Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(96)/2021
Год святога Юзафа

КУЛЬТ І АБРАЗ СВЯТОГА ЮЗАФА Ў ГУДАГАІ
Успаміны
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
In memoriam
Асобы
Тэалогія
ЗГРЫЗОТЫ СУМЛЕННЯ

Літаратурная спадчына

БЯСЕДА І ЎРАЧЫСТАСЦЬ
Паэзія

КАТЭХЕЗА БЭЗУ

АДЫСЦІ І ВЯРНУЦЦА
Прэзентацыя
На кніжнай паліцы

ДАКРАНУЦЦА ДА АДКРЫЦЦЯ
Проза
Тэалагічныя рэфлексіі

КАЛІ ЎСЁ ІДЗЕ НЕ ТАК
Мастацтва

«АДБУДУЙ МОЙ ДОМ…»

Андрэй ШПУНТ

КСЁНДЗ СТАНІСЛАЎ ПАРЧЭЎСКІ — СЯБАР АДАМА МІЦКЕВІЧА

У адным з нумароў «Нашай веры» згадвалася пра ксяндза каноніка Юзафа Міцкевіча SJ, без дапамогі якога малады аднайменнік, хутчэй за ўсё, згубіўся б недзе ў цёмным натоўпе дробнага чыноўніцтва. Але не была яшчэ напісана вялікая нацыянальная эпапея «Пан Тадэвуш», калі яго жыццё магло заўчасна перарвацца, чаго не адбылося дзякуючы Анёлу Ахоўніку, даслаўшаму на дапамогу кс. Станіслава Парчэўскага.

Паходжанне

Існавала некалькі радоў Парчэўскіх, раскіданых па неабсяжных прасторах Кароны і Вялікага Княства. Тыя, што былі пад гербам «Наленч», паходзілі з вёскі Парчэва ў Калішскім ваяводстве. Адтуль адна з галінаў роду ў XVI ст. перасялілася ў Літву. Сярод прадстаўнікоў роду вядомы біскуп Смаленскі (1639) і Жмудскі (1650) Пётр, які працяглы час быў адміністратарам Смаленскага біскупства і вызначыўся падчас вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай (1632–1634 гг.), калі ў абложаным Смаленску заахвочваў абаронцаў горада да стойкасці перад ворагам. Падчас вайны 1654–1667 гг. гэта быў адзіны з каталіцкіх біскупаў (паводле Севярына Урускага), хто застаўся ў краіне і падтрымаў Януша Радзівіла ў прыняцці пратэкцыі пратэстанцкай Швецыі, бо гэта было меншае зло, чым маскоўская тыранія. Далей усё больш Парчэўскіх сустракаецца на Мсціслаўшчыне — Антоні Юзаф, падстароста, лоўчы і пасол мсціслаўскі; Базыль Канстанцін, намеснік гродскі і таксама пасол і г.д.; нарэшце, Вінцэнт, суддзя мсціслаўскі, у якога з жонкай з Марцінкевічаў 1 сакавіка 1803 г. у Залессі, Мсціслаўскага павета, нарадзіўся сын Станіслаў, па матчынай лініі ўнучаты пляменнік арцыбіскупа Магілёўскага Станіслава Богуша-Сестранцэвіча. Цяжка абмінуць постаць гэтага арцыбіскупа, бо пра яго не тое што артыкул ці навуковае даследаванне, а раман можна напісаць (калі хто адважыцца): нарадзіўся пратэстантам, служыў афіцэрам у прускім і літоўскім войску, быў хатнім настаўнікам у Радзівілаў, пад уплывам нявесты (шлюб не адбыўся) вярнуўся ў лона Касцёла і зрабіў бліскучую духоўную кар’еру. У жыцці арцыбіскупа і мітрапаліта, як у калейдаскопе, змяняюцца падзеі і людзі — езуіты, паўстанне Касцюшкі, Пій VI, Кацярына ІІ, Пацёмкін, Павел І, Мальтыйскі ордэн, Аляксандр І, Пій VII, Мікалай І, Леў ХІІ, кнігавыдавецкія справы, працы ў галіне гісторыі, філалогіі, медыцыны і г.д., і г.д. Член і ганаровы член шматлікіх акадэмій, універсітэтаў і таварыстваў, кавалер шматлікіх ордэнаў — шматгранная, складаная і супярэчлівая постаць, далейшае набліжэнне да якой пагражае адхіліцца ад тэмы...

 
Герб «Наленч».   Арцыбіскуп Станіслаў
Богуш-Сестранцэвіч. XІХ ст.
Аўтар невядомы.

Любімы сваяк арцыбіскупа Богуша-Сестранцэвіча

Сярод мноства сваякоў, якім арцыбіскуп аказваў дапамогу, асобна вылучаў самага любімага — Станіслава Парчэўскага, у якім бачыў свой працяг, пачаўшы з таго, што калі пляменнік скончыў езуіцкі канвікт у Полацку, забяспечыў яму навучанне ў духоўнай гімназіі у Санкт-Пецярбургу за дзяржаўны кошт. У 17 гадоў Станіслаў паступіў у Галоўную духоўную семінарыю, што была фактычна тэалагічным факультэтам Віленскага ўніверсітэта. Ксёндз пробашч парафіі св. Станіслава ў Санкт-Пецярбургу Крыштаф Пажарскі лічыць верагодным, што менавіта з-за свайго пляменніка арцыбіскуп не зачыніў гэтую навучальную ўстанову, а таксама Духоўны калегіум, як гэтага дамагаўся віленскі губернатар. І пляменнік не падвёў: здольны і руплівы ў навуках, ён неаднаразова ўзнагароджваўся і адзначаўся кіраўніцтвам сярод самых лепшых.

У гэты час Парчэўскі зблізіўся з віленскімі студэнтамі — Антоніем Эдвардам Адынцом і Адамам Міцкевічам.

На момант заканчэння семінарыі, 30 чэрвеня 1825 г., ён ужо атрымаў святарскае пасвячэнне (на пачатку 1825 г.), ведаў некалькі моваў, а ў наступным месяцы абараніў доктарскую дысертацыю па маральнай тэалогіі, у якой, беручы на ўзбраенне філасофскія высновы, у прыватнасці Шатабрыяна, Лока, Мантэск’ё, Спінозы, Ваніні, падводзіў іх пад сцвярджэнне аб слушнасці асноўных маральных палажэнняў, што грунтуюцца на каталіцызме.

Пасля заканчэння семінарыі кс. Парчэўскі быў выкліканы ў Санкт-Пецярбург. У свае 94 гады бадзёры і энергічны арцыбіскуп яшчэ спадзяваўся паспець уладкаваць сваяка, таму спяшаўся ажыццяўляць вялікія праекты. Ужо на пачатку стагоддзя адзіны ў імперскай сталіцы касцёл св. Кацярыны стаў вельмі цесны. Спачатку, у 1821 г., арцыбіскуп прыбудаваў да ўласнага дома невялікую капліцу, а праз два гады на яе аснове пачаў будаўніцтва касцёла, які на Унебаўшэсце, 7 траўня 1825 г., быў кансэкраваны пад тытулам св. Станіслава. У тастамэнце, напісаным незадоўга да смерці, арцыбіскуп выказаў пажаданне, каб пробашчам указанай парафіі стаў адзін з яго найбліжэйшых сваякоў з дыяцэзіяльнага святарства, кім і з’яўляўся кс. Станіслаў Парчэўскі, аднак папярэдне, будучы пад уплывам арцыбіскупа, адзінага з яскравых прадстаўнікоў адышоўшай эпохі Асветніцтва (паводле кс. Пажарскага, Галоўная духоўная семінарыя была хутчэй свецкай установай, хоць не ўсе былі згодныя: напрыклад, біскуп Мацкевіч з Камянца пісаў, што Касцёл «патрабуе святароў, як кіраўнікоў, што вядуць людзей да збаўлення, а не святароў астраномаў ці батанікаў»), кс. Парчэўскі напрыканцы 1825 г. накіраваў па інстанцыях прашэнне аб дазволе выезду для вучобы за мяжой (Вена, Рым, Парыж) для вывучэння французскай літаратуры за кошт Віленскага ўніверсітэта.

Акалічнасці выезду кс. Парчэўскага наводзяць на думку, што «жалезная заслона» з’явілася значна раней за славутую прамову Чэрчыля ў Фултане ў 1946 г., але не будзем паглыбляцца ва ўсе бюракратычныя абставіны і ўмовы, адзначым толькі, што канчатковае рашэнне было прынята Мікалаем І напрыканцы 1826 г.: ён дазволіў кс. Парчэўскаму вучобу за мяжой, за выключэннем Парыжа (відаць, каб не набраўся «дзекабрысцкай заразы»).

 

Смерць арцыбіскупа Богуша-Сестранцэвіча і яе наступствы

Кс. Парчэўскі ўжо гатовы быў перагарнуць новую захапляльную старонку свайго жыцця, калі як гром сярод яснага неба (а яно сапраўды было ясным) 1 снежня 1826 г. заўчасна памірае арцыбіскуп мітрапаліт Богуш-Сестранцэвіч. Гэта быў канец кіравання, у якога мелася шмат прыхільнікаў і яшчэ больш ворагаў, што было непазбежным вынікам палітыкі лавіравання паміж Санкт-Пецярбургам і Апостальскай Сталіцай, з боку якой у рэшце рэшт (Кангрэгацыя веравучэння з самага пачатку вельмі стрымана ставілася да пазітыўных характарыстыкаў трапіўшых пад абаяльнасць арцыбіскупа нунцыяў Гарампі, Аркеці і Літа) паследавала выснова, што быў бедствам для Касцёла. Кс. Парчэўскі, здаецца, не ўваходзіў у тыя акалічнасці, аднак, калі нават апостальскія нунцыі трапілі пад «чары» адоранага шматлікімі здольнасцямі іерарха, то што ўжо казаць пра маладога ксяндза, які бачыў перш за ўсё шырокую дабрачынную і асветніцкую дзейнасць свайго апекуна. Прамова кс. Парчэўскага над труной арцыбіскупа, забяспечаная падрабязнымі дадаткамі і выдадзеная ў Вільні напрыканцы 1827 г., пралівала святло на разнастайную дзейнасць нябожчыка і бараніла яго спрэчныя мерапрыемствы як кіраўніка Касцёла ў Расійскай імперыі. На падставе перададзенага кс. Парчэўскаму архіва арцыбіскупа, у прыватнасці рукапісаў навуковых працаў і іншых запісаў, у будучыні, павінен быў паўстаць дэтальны жыццяпіс гэтай знакавай постаці ў гісторыі Касцёла і Беларусі.

Пасля смерці арцыбіскупа на пасаду пробашча парафіі св. Станіслава ў Санкт-Пецярбургу кс. Парчэўскі так і не трапіў, і адбылося гэта «дзякуючы» самому нябожчыку, бо, складаючы свой тэстамэнт, ён дадаў, што калі адкрыюцца яшчэ капіталы, пра якія ён не памятае, то іх трэба выкарыстаць на стварэнне школы для бедных дзяцей пры парафіі. Такіх капіталаў знайшлося звыш 60-ці тысяч рублёў срэбрам! Як піша кс. Крыштаф Пажарскі, для маладога ксяндза гэта быў непад’ёмны цяжар, таму праз два гады кіраўніцтва Магілёўскай архідыяцэзіі вырашыла запрасіць піяраў, што спецыялізаваліся на духоўнай адукацыі, аднак і піяры не прыбылі б у Санкт-Пецярбург, калі б не атрымалі кіравання ў касцёле св. Станіслава.

Спатрэбілася яшчэ некалькі месяцаў і падштурхоўванняў з боку расейскіх уладаў, да якіх кс. Парчэўскі вымушаны быў звярнуцца, калі нарэшце, з вялікай неахвотай, Вацлаў Пелікан, рэктар Віленскага ўніверсітэта, падрыхаваў на 17-ці лістах Інструкцыю паводзінаў і навучання за мяжой. Напрыканцы 1827 г. кс. Парчэўскі, нарэшце, ад’ехаў спачатку ў Вену, а потым у Рым.

 
Максімільян Фаянс.
Партрэт Антонія Эдварда Адынца.
Пасля 1853 г.
  Юзаф Аляшкевіч.
Партрэт Адама Міцкевіча.
Палатно, алей. 1828 г.
Нацыянальны музей у Кракаве.

У Рыме

У лістападзе 1829 г. у Рыме кс. Парчэўскі сустракаецца з Адамам Міцкевічам і Антоніем Эдвардам Адынцом. Міцкевічу пашанцавала пакінуць межы Расійскай імперыі ў траўні таго ж года, раней, чым Мікалай І падпісаў загад аб забароне выезду. Сустрэча гэтых людзей незадоўга да смерці кс. Парчэўскага — найбольш цікавы перыяд яго кароткага жыцця, бо ў тыя некалькі месяцаў ён паўстае перад намі значна большым, чым пратэжэ, няхай і вельмі здольнае, арцыбіскупа Богуша-Сестранцэвіча. Магутны іерарх, карыстаючыся падтрымкай расейскіх манархаў, жадаў, каб пляменнік таксама дэманстраваў сваю лаяльнасць і не трапіў у «дрэнную кампанію», але маладому семінарысту было вельмі далёка да выпрабаванага дыпламата і палітыка. Сэрца падказвала яму той кірунак (і гэта было мацней за ўсялякія разлікі), дзе быў Міцкевіч, з якім пасябраваў яшчэ ў Вільні, Адынец, Лялевель і іншыя «неблагонадёжные». Больш за тое, кс. Пажарскі не выключае, што кс. Станіслаў Парчэўскі быў звязаны з віленскімі філаматамі.

Тым часам у Рыме сфарміравалася калонія эмігрантаў з былой Рэчы Паспалітай. Тым, каму цікавыя падрабязнасці, варта звярнуцца да «Лістоў з падарожжа» («Listy z podrózy») Адынца (Warszawa, 1885. Т. ІІІ), дзе з фатаграфічнай дакладнасцю, падрабязна прадстаўлена хроніка жыцця нашых суайчыннікаў у Вечным горадзе. Адтуль стала вядома таксама аб тым што кс. Парчэўскі — гэта яшчэ і даследчык гісторыі казнадзейства, які валодае шырокімі ведамі ў галіне культуры Сярэднявечча на абшарах Польшчы і Літвы, і аўтар няскончанай гістарычнай аповесці з часоў кракаўскага князя Лешка Белага (XII–XIII стст.), якая магла забяспечыць аўтару, паводле сцвярджэння Міцкевіча, «адно з першых месцаў у нашай літаратуры». Паводле кс. Пажарскага, свае ўзнёслыя ўражанні Міцкевіч удакладніў тым, што «ў форме і манеры кс. Парчэўскі паслядоўнік Вальтара Скота, але ў псіхічным акрэсленні характараў, у асобных вобразах і сцэнах усё чэрпае з сябе і прадмету, у які глыбока ўглядаецца, пры гэтым стыль і мова прыгожыя, дзеянне жывое, дыялогі натуральныя і ўмелыя». Цяпер можна дапусціць магчымае з’яўленне яшчэ аднаго прозвішча побач з прозвішчамі Сянкевіча і Крашэўскага — нашага суайчынніка, але, на жаль, гэтага не адбылося.

 

«На трэці дзень пасля Новага году…»

Не адбылося. Але затое дзякуючы Божаму Провіду ён паспеў спрычыніцца да таго, каб у самым росквіце не згас наш нацыянальны геній. З канца лістапада 1829 г. Міцкевіч разам з Адынцом жыў на Віа дэль Орса, 35, што недалёка ад мосту Св. Анёла. Паводле падрабязнага ліста Адынца да Юльяна Корсака ад 25 лістапада, гэта была вялікая двухпакаёвая кватэра на першым і другім паверхах з цаглянай падлогай і даволі прыстойнай мэбліроўкай. Глыбокай восенню бывае няўтульна не толькі ў нас, але і ў Вечным горадзе, тым болей у якім-небудзь апранутым у камень палацца, дзе камін быў бы найважнейшай рэччу, але на Віа дэль Орса гэта была хутчэй дэкарацыя, бо далей Адынец працягвае: «… цяпло … не дасягае … канапы, а холад ад вокан і цаглянай падлогі ахоплівае нас з верху і з долу. <...> вокны на поўнач». Італьянцы знайшлі своеасаблівае выйсце ў барацьбе з холадам і вільгаццю — карбанэла. Гэта ліст жалеза на ножках, з выгнутымі ўверсе берагамі, на якім распальваюць вугаль. Перад карбанэлай ляжалі дзве вялізныя кучы лямцу. Навошта яны былі патрэбныя? І тут руплівы Адынец дае тлумачэнне: «Укладаюцца ногі і шнуруюцца вышэй каленяў. Адам свайго не ўжывае, бо навучыўся ў Крыме сядзець па-турэцку і сядзіць так на канапе».

Аб тым, што адбылося далей, Адынец з пратакольнай дакладнасцю паведамляе таму ж адрасату ў лісце ад 25 студзеня 1830 года: «На трэці дзень пасля Новага году такі быў агідны холад, што ні мяшок на нагах, ні рукавіцы … не баранілі ад замярзання: успомніў пра карбанэлу… і неўзабаве бляха, напоўненая гарачым вуголлем, стала пасярод пакоя. Відаць, што і нос здранцвеў ад холаду, бо чаду ад вугаля не чулі. <...> пагаварыўшы з павагай пра нашы печы і палаяўшы італьянскі клімат, паглыбіліся мы: я … ў … Гібана, Адам … у Лівія. Толькі праз нейкі час адчуў нейкую асаблівую санлівасць; але паколькі ў мяне так часта над сур’ёзнай кніжкай здараецца, не звярнуў на тое ўвагі і толькі сіліўся перамагчы Марфея. З Адамам было тое ж самае. А калі нарэшце ўсе высілкі аказаліся дарэмнымі, пачалі на ўсю моц драмаць. Не ведаю, як доўга цягнулася тая дрымота, але бадай што ўжо з яе хіба аж на тым свеце прачнуліся, калі б, на шчасце, не прыйшоў да нас кс. Парчэўскі. На шматразовае груканне, як казаў, не атрымаўшы ніякага адказу, адчыніў дзверы і крыкнуў ад жаху, адчуўшы забойчы газ, што напаўняў паветра. Той голас нас усё ж абудзіў, але я, хочучы ўстаць, хацеў папярэдне развязаць мяшок, што мацаваў мне ногі, і адчуў, што рукі мне не служаць; Адам жа, седзячы па-турэцку, калі падняўся з канапы, хістаўся, нібыта ў яго ногі здранцвелі. Абодва былі зусім як п’яныя. Кс. Парчэўскі адразу ж адчыніў вокны і, бачачы, што мы не ў стане рухацца, паклікаў гаспадыню і з яе дапамогаю вывеў нас за дзверы. <...> напалоханая гаспадыня выклікала нейкага фельчара, што жыў на нашай вуліцы <...>. Добры Парчэўскі сядзеў пры нас ажно да вечара і не адышоў, пакуль мы не заснулі. Але калі б прыйшоў на гадзіну пазней, то хто ведае, ці не знайшоў бы нас спячых вечным сном».

Надмагілле кс. Парчэўскага ў касцёле св. Станіслава ў Рыме.

Хвароба і смерць кс. Парчэўскага

Паводле біёграфа кс. Парчэўскага, Рышарда В. Валашынскага, калі судзіць па сімптомах, ксёндз тады хварэў на сухоты, а пасля адной з прагулак з Адынцом у дадатак схапіў прастуду і злёг. Уся наступная перапіска Адынца прасякнута болем і трывогай за кс. Парчэўскага, і гэтыя пачуцці перажывала ўсё эмігранцкае кола ў Рыме.

Словы ксяндза, прамоўленыя з катэдры, дарагога вартыя, а калі са смяротнай пасцелі, дык, напэўна, яшчэ болей, і служаць прыкладам і навукай для ўсіх нас. Кс. Парчэўскі некалькі разоў казаў, што найчасцей сябе папракае за тое, што «больш думаў пра славу свецкую, чым пра ўдасканаленне і збаўленне душы. А цяпер бачу ясна, як на далоні, — казаў, — што гэта ёсць адзіная праўдзівая мэта нашага жыцця, а ўсё астатняе vanitas vanitatum». Заканчваючы апісанне апошніх хвілінаў кс. Парчэўскага, Адынец піша: «Увогуле, ва ўсім, што ў той дзень казаў, было столькі пачуцця, праўды, глыбокай павагі, што, дай Божа, толькі памятаць і ўмець з таго скарыстацца, каб заслужыць на такое скананне!».

Кс. Парчэўскі памёр 1 траўня 1830 г., і 3 траўня труна з яго целам была апушчана ў магілу перад вялікім алтаром касцёла св. Станіслава ў Рыме. На месцы пахавання ў падлозе за кошт сяброў была ўсталявана мармуровая пліта з надпісам, складзеным Адамам Міцкевічам:

W IMIE OYCA. I SYNA
I DUCHA SWIĘTEGO
STANISLAW. X. PARCZEWSKI.
S. TEOLOGII DOKTOR
UR.W LITWIE. 1803. R. I. MAR.
UМ. W. RZYMIE. 1830. R.
1. MAIA. POCHOWANY
DNIA 3. MAIA.
ZIOMKOWI,
TEN KAMIEŃ POLOŻYLI
PRZYIACIELE.

Лёс спадчыны

Паводле сведчання Адынца, кнігі і архіў кс. Парчэўскага былі адпраўлены яго сям’і ў Беларусь. Далейшы лёс яго спадчыны, таксама як і лёс архіва арцыбіскупа Богуша-Сестранцэвіча, завяшчанага кс. Парчэўскаму, невядомы.

ЛІТАРАТУРА

  1. Каханоўскі Г. Богуш-Сестранцэвіч Станіслаў Іванавіч // ЭГБ. Т. 2. — Мінск, 1994. — С. 52.
  2. Мальдзіс А. Адынец Антон Эдвард // ЭГБ. Т. 1. — Мінск, 1993. — С. 63.
  3. Janowski L. Słownik bio-bibliograficzny dawnego Uniwersytetu wileńskiego. — Wilno, 1939. — S. 324.
  4. Kluczewski E. Parafia i kościół Św. Katarzyny w Petersburgu // Charitas. Księga zbiorowa... — Petersburg, 1894. — S. 143–144.
  5. Kozyrska A. Siestrzeńcewicz Stanisław // Encyklopedia katolicka. T. XVIII. — Lublin, 2013. — S. 183–184.
  6. Krasiński A. Wspomnienia biskupa... — Kraków, 1900.
  7. Pozarski K. Ks. Stanisław Parczewski (1803–1830), przyjaciel Adama Mickiewicza i człowiek, który uratował go od niechybnej śmierci [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://gazetapetersburska.org/wp/language/pl/glowna. Час доступу: 11.01.2020.
  8. Uruski S. Parczewski h. Nałęcz // Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. T. XIІI. — Warszawa, 1916. — S. 211–214.
  9. Wołoszyński R. Parczewski Stanisław // PSB. T. XXV/2 zeszyt 105. — Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk, 1980. — S. 212–213.
  10. Wołoszyński R. Siestrzeńcewicz (Bohusz-Siestrzeńcewicz, Siestrzeńcewicz-Bohusz) Stanisław Jan // PSB. T. XXXVII/3 zeszyt 154. — Warszawa — Kraków, 1997. — S. 375–380.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY