Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(98)/2021
Год святога Юзафа
Прэзентацыя
In memoriam

«МОЙ ШЛЯХ ДА БОГА»
Касцёльныя скарбы
На кніжнай паліцы

СКАРБЫ БЕРАСЦЕЙСКАЙ УНІІ
Постаці
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

ЗІМОВЫ ДОСВІТАК
Да 130-годдзя Максіма Багдановіча
Спадчына
Пераклады

МЕТРАНОМ
Да 90-годдзя Ніла Гілевіча

ФОТА З РУЖАНЧЫКАМ

АЎТОГРАФ
Музыказнаўства

Ігар СУРМАЧЭЎСКІ

«ТАБЛІЦЫ МЯДЗЯНЫЯ» З БУДСЛАЎСКАГА КЛЯШТАРА

Адведзіны. Святая Ганна,
Марыя і Езус. Выданне
Ёгана Фрабена (1460–1527).
Базэль, 1512 г. Дрэварыт.
Збор аўтара.

Кожная мая раніца пачынаецца, як у кляштары: абуджэнне а 4-й ці 5-й раніцы, малітва Credo («Веру ў Бога...»), малюся таксама адну частку Ружанца аб здароўі родных і аб Божай дапамозе на дзень. Пасля ранішніх прыцемках манітор камп’ютара вядзе мяне ў Будслаўскі кляштар, куды мяне ласкава прапускае брат-фуртыянін, якога я віртуальна вітаю словамі «Laudetur Jesus Christus!». Была такая пасада ці па-манастырску «служба», ці «послушание» ў кляштарах XVIII стагоддзя — трываць на манастырскай фурце (furtа), слова цяпер амаль забытае, якое паходзіць ад лацінскага fortis, «ахова», то бок, брат бэрнардын, які ахоўвае ўваход у кляштар, кшталту «вахцёр», і папярэджвае гвардыяна кляштара аб кожным, хто прыбыў з візітам, і ці мае ён права ўвайсці на тэрыторыю клаўзуры. Далей я гатую каву, імаверна, што віртуальна, у кабінеце гвардыяна Будслаўскага кляштара. Дарэчы, з пераліку сталовага посуду (Інвентар Будслаўскага кляштара ад 1822 года), які захоўваўся ў кабінеце гвардыяна, магчыма даведацца, што «глава кляштару» меў: «млынок для кавы, філіжанак парцалянавых тры пары» (пара — гэта філіжанка і сподак... ці не падарунак шляхты парцалянавага багацця з Місны?)... цукарніцу медную, шчыпчыкі для цукру; спецыяльную лыжачку масянджовую для кавы ну і тацу для «ciastka». Пасля ранішняй кавы я застаюся ў кабінеце з візітам на працяглы час, і мяне вельмі цікавіць тэма графічнай спадчыны Будслаўскага кляштара.

Калі праглядаць запісы ў згаданым Інвентары за 1822 год, то гэта спадчына выглядае вельмі сціпла, усяго 8 адзінак захоўвання ў выглядзе «мядзяных табліцаў», але нават гэтыя адзінкі даюць вялікае поле для працы. Прасейванне праз сіта інфармацыі навуковых тэкстаў, ілюстрацый, архіўных дадзеных, біяграфій падобна да працы на Алданскіх залатых прыісках, дзе сярод тысячы рознакаляровых макулінак раптам мільгане маленькая патрэбная «інфармацыя» — залатое зярнятка, якое яшчэ трэба ўкласці ў агульную лагічную канцэпцыю тэмы. Я называю гэты штодзённы пошук інфармацыі «жыццём у тэме».

 

Мабыць, пачну, як гавораць будслаўскія рытары па латыні «ab ovo», з аповеду пра паходжанне Ордэну бэрнардынаў, заснавальнікаў Будслаўскага кляштара і першых сведкаў цуду з’яўлення ў Будскай пушчы Багародзіцы з Дзіцяткам Езусам. Гісторыя ордэну растлумачыць многія пытанні, якія ўзнікаюць пры вывучэнні іканаграфіі абразоў ці постацяў святых, штыхаваных на «мядзяных табліцах» і перанесеных на графічныя аркушы.

Ordo Fratrum Minorum Observantiae (OFMObs) — такую назву мае Ордэн бэрнардынаў, ці Ордэн Братоў Меншых абсэрвантаў. Днём народзінаў ордэну можна лічыць 29 траўня 1517 года, калі папа Леў Х выдаў булу «Ite et vos ad vineam meam» (Ідзіце і вы ў вінаграднік; Мц 20, 4), якая зацвердзіла падзел у ордэне францішканаў і падвяла рысу ў працяглай спрэчцы паміж прыхільнікамі строгага выканання статута аскетызму і братамі, якія заклікалі прытрымліваецца статута, аналагічнага ў іншых кляштарах. Першыя, меншыя браты абсэрванты (observantio — выконваць), атрымалі сваю ўласную новую арганізацыйную структуру на чале з уласным генералам, другая частка ордэну францішканаў прыняла імя браты меншыя канвентуалы (conventum — кляштар) і засталася пад апекаю старой структуры. Але нават у самым асяроддзі манаскай галіны абсэрвантаў, якая прытрымлівалася большага аскетызму, сфармаваліся дзве плыні: абсэрвантаў рэгулярных і строгіх. Апошняй прытрымліваўся святы Пётр з Алькантра (1499–1562), іспанскі манах францішканін, адзін з ініцыятараў найбольш аскетычнай формы жыцця ў ордэне. Пры пострыгу Хуан дэ Санабрыя прыняў імя Пётр. Ён быў цвёрдым прыхільнікам паглыблення аскетычнага жыцця ў ордэне, таму з цягам часу далучыўся да абсэрвантаў і сярод братоў ён давёў сваё манаскае жыццё да межаў чалавечых магчымасцяў: прымаў ежу раз у тры дні, спаў дзве гадзіны ў суткі і хадзіў у жалезных вярыгах басанож і летам, і зімою. Прыкладам манаскага жыцця для бэрнардынаў таксама быў святы Антоні Вялікі, ці Антоні Пустэльнік (256–356), раннехрысціянскі падзвіжнік і заснавальнік пустэльнага манаства. Хрысціянскае разуменне аскезы, вучыў святы Антоні, можа быць вызначана як абраны па сваёй волі цяжкі шлях устрымання ў штодзённым жыцці разам з імкненнем да хрысціянскай дасканаласці. Дасканаласць пры гэтым можа быць толькі ў самім Богу і ў дарах Святога Духа.

Пошукі хрысціянскай дасканаласці ў асяродку абсэрвантаў прывялі яшчэ да адной галіны ордэну — у 1528 годзе з абсэрвантаў вылучыліся паслядоўнікі Мацвея Басчыо (1495–1552), які насіў габіт са знакамітым каптуром, адметным галаўным уборам святога Францішка — гэта былі капуцыны — Ordo Fratrum Minorum Capuccinorum (Ордэн Братоў Меншых Капуцынаў). Яны імкнуліся адрадзіць першапачатковы ідэал манаскага жыцця св. Францішка. У 1560 годзе капуцыны мелі свайго кіраўніка — генеральнага міністра. Тым не менш, усе галіны францішканаў захавалі вернасць Рыму і цвёрда выступалі супраць рэфармацыі і ерасі ў XVI–XVII стагоддзях.

Культ Маці Божай стаў стрыжнем хрысціянскага жыцця ордэну бэрнардынаў. Маці Балесная і Адкупіцелька, Апякунка у цярпеннях і Найсвяцейшая Дзева, Унебаўзятая і Каралева Неба і Зямлі, Маці Беззаганная... Апошні тытул заняў асноўнае месца ў пабожнасці францішканаў абсэрвантаў, якія сталі прапаведнікамі культу Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і аб’явілі яго найважнейшым сярод святаў у францішканаў, якое мае статус патранальнага свята ордэну. У 1476 годзе папа Сікст IV, выхаванец і генерал францішканскага ордэну, прызнаў 8 снежня ва ўсім Каталіцкім Касцёле як Свята Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Рэфармацыя XVI ст. выклікала чарговую вялікую хвалю Марыялагічных дыскусій вакол гэтай падзеі, таму ў перыяд Контррэфармацыі культ Багародзіцы і Яе бацькоў быў узняты на новы ўзровень. Дарэчы, у часы Контррэфармацыі, напрыканцы XVI ст., і паўстаў касцёл і кляштар у Будславе. У XVI–XVII стст. мноства касцёлаў і кляштараў Усходняй Еўропы, асабліва ў ВКЛ, былі кансэкраваныя пад тытулам Найсвяцейшай Панны Марыі.

За першапачатковую іканаграфію Беззаганнага Зачацця Марыі была ўзята падзея з жыцця святой Ганны — гэта сустрэча Ганны і Яўхіма каля Залатых Варотаў Ерузалема (дарэчы, абраз з такой іканаграфіяй упрыгожваў першы алтар у будслаўскім драўляным касцёле 1591 года). Выява радавога дрэва Марыі, дзе адлюстраваны Ганна і Яўхім, вядомая ў фламандскім мастацтве з XVII ст. як Дрэва Есэева, часта сустракаецца ў алтарах, прысвечаных Беззаганнаму Зачаццю Марыі. Дарэчы, у кнізе Э. Зеляевіча «Задыяк на зямлі...», надрукаванай у 1650 годзе, есць выява алтара Маці Божай Будслаўскай таго часу і на ніжняй створцы рамы (на рэтаблі), якая атачае цудатворны абраз, змешчана менавіта іканаграфія «Дрэва Есэева». Контррэфармацыя дала штуршок для нараджэння яшчэ адной кампазіцыі іканаграфіі Марыі Беззаганнай — Maria Immaculata, асновай якой сталі словы са Старога Запавету (гл. Быц 3, 5) аб апакаліптычнай цяжарнай Жанчыне, якая наступае на галаву цмока. Гэта іканаграфія была адным з самых пашыраных вобразаў Марыі ў мастацтве барока і ракако. З 1600-х гадоў вобраз Maria Immaculata сустракаецца ў касцёлах Вялікага Княства Літоўскага, асабліва пры кляштарах францішканаў і бэрнардынаў.

Частка «мядзянай табліцы»
з выяваю святога Андрэя Баболі.
Надпіс па латыні:
V.P. Andreas Bobola Soc(ietas)
Jes(u).V.Ap(ostole). Pins(censis).

XVIII ст. Паходзіць
з Ушацкага раёна.
Збор аўтара.

Марыйны культ у францішканаў (абсэрвантаў і капуцынаў), апроч патранальнага свята ордэну (Беззаганнага Зачацця, 8 снежня), вызначаецца наступнымі святамі Багародзіцы — Адведзіны Найсвяцейшай Панны Марыі (2 ліпеня); Ахвяраванне Пана, ці Маці Божай Грамнічнай (2 лютага); Ачышчэнне Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Божай Анёльскай, ці Парцюнкула (2 жніўня); Радасці Найсвяцейшай Панны Марыі, Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы (22 жніўня).

Побач з Марыйным культам у бэрнардынскай літургіі ў XV–XVI стст. займеў вагу і пашыраўся культ святой Ганны, які ператварыўся ў найважнейшую праяву пабожнасці сярод вернікаў Позняга Сярэднявечча і Ранняга Адраджэння. Гэта можна ўбачыць у творах самых вядомых мастакоў таго часу, такіх як Мазача, Леанарда да Вінчы, Альбрэхт Дзюрэр і інш. Грунтуючыся на тэкстах апокрыфаў, культ святой Ганны тлумачыўся як частка культу Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Сумеснае аб’яднанне гэтых культаў знайшло сваё адлюстраванне ў тэкстах Гадзінак Вацлава (так званых старапольскіх), якія з’явіліся ў 1480-я гады імаверна дзякуючы брацтву св. Ганны пры бэрнардынскім кляштары на Страдому (прадмесці Кракава):

Anna, niewiasta niepłodna,
Sprawi(e)dliwa i nabożna,
Czystą Pannę porodziła,
Ktorą Maryją wezwała.

Аб тым, што культ святой Ганны быў адным з важнейшых у бэрнардынаў, сведчыць будаўніцтва касцёлаў пад тытулам св. Ганны ў Варшаве і Вільні, а таксама з’яўленне пры бэрнардынскіх кляштарах брацтваў святой Ганны. Асноўнай місіяй такіх брацтваў было асаблівае ўшанаванне святой Ганны як Маці Найсвяцейшай Беззаганнай Марыі. У першай палове XVI ст. такія асяродкі ўзніклі ў Вільні, у Коўне (1508), Львове (1531), Познані (1521).

Бэрнардыны таксама пашыралі Набажэнства Мукі Панскай праз Крыжовую дарогу, ці так званую Кальварыю бэрнардынскую. Самая вядомая з іх — гэта Кальварыя Забжыдоўская, недалёка ад Кракава.

Цяпер разгледзім графічную спадчыну ў кабінеце гвардыяна Будслаўскага кляштара:

«Формы ці табліцы мядзяныя для выбівання абразкоў Найсвяцейшай Марыі Панны Будскай памерам in 8-vo majori (вялікі) — 2; in 8-vo minori (малы) — 1 - exlicit (уяўна) — 3.

Форма мядзяная для выбівання абразкоў Найсвяцейшай Марыі Панны Беззаганнага Зачацця in 8-vo.

Форма мядзяная для абразкоў Святога Пятра з Алкантры in 8-vo.

Форма мядзяная для абразкоў Святой Ганны in 8-vo.

Форма мядзяная для абразкоў Пана Езуса, які нясе крыж in 16-vo.

Форма мядзяная для абразкоў Святога Антонія Пустэльніка in 16-vo».

 

Ян Юзаф Філіповіч (1710–1766).
Маці Божая Бярдзічаўская.
Медзярыт. 1751.
Biblioteka Narodowa. Варшава.

Як бачым, іканаграфія мядзяных табліцаў адлюстроўвае гісторыю і сакральную сутнасць Ордэну братоў меншых абсэрвантаў, якім належаў касцёл і кляштар у Будславе. Але засталіся пытанні: хто быў аўтарам будслаўскіх медзярытаў; дзе друкаваліся графічныя аркушы і ці захаваліся медныя табліцы і выявы святых, надрукаваныя з іх?

Аўтарства рэзчыкаў медных клішэ мы цяпер не зможам назваць дакладна, але можна агучыць хоць хісткую версію, якая дасць кірунак для далейшых росшукаў. Наклад графічных «памёнтак», якія друкаваліся на фэсты ці адпусты для пілігрымаў, дасягаў сотняў, а іншы раз тысячаў адзінак. Аб гэтым можна даведацца з апісання фэстаў, якія ладзіліся ў сакральных месцах. Вось як, напрыклад, ладзіўся фэст у гонар каранавання папскімі каронамі Пачаеўскай Божай Маці ва ўніяцкай Пачаеўскай Лаўры айцоў базыліянаў 8 верасня 1773 года: «После литургии пропели „Тебя, Бога, хвалим...“ (Te Deum), и протоархимандрит Важинский (Порфирий Скарбек-Важинский, греко-униатский епископ Хелмский, 1730–1804) произнёс речь, в которой выразил благодарность Папе, королю, Ватиканской капитуле, епископам, фундатору Потоцкому (граф Николай Потоцкий, 1712–1782) и всем принявшим в этом торжестве. Народу же роздано при этом случае одиннадцать тысяч иконок с изображением Божией Матери и пять тысяч медальонов. Вещи эти, как дар Папского благословения, считались имеющими также силу отпуста для получающих оные». Імя аўтара 11 000 графічных аркушаў вядомае — гэта адзін з самых выбітных майстроў гравюры, друкар і штыцар Ян Філіповіч (1710–1766). Ён працаваў для ордэну львоўскіх езуітаў, брацтва Святой Тройцы, Стаўрапігіяльнага брацтва, на базыліянаў у Пачаеве, на кармэлітаў босых у Бярдзічаве. Знаходзіўся пад апекаю базыліянскага протаархімандрыта Парфірыя Скарбека-Важынскага і грэка-каталіцкага мітрапаліта Атаназія Шаптыцкага. Яго медныя пласціны выкарыстоўваліся і ў віленскіх друкарнях. Дарэчы, друк гравюры з меднай пласціны — гэта складаны працэс, які патрабуе спецыяльнага абсталявання — друкарскага варштату, творчых навыкаў і адметнага досведу. Таму ў самім Будслаўскім кляштары такую працу немагчыма было зрабіць, тым больш што ні ў адным з вядомых архіўных дакументаў не згадваецца друкарскае абсталяванне ў Будславе, як было ў езуіцкім калегіуме ў Полацку ці ў Пачаеўскай Лаўры. Мяркую, што графічныя аркушы друкаваліся перад фэстам у друкарнях, з якімі бэрнардыны мелі супрацу, напрыклад, у друкарні Акадэміі і ўніверсітэта віленскага Таварыства Езуса ці ў Нясвіжскай друкарні Радзівілаў. Выкажу меркаванне, што менавіта ў Нясвіжы і Вільні бэрнардыны знаходзілі мастакоў і майстроў штыхавання гравюры на «табліцах мядзяных». У Нясвіжы гэта быў Гірш Ляйбовіч (1700–1770), а ў Вільні было шмат майстроў гравюры ў другой палове XVIII ст., таму выбар у бэрнардынаў быў даволі шырокі. Наогул XVII–XVIII стагоддзі былі «залатым часам» для развіцця друкарскай справы на тэрыторыі ВКЛ. Апроч Вільні, на землях Беларусі існавала 12 друкарняў, якія мясціліся ў каталіцкіх і ўніяцкіх кляштарах: у Супраслі, Оршы, Слуцку, Гародні, Менску, Полацку, Слоніме, Нясвіжы. Росшукі аналагаў іконаграфічных сюжэтаў з Будслава прывялі мяне ў Музей Нарадовы ў Варшаве, дзе захавалася вялікая колькасць графічных аркушаў з нашых друкарняў і нават «табліцы мядзяныя». Цікава, што ўсе яны паходзяць з Лагойскай калекцыі нашага знакамітага мецэната, калекцыянера, гісторыка і археолага графа Канстанціна Тышкевіча (1806–1868). Частка яго калекцыі пасля розных трагедый на нашай зямлі, якія доўжацца ўжо амаль два стагоддзі, трапіла ў музеі Масквы, частка — у музеі Варшавы і Кракава, але большая частка знікла бясследна. У год адкрыцця Віленскага музея старажытнасцяў, які пачаў існаваць дзякуючы руплівасці самога калекцыянера і ахвяраванню ім у музей 10 000 артэфактаў, у 1858 г. граф выдаў кнігу па сваёй калекцыі графічных аркушаў: «Помнікі айчыннага гравёрнага мастацтва / Аддзел І / Адбіткі з малых дошак, якія знаходзяцца ў Лагойскай бібліятэцы графа Канстанціна Тышкевіча/ выдадзена накладам уладальніка / Вільня, друкарня А. Марціноўскага». Менавіта гэта выданне дало мне шмат інфармацыі для росшукаў будслаўскіх графічных аркушаў, прынамсі іх аналагаў. Вось што пісаў Канстанцін Тышкевіч пра вывучэнне айчыннай спадчыны графічнага мастацтва ў сярэдзіне ХІХ ст.: «Айчыннае гравёрнае мастацтва дагэтуль не мела свайго гісторыка. Недахоп матэрыялаў, раскіданых па ўсёй краіне і якія нялёгка сабраць, стварае аўтару вялікія цяжкасці пры выкананні гэтай працы. Кожны дом, кожная самая бедная сям’я ў нас маюць нехлямяжную гравюру (!), нейкі святы абразок (!), нейкі занядбаны кавалак выгравіраванай бляхі (!), якая часам уяўляе гравіравальную рэдкасць. Не спяшаюцца з ёю на дапамогу даследчыку толькі таму, што наогул не цэняць і яе вартасці не разумеюць, і не вераць, што яна магла б быць рэдкасцю выключна па той прычыне, што яна валяецца ў іх без пашаны. Колькі медных бляхаў пайшло ў абмен на медны кацялок! А там пад молатам катляра, абыякавага да твораў мастацтва, назаўсёды гінулі сляды разца, захаванне якіх засведчыла б вялікую паслугу для навукі». Я тут зраблю невялікую заўвагу пра чырвоную рысу болю, якая звязвае гэтыя балючыя словы з сучаснасцю. Я таксама, як некалі граф Тышкевіч, збіраю аскепкі нашай шматпакутнай спадчыны... Так, у нас з графам розныя магчымасці: я не маю цукровых заводаў, палатнянай мануфактуры і ашчаднага банку, але ў маіх стасунках з нашай спадчынай паўтараюцца тыя ж праблемы, што і ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Некалькі гадоў таму назад я прыдбаў у скарбашукальніка палову «мядзянай табліцы» з выяваю Андрэя Баболі, дзе з другога боку табліцы змешчаны штыхаваны абраз Маці Божай Шкаплернай. Артэфакт быў знойдзены каля бальшаку ва Ушацкім раёне, магчыма, недалёка ад былога кляштара. Праз год той жа скарбашукальнік на тым жа месцы знайшоў другую палову гэтай «табліцы», але выкінуў недзе па дарозе, бо «палічыў некаштоўнай»...

  
Станіслаў Чэрскі (1777–1833).
Маці Божая Беззаганна
Зачатая. Медзярыт.
Muzeum Narodowе, Варшава.
   Невядомы аўтар.
Святы Пётр з Алькантры.
Медзярыт. XVIII ст.
Збор Канстанціна Тышкевіча
ў ХІХ стагоддзі.

Чытаем далей знакамітага аўтара: «Абразкі святых, запатрабаваныя набожнымі жыхарамі Літвы, былі заўсёды выключным прадметам для разца вучняў літоўскай школы (!)... Нямала гравіравальных бляхаў знаходзілася ў друкарнях, бо кожная з тых, што дзейнічалі ў Вільні, выдаючы нейкую працу ўласным коштам дзеля таго, каб зрабіць на ёй аздабленні, загадвала гравіраваць прызначаныя малюнкі, бляхі ад якіх заставаліся яе ўласнасцю. У калекцыях прыватных асобаў гравёрнымі помнікамі найчасцей былі толькі сабраныя адбіткі; збіранне ж выгравіраваных бляхаў, невядома чаму, не ставілася ў нас мэтаю пошукаў аматараў навуковых калекцый. Мой збор у гэтым сэнсе з’яўляецца малым выключэннем». З гэтага тэксту можна зрабіць выснову — «мядзяныя табліцы», то бок, бляхі, як іх называе Тышкевіч, былі уласнасцю тых, хто замаўляў гэтую працу, імаверна — Будслаўскага кляштара... ці бэрнардынскага кляштара ў Вільні. Так, будслаўскія бэрнардыны былі звязаныя, так бы мовіць, «пупавінай» са сваёй маці — кляштарам святых Бэрнарда Сіенскага і Францішка Асізскага ў Вільні. Апроч таго, што менавіта віленскія бэрнардыны ў XVI ст. трапілі ў Будскую пушчу, каб нарыхтоўваць драўніну для сталічнага кляштара, і першымі пабачылі цуд Будскай Божай Маці ў зімовых нябёсах, Вільня ў канцы XVI – пачатку ХІХ стагоддзя апекавалася сваім «дзіцем» і заўсёды прыходзіла яму на дапамогу. Будаўніцтва касцёла і кляштара, аздабленне інтэр’ераў і алтароў, нават ювелірныя працы — усё праходзіла пад патранажам Вільні. Ці не віленскія «мядзяныя табліцы» захоўваліся ў кабінеце будслаўскага гвардыяна?..

Але звернемся да кнігі вядомага калекцыянера з Лагойска. Што ж цікавага ў калекцыі Канстанціна Тышкевіча магло тычыцца Будслаўскага кляштара? Пад №67 сустракаем у калекцыі графічны аркуш пад назваю: Maria Niepokalanie Poczęta (так запісана ў варшаўскім Музеі Нарадовым), Марыя Беззаганна Зачатая, медзярыт аўтарства Станіслава Чэрскага (1777–1833). Памер 7,5х5,3 см. Езуіт Станіслаў Чэрскі, апроч таго, што працаваў у віленскіх друкарнях як майстар гравюры, яшчэ выкладаў нямецкую мову ў школах езуіцкіх у Віцебску, Оршы, Магілёве, Мсціслаўлі, Вільні і ў полацкай Акадэміі. Падарожнічаў па Беларусі і Літве ў навуковых мэтах. Пад № 22 — святая Ганна з Марыяй (адукацыя Марыі); медзярыт, памер 8,8х5,3 см. Аўтар — Марцін Ян Шымкевіч (1680–1730), гравёр, які працаваў у Вільні. Пад №179 — святы Пётр з Алькантры; медзярыт, невядомы майстар з Вільні; памёр не пазначаны, але, мяркуючы па аналагах у азначанай кнізе — дзесьці 8х5,3 см. На жаль, гарфічных аркушаў з выявамі святога Антонія Пустэльніка і Езуса, які нясе крыж, у калекцыі Канстанціна Тышкевіча няма... На мой погляд, гіпотэза з віленскімі медзярытамі і іх дачыненне да будслаўскай тэмы мае права на жыццё. Ці магло быць так, каб з тысячаў графічных аркушаў розных іканаграфій з будслаўскай спадчыны зніклі амаль усе?

  
Марцін Ян Шымкевіч (1680–1730).
Святая Ганна з Марыяй
(адукацыя Марыі), медзярыт.
Muzeum Narodowе, Варшава.
   Дзюрэр. Святая Ганна,
Марыя і Езус. 1519.
Музей Метраполітан. Нью-Ёрк.

Граф Канстанцін Тышкевіч пісаў у сваёй кнізе, што амаль кожны дом і кожная сям’я ў ВКЛ мела калі не абраз, то хоць бы «нехлямяжную гравюру» з выявай святога. Мяркую, што на сярэдзіну ХІХ ст. гэта было некалькі сотняў тысяч абразкоў... Куды знікла гэта Атлантыда сакральнага мастацтва? Між тым, кожны абразок шанавалі, захоўвалі, перадавалі спадчыннікам. Цяпер магчыма знайсці толькі аскепкі той Атлантыды, але нават гэтыя аскепкі таксама даюць штуршок для росшуку. У маёй калекцыі ёсць прыклад таго, як шанавалі ў нашых сем’ях напрыканцы XVIII ст. гравюры з сакральнымі выявамі. У мой збор з Гародні трапіў графічны аркуш Вастрабрамскай Божай Маці аўтарства вядомага віленскага штыцара Ігнація Карэнгі (?–1799); медзярыт, акварэль, 1796 г., Віленская друкарня. Ігнацій Карэнга быў святаром, а штыцарскай справе вучыўся ў сваяка, віленскага правінцыяла францішканаў (!), у брата Антонія Карэнгі. На гэтай даволі рэдкай цяпер гравюры ўвасоблены вобраз Маці Божай Вастрабрамскай у кругавым атачэнні кампазіцый цудаў, атрыманых ад іконы, і трох гербаў знізу: ордэну кармэлітаў босых, «Арол» — герб Кароны, «Пагоня» — герб ВКЛ. Уся кампазіцыя змешчана над выяваю пажару, які ахапіў сталіцу ВКЛ у 1711 г., калі драўляная капліца, дзе знаходзіўся абраз, згарэла, а выратаваная святыня была змешчана ў касцёле кармэлітаў пад тытулам св. Тэрэзы. Невялікі аркуш гравюры памерам 23х17 см у 1796–1800 гадах быў ашчадна выразаны, нібы выцінанка, па контуры, таксама асобна вылучана выява Вастрабрамскай Маці Божай, і ўжо дзве часткі гравюры паасобку былі ўпрыгожаны вышыўкаю срэбранаю ніткаю. Мяркую, што рукадзельная праца была зроблена ў гарадзенскім брыгіцкім кляштары, а срэбраныя ніткі былі мясцовыя, з мануфактуры золатавышывальнай мануфактуры Антонія Тызенгаўза, дзе быў наладжаны выраб «люксусовых» карункаў з залатой і срэбранай ніткі «на манер брабанцкі». Такія трапяткія адносіны да сакральнай выявы на паперы не часта сустрэнеш сярод захаваных артэфактаў у Беларусі. У ВКЛ асаблівым чынам развіваліся «pracownie hafciarskie» (майстэрні гафтарскія; гафт — вышыўка залатымі ці срэбранымі ніткамі) пры жаночых кляштарах; асабліва слыннымі былі працы брыгітак з Гародні. У Германіі такое аздабленне гравюраў называецца Кlosterarbeiten, ці «Schöne Arbeiten» — манастырская праца, альбо «цудоўная праца»; як правіла, гэта было ўпрыгожванне шыццём з выкарыстаннем металізаванай ніткі (каніцелі ці трунцала). Ці засталіся дзе-небудзь будслаўскія графічныя аркушы, упрыгожаныя нашымі майстрыхамі гафту? Трэба шукаць...

Жывучы ў тэме графічнай спадчыны Будслава, я дазнаўся ў культурных навінах Расіі, што ў Музеі імя Андрэя Рублёва экспануецца выстава «Дозволено духовной цензурой» — руская рэлігійная гравюра са збораў дзяржаўных музеяў і прыватных калекцый. Да гэтай падзеі быў выдадзены навуковы фаліянт-альбом, дзе пазначана: «Это интересное и малоизученное явление в русской художественной и сакральной культуре, которое развивалось с середины XVII века до середины XIX века. Это были как книжная гравюра, так и отдельные листы». Мяркую, хутка і мы пабачым наш фаліянт пра гісторыю беларускай рэлігійнай гравюры ў аркушах і на «табліцах мядзяных» памерам, як пішуць бэрнардыны ў сваім Інвентары — in folio. Але наўрад ці, бо гэта памер 30х48 см, а вось in quarto – 24х30 см, самае тое.

 

Літаратура

  1. Франциск Ассизский, Святой Т. 1 : Сочинения. — Москва: Издательство Францисканцев, 1995. (Францисканское наследие) / В.Л. Задворный: Святой Франциск и история францисканского ордена. 288 с.
  2. Halina Rusińska-Giertych. Sztycharz i drukarz Lwowski Jan Filipowicz w świetle dokumentów archiwalnych / Roczniki Biblioteczne, R. LVII: 2013 / Instytut Informacji Naukowej i Bibliotekoznawstwa / Uniwersytet Wrocławski. С. 117–138.
  3. Дозволено духовной цензурой. Русская религиозная гравюра XVII – первой половины XIX века / Музей древнерусской культуры и искусства им. А. Рублева. — Москва, 2021.
  4. «Сказание о Почаевской Успенской Лавре архимандрита Амвросия». — Почаев. В типографии Почаевской Успенской Лавры. 1878. — С. 109.
  5. Канстанцін Тышкевіч. Помнікі айчыннага гравернага мастацтва / Аддзел І / Адбіткі з малых дошак, якія знаходзяцца ў Лагойскай бібліятэцы графа Канстанціна Тышкевіча/ Выдадзена накладам уладальніка — Вільня, друкарня А. Марціноўскага. 1858. — С. 28–33.
  6. Monika Janisz / Igłą i nicią malowane. Historia haftu w zarysie / Muzeum Pałac w Wilanowie.
  7. Інвентар Канвенту Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі Будскага Ордэна Малодшых Братоў Францішканаў абсэрвантаў. Года 1822, Чэрвеня Дня 12. VUB RS, f. 4–A2112, l. 15v.
  8. Аляксандр Ярашэвіч. Беззаганнае Зачацце. «Наша вера», № 4, 2004 г.
  9. Antoni Prochaska. Modlitewnik czy godzinki staropolskie? (Wacława) / Pamiętnik Literacki : czasopismo kwartalne poświęcone historii i krytyce literatury polskiej 13/1/4, / Muzeum Histоrii Polski — Warszawa, — S. 50–52.
  10. Alicja Szulc. Homo religiosus późnego średniowiecza. Bernardyński model dewocji masowej. Uniwersytet im. A. Mickiewicza. Wydział Historyczny. — Poznań, 2004. — S. 300–329.
  11. https://cyfrowe.mnw.art.pl/pl/katalog/709973.
  12. https://cyfrowe.mnw.art.pl/pl/katalog/709869.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY