Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(66)/2013
Жыццё Касцёла
Вера і жыццё

ЧАРАПАХА І ПЕВЕНЬ
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні

ФАРНЫ КАСЦЁЛ У ЛІДЗЕ
Маналог святара

СВЯТАР - ГЭТА СЛУГА...
Навука
Постаці
Прэзентацыя

ЗНАКІ НЕСПАКОЮ
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ

РАЙХМУТ ФОН АДОХТ
Па родным краі

WIAZYŃ, ВЯЗЫНЬ, ВЯЗАНЬ...
Нашы святыні
Па родным краі

ШЛЯХАМІ ПАЎСТАНЦАЎ 1863 ГОДА
Асобы
Галерэя

Ігар СУРМАЧЭЎСКІ

WIAZYŃ, ВЯЗЫНЬ, ВЯЗАНЬ...


Вязынь, касцёл. Фота Яна Балзукевіча. 1910 г.

«… А дарога да Койданава і разам з тым тракт Варшаўскі, што праходзіць побач з Воўчкавічамі, пачынаецца ад мінскага парафіяльнага касцёла і ідзе на поўдзень праз горад да мураванай калоны, на якой усталявана фігура святога Антонія… Мінаючы калону, рухаемся ўправа да Мядзвежына, фальварка пана Шэйбы, дзе за маёнткам ідуць дзве дарогі да Койданава... Лепей трымаемся правага боку каля зарасляў праз невялікае поле, праз сенажаць і рачулку, якую пераязджаем па непрацяглай грэблі і па невялічкім мастку… Каля млына адразу відаць карчма налева ад гасцінца, а направа бачна вёска Брылевічы. Ад той брылевічскай карчмы праз поле і чорны лес выязждаем на гасцінец, па правым баку якога зноў стаіць карчма, а па левым — засценак Шчэрысліца пані Яноўскай, старасцянкі менскай. Ад засцянковай карчмы мокрым полем і праз чорны бор кіруемся на шырокае поле, за якім на вялікім пагорку відаць гаспадарчы двор Воўчкавічы, побач з якім на поўдзень на асобным пагорку стаіць уніяцкая царква. За невялікім мастком, што ідзе праз рэчку, адразу стаіць карчма, ад якой праз поле і праз чорны лес можна даехаць да другой карчмы, што завецца Чаркас. Далей ідзе добры гасцінец, і тут жа праз поле відаць на пагорках гаспадарскі двор, званы Чаркасы. За Чаркасамі праз невялікія зараслі відаць ужо і маёнтак Вязынь з уніяцкай царквой на цвінтары. Але вялікая балотная сенажаць на дае праехаць напрасткі, давядзецца аб’язджаць ці направа, ці налева. Царква і вязынскі двор належаць да парафіі койданаўскай». Такой няспешнаю дарогаю з Мінска да Вязыня вядзе нас Юзаф Марошка ў сваіх «Opisach parafii diecezji wileсskiej z 1784 roku»…

Цяпер праз маю малую радзіму праязджае ледзь не кожная машына па знакамітай «алімпійскай» шашы нумар 1 Брэст-Масква, і ні ў кога не ўзнікне думка, што за вакном прамільгнуў некалі знакаміты маёнтак. Сёння Вязань адметны толькі невялікай адтынкаванай крамай каля шашы, куды ў 1960-я прыехала працаваць пасля тэхнікума мая мама, зялёнай бензазапраўкай ды старымі могілкамі на пагорку.

З маленькай вёскай Вязынь звязана жыццё многіх пакаленняў маіх продкаў, якія спачываюць на мясцовых могілках. У Вязыні нарадзіўся і я. Ад сваёй бабулі Юзэфы я чуў, што да рэвалюцыі Вязынь належаў нейкім Багдашэўскім, але кім яны былі, бабуля не ведала — паны і ўвесь сказ. І ў школе, і ў інстытуце мне карцела больш даведацца пра маю малую радзіму, але ў 1970–1980-я пра Вязынь (каля Койданава) я не знайшоў ні радочка. Толькі ў сталым узросце я трапіў у чароўнае месца, якое завецца Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, дзе нарэшце зразумеў — не ўсё матэрыяльнае знікае.

Маёнтак Вязынь як уладанне Радзівілаў вядомы па летапісах з XVI ст., але часам яго блытаюць з Вязынем на Вілейшчыне, бо напэўна зусім нядаўна змянілі ў назве маёй вескі адну з літараў — і стаў на мапе Міншчыны ўжо не Вязынь, а Вязань.

Звесткі пра маю малую радзіму, як промні амаль страчаных успамінаў, зазіхацелі праз шэрань старажытных часоў з шурпатых старонак таўшчэзных кніг пад назваю «Менскі гродзкі суд». Гэта нават не кнігі, а фаліянты вагою ў добры стос цаглінаў, дзе падобная да пергаменту папера ўпрыгожаная закавыкамі і арнаментам старажытнага скорапісу, які трэба было яшчэ расчытаць майстрам па расшыфроўцы стараславянскага пісьма.

Першая справа, якая тычыцца Вязыня, датавана 4 лютага 1600 года. Гэта скарга ўрадніка вязыньскага маёнтка С. Свірскага на падданых Яго Мосці князя Шчаснага Яраслававіча. Нейкі Стасюк Кульбака, які належаў Яго Мосці князю Шчаснаму, збег ад свайго гаспадара з мястэчка Шацк шукаць лепшай долі ў маёнтак Вязынь, у вёску Баламутавічы, і нават «замешкаў» там так добра, што быў запрошаны на вяселле Якуба Хлюста, які жаніў свайго сына Савасцея з дачкою пана Яна Нямеры. Вяселле было ў нямераўскім двары пад назваю Асота недалёка пад Вязынем. Але князевы «шпегі», у тым ліку ўраднік мястэчка Шацк Філон Арлоўскі, высачыў небараку Стасюка і з памагатымі зрабіў засаду недалёка ад двара, дзе спраўлялі вяселле. Доўга балявалі і запозна вярталіся ў свае Баламутавічы маладыя і «прыяцелі» ў марозную зорную ноч 30 снежня 1600 года. Ужо ехалі сані праз чорны лес «бахарэўскі» каля чорнага віру рэчкі Асокі, як на іх з вусцішнымі крыкамі нападае атрад Філона Арлоўскага. Стасюка Кульбаку моцна збілі, звязалі і узялі ў палон, а бедных гасцей абабралі, пабілі і паранілі кіямі. «Учынілі ім грабеж і многія шкоды…» — так напісана ў скарзе. Нават маладых і іх майно не пашкадавалі: «… з таго жаніха знята і паграблена сярмяга і кажух, шапка з куніцаю, якая каштавала грошай сорак, з дзеўкі знята сукня карэзеевая, за чатыры копы грошай купленая, шубка белічая, сукном мураўскім крытая, з бабром за шэсць копаў грошай купленая, шапка аксамітная, за дзве копы грошай купленая, скрыня з рэчамі ўзятая і паграбленая, у якой было палатна тонкага кужылю локаць, шэсцьдзясят рушнікоў, намітак тонкіх дзесяць, кашуляў жаночых дзесяць…» Як там далей вырашыў справу падстароста менскі Ян Кураш, невядома, але на гэту скаргу падаў ужо сваю скаргу сам князь Шчасны на падданых князя Радзівіла з вязыньскага маёнтка — нібы тыя самі напалі на атрад Філона Арлоўскага, а завадатара і ўцекача Стасюка Кульбаку князь прыгаварыў «на горла» ў сваім мястэчку Цітва: прасцей кажучы, асуджанаму адсеклі галаву... Суровыя былі часы, і магнаты не кожны раз пры вырашэнні судовых справаў карысталіся Статутам ВКЛ ці заглядалі ў Евангелле.

Дарэчы, і самі магнаты ўчынялі так званыя «наезды» на маёнткі суперніка ці на «пана-брата», які не так паглядзеў у іх бок ці перасунуў межавы камень ад любімай «дулі» на некалькі сантыметраў. Радзівілы ў гэтым сэнсе былі непераможнымі і не баяліся нікога. Яны рабілі «наезды» нават на свае маёнткі, што аддавалі ў арэнду панам-пасэсарам, якія былі не апошнімі ў службовым рангу ВКЛ. У «Менскім гродзкім судзе» ёсць позва ад 1742 г. у Галоўны Літоўскі Трыбунал князю Гераніму Радзівілу, падчашаму ВКЛ, каменданту горада Слуцка Яну Кінегсеку, яго ад’ютанту Мацею Матусевічу і салдатам па скарзе Уладзіслава Ваньковіча, войскага Мінскага ваяводства, аб наездзе на вёску Віцкаўшчызна ў маёнтку Вязынь, дзе салдаты ўчынілі крадзеж, спусташэнне і захоп у палон вязыньскага адміністратара пана Дашчынскага. У гэты час, дарэчы, маёнтак Вязынь быў у арэнднай заставе ва Уладзіслава Тадэвуша Ваньковіча (1738–1763), мечніка і войскага менскага, продка нашага мастака знакамітага Валенція Ваньковіча.

У 1652 г., якраз перад навалаю з Усходу, Багуслаў Радзівіл, канюшы ВКЛ, напэўна, з эканамічных меркаванняў, бо за арэнду маёнтка можна было адразу атрымаць добрыя грошы, аддае Вязынь у заставу Базылю і Яну Кастравіцкім і Самуэлю Філіповічу, пазычыўшы ў азначаных пасэсараў 70 000 талераў. Напэўна, канюшага ВКЛ добра прыціснула з грашыма. Потым Вязынь пераходзіць ад пасэсара Самуэля Філіповіча да Рэгіны з Кастравіцкіх Валадковічавай, мінскай земскай пісаравай. Дарэчы, Рэгіна была жонкаю Кшыштафа Валадковіча, пісара мінскага, які дзеля ўратавання свайго жыцця і маёмасці прысягнуў маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу на вернасць. Што да маёмасці Валадковіча, то адданасць расейскаму цару не спрыяла абароне правоў тутэйшай шляхты. Маёмасць мінскага наваколля пайшла агнём. Пасля вайны з Масковіяй і адыходу ў іншы свет Багуслава Радзівіла новая ўладарка Вязыня пфальцграфіня рэйнская Людавіка Караліна Радзівіл у 1691 г. пацвярджае застаўное права Рэгіне Валадковічавай, а радзівілаўскі абавязак у 70 000 талераў, які ўзяў на свае неўтаймаваныя расходы Багуслаў, амаль праз сто гадоў атрымаў у 1738 г. ужо продак Самуэля Філіповіча — Фларыян, віленскі гараднічы, які адразу перадаў застаўное права на Вязынь Уладзіславу Тадэвушу Ваньковічу, войскаму Мінскага ваяводства. Напэўна, тут не абышлося без кроўных сувязяў, бо жонкаю мінскага войскага была Тэрэза з Філіповічаў. Ваньковічы гаспадарылі ў Вязыні з 1738 па 1780 год. У 1780 г. застаўное права на маёнтак Вязынь пераходзіць, як ні дзіўна, да родзічкі з Радзівілаў, Веранікі Іааны Радзівіл. Яна была дачкою Міхаіла Казіміра Рыбанькі і ў 1772 г. выйшла замуж за графа Францішка Станіслава Костку-Чапскага, ваяводу хэлмскага. Графу Чапскаму Вераніка прынесла ў пасаг знакаміты маёнтак Станькава. Напэўна, графу не было дзе развярнуцца з гаспадаркаю ў невялічкім Станькаве, і ён просіць жонку, каб яна папрасіла брата дапамагчы з зямлёй. Брат Веранікі, Караль Радзівіл (Пане Каханку), згаджаецца і перадае роднай сястрыцы маёнтак Вязынь у заставу на тры гады за 656 000 польскіх злотых.

Мы ведаем Пане Каханку як магната з сумніўнай рэпутацыяй, але ён ведаў кошт сваей маёмасці і за ламаны шэлег не аддаў маёнтак роднай сястрыцы. Вераніка Чапская гаспадарыць у Вязыні з 1780 па 1789 год, але, напэўна, кошт пасэсіі быў вельмі вялікі, і нарэшце маёнтак пераходзіць да Антонія Пятровіча Багдашэўскага, мозырскага ротмістра. Можна здзіўляцца вялікаму кошту арэнднай платы за адзін маёнтак і таму, што ён меў такі вялікі попыт сярод магутных пасэсараў. Справа ў тым, што маёнтак Вязынь быў толькі цэнтрам вялікай гаспадаркі, у якую ўваходзілі многія навакольныя вёскі і засценкі. <...>

«…14 верасня 1812 года Менск урачыста сустракаў французскага маршала князя Белуно Віктора. Губернатарам у гонар яго быў дадзены баль. Армія маршала ішла праз Менск на Усход цэлы тыдзень. Была ў яе складзе і польская дывізія, сфармаваная з палякаў і беларусаў у Іспаніі. Абывацелі выходзілі вітаць яе, а вядомы ў горадзе пан Антон Багдашэўскі з радасці выдаў землякам сто гарцаў гарэлкі. Столькі ж прыслала і яснавяльможная пані Свідава. Да лагеру дывізіі, які размясціўся на паўночны ўсход за горадам на маляўнічай раўніне, спяшалі менскія прыгажуні. Яны неслі жаўнерам гародніну, печыва, віно і, зразумела, сваё каханне... Беларускае войска для Напалеона фармавалася даволі хутка, без асаблівага напружання. Ніхто не мог меркаваць тады, што дараваная свабода праіснуе ўсяго тры месяцы і скарыцель Еўропы паверне назад», — чытаем у артыкуле В. Хурсіка «Невядомая вайна 1812 года». Калі нават Багдашэўскі вітаў французскіх жаўнераў, то што ўжо казаць пра Радзівілаў!.. Апошні з нясвіжскай лініі Радзівілаў Дамінік (1786–1813), уладар Койданава і наваколля, натхнёны Напалеонам ідэяй адраджэння незалежнай Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага, выступіў з войскам на баку французскай арміі ў 1811 годзе. Ён у чыне палкоўніка ўзначаліў 8-ы полк уланаў, які поўнасцю экіпіраваў за свае грошы. Пасля паражэння Напалеона Дамінік з рэштай французскай арміі пакінуў межы Расейскай імперыі. Імператар Аляксандр І мог дараваць патрыётам адраджэння ВКЛ, калі яны зноў прысягнулі б яму на вернасць, але шляхетны гонар не даў Дамініку пайсці на такі агідны крок — адважны палкоўнік загінуў у бітве пры Ганаў 30 кастрычніка 1813 года. Многія маёнткі Радзівілаў былі секвесціраваныя ў дзяржаўную казну ды разданыя згодлівым паслугачам. Але Вязынь застаецца ў маёмасці дачкі Дамініка, Стэфаніі Радзівіл (1809–1832). Маладзенькая Стэфанія была знакамітай прыгажуняй у салонах Паўночнай сталіцы, як цяпер гавораць — «петербургской штучкой». Нават вялікі А. Пушкін так захапіўся яе прыгажосцю, што прысвяціў ёй верш «Паж, ці пятнаццаты год», у якім Стэфанія была названа варшаўскай графіняй. У рукапісе паэта побач з вершам намаляваны вабны профіль нясвіжскай прыгажуні. З фундушу Стэфаніі Радзівіл у 1820 г. рэчыцкі ротмістр Антоній Багдашэўскі і набывае маёнтак

Вязынь разам з засценкамi. Выбраўшы Вязынь як самае прыгожае месца, Багдашэўскiя зрабiлi ў iм сваю рэзідэнцыю.

Справа аб секвесціраваных маёнтках Радзівілаў цягнецца амаль 15 гадоў, і толькі ў 1835 г. у газ. «Tygodnik Petersburski» з’яўляецца паведамленне аб перадачы былога радзівілаўскага маёнтка Вязынь у маёмасць Багдашэўскага. Магчыма, такая маруднасць у продажы маёнтка была абумоўлена «разборкамі шляхты» пасля паўстання супраць расейскай улады ў 1831 годзе. Уся шляхта павінна была зноў пацвердзіць сваю лаяльнасць і вернасць расейскаму імператару. Менавіта спісы шляхты, якая прысягала на вернасць, і друкаваліся ў газ. «Tygodnik Petersburski», дзе сярод мясцовых афіцэраў чытаем імя ротмістра Антонія Багдашэўскага. Дарэчы, сам Антоній Багдашэўскі быў членам камісіі ад Менскага павета пры першым «разборы шляхты» ў 1795–1805 гг., калі мясцовыя ўладары павінны былі даказваць новай расейскай уладзе, што спрадвеку маюць свае шляхецкія гербы.

У Антонія Пятровіча Багдашэўскага (?–1836) не было спадчыннікаў, таму ён звяртаецца да свайго брата Стэфана Пятровіча(1776–?), суддзі наваградскага, і аддае Вязынь ва ўладанне яго сыну — свайму пляменніку Ігнацію Багдашэўскаму (1807–1864). Новы ўладар маёнтка быў вельмі цікавай асобай і вылучаўся сярод мясцовай шляхты разнастайнымі захапленнямі: ад эканомікі да мастацтва, і нават быў паэтам. Пачатковую адукацыю Ігнацій атрымаў у Менскай гімназіі, пасля паступіў у Віленскі ўніверсітэт, дзе напэўна з натхненнем успрыняў яшчэ не знішчаны з аўдыторый патрыятычны дух «філарэтаў і філаматаў» Тамаша Зана і Адама Міцкевіча. Ігнацій пераймае ў вялікага Міцкевіча цікаўнасць да роднай гісторыі, рамантыку паданняў і баладаў: у 1826 г. ён выдае ў віленскай друкарні свой першы паэтычны зборнік «Kilka ballad i powieњci». Першы твор вязыньскага паэта звернуты да ўніяцкага святара невыпадкова, таму што бацька Ігнація, Стэфан, быў жанаты з Разінаю Блоцкаю, родзічкаю ўніяцкага мітрапаліта і арцыбіскупа Полацкага Язафата Булгака. Невыпадкова, напэўна, што малады выхаванец Віленскага ўніверсітэта адразу займеў пасаду сакратара Полацкага ўніяцкага арцыбіскупства (Разіна Блоцкая з часам будзе пахавана ў вязыньскім касцёле, які пабудуе сам Ігнацій). Паэт працягвае друкаваць у «Варшаўскім кур’еры» вершы і балады, якія з часам становяцца больш падобныя да папулярных сталічных рамансаў.

Сястра Ігнація, Антаніна, падбірала музыку да тэкстаў брата, і яны разам давалі так званыя «чацвяргі» ў сваім мінскім доме на Высокім рынку, дзе збіраўся ўвесь мінскі бамонд і былыя выхаванцы мінскай гімназіі: Антон і Людавіка Горваты, Апалінарый Свентаржэцкі, Міхал Корсак, Вейсенгоф… Дарэчы, на гэтыя вечарыны маглі прыходзіць Станіслаў Манюшка і Ян Дамель...

Бог адарыў вязыньскага ўладара не толькі талентам паэта, але і добрага гаспадара, арганізатара. У 1842 г. яго выбралі маршалкам шляхты Мінскай губерні і ён займеў чын калежскага асэсара. Ігнацій займаў пасаду мінскага маршалка з 1842 па 1861 гг., калі маршалкоўства было ліквідаванае і ўведзена пасада «предводитель минского дворянства». Такім чынам, вязыньскі ўладар быў апошнім мінскім маршалкам, ён быў узнагароджаны ордэнам св. Ганны ІІІ ст., ордэнам св. Уладзіміра IV ст., медалём у памяць вайны 1853–1856 гг. У Вязыні працягвае працаваць знакаміты бровар, на якім вараць папулярны ў краі гатунак піва — цёмны вязыньскі портэр.

Ігнацій Багдашэўскі быў жанаты з Вікторыяй Фаміной, якая падаравала свайму мужу чатырох сыноў: Яна (1838), Альгерда (1842), Стэфана (1844), а самаму малодшаму бацькі даюць незвычайнае імя Атон-Генрых (1849) у памяць Атона І Вялікага, сына караля Германіі Генрыха, заснавальніка Рымскай імперыі. Спадчына маёнтка Вязынь падзялілася на чатыры часткі ў 1864 г., калі Ігнацій Багдашэўскі адышоў у іншы свет. Альгерд, напэўна, быў любімчыкам бацькі, бо прыдбаў Вязынь, Камароўшчыну, Лісаўшчыну, Паўлюці і Павелкава.

Дарэчы, Атон стаў дбайным гаспадаром не толькі ў сваіх маёнтках, але і вёў грашовыя справы ў Менскім дабрачынным грамадскім аб’яднанні, займаў пасаду дырэктара таварыства ўзаемнага крэдыту. У Атона было тры дачкі: Станіслава, Сафія і Эмілія, над якімі пасля смерці бацькі ў 1907 г. узяў апеку сябра сям’і — Эмерык Чапскі. Напэўна, у Атосіне разам з Чапскімі часта балявалі ўладары маёнтка «Над-Нёман» Наркевічы-Ёдкі, бо Сафія Багдашэўская выйшла замуж за сына знакамітага вучонага Якуба Атонавіча Наркевіча-Ёдкі.

Стэфан Багдашэўскі вызначыўся тым, што ў 19 гадоў узяў удзел у паўстанні 1863 года і на яго спадчыну з маёнткам Фаніпаль быў накладзены секвестр, а бацька Ігнацій Стэфанавіч ад перажыванняў памірае ў 1864 годзе. Таму Стэфан і адправіў свайго сына Ігнація ў 1890 г. далей ад ліха — у Імператарскі інстытут права імя прынца П. Г. Альдэнбургскага ў Пецярбург.

Альгерд, уладар Вязыня, не захапляўся палітыкай, хоць і любіў паслухаць успаміны пра веліч Рэчы Паспалітай. Ён дбаў пра росквіт свайго раю на зямлі — маёнтка каля рачулкі Вязынкі. Попыт на цёмны вязыньскі портэр паступова знізіўся, бо з Еўропы прыйшла мода на светлыя гатункі піва — легер, але гаспадар не здаецца і адчыняе пры Вязыні сыраварню, здзіўляючы наваколле добрым «брахоцкім» сырам, на сучаснай мове — галандскім. Гэта была вельмі карпатлівая праца. Большасць навакольных гаспадароў проста здавала надой габрэям, якія плацілі штогод за карову да 20 рублёў срэбрам. Альгерд з часам так адбудоўвае і ўпрыгожвае Вязынь, што ў нататках пра Менск за 1885 г. вядомы краязнаўца Аляксандр Ельскі згадвае яе як мясціну, дзе захоўваюцца памятныя рэчы, творы мастацтва, кнігазборы і архівы. Вязынь напрыканцы ХІХ ст. уваходзіць у лік найважнейшых рэзідэнцый вакол Менска.

...А што ж з духоўнай спадчынай маёй малой радзімы? Шурпатыя старонкі старых дакументаў і тут прыадчынілі завесу таямнічай гісторыі вязыньскай капліцы, ад якой цяпер засталіся толькі рэшткі цаглянага падмурку на пагорку старых могілак.


Вязынь. Старыя могілкі. На пагорку - рэшткі фундамента ўніяцкай царквы.
Фота аўтара. 2005 г.

Ужо ў XVII ст. на самым высокім месцы наваколля стаяла невялікая драўляная святыня, у якой адпраўлялі свае набажэнствы католікі і ўніяты. У другой палове XVII ст. капліца была разрабаваная і спаленая казакамі І. Н. Залатарэнкі, якія напалі на Койданава і ваколіцы ў 1655 годзе. Казакі не цырымоніліся ні з католікамі, ні з уніятамі — парубілі ўсіх, а мястэчка і наваколле было ўшчэнт знішчана...

У пачатку XVIII ст. з дазволу пана Кашыца, якога Радзівілы паставілі кіраваць маёнткам Вязынь, мясцовая шляхта паставіла новую капліцу на месцы спаленай. У капліцы захоўвалася нават такая святыня як антымінс — чатырохвугольны ільняны плат з выяваю Езуса Хрыста ў труне. Па вуглах плата былі зашыты часцінкі святых мошчаў. Антымінс у 1733 г. прывезлі з Кіева, дзе яго асвяціў уладыка Афанасій Шаптыцкі, грэка-каталіцкі Мітрапаліт Кіеўскі і ўсея Русі. А 20 снежня 1736 г. бэнэдыктынкі з Вільні ахвяравалі добры фундуш на капліцу ў Вязыні. У адноўленай святыні зноў пачалі ўзносіць хвалу Богу католікі і ўніяты.

З прыходам расейцаў у наш край напрыканцы XVIII ст. пачаліся незразумелыя разборкі і нават цэлая крымінальная справа: а хто быў гаспадаром капліцы з самага пачатку? Асабліва востра гэтае пытанне паўстала ў сярэдзіне XIX ст. пры далучэнні беларускіх уніятаў да расейскай праваслаўнай Царквы: наша культура была незразумелай і нават варожай для рускага чыноўніцтва.

Пытаннем пра вязыньскую святыню займаліся міністр унутраных справаў Расеі граф Блудаў Д.М. ды віленскі генерал-губернатар князь Даўгарукаў М.А. У гістарычным архіве захавалася асобная справа, з якой магчыма дазнацца пра гісторыю капліцы. Расейскія чыноўнікі скрупулёзна дапытвалі ўсіх, хто меў якое-небудзь дачыненне да святыні. Вось як адказаў на пытанне аб гісторыі капліцы Антоній Багдашэўскі: «… он пояснил: что сия стоящая в имении его Вязынь каплица действительно латинская, и он уверен в том: из показаний самых пожилых людей, из наружности оной и из внутреннего устройства, все в оной изображения Святых и целый прибор, который нашёл он в той каплице при занятии имения Вязынь в свое управление ещё прежде, в 1789 году, устроены по обряду Латинской церкви. Богослужение в оной, как с давнего времени, так и за время его владения этим имением отправлялось священниками латинского и греко-униатского исповедования <...>. Когда имение находилось в содержании графов Чапских, всегда жительствовал на помещичьем содержании священник латинский для отправления в означенной каплице богослужения и преподавания христианских треб шляхте и однодворцам, живущим в имении Вязынь, который всё суть также латинского обряда — на основании сего древнего обыкновения он считал долгом удерживать капеллана, а для выгоды крестьян греко-униатского исповедания, к тому ж имению принадлежащих, был для богослужения в той же каплице священник греко-униатский…»

А вось як гавораць пра гісторыю капліцы мясцовыя сяляне: «….живущие в окрестности Вязыня старожилыя люди числом 12 человек, из коих показали: одни, что, кем и когда построена вязынская каплица, не знают, а только слышали от предков, что она посвящена была ксендзом Койдановского латинского обряда Кордюковским и при оной зажизеннно Воеводиной Чапской завсегда удерживались латинские ксендзы, <…> только ведают, что на кладбищах сих, где каплица построена, хоронят умерших греко-униатского и латинского обрядов. Живущий ныне в имении Вязынь ксендз-бернардин Буткевич и ниже помещик Богдашевский к совращению униатов на латинский обряд никаких средств не предпринимают и о том ни от кого не ведущи; а другие, что на том месте, где ныне имеется каплица, была прежде таковая малая, но когда оную обворовали и сожгли, то на место оной с дозволения бывшего поверенного Радзивиллов Кащица сами шляхта, собравшись, вывезли дерево и поставили сию каплицу, которую посвятил Койдановский ксендз латинского обряда Кордюковский, и оная каплица завсегда была латинского обряда».

Далей можна даведацца, што вязыньскую капліцу кансэкравалі не толькі па каталіцкім абрадзе ў 1751 г., але, што «…в 1799 году сентября 30 дня, через епископа, а нынешнего митрополита Булгака и прочих в последствии времени производимых визит, что таким же образом посвящена по времени…» Гэты візіт мітрапаліта Язафата Булгака стаўся магчымы, напэўна, праз сваяцкія сувязі ўладыкі і брата Антонія, Стэфана, які быў жанаты з сваячніцаю Булгака, Разінаю Блоцкаю. Уладар Вязыня дбаў не толькі пра тое, каб пры капліцы быў свой святар, але ахвяраваў на яе начынне немалыя грошы. У той жа справе чытаем: «…то поелику все украшения в оной каплице — монстранция и прочие — сделаны за собственные его деньги и по форме свойственны латинскому богослужению… помянутая каплица устроена собственным его иждивением». Але, на жаль, капліца была зачынена і 2 снежня 1841 г. з усімі абразамі і срэбраным начыннем перададзена мінскаму праваслаўнаму архіепіскапу Антонію, а ксяндза-бэрнардына пры вязыньскім маёнтку было забаронена трымаць.

Апошнія звесткі пра вязыньскую капліцу я знайшоў у газетах за 1916 год. Ішла Першая сусветная вайна, і пад Станькавам быў арганізаваны аэрадром для цяжкіх расейскіх бамбардзіроўшчыкаў «Ілля Мурамец». Праз некаторы час да месца дыслакацыі пад Станькава з Пскова вылецелі тры «Мурамцы»:

№ 188, 190, 192. 18 чэрвеня 1916 г. паветраны карабель пад № 192, якім кіраваў А.І.Белякоў, пры заходзе на пасадку пацярпеў аварыю каля маёнтка Вязынь. Як потым было напісана ў рапарце: «...авария, очевидно, произошла от того, что перед посадкой корабль шёл на очень малой высоте и, как выяснилось потом, сломал шасси ещё в полёте, зацепив за церковный крест и свалив дымовую трубу с избы». Гаворка ідзе пра крыж шматпакутнай вязыньскай капліцы, якая стаяла на пагорку вязыньскага цвінтара. І комін над хатай узвышаўся на тым месцы невыпадкова, бо са старажытных часоў вакол цвінтара стаялі сялянскія хаты. Там жыў мой прадзед Язафат Сурмачэўскі.

...Ішлі гады, але Антон Багдашэўскі не здаваўся ў сваіх марах пабудаваць святыню ў маёнтку. Ён не даваў спакою ні мінскаму губернатару, ні Мінскай рыма-каталіцкай духоўнай кансісторыі, ні койданаўскаму пробашчу. Мінскія чыноўнікі вырашылі на свой капыл усе просьбы неўтаймаванага верніка і зрабілі так, каб «і ваўкі былі сытыя і авечкі цэлыя» — далі пад будаўніцтва месца на лісаўскім цвінтары. Губернскі архітэктар зрабіў эскіз лісаўскага касцёла, але Багдашэўскі нават не стаў яго разглядаць. Мясцовы наднеманскі дэкан кс. Блашэвіч са скрухай пісаў у Мінск: «…во исполнение упомянутого Указа сим рапортую с присовокуплением, что на кладбище Койдановского костёла близ застенка Лисовщизна не только нет построенной каплицы, но никто таковой не намерен строить». Багдашэўскі ў сваіх памкненнях ужо абапіраецца не толькі на свае сілы, але і на падмогу мясцовых вернікаў — яны ўсёй грамадой пішуць койданаўскаму пробашчу: «… калі забаранілі ўтрымліваць капелана, то стала далёка ездзіць да парафіяльнага касцёла, бліжэйшы з якіх Койданаўскі знаходзіцца ў адлегласці 15 вёрст ад Вязыня. Па такой прычыне мы не можам наведваць ня толькі нядзельныя імшы, але і галоўныя святы. …Іншыя бяз споведзі паміраюць, а немаўлят, каб ахрысціць, трэба па непагодзе і марозу везці да Койданаўскага касцёла. Для таго просім Вялікаможнага ксяндза і кіраўніка парафіяльнага мець на ўвазе нас няшчаслівых, пазбаўленых … асяродку адзінага ксяндза са сваёй камендарыяй пры рыма-каталіцкім касцёле ў Вязыні, які нашыя продкі збудавалі і з ахвяр нашых дзедзічаў вязыньскіх утрымлівалі для адпраўлення набажэнстваў, слухання споведзі, хрышчэння і святога пахавання. Пры тым касцёле на такую патрэбу недалёка ад нашых сядзіб ёсць стары дом для пражывання ксяндза, які мы, калі будзе патрэба і мажлівасць, паправім…»

Антоній прабіў сцяну чыноўніцкіх непаразуменняў, і нарэшце яго пляменнік Ігнацій Багдашэўскі на свае грошы ў 1844 г. пачынае будаваць у Вязыні мураваны касцёл. 18 лістапада 1847 г. новы невялічкі неагатычны касцёл пад тытулам Святой Тройцы быў асвечаны біскупам Мінскай дыяцэзіі Паўлам Раваю. У касцёле захоўваліся парэшткі св. Фаўстына. Колькасць вернікаў вязыньскай парафіі на 1910 год складала 500 чалавек. Да 1905 г. пробашчам касцёла быў вядомы сваёй духоўнай працай ксёндз бэрнардын Дамінік Мацвеевіч Брасевіч. «Брасевiч падтрымлiваў духоўную моц, настаўляў тых, хто быў у роспачы; урыўкамi працаваў у канфесiянале; наведваў усiх, каму была патрэбна яго дапамога i духоўная падтрымка. Але ужо 8 гадоў прайшло (Брасевіч памёр у 1905. — І. С.), як ён пакiнуу гэты свет i не было напiсана нiводнага некралогу ў газеце, але ж народ памятае сцiплага волата, а памяць аб iм застанецца ў сэрцах парафіянаў». (Nasze koњcioіy. Archidjecezja Miсska. T. 2. Warszawa–Petersburg, 1913 r.).

З 1905 г. вязынскую парафію ўзначаліў ксёндз Браніслаў Арліцкі, які вярнуўся з душпастырскай працы ў Сібіры. Кс. Браніслаў узначальваў парафію ў Екацерынбурзе (1884–1905), дзе асвяціў касцёл св. Ганны, пабудаваны на сродкі вядомага ўральскага прамыслоўца, католіка Альфонса Паклеўскага-Козела, які меў чын стацкага саветніка і быў узнагароджаны самім Рымскім Папам ордэнам за асаблівыя заслугі перад Касцёлам.

Дарэчы, кс. Браніслаў Арліцкі праводзіў у апошні шлях майго прадзеда Язафата Сурмачэўскага. У вязыньскім касцёле адбылася і яшчэ адна значная падзея, якая датычыцца гісторыі нашай сям’і — мой дзед Юзаф сустрэў тут сваю будучую жонку і маю бабулю Івашкевіч Юзэфу. Яна вельмі хораша спявала каталіцкія песні. Памятаю, як я знайшоў зжаўцелы вучнёўскі сшытак, дзе алоўкам былі запісаны маёй бабуляй на польскай мове каталіцкія песні яе сябровак. Я і цяпер нібы чую яе звонкі і прыгожы голас. Раней манера выканання песняў была зусім іншаю: эстэтыка спеваў на пачатку ХХ ст. будавалася на энергічнай гармоніі пяшчотнага тэнару і высокага фальцэту. Цяпер ніхто так не спявае, можа, толькі ў аддаленых вёсках. Гэты голас прывёў да сэрца майго дзеда Юзафа яго абранніцу. Дзед праходзіў пасля працы каля вязыньскага касцёла і, пачуўшы нябесны спеў, зазірнуў у святыню — ці не анёл там спявае?...

У 1910 г. адбылася пастырская візітацыя ў Вязынь Яго Эксцэленцыі біскупа Яна Фелікса Цепляка. Аб гэтай падзеі быў напісаны артыкул у газ. «Kurjer litewski» за 19 чэрвеня 1910 года. Працытую яго цалкам, каб перадаць той настрой і атмасферу таго часу, калі ў Вязыні было свята каталіцкай веры: «Дзень 15.06.1910 года стаў для Вязыня і ваколіцаў адным з найважнейшых у парафіяльным жыцці. Упершыню за паўстагоддзя ўрачыстае набажэнства ў вязыньскім касцёле адправіў Яго Эксцэленцыя ксёндз біскуп суфраган Ян Фелікс Цепляк, які аб’язджаў з візітацыяй Мінскую дыяцэзію ад імя Апостальскага адміністратара Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа Клучынскага.

Сорак гадоў занядбання. Паўстагоддзя без пастырскай візітацыі, без сакрамэнту бежмавання, без благаслаўлёнай апекі, якую дае вернікам біскуп касцёла. У дадатак да гэтага, касцёл вязыньскі, які з’яўляецца філіяй койданаўскай парафіі, прайшоў праз цяжкія выпрабаванні, асабліва калі пробашчамі ў Койданаве былі Пятроўскі і Эйзенблетэр, слынныя паслядоўнікі самотнай памяці ксяндза каноніка Сенчукоўскага. Аднак касцёл выстаяў, дзякуючы цвёрдай веры ўладара Вязыня Альгерда Багдашэўскага, які быў вымушаны прымаць у сябе гэтых паслядоўнікаў русіфікацыі касцёла, але не даў ім нават ступіць на парог святыні.

Гісторыя вязыньскага касцёла досыць кароткая. Пабудаваў касцёл амаль 70 гадоў таму назад Ігнацій Багдашэўскі, бацька сённяшняга ўладара Вязыня, на месцы зруйнаванага раней драўлянага касцёла, дзе ў крыпце змяшчаліся труны некалькі пакаленняў сям’і Багдашэўскіх. Тут была пахавана і пані Блоцкая, сястра апошняга ўніяцкага мітрапаліта Язафата Булгака. Непарушныя труны былі перанесены ў крыпту новага касцёла, дзе цяпер спачываюць рэшткі аж трох пакаленняў Багдашэўскіх. Ад пачатку кансэкрацыі касцёла і да самых рэпрэсій, звязаных з паўстаннем 1863 года, на дзень Святой Тройцы прыязджалі на святочную Імшу ў маленькую святыню біскупы з Мінска. Апошні раз Мінскі біскуп Адам Вайткевіч візітаваў касцёл і бежмаваў тут вернікаў аж у 1863 годзе. З таго года насталі для мясцовых вернікаў і для касцёла цяжкія, найгоршыя часы, але хвалі рэпрэсій не знішчылі веру дробнай шляхты, якая жыве тут, трымаючы ў душы зніч каталіцтва. Гэты зніч падтрымлівала ў часы рэпрэсій руплівая праца светлай памяці кс. Дамініка Брасевіча, апошняга бэрнардына, які 40 гадоў быў пробашчам маленькага касцёла. Пасля яго гэты абавязак перайшоў да кс. Арліцкага, які прыехаў служыць у Вязынь пасля 30-гадовай працы ў Пярмі. <...>

Натоўп быў такі вялікі, што было прынята рашэнне праводзіць Імшу не ў самім касцёле, а пры ім, каля званіцы. Такім чынам у ёй змаглі ўдзельнічаць усе вернікі, якія запаланілі пляц каля касцёла.

Ад старадаўняга вязыньскага палаца праходзіць доўгая алея са старых дрэваў да касцёла, які стаіць якраз насупраць маёнтка, дзе гасцюе дастойны Пастыр. А 11-й гадзіне перад палуднем, калі праходзіў сакрамэнт бежмавання, Яго Эксцэленцыя павінен быў падысці да ўвахода ў касцёл, бо да святыні набліжалася «белая працэсія», якую складалі дзеці з Воўчкавічаў. Гэта мілая для ўсіх працэсія дзяцей удзельнічала ва ўсіх мясцовых урачыстасцях, і мясцовы люд празваў яе «crucifer». Белая працэсія наблізілася да касцёла і размясцілася каля званіцы, дзе ўжо знаходзіўся дзіцячы аркестр з мінскага Дабрачыннага таварыства — ён падмяніў на колькі часу касцёльны хор і арган. Яго Эксцэленцыя, падняўшыся з трона, узяў біскупскія адзнакі і распачаў святую Імшу, якую дапамагалі весці пастыру шматлікія слугі касцёла, якія прыехалі на ўрачыстасць нават з далёкіх куткоў нашай дыяцэзіі. Аркестр выканаў рэлігійныя гімны, якія кранулі сэрцы вернікаў наймілейшымі гукамі. На прыступках касцёла з’явіўся ўсімі знаны і шанаваны ксёндз Міхал Сяўрук, дэкан мінскі. У абшырным і добра прадуманым казанні ён заклікаў парафіян да хрысціянскай еднасці і згоды, без якой Дух Святы не запануе сярод людзей. Прамова была сказана са звыклаю для кс. Сеўрука красамоўнасцю, якая надоўга застанецца ў памяці слухачоў.

Падчас набажэнства некалькі кропляў дажджу і цяжкія хмары, якія наплылі на Вязынь, здавалася, перайдуць у залеву, але, на шчасце, святая Імша працягвалася далей без перашкодаў.

Пасля набажэнства Яго Эксцэленцыя наведаў гасцінны палац Багдашэўскіх для кароткага пасілку, пасля якога зноў вярнуўся да касцёла, каб прадоўжыць сакрамэнт бежмавання ўсім застаўшымся кандыдатам. Пасля ўдзялення сакрамэнту ён выйшаў на прыступкі касцёла, апрануты ў залацістую інфулу і з пастаралам у руце. Яго Эксцэленцыя звярнуўся да вернікаў з кароткай, але сардэчнай прамовай, якая проста кранула людскія душы. Словы тыя не былі папярэдне падрыхтаванымі, а былі самымі шчырымі, з цёплымі пачуццямі дастойнага пастыра, які ведае, як найлепш давесці да сэрцаў тое, што было забаронена на паўстагоддзя. Нарэшце пастыр можа вольна сказаць сваім вернікам, што касцёл ёсць адзінай апекаю і адзінай абаронаю ў цяжкіх хвалях жыцця, і каб трываць у ім, трэба не забываць каталіцкую веру, ісці па жыцці пад яе штандарам і цурацца спрэчак, якія робяць людзей ворагамі. Між тым, знешні выгляд пачэснага слугі Касцёла напомніў многім вернікам некаторыя рысы папы Пія ІХ. Дастаткова пачуць некалькі словаў, прамоўленых Яго Эксцэленцыяй, каб адчуць мудрасць дастойнага слугі Касцёла. Такімі, прынамсі, і павінны быць адносіны біскупа да сваёй аўчарні. Яго Эксцэленцыя ўважлівы да ўсіх дзяцей Касцёла і, наколькі можа, апякуецца імі.

У канцы трэба адзначыць, што да здзяйснення такой візітацыі і набажэнства прыклаў шмат стараннасці і апекі Альгерд Багдашэўскі. Ён не пакладае рук у працы па ўпрыгожванні касцёла і заўсёды ўзорна ўтрымлівае святыню. Такога густоўнага дэкору, які ўпрыгожвае маленькі філіяльны касцёл у Вязыні, не ўбачыш у іншых парафіях.

А чацвёртай гадзіне па палудні ў гасцінным палацы апекуноў вязыньскага касцёла адбыўся абед, на які былі запрошаны больш за 50 асобаў з ваколіцаў і з самога Мінска. Гаспадар, ужо ў сталым узросце, Альгерд Багдашэўскі некалькімі словамі падкрэсліў вялікае значэнне візітацыі пастыра для ўсіх прысутных і ўзнёс тост за Яго Эксцэленцыю. У адказ пастыр прамовіў некалькі сардэчных словаў, якія госці выслухалі стоячы. Пасля прамовы біскуп падняў тост за здароўе годнага ўладара Вязыні. Пасля некалькіх тостаў Яго Эксцэленцыя пачаў збірацца ў дарогу, бо павінен быў ехаць далей на візітацыі ў Навасёлкі да пана Язафата Здзяхоўскага. Госці таксама выйшлі з палаца.


Парк Шпалеры. Фота аўтара. 1987 г.

Апошняе благаслаўленне, апошні здымак на памяць усіх разам з Яго Эксцэленцыяй і гаспадаром маёнтка — і дзень 15 чэрвеня 1910 года перайшоў у наймілейшыя ўспаміны і для ўдзельнікаў урачыстасці, і для ўладара Вязыні. Вельмі паспрыяла святу і надвор’е, дзякуючы якому набажэнства і сакрамэнт бежмавання прайшлі на вольным паветры ў шляхетным старым парку Вязыні, які злучыў пад сваімі шатамі палац і касцёл».

...На вялікі жаль, ад неагатычнага касцёла цяпер застаўся толькі невялікі пагорак каля скрыжавання шашы Брэст–Масква і невялікай дарогі на Павелкава. Як выглядаў касцёл, можна ўбачыць толькі на старым здымку вядомага беларускага фотамайстра 1910-х гадоў Яна Балзукевіча. Іншы раз углядаюся ў сепію старога здымка, і хлопчык у саламяным брылі, які стаіць за павозкаю, мне здаецца маім дзедам Юзікам...

Касцёл, як і сам палац Багдашэўскіх, разрабавалі адразу пасля рэвалюцыі. Маёнтак прыстасавалі пад цэнтр Фаніпаль-Вязыньскага нацыянальнага польскага сельсавета. Руйнавалі святыню ўжо пасля вайны — павольна, расцягваючы на гады, нібы здзекаваліся з веры сваіх продкаў. На маленькай вежачцы на фасадзе касцёла яшчэ доўга жылі буслы, змайстраваўшы сабе ўтульную буслянку. Даканалі касцёл у 1958 годзе: на яго месцы была толькі купка друзу з цэглы і жвіру. Цэглу мясцовыя жыхары парасцягалі на свае мэты, збудаваўшы загончыкі для свіней. Над пагоркам-магілаю касцёла ў 1960-я гады яшчэ заставалася металічная агароджа лесвіцы ў сутарэнні касцёла, засыпаная жвірам. Мая бабуля апавядала, што пры знішчэнні касцёла асабліва вылучылася камсамолка-актывістка са Старога Фаніпаля. Пасля ганебнай працы яе раптам спаралізавала — так яна і памерла, не падымаючыся з ложка больш за 25 гадоў.

Усё, што было звязана са шляхетным прыгожым месцам, знішчана. Нават векавых дрэваў не засталося, толькі старая камяніца плябаніі сумна адлічвае свае гады ў адлюстраванні зарослай сажалкі. Шурпатыя цаглінкі былога жытла памятаюць і святара, і знішчаны касцёл Святой Тройцы, і чорныя гранітныя пліты з польскім надпісам BOGDASZEWSKI, пахаваныя пад алімпійскай шашой, і стогадовы драўляны «шасцярык», які знік ужо на пачатку XXI стагоддзя. У чыстую плынь рэчкі Вязынкі ўбілі керамічныя меліярацыйныя трубы, ператварыўшы яе ў невялікі раўчук.

...Толькі памяць непрыкметным воблакам успамінаў лунае над былым маёнткам Вязынь…


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY