збаўленнем, і таму звязваць іх з прыняццем рашэння няправільна.

Уяўляеце, які поспех меў бы Езус, калі б карміў народ кожны дзень? Праз месяц у Яго руках быў бы ўвесь Ізраэль з рымскімі салдатамі разам. Ён не рабіў гэтага. Больш за тое, Ён абсалютна адкрыта казаў натоўпу пра тое, што яны ходзяць за Ім дзеля ежы. Многія шукалі не Яго, але дармовых абедаў ці вячэраў. Ён ведаў тую мяжу, якую варта ведаць і нам, Яго паслядоўнікам, і якой ніколі нельга пераступаць.

Прапаведваючы ці евангелізуючы, мы становімся «public person» — грамадскімі дзеячамі. Усе «public person» імкнуцца быць вядомымі. Сёння амаль усе «public person» выкарыстоўваюць «PR» — не важна, свядома ці падсвядома.

Кожны раз, калі хтосьці раіў Езусу перайсці гэтую мяжу, калі хтосьці хацеў зрабіць Яго царом, і кожны раз, калі Яму якраз і трэба было праявіць сябе як «public person», Ён ішоў у пустыню і маліўся, таму што Ён ведаў тую мяжу, за якой евангелізатар, дабравеснік становіцца «піяршчыкам».

Калі ж евангелізатар пераходзіць гэтую мяжу, то спачатку ўсё застаецца нібыта так, як і раней, але з цягам часу падзеі і ўсё яго жыццё пачынаюць круціцца не вакол Езуса, а вакол яго самога. Людзі ідуць менавіта на яго казанні, імкнуцца паразмаўляць менавіта з ім, хочуць, каб за іх памаліўся менавіта ён. І гэты стан рэчаў трэба ж падтрымліваць — трэба дзейнічаць згодна з тым іміджам, які прынёс табе поспех, інакш людзі больш не прыйдуць. Трэба, кажучы сучаснай мовай, навучыцца «раскручваць» свой «прадукт».

Не, гаворка зусім не пра грошы. «Раскручваць» — азначае ўздзейнічаць на выбар людзей. Трэба навучыцца «раскручваць» сваё прапаведаванне — гэта значыць рабіць так, каб людзі яго «праглынулі», каб яно ім спадабалася. Разбавіць яго анекдотам, жартам, аповедам з жыцця… І гэта само па сабе няблага, але з цягам часу становіцца менавіта «піярам».

Ты жартуеш не для таго, каб людзям было лягчэй успрымаць тваё прапаведаванне, а прапаведуеш для таго, каб «прадаць» сваё прапаведаванне. Трэба навучыцца рабіць «прамоўшн» свайго Касцёла. Зрабіць яго пазнавальным. Звязаць яго са станоўчымі асацыяцыямі. Трэба навучыцца рабіць «прамоўшн» хрысціянству і Хрысту. Проста трэба, каб людзі «купілі» Яго ў нас.

І дзе мы, урэшце, знойдзем сябе? Нібыта добрыя мэты — каб усе людзі былі збаўленыя і пазналі Праўду, але яны адыходзяць на другі план. Асноўная думка нашай евангелізацыі ў такім выпадку — каб як мага больш людзей пераканаць у сваёй праваце.

У выніку «PR»-тэхналогіі ператвараюць бясцэннае Евангелле Езуса Хрыста ў нейкі нясвежы прадукт, які трэба хутчэй збыць, бо ён абавязкова сапсуецца. І, карыстаючыся гэтымі тэхналогіямі, мы самі дазваляем глядзець на сябе праз іх прызму.

Я не выступаю супраць «піяру», я проста паддаю яго крытыцы. Нам патрэбны хрысціянскі «піяр», але той, які не падмяняе сабой сапраўдную евангелізацыю. Нельга дапусціць, каб так патрэбная нам новая евангелізацыя ператварылася ў кантэксце хрысціянства ў танную «піярызацыю».

Нам вельмі важна зразумець, што не трэба ні ў каго запіхваць гвалтам Евангелле, што Божае слова — гэта скарб, даражэй за які няма нічога ў свеце, і нельга разменьваць яго на безліч «піярскіх» вынаходак. Божае слова — гэта дар, які Бог дае дарма і які каштоўны сам па сабе. Гэта дар, які дае велізарную колькасць магчымасцяў. Гэтых магчымасцяў шмат, найбольшая з іх — цярпець за Хрыста, а адна з самых малых — быць паспяховым.

У Евангеллі ёсць гісторыя пра тое, як Пётр і іншыя будучыя апосталы лавілі рыбу ўсю ноч, але нічога не злавілі. Потым Езус увайшоў у іх лодку, каб навучаць. І пасля таго, як Ён навучыў іх Евангеллю, калі яны закінулі сеці там, дзе Ён паказаў ім, сеці рваліся ад колькасці злоўленай рыбы. Але Пётр пакінуў гэтую рыбу, бо пасля таго, што з ім здарылася, колькасць рыбы ніколі ўжо не была для яго самамэтай.

Сёння сітуацыя начной рыбалкі Пятра часта паўтараецца: мы закідваем сеці і выцягваем іх практычна пустымі. Але варта займацца гэтым, варта спрабаваць і варта выкарыстоўваць для гэтага самыя сучасныя сродкі. Але, пакуль мы ловім, трэба абавязкова глядзець на бераг, ці не ідзе Езус, каб прапаведаваць нам сваё Евангелле, ці не кліча Ён нас на бераг, каб мы ўзялі Яго ў сваю лодку, каб Ён, выкарыстоўваючы нас, абвяшчаў Божае слова. Менавіта Божае, а не тое, якое цешыць наша вуха. І шкада будзе, калі мы размінёмся з Хрыстом або не звернем на Яго ўвагі.

 


* Даклад на сімпозіуме «Слова Божае — жывое і дзейснае», прысвечаным Божаму слову ў год святога Паўла.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY