Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(96)/2021
Год святога Юзафа

КУЛЬТ І АБРАЗ СВЯТОГА ЮЗАФА Ў ГУДАГАІ
Успаміны
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
In memoriam
Асобы
Тэалогія
ЗГРЫЗОТЫ СУМЛЕННЯ

Літаратурная спадчына

БЯСЕДА І ЎРАЧЫСТАСЦЬ
Паэзія

КАТЭХЕЗА БЭЗУ

АДЫСЦІ І ВЯРНУЦЦА
Прэзентацыя
На кніжнай паліцы

ДАКРАНУЦЦА ДА АДКРЫЦЦЯ
Проза
Тэалагічныя рэфлексіі

КАЛІ ЎСЁ ІДЗЕ НЕ ТАК
Мастацтва

«АДБУДУЙ МОЙ ДОМ…»

Крыстына ЛЯЛЬКО

«МОЙ БОЖА,
ЯК ЗРАЗУМЕЦЬ СЭРЦА СМЕРЦІ?» —

пытае ў адным з вершаў ксёндз і паэт Ян Твардоўскі. Пытанне застаецца без адказу, бо яно з тых, калі можна толькі «развесці рукамі» і паспрабаваць больш убачыць і зразумець «праз адтуліну слязы»…

Як увогуле можна зразумець і прыняць сэнс нечаканага адыходу ў вечнасць чалавека, поўнага творчых задумаў і планаў, калі ў ягоным жыцці застаецца яшчэ так шмат незавершанага, нерэалізаванага, няздзейсненага, калі застаецца яшчэ гэтулькі гэтых не? А людзі «так хутка адыходзяць», і так балюча адгукаецца ў душы заклік геніяльна простага ў сваім святарскім і паэтычным адчуванні ксяндза Твардоўскага: «Спяшаймася любіць людзей!»

Гэтак нечакана для ўсіх нас 13 чэрвеня адышоў у вечнасць вядомы рэжысёр-дакументаліст, старшыня Асацыяцыі Signis-Беларусь, дырэктар студыі «Стоп-кадр», заснавальнік і нязменны старшыня Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat», таленавіты і светлы чалавек Юры Гарулёў.

…Здаецца, зусім нядаўна, а між тым мінула ўжо амаль два гады з таго часу, як мы з Юрыем Мікалаевічам запісалі вялікае інтэрв’ю пад назваю «Няхай адбудзецца вяртанне», надрукаванае ў 4-м нумары за 2019 г. квартальніка «Наша вера». Гэтае «вяртанне» датычыла найперш кінафестывалю «Magnificat», пра які мы шмат згадвалі падчас тае сустрэчы, і які быў на працягу амаль паўтара дзясятка гадоў галоўнаю справаю і клопатам жыцця Юрыя Гарулёва. Вось як ён сам згадваў пра яго задуму і рэалізацыю: «Вялікія справы заўсёды пачынаюцца вельмі звычайна. Я заўсёды стараўся браць прыклад з бацькі (бацька Юрыя Гарулёва — Мікола Гарулёў, вядомы беларускі пісьменнік. — Заўвага рэд.) і трымаць сваё слова: калі я штосьці паабяцаў, то абавязкова павінен выканаць. У свой час у Польшчы я пазнаёміўся з рэжысёрам Зыгмунтам Гутоўскім, які быў прэзідэнтам фестывалю «Niepokalanow»; ён, дарэчы, прысутнічаў на першым фестывалі «Magnificat». Падчас адной з нашых размоваў ён прапанаваў зрабіць такі ж фестываль хрысціянскага кіно ў Беларусі. Мне гэта ідэя спадабалася, я згадзіўся і выканаў сваё абяцанне. Важную ролю ў гэтым адыграў таксама кардынал Свёнтэк. Калі я прыйшоў да яго з ідэяй, ён нават доўга не думаў, а даў свой дазвол і ўвесь час падтрымліваў гэтую справу. <...>

Шчыра кажучы, я вельмі перажываю, што сёння гэтага фестывалю няма, хоць мая жонка супакойвае мяне, кажучы, што заўсёды трэба сыходзіць, калі ты знаходзішся на вяршыні, але мне здаецца, што гэта не той выпадак. Я так лічу не таму, што быў звязаны з гэтай ідэяй і фестывалем, але мяркую, што дзякуючы фестывалю «Magnificat» Касцёл у Беларусі ўмацаваў свой аўтарытэт. Памятаю, як многія людзі гаварылі, што такога фестывалю па яго душэўнай атмасферы і экуменічнай скіраванасці больш нідзе няма. Шкада, што ён не атрымаў належнай падтрымкі з боку дзяржаўнай улады. <...>

Нам удалося правесці 12 фестываляў «Magnificat», на якіх заўсёды была вельмі цёплая і душэўная атмасфера, і ў якіх удзельнічалі прадстаўнікі многіх краінаў свету... Калі б сёння мне сказалі ўзяцца за адраджэнне фестывалю, я б узяўся. З аднаго боку, гэта складана, а з другога — лёгка, бо ёсць дасведчаныя людзі, і ўжо зразумела, як і што трэба рабіць. Калі ў Беларусі з’явілася цэлая плеяда маладых біскупаў, у мяне быў проста цудоўны настрой, бо я думаў, што гэтыя маладыя іерархі разумеюць значэнне кіно і падтрымаюць фестываль. Былі спадзяванні зрабіць яго ў розных рэгіёнах, аднак, на жаль, спадзяванні не спраўдзіліся...»

Сапраўды, на жаль, бо неацэннае значэнне і агромністая роля гэтага кінафестывалю як для адраджэння Каталіцкага Касцёла, так і для духоўнага і рэлігійнага адраджэння нашй Бацькаўшчыны. Дэвізам фестывалю «Magnificat» былі ўзятыя словы Хрыста «Ut unum sint» («Каб усе былі адно»), і гэта хрысціянская і чалавечая еднасць сапраўды панавала на фестывалі, стварала светлую і непаўторную атмасферу незабыўнага свята. Колькі актуальных, глыбока хрысціянскіх стужак было паказана на гэтым унікальным кінафоруме, колькі цікавых, таленавітых творчых людзей з розных краінаў свету ў ім удзельнічала! Рэжысёры і сцэнарысты з Італіі (Карло дэ Б’язэ і Элізабэта Кастана); з Польшчы (Кшыштаф Журоўскі, Тамаш Вішнеўскі, Дагмара Джазга); з Украіны (а. Ігар Сабко, Юры Захватаеў, Аляксандр Сталяроў); з Арменіі (Армэн Гаспаран); з Расіі (Аляксандр Купрын, Алена Лабачова-Дварэцкая, Віталь Любецкі, Нік Гарачкін); нашы беларускія кінадакументалісты (Уладзімір Арлоў, Галіна Адамовіч, Вольга Дашук, Зоя Катовіч, сцэнарысты — Алена Антанішына, Іна Сабалеўская і многія, многія іншыя).

Юрый Мікалаевіч умеў кантактаваць з людзьмі, у адносінах з імі быў адкрыты, шчыры, сардэчны. Яго любілі і найперш да яго на гэты кінафорум ахвотна ехалі нават з далёкіх краінаў. Ён быў не толькі арганізатарам і старшынёю кінафестывалю, ён быў яго душою — далікатнаю, інтэлігентнаю, светлаю. Галоўным яго пажаданнем да журы фестывалю было заўсёды адно і тое ж: «Не шкадуйце ўзнагародаў для таленавітых творцаў!» Ён хацеў, каб кожны ўдзельнік кінаконкурсу быў заўважаны, адзначаны і ўзнагароджаны…

Сумная вестка пра адыход у вечнасць Юрыя Гарулёва для ўсіх нас, хто яго ведаў, каму пашчасціла з ім сябраваць і творча супрацоўнічаць, стала балючым і нечаканым ударам. «Мы асірацелі», — сказаў мне ў тэлефоннай размове Алег Вінярскі, вядомы дыктар і актор, які быў сябрам журы кінафестывалю і ягоным «голасам», бо агучыў па-беларуску ўсе замежныя фестывальныя кінастужкі… Гэтая асірацеласць і адчуванне пусткі будуць жыць у нашых душах яшчэ вельмі доўга. Як заўважыў вядомы рэстаўратар і сцэнарыст некаторых Гарулёўскіх фільмаў Аркадзь Шпунт: «Гэтай пусткі ніхто не запоўніць, бо не будзе ўжо, на жаль, у нашым каталіцкім свеце такога рэжысёра-дакументаліста, з такім жыццёвым досведам, з такім бачаннем, талентам, з такою адданасцю справе і такою самаахвярнасцю ў працы…»

Вядома, кінафестываль «Magnificat» — гэта толькі адна са старонак у творчай біяграфіі рэжысёра і аператара Юрыя Гарулёва. Ён сам зняў шмат цікавых і вельмі адметных дакументальных фільмаў. (Пра гэта піша ў нашым часопісе вядомы кінакрытык Галіна Шур.)

Несумненна, у залатым фондзе каталіцкай кінадакументалістыкі застануцца 4 фільмы Юрыя Гарулёва пра легендарную асобу кардынала Казіміра Свёнтка («Mater Misericordiae», «Вяртанне», «Канікулы кардынала», «Сведка веры»). Гэта таленавіты партрэт каталіцкага іерарха і незвычайнага чалавека, апраўлены ў «раму» гістарычных падзеяў духоўнага і рэлігійнага адраджэння ў Беларусі. Вось як сам Юрый Гарулёў кажа ў тым нашым інтэрв’ю пра ролю кардынала ў ягоным асабістым лёсе: «Кардынал сапраўды змяніў нашае з Людмілаю жыццё. Калі б яго не было, то гэта былі б зусім іншыя Гарулёў і Гарулёва. І сёння, калі няма фестывалю «Magnificat», калі беларускае кіно наогул перажывае вялікія цяжкасці, я часта ўспамінаю прыклад жыцця і веры кардынала, ягоны аптымізм. І думаю, як бы ён паступіў у сённяшняй сітуацыі, ці апусціў бы рукі? Відаць, не, бо яму даводзілася выходзіць пераможцам у больш складаных сітуацыях. Усведамленне гэтага мне вельмі дапамагае…»

Памятаю, як Юра працаваў над фільмам «Вяртанне» — другім па ліку ў ягонай кардынальскай тэтралогіі. Тады ён звярнуўся да мяне з просьбаю напісаць да гэтага фільма верш. Цэнтральнаю падзеяй фільма было вяртанне і аднаўленне нашай мінскай архікатэдры. Я не люблю пісаць вершаў «на заказ» і таму адразу паспрабавала адмовіцца, але Юрый Мікалаевіч умеў пераконваць, і верш «Час вяртання» быў напісаны:

Молатам разбіта немата.
Вераю ўваскрошана святыня.
Узрушэння светлая сляза
у вачах няпрошана застыла.

Бомамі узнёслымі званоў
сад душы абуджаны. Прачнуўся.
Радасцю расквеціўся, бо зноў
блудны сын у Дом Айца вярнуўся.

Ён вярнуўся. Гэтулькі гадоў
жыў ён і служыў камусь чужому.
І шукаў загубленых слядоў,
што калісьці адвялі ад Дому...

Памятаю, як па тэлефоне я прачытала гэты верш Юру і пачула: «Верш і пра мяне таксама… Прачытаеш яго ў фільме…»

Калі я думаю пра шлях Юрыя Гарулёва да веры, я міжволі згадваю шлях Саўла да Паўла. Зразумела, не ў тым вымярэнні і не ў тым маштабе і абсалютна без прэтэнзіі на прамую аналогію і параўнанне. Юра прайшоў свой шлях ад камсамольскага ідэолага і функцыянера, ад шчырай веры ў камуністычныя ідэалы да веры ў Хрыста — таксама вельмі шчырай і адданай, да ахвярнага служэння яе ідэалам і запаведзям.

Гэта быў складаны шлях і складаныя пошукі свайго сапраўднага творчага «я» і свайго паклікання «не проста быць, але працаваць разам з Богам у тварэнні свайго ўласнага жыцця, сваёй ідэнтычнасці, свайго ўласнага лёсу» (Томас Мэртан)…

Так сталася, што слова «вяртанне» ва ўсёй яго сэнсавай і лексічнай напоўненасці, якое вызначала пачатак нашага з Юрыем Мікалаевічам творчага супрацоўніцтва, прыйшло да нас зноў падчас апошняга інтэрв’ю, падчас нашай з ім апошняй сустрэчы…

Гэтае вяртанне абавязкова павінна адбыцца і цяпер, пасля адыходу Юрыя Гарулёва ў вечнасць: вяртанне «рэха» кінафестывалю «Magnificat» (ён сам пры жыцці, як мог, яго пашыраў); вяртанне да гледача яго цікавых і актуальных дакументальных фільмаў, бо ў кожным з іх жыве яго светлая душа і ягоны боль за ўсё, што адбываецца на гэтай роднай, блізкай і дарагой яго сэрцу зямлі, якую ён так нечакана пакінуў.

Крыстына Лялько,
старшыня журы кінафестывалю «Magnificat» (2005–2016).

Гл. таксама:
ГАЛІНА ШУР :: СТОП-КАДР: ЮРЫЙ ГАРУЛЁЎ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY