Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(98)/2021
Год святога Юзафа
Прэзентацыя
In memoriam

«МОЙ ШЛЯХ ДА БОГА»
Касцёльныя скарбы
На кніжнай паліцы

СКАРБЫ БЕРАСЦЕЙСКАЙ УНІІ
Постаці
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

ЗІМОВЫ ДОСВІТАК
Да 130-годдзя Максіма Багдановіча
Спадчына
Пераклады

МЕТРАНОМ
Да 90-годдзя Ніла Гілевіча

ФОТА З РУЖАНЧЫКАМ

АЎТОГРАФ
Музыказнаўства

Святлана ШЭЙПА

ХАРАВАЯ ТВОРЧАСЦЬ СТАНІСЛАВА МАНЮШКІ
AD MAJOREM DEI GLORIAM

Дамінік Стэфановіч.
Малюнак Чэслава Манюшкі (1836).

У 2019 г. мы святкавалі 200-я ўгодкі з дня нараджэння С. Манюшкі. У Беларусі, Польшчы і Літве з гонарам адзначылі гэты прыгожы юбілей! Значная колькасць музычных мерапрыемстваў у нашай краіне адбывалася пад патранатам творчага калектыву «Беларуская капэла адраджэння», кіраўніком якога з’яўляецца Віктар Скарабагатаў. Акрамя яскравых канцэртных праграм, падрыхтаваных супрацоўнікамі аб’яднання, шмат іх намаганняў было пакладзена на выпуск кампазіцый С. Манюшкі ў нотазборы «Песні нашага Касцёла». Гэта выданне складаецца з некалькіх сшыткаў рэлігійных твораў кампазітара для розных выканальніцкіх складаў. Першым убачыў свет зборнік з арганнымі апрацоўкамі на найбольш распаўсюджаныя ў Касцёле малітвы і песні «Тваёй абароне…», «Пад Твае прыходзім дзверы…», «Вясёлы дзень для нас настаў…», «Завітай, Укрыжаваны…», «Пастушкам Анёл сказаў…»1 і г.д. Наступным стаў зборнік з сольнымі песнямі і дуэтамі Манюшкі, куды ўвайшлі «Звеставанне», «Гімн да Маці Божай», «Гімн да Пана Езуса», «О, Уладца свету…», «Ad te Domine», «Laudate Dominum»2 і іншыя сачыненні.

Вось ужо некалькі гадоў рыхтуецца да выхаду серыя сшыткаў рэлігійных твораў малых формаў для хору: песняў, гімнаў, малітваў, псальмаў, антыфонаў, асобных частак месаў. Я атрымала запрашэнне ўвайсці ў склад групы па падрыхтоўцы зборнікаў, і таму пачала вывучаць харавую дзейнасць кампазітара на розных этапах яго жыццёвага шляху ў Берліне (1837–1840), Вільні (1840–1858) і Варшаве (1858–1872). Гэта тэма мала распрацаваная музыколагамі, таму чытачам «Нашай веры» будзе цікава пазнаёміцца з некаторымі вынікамі майго даследавання.

Паўсюдную вядомасць С. Манюшку, безумоўна, прынесла опера, зрабіўшы яго класікам музычна-драматычнага мастацтва культурна-гістарычнага рэгіёна, якім у ХІХ ст. была Рэч Паспалітая абодвух народаў. У ценю ж яго опернай музыкі аказалася значная рэлігійная харавая спадчына, без якой немагчыма ўявіць ні сапраўднага маштабу таленту С. Манюшкі, ні спецыфікі станаўлення харавой рэлігійнай справы ў Беларусі. На карысць адметнасці гэтага роду музыкі ў творчасці вялікага Майстра служыць і тая акалічнасць, што першыя сачыненні для хору ўбачылі свет задоўга да плана-праекту оперы «Галька», якая прынесла кампазітару ўсеагульнае прызнанне.

Смілавічы. Касцёл св. Вінцэнта і кляштар місіянераў.
Малюнак Чэслава Манюшкі.

Цікавасць да харавога спеву С. Манюшку была прывітая яшчэ ў дзяцінстве. Узгадаваны на традыцыйных сямейных каштоўнасцях, на вялікай павазе да музычна-культурных традыцый сваёй краіны, ён змалку прыслухоўваўся да велічных духоўных спеваў братоў-місіянераў у касцёле св. Вінцэнта ў Смілавічах, а таксама базыліянаў ва ўніяцкай царкве Дабравешчання ў Малых Лядах — святыняў, якія спрадвеку «аберагалі» вернікаў мясцовасцяў, што належалі сям’і Манюшкаў.

Гады навучання ў гімназіі ў Мінску таксама не прайшлі бясследна для ўражлівага падлетка. На Высокім Рынку, дзе жыла сям’я Манюшкаў, і паблізу яго ўзвышалася шмат касцёлаў, дзе можна было пачуць зладжаны харавы спеў кансэкраваных асобаў. Надоўга ў памяці юнака замацавалася суладнае гучанне хору з галасамі айцоў бэрнардынаў у касцёле св. Юзафа3. Мілагучным рэхам адклікаўся ў сэрцы пачынаючага музыканта кранальны харавы спеў сясцёр бэнэдыктынак, якімі апекавалася бабуля кампазітара Клацільда Вайніловіч — настаяцельніца кляштара пры касцёле св. Войцеха4. Ужо тады С. Манюшка адчуў сапраўдную прыгажосць і глыбіню богаслужбовай харавой музыкі ва ўсёй яе жанравай разнастайнасці і эмацыянальных адценнях, спазнаў яе асаблівую чысціню і мужнасць, шляхетнасць, пабожнасць і містычнасць.

Асаблівую карысць для музычнага станаўлення Манюшкі мелі прыватныя заняткі з «улюбёным у сваё мастацтва» Дамінікам Стафановічам (1797– к. 1870). Ён змог ацаніць і ўмела скіраваць непераадольнае імкненне Станіслава да музыкі такім чынам, што яна стала для яго «самай важнай мэтай»5. Не маглі прайсці незаўважнымі для маладога кампазітара і касцёльныя творы, напісаныя прызнаным мэтрам музыкі. На шчасце, захаваўся рукапіс партыі альта (Canto II) з яго разгорнутай Месы D-dur, які ўскосна сведчыць пра надзвычайную адоранасць мінскага музыканта.

Спеўная акадэмія ў Берліне (1835).

З узростам любоў да музыкі ў С. Манюшкі няўхільна множылася. Калі прыйшоў час разбірацца ў тонкасцях прафесіі, ён звярнуўся да вопытнага нямецкага педагога Карла Рунгенхагена, пад наглядам якога на працягу амаль трох гадоў (1837–1840) прыватна атрымліваў адукацыю ў Спеўнай акадэміі (Singakademie) у Берліне. У класе К. Рунгенхагена, старшыні гэтага спеўнага таварыства, С. Манюшка праходзіў курс лекцый не толькі па кампазіцыі і інструментоўцы, але і па дырыжыраванні. З перыяду берлінскіх штудый кампазітара засталося няшмат сведчанняў, адно з іх прыводзіць яго першы біёграф Аляксандр Валіцкі, згадваючы пра факт даручэння С. Манюшку кіравання хорам падчас адсутнасці Рунгенхагена6. Асаблівы давер прызнанага ва ўсім свеце майстра навучэнец адчуў тады, калі настаўнік рэкамендаваў яго асісціраваць Гаспару Спанціні7 — знакамітаму кампазітару, аднаму з заснавальнікаў жанру вялікай оперы, які больш за дваццаць гадоў займаў пасаду галоўнага дырыжора прускай Каралеўскай прыдворнай капэлы.

Прывілей найлепшага вучня К. Рунгенхагена даваў магчымасць маладому музыканту знаходзіцца ў гушчы ўсіх падзеяў Спеўнай акадэміі, чаму спрыяў і той факт, што С. Манюшка быў блізкім сябрам сям’і гэтага знанага ў Еўропе кампазітара, а яго ўласны пакой мясціўся пад канцэртнай залай навучальнай установы8.

Дзейнасць заснаванай у 1791 г. Спеўнай акадэміі мела важнае значэнне для станаўлення светапогляду С. Манюшкі. З’яўляючыся не толькі адукацыйнай, але і ўнікальнай канцэртнай установай, яна гуртавала вакол сябе аматараў і прафесіяналаў розных веравызнанняў. Галоўнай мэтай музыкантаў было выкананне шэдэўраў каталіцкай і пратэстанцкай духоўнай музыкі па-за межамі літургічных набажэнстваў.

Спеўная акадэмія ў першай трэці ХІХ ст. вызначала «музычны клімат» сталіцы Прусіі і яднала вакол сябе значныя музычныя сілы. Колькасць навучэнцаў і ўдзельнікаў разнастайных музычных мерапрыемстваў штогод павялічвалася: у 1802 г. на рэпетыцыі прысутнічала звыш 200 спевакоў, а ў 1823 г. і 1827 г. звыш 300 і 400 музыкантаў, таму можна ўявіць уражанні маладога С. Манюшкі ад прэм’еры араторыі Ф. Мендэльсона «Павел» у выкананні 200 музыкантаў — першага канцэрта, наведанага кампазітарам па прыездзе ў Берлін. Надоўга ў яго памяці засталіся праслуханыя ім араторыі Г. Ф. Гендэля «Александэрфэст» (1838 г., пад кіраўніцтвам Г. Спанціні) і «Месія» (1839 г., прымеркаваная да 300-годдзя Рэфармацыі).

У другой трэці ХІХ ст. канцэртная дзейнасць Singakademie выйшла за музычна-культурныя межы Берліна, ініцыіруючы магутны харавы рух ва ўсёй Германіі. Паклаў пачатак усеагульнаму замілаванню спевам першы аматарскі мужчынскі хор — лідэртафель, арганізаваны пры Спеўнай акадэміі Карлам Фрыдрыхам Цэльтарам яшчэ ў 1809 г. Гэты калектыў спрыяў фарміраванню традыцыі арганізацыі вялікіх харавых фестываляў Liederfest, што аб’ядноўвалі музыкантаў у розных гарадах для выканання буйнамаштабных твораў. З адным такім лідэртафелем — мужчынскім вакальным квартэтам — працаваў і С. Манюшка, арганізаваўшы яго ў Берліне ў 1839 г. сіламі энтузіястаў Спеўнай акадэміі. Манюшкаўскі вакальны квартэт быў своеасаблівай творчай лабараторыяй, дзе, акрамя сваіх дырыжорскіх навыкаў, ён адточваў і кампазітарскае майстэрства, ускосным доказам чаму з’яўляецца колькасць твораў маладога аўтара ў акрэслены перыяд: Меса для хору з арганам9, 14 фугаў-вакалізаў і Gloria для чатырохгалосага змешанага хору, вакальна-харавыя каноны Agnus Dei (1839), Kyrie eleison (1839), Christe eleison (1839), «Sancta Maria» (1839) і яшчэ 19 іншых трох-, чатырохгалосых сачыненняў гэтага жанру10.

Па вяртанні ў Вільню С. Манюшка ў сваёй творчасці арыентаваўся на мадэль функцыянавання берлінскай Спеўнай акадэміі з яе грунтоўнай канцэртнай, асветніцкай і адукацыйнай дзейнасцю. Водгукам канцэртаў духоўнай музыкі берлінскай Спеўнай акадэміі стала выкананне ў Дзень Задушны (2 лістапада) 1840 г. манументальнага «Рэквіема» Моцарта, арганізаванага С. Манюшкам у касцёле св. Янаў амаль адразу па яго прыездзе ў Вільню11. Варта адзначыць, што на золку сваёй прафесійнай дзейнасці ён у першую чаргу шукаў творчых кантактаў з нямецкімі музыкантамі. Іх супрацоўніцтва з Майстрам характарызуюць нерэгулярныя канцэрты. На адным з іх прагучаў гімн С. Манюшкі «Хвала Богу», напісаны для зводнага хору аматараў, каталіцкага хору і хору лютэранскай царквы з нагоды трохсотгоддзя яе існавання ў Вільні12. Вядома, што пры выкананні значных сачыненняў — «Галькі» і «Мілды» — кампазітар разлічваў на віленскіх пратэстантаў13.

Фрагмент нататніка віленскага Таварыства св. Цэцыліі.
Рукапіс Станіслава Манюшкі (1856).

Несумненна, вянцом пачэрпнутых прагрэсіўных ідэй стала заснаванне Манюшкам у 1854 г. Таварыства св. Цэцыліі14, куды ўваходзілі ўсе ахвотныя «прафесійныя музыканты і аматары добрай волі»15.

С. Манюшка, безумоўна, адчуваў патрэбу ў арганізацыі хору, які мог стаць магутным інструментам кансалідацыі ўсіх зацікаўленых музыкантаў колішняй сталіцы ВКЛ, таму першым крокам для паспяховага функцыянавання музычнага згуртавання было стварэнне харавога калектыву з музыкантаў касцёлаў св. Янаў і св. Станіслава і Уладзіслава з прыцягненнем настаўнікаў музыкі, артыстаў музычнага тэатра графа Бэнэдыкта Тышкевіча і музыкантаў-аматараў16, на які ўскладаліся вялікія надзеі ў ажыўленні рэлігійна-культурнага жыцця Віленшчыны.

Не адмаўляючы дамінуючай ролі нямецкай традыцыі ў развіцці музычнага мастацтва і педагогікі ўсёй Расійскай імперыі на працягу ХІХ ст., было б несправядліва думаць пра ўтварэнне Таварыства св. Цэцыліі (арганізаванага адным з першых на землях былой Рэчы Паспалітай) выключна пад уплывам навучання С. Манюшкі ў Берліне. Варта засведчыць, што паралельна з плынню па аднаўленні і папулярызацыі творчасці выбітных кампазітараў (Ё. С. Баха, Г. Ф. Гендэля) у рэчышчы Каталіцкага Касцёла крышталізаваліся асноўныя ідэі эстэтычнай платформы моцнага рэстаўрацыйнага кірунку пад назваю цэцыліянскі рух, галоўныя прынцыпы якога не маглі не крануць С. Манюшку.

Як надзвычай пабожны чалавек, кампазітар не ўяўляў сваёй рэлігійнай музыкі па-за абрадам, як і дзейнасць Таварыства, заснаванага пры касцёле святых Янаў у Вільні і названага ў гонар апякункі ўсіх касцёльных музыкантаў. Гэта пацвярджаюць акт заснавання аб’яднання і нататкі са звесткамі пра рэпетыцыі і фінансавыя справы Таварыства св. Цэцыліі, дзе адзначаецца, што «віленскія музыканты і аматары <...> з мэтай пашырэння добрай і сур’ёзнай музыкі пажадалі злучыцца ў хор для выканання падчас набажэнстваў найлепшых твораў замежных і мясцовых кампазітараў <...>»17.

Пра актыўную пазіцыю С. Манюшкі сведчаць і выступленні калектыву. Некалькі гадоў запар на ўспамін св. Цэцыліі арганізоўваліся канцэрты з сачыненняў пераважна мясцовых аўтараў (месы Фларыяна Міладоўскага, Юзафа Міцкевіча, Станіслава Манюшкі). Традыцыйным для саюза музыкантаў было наладжванне канцэртаў у Вялікую пятніцу сіламі хору і аркестра. У 1857 г. Манюшка напісаў Юзафу Сікорскаму пра вялікапятнічнае выступленне, якое з поспехам прайшло 5/17 красавіка, паколькі, па словах кампазітара, «сам галоўную ў ім іграў ролю»18. У сучаснай Манюшку літаратуры мы знойдзем згадкі пра гучанне яго «Вастрабрамскіх літаній» каля віленскага санктуарыя Маці Божай.

Безумоўна, маштаб віленскіх касцёльна-музычных мерапрыемстваў не супастаўны з нямецкімі. Нават нягледзячы на той факт, што былі задзейнічаны ўсе музычныя сілы Вільні, у музычных праграмах значыліся невялікія кампазіцыі: нескладаныя месы («Святая меса» e-moll С. Манюшкі на словы Антонія Эдварда Адынца, меса Юзафа Міцкевіча); асобныя часткі буйнамаштабных твораў, у большасці прыдатныя для голасу Ахілеса Банольдзі (уступ да араторыі «7 апошніх слоў нашага Збаўцы» Ёзафа Гайдна, каваціна барытона з кантаты Станіслава Манюшкі «Мадонна», арыя баса з араторыі «Павел» Фелікса Мендэльсона-Бартольдзі, арыя «Piétà signore» Алесандра Страдэлы і арыя з араторыі «Святы Войцах» Войцаха Савінскага); ці літургічныя сачыненні малых формаў, накшталт гімна «Прымірэнне з Божай воляй», «Sub tuum praesidium» і «Intende voci» Манюшкі; «Tulerunt Dominum meum» Мендэльсона. На гэтым фоне вылучаюцца манументальныя «Вастрабрамскія літаніі» Майстра і разгорнутая меса Фларыяна Міладоўскага «Спевы да святой Імшы» на словы У. Сыракомлі, што ўваходзілі ў рэпертуар хору віленскага Таварыства св. Цэцыліі.

У рэпертуары Таварыства было няшмат кампазіцый С. Манюшкі з задзейнічаннем харавой групы. Спіс пералічаных двух-, трохгалосых месаў і невялікіх песнапенняў (за выключэннем «Вастрабрамскіх літаній») могуць пашырыць і яго іншыя сачыненні віленскага перыяду: «Да Бога. Псальм 137», «Хор праведных», «Ойча наш», «Начны хор Анёлаў Ахоўнікаў», «Паўстаньце, паўстаньце!». Адметнае месца належыць апошняму з гэтых твораў, паколькі ён адрасаваны малодшаму брату Дамініка Стафановіча Вінцэнту, тагачаснаму дырыжору аркестра ў Мінску19.

Усе пералічаныя спевы былі напісаны кампазітарам з думкай пра выканальніцкі ўзровень будучых музыкантаў. Што датычыць хору, у найлепшым выпадку Манюшка збіраў каля дваццаці харыстаў. Недахоп у Вільні, як і ў іншых гарадах, высокакваліфікаваных музыкантаў тлумачыцца закрыццём расійскім урадам Віленскага ўніверсітэта і каталіцкіх кляштараў — цэнтраў музычнага прафесіяналізму. У кантэксце гэтых фактаў аб’яднанне св. Цэцыліі, хоць і нядоўга (да 1859 г.)20, было адным з нямногіх музычна-рэлігійных асяродкаў на нашых землях, якія ажыццяўлялі рэлігійна-духоўную, адукацыйна-асветніцкую і канцэртную дзейнасць. У названы перыяд апрача Таварыства св. Цэцыліі такім шматфункцыянальным цэнтрам стала віленская архікатэдра святых Станіслава і Уладзіслава, што пад сваім дахам яднала музычную школу (праіснавала да 1863 г.), школу спевакоў (праіснавала да 1874 г.), школу грыгарыянскага спеву (schola gregoriana) і інструментальную капэлу.

Творчая праграма саюза аматараў богаслужбовай музыкі ў Вільні не абмяжоўвалася выканальніцкай дзейнасцю: С. Манюшка ўзяў на сябе абавязкі па апецы хору Школы касцёльных спевакоў і арганістаў, арганізаванай чацвёртага мая 1855 г. пры Таварыстве дабрачыннасці. Аб гэтым сведчаць звесткі пра вялікапятнічны канцэрт у касцёле святых Янаў, дзе збіраліся ахвяраванні на забеспячэнне гэтай музычнай школы. Разлічаны на два гады курс навучання дзяцей-сіротаў прадугледжваў таксама выкананне месаў Р. Фюрэра, С. Зэхтэра, Ю. Грыма21 і развучванне спецыяльна напісанай для хору трохгалосай «Святой месы» (e-moll) С. Манюшкі, якая, па словах кампазітара, «была для іх крыху мудрагелістай»22.

Дзейнасць цэцыліянскай супольнасці выходзіла за межы выканання богаслужбовых абавязкаў. Яскравым прыкладам высокай сацыяльнай актыўнасці музычнага аб’яднання з’яўляецца збор сродкаў для помніка кампазітару Курпінскаму ў Варшаве. Інфармацыю пра дабрачынную акцыю ў часопіс «Музычны рух» падаў Ахілес Банольдзі: «Віленскае музычнае Таварыства св. Цэцыліі нясе <...> удовін грош для ўсталявання помніка шаноўнаму спадару Каралю Курпінскаму. Крыніцай гэтай мізэрнай ахвяры стаў імправізацыйны вечар, афішу якога мы далучаем на ўспамін аб гарачай гатоўнасці дапамагчы і сардэчным спачуванні нашай групкі да ўсяго, што толькі мае сувязь з гонарам і дасягненнямі нацыянальнага мастацтва»23.

Магчыма, натхняльнікам падобнага роду дзейнасці стаў узор рэнесанснага Compagnia dei Signore Musici di Roma, перайменаванага папам Сікстам V у 1585 г. спачатку ў Congregacione dei Muzici di Roma, а пазней у Акадэмію св. Цэцыліі. Аб’ядноўвала згуртаваных у гэту супольнасць прафесійных музыкантаў — прадстаўнікоў рымскай поліфанійнай школы — акрамя прапагандавання музыкі, жаданне духоўна і матэрыяльна дапамагаць сваім калегам24.

У перыяд мастацка-культурнай дзейнасці ў Варшаве С. Манюшка не быў афіцыйна звязаны абавязкамі касцёльнага музыканта. Выконваючы функцыі опернага дырыжора (што прадугледжвала працу як з аркестрам, так і з хорам), а таксама займаючы адказнае месца дырэктара опернага тэатра, С. Манюшка вялікую ўвагу надаваў харавому мастацтву па-за тэатрам. Ужо ў 1864 г. ён атрымаў запрашэнне ад Апалінарыя Концкага, які ўзначаліў адноўлены Музычны інстытут, кіраваць харавым класам з абавязковым «дырыжыраваннем рэлігійных твораў падчас набажэнстваў Інстытута»25. Заўважым, што праграмай навучання прадугледжваліся інтэнсіўныя заняткі з хорам: двухгадзінныя рэпетыцыі праводзіліся штодзённа, акрамя нядзелі26. Нягледзячы на тое, што на пасадзе прафесара харавога класа С. Манюшка служыў нядоўга (да 1865 г.), знакавым для гэтага перыяду яго творчай дзейнасці стала напісанне шэрагу духоўных песнапенняў для хору. Сапраўднай пярлінай лічыцца Меса Es-dur, створаная з думкай пра вучняў Музычнага інстытута. Але ўжо з сярэдзіны 1866 г. кампазітар выкладаў у мужчынскіх і жаночых класах кантрапункт і гармонію, кампазіцыю і інструментоўку. Думаецца, ад працы з хорам гэта яго не вызваляла, ускосным доказам чаму служыць інфармацыя ў адным з лістоў С. Манюшкі пра яго ўдзел у святой Імшы ў 1870 г. разам з навучэнцамі інстытута27.

Завяршаюць гістарычны экскурс у мінулае Манюшкі-харавіка дадзеныя пра рэпетыцыі з аматарскім хорам у кватэры кампазітара28. Польскі навукоўца Томаш Бараноўскі ў артыкуле пра рэлігійную музычную спадчыну С. Манюшкі выказаў меркаванне аб тым, што гаворка ідзе пра развучванне яго «Петравінскай месы», якая ўпершыню прагучала ў варшаўскім касцёле сясцёр візітак на Кракаўскім прадмесці29.

Вокладка твора Agnus Dei
«З Крыжа пакутаў»
Станіслава Манюшкі.

Захопленасць С. Манюшкі рэлігійнай харавой музыкай прывяла да стварэння 8-мі разгорнутых лацінскіх і польскіх30 месаў (дзве з іх — пахавальныя цыклы), 4-х манументальных «Вастрабрамскіх літаній», вялікай рэлігійнай кантаты «Requiem aeternam». Сярод сачыненняў малых формаў назавем асобныя часткі месаў (Kyrie eleison; Christe eleison; Benedictus; Agnus Dei; Agnus Dei «З крыжа пакутаў» на сл. Ю. І. Крашэўскага; аферторый «Пачуй, о Божа…» на сл. А. Фялінскага), антыфоны («Жалобны марш»; «Ecce lignum crucis»; «Sancta Maria»), псальмы («Псальм 112 (113)», «Да Бога. Псальм 137» на сл. Ф. Князьніна), «Vide humilitatem meam»; «Ne memineris»), гімны («Veni Creator Spiritus»; «Паўстаньце, паўстаньце!» на сл. К. Брадзінскага, «Увысь ляці, душа» на сл. Л. Матушынскага), песні («Як на ранку згаснуць зоры…» на сл. Ф. Карпінскага; «Ранішняя песня» на сл. К. Сянкевіча; «На пахаванне» на сл. Л. Матушынскага) і малітвы («Ойча наш»; Анёльскае прывітанне «Вітай, Марыя»; «Хор праведных» на сл. Віктора дэ Лапрада; «Начны хор Анёлаў Ахоўнікаў» на сл. У. Сыракомлі; «Ойча з неба» з оперы «Галька» на сл. У. Вольскага; «Дзякуй, Божа» з оперы «Плытагон» на сл. С. Багуслаўскага).

Захавалася не так шмат сведчанняў аб выкананні гэтых твораў С. Манюшкі. Прэм’ера сачыненняў «Да Бога. Псальм 137», «Хор праведных», «Ойча наш», «Начны хор Анёлаў Ахоўнікаў», «Паўстаньце, паўстаньце!» адбылася падчас набажэнстваў у касцёле святых Янаў, дзе кампазітар служыў арганістам. Некаторыя з гэтых кампазіцый уключаліся ў канцэртныя праграмы хору Таварыства св. Цэцыліі ў Вільні, кіраўніком якога ён быў на працягу некалькі гадоў. Вядома і аб канцэрце ў Варшаве ў 1859 г., дзе сам Маэстра дырыжыраваў малітвай «Ойча наш» (у суправаджэнні ансамбля струнных). У 1872 г. там жа ўпершыню ў Пасхальны Трыдуум прагучаў твор «Ecce lignum crucis»: аматарскі хор праспяваў сачыненне ў касцёле св. Юзафа, а пасля — у касцёле св. Антонія. Заўважым, што некаторыя рэлігійныя хоры нашага суайчынніка выконваліся сіламі мясцовых калектываў у святынях Нясвіжа, Віцебска і Гродна. Прыкметнае ў гэтым сэнсе жалобнае набажэнства, адпраўленае ў гродзенскім фарным касцёле св. Францішка Ксавэрыя на 50-я ўгодкі смерці Адама Міцкевіча. Інспіраваная Алаізай Ажэшкай жалобная Меса амаль цалкам складалася з хораў С. Манюшкі. Тады можна было пачуць харавыя малітвы «Ойча з неба» з оперы «Галька» і «Ойча наш», а таксама вакальныя «О, Уладца свету» і «Трымаеш Ты лёс чалавецтва…».

Харавое рэлігійнае мастацтва ў творчасці С. Манюшкі займала надзвычай важнае месца. Пазнаёміўшыся ў берлінскай Спеўнай акадэміі з вялікай колькасцю таленавітай харавой музыкі, спазнаўшы там сутнасць і тонкасці харавой справы, ён дэманстраваў выключнае веданне харавой культуры, харавой літаратуры, а ў яго кампазіцыях знайшло адлюстраванне дасканалае валоданне мастацтвам харавога пісьма. Пра ўнікальнасць харавога майстэрства кампазітара сведчаць не толькі яго буйныя і невялікія духоўныя сачыненні, але маштабныя і разгорнутыя вяршынныя оперы «Галька» і «Страшны двор», дзе харавыя сцэны адыгрываюць істотную ролю ў драматургіі цэлага, а таксама яго харавыя кантаты «Мілда», «Ніёла», «Мадонна», «Крымскія санеты» і «Прывіды».

Наўрад ці можна назваць імя іншага айчыннага кампазітара, сувымернае маштабу талента вялікага Майстра. Ён быў маяком, які ўказваў шлях у выканальніцкай, педагагічнай і кампазітарскай дзейнасці. Яго ўнікальная падзвіжніцкая дзейнасць, а таксама ўласна харавыя рэлігійныя творы сталі надзвычайнаю крыніцаю натхнення як для прафесійных кампазітараў Ф. Міладоўскага, Я. Галіча-Сулінскага, Ю. Грыма, Я. Глінскага, Л. Герынга, А. Мілера, Э. Гірдо, так і музыкантаў-аматараў, якія выконвалі штодзённыя музычна-літургічныя абавязкі ў касцёлах беларускіх гарадоў і мястэчак.

Апошнім часам харавыя сакральныя творы Станіслава Манюшкі ўсё больш уключаюцца ў праграмы духоўнай і свецкай музыкі ва ўсім свеце, усё часцей іх можна пачуць падчас святой Месы ў Польшчы і Літве. Мы спадзяёмся, што хутка і беларускія вернікі адчуюць магутную і жыццядайную духоўную сілу харавых рэлігійных твораў кампазітара, якія ён пісаў з верай у Бога і любоўю да Яго, а таксама з думкай пра кожнага з нас і з надзеяй на нашае духоўнае ўзбагачэнне.


  1. Песні нашага Касцёла [Ноты] / Станіслаў Манюшка. Сшытак 1 : Творы для аргана. — 2019. — 47, [1] с. — (Беларускі гістарычны нотазбор : вып. 17).
  2. Песні нашага Касцёла [Ноты] / Станіслаў Манюшка. Сшытак 2 : Творы для голасу і фартэпіяна (аргана). — 2019. — 99, [1] с. — (Беларускі гістарычны нотазбор : вып. 18).
  3. Borejko-Chodźko, I. Diecezja Mińska około 1830 roku. — T. 1 : Struktury zakonne. Opr. Marian Radwan / J. Borejko-Chodźko. — Lublin : Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, 1998. — S. 95.
  4. Borejko-Chodźko, I. — op.cit. — S. 25.
  5. Moniuszko, S. Listy zebrane. Przygotował do druku W. Rudziński / S. Moniuszko. — Kraków : PWM, 1969. — S. 236.
  6. Walicki, A. — op.cit. — S. 38–39.
  7. Moniuszko, S. — op.cit. — S. 48.
  8. Moniuszko, S. — op.cit. — S. 53.
  9. Milewski, O. Trzy śpiewy z muzyką Stanisława Moniuszki / O. Milewski // Wizerunki i rozstrząsania naukowe. — 1839. — T. XI. — S. 151–152.
  10. Навучанне С. Манюшкі ў Берліне праходзіла па прынцыпе nulla dies sine linea, аб чым сведчаць 6 альбомаў «Берлінскіх эскізаў» з музычнымі практыкаваннямі і паўнавартаснымі творамі кампазітара. Гл. : Opieński, H. Stanisław Moniuszko: życie i dzieła / H. Opieński. — Lwów [etc.] : nakładem Wydawnictwa Polskiego, 1924. — S. 53; Sołtysik, W. Berlińskie kanony wokalne Stanisława Moniuszki / Muzyka. — 1999. — № 1 (172). — S. 108.
  11. Dziębowska, E. Moniuszko Stanisław / E. Dziębowska, K. Duszyk // Encyklopedia muzyczna : сzęść biograficzna [w 11 т.] / pod red. E. Dziębowskiej. — Kraków, 2000. — T. 6. — S. 304.
  12. Rudziński, W. — op.cit. — S. 222.
  13. Rudziński, W. — op.cit. — S. 222–223.
  14. Гл.: Шэйпа, С. Беларускае таварыства святой Цэцыліі / С. Шэйпа // Наша вера. — 2004. — № 1. — С. 68–71.
  15. Rudziński, W. Stanisław Moniuszko: studia i materiały : w 2 t. / W. Rudziński. — Kraków : PWM, 1955. — Т. 1. — S. 224.
  16. Rudziński, W. — op.cit. — S. 222.
  17. Moniuszko, S. Listy zebrane. — op.cit. — S. 201.
  18. Moniuszko, S. — op.cit. — S. 245–246.
  19. Stanisław Moniuszko. Drobne utwory chóralne. Dzieła / pod red. E. Nowaczyka. — Kraków : PWM, 1979. — T. 1. — S. 327.
  20. Ёсць дадзеныя аб тым, што па ад’ездзе С. Манюшкі ў Варшаву функцыі старшыні Таварыства св. Цэцыліі ўсклаў на сябе Станіслаў Пешка (?–1874). Гл.: Budzinauskienė, L. Lietuvos bažnytinių kapelų vadovų ir narių kūrybinė veikla (XVIII a. Pabaiga — XIX a. I pusė) / L. Budzinauskienė. — Menotyra. — 2007. — №1. — S. 27–28.
  21. Moniuszko, S. — op.cit. — S. 214.
  22. Moniuszko, S. — op.cit. — S. 205.
  23. Nowości krajowe // Ruch muzyczny. — 1858. — № 3. — S. 23.
  24. Patalas, A. Palestrina Giovanni Pierluigi da / A. Patalas // Encyklopedia muzyczna : сzęść biograficzna [w 12 т.] / pod red. E. Dziębowskiej. — Kraków : PWM, 2002. — T. 7. — S. 293.
  25. Moniuszko, S. — op.cit. — S. 454.
  26. Strumiłło, T. Szkice z polskiego życia muzycznego XIX wieku / T. Strumiłło. — Kraków : PWM, 1954. — S. 216.
  27. Moniuszko, S. — op.cit. — S. 571. Нягледзячы на занятасць варшаўскага перыяду жыцця, С. Манюшка ўдзельнічаў у шматлікіх дабрачынных канцэртах на карысць студэнтаў, а таксама канцэртах-справаздачах для мецэнатаў інстытута.
  28. Moniuszko, S. — op.cit. — S. 575.
  29. Baranowski, T. Stanisław Moniuszko jako twórca muzyki religijnej / T. Baranowski // W kręgu muzyki S. Moniuszki : szkice i materiały / red. T. Baranowski, H. A. Dębkowska. — Białystok : Białostockie Towarzystwo Śpiewacze im. Stanisława Moniuszki, 2004. — S. 27.
  30. З часоў Сярэднявечча лацінская Меса з’яўляецца найбольш важным жанрам заходнееўрапейскай каталіцкай музыкі. Яна панавала паўсюдна, пакуль у музычнай практыцы Германіі і Аўстрыі ў XVIII ст. яе не змяніла нямецкая Меса. Аналагам нямецкай Месы ў касцёльных набажэнствах былой Рэчы Паспалітай у першай палове ХІХ ст. стала польская Меса. У аснову польскіх і нямецкіх Месаў быў пакладзены вольны пераклад традыцыйнага кананічнага тэксту — так званая паэтычная парафраза, напісаная вядомымі паэтамі акрэсленага перыяду


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY